Шамякiн Iван : другие произведения.

Атланты i карыятыды

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:
Школа кожевенного мастерства: сумки, ремни своими руками
 Ваша оценка:

  
  Іван Шамякін
  
  
  
  
  АТЛАНТЫ І КАРЫЯТЫДЫ
  Раман
  І.
  Вуліца сустрэла няўтульна. Паўночны вецер секануў па твары першым зарадам снежнай крупы — кароткім, як аўтаматная чарга. Пашкуматаныя ветрам, халодныя да свінцовага бляску хмары імкліва ляцелі над горадам, здавалася, зусім нізка — над дахамі, над мачтамі адмысловых свяцільнікаў. Дарэчы, свяцільнікі гэтыя сканструяваў ён, Карнач, і нямала папсаваў нерваў і сабе, і Аноху, і некаторым іншым, пакуль дамогся, каб завод узяў заказ адліць іх.
  У прасветы паміж хмарамі глядзяцца зоркі, па-зімоваму яркія. Нават свяцільнікі, якія тут, каля пад'езда палаца, лілі на асфальт столькі белага бясценевага святла — хоць рабі аперацыю,— не аслаблялі яркасці зорак. Улетку тут, стоячы каля ліхтароў, зоркі амаль нельга разгледзець.
  Вецер зрываў у скверы апошняе лісце са старых ліп і маладых каштанаў і гнаў іх пад гранітныя ўсходы галоўнага пад'езда. Удзень ішоў дождж, раней апалае лісце прымерзла да асфальту, а тое, што злятала цяпер, падсохла на дрэвах і з шамаценнем кацілася цераз вуліцу, шукаючы зацішак.
  Звычайна пасля такіх вялікіх сходаў хто-небудзь са знаёмых запрашаў павячэраць, і заўсёды набіралася немалая кампанія, якая спачатку шумела ў рэстаране, пасля завальвалася да каго-небудзь на кватэру — у каго жонка больш лагодная і цярплівая да такіх начных візітаў.
  Сёння ніхто не запрасіў. Адны знаёмыя прашмыгвалі міма, робячы выгляд, што не бачаць, другія хутка развітваліся, ветліва дакранаючыся пальцамі да капелюшоў. І Максіму прыгадалася, як дзіўна і нязвыкла памлелі ногі, калі спускаўся са сцэны, зрабіўшы самаадвод. Агіднае адчуванне. І як быццам на міг спынілася сэрца, калі ўбачыў, як дружна ўзляцелі ўгору рукі — лес рук. Узляцелі, здалося, з радасцю, помсліва. Але, маглі і помсціць, асабліва тыя, хто вельмі хацеў трапіць у высокі орган, хто лічыў, што яго абышлі незаслужана. Такія маглі думаць: знайшоўся смяльчак, цану сабе набівае, рэкламу стварае. Калі абвясцілі перапынак, многія стаялі ў праходзе і прапускалі тых, хто ішоў з першых радоў, прапускалі яго і бесцырымонна разглядвалі, як, напэўна, разглядалі б чалавека, што зрабіў гераізм ці, наадварот, учыніў дэбош.
  Такая павышаная цікавасць нервавала.
  Анох, загадчык камунальнага аддзела, з якім часцей, чым з кім іншым, прыходзіцца сутыкацца па рабоце, гучна і груба сказаў: «Табе не здаецца, што ты плюхнуў у лужыну...»
  Макаед схапіў руку, сціснуў да болю. «Стары, цісну тваю мужную руку. Прызнаюся: я ка такое не адважыўся б. Ты пераможца! Лік у тваю карысць!»
  А Віця Шугачоў наскочыў у туалеце, калі ён, Максім, памыўшы рукі, прычэсваўся перад люстрам, любуючыся, як хораша выглядаюць бялюткія ракавіны на фоне чорнай кафлі.
  «Прылізваешся, герой? — закрычаў Віктар, не зважаючы на людзей.— Што ты нарабіў, цыган ты няшчасны?»
  «А што я нарабіў?»
  «Ты яшчэ крыўляешся? Ты думаеш, фартуна заўсёды будзе падстаўляць табе напамаджаную морду? Калі-небудзь яна пакажа табе аблезлую задніцу».
  Здаецца, тады, пасля Віктаравага абурэння, падумаў, што нешта ён зрабіў не так. Можна было зрабіць інакш: сказаць, напрыклад, Герасіму да канферэнцыі. Не, не мог ён сказаць пра гэта сваяку, бо не ведаў, ці рэкамендуюць яго. Адводзіць сябе, не будучы вылучаным,— смешна, Ігнатовіч мог падумаць, што такім чынам ён просіцца ў склад камітэта.
  Цяпер, калі знаёмыя праходзілі міма, зноў падумаў, што сваім самаадводам ён як бы аддзяліў сябе ад пэўнага кола людзей.
  Праўда, вячэры маглі пазбягаць і па іншай прычыне. Група адказных работнікаў аднаго сельскага раёна паехала на рыбалку ў суседнюю вобласць; пасля добрай юшкі рыбакі так весела паводзілі сябе, што «чужая» міліцыя мусіла занатаваць іх весялосць для
  гісторыі. Факт гэты Сасноўскі так распісаў, што зала грымела ад рогату.
  «Мудры дэвіз майго бацькі: хочаш выпіць — пі ў сваёй хаце»,— саркастычна раіў Сасноўскі, але тут жа сур'ёзна папярэдзіў тых «рыбакоў», што часта «вудзяць» на сваёй тэрыторыі — у гарадскіх рэстаранах і кафэ. Яўны намёк на іх — архітэктараў, мастакоў, бо іншыя ў рэстаранах бываюць рэдка.
  Чалавек лёгка паддаецца першаму настрою, калі самыя свежыя эмоцыі пераважаюць над тым, што ўсталявалася ў выніку доўгай развагі, шматгадовай разумовай працы, традыцый, звычаяў, уплываў пастаяннага асяроддзя. Неаднойчы здаралася, што ўжо на другі дзень ён смяяўся са сваіх учарашніх захапленняў, страхаў, перакананняў ці сумненняў, раптоўных сімпатый ці антыпатый.
  Што будзе заўтра — убачым заўтра. А сёння тут, пад казырком увахода ў палац, на ганку, ярка залітым святлом, ён адчуў няўтульнасць, адзіноту, холад і сум. Куды пайсці? З кім сустрэцца? Захацелася кінуцца назад за шкляныя дзверы, у цёплае фае, у прасторную цёмную цяпер залу. Каб можна было, ён з задавальненнем застаўся б тут, хоць раз са сваім творам адзін на адзін, без камісій, без шумнага натоўпу — так, як заставаўся з ім доўгімі начамі, калі працаваў над праектам. Тады ён быў поўны і адзіны ўладар палаца. Агледзець бы не спяшаючыся ўсё да драбніц, да дэталей,— як здзейснена яго задума будаўнікамі, што так, як ён уяўляў яшчэ чатыры гады назад, калі палац існаваў толькі ў яго галаве, а што не так, што зроблена лепш, а што горш. Але тут жа пасмяяўся са свайго жадання. А навошта аглядаць? Што ён можа змяніць? Цяпер ужо ўладар не ён, плады яго працы, таленту спажываюць многія людзі. У гэтым сэнс.
  Учора раніцой ён ішоў сюды не без хвалявання. Заўсёды меў перакананне, што сапраўдную радасць яму прыносіць толькі творчы працэс, а не вынік яго. Аднак учора, як ніколі раней, яму хацелася паглядзець, як прымуць палац першыя наведвальнікі — партыйны актыў. Безумоўна, хацелася пачуць словы захаплення. Наведвальнікі прынялі натуральна, як і належыць спажыўцам: цяперашні народ не здзівіш ні аб'ёмамі, ні аздобай, знешняй і ўнутранай, ні інтэр'ерамі, ні асвятленнем. А тыя тонкасці, тыя дэталі, якія надаюць збудаванню архітэктурную непаўторнасць і ставяць яго ў шарэнгу твораў мастацтва,— ён, спажывец, звычайна адразу не заўважае. Патрэбны пэўны час, магчыма, голас спецыялістаў, знаўцаў, каб потым прыходзілі школьнікі, студэнты, прыязджалі турысты і слухалі гідаў, разявіўшы раты і высока задраўшы галовы, каб убачыць своеасаблівы архітраў, фрыз, капітэль ці яшчэ якую архітэктурную дэталь.
  Ацэнкі за два дні, калі ішла канферэнцыя, чуў ён хіба такія:
  «Нічога будыначак адгрохалі».
  «Грошай не шкадавалі. Добрыя грошы — добры будынак. Усе нарматывы перакрылі».
  Ды той жа Анох у туалеце на запытанне аднаго з дэлегатаў: «Дзе такую плітку дасталі? Імпартная, відаць?» — адказаў: «Будзе ў цябе такі сваяк — і ты дастанеш».
  Павіншаваў толькі адзін чалавек — начальнік абласнога ўпраўлення МУС палкоўнік Кураслепаў. «Віншую... з такім палацам. Гэта,— ён шырока развёў рукамі, паказваючы фае,— здорава, Масква можа пазайздросціць. Два дні лаўлю вас, каб павіншаваць».
  Але было гэта ўжо пасля вылучэння кандыдатур, і Максім добра помніў, што за два дні сутыкаўся з палкоўнікам у фае многа разоў.
  Палац камісія прыняла з адзнакай выдатна. Але больш гаварылі пра будаўнікоў; ніхто не ўспомніў, што ўсё пачалося з яго, Максімавых, бяссонных начэй. Акрамя калег, вядома. Віктар Шугачоў прапанаваў, каб на палацы была прымацавана манаграма з прозвішчам архітэктара. З ім згадзіліся, але ніхто так і не заказаў гэтай дашчэчкі. Не заказваць жа самому!
  Праз многа гадоў гісторыкі толькі з архіваў змогуць даведацца прозвішча аўтара. Падумаў пра гэта і ўсміхнуўся: славы захацеў! Не ў прыклад некаторым сваім калегам, ён ніколі падоўгу не любаваўся ніводным аб'ектам, збудаваным па яго праекце. Часцей, незадаволены і сваёй працай і асабліва працай будаўнікоў, лаяўся, потым, захоплены новай задумай, хутка забываўся і праходзіў міма свайго тварэння абыякавы.
  Палац збудаваны лепш, чым усё дагэтуль, таму, відаць, і любуецца ён ім даўжэй, і жаданні такія ненатуральныя з'яўляюцца.
  Асцярожна ступаючы па мокрых усходцах — малы ўсё ж казырок, засякае дождж,— Максім сышоў уніз, на асфальт. І тут убачыў Шугачова. Віктар стаяў на тым баку вуліцы, пад каштанамі, з паднятым каўняром. Безумоўна, чакаў яго, Максіма. Не дэлегат, ён мусіў пакінуць залу яшчэ перад галасаваннем. І вось чакае добрыя гадзіны паўтары. Нават здалёк відаць, што ад холаду пасінеў яго нос.
  Добрая цеплыня разлілася ў грудзях — як ад шклянкі віна, выпітага на холадзе. Зрабілася хораша і весела. Малайчына, Віцька! Нават калі ты зноў пачнеш крычаць і лаяцца — чорт з табой, гэта нават забаўна, мояша будзе пасмяяцца і падражніць цябе.
  ІНугачоў выйшаў з ценю ад каштана і, нічога не сказаўшы, пакрочыў побач, адклаўшы каўнер паліто. З гарэзлівасцю хлапчука, якая ўсё больш завалодвала ім, Максім вырашыў таксама памаўчаць — пачакаць, як, з чаго пачне размову сябра.
  Віктар сказаў:
  — Хадзем да мяне, павячэраем. Поля і дзеці будуць рады бачыць цябе.
  Добрая цеплыня тая раптам падступіла да горла салодка-салёным камяком, на міг заняло дыханне.
  Максім спыніўся, павярнуўся да Шугачова. Той, мабыць, зразумеўшы, што можа пачуць нешта сентыментальнае, чаго абодва яны не любяць, спытаў груба — насмешліва:
  — Аб што спатыкнуўся? Не глядзі на мяне, як на балерыну,— па я табе не выкіну.
  — Віця! Давай без намёкаў,— засмяяўся Максім.
  Якія там намёкі. Без усялякіх намёкаў ён, Шугачоў, сказаў ужо сваю думку і можа выпусціць яшчэ не адзін залп цяжкіх і гарачых слоў. Але ён быў з тых людзей, якія не размахваюць пасля бойкі кулакамі. Навошта? Лепш спакойна абмазгаваць магчымыя вынікі таго, што адбылося,— вось чаго хацелася яму. Бо не сумняваўся, што нечаканы і незразумелы ўчынак Карнача не можа не даць вынікаў, безумоўна, непажаданых, якія не памогуць, а пашкодзяць ім, пашкодзяць у такі адказны момант, калі ў іх такая задума.
  Яны выйшлі на цэнтральную вуліцу напроціў вялікага, напаўквартала, залітага святлом гастранома.
  — Зойдзем спярша сюды,— прапанаваў Максім.
  — Відаць, трэба,— згадзіўся Шугачоў.— Дома нічога не трымаем. Ігар, лайдак, прыкладваецца.
  — Бацькоўская наіўнасць. Думаеце, такім чынам вы ўсцеражаце яго ад прыгадвання? Яму ж не пятнаццаць, а дваццаць пяць.
  — Скажы, калі ласка, усе, каго лёс песціць, так плаваюць у воблаках?
  Максім не зразумеў, якая лагічная сувязь паміж яго заўвагай пра Ігара і Віктаравым запытаннем пра «плаванне ў воблаках». Але яны падышлі да віннага аддзела, дзе ў гэты вячэрні час стаяла немалая чарга, таму філасофстваваць тут было не да месца.
  — Каньяк? — спытаў Максім.
  — На каньяк у мяне не хопіць штаноў,— раздражнёна і гучна адказаў Шугачоў.
  — Я ж з цябе штаны не здымаю,— ціха ўпікнуў сябра Максім.
  Чарга павярнулася да іх. З добразычлівымі ўсмешкамі паглядзелі на Шугачова і пахмурна агледзелі яго, Максімава, новае паліто і капялюш.
  Ад віннага аддзела Максім рушыў да кілбаснага.
  Шугачоў, які любіў смачна пад'есці, нерашуча адгаворваў:
  — Не трэба, Максім. Выдасць Поля і табе і мне, што ты нясеш не толькі выпіўку, але і закуску. Крыўдзіць гэта яе.
  — Старэеш ты, Віця.
  — Чаму?
  — Дзяліць пачынаеш на маё і тваё. Раней мы дзялілі? Навошта Полі ведаць дэталі?
  Віктар уздыхнуў.
  — А ўвогуле старэем.
  Маладая жанчына з чаргі павярнулася, агледзела іх абодвух зусім іншымі вачамі, чым тыя, у віннай чарзе, усміхнулася ці то на іх словы, ці на сваё заключэнне пра іх гады і выгляд.
  Выйшаўшы з гастранома, Максім сказаў:
  — Ніяк я не дабяруся да гэтага магазіна.
  — У сэнсе?
  — Прапанаваць ім ковы інтэр'ер. Для самаабслугоўвання ў іх усё спланавана бяздарнейшым чынам. Нейкі чыноўнік ставіў адну толькі мэту: кантроль. Усё іншае не памагае пакупнікам і прадаўцам, а перашкаджае.
  — Якой толькі мурой ты не забіваеш сабе галаву!
  — Якая ж гэта мура? Віця! Гэта культура горада. Эстэтыка, умовы быту...
  — Але першы раз чую, каб галоўны архітэктар расстаўляў прылаўкі.
  — Акрамя ўсяго, я пастаянны пакупнік тут. І я люблю свой горад. Абыякавасць — прыкмета ленасці розуму, дарагі калега.
  — Пара гандлярам мець сваіх дызайнераў.
  — Спачатку трэба растлумачыць ім, што гэта за звяры такія.
  — А я ненавіджу самаабслугоўванне. Відаць, я маральна не гатоў да яго. Вось зараз... Я нічога не купіў, а на кантролі тоўстая баба абмацвае вачамі мае кішэні. Брыдка і абразліва. Пачынаеш адчуваць сябе злодзеем. І хочацца сапраўды што-небудзь сцягнуць. Калінебудзь такі суну ў кішэню банку хрэну ці гарчыцы.
  Максім засмяяўся. Пасля падумаў, што Шугачоў ва ўсім выяўляе сваю натуру. Архітэктар ён не горшы за яго, можа, нават лепшы, бо ўкладвае ў працу ўсю душу. А вось праз тое, напэўна, што акрамя свайго праекта больш нічога навокал не бачыць і не хоча бачыць, што адсутнічае ў яго шырыня мыслення, розмах, а галоўнае — смеласць, прапісаны на ўсё жыццё да радавых.
  У адным Карнач зайздросціў Шугачову — сям'і яго. Кпіў з яго стараннасці: пяцёра дзяцей! У наш час гэта подзвіг. Але любіў Шугачовых дзяцей, шумных, вясёлых, знешне быццам бы не вельмі выхаваных, але на самай справе добрых і шчырых, як бацькі. І асабліва любіў гаспадыню. Для Полі ўвесь сэнс жыцця — у клопаце пра дзяцей і пра людзей увогуле.
  За многа гадоў Максім ніяк не мог растлумачыць уласныя адчуванні ад кватэры Шугачовых. Эстэт, чалавек з тонкім адчуваннем сіметрыі, прапорцый, ён трываць не мог дрэннай мэблі, разнастайнай, нязграбнай, непрадуманых інтэр'ераў. Асабліва яго абурала бязладдзе і безгустоўнасць у кватэрах калег, абавязак якіх — выхоўваць добры густ у іншых.
  У кватэры Шугачовых мэбля была самага нізкага гатунку, устарэлых фасонаў, сабраная па прынцыпу «з бору па сасонцы»: з'яўлялася лішняя капейка — куплялі новы стол ці канапу. Тры пакоі, у якіх жыло сем чалавек, паступова загрувашчваліся рэчамі. На шафах ляжалі чамаданы, кнігі, паміж іх ці на іх — штатывы фотапавелічальнікаў, чарцёжныя дошкі, рэйсшыны, вугольнікі, баксёрскія пальчаткі. У вузкім калідоры на вешалцы заўсёды вісела штук пятнаццаць розных паліто і плашчоў, пад вешалкай стаяла гэтулькі ж, калі не больш, пар абутку, даволі паношаных і на заўсёды пачышчаных, У туалеце Максім заўсёды з апаскай пазіраў на двое санак, падвешаных над самай галавой, здавалася, не вельмі трывала. Тут жа стаяла тры пары лыж і дзве раскладушкі.
  Праектуючы жыллё ці зацвярджаючы праекты, яны, архітэктары, ламаюць галаву, як разгрузіць кватэры ад лішніх рэчаў — ад рэчаў сезоннага ўжытку. Ва ўласнай кватэры Шугачову нічога не прыдумаць. У іх няма ні сцянных шафаў, ні нават хлеўчукоў пры доме, куды можна было б вынесці санкі і лыжы. Шугачоў неаднойчы скардзіўся на гэта і лаяў свайго калегу — аўтара дома. А Поля нават перад ім, Максімам, старым сябрам сям'і, кожны раз адчувала няёмкасць за непарадак у кватэры, прасіла прабачэння.
  Але — дзіўна і невытлумачальна! — эстэт, змагар за добры дызайн нідзе — ні ва ўласнай стыльна абсталяванай кватэры, ні ў каго другога, ні ў багатых гатэльных і санаторных апартаментах — не адчуваў сябе больш утульна, як тут, у Шугачовых. Такое незразумелае адчуванне блытала ўсе ўяўленні, якія складваліся ў выніку пошукаў найлепшых архітэктурных дызайнерскіх рашэнняў, што павінны ўпрыгожыць чалавечае жыццё. Што ж урэшце яго ўпрыгожвае, чорт вазьмі? Мэбля? Карціны? Адмысловы інтэр'ер? Чысціня? Ці вось гэты гармідар?
  Толькі Шугачоў утыркнуў ключ у замок, як за дзвярамі радасна закрычалі:
  — Мама! Бацька прыйшоў!
  — Пазнае па почырку,— задаволена засмяяўся Шугачоў.— Ва ўсіх дарослых ёсць ключы, але мяне Кацька ні з кім не блытае.
  У прыхожай, перад дзвярамі, як на варце, стаяла пяцігадовая Каця.
  Убачыўшы, што бацька не адзін, запляскала ў далонькі.
  — Максім п'ышоў! Максім п'ышоў!
  — Эй, мілая, ты з кім пабраталася? Трэба гаварыць «дзядзя Максім».
  Але Кацька ўжо падлятала да столі і вішчала ад задавальнення на ўвесь дом. Апынуўшыся на падлозе, малая захацела аддзячыць за такую радасць дзядзьку Максіму. Для гэтага трэба сказаць яму нешта прыемнае. Што? І яна ўспомніла падзею тыднёвай даўнасці і паведаміла з радасным бляскам у вачам, упэўненая, што госцю пачуць пра гэта — найвялікшая прыемнасць:
  — А я бачыла цёцю Дашу! Яна ехала ў машыне.
