Kuciel-Frydryszak Joanna : другие произведения.

Chłopki (Сялянкi)

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:
Школа кожевенного мастерства: сумки, ремни своими руками
 Ваша оценка:
  • Аннотация:
    Глава 1-я (дзеля азнаямленьня з творам), аматарскі пераклад з польскай на беларускую

  РАЗЬДЗЕЛ 1
  
  ДАРЭМНЫЯ
  
  Калі вясковая дзяўчына прадстаўляецца, то паведамляе імя, прозьвішча, назву вёскі, зь якой паходзіць, а таксама кажа, наколькі вялікая іхная сям'я й бацькаўская гаспадарка. Дзьве апошнія зьвесткі скажуць нам пра ейнае становішча найбольш. Знаёмячыся з дачкой гаспадара, у якога шэсьць дзяцей й тры моргі*1, мы ўжо ведаем: яны церпяць голад. Іхную гаспадарку адмыслоўцы ў эканоміцы называюць карлікавай, то-бок непрадуктыўнай, недастатковай, каб пракарміць сям'ю.
  Што мела бы тут рабіць падрастаючая дзяўчына? Дзіцём яна пасьвіць гусей або кароваў. А як падрасьце, робіцца зусім бескарыснай. Больш таго: абцяжарвае гаспадарку, бо трэба яе карміць, а няма чым.
  Ці так нарадзілася слова дармаед? Не. Для такіх, як яна, эканамісты прыбераглі больш элегантны тэрмін, але разам з тым брутальны: дарэмная. Няма для яе працы, значыць няма для яе ежы. Яна дарэмная. Трэба яе як мага хутчэй выдаць замуж. Хіба што сама ўцячэ ў горад, найчасьцей у наймічкі. Або ў батрачкі ў Францыю, Бэльгію, Нямеччыну.
  У міжваеннай Польшчы 64 адсоткі гаспадарак на вёсцы лічыліся недастатковымі, а 40 адсоткаў вясковых жанчынаў - дарэмнымі.
  
  
    []
  Жыхаркі малапольскага Бажэнціна на заробках у Нямеччыне, у баўэра*2
  
  У 1936 годзе ў Дзікоўцы зьяўляецца апытвальнік. Яго цікавяць малыя гаспадаркі, дакладней тыя, што завуцца карлікавымі. Гаспадарам, якія прымаюць яго пад свой дах, ён задае аднолькавыя, скрупулёзныя пытаньні: Што яны ядуць? Як жывуць? Якім рыштункам валодаюць? Якіх жывёлаў гадуюць? Ува што апранаюцца?
  Або, кажучы папросту: як даюць рады з жыцьцём.
  Дзякуючы гэтаму мы зазірнем ў сялянскія халупы на поўдні Польшчы амаль стогадовай даўніны. Будзе гэта прыкры візыт.
  Дзіковец - досыць вялікая вёска на Падкарпацьці: каля двухсот сялянскіх гаспадарак, зь якіх звыш паловы - гаспадаркі малыя й вельмі малыя. Найбліжэйшы горад - Калбушова - знаходзіцца на адлегласьці ў шэсьць кілямэтраў, паблізу няма ніводнай фабрыкі, а значыць няма магчымасьці заробку. Падзарабіць можна, пайдучы "на панскія" на суседні двор або кіруючы фурманкай. Жанчыны выплятаюць кошы.
  Апытвальніка прымае сям'я гаспадара Т.В. Яму трыдццаць чатыры гады, ёй - трыццаць адзін. Абое скончылі чатыры клясы народнай вучэльні, выхоўваюць двух дзяцей: сямі й пяці гадоў з роду. На сваіх трох моргах вырошчваюць жыта й бульбу, гадуюць карову, цялё й шэсьць курэй. Жывуць у драўляным доме, крытым саломай, але ўласна жытлом служыць адзін пакоі пяць на пяць мэтраў. Другое памяшканьне - то абора.
  На адну асобу - занатоўвае апытвальнік - прыпадае 5,1 квадратнага мэтру, пакой ня мае падлогі (гліна), два вокны памерамі 102 на 80 сантымэтраў ніколі не расчыняюцца.
  Седзячы на адным з двух крэслаў, што належаць сям'і, апытвальнік перапісвае астатнія прадметы ў доме:
  
  два ложкі
  адзін стол
  чатыры лавы
  адзін столік
  паліца
  гадзьдзіньнік
  восем абразаў рэлігійных у дрэнным стане
  
  На гэтым усё.
  Затым пытае сям'ю пра гігіену:
  
  - Ці водзяцца ў памяшканьні паразыты (клапы, прусакі й да т.п.)?
  - Ці практыкуецца сумеснае спаньне, напр. дзяцей?
  - Колькі асобаў сьпіць разам?
  - Ці практыкуецца спаньне на зямлі й да т.п.?
  - Ці практыкуецца спаньне ў гаспадарчых будынках улетку, узімку?
  - Колькі разоў кожны з чальцоў сям'і мыецца у летнюю пару? А ў зімовую?
  
