Падрыхтаванае на падставе: Шамякін Іван, Пошукі прытулку. Аповесці, — Мінск: Юнацтва, 2001. — 350 с.
Рэдактар: Аніська У. М.
СЛАЎСЯ, МАРЫЯ!
Гісторыя кахання, любові, жыцця
Любовь — благо, быть любимым — счастье. Какое странное и верное слово, что муж и жена (если они живут духовно) не двое, а одно существо.
Лeў Талстой
Пасля таго ўжо, як я праводзіў у апошні шлях маю незабыўную Машу, жонку i найлепшага сябра, я прачытаў у Буніна, здаецца, у «Деревне», герой чытае ў свяшчэннай кнізе (няма, аднак, зноскі, з якога гэта Евангелля ці апостальскага паслання): «Плачу и рыдаю, егда помышляю смерть и вижу в гробе лежащую по образу божию созданную нашу красоту, безобразную, безгласную, не имеющую вида...»
Уразіла моцна, але згадзіцца, што ў труне ляжала безобразное, я не мог i не магу дагэтуль, хоць учора адбыліся саракавіны. I ў труне, пасля сямі месяцаў (як выяўлена хвароба) цяжкой невылечнай хваробы — лейкоза — яна была для мне прыгожай. Я халадзею ад уяўлення магілы. Але бачу яе ва ўсіх сваіх успамінах, думах толькі жывой — по «образу божию созданную красоту».
Больш імпануюць мне словы, якія пачуў у пасрэдным фільме «Командор и Анна»; там драматург суцяшае ўдаву загінуўшага на атамных выпрабаваннях героя: «Калі з двух людзей, што кахаюць адзін аднаго, жывы застаецца адзін, гісторыя ix жыцця, ix кахання прадаўжаецца».
Гэта праўда. Гісторыя нашага з Машай кахання, любові, жыцця прадаўжаецца, пакуль я хаджу па зямлі i магу трымаць у руцэ пяро. I гэта дае мне права напісаць яе: гісторыю нашу. Для дзяцей, унукаў, для усіх, хто кахае, хто будзе кахаць — для тых, хто зліецца ў «одно существо».
Ёсць яшчэ адна прычына для такога вельмі цяжкога па душэўным стане майго сачынення.
На памінальным абедзе ў дзень пахавання я сказаў, якой бясцэннай i незаменнай Маша была памочніцай у маёй пісьменніцкай працы: перадрукавала не адзін дзесятак тысяч старонак рукапісаў (я пішу ад рукі, не асвоіў машынку — не было патрэбы), перачытала гэтыя ж тысячы старонак карэктур, i неаднойчы, некаторыя па некалькі разоў пры перавыданнях, я карэктуру перавыданняў не чытаў — шкадаваў часу, ён патрэбны быў для напісання новага, я жыў, калі сачыняў новы раман, аповесць, п'есу.
Пасля мяне выступіў Іван Навуменка i сказаў:
— Іван Пятровіч расказаў, якой памочніцай была яму Марыя Філатаўна. Але ён не сказаў самага істотнага, што для літаратуры важней. Марыя Філатаўна з'явілася прататыпам многіх вобразаў жанчын у шамякінскіх раманах, аповесцях. Можаце ўявіць, якая гэта была натура, які характер, калі гэтага хапіла на дзесятак, калі не больш, яркіх, запамінальных характараў беларускіх жанчын.
I гэта праўда. Я не часта задумваўся над гэтай асаблівасцю сваіх твораў. Але я не знаў блізка многіх жанчын, a вобразаў стварыў сотні. «Трэба ўмець!» — казаў Андрэй Макаёнак. Бліжэй за ўсё да Машы — Саша Траянава з «Трывожнага шчасця», гэта рэч у многіх сваіх i сюжэтных хадах, i характарах аўтабіяграфічная, асабліва аповесць першая «Непаўторная вясна» i аповесць пятая — «Мост»; у аповесці «Агонь i снег» Сашы няма, але Пятро жыве, ваюе, кахаючы яе.
A хіба Таццяна Маеўская з «Глыбокай плыні» не Маша? I сюжэтная канва з першай часткі — жыццё сям'і Кротавых у акупацыі. А фельчарка Тася Батрак з рамана «Вазьму твой боль», Поля з «Атлантаў i карыятыдаў», якія па часе напісання адстаюць ад першага майго рамана гадоў на трыццаць, — у ix характар маёй жонкі, яе вернасць, адданасць мужу, дзецям. Ёсць вобразы, якія па сюжэце далёкія ад жыцця Марыі Філатаўны, але тыя з маіх калег, якія блізка ведалі яе, як Андрэй Макаёнак, Іван Навуменка, Алесь Савіцкі, пазнавалі асобныя рысы. Такая Вольга Ляновіч з «Гандляркі i паэта», Надзея са «Снежных зім». Вольга — зусім іншы характар — імпульсіўная, у нечым нават авантурная, нахабная, што Машы было зусім не ўласціва. Але калі я пісаў раздзелы пра яе каханне i яе свядомае ўступленне ў барацьбу з акупантамі, я, добра помню, не раз думаў: а на каго з прататыпаў, якія акружалі мяне, «прымераць» яе ўчынкі? Хто мог бы ў дадзенай сітуацыі паступіць так, як вымагае сюжэт, а не інакш? Ядвіга Паўлаўна? З яе, сваёй суседкі, пісаў іншыя рысы Вольгі — весялосць, дасціпнасць, умение гандляваць. Але гераічныя... Ядвіга здольная на подзвіг? На такі, які дыктаваўся логікай развіцця характара; я слаба ведаў яе. Маша? Толькі Маша магла гэтак стаць падпольшчыцай, ехаць у партызанскую зону i, выкрытая паліцаем, узарваць яго i сябе. Толькі Маша! Я нават спытаў яе: «Змагла б?» Яна прачытала рукапіс i не адразу адказала: у Вольгі заставалася дзіця i ў яе была ў акупацыі малая Ліна, яна не вазіла партызанам міны, але ў сітуацыі, якія пагражалі смерцю, трапляла. Яна адказала: «У мяне было столькі нянавісці да ix, да немцаў, што я на ўсё пайшла б... на смерць дык на смерць. Ты хіба не пайшоў бы?»