  Максіма што халоднай хваляй абдало. На нейкі міг ён нават разгубіўся. Як прыняць гэтае шчырае і наіўнае дзіцячае паведамленне? Спытаць: на якой машыне? з кім? калі? Але такім роспытам можна ўнізіць сябе перад дарослымі Шугачовымі.
  Дзіўна, выходзіць, ён усё яшчэ раўнуе? Ды не, даўно ўжо ён не раўнаваў. Ды і прычыны не было. Ёсць іншая прычына.
  Гаспадыня, што выйшла з кухні, убачыла гэтую імгненную збянтэжанасць яго, зразумела і тут жа прагнала малую, мабыць, спалохаўшыся, што тая са сваімі добрымі дзіцячымі Намерамі можа сказаць яшчэ што непатрэбнае.
  Звычайна Максім быў удзячны Полі за яе надзвычай жаночую далікатнасць. Але тут зрабілася горка. Уразіла не тое, што Шугачовы ведаюць яго тайну. Нічога дзіўнага, што яны ведаюць. Ды і тайны няма. Ад каго іншага ён мог хавацца, а ад Шугачовых схаваць свае адносіны з жонкай немагчыма ды і непатрэбна. Урэшце, трэба з кімсьці параіцца. А з кім? Вядома, з Віктарам і Поляй.
  Непрыемна зрабілася ад думкі, што Поля як бы шкадуе яго. Падумаў, што, можа, з-за гэтага Віктар і чакаў яго паўтары гадзіны каля палаца. Такое шкадаванне як бы кідала цень на іх дружбу, як бы прыніжала яе. Максім з удзячнасцю адгукаўся на чалавечую дабрату, але з маленства ненавідзеў, калі яго шкадавалі. Хоць па сутнасці не гэта ўзбунтавала і нават трохі спалохала — не ўніжэнне шкадаваннем. Іншае. Думка, што ў такой сітуацыі, калі Поля ўсё ведае, ён, у адказ на іх, Шугачовых, дабрату, нібыта абавязаны расказаць ім пра ўсё. А сёння яму не хацелася гаварыць пра свой боль ні з кім. Мабыць, ён не быў яшчэ гатовы да такой споведзі. На шчасце, Кацька нічога больш не балбатала. Ці мала на якой машыне магла ехаць цётка Даша! Максім, вітаючыся, жартаўліва абняў гаспадыню.
  — Вымяраю, на колькі ты патаўсцела.
  — Няпраўда, я ўжо худзею.
  — Мамка не есць хлеба,— адчыніўшы дзверы, паведаміла Кацька так, быццам мама зрабіла подзвіг, пра які варта абвясціць усяму свету.
  Засмяяліся. Бацька жартаўліва пагразіў:
  — Каця, колькі вучу цябе не выдаваць сямейныя тайны!
  Натуральна, што, нарадзіўшы пяцярык дзяцей, апошнюю ў сорак чатыры гады, Поля распаўнела. Але гэта была прыгожая паўната пажылой жанчыны. Максім заўсёды любаваўся яе рукамі: ніколі яны не ведалі ніякіх манікюраў, толькі працу, даволі нялёгкую, але былі на здзіўленне прыгожыя — белыя, пульхныя, як у дзіцяці, з ямачкамі над пальцамі.
  — Ідзіце ў залу,— сказала Поля.— Зараз падам на стол.
  Функцыянальнае, як кажуць архітэктары, прызначэнне пакояў у кватэры Шугачовых было вельмі ўмоўнае, бо спалі, напрыклад, ва ўсіх трох пакоях, але сям'я цвёрда трымалася назваў, якія бытавалі ва ўсіх іншых шматпакаёвых кватэрах,— «зала», «спальня», «дзіцячая». Спальня адначасова служыла гаспадару за кабінет і загрувашчана была яго праектамі. Толькі ў «дзіцячай» спалі дзеці-дзяўчаты. Але ў іншы час малых туды не пускала старэйшая сястра — студэнтка, там яна сляпіла вочы над чарцяжамі. Шугачовы — дынастыя архітэктараў. Сын Ігар архітэктар. І дачка вучыцца на архітэктара.
  Максім зайздросціў сябру, што той — невядома якім чынам, якімі сродкамі — выхаваў у дзяцей любоў да сваёй прафесіі. Гэта рэдка здараецца. Толькі ў музыкантаў часцей. У пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў — вельмі рэдка.
  — Вера дома?
  — Дома.
  — Вучыць?
  — Вучыць,— Паліна чамусьці ўздыхнула.
  — Тады — на кухню. Не будзем нікому перашкаджаць.
  — Ой, у мяне там такое творыцца,— спалохалася гаспадыня, але рашуча не запратэставала: дзеля спакою дачкі можна і пачырванець за непарадак на кухні, не бяда — Максім свой чалавек. А можа, нават здагадвалася, што госцю падабалася сядзець на кухні. Гэта зусім ужо было незразумела для самога Максіма — любоў да кухні Шугачовых, цеснай, прымітыўна абсталяванай і загрувашчанай нажыткам вялікай сям'і.
  Поля першая ўскочыла на кухню, паспешліва пазрывала з бліскучага меднага дроту Кацьчыны штонікі. На гэтым жа дроце ў кутах віселі вялікія вязанкі буйнай бурштынавай цыбулі, меншыя вязанкі часнаку і пучкі нейкіх траў. На кухні пахла ўсім багаццем зямлі і чалавечага побыту.
  На пліце варылася бульба, кіпела, ажно падскоквала крышка на каструлі, вырывалася апетытная пара.
  Каля дзвярэй на балкон стаяла вялікая бочка, накрытая чыстым настольнікам.
  — Пакуль я збяру на стол, вы папрацуеце. Выкаціце бочку з капустай на балкон, а то перакісне,— сказала гаспадыня.
  — Удалася? — спытаў Максім, ведаючы з вопыту многіх гадоў, што капуста ў Шугачовых заўсёды адменная, нават і замерзлая, бо захоўваць яе можна было толькі на балконе.
  — Не ведаю як каму, а я ем і есці хочацца.
  — Нешта цябе на кіслае зноў пацягнула,— без усмешкі пажартаваў Шугачоў.
  Поля запунсавелася, як дзяўчына.
  — Бессаромнік ты, Віця!
  Максім зарагатаў.
  — А што? Падары, Поля, свету яшчэ аднаго дойліда.
  — Ды не, хопіць ужо. З гэтымі дойлідамі замучылася,— яна зноў уздыхнула.
  Каб адчыніць дзверы на балкон на ўсю шырыню, інакш бочка не пралазіла, прыйшлося адсоўваць шафчык з посудам. Ды і над бочкай, у якой было пудоў восем капусты, пакрахталі. Шугачоў задыхаўся. А ў Максіма тут жа ўзнікла ідэя.
  — Слухай. Калі гэты шафчык уціснуць паміж плітай і сцяной. Лезе? — ён прыкінуў.— Лезе. А халадзільнік пераставіць да дзвярэй. Тады стол можна паставіць вось тут. Будзе прастарней і зручней гаспадыні. Праўда, Поля?
  Шугачоў чамусьці ўзлаваўся на гэтую прапанову.
  — Пайшоў ты к чорту са сваім інтэр'ерам! Абрыдла. Дызайнер няшчасны! — слова «дызайнер» Віктар даўно зрабіў лаянкай.
  Гаспадыня жахнулася ад такога абыходжання з госцем. «Падзякаваў», называецца, за дапамогу, за добрую параду.
  — Віця! Ты ашалеў! Як можна?
  — Ды ну яго! У мяне ідэі яго ў пячонцы сядзяць,— і пайшоў у ванную мыць рукі.
  — Прабачце яму, Максім,— папрасіла збянтэжаная Поля.
  — Не перажывай, калі ласка! Што я, Віцьку не ведаю? Ці ўпершыню чую ад яго такое?
  — Перамыйце мае костачкі! Але не забудзьце высушыць! — ужо весела крыкнуў з ванны Шугачоў і, ляпнуўшы дзвярамі, пайшоў у пакой, да дзяцей, якіх гаспадыня выгнала з кухні, калі выкочвалі бочку.
  — Вы ж ведаеце, які ён кансерватар! Колькі я ваюю, каб замяніць некаторую мэблю. Бяднейшыя людзі гарнітуры пакуплялі. А ён — ніяк. У яго, бачыце, прынцып.— Яна зноў уздыхнула і паскардзілася: — Цяжка мне з імі, Максім. Кожны са сваімі загадкамі. Верачка такая разгаворлівая была. Памагала мне на кухні і ўсе інстытуцкія навіны расказвала. А цяпер... як падмянілі дзяўчыну... Тыдні два ўжо. Замкнулася. Нікому ні слова. Па начах плача. Я ж усё чую. Можа, вы, Максім, пагаварылі б з ёй. Яна давярае вам. Сябру сям'і дзеці часам расказваюць больш, чым бацькам.
  — А што калі я гэта зраблю зараз жа?
  Паліна з удзячнасцю ўсміхнулася.
  На яго стук у дзверы Вера адказала не адразу. Праз нейкую хвіліну сама адчыніла іх і быццам бы здзівілася, хоць, безумоўна, чула яго голас.
  — Вы? Прабачце. А я думала Кацька дражніцца. Яна не дае мне спакою.
  — Добры вечар, Вера-
  — Добры вечар.
  — Можна ўвайсці?
  — Калі ласка.
  Следам за ім ускочыла і Кацька.
  Вера ўзяла сястру за каўнер і даволі недалікатна выставіла за дзверы, павярнула ключ.
  Кацька пратэставала, стукала ў дзверы кулачкамі.
  — Ты судзенка! Не адчыніш — я па-ву твой чаацёж.
  Але пачуліся амаль бясшумныя Поліны крокі і малая тут жа сціхла; маці моўчкі павяла яе на кухню.
  Бэра, відаць, ляжала да яго прыходу, бо паакрывала і падушка на канапе скамечаны. Там жа валялася разгорнутая кніжка. На стале да чарцёжнай дошкі прыколаты кнопкамі чысты ліст ватмана.
  Максім падняў з канапы кніжку. «Дым» Тургенева.
  Вера апусціла вочы, быццам яе захапілі за нечым недазволеным.
  Максім падышоў, паклаў далошо на яе востранькае плячо. Дзяўчына сцялася і яшчэ ніжэй апусціла галаву, глядзела на яго чаравікі.
  — Вера! З твайго маленства мы з табой сябры. Праўда?
  Яна ледзь прыкметна кіўнула.
  — Мне будзе горка, калі з тваім паўналеццем прыйдзе канец нашай дружбе. Гэта не лепшая рыса — замыкацца ад блізкіх, сяброў.
  — Я замыкаюся ад дзяцей.
  — Вера, не хітруй. Паглядзі мне ў вочы.
  Яна падняла галаву, паглядзела на яго, паспрабавала ўсміхнуцца.
  — Божа мой! А што гэта за вочы?!
  — А што? — спалохалася Вера.
  — Чаму ў іх столькі смутку? З якой прычыны? Якая бяда цябе напаткала?
  Шырокая, празрыста-блакітная глыбіня ўміг затуманілася слязамі. Дзяўчына заціснула вочы пальцамі, як бы спалохаўшыся, што вось-вось з іх пырсне фантан.
  — Што здарылася, Вярунька? — шэптам, вельмі шчыра і даверліва спытаў Максім. І дзяўчына ўткнулася тварам яму ў грудзі, прашаптала ў сэрца:
  — Бяда, дзядзя Максім.
  Ён не спытаў, якая бяда. Не спужаць бы гэтае птушаня. Чакаў. Раз пачала — дакажа. Але нялёгка ёй было адважыцца на такое прызнанне, хоць, напэўна, таіцца было яшчэ цяжэй. Трэба перадужаць і страх і сорам.
  Знізу глянула яму ў твар ужо сухімі і гарачымі да ліхаманкавага бляску вачамі.
  — А вы... вы не скажаце нашым?
  — Ты ж ведаеш: я ўмею гаварыць, але ўмею і маўчаць.
  Вера ўзнялася на пальчыкі, магчыма, хацела дацягнуцца да вуха, не дацягнулася, прытуліла вусны да шыі і не прашаптала, не, Максім не пачуў — адчуў скурай шыі, соннай артэрыяй, як праз гарачыя вусны яе выдыхнуліся словы:
  — У мяне... будзе... дзіця...
  Так проста было здагадацца! Якая яшчэ магла здарыцца бяда ў васемнаццацігадовай дзяўчыны? Але — дзіўна — каб у яго, Максіма, былі не хвіліны, а гадзіны і дні на роздум і разгадку Верынай тайны, ён, безумоўна, прыгадаў бы сто чалавечых бед, але пра такую не падумаў бы, як, напэўна, не падумала і маці. Ён ведаў Веру з пялёнак, і яна ўсё яшчэ заставалася ў яго ўяўленні дзіцем, дзяўчынкай.
  Максіма апанавала дзіўнае пачуццё — бадай што страх перад адказнасцю за чужы лёс. Такое ён адчуваў хіба толькі некалі на вайне, калі вёў разведчыкаў у тыл ворага. Адразу адступілі ўласныя беды, здаліся дробнымі і мізэрнымі ў параўнанні з тым, што — разумеў ён — перажывала гэтая юная істота. Можна ўявіць, як ёй набалела, калі яна адважылася на прызнанне яму, мужчыну.
  Вера адступіла на крок і глядзела на яго з надзеяй і страхам. Ён зразумеў, што нават секундная яго збянтэжанасць можа яшчэ больш спалохаць яе і патушыць апошні агеньчык надзеі на добрае ганаровае выйсце з такога становішча.
  — Ён не хоча жаніцца? — шэптам спытаў Максім. Але Веры здалося, што сказаў ён залішне гучна, яна спалохана глянула на дзверы, хоць галасы бацькоў, малых гудзелі недзе на кухні.
  Максім узяў яе за руку, пасадзіў на канапу, сам сеў на крэсла насупраць, тварам у твар, як урач каля хворай. Спытаў:
  — Гэта той каштанавы прыгажун?
  Карнач выкладаў на старэйшых курсах тэорыю архітэктурнай кампазіцыі і колькі разоў сустракаў Веру з высокім прыгожым студэнтам. Тады яшчэ падумаў, што ў Шугачовай нядрэнны густ, хоць, праўда, і сама яна дзяўчына прывабная — у маці, хіба толькі трохі ростам нізкаватая, асабліва калі ішла побач з сябрам сваім.
  Вера кіўнула: той.
  — Ён не хоча жаніцца?
  — Не, ён хоча... Вадзім... Ён добры. Але бацькі... Бацька яго сказаў: жэнішся — забудзь дарогу ў мой дом. А ён любіць іх і не можа...
  — Хто яго бацька?
  — У Мінску. У Дзяржплане, здаецца.
  — Лічы: паўбяды — з плеч. З планавікамі я здорава ўмею гаварыць. Яны ж павінны ўсё планаваць. Вяселлі таксама. Зрабі мяне даверанай асобай — Ія ўсё ўладжу. Давяраеш?
  — Давяраю,— ужо трошкі весялей усміхнулася Вера і, як бы адчуўшы, што ёсць выйсце з яе становішча, ратунак, горача зашаптала, усё яшчэ апасліва пазіраючы на дзверы: — Дзядзя Максім, усё жыццё буду дзякаваць вам...
  — На ўсё жыццё зарок не давай, дзіця маё. Жыццё доўгае і складанае. Я аднаму сябру столькі гадоў дзякаваў, а цяпер праклінаю паслугу яго. Тое, што некалі было дабром, стала злом.
  — Вам зрабілі зло? — спачувальна і ўстрывожана спытала дзяўчына, гатовая, у сваю чаргу, кінуцца на дапамогу.
  Але за дзвярамі загрымеў Шугачоў:
  — Максім? Дзе ты? Бульба стыне!
  Паліна глядзела на яго, як глядзяць ка прафесара, які толькі што пракансультаваў дзіця з незразумелым, а таму для маці страшным, захворваннем. Але «прафесар» упэўнена паставіў дыягназ, ведае, што смяртэльнай небяспекі няма, што хваробу лёгка можна вылечыць, і таму ўсміхнуўся маці весела, бадзёра: маўляў, нічога страшнага. І... Паліна паверыла яму, у яе адлягло ад сэрца, яна супакоена ўздыхнула і яшчэ больш клапатліва пачала завіхацца каля стала, застаўленага па-сялянску простай, але надзвычай апетытнай закуссю — гуркі, капуста, селядцы, грыбкі, смажанае сала з хатняй кілбаскай, бульба, над якой узнімаўся слуп пары.
  — Што вам яшчэ даць, мужчынкі?
  — Вось цяпер я ведаю, ад чаго пухне Шугачоў. Глядзі, можна падумаць, што чалавек кавун праглынуў.
  Поля засмяялася, магчыма, не столькі з барадатага жарту, колькі ад уласнай заспакоенасці.
  Шугачоў, між тым, разліў каньяк, панюхаў са сваёй чаркі.
  — Бажэственны пах! П'юць жа людзі! А я на «каленвал», ды і то хіба на траіх магу разарыцца.
  — Віця! Як не сорамна ныць.
  — Ладна. Не перавыхоўвай ты мяне. Позна. Паехалі. За тое, каб не здарылася таго, чаго баюся.
  — А чаго ты баішся? - устрывожылася Поля.
  — Ты ведаеш, што сёння адмачыў гэты тыпус? — хрумстаючы гурком, прашапялявіў Шугачоў.— Ён адвёў сваю кандыдатуру ў гарком.
  — Ну і што? — паціснула плячамі Поля, для яе гэта здавалася звычайнай з'явай, некалі, калі яна працавала ў школе, то заўсёды адводзіла сябе на ўсіх выбарах, бо на грамадскую працу ў яе не хапала часу.
  — Ну і што? — паўтарыў за ёй Максім, дарэчы, таксама шчыра і сур'ёзна.
  Шугачоў кінуў на стол відэлец і ажно падскочыў на кухоннай табурэтцы.
  — Калі гэтае пытанне задае мая жонка, дык для яе няма розніцы паміж школьным мясцкомам і гаркомам. А калі ты прытвараешся наіўненькім, то гэта мяне абурае.
  — Не разумею, чаму цябе спалохаў мой самаадвод.
  — А-а, сам ведаеш, што спалохаў. Але, спалохаў. Прызнаюся! Так, баюся, бо пасля гэтага можа здарыцца, што на месца галоўнага пасадзяць Вілкіна. Макаед яшчэ не горшы варыянт. Ты ведаеш, да чаго звялі гэтую пасаду ў іншых гарадах!
  — Калі стаць на галаву, то будзе здавацца, што ўвесь свет перавярнуўся дагары нагамі.
  — Не, хлусіш. Гэта ты стаў дагары нагамі. І табе ўдарыла ў галаву.
  — Віця! — спыніла Шугачова жонка, ведаючы, што той, калі разыдзецца, то не вельмі выбірае словы.
  — А я стаю на нагах. О, які я рэаліст! Чорт вазьмі, мне лягчэй жылося б, каб я хоць трошкі быў ідэалістам. Але я рэаліст. І не хлопчык. Мне шосты дзесятак. Я ведаю людзей і ведаю абставіны, у якіх працую. Што, скажаш, што я дрэнны архітэктар?
  — Не скажу.
  — Ды я не менш таленавіты, чым ты!
  — Ну, і хвалько ты, Віця,— лёгкімі бяскрыўднымі ўколамі старалася ўтаймаваць мужа Поля.— Лепш выпіце яшчэ ды закусвайце. Бульба стыне.
  — Налівай. А што я стварыў за чвэрць стагоддзя працы? Вартае ўвагі — у апошнія пяць гадоў, калі ты, пасля пошукаў шчасця ў сталіцы, узначаліў архітэктуру горада.
  — Ты перабольшваеш маю ролю. За цябе. За твой талент.
  — Не іранізуй.
  — Ніколькі. Я шчыра. Будзь здароў.
  — Чорт з табой. Я вып'ю і за мой талент. Але я п'ю за цябе, за тое, што ты дамогся, каб з табой лічыліся, з тваёй думкай. З тваёй і нашай! Каб мы не былі выканаўцамі волі архітэктурных дылетантаў! — Шугачоў перакуліў чарку, укінуў у рот бульбіну, зрабіў вывад: — Да таленту трэба смеласць.
  — Вось гэта праўда: смеласці ў цябе ніколі не хапала,— бадай што з дакорам сказала Поля.
  — Ды не. Дзяцей рабіў ён смела,— Максім паспрабаваў перавесці размову на жарт.
  — Каб ён нарадзіў хоць раз — паглядзела б на яго адвагу,— трохі сумна ўсміхнулася Поля.
  Шугачоў не адгукнуўся на жарт. Залішне многа ўвагі надаваў ён учынку Карнача і залішне сур'ёзна думаў пра магчымыя вынікі.
  — Не, я смелы! Але я смелы ў фантазіі, калі сяджу над чарцёжнай дошкай. Ды смеласць у фантазіі — гэта ў нас, у архітэктуры, далёка не ўсё. Смеласць у практыцы — во сапраўдная смеласць. Ты смелы ў практыцы. У гэтым твая перавага над такімі, як я. Ты маеш прабіўную сілу. У наш час і асабліва ў нашай прафесіі гэта многа значыць — умець прабіць, арганізаваць.
  — Ты надзяляеш мяне якасцямі, за якія крытыкуюць. Пачытай сучасныя раманы.
