Моряков Леонид Владимирович : другие произведения.

Предисловие

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:
Школа кожевенного мастерства: сумки, ремни своими руками
 Ваша оценка:

  Леонид Моряков
  
  Репрессированные
  литераторы, ученые,
  работники образования,
  общественные и культурные деятели Беларуси.
  1794-1991:
  
  Энциклопедический справочник в 3 томах
  (на белорусском языке).
  
  
  Леанiд Маракоў
  
  
  Рэпрэсаваныя
  лiтаратары, навукоўцы,
  работнiкi асветы,
  грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi.
  1794-1991
  
  
  Энцыклапедычны даведнiк
  у трох тамах
  
  Том першы
  
  Абрамовiч-Кушаль
  
  
  Мiнск
  2002
  
  
  УДК 947 '1794-1991' (03)
  ББК 63.3 (4 Беи) 2я
   М25
  
  Рэцэнзенты:
  Арсень Лiс, доктар фiлалагiчных навук,
  Адам Мальдзiс, доктар фiлалагiчных навук,
  Уладзiмiр Мiхнюк, доктар гiстарычных навук,
  Лiдзiя Савiк, кандыдат фiлалагiчных навук,
  Янка Саламевiч, кандыдат фiлалагiчных навук,
  Вiталь Скалабан, кандыдат гiстарычных навук.
  
  Аўтар выказвае падзяку супрацоўнiкам Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, выдавецтва 'Беларуская Энцыклапедыя', Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь, Беларускага Дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва, Лiтаратурнага музея Янкi Купалы, iншым дзяржаўным i грамадскiм арганiзацыям.
  
  
  Маракоў Леанiд
  М 25 Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi, 1794-1991. Энцыклапедычны даведнiк. У 3 т. Т. 1. Абрамовiч-Кушаль. - Мiнск, 2003. - 480 с.
  ISBN 985-6374-04-9
  
  У трохтомным энцыклапедычным даведнiку прыводзяцца бiяграфii або кароткiя звесткi пра лiтаратараў, навукоўцаў, работнiкаў асветы, грамадскiх i культурных дзеячаў Беларусi, якiх рэпрэсавалi ўлады царскай Расii i савецкай дзяржавы, даваенны польскi, фашысцкi i iншыя рэжымы. Пра шмат каго з пакутнiкаў расказваецца ўпершыню. Даведнiк разлiчаны як на спецыялiстаў-гуманiтарыяў, так i на выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў, самыя шырокiя колы чытачоў.
  
  ? Леанiд Маракоў, 2002
  
  
  
  Прадмова да кнiгi 'Вынiшчэнне', якая стала штуршком i падмуркам
  для выдання гэтага даведнiка
  (друкуецца ў скарачэннi)
  