Аднак я забягаю наперад.
Яшчэ пра адзін вобраз, у пэўным сэнсе парадаксальны, супярэчлівы. Галіна Адамаўна, жонка доктара Яраша з рамана «Сэрца на далоні». Ніхто, нават Андрэй, не пазнаў у Галіне Машу. A між тым, каюся, гэта была своеасаблівая помета аўтара ўласнай жонцы за яе... рэўнасць. Некаторы нядоўгі час Маша, маючы траіх дзяцей, раўнавала мяне да кожнай спадніцы.
Нельга было зірнуць на прыгожую жанчыну, пацалаваць руку Лене Макаёнак, што Маша аднойчы ўбачыла; няшчасная была мая галава: пасля таго вечара яна спіхнула мяне з ложка, калі я дзеля прымірэння палез з пяшчотамі.
Маша, перадрукоўваючы рукапіс, пазнала рысы сваёй рэўнасці i сказала без злосці, бадай, з гумарам: «I тут ты абсмактаў мяне, пісака».
Між іншым, зноў я апярэджваю расказ пра падзеі нашага доўгага жыцця. 58 гадоў разам! Я лічу i пяць армейскіх ваенных гадоў: i там, у Запаляр'і, яна была заўсёды ca мной, а я з ёй тут, у Церусе, у знаёмых з маленства лясах Маркавіцкага лясніцтва.
У ранейшых сваіх успамінах я не раскрываў чытачу гісторыю тыпаў i прататыпаў, мне здавалася, гэта аслабіць эмацыянальнае ўздзеянне: апісаў сваю жонку! Але ўсё роўна ўдумлівыя літаратуразнаўцы, як Іван Навуменка, Андрэй, гэта прачытвалі. Цяпер, калі Машы не втала, я не думаю, што гісторыя нашага кахання, жыцця штосьці «ўкрадзе» з мастацкіх твораў. Бадай, наадварот. У маладых чытачоў, асабліва ў тых, хто вывучае літаратуру, яна павінна выклікаць павышаную ўвагу i цікавасць, даць уяўленне, як нараджаецца мастацкі твор.
Я пісаў самага дарагога мне Чалавека пад іншымі імёнамі, ставячы яе ў розныя сітуацыі, якіх у сапраўднасці не было, якія сачыняліся аўтарам. Без гэтага не было б мастацкага твора.
Я абавязаны напісаць пра яе жывую, рэальную, такую, якой яна была, — вельмі простай, зямной i ў той жа час незвычайнай. Я не паўтару сваіх гераінь, хіба толькі адну — Сашу Траянаву: у «Непаўторнай вясне», у «Мосце» многа біяграфічнага. Але такі паўтор мяне не палохае i не можа спыніць.
Ітак, — вось яна — гісторыя нашага кахання, нашай любові, нашага доўгага жыцця.
1...
Леснікоў, як i Міхала з «Новай зямлі», i ў савецкі час нярэдка пераводзілі з месца на месца, па волі ляснічага, часта без тлумачэння прычыны. Так увосень 193З года перавялі майго бацьку з абхода пад Краўцоўкай у Пыхань (афіцыйная назва — Епофань, народ скараціў, i цяпер прыжылася народная назва). Пыхань — цэнтр лясніцтва з добрым домам ляснічага, аб'ездчыка, з чырвоным кутком, з крамай, сушылкай для шышак. Бацьку перавялі туды не лесніком, а... крамшчыкам. Была гэта ласка ці здзек пана Войтава — i дагэтуль пэўна не ведаю. Бацьку шэсць гадоў назад парубшчыкі падстрэлілі, i ён моцна кульгаў (аднак гэта не пашкодзіла Пятру Шамяку пасля таго яшчэ трыццаць гадоў вартаваць лес i лічыцца лепшым лесніком). Дык паспагадаў ляснічы ці паздзекаваўся? Здзек быў у тым, што граматы ў бацькі было два класы царкоўнапрыходскай школы. Але куды дзенешся, кал i пад Краўцоўку яшчэ летам прыехаў новы ляснік. Між іншым, бацьку тады ж прапанавалі новае месца — ва ўрочышчы Воленка пад Пракопаўкай. I мы паехалі туды. Пагрузіліся на тры фурманкі, ехалі цэлы дзень — ажно дваццаць вёрст. Не ведаю, як бацька дамаўляўся: ездзіў жа прымаць абход. Але калі мы позна ўвечары прыехалі з самымі малымі, ляснік, якога зволілі, не пусціў нас у леснічоўку — ca стрэльбай выйшаў. Круглікаў быў партызан грамадзянскай вайны. Ад ранения ішлі дзівосы партызана ці ад таго, што сын яго быў пракурорам — не ведаю.