  — Але, літаратар неглыбокі, паслухаўшы Макаеда, ды нават і мяне сёння, з цябе пісаў бы адмоўнага тыпа. Можна спісаць усе твае якасці, якімі я захапляюся, і ты будзеш адмоўны. Але каб той жа літаратар паглядзеў на цябе маімі вачамі, то ўбачыў бы арганізатара, якіх так не хапае нам...— Перакуліўшы чарку, якую наліла Поля, адзін, без тосту, без звычайнага «паехалі» ці «будзь», Шугачоў загарэўся зноў:— Але чорт з ім, з літаратарам! У мяне, як у кожнага дойліда, ёсць славалюбства і самалюбства — жаданне ўбачыць сваю смелую фантазію здзейсненай у поўнай натуры, прабач, без абразання. Адна Поля ведае, колькі я пакутаваў ад таго, што мае дамы старэюць раней, чым старэю я. Старэюць задоўга да тэхнічнай амартызацыі. І ў гэтым вінаваты не праекты. Дом на Прывакзальнай так не пастарэе. Толькі дзякуючы табе мне ўдалося разы два перанесці з паперы на зямлю, увасабляць у цэгле, бетоне, шкле сваю задуму. Цяпер загарэўся маяк — Зарэчны мікрараён. Ты ўяўляеш, што гэта значыць і для мяне і для людзей — збудаваць яго такім, якім задумалі мы з табой. Вось чаму я не жадаю твайго падзення. Я — эгаіст. Думаю пра сябе.
  — Ды адкуль я магу ўпасці? — узлаваўся ўрэшце Максім.— А ўпаду — невялікая вышыня, не разаб'юся. Падумаеш — галоўны архітэктар! Акрамя ўмення прабіваць, як ты кажаш, што мне абрыдла, я ўмею таксама нешта ствараць, і я хачу тварыць, а не прабіваць! А я нахапаўся розных пасад і званняў, як сабака дзядоў, з раніцы да ночы засядаю.
  — Пакрыўдзіўся? — зноў заспакоена спытаў Шугачоў і, пажаваўшы і пракаўтнуўшы кілбасу, добразычліва заключыў:—Чорт з табой. Крыўдуй.
  — Віця! Па-мойму, ты ап'янеў? — дакарала жонка, адчуваючы няёмкасць перад госцем і жадаючы неяк дыпламатычна перавесці размову на іншае, хоць патроху і пачынала разумець, чаму яе Віктар так усхваляваны. А. Шугачоў усхапіўся зноў:
  — Не, ты растлумач мне: што здарылася? Што гэта? Адрыжка старога піжонства? Дык не тыя ж у цябе гады! Галава закружылася? Ад чаго?
  — Сам думаю: ад чаго?
  — Не прытварайся дурнем. Ты можаш выйсці з многіх камісій, саветаў, камітэтаў, дзе ты часам засядаеш без карысці. Але ёсць такое прадстаўніцтва і такія званні, якія патрэбны нам не для таго, каб задаволіць сваю пыхлівасць ці пакрасавацца на курорце перад бабамі. Не, членства ў такіх камітэтах можа памагчы рабіць справу, якая патрэбна народу. Няўжо табе трэба тлумачыць гэта?
  Не, гэта тлумачыць яму непатрэбна. Шчырасць, з якой выказваўся Шугачоў,— прыкмета найвышэйшага сяброўскага даверу. А ён, Максім, заўсёды высока цаніў вернасць у дружбе. Але слухаў ён Шугачова няроўна — то ўважліва і актыўна, то з праваламі, думаючы пра іншае. І гэта іншае было не яго, а іх — Шугачовых. Ён думаў пра Веру. Яе дзявочая бяда засланіла, адціснула яго ўласную драму, дарэчы, не менш банальную.
  «А можа, сказаць Шугачовым прычыну майго самаадвода?» — разоў колькі падумаў, ды стрымлівала няўпэўненасць, што сам ён, сабе, правільна вызначыў гэтую прычыну.
  Неяк слаба стасавалася адно да аднаго. Можа здарыцца, што староннія, нават Шугачоў, не зразумеюць і пасмяюцца. Зразумець можа хіба толькі Поля — тут ён не сумняваўся. Каб не Віктар, узбуджаны, раззлаваны яго, Максімавым, учынкам і ўласнымі словамі, Полі можна было б усё расказаць. Дарэчы, ёй не трэба была б доўгая споведзь, даволі сказаць: «Дрэнна ў нас, Поля»,— і яна аб усім здагадалася б, паверыла і прыняла б да сэрца са шчырасцю блізкага чалавека. А Віктар можа адказаць на яго прызнанне: «Ідыёт! З-за бабы губіш справу».
  А можа, Поля ведае больш, чым ён? Нездарма яна прагнала малую. «З кім гэта яна прагульвалася ў машыне, паважная цёця Даша?» Выходзіць, я не абыякавы яшчэ. Варушыцца яшчэ нешта. Не, гэта ўжо не рэўнасць. Проста не хочацца перажываць і такую пошласць. Дарэчы, Полі варта было б сказаць і пра Веру, хоць і даў Веры слова. Маці... Такая маці павінна ведаць. Але зноў-такі, каб без Шугачова. А то гэты крыкун, чаго добрага, можа тут жа нарабіць шуму. Тады ў Веры сапраўды будзе трагедыя.
  — Ты не слухаеш мяне!
  — Прабач. Я задумаўся.
  — Пра што?
  — Пра што? — Максім хітра паглядзеў на гаспадыню.— Сказаць яму, Поля?
  Яна прыняла жарт, між іншым, не новы ўжо ў іх.
  — Не трэба. Няхай ваша тайна памучае Шугачова. Ён любіць разгадваць чужыя тайны, бо сваіх у яго ніколі не бывае. Чуць з'явіцца і тут жа вылятае.
  — Трымайце свае тайны за сямю замкамі. Вам жа горш будзе,— раптам астыў Шугачоў і заняўся бульбай і капустай.
  «А сапраўды — горш»,— падумаў Максім.
  
  * * *
  У гэты час у другім доме два чалавекі таксама абмяркоўвалі самаадвод Карнача — Браніслаў Макаед і яго жонка, Ніна Іванаўна. Усё было расказана і абгаворана ў часе абеду. Але і перад тэлевізарам, у зацямнёным пакоі, разваліўшыся ў нізкім мяккім крэсле, Макаед не столькі ўнікаў у сюжэт і дэталі венгерскай сямейнай камедыі, колькі ўсё яшчэ думаў пра Карнача, якому неаднойчы кляўся ў дружбе, але ў душы лічыў непрыяцелем, які так часта станавіўся яму на дарозе.
  Ніна прынесла каву. Паставіла на столік кавярнік і кубкі. Макаед любіў жыць прыгожа і модна, упэўнены, што ад таго, што архітэктара акружае, на чым ён спіць, з чаго і як есць і п'е, залежыць яго мастацкі густ. Яму прыйшлося нямала прыкласці сілы, каб прывучыць да камфорту Ніну, жанчыну энергічную, прыдатную да любога жыцця, але па-сялянску стыхійную, неэканомную — колькі ў яе гінула харчу, раскідлівую — ніводная рэч раней не клалася, не ставілася ёю на месца. Цяпер знаёмыя захапляюцца густам, з якім абстаўлена іх кватэра. Інтэр'ер — яго фантазія, падтрыманне парадку — справа жанчыны. Але ўрэшце і ў гэтым яго заслуга. Каб хто ведаў, колькі ён, Макаед, вытрымаў, пакуль «утаймаваў гэтую дзікую кабылку». Хоць наўрад ці ўтаймаваў. Чорт з ёй зладзіць, з гэтай настырнай бабай, з якой не атрымаўся архітэктар, але ў якой хапіла сілы волі напісаць і абараніць дысертацыю і заняць месца загадчыка кафедры. Мае большую, чым ён, зарплату, а таму трымае сябе незалежна. Дзе ж справядлівасць? Усё атрымала, усяму навучылася ад яго, а цяпер «задзірае хвост», нават спрабуе камандаваць!
  Ніна прымасцілася ў такім жа крэсле з другога боку століка.
  — Яны развяліся?
  — Хто?
  — Героі.
  — Чорт іх ведае.
  — Ты глядзіш ці спіш?
  — Я думаю.
  — Пра Карнача?
  — Я дорага заплаціў бы, каб даведацца, што гэта: выяўленне яго сілы ці яго слабасці?
  — Лічы — сілы. Карнач — сапраўдны мужчына.
  — Ты ведаеш, які ён мужчына?
  — На жаль — не.
  — На жаль! Не будзі ва мне звера, Ніна!
  — Ах, які ты звер! Заяц. Зрэдку п'яны.
  — Ты давядзеш мяне сваімі дурацкімі жартачкамі.
  — Мне так хочацца давесці цябе хоць адзін раз! Але да чаго? Да чаго цябе можна давесці? Вось што я хачу разгадаць.
  — Ты дрэнна ведаеш мяне.
  — За дванаццаць гадоў жыцця? Не смяшы. Прытварайся перад сваімі калегамі, а не перада мной. Умець іграць — зусім не значыць быць яркім характарам.
  — Ты лічыш сябе яркім характарам?
  — Не яркім, але «бабай з характарам», як кажа наш рэктар. Пра цябе хто-небудзь так сказаў?
  — Баба з характарам,— хмыкнуў Макаед.
  — Не хмыкай. Калі пра мяне кажуць «баба» — гэта не дакор, не асуджэнне, а вось калі пра цябе так кажуць, то не думаю, што ў цябе ёсць прычына радавацца,
  — Табе захацелася пасварыцца?
  — Не. З табой і сварыцца нецікава.
  — Не лічы маю дабрату і мяккасць за слабасць. Я люблю цябе. А на што не пойдзеш, калі любіш.
  — Я патрабую ад цябе так мала ахвяр.
  — Ніна, не іранізуй тады, ішлі я сур'ёзны. Налі каньяку.
  — Па-першае, ты ўжо піў. Па-другое, я зварыла каву. Была мая чарга, і я сумленна выканала свой абавязак, адарваўшыся ад фільма. Не забывай, што ў нас раздзяленне працы. Я — не Поля Шугачова.
  Макаед не любіў Шугачова, але лсонку яго ставіў у прыклад, як і многія іншыя. Ніна не любіла Полю. Завошта? Ні разу не вытлумачыла. Але калі аднойчы Браніслаў Адамавіч пачаў даказваць, што Поля — ідэальная жонка, маці, гаспадыня, размова закончылася скандалам: Ніна разбіла дарагую крышталёвую вазу, перакуліла таршэр.
  Яго нават спалохала такая жончына непрыязнасць да чалавека, з якім яна нават не мела блізкіх адносін, так, звычайнае знаёмства, гасцяванне адзін у аднаго на святы. Пасля ён здзіўляўся, што Ніна не адмаўлялася ісці ў госці да Шугачовых і пры сустрэчы цалуецца з Поляй.
  Макаед уздыхнуў на жончыны словы: «Я — не Поля Шугачова». Але нават такі стрыманы ўздых яго раззлаваў Ніну.
  — Сумуеш па такой жонцы?
  Ён змаўчаў, бо адчуваў, што ёй такі хочацца пасварыцца. Падняўся, дастаў з серванта пляшку з каньяком.
  — Налі і мне.
  — А сэрца?
  — Чорт з ім, з сэрцам. Каму яно патрэбна, маё сэрца!
  — Тое, што патрэбна мне, не прынімаецца ў разлік?
  — Ха! Табе патрэбна не сэрца...
  — Ніна! Ты робішся цынічнай.
  — Табе проста шкада каньяку. Ты скупярдзяй, гарпагон. Ты вылізваў разліты каньяк на кухонным стале.
  — Ну, ведаеш! Пры табе немагчыма жартаваць.
  На злосць ён наліў ёй вялікую, вінную, чарку: на, маўляў, пі, каб табе... Сабе наліў «напарстак». Але і гэта павярнулася супраць яго.
  — Цяпер я бачу, як ты шануеш маё сэрца.
  У такой сітуацыі лепш маўчаць. Але — дзіўна, з-за чаго, з якой прычыны яна «завялася»? За іх абедам познім, гадзіну назад, была ўважлівая, ласкавая, вясёлая.
  Браніслаў Адамавіч сеў у крэсла, лізнуў з «ампулы» сваёй каньяк, сербануў кавы. Каб перавесці размову на іншую тэму, ён у сваю чаргу спытаў:
  — Развяліся?
  — Не. Гэты тып падобны на цябе.
  — Ніна!
  — Скажы, завошта ты так не любіш Карнача? Дзе ён табе насаліў?
  — Я? Мы з ім сябры і калегі. Здараецца, спрачаемся...
  — Хлусіш ты. Ты яго ненавідзіш. Табе хочацца заняць яго месца?
  Трываць далей, іграць спакой не хапіла сілы. Ён узарваўся:
  — Хочацца! Як табе хацелася атрымаць кафедру! Колькі чалавек ты з'ела?
  Ніна адказала не адразу, відаць, падумала, як паставіцца да яго агрэсіўнага выпаду. Сказала стрымана і як бы самой сабе:
  — Гэта я запомню.
  Браніслаў Адамавіч пачакаў, што яна можа выкінуць яшчэ, з апаскай пазіраючы на яе. Жонка маўчала — ні слова больш. Ён падняўся і наліў сабе большую чарку. Ён святкаваў перамогу. Часам незнарок здараецца трапнае пападанне. А галоўнае, цяпер ён ведаў яе балючае месца. Настрой адразу ўзняўся. Кінакамедыя, якая напачатку здавалася сумнай, захапіла ўвагу, хоць ён і не сачыў за сюжэтам, пакуль наліваў каньяк і шукаў словы, каб парыраваць жончыны ўдары.
  
  ІІ.
  Максім выйшаў ад Шугачовых позна. Пайшоў пехатой, каб прагуляцца. Распагодзілася. Высыпалі зоркі. Сціх вецер. Бралася на мароз. Асфальт падсох. Абцасы рэдкіх прахожых ляскалі, як стрэлы, асабліва абцасікі жанчын. Удзень яны ніколі так не ляскаюць, толькі ўначы, на сухім асфальце і на мароз.
  Ён думаў пра Веру. Не пра самую Веру — пра тое, як заўтра ж пагутарыць з гэтым каштанавым спартсменам. З Вадзімам размова будзе кароткая і простая — ён жа не супраць. А вось з яго бацькамі... Змадэліраваў колькі варыянтаў размовы з імі — у залежнасці ад месца і ад таго, як яны павядуць сябе. Калі яны пачнуць разважаць, як абывацелі. Выпрацоўваючы свае ўдары і контрудары, ён расхваляваўся, пачаў уголас на бязлюднай вуліцы весці гарачы дыялог траіх... не, чатырох. Вадзім будзе на яго баку і будзе наступаць на бацькоў актыўным чынам.
  «Нічога, Верачка, праб'ём, спі спакойна. Не такіх цвердалобых прабівалі. Знайшліся дамастроеўцы! Старасвецкія памешчыкі. Спадчыны пазбавіце сынка, ці што? Ад любых вашых аргументаў толькі пух паляціць...»
  Заняты Верай, Максім не думаў пра свой «гардзіеў вузел», які наўрад ці ўдасца развязаць, прыйдзецца секчы. Першую падрыхтоўку да гэтага рашучага кроку ён зрабіў сёння. Менш будзе папрокаў, і ніжэйшая партыйная інстанцыя зоймецца яго персанальнай справай, калі яе паспрабуюць стварыць.
  З другога боку вуліцы ён убачыў ярка асветленыя вокны сваёй кватэры. Падумаў непрыязна, злуючыся: «Зрабіла ілюмінацыю сярод ночы». І тут убачыў Дашу. Постаць яе вырысоўвалася ў акне спальні. Яна стаяла перад люстрам, падняўшы рукі, каб паправіць бігудзі.
  Максім вылаяўся:
  «Выставілася, як манекеншчыца. Дня з яе мала».
  Незадавальненне расло. Толькі што ў думках змагаўся з мяшчанствам, пакуль што з уяўнымі носьбітамі яго. А сам павінен пайсці ў падобнае абывацельскае балота, знешне прыгожае, але ад гэтага яшчэ больш небяспечнае. Адчуваў, што, «заведзены» сённяшнімі падзеямі, узбуджаны каньяком, зноў не стрымаецца, нешта скажа, і зноў будзе сварка. А навошта гэта цяпер пасля амаль гадавой адчужанасці, узаемнай ветлівасці, накшталт ветлівасці субкватарантаў, якім абставінамі наканавана цярпець адзін аднаго? -Здалося і ісці ва ўласную кватэру ўсё адно што вось у такую асеннюю ноч лезці ў дрыгву, дзе, акрамя макраты і холаду, можна напаткаць большую небяспеку. Хоць якая небяспека пагражае яму? Ён ужо гатовы да ўсяго. А вось ёй... Ён можа выказаць ёй сваё рашэнне. Цікава паглядзець, што адаб'ецца на яе размалёванай фізіяноміі.
  Не, не сёння. І не дзеля помсты, не з жадання пацешыцца з яе разгубленасці, гора ці гневу гэта трэба рабіць. Трэба спакойна, разважліва, інтэлігентна.
  Паправіўшы бігудзі, Даша пачала мазацца крэмам, старанна масіруючы твар з такім выглядам, быццам рабіла справу, ад якой залежыць лёс чалавецтва. Хтохто, а ён, Карнач, умеў распазнаваць і прымаць усё новае — у архітэктуры, мастацтве, у адзенні. Не баяўся слова «мода». Здаралася, памыляўся, але ніколі не быў ханжой. Любіў жанчын прыгожа адзетых, падмаляваных, з добрай прычоскай. Калі гэта рабілася з густам. Але Дашына ўвага да свайго выгляду перайшла ўсе межы. Яе вось такое расціранне, маляванне даўно пачало абураць, хоць напачатку сумеснага жыцця сам цягнуў былую вясковую дзяўчыну да моды. Што ж здарылася?
  Прайшоў нейкі тып, хмыкнуў:
  — Выглядаеш голых баб?
  Максім сарваўся з месца, пайшоў па вуліцы далей. Калі мінуў свой дом, адчуў, што вярнуцца не можа. Не гложа падняцца ва ўласную кватэру, якую некалі так любіў, у якую знаёмыя прыходзілі, як у музей. А цяпер усё абрыдла. Да горычы. Да сардэчнага болю. Калі ў хаце нялюбы чалавек — усё робіцца нялюбым, нават тое, што зроблена тваімі рукамі і розумам.
  Выйшаў на плошчу. Горад засынае, а на супынцы таксі чарга большая, чым удзень. Моладзь, адгуляўшы ў клубах і кафэ, не расходзіцца — раз'язджаецца. Як маладыя купчыкі. Толькі тыя ездзілі на рамізніку, гэтыя — на таксі. Прагрэс. Аднак адкуль у гэтых юнакоў грошы? Архітэктар Шугачоў па справе ці на свята не можа дазволіць сабе такую раскошу — праехаць на таксі. Ці, можа, каторы галадае тыдзень, абы пашыкаваць пасля перад дзяўчынай?
  Стаяць прыйшлося доўга. Парожнія машыны праходзілі міма, мабыць, шафёры ведалі, што пасажыры тут не самыя: выгодныя — на вакзале больш грашавыя.
  Нарэшце Максім дачакаўся сваёй чаргі. Сказаў адрас:
  — Воўчы Лог.
  Шафёр паглядзеў на яго, як на п'янага ці як на падазронага тыпа.
  — Вёска Воўчы Лог. Зa Рудняй. Па шасэ на...
  — Ведаю. Але я туды не паеду.
  — Баіцеся? — знарок уедліва спытаў Карнач, каб закрануць шафёрскае самалюбства.
  — Не баюся, таварыш архітэктар,— даў зразумець, што ведае, каго павязе.— Але хто мне аплоціць прабег адтуль?
  — Я аплачу. Добра заплачу. Не пашкадуеце.
  Шафёр засмяяўся. Машына сарвалася з месца.
  — А вы дарэмна кінулі са смяшком: «Баіцеся?» А я вам скажу, што і смеліцца няма чаго. Чулі, у Мінску таксіста забілі? А ў мяне ўлетку была гісторыя,— шафёр доўга, з адступленнямі і прафесійнымі падрабязнасцямі пачаў расказваць, як ён павёз траіх на рыбалку, як яго ў лесе звязалі, прывязалі да дрэва і машыну ўкралі. Максім чуў гэтую гісторыю — дакладваў начальнік міліцыі выканкому. Не сумняваўся, што адбылося ўсё гэта з іншым шафёрам. Дзеля яркасці, каб зрабіць уражанне на пасажыра, малады балбатун прыпісвае чужую «славу» сабе. Ці, можа, хоча набіць цану: во, маўляў, пасля якога перапалоху я не баюся везці вас сярод ночы ў Воўчы Лог.
  Максім лавіў шафёравы словы краем вуха, а сам думаў пра сваё.
  Калі ўсё пачалося? З чаго?
