У просiнi неба застылi аблокi
Нiбы разважаюць - куды ж цяпер?
Але не зважаюць на цяжкiя крокi,
На грукат матораў, на шолах папер.
У небе таксама хапае праблемаў.
Напрыклад, няма пастаянных дарог,
Бо вецер не кожны дзень варты даверу,
На скаргi ж адно пасмiхаецца Бог...
Але вось i вецер з'явiўся на працу,
Змянiўся малюнак нябеснай раллi,
Аблокам не выпала з намi застацца -
Канец iх дарогi не ў гэтай зямлi...
2002, жнiвень, 10, субота, 16:54
Докшыцы
|