Пераначаваўшы на двары (дзяцей Круглікаў усё ж пусціў у хату), мы на другі дзень рушылі назад пад Краўцоўку. Маці ўсю дарогу плакала: «А калі i Харкоў не пусціць?» Харкоў пасмяяўся: «А я ведаў, што ён вас не пусціць, гэты «будзёнавец» i не такія «конікі» выкідваў».
Тры месяцы бацька рабіў пажарнікам — сезонная праца.
I вось мы едзем у Пыхань. Безумоўна, для нас з Паўлам пераезд — падзея, хоць з Краўцоўскай школай я развітваўся са смуткам: любіў настаўніцу Валянціну Андрэеўну Рабцаву i нават паспеў закахацца ў дзяўчынку, якая прыехала з сястрой-крамшчыцай у нашу школу. Апранутая ў крамнае, яна паланіла мяне, трынаццацігадовага эстэта, незвычайнасцю, непадобнасцю на «палатняных» краўцовак, мурзатых, босых. У Гашы былі туфелькі, панчохі, як у гарадскіх. I мова гарадская. Надзвычайная з'ява дзіцячая закаханасць, памойму, нават Талстой i Бунін не апісалі ўсю пекнату такога наіўнага кахання.
З Пыхані да Краўцоўкі восем вёрст, i я ў выхадныя колькі разоў хадзіў туды. Цягнула пабачыць Гашу. Праходзіў міма яе хаты, заглядваў у акно, але ні разу так i не пабачыў. I каханне згасла.
У Пыхані сям'ю крамніка пасялілі ў доме, другую палавіну якога займаў чырвоны куток, там праходзілі сходы леснікоў, рабочых, i нам чутны былі ўсе размовы, i мне асабіста яны здаваліся цікавымі: грамацей, як называў мяне бацька, я ведаў амаль усе тайны прафесіі. Але суседства з чырвоным кутком дало мне значна больш — багацце кніг, на якое ў Краўцоўцы быў голад: усё, што было ў Валянціны Андрэеўны, я прачытаў, а больш кніг ні ў каго з бацькоў маіх аднакласнікаў не было. Якія кнігі!
У пачатку я карыстаўся кніжнай шафай нелегальна: выявіў, што калі ўзлезці на грубку, то там каля самай столі — шчыліна ў суседнюю палавіну, з якой трапляў на тую ж шафу; дзіця лесу, лазіў, што вавёрка.
Але здарыўся камічны выпадак. Кал i я корпаўся ў кнігах, прыйшоў загадчык кутка кульгавы Цімох Цыкуноў, пасля ляснічага самы адукаваны чалавек.
Куды дзецца? I я залез у шафу ў ніжні адсек — на падшыўкі газет. A Цімох прыйшоў не адзін — з сябрамі, i яны селі гуляць у шахматы. I я, нябога, заснуў у шафе i выдаў сябе храпам. Хлопцы вывалаклі мяне, здзівіліся, але смяяліся.
— Ты як трапіў сюды, кот шкадлівы?
— Дзядзечка Цімох, а я кнігі ў вас бяру, але, прачытаўшы, кладу назад. Палічыце — усе на месцы.
— Дзівак! Па кнігі мог бы хадзіць i праз дзверы.
Во жыццё настала: доступ да ўсіх кніг! Я дагэтуль удзячны Цімоху, якому лес, на жаль, адвёў мала гадоў: сухоты касцей звялі яго ў магілу, ад сухот памерла i яго сястра, з якой я хадзіў у Церухскую школу.
Да Церухі было больш трох кіламетраў па лясной дарозе, абапал якой стаялі гонкія сосны, бярозы, дубы, шапкамі сваімі дастаючы аблокі.
З Пыхані хадзіў я i брат мой Павел — у трэці клас. А побач, на другім беразе рэчкі Церуха, быў ладны пасёлак Каралін, адкуль хадзіла нямала вучняў. Але сяброўства з імі не наладжвалася: я картавіў, i яны дражнілі мяне, хоць у Краўцоўцы чамусьці ніхто не звяртаў увагі, ніхто не крыўляў.
Школа змяшчалася ў былым папоўскім доме, два класныя пакоі, займаліся паралельна пяты i сёмы, тосты — у другую змену; «першая ступень», як называлі малодшыя класы, вучылася ў дарэвалюцыйнай школе, маленькай, струхнелай, халоднай.
Мяне пасадзілі з двума хлопцамі, імёны якіх я не помню. Але імёны траіх дзяўчат, якія сядзелі за маёй партай, захаваліся на ўсё жыццё. Як не помніць! Маша Кротава! Ліда Блінцова, Тамара Дзегцярова.