  29 кастрычнiка 1937 г., у дзень Ленiнскага камсамола i, напэўна, у гонар 20-годдзя кастрычнiцкага перавароту, у сталiцы Беларусi Мiнску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гiсторыя чалавецтва. На працягу ночы былi расстраляны 22 (!) беларускiя i яўрэйскiя лiтаратары. Ахвярамi сталiнскага генацыду сталi: Якаў Бранштэйн (39 гадоў), Вiктар Вайноў (Войнаў) (33), Анатоль Вольны (34), Платон Галавач (34), Алесь Дудар (32), Хацкель Дунец (40), Мiхась Зарэцкi (35), Васiль Каваль (30), Язэп Каранеўскi (56), Майсей Кульбак (41), Аляксей Кучынскi (45), Саламон Левiн (25), Юрка Лявонны (29), Валеры Маракоў (28), Зяма Пiвавараў (27), Васiль Сташэўскi (42), Iзi Харык (41), Пятро Хатулёў (25), Мiхась Чарот (40), Макар Шалай (31), Павел Шастакоў (38), Арон Юдэльсон (30).
  Разам з лiтаратарамi расстралялi выкладчыка Мiнскага Белпедтэхнiкума Iгната Афанасьева, былога наркама асветы Аляксандра Варончанку, настаўнiка Iвана Жывуцкага, дырэктара ўпраўлення па ахове аўтарскiх правоў пры СП БССР Iосiфа Кудзельку, студэнта гiстфака Ленiнградскага дзяржаўнага унiверсiтэта Саламона Лямперта, загадчыка секцыi геаграфii Iнстытута эканомiкi АН БССР Стэфана Маргелава, вучонага-аграхiмiка Рыгора Пратасеню, загадчыка вучэбнай часткi Мiнскага вышэйшага педiнстытута Мiхаiла Рыдзеўскага, фiзiка Яўгена Успенскага, другога былога наркама асветы Аляксандра Чарнушэвiча, iншых навукоўцаў, грамадскiх дзеячаў, прадстаўнiкоў тэхнiчнай iнтэлiгенцыi. Усяго - 52 чалавекi.
  У наступную ноч крывавы спiс дапоўнiлi прозвiшчы журналiста Прохара Iспраўнiкава, празаiка Янкi Нёманскага, паэтаў Тодара Кляшторнага i Юлiя Таўбiна. Усяго - 26 чалавек.
  Але i праз 50 гадоў нашчадкi расстраляных не будуць ведаць праўды пра лёс сваiх сваякоў, бо пасля смерцi галоўнага забойцы ўсiх часоў i народаў атрымаюць даведкi аб 'рэабiлiтацыi': 'Ваш бацька (мацi i г.д.) памёр ад iнфаркту (iнсульту, туберкулёзу i г.д.) у турэмнай бальнiцы (лагеры, на фронце, па дарозе дахаты)'. I праз 50 гадоў многiя з тых, хто не атрымаў 'пiсулек-рэабiлiтацыяў', працягвалi жыць надзеяй на вяртанне сваiх блiзкiх, - чакалi.
  'Крымiнальныя' справы рэпрэсаваных, але нерэабiлiтаваных пiсьменнiкаў i дагэтуль застаюцца сакрэтнымi нават для даследчыкаў.
  Аднаму з самых маладых сярод расстраляных тымi днямi лiтаратараў Юлiю Таўбiну было 26 гадоў. Як выявiлася, паэту ўдалося адправiць нашчадкам лiст з 'таго свету'. Незадоўга да арышту Юлi Таўбiн паслаў у Ленiнградскае аддзяленне выдавецтва 'Художественная литература' падборку перакладаў на рускую мову вершаў Альфрэда Хаўсмана, якiя потым увайшлi ў зборнiк 'Антология новой английской поэзии' (выйшаў праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта). Пераклад верша англiйскага паэта 'Законы Бога и людей' якраз i прагучаў своеасаблiвым пасланнем з таго свету:
  
  ...Себе другой избрал я путь -
  Они хотят меня вернуть.
  Но я, хуля законы их,
  Им не навязывал своих.
  Мол, как угодно, господа, -
  Раз вы туда, так я сюда.
  Так нет же! Им стерпеть нельзя,
  Что у него своя стезя.
  Они грозят - иди назад,
  Не то - тюрьма, петля и ад.
  Как не робеть мне! Суд их скор.
  Могу ль вступить в неравный спор?
  Не я построил этот мир.
  Я в нем блуждаю, чужд и сир.
  Хоть глупые, но господа -
  Они. Их сила, их права.
  А нам на Марс не улететь
  С тобой, душа моя... Так впредь
  Смирись и следовать сумей
  Законам Бога и людей...
  