  Было ж каханне. І было шчасце. Як ён закахаўся некалі ў сарамлівую беленькую дзяўчынку — студэнтку універсітэта. Пазнаёміў Ігнатовіч — сястра яго жонкі. Ігнатовіч яшчэ вучыўся ка апошнім курсе механічнага, але ўжо два гады быў жанаты. Ён, Карнач, лічыў сябе старым перакананым халасцяком, яму ішоў дваццаць сёмы год. Удзельнік вайны, афіцэр, ён толькі скончыў архітэктурны факультэт. Амаль увесь іх выпуск пакінулі ў сталіцы — будаваць новы Мінск. Тады ўжо быў зацверджаны першы генеральны план. Рамантычны, гарачы, поўны энергіі і сілы, ён, Карнач, з раніцы да вечара, а часта і ўначы, гадзін да трох (тады гэта было ў модзе) праседжваў у майстэрні. Зрэдку заглядваў да дзяўчат. Але пра жаніцьбу не думаў.
  І раптам — яна, Даша, Дашачка, сонца, песня, радасць. На нейкі час ён нават забыўся на свой першы самастойны праект. З нецярпеннем чакаў канца дня (калегі бачылі яго штохвіліннае паглядванне на гадзіннік і кпілі), каб хутчэй сустрэцца з ёй. Вадзіў яе па горадзе, радзей па забудаванай ужо і асветленай частцы праспекта, часцей — па бакавых вуліцах, дзе так многа яшчэ заставалася слядоў вайны — руін, і расказваў пра будучы горад, у якім ім жыць ды жыць. Сапраўды гэта была песня, чорт вазьмі,— сустрэчы тыя і яго расказ. Такога горада, як ён уяўляў, не збудавалі, хоць зрабілі, можна сказаць, подзвіг. Самае дзіўнае, што той горад, пра які ён тады, два дзесяцігоддзі назад, расказваў ёй, жыве і цяпер у яго ўяўленні, не пастарэў ад змены стыляў, кірункаў, мод, матэрыялаў. Каб яму далі магчымасць будаваць зусім новы горад, на новым месцы, як Светлагорск ці Наваполацк, ён будаваў бы той горад — яе горад, які ён тады падарыў ёй. Але, ён падарыў ёй горад. Не адзін. Уяўны і рэальны — вось гэты.
  Мільгалі новыя дамы мікрараёна, з-за якога ён папсаваў нямала крыві.
  «Ці дарыў Шугачоў Полі гарады?»
  З чаго ж пачалося?
  Першыя пяць гадоў іх жыцця сапраўды былі шчаслівыя. Класікі пісалі пра дваранскае шчасце. Адзін Чарнышэўскі хіба спрабаваў марыць пра такую гармонію асабістага, сямейнага і грамадскага. Але Чарнышэўскі марыў, а ён, Карнач, жыў, меў гэтае шчасце, каханне, працу, якую любіў і ў якой здзяйсняў высокія і гуманныя ідэалы, бачыў, кажучы мовай паэтаў, сонечныя перспектывы, бо верыў у сваё прызванне і свае магчымасці. І Даша верыла. Яна не вельмі захаплялася сваім настаўніцтвам, яна жыла яго архітэктурай. Ён пакарыў яе, заразіў сваёй любоўю да прафесіі. Вельмі хутка Даша навучылася разважаць пра дойлідства так, што нават старыя архітэктурныя зубры не адразу разгадвалі звычайную дылетантку; маскоўскі акадэмік увесь доўгі вечар, знаходзячыся ў іх у гасцях, лічыў яе за калегу, дарыў кампліменты. Вельмі можа быць, на нейкай стадыі яна сама паверыла, што зрабілася знаўцам архітэктуры і мастацтва. Відаць, тут была яго асноўная памылка. Трэба было вучыць жонку любіць яе ўласную прафесію, любіць дзяцей. Трэба было запярэчыць супраць яе пераходу са школы ў майстэрні мастацкага фонду. Але калі гэта здарылася?
  У канцы другога пяцігоддзя — пяцігоддзя нармальнага ўсталяванага жыцця, калі скончылася песня і пачалася разважлівая, трохі сумнаватая проза. Даша ўвесь час аддавала выхаванню дачкі. Дарэчы, першая сутычка, якая запомнілася, адбылася з-за імя дачкі. Ён хацеў назваць малую Таццянай — даць імя сваёй маці. Даша рашуча запярэчыла: толькі Віялета. Урэшце, гэта глупства. Віялета дык Віялета. Ён доўга не спрачаўся, згадзіўся адразу. Аднак уразіла нядобрая злосць да імя, якое ён прапанаваў, здалося тады, што гэта не да імя — да чалавека, да яго маці. Але і гэта ён дараваў: неўзабаве пасля нялёгкіх родаў у жанчыны могуць з'явіцца самыя нечаканыя асацыяцыі, фантазіі і проста беспрычынная капрызнасць. З-за імя яна ўзлавалася яшчэ аднойчы, у хуткім часе, калі дзяўчынку запісалі ў загсе, імя яе ўзаконілі. Даша пачула, што ён, бацька, называе дачку не Віляй, як яна, маці, а Ветай, і гэта ёй чамусьці моцна не спадабалася. Але тут, упершыню,— дзіўна, што гэта было ў росквіце іх шчасця,— ён заўпарціўся і працягваў называць дачку па-свойму. Так яна і расла: Віля — для маці, Вета — для бацькі. Малая, у двары і дзіцячым садзе — Віля, у сярэдніх класах школы — Вета, сама так пажадала. Выходзіць, ён перамог. Але з гэтым звыкніся і нават у жарт ніколі не гаварылі, хто тут перамог, а хто пацярпеў паражэнне. Не, з Веты не магло пачацца, Вета — іх шчасце. Праўда, спрачаліся з-за яе яны нярэдка. Спачатку спрачаліся, пасля — сварыліся. Малая не хацела вучыцца музыцы. Маці ўпарта і настойліва ўбівала ў яе музыкальныя здольнасці, ажно сама навучылася чытаць ноты і, як аматар, някепска іграла. Да архітэктуры і мастацтва дадаліся пэўныя веды па музыцы, што дало ёй пропуск і ў музычны свет. Максіму напачатку да слёз шкада рабілася, як пакутавала за піяніна маленькая хваравітая Ветка. Здавалася, Даша па-мацярынску жорстка эксплуатуе дачку. Размовы іх на гэтую тэму часам нагадвалі сварку. Але ўрэшце гэта было звычайнае жыццё сям'і — у другім пяцігоддзі. Даша такі даказала, што ў Веты ёсць здольнасці. Ва ўсялякім разе, лічыць, што тут яна дамаглася поўнай перамогі: Віялета паступіла ў кансерваторыю. Даша ганарыцца вынікамі свайго выхавання. Хваліцца. Аднойчы ён меў неасцярожнасць сказаць, што паступленне нічога не даказвае, што ён па-ранейшаму не вельмі ўпэўнены, што Веціна прызванне — музыка. О, што тварылася! Якія эпітэты ён атрымаў. Валасы чырванелі — за яе, жанчыну, якая лічыць сябе адукаванай і інтэлігентнай. Але гэта адбылося два гады назад, калі было ўжо нямала трэшчын.
  Не, усё-такі пачалося не з-за Веты. З-за чаго ж?
  Бадай, з-за таго дзіцяці, якое не з'явілася на свет.
  Ён доўга прасіў яе нарадзіць другое дзіця. Звычайна такая размова адбывалася ў найлепшым настроі, і Даша смяялася, цалавала яго і адмаўлялася: «Чаму табе хочацца хутчэй закабаліць мяне? Я хачу пажыць трошачкі вось так. Калі ж і пажыць, як не цяпер, калі Біля падрасла, мы абсталяваліся, разбагацелі?»— і рабіла ўсё магчымае, каб не зацяжарыць. Аб цяжарнасці, нечаканай для яе, паведаміла яму з гневам, з абвінавачваннем: «Ты знарок. Але ведай: яго не будзе»,— і рашуча абвясціла аб сваім намеры. Максім жахнуўся. Яму ледзь не стала млосна ад уяўлення такой аперацыі. Незадоўга перад тым яны глядзелі ў кінатэатры «Ціхі Дон». У душнай зале ён адчуў сябе блага, калі Наталля пасля аборту, у паўпрытомным стане вяртаецца ў мелехаўскі курэнь. Баючыся, што можа самлець, ён падняўся і ціхенька выйшаў у фае. Устрывожаная Даша выйшла следам. «Што з табой?» — «Схапіла жывот»,— пасаромеўся сказаць сапраўдную прычыну. Яна засмяялася: «Гэта ад тваіх учарашніх шашлыкоў, якія ты палюбіў. Сапсаваў прагляд. Прыйдзецца яшчэ раз ісці».
  Аборт ён лічыў і лічыць дзеяннем амаральным, ганебным, на мяжы злачынства — забойства дзіцяці, і ніколі не мог згадзіцца з дзяржаўным актам, які дазваляў аборты. Прасіў, маліў Дашу захаваць дзіця. «А раптам гэта будзе сын? Наш сын! Мы возьмем няньку. Хочаш, я прывязу сваю маці». Не, яна нічога не хацела. Слухаць не хацела. Без яго згоды, не папярэдзіўшы нават, пайшла ў бальніцу.
  Гэты ўчынак перавярнуў яму ўсю душу. Ён хадзіў у бальніцу, насіў перадачы, радаваўся, калі яна выглядвала з акна, пабляднелая, вінавата ўсміхалася.
  Калі забіраў яе, Даша па дарозе да машыны, з удзячнасцю сціснуўшы яму руку, прашаптала: «Даруй мне»,— і стала добрая-добрая і ціхая, пакорная, якой была хіба ў першы год пасля замужжа. Але дабрата яе мела зусім іншую якасць, чым раней. Яна не збліжала, яка аддаляла, адчужала. Ва ўсякім разе, ён, Максім, адчуў гэтую адчужанасць у першы ж міг, калі ў фае бальніцы чамусьці сарамліва і нязграбна пацалаваў яе ў белую напудраную шчаку. Гэта быў зусім інакшы пацалунак, чым той, калі восем гадоў назад ён тут жа, толькі з другога пад'езда — чысцейшага, больш урачыстага, сустрэў яе з дачкой — маленькім пакуначкам, перавязаным ружовай стужкай, які працягвала яму сястра. У тым пацалунку была цеплыня яго кахання, пяшчоты, удзячнасці. У гэтым — адна хіба ветлівасць.
  Магчыма, што Даша хутка адчула гэтую яго прыстойную, ціхую адчужанасць і адказала на яе нечаканым і дзіўным чынам: падвоенай, патроенай увагай да сваёй знешнасці, убрання і такім жа непамерным, бадай абразлівым, патрабаваннем ад яго ўвагі да сябе.
  Раней усё куплялася само сабой, без асаблівых рахункаў. Часцей за ўсё ён сам купляў, асабліва калі ездзіў у Маскву, Вільнюс, у замежныя камандзіроўкі. Было прыемна прывезці падарункі ёй, Веце. Ведаў жаночую псіхалогію і не асуджаў яе. Іх радасць — яго радасць. Ён не саромеўся выбіраць камбінацыі, ліфчыкі, раіўся з прадаўшчыцамі, і яны, зацюканыя пакупнікамі, таму злосныя, дабрэлі ад яго ўвагі да жаночых патрэб і давалі найлепшыя парады.
  Неўзабаве пасля Даша пачала вымагаць у яго грошы на абноўкі, трацячы, між іншым, увесь свой заробак. І тады яму расхацелася прывозіць ёй з камандзіровак падарункі. Ён відавочна паскупеў. Адно чаплялася за другое. Узнікала нейкая ланцуговая рэакцыя адчужанасці.
  Пачала раздражняць яе касметыка. Колькі часу траціцца на глупства! Наляпіўшы на твар ідыёцкую маску з сумесі смятаны, яек, крэмаў і чорт ведае чаго яшчэ, яна можа гадзіну-дзве сядзець перад люстрам. Але ён таксама вінаваты: у яго не хапала ранейшага такту, далікатнасці, мяккасці. Ён пачаў размаўляць з ёй іншай мовай — груба.
  «Табе не брыдка глядзець на такую сваю морду?»
  «А табе брыдка?»
  «Больш таго».
  Сварка.
  «Слухай. Для каго ты мажашся так? Калі для мяне, дык пажу табе з усёй сур'ёзнасцю: мне гэта не патрэбна! Ты мне патрэбна натуральная, а не выпатрашаная і размаляваная».
  Магчыма, ён ударыў па тым, што балела. Не трэба было гаварыць такога бязлітаснага слова! Упершыню яна рыдала да істэрыкі. І ён шчыра прасіў дараваць яму. Даравала. Узаемнае прыцягненне і тая кароткая радасць, якую давала блізкасць,— адзінае, бадай, на чым трымалася іх шлюбнае жыццё. Тады яны яшчэ маглі запылаць страсцю праз гадзіну пасля сваркі. Жылі нейкія неадкрытыя і нявытлумачаныя навукай душэўныя токі, біятокі, імпульсы, якія звязвалі іх. Пасля, відаць, і яны парваліся...
  ...Шафёр перашкаджаў думаць — увесь час гаварыў. Добра яшчэ, што ён не вымушаў на размову з ім: задаваў пытанні — і сам на іх адказваў,— відаць, быў з той катэгорыі людзей, якія слухаюць саміх сябе з большым задавальненнем, чым каго іншага.
  — Калі мы перастанем будаваць пануры? Хіба гэта кватэра? Я не кажу ўжо, што труну нельга вынесці...
  — Зараз габарыты павялічаны.
  — Але, з труной ужо можна развярнуцца. Але ж будуем для жывых... А мне дай прастор. Я прастор люблю. Каб запрасіў гасцей і патанцаваў у сваім доме...
  — Танцавальная зала для кожнага — дарагая раскоша. Колькі вашых сяброў жывуць без кватэры?
  — Ды я сам жыву без кватэры. Чатыры душы на васемнаццаці метрах. Таму кажу. Стаю на чарзе на расшырэнне, А што мне дадуць? Два пакоі, дваццаць шэсць метраў? Не, калі я столькі чакаў, то дайце мне пажыць прасторна. Я прастор люблю.
  Гэта — пакуль праязджалі мікрараён.
  У полі:
  — Што людзей гоніць бясконца ездзіць? Другі ляціць сярод ночы... немаведама куды, чаго...
  — Гэта вы пра мяне?
  — Ды не. Вы да сябе на дачу. Я ж разумею... Заўтра выходны. Чаму не пагуляць па саснячку? Кажуць, яшчэ зялёнкі ёсць.
  ...Але далей пачало рвацца самае галоўнае. Чаму? Хто вінаваты? Былі б прычыны, як у іншых. Здрада, напрыклад. У сям'і толькі здраду нельга дараваць. Але ён ніколі не падумаў нават, што Даша можа здрадзіць. У яе, праўда, і раней, у бясхмарныя дні, вырывалася часам беспадстаўная рэўнасць. Але яна не абурала яго, наадварот, можа, цешыла, забаўляла! Урэшце, гэта адна з праяў яе кахання. Жонка, якая не раўнуе,— сумная жонка, абыякавая. Але здараецца, што гэтая праява кахання пачынае вырастаць у нешта хваравітае, брыдкае, абразлівае, што пачынае раз'ядаць лепшыя пачуцці, як карозія метал.
  Так здарылася ў іх.
  Пры яўнай душэўнай адчужанасці Даша штодня знаходзіла прычыну, каб зрабіць сцэну рэўнасці. З любой нагоды. Затрымаўся на працы. Выйшаў з аўтобуса разам з жанчынай і гаварыў з ёй, хоць гэта магла быць зусім незнаёмая жанчына. Званіў па тэлефоне — яна падыходзіла і бесцырымонна слухала так, каб пачуць голас з трубкі. Крый божа, калі жаночы голас быў такі слабы, што Даша не чула яго, стоячы побач з ім.
  «Чаму яна шаптала? Навошта так прыціскаў трубку да вуха?»
  Не, рэўнасць была больш позняй стадыяй гэтай нябачнай і небяспечнай карозіі. Рэўнасць бадай што тое апошняе, што парвала ніці іх блізкасці. Больш ранняй стадыяй — адразу пасля непамернага захаплення касметыкай — было патрабаванне незвычайнай увагі да сябе.
  Аднойчы ў гардэробе опернага тэатра ён загаварыўся са знаёмым і забыўся памагчы ёй апрануць футра.
  У незашпіленым футры, з пуховай хусткай у руках яна бегла па лесвіцы, расштурхоўваючы людзей. Ён не адразу сцяміў, што здарылася, і дагнаў яе ўжо ў скверы на бязлюднай, слаба пратоптанай па снезе сцежцы. Паспрабаваў пажартаваць:
  «Дашок, ідзеш не ў той бок».
  «Пайшоў прэч! Ты хам! Хам! Хам!»
  О, колькі злосці і пагарды было ў гэтым слове!
  Ён набраў у чаравікі снегу і, аднак, мусіў гадзіны дзве хадзіць па скверы, каб улагодзіць яе. Яму не хацелася сварыцца, больш таго, здавалася нізкім і абразлівым сварыцца з-за такой драбязы. Скажы, калі ласка, трагедыя — не памог апрануцца! Але ў тую ноч яго ўразіла іншае. Даша выказала яму ўсе крыўды, якія нібыта ён учыніў ёй за дзесяць гадоў жыцця. Крыўд было сотня. Ён не помніў і дзесятай долі іх, а калі і помніў штосьці, то не надаваў такога значэння — чаго не бывае ў сямейным жыцці! Яна помніла ўсё да драбніц, вартых смеху. Яна нібыта занатоўвала свае крыўды, вяла бухгалтарскі падлік іх.
  Слухаючы доўгі сказ пра тое, які ён эгаіст, зладзей, хамула, Максім упершыню падумаў тады, што жанчына гэтая ніколі не кахала яго так жа самаахвярна і аддана, як кахаў ён, яна прытваралася, таму і запомніла ўсю жыццёвую лухту, пену, смецце, таму і бухгалтэрыяй таго, што рабілася ці гаварылася імі, займалася.
  І цяпер яна іграе. Хоць з якой мэтай? Ігру першых гадоў можна зразумець — каб няблага ўладкаваць сябе ў жыцці. Дасягнула. А што яна хоча дасягнуць ігрой у рэўнасць цяпер? Ігрой у панства? Што ёй можа даць мяшчанскае размалёўванне сваёй не такой ужо маладой фізіяноміі? Яна ж добра ведае, што ён ненавідзіць гэта. Ды і сама ў шмат чым іншым мае нядрэнны густ. Адзіная яго заслуга — што навучыў яе добраму густу, адчуванню сапраўды прыгожага. Але куды, на што павернуты яе густ? Каму ад яго карысць? Наадварот. Ад залішняй яе самаўпэўненасці, ад перабольшання сваёй ролі, значэння ў грамадстве, у сям'і — і бяда ўся. Не хапае розуму разумна выкарыстаць усё, што набыта. Душэўнай культуры не хапае.
  Даша стварала праблемы там, дзе ніводная жонка, не толькі такая, як Поля Шугачова, але самая звычайная, маладзейшая, дурнейшая, з любымі іншымі «мухамі», не станавілася б на дыбкі. Так было з яго назначэннем сюды, на пасаду галоўнага архітэктара.
  Запрасіў яго Ігнатовіч, выбраны тут старшынёй выканкома гарсавета. У архітэктурных колах пасада галоўнага архітэктара горада і дагэтуль ацэньваецца невысока, бо займаюць яе часцей за ўсё нятворчыя людзі. Ён вырашыў даказаць, што справа не ў пасадзе, а ў тым, хто яе займае. Акрамя таго, ён чамусьці любіў гэты горад і бачыў у ім большыя, чым дзе, магчымасці для цікавых архітэктурных рашэнняў і цэнтра, і новых раёнаў. І верыў у Ігнатовіча: з такім кіраўніком можна нешта зрабіць. А яка, Даша, раптам уперлася: не паеду з Мінска Не памагалі і просьбы яе сястры — жонкі Ігнаговіча. Гэта ўжо было зусім па-мяшчанску — такая боязь выехаць са сталіцы. Канфлікт, як у п'есах і раманах таго часу. Ён абурыўся і ўпершыню не ўступіў: паехаў сам. Што рабілася? Як жа кляла яго ў сваіх пісьмах. Пагражала разводам. Ён перастаў адказваць на гэтыя пісьмы. Не вытрымала — прыехала. Але вельмі падобна, што неўзабаве стала помсціць за гэтае сваё паражэнне. А ён таксама заўпарціўся і ўсё радзей і радзей ішоў на прымірэнне першы, ці, ва ўсякім разе, не цераз гадзіну пасля сваркі. Яна ж давяла такую тактыку да абсурду: ах, ты маўчыш дзень — я буду маўчаць тыдзень. І маўчала. Спачатку па тыдню, а пасля і па два і па тры. У яго не ўкладвалася ў галаве: як можна, жывучы ў адной кватэры, столькі часу не размаўляць з блізкім чалавекам. Сіла волі, чорт вазьмі? Але ка што накіравана яе сіла волі? Для яго, гарачага, але адыходлівага, такое яе маўчанне было пакутай. Чытаючы кніжку, ламаючы галаву над новай кампазіцыяй, яму хацелася ў паўзе расказаць свае думкі, задумы, сумненні. Ён так і рабіў напачатку. Але Даша дзьмула нафарбаваныя губы і выходзіла ў другі пакой ці на кухню.