Маша была маленькая, рыжанькая, з вялікімі блакітнымі вачамі, вельмі жывымі, выразнымі, у ix адбіваліся ўсе яе пачуцці — здзіўленне, радасць, расчараванне, крыўда. Маша была самая ціхая i самая далікатная, па-сучаснаму сказалі б — інтэлігентная. Былі такія дзеці i ў сялянскіх сем'ях.
Дзяўчаты ў першыя ж дні выявілі, што я добра рашаю задачы, i патрабавалі, каб рашэнне перадаваў ім — на паперцы, настаўнік Старосценка быў строгі, яго баяліся, i я баяўся. Але Тамара была дзяўчынка настырная i смелая. Калі я не даваў рашэнне, яна i Ліда скублі вавёрчын каўнерык майго паліто, пашытага з бацькавага фрэнча. I так выскублі, што ўтварыліся лысіны, бацька ўбачыў ix — здзівіўся:
— Сабакі лізалі твой каўнер, ці што? Зімовая вавёрка. Гомельскія барышні з рукамі адарвалі б, каб павёз такую вавёрку.
Не скажу, што я закахаўся ў Машу, як у Гашу. Але ўвагу маю яна прыцягвала i як бы набівалася на сяброўства. Я даваў ёй — не языкатай Тамары — рашэнне задач, яна, заглядваючы праз плячо, неяк вельмі ўмела паказвала на мае памылкі ў дыктантах; я «плаваў» у рускай мове; дачка святара Валянціна Андрэеўна дала мне добрыя веды па беларускай мове i чамусьці не лепшыя па рускай; здаецца, толькі ў арміі я навучыўся пісаць без памылак.
Дырэктарам школы быў Салодкі (забыўся імя яго, імя па бацьку) — чалавек вясёлы i дасведчаны, яго аповяды пра грамадзянскую вайну, пра яго ўдзел у ліквідацыі банды Галакі (імя гэтае было на языках у сялян вакольных вёсак, i асабліва прыпаміналі бандыта дабранскія яўрэі). Але Салодкі меў звычку даваць хлопцам пстрычку па носе ці алоўкам па лбе. Мне даставалася часта, бо на мяне скардзіліся каралінскія дзяўчаткі, што па дарозе я ix б'ю. У Краўцоўцы я паводзіў сябе прыкладна — лепшы вучань, ды i наогул ні з кім не біўся ні да таго, ні пасля. А тут чамусьці стаў хуліганісты — па-за школай, з каралінцамі, якія здзекаваліся, называлі мяне «калова», хоць да таго часу я ўжо вымаўляў «р» зусім нядрэнна.
Запомніўся адзін выпадак — крыўдны i кранальны. Салодкі колькі разоў папярэдзіў, каб я пастрыгся, бо хадзіў лахматы, як краўцоўскі воўк (чаму краўцоўскі — няўцям мне было). Помню, з-за ўпартасці ці таму, што ў Пыхані не было каму пастрыгчы, я адкладваў гэтую працэдуру. I тады Салодкі прынёс вялікія нажніцы — казалі, авечыя, — пасадзіў мяне на перапынку на табурэт i пачаў сам стрыгчы. Дырэктар слабы быў псіхолаг: не ўяўляў, як гэта вучню пятага класа было абразліва... Перад усім жа класам! Большасць вучняў зларадна смяялася — дзеці жорсткія — i кідала ўедлівыя жартачкі: «Стрыгуць, як барана». I толькі адна худзенькая дзяўчынка не смяялася, яна стаяла насупраць, на твары яе адбівалася пакута, быццам стрыглі яе самую, a ў шырокіх, заўсёды як бы здзіўленых вачах плавал i слёзы. Гэта была Маша. Яна спачувала мне, шкадавала, бадай жа, па-матчынаму. Яе спагада кранула мае «ачарсцвелае» сэрца. Расчулены, я ледзьве ўтрымаўся, каб не зараўці. I, помню, падумаў: «Во адзіны сапраўдны сябра. Даражэй за сястру. Цяпер адной ёй буду паказваць рашэнне задач».
I з таго дня праяўляў да яе асаблівую ўвагу, хоць яна пачала пазбягаць мяне i памылкі не падказвала, бо дзяўчаткі-сарокі пачалі стракатаць, што ляснік — Машын жаніх. Яна саромелася. А мая брацкая пяшчота да яе расла. Пэўна, тады ўжо магла б вырасці ў юнацкае каханне, каб мы вучыліся разам — у шостым класе, у сёмым. Але хадзіў я ў Церухскую школу ўсяго месяцы тры.
