| 
 
 
  
  скончылiся нарэшце 
  тыя тры доўгiя тыднi
  памiж зiмою i летам
  памiж зямлёю i небам
  памiж мной i табою - дадаў бы
  але нават iх не было мiж намi
  тут не было цунамi
  i руйнавання дамбаў
  слязлiвая халадэча
  бетанаванне пустэчы
  падмуркам да новага шчасця
  прывiднага
  як i ранейшае
  час павольна стаiць у чарзе
  горад хаваецца ў стылай смузе
  ты дзесьцi там
  i не сустрэць выпадкова
  цiшыня 
  мокры снег
  i не iснуе словаў
  апроч тых
  што не дапамогуць
  рухайся асцярожна
  ў сваё ўтульнае заўтра
  гэты дзень быў ад ранку марны
  i слiзкая ў iм дарога
  
  2021, лiстапад, 24, серада, 20:48
  
  
   
    
 
  |