  У тым юбiлейным для бальшавiкоў 1937-м, калi iх гвардзейцы-энкавэдысты пачалi татальнае вынiшчэнне нацдэмаў (iнтэлектуальнай беларускай элiты), толькi за тры асеннiя месяцы пачварамi таталiтарнага рэжыму было расстраляна больш за пяцьдзесят беларускiх пiсьменнiкаў. За дзесяцiгоддзе ж - з 1930-га па 1939-ы г. - рэпрэсавана не менш за 350 беларускiх лiтаратараў. Амаль палову з iх - расстралялi.
  'Рэпрэсаваны'... Знайшлi ж бальшавiкi слова! Не канкрэтнае - 'расстраляны' або загублены на катарзе, цi замардаваны ў ссылцы, а замежнае, не кожнаму да канца зразумелае - 'рэпрэсаваны' (з лацiнскай repressor - падаўленне).
  Карная машына не кранула: Э.Агняцвет, А.Астрэйку, В.Барысенку, П.Броўку, Л.Бэндэ, З.Бядулю, В.Вiтку, Ю.Вiцьбiча, В.Вольскага, П.Глебку, К.Губарэвiча, I.Гурскага, З.Жыткевiча, П.Кавалёва, М.Клiмковiча, К.Крапiву, А.Куляшова, А.Кучара, М.Ларчанку, Я.Лiманоўскага, М.Лынькова, Я.Маўра, М.Модэля, Р.Мурашку, Я.Рамановiча, Я.Садоўскага, М.Цэлеша, Я.Шарахоўскага, А.Якiмовiча i некалькi дзесяткаў менш вядомых аўтараў.
  У спiсы ахвяр уключаны i пiсьменнiкi-пачаткоўцы, якiя з-за 'ранняга' арышту не паспелi акунуцца ў актыўнае лiтаратурнае жыццё: М.Гваздоў, С.Мурзо, С.Русаковiч i iнш. Называюцца i аўтары, што загiнулi ў вынiку тэрарыстычных актаў (Ф.Акiнчыц, Ф.Аляхновiч, М.Гурын-Маразоўскi, У.Казлоўскi, В.Iваноўскi) або вымушанага самагубства (М.Галадзед, У.Iгнатоўскi, А.Чарвякоў).
  Названы i прадстаўнiкi дыяспары, якiя турмы, канцлагеры i высылкi таксама спазналi не па чутках: А.Адамовiч, В.Адважны, Н.Арсеннева, У.Дудзiцкi (Гуцька), В.Жук-Грышкевiч, Х.Iльяшэвiч, М.Кавыль, А.Калубовiч, Я.Кiпель, У.Клiшэвiч, Р.Крушына, Л.Крывiчанiн, Ф.Кушаль, Я.Найдзюк, В.Рагуля, Я.Станкевiч, П.Сыч, М.Сяднёў, У.Сядура, С.Хмара i iншыя.
  Пры падрыхтоўцы спiсаў мне вельмi дапамаглi старэйшыя нашы пiсьменнiкi С.Грахоўскi, П.Пруднiкаў, вядомыя даследчыкi У.Адамушка, А.Мальдзiс, У.Мiхнюк, Л.Савiк, Я.Саламевiч, В.Скалабан, Я.Янушкевiч, супрацоўнiкi Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, выдавецтва 'Беларуская Энцыклапедыя', Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь, Беларускага Дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва, Лiтаратурнага музея Янкi Купалы, iншых дзяржаўных i грамадскiх арганiзацый.
  У працэсе збору бiябiблiяграфiчных i iншых звестак з жыцця i творчасцi рэпрэсаваных лiтаратараў былi знойдзены фотаздымкi аўтараў, якiя раней не былi змешчаны ў энцыклапедыях або даведнiках: Г.Брэскай, У.Прыбыткоўскага, У.Сядуры, А.Траецкага, П.Хатулёва, М.Шалая.. Гэтая праца працягваецца.
  Пры апрацоўцы спiсаў у камп'ютэрнай праграме Microsoft Excel па датах нараджэння, смерцi i арыштаў высветлiлася наступнае:
  З 540-570 лiтаратараў, якiя друкавалiся ў Беларусi ў 1920-1930-я гады ХХ ст., бальшавiкi рэпрэсавалi не менш за 440-460 (80%), а калi ўлiчваць аўтараў, змушаных пакiнуць Бацькаўшчыну i, па сутнасцi, перапынiць свой удзел у творчым жыццi на Радзiме, рэпрэсiям падверглiся не менш як 500 лiтаратараў (90%). Гэтыя лiчбы супадаюць i са звесткамi, прыведзенымi У.Сядурам у яго грунтоўным дакладзе 'Беларуская культура i таталiтарызм', з якiм ён выступiў у сакавiку 1953 г. на навуковай канферэнцыi ў Мюнхенскiм iнстытуце па вывучэннi гiсторыi i культуры СССР. Прагучала iнфармацыя 'аб знiшчэннi (органамi ГПУ-НКВД. - Л.М.) бадай усiх прадстаўнiкоў нацыянальна-адраджэнчай плынi ў беларускай лiтаратуры. 500 без аднаго знiшчаных маладнякоўцаў, бальшыня лiквiдаваных палымянцаў i ўзвышэнцаў'.