Бацька мой пратаргаваўся ў краме, мусіў прадаць цёлку, каб пакрыць нястачу. Між іншым, бацькаву працу я ненавідзеў, можа, больш, чым мая маці. Яна баялася, што ён пратаргуецца, помню, як галасіла, калі рэвізія выявіла нястачу: «Пасадзяць дурня ў турму». Я ненавідзеў па іншай прычыне: з-за абавязкаў, якія бацька ўсклаў на мяне па краме. Была картачная сістэма. З імяннога ліста кожнага спажыўца бацька выразаў маленькія картачкі-квадрацікі, на якіх надрукаваны былі назвы прадуктаў — «хлеб», «крупа», «сахар», «рыба» i г. д. Кідаў ix у агульную скрынку. Мой абавязак — разлажыць ix па прадуктах, палічыць, запісаць, запакаваць. Рабілася гэта, як правіла, позна ўвечары, калі, стомлены за дзень дарогай у школу, урокамі, я кляваў носам i часта кідаў «крупу» ў «соль» ці «мыла» ў «цукар». Бацька часам угледжваў гэта i біў па руках. А пасля аднаго здарэння я дэманстрацыйна нядбайна ставіўся да гэтай нуднай працы. Бацька адвозіў картачкі ў Гомель — у ОРС (отдел рабочего снабжения). Аднойчы ён праявіў дабрыню — узнагародзіў мяне: узяў з сабой. У ОРСе прыгожая — для мяне, эстэта, — высокая стрыжаная жанчына ў доўгай чорнай спадніцы прыняла ў бацькі запакаваныя, перавязаныя ніткамі карткі, дала бацьку распісацца на нейкай паперы (між іншым, гасцінец тут жа схавала ў шуфляду стала), перапісала мае падлікі — колькі «хлеба», колькі «крупы» i, не распакаваўшы нават картачкі — вынікі маіх пакут, не палічыўшы, кінула ўвесь скрутак у грубку, дзе агніста палалі бярозавыя дровы. Мяне гэта страшна ашаламіла. Столькі бацькавай працы, маіх падлікаў, матчынага страху — i ўсё вось так проста ў агонь. Што ж гэта робіцца, людзі добрыя?!
Выйшаўшы з ОРСа, я заплакаў. Бацька здзівіўся:
— Ты чаго?
— Картачак шкада. Малыя маглі гуляць, — сёстры мае.
— Дурак, — засмяяўся бацька. — Я думаў, ты мужык, а ты баба саплівая.
Бацька за сваю кар'еру крамшчыка легка расплаціўся — цялушкай, якую я два леты пасвіў i любіў; я ўвогуле любіў кароў i не любіў свіней, на шчасце, у лесе ix не пасвілі — рохкалі ў закутку.
Ляснічы паспачуваў бацьку i пашкадаваў — назначыў лесніком усё ў тую ж «Воленку». Паўгода ляснічы ваяваў з непаслухмяным партызанам i ўсё ж перамог — выселіў Круглікава з леснічоўкі. Пераехалі туды сярод зімы. A сямігодка ў Макаўі, за сем кіламетраў. I мяне адаслалі заканчваць пяты клас у Карму, да бабулі. Там я вучыўся i ў шостым. Але бабуля жыла бедна, без каровы, i мы ледзьве не галадалі. Вясной амаль кожную суботу я бег у «Воленку» за 25 вёрст, каб прынесці гладышку малака, галку масла.
У Карме я хадзіў на вячоркі, дзе збіраліся старэйшыя хлопцы, дзяўчаты, i з якіх нас гналі настаўнікі. Але мы ўжо цалаваліся з аднакласніцамі, а я нават са старэйшай на год — Маняй Хацковай.
У сёмы клас я пайшоў у Макаўе. Што такому сем кіламетраў! Бацька дамовіўся з макаўцам, каб у выпадку дажджу, завірухі я мог застацца паначаваць. Hi разу за год не застаўся. Адзін я ішоў тры кіламетры — да Пракопаўкі, а адтуль у вялікім гурце пракопаўскіх, будзішчанскіх вучняў, i паходы гэтыя былі самыя цікавыя — дурэлі, жартавалі.
Я закахаўся ў аднакласніцу Марусю Антоненку. Але яна, відаць, не дарасла яшчэ да гэтага пачуцця i рабіла глупствы — паказвала мае «любоўныя пісьмы» вучням, з мяне смяяліся. Назначыў спатканне, а яна прыслала на мост хлопцаў, якія зрабілі мне «цёмную», ледзьве не кінулі ў ваду. Назло ёй я назначыў спатканне другой аднакласніцы — Каці Кузьменка з пасёлка Данец, гэта тры кіламетры ад «Воленкі», i бегаў туды — чатырнаццаць кіламетраў у школу i ca школы. Гэты свой «подзвіг» i Кацю, малую i сталую, я амаль жа дакументальна апісаў у апавяданні «Непрыгожая», якое крытыкі лічылі лепшым маім апавяданнем, нават Янка Брыль, выдатны навеліст i раўнівы да творчасці калег, да маёй асабліва, пахваліў.
Раскідана — у розных творах, у «Трывожным шчасці» найбольш поўна — апісаў я гісторыю свайго юнацтва, сваіх дзіцяча-юнацкіх захапленняў i таго кахання, што засталося на ўсё жыццё, што дало мне найлепшага сябра — жонку, маю Машу, i з ёй поўнае чалавечае шчасце.
Успомніў маленства, успомніў нашмат больш, чым запісаў, — i як акунуўся ў цёплую плынь той Церухі, дзе з дзяцінства «Маруся мыла ногі». Калі купаўся ў мелкай рэчцы ў сталыя гады, то заўсёды нейкім асаблівым непаўторным чуццём адчуваў, што вада, у якой яна мыла ногі, не сплыла ў Сож i Дняпро, яна заставалася тут, перад хатай Кротавых, перад маёй дачай i паіла мае пачуццё жыццятворнай сілай — мяне, бацьку чатырох дзяцей. Мяне да старасці хвалявала ўсё, што звязана было з яе маленствам, з яе сталым жыццём. Я пакла-
няўся сцежкам, па якіх яна хадзіла, рэчцы, у якой купалася. Я радуюся, што не здрадзіў табе душэўна, не таіў сваіх дробных грахоў. Знаю: ты была яшчэ больш шчырая i адкрытая.