  Асабліва яго абурыў адзін выпадак. З нейкай нагоды Ігнатовічы сабралі гасцей. Быў Сасноўскі. А ў іх якраз — доўгае «маўчанне». Максім лічыў, што Даша не пойдзе. Але, на яго здзіўленне, яна адразу згадзілася, як толькі пазваніла сястра. У такую кампанію яна не магла не пайсці! І ў гасцях праяўляла такую ўвагу, такі клопат да мужа, што, напэўна, не адзін мужчына пазайдросціў: пашанцавала архітэктару! Па прыгажосці, па ўбранню — мае не, чортава лялька, густ! — Даша, безумоўна, зацьміла ўсіх жонак. Максім сам мімаволі залюбаваўся ёй і радаваўся, што нечаканы выпадак прымірыў іх. Ён танцаваў з ёй, знарок — няхай зайздросцяць! — цалаваў руку. За сталом яны так уважліва даглядалі адзін за адным, што, відаць, пасля многія жонкі загадалі сваім мужам павучыцца ў галоўнага архітэктара, а мужчыны ў сваю чаргу, паказалі сваім на Дашу: во, ідэал жонкі!
  Якое ж было здзіўленне яго, расчараванне і абурэнне, калі за дзвярамі кватэры Ігнатовічаў Даша зноў змоўкла — ні слова на яго запытанні. Вытрымлівала тэрмін! Такога ханлсаства, такой д'ябальскай гульні стрываць ён не мог і дома так разышоўся, што яна не толькі загаварыла, але загаласіла па-бабску.
  Пасля гэтага яна не рабіла ўжо такіх доўгіх маўчанняў. А ў яго адносінах да яе з'явілася другая стадыя адчужанасці, больш небяспечная.
  Мабыць, яна хутка адчула гэта, таму і перастала наладжваць сеансы доўгага маўчання. Зрабілася ветлівай, хоць у ветлівасць гэтую, як перац у страву, падкладвала часам іронію. Тады і ён пачаў ставіцца да яе з іроніяй — лёгка і несур'ёзна.
  Пачуўшы, што адна з яе сябровак па салоне (тут, у гэтым горадзе, яна працавала ў мастацкім салоне) называе яе Долі, ён пачаў клікаць яе Дуля. Яна спачатку не зразумела, адкуль такая мянушка. Ён растлумачыў:
  «Ты ж так прадставілася калегам па салону. Форма адпавядае зместу».
  Яна не абурылася — зняважліва паціснула плячамі.
  «Чаго яшчэ можна чакаць ад хама і цыніка! Твой цынізм пачынае вылазіць у тваіх праектах. Ты здзекуешся над людзьмі. Думаеш, адзін ты разумны».
  Раней яна захаплялася яго наватарствам. Цяпер яго пошукі новага, такога, што не паўтарала даўно збудаванае іншымі, яна лічыла «здзекам над людзьмі». Жанчына траціла ўсякую аб'ектыўнасць.
  Аднак і ў гэтае апошняе, чацвёртае, пяцігоддзе іх жыцця, здавалася, безнадзейна азмрочанае, былі прасветы: раптам яна цягнулася да яго, поўная ранейшага агню. Ён у такіх выпадках не адштурхоўваў яе, кожны раз спадзеючыся, што нешта можна змяніцца.
  Але канчалася гэта прыкладна так:
  «Ты можаш заўсёды быць такім?» — пыталася яна з дзявочай неразважлівасцю.
  «А ты?»
  Слова за словам — і пачынаўся пералік крыўд, і ўсё ляцела да д'ябла. А на душы заставалася такое, быццам табе далі цукерку, начыненую гніллю. Спачатку салодка, а потым брыдка, ажно ванітуе.
  ...Уначы, у фантастычным святле фар, самыя знаёмыя мясціны і прадметы не пазнаеш. Праязджаў тут сотні разоў і ўсё адно прапусціў паварот на Воўчы Лог. Агледзеўся, калі выехалі да моста. Прыйшлося разварочвацца.
  Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся «сесці» і тры доўгія кіламетры «стагнаў»:
  — Тут сярод ночы сядзеш — пакукуеш. Каб ведаў — не паехаў бы.
  Набіваў цану.
  Максім заплаціў яму сапраўды не шкадуючы. Хлопец адразу палагоднеў. Узіраючыся за белыя бярозы ў абрысы цёмнай будыніны, спытаў:
  — Адзін будзеце начаваць? Не баіцеся?
  — А чаго баяцца?
  — З добрай кабетай было б весялей,
  — Але, каб з добрай, Ды дзе яны ёсць, добрыя? Шафёр зарагатаў:
  — Гэта праўда. Шчасліва вам!
  
  ІІІ.
  Арганізоўваўся ў аддзелах гарсавета садова-агародні кааператыў. Людзі пацягнуліся да зямлі. Пачалася садовая ліхаманка, «садовы Кландайк».
  Максім спачатку глядзеў на гэта скептычна, тым больш што і Даша хмыкнула: «Не думай, што я буду рабіць у тваім гародзе. Капусты табе не хапае?»
  Але ўгаварыла практычная Поля Шугачова.
  «Бярыце, Максім, участак. Не пашкадуеце».
  Поля шчыра прагнула дабрацца да зямлі, праца ў гародзе была для яе радасцю.
  За ўчасткі змагаліся. За лепшыя — тыя, дзе мог расці сад, кусціцца клубніка. Арганізатары — ініцыятары, калі дзялілі, нават пайшлі на махлярства, пра якое пасля многа пляткарылі ў калідорах: нумаркі на выгоднейшыя ўчасткі засталіся ў камісіі ў кішэнях — для сябе і сваіх блізкіх.
  Максім не цягнуў жэрабя. Ён папрасіў участак крайні ад лесу — круты касагор, зарослы бярэзнікам. Ніхто з членаў кааператыву не запярэчыў, бо там не толькі яблыні пасадзіць нельга, але градку пад цыбулю немагчыма вымеркаваць. Поля Шугачова нават засмуцілася, нібы такі непрыгодны ні на што ўчастак дастаўся ёй. Асуджала Максімаву непрактычнасць.
  Па прыкладу многіх іншых кааператываў мала хто прытрымліваўся палажэння аб памерах і формах збудаванняў на садовых участках, мала хто ставіў легкатыпны летні буданчык, усе ўзводзілі хоць невялікія, але грунтоўна збудаваныя дачы. Стараліся адзін перад адным. Сапраўды што «залатая ліхаманка». Забываліся на сон і ежу, а некаторыя і на службу дзяржаўную. Размовы ў аддзелах ішлі на адну тэму: хто дзе дастаў шыфер, трубы, цэмент, гной, хто якія гатункі яблыняў, агрэсту, парэчкі пасадзіў на сваім участку. Усе раптам парабіліся архітэктарамі, будаўнікамі, аграномамі.
  Максім спачатку пасміхаўся з гэтае хваробы, з прыватнаўласніцкіх бацылаў — якія жывучыя! А пасля сам захапіўся. Але не гародам, не гноем — архітэктурай і будаўніцтвам. Неяк у паўзе, адпачываючы ад праекта палаца — вунь якая хароміна! — ён намаляваў маленькі казачны харомчык, выкарыстаўшы матывы народнай архітэктуры, якая зрабіла на яго ўражанне ў польскіх і славацкіх Татрах. Апошнія гады ён часта некалькімі лёгкімі ўзмахамі карандаша рысаваў на паперы вось такія экзатычныя домікі. Падсвядома хацелася паспрабаваць уключыць элементы гэтай архітэктуры ў нейкае сучаснае збудаванне, бо пачаў адкрываць іх у многіх старых пабудовах на Палессі, асабліва ў драўляных цэрквах. Але, здаецца, паступова пераконваўся, што гэта немагчыма, што сучасны стыль і сучасныя матэрыялы рашуча адвяргаюць элементы такой архітэктуры. Злаваўся. Не мог пагадзіцца з думкай, што тое, што стагоддзямі выпрацоўвалася мудрасцю народа, яго калектыўным мастацкім густам, мусіць назаўсёды знікнуць.
  І раптам эскіз навёў на думку: збудаваць такі домік на сваім участку, дарэчы, і рэльеф — касагор, беразняк — падказвае толькі такое вертыкальнае рашэнне, а не плоскаснае. Падабаўся яшчэ адзін аспект гэтай ідзі: падарыць Веце і Дашы казачны харамок. Як заўсёды, захапіўшыся нечым, ён праяўляў надзвычайную энергію, ініцыятыву, настойлівасць. Заказаў на дрэваапрацоўчым камбінаце драўляны каркас — па сваім праекце. Дырэктар, добры стары знаёмы, якому Максім зрабіў нямала дызайнерскіх паслуг, выканаў гэты спецыяльны заказ. І прадаў патрэбны матэрыял. Больш Максім ні да каго не звяртаўся. Ніводнага рабочага не наняў. Усё рабіў сам. Часам толькі Шугачовы памагалі — Віктар, Ігар, малыя. Яны як бы адчувалі, што ўзводзіцца нешта незвычайнае, і працавалі тут больш ахвотна, чым на будаўніцтве свайго простага, стандартнага доміка.
  Два гады нялёгкай працы былі найбольшай радасцю і найлепшым адпачынкам. Упершыню за сваю немалую архітэктурную практыку ён сам, з сякерай, нажоўкай, долатам і малатком у руках, ажыццяўляў уласны праект. Так працавалі архітэктары старажытнасці. Асаблівае задавальненне давала тое, што быў поўны прастор для бясконцага ўдасканальвання праекта. Нішто не звязвала — ні тэрміны, ні чужыя інжынерныя разлікі, ні матэрыялы, ні стандарты, ні зацверджанні і ўзгадненні ў інстанцыях. Ён будаваў не спажывецкую дачу сабе. Ён тварыў. Працаваў так, як працуе жывапісец над вялікім палатном, пісьменнік — над раманам. Едучы сюды, у Воўчы Лог, у выхадны дзень, кожны раз адчуваў, што ў яго ўчашчаецца пульс ад нецярплівага жадання хутчэй сустрэцца са сваім творам, хутчэй нанесці на «палатно» яшчэ адзін «мазок» ці, наадварот, нешта зняць, што здаецца лішнім, непатрэбным, занадта дэкаратыўным.
  У яго з маленства было хобі — разьба па дрэве, гэта, між іншым, вызначыла выбар прафесіі. За час будавання дома ён так удасканаліў сваё хобі, што яно бадай зрабілася другой прафесіяй.
  На другое лета будаўніцтва паглядзець на яго дом прыходзілі і прыязджалі агароднікі іншых кааператываў. У людзей гарэлі вочы, часцей за ўсё — зайздрасцю. Гэта раздражняла Максіма.
  Аднойчы ён сказаў Шугачову:
  «Спалю я, відаць, свой храм. Брыдка глядзець, ліс загараюцца вочы ў мяшчан».
  Віктар спалохаўся і сказаў жонцы:
  «Ад гэтага вар'ята ўсяго можна чакаць. Перакон.вай яго, што гэта не яго дом, не яму патрэбны, што ён патрэбны Веце, нашым дзецям».
  Пад уплывам Шугачовых ці па іншай якой прычыне, але Максім змяніў свае адносіны да цікаўных. Калі на трэцяе лета пачалі прыходзіць экскурсіі з піянерскіх лагераў, ён выходзіў да іх і наладжваў незабыўныя для дзяцей сустрэчы — расказваў пра архітэктуру. Хто ведае, можа, расказамі гэтымі ён кідаў у юныя душы зерні любові да сваёй прафесіі. Можа, не адзін будучы архітэктар праз многа гадоў успомніць, калі ў яго ўзнікла жаданне прысвяціць сябе дойлідству.
  Пакуль ён будаваў, дача гэтая была адной з прычын іх сутычак з Дашай. Яна злосна высмейвала яго захапленне і больш года прынцыпова не наведвалася сюды. Але калі Поля Шугачова зацягнула Дашу на ўчастак і тая ўбачыла, што і як будуецца, сціхла, пачала прыязджаць. У пазамінулым годзе яна і дачка пражылі тут усё лета, і гэта бадай былі самыя спакойныя і шчаслівыя месяцы ў другой палавіне іх сумеснага жыцця.
  Людзі з густам, спецыялісты больш, чым знешнім лялечным выглядам, захапляліся ўнутраным абсталяваннем дачы. Акрамя кухоннага посуду ды матраца, тут не было ніводнай рэчы, купленай у магазіне. Уся мэбля — сталы, лаўкі, паліцы — зроблена самім Максімам, зроблена арыгінальна — у народных традыцыях і ў той жа час сучасная па форме. У стварэнні інтэр'ера Максім даў поўны прастор сваім дызайнерскім здольнасцям.
  Ігнатовіч, па-сваяцку наведаўшы дачу, спачатку нават трохі разгубіўся: як паставіцца да гэтага? Хадзіў, аглядаў, часта паўтараў: «М-да» —і нічога пэўнага не выказваў, уступіў гэтую прывілею жонцы. Ліза, якая была раней і чула ўжо Максімавы тлумачэнні аб задуме і вырашэнні, аб архітэктурным эксперыменце, паводзіла сябе, як добры гід перад творам, якім даўно захапляюцца.
  За сталом Ігнатовіч патрабаваў, каб Максім перадаў праекты мэблі фабрыцы. Максім пажартаваў:
  «Выдадуць патэнт, заплоцяць добры ганарар,— перадам».
  Нечакана сур'ёзна запярэчыў Шугачоў: «Гэта мае каштоўнасць толькі ў адным экземпляры, у арыгінале».
  Ігнатовіч сказаў: «Куркулямі вы тут робіцеся, бачу. Трэба будзе за вас узяцца, а то зусім акулачыцеся».
  Словы сакратара гаркома прынялі як застольны жарт. Адна хіба Ліза зразумела, што муж не жартуе, бо раптам пачала горача абараняць калектыўнае садаводства і індывідуальныя дачы.
  Максім баяўся аднаго — што на дачы не будзе святла. Яшчэ ў жніўні нехта даў каманду адключыць іх пасёлак ад энергасістэмы. Прыйшлося яму тайна дамаўляцца з электрыкамі, каб падключылі да лініі, інакш жыццё тут вельмі ўскладнілася б. Адсутнасць электраэнергіі стварала мноства праблем і цяжкасцей. Па-першае, святло, па-другое, цяпло і ўсе іншыя выгоды. Праўда, унізе зроблены камін для дроў. Але ён не любіў пакояў унізе — перастараўся ў іх абсталяванні, зрабіў залішне музейнымі, больш прыдатнымі для святочнага парада, паказу, чым для штодзённага жыцця. Можа, не любіў яшчэ таму, што гэта былі яе пакоі, яна любіла іх. Хораша і ўтульна адчуваў ён сябе ў сваім пакоі ўгары — у мансардзе, куды вяла вузкая вінтавая лесвіца з арыгінальнымі парэнчамі. Пакою гэтаму надаваў незвычайную, шматвугольную форму дах, яго адмысловыя выступы. Утварыліся нішы, якія вельмі прадумана запоўніліся змайстраванымі ім, Максімам, сталамі, паліцамі, канапамі. Пакой служыў і кабінетам, і майстэрняй, і спальняй. Ляжалі скруткі ватману з праектамі і стаялі ліпавыя чурбакі — нарыхтоўкі для разьбы, розных памераў — ад такіх, з якіх можна было выразаць ляльку з дзіцячы кулачок да слупа амаль у рост чалавека. Усе, хто наведваўся сюды, здзіўляліся, як удалося зацягнуць на другі паверх такое бервяно і навошта яно архітэктару. Ніхто не ведаў, што жыла ў гаспадара даўняя, з юнацкіх гадоў мара — выразаць скульптуру, якую б прызналі за сапраўдны твор мастацтва, а творцу — за скульптара. Было некалькі сюжэтаў і мноства пробных прац на гэтыя сюжэты, але пакуль што ні адна з іх не ўдалася, усе былі бязлітасна знішчаны. Таму колькі гадоў некранутай стаяла галоўная нарыхтоўка.
  У апошні час Максім усё часцей і часцей сумняваўся, што калі-небудзь здзейсніць сваю мару. Пра яе ведала адна Даша. Нават Віцька Шугачоў і той разам з многімі іншымі здзіўляўся яго дзівацтву, асабліва калі ён шукаў вось гэтую ліпу, каб была без дупла, мела адну структуру. Жонка некалі адносілася з пачцівасцю, з гонарам да яго хобі — мастак! Цяпер пры выпадку здзекуецца. І гэта больш, як што іншае, аслабляе веру ў свае творчыя магчымасці не толькі ў скульптуры, але і ў архітэктуры. Усё больш увага яго скіроўваецца не на эстэтычную выразнасць і арыгінальнасць, а на функцыянальную мэтазгоднасць будынкаў, якія праектуе. Магчыма, мае рацыю Шугачоў: паступова і непрыкметна ён, прызнаны архітэктар і непрызнаны скульптар, ператвараецца ў дызайнера. Аб усім гэтым Максім падумаў неяк адразу, сумбурна — думкі, што хмары, якія разганяў вецер, і яны ляцелі імкліва і — што рэдка бывае ў прыродзе — у розныя бакі.
  Не распранаючыся — холадна! — ён сеў на нізенькую табурэтку і ўключыў электрычны камін. Як усё іншае, камін быў арыгінальны, не той, што прадаецца, зроблены сябрамі-электрыкамі па яго праекце. З каляровых кафельных плітак складзена ніша каміна. Награвальныя спіралі, уманціраваныя ў керамічныя трубкі, з'яўляліся рашоткай пода, ад іх ішло цяпло, на іх ляжалі «дровы», паміж якімі шугала «полымя».
  Спачатку ўключыў толькі маленькую лямпу-начнік у форме старога вулічнага ліхтара, што вісела над канапай. Мяккае святло начніка заўсёды супакойвала. Але шумеў вентылятар каміна, калыхалася чырвонасіняе «полымя», забівала спакойнае матавае святло ліхтара святлом дрыготкім, нервовым, тэатральным. І ў гэтым святле ўсё здалося ненатуральным, штучным, лялечным — усё, чаму ён аддаў столькі працы, сілы, энергіі, чым любіў пахваліцца перад сябрамі і паслухаць іх ухваленне, часам перамешанае са шчырым захапленнем і дрэнна замаскаванай зайздрасцю. Сапраўды, навошта гэты музей? Навошта гэта рабілася? Дзеля каго? Хіба не лепш так, як у кватэры Шугачовых,— проста, бязладна, цесна, шумна, але ўтульна і... шчасліва.
  Адчуў яшчэ большы холад, а з ім — пустэчу І адзіноту. Заўсёды ён баяўся адзіноты, заўсёды яго цягнула да людзей. Праўда, з гадамі часцей з'яўлялася жаданне застацца аднаму. Але тады, калі не было вось гэтай страшнай, што невылечная хвароба, адзіноты ў душы, калі хацелася працаваць і радавацца — прыродзе, вынікам працы, уласным думкам. Сёння нішто не радавала, а гэта — страшна.
  Ён выключыў вентылятар каміна. Зніклі эфекты, засталося адно цяпло. Падышоў і выключыў ліхтар. Паглядзеў у акно. Свяціў шчарбаты месяц — дзіўна!— таксама нейкі ненатуральны, тэатральны. Праўда, зоркі здаліся больш натуральныя. Унізе — ён забраўся вышэй за ўсіх — бялелі дахі, адсвечвалі халодным, нейкім сінтэтычным святлом. Відаць, на іх, астылых, не растаў снег, што падаў з раніцы (на зямлі растаў), ці магчыма, садзіўся іней. За пасёлкам цямнела сцяна лесу. Малады саснячок. Але цяпер, уначы, у гэтым штучным святле, лес — што гара, вялізны і злавесна чорны. І ніводнага агеньчыка. Ніводнай душы. Напэўна, ён адзін у гэтым дзікім урочышчы, якое недарэмна назвалі Воўчым Логам.
  Максім перайшоў да акна ў калідорчыку, у які выходзіла лесвіца. Ён заўсёды больш любіў гэтае акно. З яго не адкрываўся далягляд, аднак свет адгэтуль не здаваўся цесным. Тут, на касагоры, раслі бярозы. Яны падступалі пад самы домік, лезлі галінамі ў акно. Як хораша шумела іх лісце ўлетку! І цяпер, у цяні дома, іх мяккая, ласкавая і, здавалася, цёплая белізна здалася такой натуральнай, не тое што белізна чужых дахаў. І шумелі бярозы, як жывыя істоты, ціха-ціха, пяшчотна, як бы баючыся патрывожыць яго спакой.
  З бярозы на балкончык скочыў вялікі кот. Жаласліва мяўкнуў. Максім усміхнуўся.
  — Ах, бандыт, гуляў і гаспадара празяваў. А я ўжо трывожыўся: дзе ты? Ці не звялі цябе кошкі?
  Адчыніў дзверы, упусціў ката.
  Шэры, вялізны, з добрага сабаку, кот удзячна пацёрся аб ногі гаспадара, прывітальна памурлыкаў, але тут жа мяўкнуў даволі красамоўна, патрабавальна.
  Максім засмяяўся.