  Маючы на ўвазе, што асноўнай сiлай iнтэлiгенцыi таго часу пераважна былi дзеячы лiтаратуры - паэты, празаiкi, драматургi, крытыкi, журналiсты, перакладчыкi, публiцысты, рэдактары, выдаўцы, вучоныя гуманiтарных напрамкаў - фiлосафы, гiсторыкi, лiтаратуразнаўцы, мовазнаўцы, географы, краязнаўцы i iншыя, якiя таксама актыўна выступалi ў перыядычным друку, атрымлiваем ВЫНIК: у 30-я гады была знiшчана духоўная моц, мозг нацыi, што мы i адчуваем апошнiя шэсць дзесяцiгоддзяў. Зрэшты, можа стацца i так, што галоўныя вынiкi гэтага этнагенацыду, магчыма, яшчэ наперадзе.
  Шэраг беларускiх лiтаратараў арыштоўвалi як царскiя, так i бальшавiцкiя ўлады (таксама польскiя: Радаслаў Астроўскi, Стафан Багушэўскi i iнш.) (значыць, бальшавiкi пачыналi не на голым месцы, а быццам перанялi эстафету ад царскага рэжыму):
  драматург i тэатральны дзеяч Францiшак Аляхновiч (1913, 1927), празаiк i журналiст Iван Баранкевiч (1905-1907, 1931, 1941), пiсьменнiк Iван Батрак (Казлоўскi) (1915, 1930-я), дзяржаўны дзеяч, публiцыст Радзiвон Бонч-Асмалоўскi (1908, 1930, 1938), пiсьменнiк i перакладчык Дарафей Бохан (1907, 1939), гiсторык Барыс Брэслаў (1901 i яшчэ 4 разы да 1917, 1937), гiсторык Барбара Будкевiч (1906, 1909, 1937), публiцыст Аляксандр Бурбiс (1906, 1917, 1918), палiтычны дзеяч i публiцыст Хаiм Гельфанд (да 1917 - неаднаразова, 1921), паэт, сатырык, мемуарыст Анатоль Дзяркач (1908, 1936), гiсторык Яўсей Канчар (1906, 1938), бiблiёграф, гiсторык, журналiст Абрам Кiржнiц (да 1917 - неаднаразова, 1917, 1938), палiтычны дзеяч i публiцыст Юльян Ленскi (1914, 1937), пiсьменнiк, мовазнавец, акадэмiк АН Беларусi Язэп Лёсiк (1905, 1911, 1922, 1930, 1938), палiтычны i грамадскi дзеяч, публiцыст, гiсторык, выдавец Антон Луцкевiч (1904, 1919, 1920, 1927, 1939), палiтычны дзеяч, публiцыст Мiхаiл Маёраў (да 1917 - неаднаразова, 1938), палiтычны дзеяч i публiцыст Язэп Мамонька (да 1917 двойчы, 1917, 1918, 1920, 1921, 1928), гiсторык i публiцыст Стасiс Матулайцiс (1898, 1937), дзеяч рэвалюцыйнага руху, публiцыст Станiслаў Мертэнс (1913, 1925, 1937), дзяржаўны дзеяч i публiцыст Васiль Рагуля (1906, 1928, 1939), грамадска-палiтычны дзеяч, публiцыст, педагог Сымон Рак-Мiхайлоўскi (1905, 1927, 1933), лiтаратуразнавец, краязнавец i гiсторык Уладзiмiр Стукалiч (1889, 1918), выдавец, публiцыст, грамадскi дзеяч, рэдактар 'Нашай нiвы' Аляксандр Уласаў (1910, 1921, 1939).
  ПЕРШЫМI бальшавiкi арыштавалi (18 снежня 1917 г.) культурнага i палiтычнага дзеяча, публiцыста Аляксандра Бурбiса, грамадскага дзеяча, паэта Аляксандра Вазiлу, паэта i лiтаратуразнаўца Iгната Дварчанiна. Неўзабаве былi забраны грамадскi i ваенны дзеяч, публiцыст, перакладчык i педагог Кастусь Езавiтаў, палiтычныя дзеячы Язэп Мамонька i Васiль Захарка.
  ПЕРШЫМ, каго новыя ўлады расстралялi, быў лiтаратуразнавец, гiсторык, краязнавец Уладзiмiр Стукалiч (18 кастрычнiка 1918 г. ў Вiцебску).