Тваё сэрца было на маёй далоні. А можа, наадварот: мае — на тваёй. Ці не ад адчування гэтага я так назваў свой раман?
I я слаўлю наша каханне! У першую чаргу тваё. Хоць усё пачалося ад мяне, ад майго дзіцячага, юнацкага захаплення, ад маёй прагі кахаць i быць каханым. Лічу, што лес мяне ўзнагародзіў — падарыў Цябе. Ён зводзіў нас на жыццёвых сцежках. Мы ж маглі згубіць адзін аднаго ў віры жыцця. Нам наканавана было пражыць жыццё разам.
2...
«Воленка» была райскім кутком. Сама «Воленка» — роўны квадрат лесу паўтара на паўтара кіламетра, раздзелены крынічкай, з аднаго боку якой рос стары лісцёвы лес — бярозы, асіны, дубы, з другога, на ўзвышшы, — малады густы сасняк. Хто яго пасадзіў да рэвалюцыі? Памешчык? Дзяржава?
Каб абход абмяжоўваўся толькі «Воленкай», у лесніка было б бесклапотнае жыццё. Але дзве трэці абходу складала «Гардуноўская дача». Чаму дача — Бог ведае. А гэта кіламетры за тры ад «Воленкі», за Данцом, куды я бегаў на спатканне. I цягнулася гэта дача кіламетры на чатыры — пад самыя Гардуны, за якімі пачыналася бязлесная зона. I рос там пераважна малады сасняк. I высякалі яго з вёсак бязлесся. Парубшчыкі лясных вёсак — не парубшчыкі. Яны ўмелі красці лес так, што амаль не заставалася слядоў. A калі калектывізацыя пакінула сялян без коней, то набегі на лес прыкметна зменшыліся. I не парубшчыкі, якія секлі лес пераважна зімой, был i лесніковай трывогай, a летнія пажары ў гэтай праклятай бацькам дачы. У спякоту ён там дняваў i начаваў. «Воленку» сцерагла маці, яна ж вяла гаспадарку, праўда, там ужо памагалі мы; толькі я, гультай, кніжнік, любіў пасвіць каровы, лежачы з кніжкамі пад дубамі, a араў, баранаваў i нават касіў мой брат Павел. Яму не давалася вучоба, але працаўнік ён быу адменны; вайна забрала жыццё добрага гаспадара.
Парубкі i пажары ў Гардуноўшчыне знясілілі бацьку; вялікі пажар — i вылеціш з працы, а гэта страшыла i яго, i маці: ляснік жыў усё ж лепш, чым калгаснікі, меў кавалак зямлі, каня, пару кароў. I бацька пачаў шукаць спакайнейшае месца. У сваім Маркавіцкім лясніцтве ніхто не дасць, ды i зразумець могуць няправільна: «Воленка» лічылася не самым цяжкім абходам — для маладых i здаровых леснікоў. Бліжэйшае лясніцтва — Добрушскае, бліжэйшае ад Кармы, ад сваякоў. Яны, сваякі (некаторыя рабілі там леснікамі, пажарнікамі, рабочымі), памаглі дамовіцца з мясцовым ляснічым.
Вясной 1936 сям'я пераехала ў Камень — так называлася бліжэйшая, за два кіламетры ад леснічоўкі, веска ў Расіі. jö:
Я застаўся на кватэры ў сябрука свайго Сашы Шклярава, каб закончыць школу. Скончыў выдатна.
Паміж Каменем i беларускім лесам у тое лета пачалі будаваць ваенны палявы аэрадром. Ваенныя інжынеры, якія жылі ў нас у леснічоўцы, узялі мяне за дзесятніка — замяраць земляныя работы, якія выконвалі грабары — не цыгане, хутчэй малдаване; існавала, выходзіць, армія такіх вандроўных працаўнікоў з коньмі, з адмысловымі павозкамі — была патрэба ў ix. Магчыма, праца на аэрадроме ці парады вайскоўцаў абумовілі выбар далейшай вучобы — тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, хоць настаўніца беларускай мовы i літаратуры Яўгенія Анціпава настойліва раіла мне паступаць у педтэхнікум, i я абяцаў ёй. Чаму не пайшоў на настаўніка — адзін Бог ведае. «Неисповедимы пути господни». Пакручастыя шляхі чалавечыя, i не сам ён выбірае ix — вядзе лес.
Экзамены вытрымаў паспяхова, нават пахвалу атрымаў ад фізіка немца Грайпінера, якога ўсе баяліся i які вельмі рэдка хваліў каго-небудзь з абітурыентаў.
Прыехаў на заняткі за два дні да навучальнага года. Размясціўся ў інтэрнаце. I ў першы ж вечар студэнты старэйшых курсаў прапанавалі:
— Малеча! Хто хоча схадзіць да медычак? Там вечар.