  — Што, Барон, галодны? Дрэнна цябе, брат, частавалі твае кошкі. Бач, як схуднеў за чатыры дні. Але ж і ты гультай, недарэмна ты Барон, асколак паразітычнага класа. Мышэй не лавіў? Не? Ах, не было калі за каханнем? Ну, ведаеш, не пад'ясі — не палюбіш. Запомні. Пайшлі ўніз.
  Барон першы, распушыўшы хвост, скочыў цераз пяць усходцаў лесвіцы. Максім запаліў у двух ніжніх пакоях святло. Няхай будзе ілюмінацыя — на здзіўленне ваўкам! Дастаў з халадзільніка старую кілбасу, аддаў кату. Сабе наліў чарку гарэлкі з запацелай ад холаду пляшкі.
  — Будзь здароў, Барон. А што, калі паспрабаваць жыць па тваёй, кацячай, філасофіі? Як думаеш: атрымаецца? Але ж і згаладаўся ты, гультай. Ніякай увагі. Ну, бог з табой. Канчай сваю вячэру.
  На момант здалося, што з'яўленне ката — бязмоўнага, а таму зручнага субяседніка — прагнала адзіноту і нуду.
  Падняўся наверх і ўключыў усе лямпы — люстру, настольную, начнік, падсветку ў каміне. Ілюмінацыя дык ілюмінацыя!
  У пакоі пацяплела і зрабілася больш утульна. Максім агледзеўся вакол. Хацелася, вельмі хацелася, каб усе рэчы, зробленыя яго фантазіяй і рукамі, выклікалі тую ранейшую звыклую і добрую радасць. Але радасць не вярталася. Усё працягвала здавацца непатрэбнымі дзіцячымі забаўкамі, мішурой, як тэатральны рэквізіт пасля спектакля, пры звычайным, не тэатральным, асвятленні.
  Кот з'еў кілбасу і бясшумка падняўся наверх. Зноў цёрся каля ног і задаволена мурлыкаў.
  Максім сеў у крэсла, узяў на калені ката, пагладзіў пушыстую поўсць.
  — Зайздроснае ў цябе жыццё, Барон. Ніякіх праблем. Каб ты мог зразумець, колькі іх у мяне. Ты ведаеш, што я адкрыў зараз? Што ў гэтым пакоі сапраўднае, натуральнае і мае каштоўнасць? Толькі вось гэтыя нарыхтоўкі, гэтыя бярвенні. Звычайна госці пасміхаюцца з іх. Дзівакі. Не разумеюць. Безумоўна, можна папілаваць гэта на дровы і спаліць. Але толькі вось гэты чурбан, больш нішто, можа яшчэ даць мне радасць. Працу і чаканне цуда. Надзею, што ўрэшце з-пад майго разца выйдзе нешта вартае ўвагі і жыцця не ў імя спажывання і камфорту, а ў імя выяўлення высокай ідэі. Якой?
  Зноў — у соты раз! — ён задумаўся, што можна выразаць з гэтай нарыхтоўкі, каб не сапсаваць выдатны матэрыял. Які сюжэт, якая ідэя магла б напоўніць жыццём і хараством гэтае пакуль што мёртвае дрэва?
  Кот засынаў на каленях, мурлыканне яго зрабілася сцішаным, тонкім, як у маленькага кацяняці.
  А гаспадар не мог супакоіцца. Не, не аб адной разьбе ён думаў. Шукаючы сюжэт, ён мусіў думаць пра ўсё тое, што перажыта, што найбольш хвалявала. Пра сваю працу, пра архітэктуру, пра сённяшнюю канферэнцыю і свой самаадвод, пра яго прычыны. І зноў жа пра тое, што рабілася тут, у гэтым доме, яго рукамі. Дзеля каго ён траціў столькі часу, энергіі і нават таленту, каб зрабіць усе гэтыя цацкі? Віця Шугачоў ніколі не займаўся нічым падобным, хоць напэўна мог бы і на гарадской кватэры, і тут, на дачы, зрабіць нямала такога, што цікавіла б людзей. Не. У інстытуце і дома ён праектаваў жыллё. Тут, на садовым участку, вучыў дзяцей апрацоўваць зямлю, вырошчваць бульбу, памідоры, клубніку, яблыкі.
  — А я ў гэты час, Барон, піліў, дзёўб, габляваў, шкроб разцом. Да мазалёў на руках. Але, я люблю гэтую працу... Але не толькі дзеля сваёй радасці я паднімаўся ў пяць гадзін раніцы... Была іншая радасць — усведамленне, што мая праца парадуе яшчэ некага.
  Кот незадаволена мурлыкнуў і ўдарыў гаспадара хвастом па руцэ.
  — Я перашкаджаю табе спаць? Дармаед! За тое, што я цябе кармлю, ты мог бы праявіць большую далікатнасць. Пахадзі і паслухай,— Максім нязлосна сапхнуў ката з каленяў. Той, адчуўшы, што ў нечым правініўся, зноў пачаў вінавата церціся аб ногі.
  — Я скажу табе, Барон, адну ісціну, якую бадай нікому больш не скажу. Я будаваў школы, палацы для людзей... для многіх людзей... Я баюся шырокага і ўсёабдымнага разумення — народ. Народу я абавязаны ўсім, што маю і што ўмею. Асобныя людзі, сотні ці тысячы... могуць бадай быць удзячны мне. Гэты маленькі церамок я будаваў для іх. Ты разумееш, Барон, для каго. Але, для двух чалавек, самых блізкіх мне тады. Для Веты і для... яе... Чорт вазьмі! Ты бачыш, Барон, да чаго дайшло? Мне не хочацца называць яе імя, якое я тысячу разоў шаптаў з пяшчотай і замілаваннем. Гэта недарэчна, Барон. Але, для Дашы! Для Веты і Дашы. Для Дашы і Веты! Мне хацелася даць ім яшчэ адну радасць. І мне хацелася іх удзячнасці. Табе, прадстаўнік паразітычнага класа, не зразумець, як гэта дорага — удзячнасць людзей. Але ўдзячнасць многіх людзей — гэта абстрактна, хоць і яна прыемная. Удзячнасць людзей блізкіх, людзей, якіх любіш,— гэта найвялікшая твая радасць і, можа быць, найвялікшы сэнс жыцця. Тады, пяць гадоў назад, я верыў у такое шчасце. Я знарок вырашыў усё зрабіць сваімі... вось гэтымі... рукамі. Можаш асуджаць, Барон, мяне за такую праяву... чаго?., не ведаю, як назваць такое жаданне. Але мне хацелася, каб усё тут, да чаго яны будуць датыкацца, чым будуць любавацца, карыстацца — усёўсё каб нагадвала ім мяне. Хіба гэта дрэннае, ганебнае жаданне! Ды не ж, не! Барон!
  Максім падняўся, прайшоў па пакоі. Рыпнула масніца. Цэлы год яна рыпіць. Цэлы год ён збіраецца падняць яе, падкласці нешта, каб знішчыць гэтае рыпенне. Сто разоў падумаў пра гэта і нічога не зрабіў. Вось каб там, унізе, былі яны і ён ведаў, што гэтае рыпенне не дае ім заснуць. Для сябе ж рабіць не хочацца, для сябе ён мала што рабіў калі.
  Выключыў верхнюю люстру. Кот трывожна мяўкнуў; магчыма, яму здалося, што гаспадар зноў збіраецца некуды пайсці. Кот таксама баяўся адзіноты.
  Максім зразумеў яго трывожнае мяўканне і зноў сеў, але ўжо не перад камінам, а паміж кніжнымі паліцамі, дзе звычайна любіў чытаць.
  — А што я атрымаў, Барон? Якую ўдзячнасць? Яны пажылі адно лета... Але ці ўбачыў я ў іх тады сапраўдную радасць? Большасць бачыў спажывецкага задавальнення ад дачнага камфорту і дробненькага самалюбства ад экскурсантаў, знаёмых і незнаёмых. Але ў мяне жылі яшчэ ілюзіі, вера, што гэта радасць для іх. У мінулае лета Вета... Вета ў лета... Віялета прыехала сюды аднойчы на гадзіну... папрасіць грошай, каб паехаць з сябрамі на тлумны і брудны курорт. Знаўца Бетховена і Шапэна не звярнула ніякай увагі на гэтую музыку, увасобленую ў дрэве. А можа, яе няма, ніякай музыкі? Сёння мне так здалося. Гэта страшна, Барон! Так я магу ў адзін дзень адкрыць, што і ў палацы маім няма ніякай «музыкі». Мне страшна думаць пра гэта, Барон! Бо што мне тады застанецца? Даша ў гэтае лета не з'явілася ні разу. Вытрымлівала прынцып. І не з'явіцца. Я ведаю: ты не засумуеш, бо яна не любіць цябе... А каго яна любіць? Каго, Барон?
  Раптам зноў успомніліся словы Кацькі Шугачовай: «А я бачыла цёцю Дашу. Яна ехала ў машыне».
  І зноў адчуў, як у душы варухнулася нешта падобнае на Барона — мяккае, але з кіпцюрамі, і кіпцюры гэтыя балюча драпнулі там, усяродку.
  «Няўжо раўную?» — ён хацеў, каб пытанне такое самому сабе прагучала з гумарам. Але гумару не атрымалася, бо той, унутраны «барон», зноў балюча драпнуў. Жывы Барон ускочыў на калені. Максім спіхнуў яго са злосцю. Барон схаваўся пад пісьмовы стол і адтуль насцярожана і недаўменна, бліскаючы ў паўзмроку вачамі, сачыў за гаспадаром, імкнучыся сваім кашачым розумам дапяць, чым недагадзіў уладару і кармільцу.
  Максім падняўся і прайшоўся па пакоі, знарок з сілай наступаючы на масніцу, якая рыпела. Рыпенне яе палохала Барона. Той уздрыгваў і адступаў пад стол. Але Максіма ўпершыню не злавала гэтае рыпенне. Няхай зарыпіць усё. І няхай разваліцца!
  Спыніўся перад барам, вельмі хітра замаскаваным: такая канструкцыя драўляных планачак — скульптурны рысунак — была і ў іншых месцах, таму нішто не выдавала наяўнасць сцянной шафачкі. Толькі была тут яшчэ адна дэталь — металічная планка з кнопкай. Мала каму прыходзіла ў галаву, што гота замок.
  Максім адчыніў свой тайнік, паглядзеў на бутэлькі; іх стаяла там нямала, маленькіх — сувенірных з этыкеткамі многіх фірм і краін, але ўсе былі пустыя. Засталося ўсяго паўпляшкі «Пліскі».
  — Не, дарагі Барон, мы не станем піць гэты ардынарны каньяк. У мяне ёсць пляшка, якая даўно стаіць — для ўрачыстага выпадку і асаблівых гасцей. А калі ў нас можа быць урачыстасць? А можа, сёння і ёсць той выпадак, які варта адпачыць і запомніць? А госці... Да д'ябла гасцей! Іх многа перабыло тут, і ўсе яны ехалі з адным жаданнем — выпіць за наш кошт, Барон. У будучым тут вып'е толькі той, хто прывязе сваё. Усе іншыя вып'юць... смалы, як казаў мой бацька...
  Кот адчуў, што настрой гаспадара змяніўся, і вылез з-пад стала, пацёрся аб ногі, задаволена мяўкнуў, ухваляючы такі настрой.
  З-за тоўстых тамоў «Будаўнічых нормаў і правіл» Максім дастаў плоскую пляшку «Арарата», падараваную некалі ерэванскімі калегамі. З бара ўзяў чаркі. Дзве. Падсунуў газетны столік і сеў каля каміна. Але наліў не адразу. Колькі хвілін сядзеў, заплюшчыўшы вочы. Потым запярэчыў:
  — Не! Не! Не!
  І тады наліў. Дзве чаркі. Як на памінках — адна для нябожчыка. Хвіліну назад яму ўявілася, што ў гэты момант нехта другі... абдымае Дашу. І «барон» драпнуў у грудзях так, што хацелася закрычаць ад болю. Адагнаў прывід — і ўзрадаваўся. Не сказаў уголас, нават Барону не даверыў гэтай тайны, гэтай нечаканай радасці. Падумаў толькі;
  «Чорт вазьмі! Сапраўды раўную. Раўную і хачу яе. Значыцца, люблю. Яшчэ люблю. Даша! Адчуй гэта! Зразумей!»
  Чокнуўся з чаркай, якая засталася на стале.
  — Я п'ю з табой, Даша. Яшчэ раз. Будзе горка, калі гэта ў апошні раз. Горка будзе ўсім нам. Няўжо ты не разумееш гэтага? Няўжо ты ўжо аслеплена? Кім? Я не веру, што кімсьці. Чым? Але, чым?
  Піў. І не п'янеў. Але ўсё больш і больш распальваў сябе рэўнасцю і жаданнем яе блізкасці, ласкі. Дзіўна і нязвыкла, бо рэўнасці ён вельмі даўно ўжо не ведаў, сумяшчаліся гэтыя два пачуцці, якія па логіцы павінны былі б узаемаадмаўляць адно аднаго. Іх сумяшчэнне ўсё больш пераконвала, што каханне, якое ён хацеў пахаваць, яшчэ жывое.
  Калі выпіў паўпляшкі, адчуў, што больш не можа сядзець тут, у Воўчым Лозе, і размаўляць з катом. Ён павінен убачыць яе. Зараз жа. Магчыма, ад гэтай сустрэчы будзе залежаць яго жыццё, яго праца. І яе шчасце. І Віялеціна таксама.
  Максім яшчэ не падняўся, толькі рашуча закаркаваў бутэльку, а Барон адчуў ужо яго намер і жаласліва замяўкаў.
  — Ах, Барон. Людзі часта вось так, як ты зараз, думаюць толькі пра сябе, каб толькі ім было добра. Ад гэтага большасць нашых няшчасцяў. Ад эгаізму, самалюбства, неразумных прынцыпаў. Нехта першы павінен зрабіць крок, працягнуць руку. Інакш нельга жыць у згодзе і шчасці. Я недзе чытаў... Шлюб, які распадаецца, выяўляе самае дрэннае ў абаіх супругаў. Каб мы навучыліся бачыць гэтае дрэннае і вырываць яго з карэннем, як пустазелле...
  Ведаў, што завесці старэнькі «Масквіч» немагчыма — заляглі кольцы і ў дадатак «сеў» акумулятар. Ужо паўмесяца машына не заводзілася. З-за працы па датэрміновым заканчэнні палаца і рэканструкцыі сквера не заставалася не толькі вольнага дня, але гадзіны, каб заняцца сваёй гаспадаркай.
  Пайшоў пехатой з надзеяй, што на шашы падбярэ якая-небудзь запозненая машына. Пакуль дабіраўся да шашы па лесе, заплёхаўся па калені, абыходзячы па дарозе лужы, падрапаў аб галлё рукі і шчокі.
  Была позняя ноч, і па шашы не прайшла ніводная машына. Пятнаццаць кіламетраў адмахаў за нейкія дзве гадзіны. Адчуў зморанасць — даўно не рабіў такіх пераходаў. Але рашучасць дабрацца дадому, пагутарыць з Дашай не змяншалася. Наадварот, вырастала па меры набліжэння да горада. За дарогу ён прыдумаў такія словы, ад якіх, здавалася, павінна рассыпацца любая жалезабетонная сцяна варожасці, адчужанасці, злосці.
  Толькі ў мікрараёне ўдалося спыніць позняе таксі. У цёплай машыне захацелася спаць.
  Вылезшы з машыны каля свайго дома, паглядзеўшы на чорныя вокны, Максім раптам адчуў, што, акрамя ўласнага ўніжэння, нічога з гэтага нялёгкага начнога паходу не будзе. Хвілін колькі ён стаяў перад пад'ездам нерухома, спустошаны і абыякавы да ўсяго на свеце. Але адступленне яшчэ больш унізіла б, маральна растаптала б. Ён баяўся знявагі да самога сябе. Ён хацеў паважаць сябе і свае ўчынкі, нават памылковыя; калі яны прадыктаваны шчырым душэўным парывам, ён ніколі пасля не раскайваўся і не караў сябе.
  Рашуча, не баючыся парушыць начную цішыню дома, ён падняўся на другі паверх. У яго быў свой ключ. Але знутры дзверы трымаў ланцужок. Прыйшлося званіць.
  Дашыны крокі пачуліся вельмі хутка. У Максіма ёкнула сэрца.
  «Не спала. Чаму не спала?»
  Даша спытала зусім нясонным голасам:
  — Хто?
  Ён адказаў:
  — Я,— і спалохаўся свайго голасу — такі ён ахрыплы і ненатуральны.
  Яна шчоўкнула выключальнікам, зняла ланцужок.
  Ён пераступіў парог, гучна зачыніў за сабой дзверы.
  Даша стаяла каля дзвярэй спальні ў светла-блакітнай начной сарочцы. Праз лёгкую тканіну, як праз туман, прасвечвалася яе цела — грудзі, жывот, ногі.
  Ён ледзь стрымаўся, каб не кінуцца, не падхапіць яе на рукі, як некалі ў маладосці, і не панесці ў спальню.
  Стрымаў яе позірк — як яна аглядала яго, грэбліва скрывіўшы прыпухлыя, усё яшчэ прыгожыя вусны.
  Ён сам паглядзеў на свае заляпаныя гразёй чаравікі і штаны.
  Яна спытала са злоснай іроніяй:
  — Што, Максім Яўцехавіч, разам з Баронам па дахах лазілі?
  — Я ішоў пехатой з Воўчага Лога.
  — Ад ваўчыц ты ішоў. Хаця б прыдумаў што-небудзь больш арыгінальнае. Не хапае фантазіі?
  Ён ступіў да яе. Яна, як бы баронячыся, прыкрыла рукой грудзі, скамячыўшы сарочку.
  — Даша! Я ішоў да цябе.
  — Да мяне? Скажы, калі ласка, які рыцар! Не думала. Расчулена да слёз.
  — Даша! Нам трэба пагутарыць.
  — Аб чым?
  — Я люблю цябе, Даша.
  Яна штучна зарагатала.
  — Не смяшы. Суседзяў пабудзіш. Адкуль такая пяшчота? Ад вінных пароў? Смешна. Ён мяне любіць! Ідзі праспіся! — І раптам злосна крыкнула: — Я тваёй любоўю сытая па горла! Паразіт ты! Дэспат! Садыст!
  Ускочыла ў спальню, ляпнула дзвярамі і... павярнула ключ. Шчоўкнуў замок.
  Максім быў гатовы пачуць любыя словы ад яе. Ідучы сюды, загадаў сабе: любую абразу выслухаць спакойна. Бо інакш немагчыма будзе пачаць разважлівую размову. Яго не абразілі яе словы, няхай бы яна іх сказала ў сто разоў больш, няхай бы лаялася да раніцы. Але гэты ключ... Гэта новае. Зачыняецца ад яго?
  З'явілася неадольнае жаданне ўдарыць кулаком па ўзорным матавым шкле дзвярэй. І — усё. Лічыць, што гэта канец. Кропка. Але ён страціў столькі душэўнай энергіі, каб пераканаць сябе зрабіць яшчэ адзін, апошні крок да прымірэння... Ішоў, як юнак, трохі не ўсю ноч. Дзеля чаго?
  Стала крыўдна за сваё ўніжэнне. Нейкі момант стаяў у нерухомасці, спустошаны і абыякавы да ўсяго ка свеце. Не ведаў, што рабіць. Потым адчуў, што не можа ў гэту ноч заставацца з ёю ў адной кватэры — можа ўчыніць глупства, якое яшчэ больш прынізіць яго.
  Дзверы зачыніў за сабой асцярожна, бясшумна. Спускаўся па лесвіцы на пальчыках, як начны злодзей. Не баяўся шуму — саромеўся сам сябе.
  Толькі на двары падумаў, што трэба паважаць свае ўчынкі, нават памылковыя; калі яны прадыктаваны шчырым душэўным парывам, ніколі нельга раскайвацца і караць сябе,
  Пайшоў па пустых вуліцах горада яго гаспадаром і будаўніком.
  Палюбаваўся сваім палацам. У начной пустэчы і бязмоўі ён выглядаў яшчэ больш велічна. Усё-такі гэта ўдача! Ад палаца думкі скіраваліся ў іншым кірунку — на новы праект. Захацелася хутчэй узяцца за новую працу.
  Праз гадзіну ён ціха пазваніў у кватэру Шугачовых. Поля нават не спытала — хто? Быццам чакалі.
  — Чаму не пытаеш? — шэптам сказаў Максім.— А калі зладзеі?
  — Дурныя яны, ці што, зладзеі? Хіба не ведаюць, да каго лезці?
  Максім засмяяўся.
  Поля здзіўлена паглядала на яго: чаму яму весела?
  — Я табе ўсё растлумачу.
  — Не трэба, Максім, чаго не бывае! — уздыхнула Поля, хутаючыся ў халат.— Я вам пасцялю зараз.
  
  IV.
  Максім чакаў, што Ігнатовіч на другі ж дзень пакліча яго для тлумачэння ўчынку на канферэнцыі. Не мог не паклікаць. Сваім нечаканым самаадводам ён, Карнач, у пэўным сэнсе падводзіў гарком і, безумоўна, першага сакратара; іх сваяцкія і сяброўскія адносіны вядомы ўсяму актыву. Але на сваяцтва Ігнатовіч, строгі і бескампрамісны ахоўнік законаў і нормаў партыйнага жыцця, партыйнай маралі, не зважыць. Літасці не будзе.
