Падвойнае рэха аднаго верша Аксаны Спрынчан
Рэха першае
Мне з вамi не сустрэцца ў вольнай Вiльнi
Нi сёння, нi сто год таму, не заўтра...
Бо мытня не дае дазвол на выезд -
Не тая вiза... А лiцьвiнскай мовы
Памежнiкi не прызнаюць з бакоў абодвух
Мяжы, што некалi была уяўнай рысай...
Мне з Вамi не сустрэцца ў вольнай Вiльнi
Нi сёння, нi сто год таму, не заўтра...
Бо сёння там - ад нас свабодны Вiльнюс...
А ўчора - я не ведаў i не марыў
Пра Вас мiж гарадоў i гор далёкiх...
Дый вас у Вiльнi не было таксама.
А заўтра - нi мяне, нi вас не будзе
Нi тут, нi ў Вiльнi, нi пад сонцам нават.
Архiвы звыкла спаляць нашы справы...
Хiба ўпрыгожыць камень надмагiльны
Радок "Мне з Вамi не сустрэцца ў Вiльнi..."
2002, лiстапад, 25, панядзелак, 17:33
Рэха другое
Мне з Вамi не сустрэцца ў вольнай Вiльнi -
Iзноў над галавой варонаў крылле...
Злавесны шэпт, як колькi год таму...
I, зноў пераступаючы ў зiму,
Палохаю, бы грукатам падкоў,
Свiнцом незразумелага пытання
Самотных выпадковых мiнакоў...
Але, на жаль, яснавельможна панi,
Падобна, што не бачыў з iх нiхто
Нi Вас у вашым жоўтым палiто,
Нi нават фотаздымкаў Вострай Брамы...
Мне ў вольнай Вiльнi не сустрэцца з Вамi,
I з Вамi не ўцячы ад навальнiцы,
Мiж Полацкам i Вiльняй не згубiцца...
I лёгкiм смуткам агарнула сэрца -
У Вiльнi нам не выпала сустрэцца...
Хiба ў метро, пад iншаю сталiцай,
Убачыць... Не пазнаць... Iзноў згубiцца
Ў натоўпе, i да сонца паасобку
Iсцi жыццём, падобным на падробку...
Але каму тады вы гаварылi
"Чаму я не сустрэла Вас у Вiльнi"?!
2002, снежань, 4, серада, 1:39
|