  ПЕРШЫ МАСАВЫ расстрэл беларускiх лiтаратараў адбыўся ў маi 1934 г. Тады ў ноч з 17 на 18-га энкавэдысты расстралялi грамадскага i палiтычнага дзеяча, празаiка, паэта i журналiста Андрэя Капуцкага, педагога i публiцыста Мiхаiла Кахановiча, загадчыка аддзела газеты 'Звязда' Аляксандра Нiкалаева-Астравецкага, аспiранта БДУ, паэта Алеся Салагуба, навуковага супрацоўнiка Камiсii па вывучэннi Заходняй Беларусi пры АН БССР, публiцыста Лявона Бабровiча. Усяго 17 мая 1934 г. было расстраляна 25 чалавек.
  АПОШНIМI лiтаратарамi, знiшчанымi ў 'амерыканцы' (унутраная турма НКВД) , сталi адзiн з першых, каго бальшавiкi арыштавалi - Кастусь Езавiтаў, юрыст, гiсторык Мiкалай Шкялёнак, удзельнiк антысавецкага руху, публiцыст Янка Фiлiстовiч i, верагодна, лiтаратуразнавец, лiнгвiст, педагог, рэдактар, аўтар 'Практычнага расiйска-беларускага слоўнiка' (з М.Гарэцкiм) i 'Беларуска-расiйскага слоўнiка' (разам з С.Некрашэвiчам) Мiкола Байкоў.
  ПЕРШЫМ у ссылцы загiнуў паэт Уладзiмiр Жылка (1.3.1933). АПОШНIМ - празаiк Барыс Мiкулiч (17.6.1954).
  ПЕРШАЯ хваля арыштаў беларускiх лiтаратараў пачалася ў канцы чэрвеня 1930 г. На працягу двух месяцаў былi арыштаваны больш за 50 лепшых сыноў Беларусi: А.Адамовiч, М.Азбукiн, А.Бабарэка, П.Бузук, М.Грамыка, У.Дубоўка, А.Дудар (у ссылцы), Я.Дыла, Ф.Ждановiч, У.Жылка, В.Ластоўскi, Я.Лёсiк, С.Некрашэвiч, У.Пiчэта, Я.Пушча, А.Сак, В.Шашалевiч, Б.Эпiмах-Шыпiла, Аляксандр i Iван Цвiкевiчы, браты Максiм i Гаўрыла Гарэцкiя, Чэслаў i Леапольд Родзевiчы.
  Пра арышты, праведзеныя польскiмi ўладамi ў Заходняй Беларусi ў 1927 - 1929 гг., калi былi арыштаваны Ф.Акiнчыц, А.Альшэўскi, Я.Бабровiч, П.Валошын, М.Гурын-Маразоўскi, М.Дварэцкi, Х.Iльяшэвiч, Ф.Каравацкi, С.Клiнцэвiч, М.Краўцоў, А.Луцкевiч, А.Любецкая, Я.Мамонька, М.Машара, П.Мятла, С.Новiк-Пяюн, У.Паўлюкоўскi, П.Пестрак, В.Рагуля, С.Рак-Мiхайлоўскi, Б.Тарашкевiч, В.Таўлай, С.Хмара i iншыя, трэба гаварыць асобна.
  ДРУГАЯ буйная хваля арыштаў пачалася 23 лютага 1933 г. Толькi за адну ноч энкавэдысты арыштавалi: С.Астрэйку, З.Вiталiна (Сергiевiча), Ф.Гiнтаўта, У.Дудзiцкага, М.Кавыля, Л.Калюгу, С.Лiхадзiеўскага, М.Лужанiна, С.Русаковiча.
  ТРЭЦЯЯ i самая працяглая хваля арыштаў пачалася (па гэтак званай 'разнарядке') увосень 1936 г. i доўжылася да пачатку-сярэдзiны 1938 г. За паўтара года было рэпрэсавана больш за 200 лiтаратараў (шмат хто паўторна): А.Адамовiч, М.Азбукiн, М.Аляхновiч, З.Астапенка, А.Бабарэка, М.Багун, С.Баранавых, П.Бузук, Я.Бяганская, А.Вольны, I.Воўк-Левановiч, П.Галавач, У.Галубок, Ц.Гартны, браты Максiм i Гаўрыла Гарэцкiя, С.Грахоўскi, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Дзяркач, Ф.Ждановiч, I.Замоцiн, М.Зарэцкi, А.Звонак, В.Каваль, У.Клiшэвiч, Т.Кляшторны, Ф.Куляшоў, В.Ластоўскi, Т.Лебяда, Я.Лёсiк, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Б.Мiкулiч, Я.Нёманскi, А.Пальчэўскi, М.Пiятуховiч, П.Пруднiкаў, С.Рак-Мiхайлоўскi, А.Сак, Я.Скрыган, Л.Случанiн, А.Смолiч, В.Сташэўскi, М.Сяднёў, А.Сянкевiч, Б.Тарашкевiч, Ю.Таўбiн, У.Хадыка, I.Харык, В.Хомчанка, М.Чарот, К.Чорны, С.Шушкевiч i iнш.