Нямногія вясковыя хлопцы ў сваім сялянскім адзенні адважыліся на такі подзвіг. А я... хіба мог прапусціць нагоду апынуцца ў дзявочым царстве! Ведаў, што ў групе нашай толькі дзве дзяўчыны.
У двор медтэхнікума вартавы нас не пусціў — лезлі праз плот. Не вельмі гасцінна сустрэлі «цаглянікаў» медыкі-хлопцы: была даўняя вайна паміж нашым мужчынскім тэхнікумам i ix жаночым, дзе хлопцаў было не па два ў групе, як у нас дзяўчат, але i не так шмат, i хлопцы ix не былі арламі, а таму дзяўчаты гарнуліся да нашых i аўтадарожнікаў, i рэўнасць нярэдка пераходзіла ў канфлікт, але медыкі заўсёды былі бітыя. А нашы па заканчэнні вучобы жаніліся на медычках.
Вечара ніякага не было. Але, мабыць, угледзеўшы больш надзейных жаніхоў, дзяўчаты высыпалі з інтэрната ў двор; старэйшыя ж былі знаёмыя, мелі сімпатыі.
I мы гусакамі хадзілі сярод кветніка са стракатых сукенак i прывабных тварыкаў. У мяне, эстэта i дзявочага прыхільніка, разбягаліся вочы. Колькі ix тут, прыгажунь! Во куды трэба было паступаць!
I раптам абпякло мяне — цуд! Прайшло два з палавінай гады, а я адразу пазнаў яе, падрослую, папрыгажэлую, не такую ўжо рыжую, у яркай крамнай сукенцы ў зялёны гарошак. Сэрца чамусьці пусцілася ў галоп. Ад неспадзяванасці? Ад радасці? Я ўсё-такі за гады захаплення кармянскімі i макаўскімі дзяўчатамі часам успамінаў менавіта яе — Машу Кротаву, яе вочы ў тумане слёз i пакутлівы выраз на твары, калі мяне Салодкі стрыг авечымі нажніцамі.
У яе здзіўлена i, здалося мне, радасна пабольшалі вочы. Яна першая спытала:
— Ты?
Я паўтарыў яе пытанне:
— Ты? Ты тут вучышся?
— Паступіла.
— I я паступіў...
I, бадай, — усё, што мы сказалі.
Яна прыветліва i прывабна засмяялася. Але ні ў мяне, пятнаццацігадовага донжуана, ні ў яе не хапіла смеласці выйсці з гурту першакурсніц, адысці ўбок i пагутарыць, як належыць добрым старым знаёмым. Неяк атрымалася, што дзявочая плынь падхапіла яе i аднесла ў інтэрнат, куды я пайсці не адважыўся — з-за сарамлівасці i з-за папярэджання старэйшых: не адрывайся ад нас, а то медыкі хоць i слабакі, а могуць аднаму намяць бакі — за дзяўчат сваіх. I ў тую ж ноч я до.ўга не мог заснуць — не ад радаснай узбуджанасці, што я студэнт, а ад таго, што перада мной стаяў вобраз Машы, іе здзіўленыя вочы. Як яны пашырыліся, як выпраменьвалі радасць! Я пераконваў сябе: гэта менавіта радасць ад сустрэчы са мной. I фантазіраваў, як у першы ж выхадны пайду ў медтэхнікум — адзін! Нікога не пабаюся! — знайду яе, i мы будзем сустракацца па вечарах у вялікім славутым Гомельскім парку, будзем любавацца палацам Паскевіча. Аднаго не дапускаў, што мы пацалуемся, як цалаваўся я з Кацяй, да якой не было глыбокага пачуцця, акрамя юнацкай цікаўнасці. Не, з Машай у нас будзе зусім інакш — будзе самае высокае каханне, як у тых раманах, якія паспеў прачытаць.
Я пайшоў у медтэхнікум i... не сустрэў там Машу. Раз, другі, трэці. Без вынікаў. Адважыўся прасіць дзяўчат, каб знайшлі яе i паклікалі. Але адны не ведалі аднакурсніцу: «Дзе мы будзем шукаць табе яе?» Іншыя смяяліся:
— Дзевачкі! Глядзіце, ад любові ў яго вочы гараць, як у ката.
Сустрэў Тамару Дзегцярову. Здзівіўся:
— I ты тут?
— А ты думаў, дзе я павінна быць? У вас, чарапічнікаў?
Набраўся духу:
— Пазаві мне Машу... Кротаву...
Тамара вельмі здзівілася.
— Ужо i тут закахаліся? Лоўкія вы!
— А тут яна? — баяўся, што не вытрымала вучобы, у нас некаторыя адсыпаліся.
— Тут, тут. Лепшая студэнтка, усе хваляць яе.
У мяне радасна затрапятала сэрца.
Але Машу Тамара не паклікала. Ад дзявочай зайздрасці, ці што?
Я напісаў Машы пісьмо. Не адно. Назначаў спатканні, прасіў адказаць. Маўчанне. I я пачаў траціць надзею. I, бадай, страціў яе. Пасля думаў, здзіўляўся, з Машай са смехам успаміналі: кім трэба быць, каб, жывучы ў адным горадзе, займаючыся на суседніх вуліцах, прайшоўшы трыста разоў міма медтэхнікума, я не мог сустрэць, адшукаць дзяўчыну, якая валодала маімі марамі, думкамі?! Між іншым, Тамару сустракаў колькі разоў i толькі пытаўся, як там Маша. Удзячны быў Машы, што не адкрывае маіх пісем з вершамі нават школьнай сяброуцы сваёй.