  Максім чакаў трохі з гарэзлівай цікаўнасцю (пасля начной прыгоды з Дашай ён чамусьці ўвесь той дзень быў у вясёлым настроі), якім чынам Ігнатовіч пакарае яго.
  Спачатку здзівіўся, што Ігнатовіч не паклікаў ні ў першы дзень пасля канферэнцыі, ні на другі. Пасля з той жа весялосцю падумаў пра далікатнае становішча, у якое трапіў сакратар гаркома: паспрабуй прыдумаць кару такому чорту, як ён, Карнач, ды яшчэ за ўчынак, які не пярэчыць статуту.
  Аднак няпісаны этыкет ён усё ж парушыў, да чаго Ігнатовіч — Максім гэта ведаў — ні ў якім разе не можа застацца абыякавы. Пачаў думаць з павагай да розуму сваяка: выбраў адзіна правільны метад — афіцыйнае маўчанне і трыманне дыстанцыі. Урэшце, гэта бадай і ёсць найцяжэйшае пакаранне, бо пры ўсёй непадобнасці іх характараў, пры сухаватасці Ігнатовіча любіў Максім гэтага чалавека, яго адданасць справе, сумленнасць, непахіснасць — заўсёды гаспадар свайму слову. Такія якасці кіраўніка нельга не цаніць, асабліва яму, галоўнаму архітэктару, якому штодня прыходзіцца вырашаць безліч самых нечаканых і часта з'едлівых пытанняў. О, як яму памагала дзелавітасць сакратара гаркома! Любіў з ім пагутарыць, паспрачацца, часам даволі горача, але заўсёды выходзіў з адчуваннем, што спрэчка пайшла на карысць гораду. Адчуваў, што Ігнатовіч таксама з ахвотай спрачаецца з ім, бо не фармальна, а ўсёй сваёй партыйнай існасцю імкнецца пранікнуць, зразумець архітэктурныя тайны; архітэктура горада для яго не проста яшчэ адзін нялёгкі ўчастак работы, лішніх клопатаў, а часціна — і немалая! — жыцця, гэтак жа, як і для яго, Максіма. На гэтым сышліся. Архітэктура ператварыла іх афіцыйныя, службовыя і сваяцкія адносіны ў мужчынскае сяброўства, стрыманае і глыбокае, больш сур'ёзнае і трывалае, чым сяброўства тых, хто разам часта бярэ чарку і давярае адзін аднаму розныя інтымныя сакрэты. За абедзенным сталом яны сустракаліся толькі ў абкомаўскай сталоўцы, у госці адзін да аднаго хадзілі рэдка — разы два ў год, на вялікае свята ці часцей — на імяніны жонак-сясцёр. Сваіх дзён нараджэння не адзначалі, на «сардэчныя тэмы» ніколі размоў не вялі.
  Максім нават трохі расчараваўся, калі на трэці дзень пазваніла сакратарка і перадала, што Герасім Пятровіч просіць зайсці да яго сёння ў дванаццаць дваццаць. Сам не пазваніў. Звычайна званіў сам і бадай ніколі не называў такі дакладны час, проста казаў: «Максім, сын Яўцеха, загляні гадзінкі ў чатыры», хаця ўсе ў горадзе ведалі пунктуальнасць Ігнатовіча: у прыёмнай ніхто з запрошаных не чакаў больш дзесяці мінут. І ніхто, напэўна, не здзівіўся б, каб яго запрасілі да сакратара на дзесяць гадзін дваццаць дзевяць мінут.
  Але Максіма здзівіла і нават расчаравала, што Ігнатовіч так запрашае і так выразна дае зразумець — з якой нагоды.
  У прыёмнай сядзела цікавая жанчына — Галіна Уладзіміраўна. Мала хто ведаў яе прозвішча, але ўсе ведалі імя, імя па бацьку. І ўсе паважалі, нават не будзе перабольшаннем сказаць любілі — за прыветнасць, акуратнасць: усё растлумачыць, запіша, выканае. Да яе звярталіся часцей, чым у аддзелы. Спадзяваліся на яе, бадай, больш. Работнікі звычайна раілі адзін аднаму: «Хочаш, каб дакумент (ці пытанне) не марынавалі — папрасі Галіну Уладзіміраўну».
  Акрамя павагі да яе як да сакратаркі і ўдзячнасці — яна неаднойчы памагала яму хутчэй «праштурхнуць» некаторыя неадкладныя пытанні, Максім меў да яе яшчэ іншыя пачуцці: у апошні час, калі адбыўся разлад з Дашай, ён разы два ў бяссонныя ночы падумаў пра Галіну Уладзіміраўну як пра жанчыну. Ні пра каго больш не падумаў, толькі чамусьці пра яе, хоць за два гады, як яна сядзіць тут, у гэтай строгай гаркомаўскай прыёмнай, ён ні разу не дазволіў сабе размаўляць з ёй з той лёгкасцю і жартаўлівасцю, якой заваёўваў сімпатыі жанчын ў гарсавеце, у інстытуце і нават у прадаўшчыц у магазінах.
  Максім павітаўся з Галінай Уладзіміраўнай за руку, што рабіў і раней, але ў гэты раз затрымаў яе руку ў сваёй трошкі даўжэй і адчуў яе цеплыню — тую цеплыню, якая заўсёды хвалюе, калі дакранешся да жанчыны, што падабаецца табе. Можа, і яна нешта падобнае адчула, бо паглядзела на яго больш пільна.
  — Адзін? — кіўнуў Максім на паліраваныя дзверы.
  — Не. У Герасіма Пятровіча рэктар інстытута Кавальчык і ваш калега Макаед.
  — Я спазніўся? — глянуў Максім на гадзіннік.
  — Не. Вас прасілі пачакаць тут.
  — Пачакаць? — ён здзівіўся.
  Калі там Макаед і Кавальчык, значыцца, вырашаецца планіровачнае пытанне, хутчэй за ўсё размова ідзе пра месца для інтэрната, і Макаед адстойвае пасадку сваёй «скрынкі» на Маскоўскім праспекце. І ў гэты момант яго просяць пачакаць? Ён памкнуўся было да дзвярэй, але тут жа ўспомніў, чаму, з якой прычыны запрошаны сюды, і — павярнуўся, закрочыў з кутка ў куток, не заўважаючы Галіну Уладзіміраўну. Недзе глыбока ўсяродку закіпела.
  Няўжо ён, Максім, мусіць расчаравацца яшчэ ў адным чалавеку, якога паважаў? Ён баяўся такіх расчараванняў.
  Ігнатовіч ні разу не прымушаў яго чакаць, калі нават вёў размовы з людзьмі, далёкімі ад архітэктуры і на тэмы, якія з'яўляліся партыйнай тайнай.
  «Можа, таму я і кіплю? — падумаў Максім.— Закрануты гонар. Вось так нараджаецца і расце агідненькае самалюбства. Але ж ты сам панаядаў збавіцца ад яго. Тады ты быў член гаркома і ад цябе не магло быць сакрэтаў? Цяпер ты адвёўся. Што ж ты хочаш? Урэшце, так нават лепш... каб была дыстанцыя...»
  Трохі заспакоены такой развагай, ён раптам адчуў, што Галіна Уладзіміраўна пільна і насцярожана сочыць за ім і, безумоўна, здагадваецца, пра што ён думае. Засаромлены, што так выдаў сябе, ён схапіў крэсла і сеў каля стала, зусім блізка ад яе, тварам у твар.
  — Галіна Уладзіміраўна, хто ваш муж?
  Яна здзіўлена падняла бровы. Было ад чаго дзівіцца. Няўжо ён, сваяк, сябра Герасіма Пятровіча, дагэтуль ні разу не спытаў у таго пра яе? Магчыма, як жанчыну гэта яе трохі пакрыўдзіла — такая няўвага двух мужчын, якіх яна паважала, да яе асобы. Максім таксама пра гэта падумаў — што пытанне яго недарэчнае і крыўднае, што ён мог даўно спытаць пра гэта ў Ігнатовіча. Сапраўды, дзіўна, што яны ні разу не гаварылі пра яе. Хоць што тут дзіўнае? Пра ўласных жонак яны таксама ні разу не пагаварылі.
  — Чаму раптам такое пытанне? — Галіна Уладзіміраўна паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася нейкая пакутлівая.
  Ён падумаў, што ў гэтай прыветлівай і заўсёды спакойнай жанчыны, відаць, не бясхмарнае жыццё.
  — Лічу сваім хамствам, што дагэтуль пра чалавека, які падабаецца мне, я не даведаўся трохі больш, чым гэта патрабуецца для афіцыйных адносін.
  Яна адказала жартаўліва:
  — Як мне разумець гэта? Як прызнанне ў любві?
  — Пакуль што — не,— сур'ёзна адказаў Максім.
  Тады і яна сцерла ўсмешку з твару, і ў вачах яе засвяціўся смутак.
  — У мяне няма мужа. Ён загінуў. Тры гады назад. Ён быў ваенны лётчык. На рэактыўным...
  Максім накрыў сваёй далоняй яе руку:
  — Прабачце, Галіна Уладзіміраўна.
  Яна не адняла рукі, і вочы яе затуманіліся слязамі — тымі слязамі, якія не выступаюць на паверхню, не цякуць па шчоках; слёзы такія, што ўнутранае крывазліццё — самае небяспечнае пры раненні.
  — Прабачце, калі ласка.
  — Не трэба, Максім Яўцехавіч, а то я магу расплакацца. А я даўно ўжо не плакала. Дзякуй богу, у мяне такая пасада, што ніхто не даводзіць да слёз — ні начальства, ні наведвальнікі. Адпусціце руку. А то зойдзе хто — што падумае?
  Ён адпусціў яе руку. Яна ўзяла чырвоны аловак і пачала маляваць на чыстай паперы сонцы — круг і праменні, адно — вялікае, з бакоў — два маленькія, як спадарожнікі. Было ў гэтай нечаканай сонечнай кампазіцыі нешта дзіцячае, наіўнае і адначасова дарослае, мудрае. Максім падумаў, што сёння ж увечары напіша, больш умела, безумоўна, гэтыя тры сонцы на сцяне свайго дачнага кабінета.
  З сонцаў перавёў позірк на яе твар, яна сустрэла яго вочы спакойна, не збянтэжылася, не адвяла вачэй. Падумаў, што назваць яе прыгажуняй бадай нельга, але прываблівае мяккасць рыс, што сведчыць пра дабрату і розум, і наогул нейкая вельмі ж шчырая жаноцкасць. Хацеў спытаць, ці ёсць у яе дзеці, але не адважыўся: калі іх няма, гэта можа раніць яе яшчэ больш, чым пытанне пра мужа.
  — Ніколі не рабіла гэтага, але вам магу выдаць тайну з кабінета,— кіўнула на дзверы.— Герасім Пятровіч незадаволены вашым самаадводам.
  — Я ведаю.
  — Казаў: дажыў да сівых валасоў,— паглядзела на яго галаву,— хоць іх яшчэ не відаць у вас... а паводзіце сябе, як хлапчук. «Ад зазнайства»,— сказаў Доў-
  Але Герасім Пятровіч не згадзіўся, што ад зазнайства. Навошта вы гэта зрабілі? Неразумна — такое маё жаночае перакананне.
  — Калі-небудзь я вам растлумачу, і вы зменіце сваю думку.
  Галіна Уладзіміраўна засмяялася:
  — А вы самаўпэўнены.
  З паліраванай шафы першы вываліўся Макаед. Убачыў Карнача — здзівіўся, як бы разгубіўся і нават спалохаўся, нібы Максім захапіў яго за нечым недазволеным.
  — І ты тут?
  — Ды вось... чакаю прыёму.
  — Ты чакаеш прыёму? — Макаед спытаў гэта хоць і ціха, але так, нібы крыкнуў ад радаснага здзіўлення на ўвесь дом. Галіне Уладзіміраўне здалося, што ён падскочыў і тут жа пераўтварыўся — як вадой змыла яго збянтэжанасць і адразу, у адзін міг, вылезла нахабнасць пераможцы: ён абвясціў, нібы фігу паднёс: — А мы з Сідарам Іванавічам інтэрнат «прывязалі». Канчаткова і моцна,— засмяяўся, задаволены ўсім, што тут адбылося за нейкую хвіліну.
  — Цудоўна,— з сарказмам кінуў Максім.— Віншую. Адной труной на праспекце будзе больш.
  У свой час ён, Максім, адхіліў колькі Макаедавых праектаў, але той упарта, з усяе сілы, лез на праспект.
  Рэктар, сівы, прыгожы мужчына, з выгляду і па манерах падобны на старога афіцыянта дарэвалюцыйнай вывучкі, зашпільваў на стале сваю тоўстую напакаваную паперамі папку. Сказаў з чароўнай усмешкай:
  — Дарэмна вы, Максім Яўцехавіч, так адзываецеся аб студэнцкім інтэрнаце. Мне форпраект падабаецца. І месца, якое мы прапанавалі, спадабалася Герасіму Пятровічу.
  Максім намерыўся сказаць і аднаму, і другому колькі «прыемных слоў», настрой для такога маналога быў. Але перахапіў позірк Галіны Уладзіміраўны, яна раіла: «Не нагаварыце глупства. Ідзіце ў кабінет».
  Ён паслухаўся.
  Ігнатовіч стаяў у куце, каля маленькага століка, і наліваў з сіфона ваду. Пайшоў насустрач са шклянкай у руцэ, з гасціннай усмешкай. Раней, чым прывітацца, па-сваяцку растлумачыў:
  — Ліза селядцом накарміла. Любіць салёнае. А ў мяне — печань. Ужо заныла.
  — Слухай! Пасадзіць макаедаўскі інтэрнат на праспекце можаце толькі цераз мой архітэктурны труп. А пакуль я адказваю за архітэктуру горада...
  — Адказваем усе. Гарком — у першую чаргу,— выпускаючы яго руку, нахмурыўся Ігнатовіч, але тут жа ўсміхнуўся: — А ты, бачу, верны свайму прынцыпу: лепшая форма абароны — наступленне.
  — Ад чаго і ад каго мне абараняцца?
  Ігнатовіч зайшоў за пісьмовы стол, сеў у крэсла, і мізансцэна адразу змянілася: цяпер Максім знаходзіўся не ў гасцях у сваяка, а на прыёме ў сакратара гаркома.
  Абодва яны рыхтаваліся да афіцыйнай размовы, таму нікога з іх такі раптоўны паварот не захапіў знянацку, не здзівіў, не паставіў у няёмкае становішча. Праўда, Ігнатовіч зрабіў спробу неяк згладзіць гэтую афіцыйнасць.
  — Сёння абараняйся ад мяне,— пажартаваў і закрыўся шклянкай — прагна выпіў газіроўку. Максім прачытаў у жарце схаваную пагрозу: глядзі, як бы табе не прыйшлося абараняцца перад бюро гаркома.
  Ігнатовіч паставіў шклянку на край стала, за стус новых часопісаў, і таксама памаўчаў — чакаў, што Карнач сам пачне тлумачэнне. Максім зрабіў выгляд, што не разумее, чаго ад яго хочуць.
  Ігнатовіч расчаравана ўздыхнуў і мусіў пайсці наўпрасцяк:
  — Спадзяюся, ты растлумачыш свой фартэль, які ты выкінуў на канферэнцыі,— ён ужыў слова Сасноўскага, той у перапынку ў буфеце сказаў, быццам бы між іншым, але так, што пачулі ўсе: «Выкінуў твой сваячок фартэль».
  — Хіба я парушыў статут?
  Ігнатовіч узлаваўся, бо думаў пра гэта і адчуваў слабасць сваёй пазіцыі ў такой размове.
  — Не прыкідвайся прасцячком. Мы ажно залішне ведаем адзін аднаго.
  Тады Максім адказаў сур'ёзна:
  — Добра. Я растлумачу. Закурыць дазваляеш?
  Ігнатовіч узрадаваўся. Сам ён не курыў і ведаў, што
  Ка рнач таксама не курыць, закурвае толькі ў трох выпадках: у часе напружанай працы над праектам, калі хвалюецца і пасля чаркі — за бяседным сталом.
  — Куры,— і падумаў з задавальненнем: «Ага, усё ж хвалюешся. Гэта добра».
  Але ён памыляўся: бадай ніколі ў гэтым кабінеце Максім не быў такі спакойны, як у тую хвіліну. Проста яму спатрэбілася паўза, каб падумаць, з чаго пачаць,— адразу з асноўнага ці троху пахадзіць вакол і павадзіць Ігнатовіча пакручастымі пуцявінамі некаторых сваіх роздумаў.
  — Ты ведаеш... мне захацелася праверыць свой характар... І загартаваць...
  Пачатак не спадабаўся Ігнатовічу, ён нахмурана ўмхыльнуўся: маўляў, давай гарадзі далей.
  — Усё свядомае жыццё я хачу зацвердзіцца як мастак. Чорт яго ведае, можа, патугі мае дарэмныя. Праўда, нешта я зрабіў вартае ўвагі, але мяне ўвесь час заносіла... цягнула проста туды... у каляіну адміністрацыйную, чыноўніцкую...
  — Думаю, гэта розныя рэчы,— сказаў Ігнатовіч.
  — Можа, і розныя, але я са страхам заўважаю, што часта думаю, як чыноўнік, а не як мастак. Нават не думаю — перажываю, вось што страшна. Чыноўнік не заўсёды той, хто робіцца фармалістам і бюракратам у сваёй дзейнасці. Такім я, здаецца, яшчэ не стаў. Чыноўнік той, у каго з'яўляюцца... зноў паўтараю... нават не думкі, думак ён баіцца, як чорт ладана, а перажыванні, эмоцыі мешчаніна. Вось гэта, скажу табе шчыра, мяне спалохала. Канкрэтна? На сходах выбіраюць прэзідыум, і ў мяне ўжо часцее пульс: выберуць ці не выберуць, успомняць ці не ўспомняць мае заслугі?
  Ігнатовіч усміхнуўся так, як усміхнуўся б наіўнаму дзіцячаму прызнанню.
  — А не выберуць — ноч не сплю. Дзе ўжо тут думаць пра высокае мастацтва!
  — Не багатвары свайго брата. Любы мастак у першую чаргу чалавек. Каб ён не ведаў такіх эмоцый, што б ён тварыў? Пастаў на сваё месца драматурга.
  — Эмоцыі гэтыя трэба ведаць. Але не згаджуся, што яны ўзвышаюць мастака. А гэта? Еду ў Мінск, у Маскву... Колькі тут язды той? У тамбуры можна даехаць. Не, дай мне мяккі вагон. Але такіх, як я, многа, вельмі многа. Усе хочуць у мяккім. А ўсім не хапае. І я бягу да дзяжурнага, да начальніка вакзала, паказваю ўсе свае кніжачкі, выкладаю ўсе свае заслугі перад народам. Я ім, чарцям, дом будаваў, а яны мне мяккае месца не даюць... Не месца трэба — прызнанне...
  Ігнатовіч зноў нахмурыўся і, здалося Максіму, памкнуўся перапыніць.
  — Ці вось табе яшчэ факт. Ты едзеш на «Волзе» ды яшчэ на новай, з казённым шафёрам, а я на сваім разбітым «Масквічы». Хіба не зайздросна? Зайздросна. Зноў не сплю і думаю, дзе б гэта раздабыць грошай на новую машыну. Грошы магу знайсці, але ці знайду новае ў архітэктуры?
  — Але, яркія рысы абывацельскай псіхалогіі,— працягваў Ігнатовіч і рэзка падняўся, узяў шклянку, пайшоў да сіфона.
  — А пра што я кажу! Выкладваю грахі свае, як на споведзі. А як можна было ўдарыць па такой псіхалогіі? Хто чалавеку памоле, калі ён сам не адумаецца, не спахопіцца?
  — Што ж, бадай, ты правільна ўдарыў,— наліваючы ваду, панура заключыў Ігнатовіч. Спачатку яму здалося, што Карнач блазнуе, бо неаднойчы ўжо чуў, як ён некаторыя бясспрэчныя ісціны дзеля жарту пераварочваў дагары нагамі. Але яго прызнанне ў зайздрасці насцярожыла і прымусіла паверыць, што ўсё гэта сур'ёзна. Такі цыган у выніку самааналізу можа выкінуць любы фартэль.
  Ігнатовіч падумаў пра тое, як растлумачыць усё гэта Сасноўскаму. Што той можа адказаць на такую, мякка кажучы, ахінею? Або бязлітасна высмее з уласцівым яму сарказмам, або, калі прыме сур'ёзна, то, напэўна, упікне: вось як ты выхаваў сваяка і сябра!
  Ігнатовіч зноў прагна выпіў ваду і са шклянкай у руцэ прайшоўся да дзвярэй, быццам праверыў, ці шчыльна яны зачынены.
  Максім сачыў за ім з вясёлай гарэзлівасцю, падабалася, што той з такой сур'ёзнасцю задумаўся над яго словамі.
  Худы, як спартсмен, Ігнатовіч спыніўся перад ім, шырока расставіўшы ногі: у інстытуце ён займаўся боксам.
  — А ты думаў аб прычыне такога свайго маральнага падзення? Ад чаго гэта?
  — Ад чаго? — у тон яму паўтарыў Максім, і чорцікі заскакалі ў яго вачах.