  ЧАЦВЁРТАЯ хваля пачалася ўвосень 1939 г. пасля далучэння Заходняй Беларусi да БССР i ўваходу ў Вiльню Чырвонай Армii. Арыштавалi Ф.Абрантовiча, В.Багдановiча, Д.Бохана, Я.Былiну, В.Жук-Грышкевiча, М.Краўцова, Ф.Кушаля, А.Луцкевiча, А.Неканда-Трэпку, Я.Мiско, Я.Найдзюка, С.Новiка-Пеюна, Я.Пазняка, В.Рагулю, У.Самойлу, Я.Станкевiча, П.Сыча, А.Уласава, Ф.Умястоўскага, С.Хмару, М.Чатырку... Лёс злiтаваўся толькi над М.Машарам, М.Танкам, В.Таўлаем i яшчэ некалькiмi 'заходнiкамi'.
  ПЯТАЯ хваля арыштаў пачалася ў канцы 1944 г. i працягвалася амаль да смерцi I.Сталiна. Арыштоўвалi вернутых з Захаду падманам або сiлай 'уцекачоў' К.Езавiтава, Т.Лебяду, Л.Случанiна, М.Шкялёнка i паўторна 'недабiтых' у 1930-я гг. нацдэмаў А.Александровiча, М.Ганчарыка, С.Грахоўскага, У.Дубоўку, Б.Мiкулiча, А.Пальчэўскага, С.Сахарава, Я.Скрыгана, М.Улашчыка, М.Хведаровiча, С.Шушкевiча i iнш.
  Наймаладзейшымi сярод больш чым 500 арыштаваных беларускiх лiтаратараў былi: паэт Мiхась Кавыль (Язэп Лешчанка), празаiк Васiль Хомчанка, лiтаратар Аўген Калубовiч (усе рэпрэсаваны ў 18 гадоў). Найстарэйшым, у 71 год, арыштавалi мовазнаўца Бранiслава Эпiмах-Шыпiлу (1930).
  Наймаладзейшымi сярод расстраляных, верагодней за ўсё, былi аўтар паэмы 'Бенгалiя' (пакуль не знойдзена), выпускнiк славутага Мiнскага Белпедтэхнiкума Сяргей Астрэйка (расстраляны ў 24 гады), паэт Уладзiмiр Кавальскi (пiсаў на польскай мове) i выпускнiкi яшчэ аднаго 'гнязда нацдэмаў', мiнскага вышэйшага Белпедiнстытута, крытыкi Саламон Левiн i Пятро Хатулёў (расстраляны ў 25 гадоў). Найстарэйшым, у 69 гадоў, расстралялi (вiдаць, у Маскве) пiсьменнiка Гiлеля Калмансона (магчыма, разам з сынам, лiтаратурным крытыкам i паэтам Г.Лялевiчам).
  Па колькасцi арыштаў (улiчаны арышты, якiя былi праведзены расiйска-царскiмi, савецкiмi, польскiмi, лiтоўскiмi i нямецкiмi ўладамi) 'чэмпiёнамi' з'яўляюцца: Язэп Мамонька (7 разоў), Анатоль Бонч-Асмалоўскi, Мiхаiл Гольман, Барыс Брэслаў (усе па 6 разоў), Вiнцэнт Гадлеўскi, Гаўрыла Гарэцкi, Клаўдзiй Душэўскi, Кастусь Езавiтаў, Андрэй Капуцкi, Язэп Лёсiк, Аляксандр Лупiновiч, Антон Луцкевiч, Сяргей Новiк-Пяюн (па 5), Варвара Бонч-Асмалоўская, Максiм Бурсевiч, Аляксандр Вазiла, Палута Бадунова, Уладзiслаў Галубок, Максiм Гарэцкi, Хаiм Гельфанд, Восiп Гласко, Аляксандр Данялюк, Iгнат Дварчанiн, Абрам Кiржнiц, Сямён Клiнцэвiч, Мiхась Кукабака, Мiкалай Марцiнчык, Паўлiна Мядзёлка, Антон Неманцэвiч, Мiкола Улашчык (па 4 разы).
  Тройчы арыштоўвалiся: М.Абрамовiч, М.Азбукiн, Ф.Аляхновiч, С.Анiсаў, М.Анiшчык, А.Бабарэка, Я.Бабровiч, В.Багдановiч, I.Баранкевiч, У.Беняшэвiч, Р.Бонч-Асмалоўскi, Б.Будкевiч, П.Бузук, А.Бурбiс, А.Вайнштэйн, А.Гародня, У.Гiнтаўт-Дзевалтоўскi, С.Грынкевiч, А.Дабулявiчус, У.Дубоўка, А.Дудар, Я.Дыла, Н.Емяльянаў, П.Жаўрыд, П.Iльючонак, У.Калiноўскi, П.Каравайчык, Б.Кiт, I.Краскоўскi, Ф.Купцэвiч, В.Ластоўскi, П.Лепяшынскi, Ю.Лiстапад, А.Лябецкая, М.Маёраў, М.Машара, Мелхiседэк, С.Мертэнс, Я.Мiско, П.Мятла, У.Паўлюкоўскi, К.Петрусевiч, М.Пецюкевiч, Ф.Пiрышка, У.Пракулевiч, В.Рагуля, С.Рак-Мiхайлоўскi, Л.Родзевiч, Д.Розеншэйн, Р.Сабаленка, А.Салагуб, А.Сузiн, Б.Тарашкевiч, В.Таўлай, А.Уласаў, А.Цвiкевiч.