Праз гэта i праз сваю «няўлоўнасць» яна рабілася для мяне таямнічай, як казачная прынцэса, i яшчэ больш жаданай. Спытаць у Тамары: «А хлопца яна не мае?» — не мог, лічыў, што пытанне такое абразіць Машу. Не можа яна мець хлопца, раз не ідзе на мой кліч.
Што такое выпадковасць? Пытанне, над якім ламалі галовы шмат якія мудрацы. Просты чалавек, відаць, засмяяўся б: выпадковасць i ёсць выпадковасць; у простых людзей усё проста. Філосафы даказвалі: неўсвядомленая неабходнасць i шмат што іншае. Але я прасіў у лесу ўсвядомленай (мной усвядомленай!) неабходнасці. Між іншым, больш складанае пытанне аб існаванні лесу. Ёсць лес? Вызначае ён жыццёвы шлях чалавека? Некалі, малады атэіст, я трымаўся матэрыялістычнай формулы: чалавек сам вызначае свой лес, a інакш, маўляў, можна дагаварыцца да боскай сілы, якая кіруе жыццём. Цяпер я так не думаю — дзіўная метамарфоза: з гадамі, з вопытам быццам бы адбыўся не прагрэс, а рэгрэс. Цяпер я веру ў лес.
Роўна праз два гады, перад пачаткам трэцяга курса, засумаваўшы ў лесе па культуры, па кіно, я пайшоў у вядомы ў той час Клуб чыгуначнікаў на прагляд фільма — якога, не помню, хоць у той час фільмаў выпускалі не больш дзесятка ў год, i мы, студэнты, глядзелі ix па некалькі разоў.
Не ў фае, a ў зале, да таго, як патухла святло, я ўгледзеў яе, Машу. Яна сядзела наперадзе i збоку, дык бачыў яе курчавыя валасы. Закалацілася сэрца. I было мне не да фільма, таму, відаць, i не помню назвы. ДумKi скіраваны былі на адно: не згубіць яе пасля сеанса ў натоўпе, дагнаць, пагаварыць. Верыў чамусьці, што размова гэта дасць пачатак нашым сустрэчам.
Распіхваў гледачоў лакцямі, гатовы быў ісці па галовах ix, каб толькі не згубіць яе, дагнаць.
Дагнаў на вуліцы; яшчэ не сцямнела, неба над вакзалам адсвечвала ружовым водбліскам, апошні жнівеньскі дзень быў па-летняму цёплы, хоць ліпы скідалі ўжо залатое лісце. Яны былі ўтраіх: поўная дзяўчына, якая трымала Машу за руку, як бы баючыся згубіцца, i рыжы хлопец, не, бадай, мужчына ўжо — па ўзросце.
Я абагнаў ix, азірнуўся i зрабіў выгляд, што здзівіўся нечаканасцю сустрэчы.
— Маша! Ты?
Яна збянтэжылася, пачырванела, але відно было, што яна неабыякавая да сустрэчы.
— Можна далучыцца да вашай кампаніі?
— Навошта табе наша кампанія? Табе трэба Маруся, перадаём яе табе, — сказала сяброўка.
— Ну, што ты, Маруся! — полымем успыхнула Маша. — Каму я трэба!
Аднак неяк непрыкметна адстала ад сваіх, пайшла побач са мной. Я зразумеў, што тая другая Маруся, Малчанава, з якой Маша жыла на кватэры, ведала пра мае пісьмы. Але калі я спытаў:
— Чаму ты не адказвала на мае пісьмы? Нядобра гэта.
На твары яе адбілася шчырае здзіўленне, шырока расшырыліся прыгожыя вочы.
— Якія пісьмы? Ніякіх пісем я не бачыла.
Далікатны кавалер, я не мог сказаць, што яна маніць.
На высокім пераходным мосце праз чыгунку, які гудзеў пад нагамі, я паспрабаваў узяць яе пад руку; была завядзёнка, вясковая яшчэ: хлопец, выяўляючы пачуццё, браў дзяўчыну пад руку.
Маша адхіснулася, здзівілася.
— Які ты спрытны!
На дашчаным тратуары «залінейнай» вуліцы мы ўсё больш i больш адставалі ад Марусі Малчанавай i Baci, шафера, які кватараваў у тым жа доме, заляцаўся па чарзе, расказала Маша, то да адной, то да другой медычкі, вадзіў у кіно.
— Але каму ён трэба такі... Яму хутка трыццаць гадоў, i ён быў жанаты...
Як гэта супакоіла мяне! Сапраўды, хіба гэта пара для семнаццацігадовай дзяўчыны!
Мы ўспаміналі пяты клас. Тры месяцы сумеснай вучобы, a столькі ўспамінаў! Праўда, на нейкі момант з'явілася ў мяне боязь, што яна ўспомніць, як мяне стрыглі, i я падрыхтаваў абарончую рэакцыю: весела пасмяяцца. Не ўспомніла. I гэта напоўніла мяне ўдзячнасцю i нейкім асаблівым замілаваннем да яе.