  У доме сям'і В. ніхто на зямлі ня сьпіць. Затое на печы сьпіць так званая камарчыха. Так мянуюць тых, хто ня мае свайго дому. Дзевяностагадовая жанчына, будучы дарэмнай, туліцца па чужых людзях. Дапамагае зь дзецьмі ў абмен на кут для спаньня. У Дзікоўцы яна атрымала сапраўдны кут, на печы.
  Але дом сям'і В. - гэта ня толькі сыпяльня й кухня, гэта яшчэ й шавецкая майстэрня, бо мужчына падзарабляе, робячы боты. Утрымліваюцца тут таксама куры. Дамачадцы не павінныя аднак скардзіцца: два ложкі на сям'ю з чатырох чалавек - гэта ўжо нешта.
  Дачка ўдаўца з-пад Кракаву, народжаная ў 1917 годзе, будучы падлеткам, сьпіць у адным ложку з двума братамі. "Я ў галовах, а браты ў нагах - згадвае яна. Але паводле чаго вызначалася, дзе галовы, а дзе ногі, гэтага я ня ведаю, бо на ніводным канцы падушкі не было, толькі рызманы". Яшчэ адзін ейны брат сьпіць у ложку з бацькам, а астатнія два - на нарах у стайні.
  Ядзьвіга Шкраба, народжаная ў курнай хаце ў бяскідзкім Адэрне, яшчэ ў 1923 годзе дзіцём уцякае з дому ад зьедлівага дыму. "У нас не было коміну, а толькі складзеная з плоскіх камянёў топка. Так нам той дым дакучаў, што спаць я хадзіла зь сястрой у стайню, дзе пад стольлю быў зроблены насьціл з дошак, ну й мама казала, што там цяплей, чым у пакоі, бо туды зносіўся гной ад адзінай каровы, якая ў нас была".
  Грамадзкія работніцы хапаюцца за галовы.
   "Сям'я жыве ў вёсцы пераважна ў адным пакоі, у якім месьціцца ад 6 да 12 чалавек - у тым ліку хворыя й старыя, якія спраўляюць патрэбу ў вядзёрка й на сяньнік". Ложкаў - 2-3, калыска, лавы ля печы, куфэркі - гэта тое, што замяшчае ложкі. Старыя сьпяць на адным з ложкаў, беручы кагось з унучкоў у ногі, упоперак ложка, гэта значыць тры асобы на адным ложку - і дзіцё мае цэлую ноч пры твары ногі пажылых людзей, часта ня вельмі чыстыя! Другі ложак займаюць бацькі, таксама нярэдка з адным дзіцём. Якая ж тут выгода? Калі я зьвяртаю на гэта ўвагу, чую заўсёды адзін адказ: "мы ўжо так прывыклі". Трэці ложак займаюць дзеці рознага ўзросту й часта рознага полу. Сьпяць сёстры з братамі розных год з роду - тут уже не вядзецца аб выгодзе, а аб чымсьці куды важнейшым!" - піша Зоф'я Качыньская у 1929 годзе ў часопісе "Перадавік".
  А доктар Уладзіслаў Хадэцкі прадпісвае: "Вясковы люд павінны адвучыцца ад спаньня па некалькі чалавек у адным ложку, ад спаньня ў адзёжы, ад рэдкай зьмены бялізны на сабе й у ложку й ад мыцьця вадой, выпусканай з рота".
  Тым часам апытвальнік у Дзікоўцы прыглядаецца да гардэробу дасьледуемай сям'і. Жанчына пералічвае ўсё, чым валодае:
  
  тры кашулі
  адна пара майткаў
  адна пара панчохаў
  дзьве блюзкі (сьвяточныя)
  адна спадніца (на штодзень й для сьвята)
  адна пара чаравікоў
  хуста для пакрываньня ў зношаным стане
  тры хусткі на галаву
  
  Адзёжа жанчыны каштуе 21,30 злотых.
  Сярэдні заробак мужчыны ў Польшчы ў 1936 годзе складае250 злотых. Падзёншчыца ў фальварку працуе за няпоўны злоты ў дзень.
  Калі казаць пра мужа, то апытвальнік выяўляе, што той валодае:
  