  Вельмi нечаканыя вынiкi высвятляюцца, калi супаставiць колькасць рэпрэсаваных лiтаратараў Беларусi з колькасцю рэпрэсаваных лiтаратараў iншых рэспублiк былога СССР. Рускi журналiст i даследчык Эдуард Белтаў (цяпер жыве ў Iзраiлi) ужо больш за чвэрць стагоддзя збiрае матэрыялы пра незаконна рэпрэсаваных у 1930 - 1950-я гг. дзеячаў культуры, вучоных, ваенных i асобна (паводле прафесiйных прыхiльнасцяў) пiсьменнiкаў. Па звестках Э.Белтава, на Украiне было рэпрэсавана каля 500 лiтаратараў (загiнула больш за 150). У Расii - каля 600. У гутарцы з журналiстам штотыднёвiка 'Книжное обозрение' (1988. ? 25. 17 июля. С. 7.; пазнейшых публiкацый расiйскага даследчыка няма ў 'персаналiях' Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi) Э.Белтаў расказаў, што 'вопреки моим предположениям, репрессированных русских литераторов оказалось меньшинство. Из тысячи погибших (маецца на ўвазе ўвесь СССР; паводле дадзеных Э.Белтава, у час культу асобы было рэпрэсавана каля 2000. - Л.М.) примерно семьсот - писатели союзных и автономных республик. По национальным литературам был нанесен такой сокрушительный удар, что некоторые из них от него еще не оправились и вряд ли оправятся в ближайшее время'.
  Дык вось: з 2000 рэпрэсаваных у СССР лiтаратараў каля 500 (чвэрць) прыходзiцца на Беларусь, колькасць насельнiцтва якой складала ў час рэпрэсiяў у СССР менш за 5 працэнтаў.
  У 1958 г. Iнстытутам вывучэння СССР (ЗША) была выдадзена манаграфiя Уладзiмiра Сядуры 'Доля беларускай культуры пад Саветамi' (у 1959 г. выйшла на нямецкай мове). Аўтар разбiвае паслякастрычнiцкi час гiсторыi Беларусi на пяць перыядаў, 'якiя вызначалiся галоўнымi зменамi ў галiне нацыянальнай палiтыкi савецкае ўлады':
  1. Перыяд адноснага рэнесансу (1920 - 1929).
  2. Трагiчны перыяд змагання партыi з беларускiм нацыянал-дэмакратызмам i нацыянальнымi ўхiламi (1930-1940).
  3. Перыяд вымушаных уступак нацыянальнай культуры ў часе вайны (1941 - 1945).
  4. Перыяд жданаўскай рэакцыi i сталiнскай кананiзацыi (1946 - 1952).
  5. Перыяд замены сталiнскай кананiзацыi г. зв. 'калектыўным кiраўнiцтвам' партыi (1953-1958)'.
  Здаецца, толькi з характарыстыкай другога перыяду гiсторыi Беларусi можна паспрачацца. Вiдаць, больш правiльна было б казаць не пра 'змаганне партыi з беларускiм нацыянал-дэмакратызмам', а пра ЗНIШЧЭННЕ партыяй беларускай элiты, мозгу нацыi, яе iнтэлектуальнага генафонду. На гэты перыяд прыпадае 4 з 5 хваляў арыштаў.
  Сёння мы ўжо можам прадоўжыць перыядызацыю У.Сядуры:
  6. Перыяд 'хрушчоўскай адлiгi' (1957-1965). Закрануў ён i Беларусь. Найбольш характэрным паказчыкам гэтага перыяду з'яўляецца выхад шэрагу твораў рэпрэсаваных пiсьменнiкаў, з'яўленне артыкулаў пра жыццёвы i творчы шлях пакутнiкаў, успамiнаў ацалелых.
  7. Перыяд застою, або перыяд 'цiхай', але сталай i нязменнай палiтыкi антыбеларусiзацыi (1966-1986). За дваццаць гадоў у вынiку поўнай русiфiкацыi ўсёй сiстэмы адукацыi колькасць насельнiцтва, якое размаўляла па-беларуску, значна зменшылася.
  8. Перыяд другога адноснага рэнесансу, або перыяд дэмакратызацыi (галоснасцi) (1987 - 1994). Упершыню пачалi выходзiць творы пiсьменнiкаў-эмiгрантаў. Колькасць беларускiх школ пачала павялiчвацца (упершыню за апошнiя 60 гадоў).
  9. Перыяд, якi яшчэ працягваецца, чакае свайго вызначэння, даследчыкаў (ад 1994 i да нашых дзён).
  
