У лужыне падталага лёду
адбiваецца сакавiк.
Вось зiрнеш на ваду,
а ў ёй
упярэмешку зь iльдом -
цэлае дрэва з усiм небам
перакуленыя дагары.
Здаецца, што неўзабаве
застракацяць загалоўкi:
"У празрыстай камлазе
цi то лёду, цi то бурштыну
знойдзены неймаверны
выкапень: неба i дрэва".
Але на календары сакавiк,
дзень пастаўлены на бухгалтарскi ўлiк;
усё астатняе - мiж радкоў.
...I вось яшчэ што.
Твае словы,
што неба сёньня - глыбокае,
набылi раптам
дадатковы сэнс.