  кашуляй і парай кальсонаў уласнага вырабу
  адным "гарнітурам" уласнай працы, а таксама адзін сьвяточны
  (апытвальнік не паведамляе, што азначае двухкосьсе, але можна здагадацца, што той пашыты на ўзор панскага, але ж застаецца сялянскім)
  зношаным кажухом
  дзьвюмя парамі чаравікоў (на штодзень і для сьвята)
  шапкай на штодзень
  капялюшам для сьвята
  
  Адзёжа мужчыны каштуе 25,50 злотых, то-бок на чатыры зь лішкам злотых больш, чым жанчыны. Мужчына мае дзьве пары ботаў. Як уладжвае справы, рэпрэзэнтуе, палітыкуе, то ягоныя выхады ў сьвет важнейшыя. Жанчыне досыць адной пары. Боты ёй патрэбныя перадусім затым, каб пайсьці ў касьцёл і на кірмаш.
  Няблага было б ведаць, як сёньня, праз больш за восемдзясят гадоў, жывуць нашчадкі сям"і В. Вельмі праўдападобна, што іхныя ўнукі ўсё яшчэ пражываюць у Дзікоўцы, а можа нават і дзеці? Хто яны? Чым яны займаюцца? Ці паклала бяда іхных дзядоў адбітак на далейшых лёсах роду і, калі паклала, то ў які спосаб? Карыстаючыся падказкай, што Т.В. быў шаўцом, я спрабую іх адшукаць. Быць можа, людзі ўзгадаюць, бо ў прыкарпацкіх вёсках людзі жывуць з рода ў род. Мырыян Пёрэк, гісторык і былы дырэктар тамтэйшай школы, прагледжвае для мяне хрысьцільныя кнігі й шлюбныя акты, аднак Т.В. не знаходзіць. А ці нельга выявіць, хто ў Дзікоўцы быў шаўцом? "У Дзікоўцы перад другой сусьветнай вайной, т.б. перад 1939-м у вёсцы дзеці хадзілі босыя вялікую частку года, незважаючы, што шаўцамі падзараблялі кал. 20 сялянаў" - адказвае на мой ліст Марыян Пёрэк.
  Дваццаці? Тры пары ботаў у сям'і, а шаўцоў у адной вёсцы дваццаць? Навошта?
  Кустошка Агнешка Грабоўская ў вялізных, душных сховішчах Варшаўскага этнаграфічнага музэю адчыняе велічэзную шуфляду. Мы залазім на драбінкі, бо шуфляда з надпісам "Боты" знаходзіцца ўгары, і ў ёй корпаемся.
    []
  Шмат сялянскіх сем'яў ня могуць дазволіць сабе боты для дзяцей, а, як надыходзіць восень, больш ужо нельга хадзіць басымі. Паліцыя ў Станіслававе раздае боты бедным дзецям, 1937 год
  Я выцягваю наўдачу, лічучы, што знайду жаночыя, і сапраўды: чаравічкі, чоўнічкі, амаль усе чорныя. Я ніколі ня бачыла так моцна палатаных ботаў, не чакала, што ўвогуле мажлівае так лютае змаганьне за працягненьне жыцьця абутку. Але ж старых, зьнішчаных ботаў было так шмат, што яны мелі ўласную назву: харболы. Верагодна, усе шаўцы ў Дзікоўцы прынамсі раз папраўлялі адзін і той жа бот. Тым часам ва ўспамінах Гжэгаша Зэлка пра сямейнае гаспадарства ў ваколіцах Новага Сонча можна знайсьці такую інфармацыю: "Дзед прыгадваў, што разам з братамі яны мелі толькі адзін камплект добрага ўбраньня й толькі адну пару ботаў, у якіх хадзілі напераменку. Ксёндз Уладзіслаў П'ёнтэк паведамляе на падставе парафіяльных кнігаў, што адна пара ботаў служыла жыхарам дому ў сярэднім цягам 10-ці год". Для сялянаў боты - знак годнасьці. Але для нашых гераіняў боты - гэта яшчэ й іншая справа. Для іх боты азначаюць вольнасьць.
  
  
  Заўвагі:
  *1 Морг - старая зямельная мера (0,71 гектара).
  *2 Баўэр - багаты селянін, звычайна нямецкага паходжаньня
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список

Кожевенное мастерство | Сайт "Художники" | Доска об'явлений "Книги"