  Першага жнiўня 1937 г. на вялiкiм вогнiшчы ў 'амерыканцы' гарэла некалькi дзесяткаў тысяч (!) рукапiсаў. Гарэлi творы, якiя не праскочылi цэнзуру або пiсалiся ў стол, для нас, нашчадкаў. Гарэлi рукапiсы пiсьменнiкаў М.Багуна, С.Баранавых, А.Вольнага, П.Галавача, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гваздова, С.Дарожнага, А.Дзеркача, А.Дудара, М.Зарэцкага, С.Знаёмага, В.Каваля, Т.Кляшторнага, Ю.Лявоннага, В.Маракова, Я.Нёманскага, З.Пiваварава, С.Ракiты, А.Розны, В.Сташэўскага, Б.Тарашкевiча, У.Хадыкi, I.Харыка, М.Чарота, В.Шашалевiча i многiх iншых. Гарэла амаль уся спадчына пiсьменнiкаў 'першага прызыву'.
  Няма чалавека - няма толькi адной праблемы. Няма рукапiсаў - няма паэтаў, няма гiсторыi, няма народа!
  Нашу гiсторыю разам з нашым народам ЯНЫ увесь час i выкарчоўваюць. Калi мячом, калi агнём.
  А выслоўю 'рукапiсы не гараць' я цяпер не веру.
  
  
  1997-2002 г.
  
  
  P.S.
   Аўтар будзе шчыра ўдзячны сваякам рэпрэсаваных, даследчыкам, чытачам за дапамогу па ўдакладненнi прыведзеных звестак.
  
  Кантакт з аўтарам:
  
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список

Кожевенное мастерство | Сайт "Художники" | Доска об'явлений "Книги"