  — Ад перабольшання сваёй ролі, сваёй персоны. Табе пачало здавацца, што без цябе ў горадзе нічога не збудавалі б.
  — Няўжо я так думаю? — прытворна здзівіўся
  Максім.
  — Скажу шчыра. У тваім падзенні вінаваты мы. Гарвыканком. Гарком. Асабіста я. Каму з тваіх калег было дадзена столькі, колькі табе? Ты ведаеш, што такое галоўны архітэктар у іншых гарадах?
  — Ведаю. На вялікі жаль, звычайны, невялікі чыноўнік.
  — Табе далі выключныя правы.
  — Хіба гэта пайшло на шкоду гораду?
  — Табе далі магчымасць палунаць зарплату ў трох месцах...
  Гарэзлівыя агеньчыкі пагаслі ў Максімавых вачах.
  — Я палучак» яе не за прадстаўніцтва, а за працу — за праекты, над якімі праседжваю начамі, і за навучанне студэнтаў. Ты выкладаў калі-небудзь?
  — Цяпер я пачынаю разумець сваю памылку.
  — Чакай, Герасім Пятровіч,— перапыніў Максім Ігнатовіча.— Зразумеўшы свае памылкі, няўлго ты сур'ёзна думаеш, што я здаволіўся б роллю адводчыка ўчасткаў пад забудовы і кантралёра за тым, каб прыватнік не збудаваў лішняга хлява ці прыбіральні? Ты добра ведаў і ведаеш, што я магу зрабіць нешта большае. Таму і запрасіў мяне на гэту пасаду. Калі я больш не патрэбны, давай развітаемся па-добраму.
  — Ах, вось што! Разгадка простая! Як жа мы не дадумаліся? Знайшоў цяплейшае месца? За спіной у гаркома. Але не здаецца табе, Максім Яўцехавіч, што ты сабыўся пра адну рэч — пра партыйную дысцыпліну? З якой фармуліроўкай нам цябе вызваліць?
  Максім падняўся з крэсла.
  Ігнатовіч, пэўна, спалохаўшыся, што Карнач намерваецца сказаць нешта такое, што можа прынізіць ці абразіць яго як сакратара гаркома, насцярожана абышоў небяспечнага наведвальніка і вярнуўся на сваё месца за сталом: крэсла — самая надзейная браня ад непажаданых слоў.
  Але Максім правёў яго лагодным позіркам і, відаць, зразумеў, чаго Ігнатовіч баіцца. У вачах яго зноў успыхнулі гарэзлівыя агеньчыкі. Ён зрабіў колькі крокаў следам за Ігнатовічам, яшчэ больш насцярожыўшы таго, але спыніўся збоку ад стала.
  — Не адгадаў ты, Герасім Пятровіч. Не знайшоў я цяплейшага месца. Не шукаў. Прабач, я цябе трохі, груба кажучы, павадзіў за нос. Але ты мяне ведаеш — не крыўдуй. А цяпер скаліў сапраўдную прычыну свайго фартэля, як ты гэта называеш. Я разводжуся з жонкай.
  Ігнатовіч ад здзіўлення быццам пракаўтнуў язык — маўчаў добрую мінуту, разглядаючы сваяка зусім пановаму.
  — Ты разводзішся з Дашай? — спытаў і засмяяўся, адчуўшы раптам палёгку, якую не адразу асэнсаваў.
  — Смешнага мала,— незразумелы смех Ігнатовіча непрыемна ўразіў Максіма.
  — Прабач. Смешнага зусім няма. Гэта я проста так — ад сваёй думкі. Сядай. Раскажы. Што здарылася? — Ігнатовіч раптам замітусіўся, чаго ніколі не рабіў, быццам яму належала аказаць чалавеку хуткую дапамогу, што ён не вельмі ўмеў.— Што вы не падзялілі? Любові да Вілі?
  — Гэта вельмі складана. У двух словах не раскажаш.
  — Хто з вас вінаваты?
  — Лічы, што я.
  — Завёў любоўніцу?
  — Пакуль што не. Але завяду.
  — Глядзі! — Ігнатовіч пагразіў пальцам.
  — Адзін вельмі аўтарытэтны для нас з табой чалавек сказаў: калі любоў знікла ці выцеснена іншай, то скасаванне шлюбу з'яўляецца дабром як для індывідума, так і для грамадства.
  — Не прыкрывайся Энгельсам.
  — Мне няма чаго прыкрывацца. Я проста хачу, каб ты зразумеў...
  — Але для гэтага я павінен ведаць, што ж здарылася. Мне ты можаш даверыцца?
  — Магу. Але можна як-небудзь пасля?
  — Як хочаш. Як хочаш. Каб не было позна. Можа, яшчэ молена наладзіць.
  — Не, нельга.
  — Падумай. Ты чалавек настрою. Цыган, як кажа твой сябра Шугачоў. Не паддавайся настрою. Раскажы. Падумаем, памяркуем. Чорт вазьмі, свае ж людзі. Я ведаю: Даша з мухамі. Але хто з іх, чортавых баб, без мух у носе? Думаеш, Ліза — ідэал?
  — Герасім Пятровіч, далібог, не магу зараз гаварыць на гэту тэму. Адпусці,— сур'ёзна і пачціва папрасіў Максім, бо сапраўды пасля прызнання Ігнатовічу яго зноў апанаваў змрочны настрой.
  — Што ты ўмееш здзіўляць — я ведаў. Але каб так, каб так...— гаварыў Ігнатовіч, праводзячы Максіма.
  — Раней, чым пачаў здзіўляць я, здзівілі мяне.
  — Разводу патрабуе Даша?
  — Не.
  — Суцэльныя загадкі.
  — Паспрабуй разгадаць,— сумна ўсміхнуўся Максім.
  — Добра. Паспрабую. Адно толькі пытанне. Гэта не сакрэт? Лізе можна сказаць?
  Максім на міг сумеўся, застыў, узяўшыся за ручку дзвярэй. Недарэчна, што пра яго рашэнне Даша даведаецца ад сястры. А можа, так нават лепш? «Усё адно ты скажаш, дазволю я табе ці не дазволю»,— падумаў пра Ігнатовіча.
  — Крычаць пра сваю бяду на плошчы я не думаю. А Ліза ўсё адно ўзнае. Ад цябе ці ад яе — якая розніца.
  Ігнатовіч пазмрачнеў.
  — Але, падкінуў ты мне праблему.
  Толькі на парозе дзвярэй з прыёмнай у калідор Максім успомніў пра Галіну Уладзіміраўну — не развітаўся з ёй. Павярнуўся з вінаватай усмешкай. Яна пільна і добра, ласкава глядзела на яго, нібы ўсё ведала і разумела.
  — Прабачце,— паспрабаваў пажартаваць:— Думы мае, думы, лыха мені з вамі! Вось так заўсёды: з-за спраў і думак забываем на цікавых жанчын.
  Вярнуўся да стала, каб развітацца. Цяпер ужо яна затрымала яго руку і даверліва, як блізкі чалавек, спытала:
  — У вас непрыемнасць?
  Ён адказаў весела, і гэта было не сыграна — шчыра, так раптоўна змяніўся настрой:
  — Ведаеце, я пачаў на ўсё глядзець дыялектычна. Ёсць непрыемнасці, якія могуць стаць прыемнасцю, радасцю. І бывае наадварот.
  Ігнатовіч нейкі момант стаяў і глядзеў на дзверы, што зачыніліся за Карначом. І тут асэнсаваў тую палёгку, якую адчуў, калі гэты ветрагон (упершыню даў Карначу такое вызначэнне) сказаў сапраўдную прычыну свайго нечаканага і незразумелага ўчынку — прычыну, якой нельга не паверыць.
  Хаця Сасноўскі не патрабаваў ніякага тлумачэння, слова не сказаў на гэты конт, але ён, Ігнатовіч, добра ведаў: чакае ўсё-такі нейкага тлумачэння, і не ад каго іншага — ад яго, не толькі таму, шт гарком адказвае за людзей, якіх рэкамендаваў, але перш за ўсё таму, што Сасноўскі ведае яго сваяцкія і сяброўскія сувязі з архітэктарам. А што можна было растлумачыць? Ігнатовіч амаль спалохаўся, калі ў пачатку размовы Карнач пачаў гарадзіць усю гэтую лухту пра прэзідыум, машыны. Паспрабуй перадаць такое Сасноўскаму! А так — усё проста і зразумела. І ні на каго, акрамя самаго яго, Карнача, не падае цень. Сямейныя адносіны — цёмны лес, ні адзін суд яшчэ ў іх належным чынам не разабраўся, ні адзін псіхолаг і пісьменнік, нават Леў Талстой.
  Нарэшце, пры такім павароце сам Карнач у гісторыі з самаадводам выглядае зусім няблага. Хоць па форме было зроблена няправільна, але нельга не прызнаць, што ўчынак Карнача — сумленны і мужны. Хто іншы не адважыўся б, таіўся б да апошняга, пакуль не паклікалі б на бюро.
  Ігнатовіч падышоў да стала і набраў нумар Сасноўскага. Сёння яны ўжо бачыліся, і таму прывітанне і ўсе іншыя словы не патрэбны былі. Сказаў без усялякай прэамбулы:
  — Леанід Мінавіч? Толькі што ў мяне быў Карнач. Растлумачыў прычыну свайго фартэля,— зноў ён ужыў яго, Сасноўскага, слова.
  — Ну? — зацікавіўся сакратар абкома і гэтым пацвердзіў Ігнатовічава перакананне, што чакае-такі тлумачэння.
  — Разводзіцца з жонкай, чортаў цыган.
  Сасноўскі гучна кракнуў. І змоўк. Доўга маўчаў.
  Ігнатовіч паспеў падумаць: ці не перарвалася сувязь? І алёкнуў для праверкі. У адказ загрымеў голас Сасноўскага:
  — Храновыя, Герасім, мы з табой кіраўнікі. Калі мы не ведаем, чым жывуць, што думаюць, як паводзяць сябе кашы сваякі, сыны, зяці, то што мы ведаем пра іншых людзей — скажы, калі ласка? — і паклаў трубку.
  Ігнатовіч сваю трубку апускаў павольна, ашаломлены неспадзяванасцю. Словы Сасноўскага — аплявуха, якой ён не чакаў.
  Зноў пайшоў да століка з вадой. Падумаў: «Ад чаго мяне так смажыць сёння?» І тут адчуў, як ударыла хваля абурэння супроць Сасноўскага, чаго таксама ніколі не здаралася, ні пасля адной саркастычнай праборкі, якія Сасноўскі ўчыняў часам сакратарам гаркомаў і райкомаў. Гэтага вясёлага таўсцяка немагчыма зразумець — куды скіруюцца яго думкі, яго лагічныя камбінацыі. Ніколіён не можа сказаць так, як належыць гаварыць кіраўніку такога рангу. Заўсёды — гумар, іронія, алегорыя, падтэкст.
  «Мы з табой». Ведаю я гэтае — «мы з табой»! Скажы, калі ласка, якая самакрытычнасць!»
  Увайшла Галіна Уладзіміраўна, сказала, што чакаюць новыя наведвальнікі, якіх ён выклікаў. Належыла разбіраць яшчэ адну кляўзную справу.
  Ігнатовіч адчуў прыкрасць і стомленасць.
  — Няхай пачакаюць хвілінку. Я не скончыў аднае справы.
  Калі сакратарка выйшла, падумаў: якой справы? Зрабілася непрыемна ад гэтай, няхай і маленькай, маны. Ён не дазваляў сабе звычайныя чалавечыя слабасці, лічыў, што не мае права на іх.
  Чорт вазьмі! Адны займаюцца гандлёвымі махінацыямі, як гэтыя, што чакаюць у прыёмкай. Другія заводзяць любоўніц. А ты не толькі ламай галаву, што з імі рабіць, але яшчэ і пляснуць цябе могуць, здаецца, далікатна, але так, што іскры з вачэй сыплюцца.
  З Сасноўскага злосць яго перакінулася на першапрычыну — Карнача. «Архітэктурны геній! Карбюз'е! Распусцілі мы цябе!»
  Макаеду пасля наведвання ў гарком і сустрэчы з Карначом не працавалася. Яму хацелася танцаваць. Ён хадзіў з кабінета ў кабінет філіяла, казаў кампліменты праекціроўшчыкам, чарцёжніцам, сметчыцам, хоць яшчэ ўчора разносіў іх за маруднасць, расхлябанасць і ўвогуле ставіўся зняважліва да гэтых «вінцікаў». Яго даўно прыводзіла ў шаленства, што некаторыя з гэтых людзей чарцяжы і каштарыс па праектах Карнача робяць хутчэй і больш дакладна.
  Чарцёжніцу Маю, юрлівую таўстуху, якая памяняла трох мужоў і любіла мужчынскія пяшчоты, ён нават абняў, хоць звычайна да такой фамільярнасці не даходзіў нават у самым лепшым настроі.
  Мая падалася да яго, прыціснулася і засмяялася:
  — Браніслаў Адамавіч, вы сёння такі... нібы па латарэі выйгралі.
  — Выйграў, Мая.
  — Што?
  — Вашу любоў.
  Яна зарагатала, крутнула бёдрамі. Але ён зняў руку з яе пляча і адступіў убок — далей ад грэху.
  Яму хацелася пагаварыць з кім-небудзь пра тое, што яго ўзрадавала. Але з кім? У гэтым праклятым філіяле ўсе зачараваны Карначом. Заўтра ж перададуць. А ён, Макаед, не такі дурань, каб заядацца з Карначом нават тады, калі той зусім пляснецца. Архітэктурнага таленту ад яго ніхто не адніме, і нікому невядома, куды яго вывезе фартуна. Заўтра можа апынуцца ў Белдзяржпраекце ці зусім у Дзяржбудзе.
  Нарэшце Макаеду пашанцавала сустрэць у калідоры чалавека, які, як яму здавалася, не любіць Карнача. Дзён колькі Карнач уедліва крытыкаваў намесніка дырэктара філіяла Лазара Львовіча Фрыда за гаспадарчую бездапаможнасць: дажыліся да таго, што не было нават пенапласту для макетаў. Фрыд — пенсійнага ўзросту, яму пад семдзесят, і яго, як кожнага з тых, каму не хочацца на пенсію, пакрыўдзіла не столькі крытыка, колькі патрабаванне Карнача абмаладзіць кадры. Флегматычны Фрыд падскочыў, але, папрасіўшы слова, адказаў:
  — Слухай, Карнач, ты геній. Ды бачыў я не такіх геніяў. Ну і што?
  Фраза гэтая колькі дзён весяліла ўвесь філіял. Праекціроўшчыкі, сустракаючыся, віталіся: «Ты — геній. Ну і што?»
  Макаед узяў Фрыда, які, здавалася, упершыню некуды спяшаўся, пад руку. Гаспадарнік добра ведаў, у якіх выпадках яго вось так бяруць пад руку, і адразу спытаў з суровай практычнасцю:
  — Таварыш Макаед, кажыце адразу што вам трэба. Пенапласт? Ватман? Дошка? Стол? Тэлевізар? Халадзільнік? Гамашы?
  Фрыд не здолеў бы назваць, у якім ведамстве ў гэтым горадзе ён не працаваў. Усіх ён ведаў, усе ведалі яго, а таму супрацоўнікі звярталіся да старога з самымі нечаканымі, часам да камічнага дзіўнымі просьбамі. Ён не ўсе просьбы выконваў, але любіў пагутарыць, паказаць сваю дасведчанасць.
  Макаед засмяяўся:
  — Можаш уявіць, Лазар Львовіч, што мне нічога
  не трэба?
  — Не. Не магу. Чалавеку заўсёды што-небудзь трэба.
  — Ты проста цар Саламон.
  — Э-э, каб я быў Саламонам, ды яшчэ царом, то, думаеш, я размаўляў бы з табой тут, каля жаночай прыбіральні?
  — Я хачу сказаць табе адну навіну.
  — Навіну? Ты думаеш, у свеце ёсць што-небудзь новае? Усё — даўно забытае старое.
  — Накрыўся наш Карнач.
  — Накрыўся? Чым?
  — Аўчынай.
  — Аўчынай? Якой аўчынай? — здаецца, упершыню за жыццё Фрыд не здагадаўся, пра што ідзе размова, і трошкі здзівіўся.
  Макаед засмяяўся і шырока развёў рукі:
  — Во такой. Вялікай і кашлатай.
  Фрыд адступіў ка крок і пільна агледзеў архітэктара з ног да галавы.
  — Слухай, Макаед, што я табе скажу. Накрыцца можам мы з табой. А Карнач заўсёды адкрыты. Быў і застанецца. Бо ні ў кога не хопіць аўчыны накрыць яго.
  Вымавіў гэта, як біблейскі запавет, і пайшоў, перавальваючыся, як качка, з нагі на нагу, павольны, але ўпэўнены ў сваіх рухах і ў сваёй мудрасці.
  Макаед злосна плюнуў. Цьфу! Стары маразмацік! Даўно пара на пенсію. Баіцца за крэсла, таму ўсіх хоча ўлагодзіць. Такі ўзнёслы настрой быў! І хто сапсаваў? Ніколі не падумаў бы. Нікому, выходзіць, нельга даверыцца. З самага пачатку яму карцела пазваніць Ніне, на кафедру. Але, па-першае, абышоўшы ўвесь інстытут, ён не знайшоў телефона, каля якога не тырчалі б людзі. Як на злосць. Праўда, можна выйсці на вуліцу і пазваніць з аўтамата. Але ён не зусім упэўнены, што Ніна правільна зразумее яго. Сёння раніцой яны зноў падрапаліся з-за дробязі — каму паднімацца першаму і гатаваць снеданне. Эмансіпацыя, каб яна спрахла!
  Пасля размовы з Фрыдай сумненні яго наконт Ніны ўзмацніліся. Думае яна, безумоўна, гэтак жа, як ён, і Карнача не любіць, бо той высмейваў яе лекцыі па азеляненню, але хутчэй за ўсё не праміне выпадку, каб лішні раз падражніць мужа. Чортава стрэмка!
  Калі непрыемны асадак пасля размовы з Фрыдам асеў, Макаед зноў адчуў неадольную патрэбу з кімсьці пагаварыць наконт падзення чалавека, поспеху якога ён многа гадоў зайздросціў. З цягам часу зайздрасць перайшла ў тайную варожасць. Але нават самому сабе Макаед ніколі не прызнаўся б, што яго пачуцці і стаўленне да калегі і таварыша можна назваць варожымі. Не. Проста лічыў, што ён больш, чым іншыя, аб'ектыўны і крытычны. І, вядома ж, не талстовец. Не цалавацца ж з чалавекам, калі ты ўпэўнены, што той, выкарыстоўваючы сваё становішча, высоўвае сябе, сваіх сяброў і заціскае цябе.
  Макаед лічыў сябе чалавекам прынцыповым і справядлівым. (А хто сябе лічыць беспрынцыповым і несправядлівым ?)
  Пагаварыць пра такую падзею смела, безумоўна, можна толькі з жонкай. Урэшце, жонка ёсць жонка. Як бы яны не драпаліся паміж сабой, але заўсёды заключалі саюз, калі трэба было ад некага абараняцца ці некаму паказаць сваю сілу.
  Браніслаў Адамавіч не вытрымаў і кінуўся на вуліцу, прабег цэлы квартал, бо аўтаматаў у горадзе не густа, у іх раёне — толькі каля радзільнага дома.
  Як заўсёды, там стаяла чарга шчаслівых бацькоў.
  Макаед, якому часта прыходзілася званіць з гэтага аўтамата, заўсёды слухаў крык у будцы пра вагу дзіцяці, пра тэмпературу ў маці, пра тое, што ёй можна перадаць, чаго нельга,— са здзеклівай усмешкай: бяздзетнаму, яму здавалася, што людзі залішне многа надаюць увагі такой падзеі, як нараджэнне дзіцяці. На аднаго крыкуна стала больш. «Ну і што?» —як кажа Фрыд.
  Чарга доўгая — чалавек пяць, і Браніслаў Адамавіч падумаў, што дарэмна ўзнімаюць лямант аб падзенні нараджальнасці. Вунь іх колькі!
  Ішоў мокры снег. Дзьмуў халодны вецер. Ён упершыню пашкадаваў гэтых людзей, падумаў, што для іх маглі б павесіць аўтамат дзе-небудзь у прыёмнай раддома, калі ўжо людзі лічаць, што з'яўленне на свет новага чалавека — такая радасць. Навошта ж яе азмрочваць?
  На яго шчасце, усе сёння гаварылі каротка, нібы шкадуючы тых, хто стаяў пад мокрым снегам. Улезшы ў будку, Браніслаў Адамавіч набраў тэлефон кафедры і адразу пачуў Нінін голас. Зрабіў паўзу, каб канчаткова ўпэўніцца, што гэта яна.
  — Алё? Не чуваць вас. Вы з аўтамата? Націсніце кнопку.
  Аглянуўшыся на разбітае шкло будкі, прыкрыўшы далоняй рот і трубку — як ад ветру, Макаед без усякага ўступу гучна прашаптаў:
  — А ўсё-такі ён пляснуўся.
  — Ах, гэта ты,— пазнала Ніна і засмяялася.— Чаму гэта цябе так узрадавала? Ты ж кляўся, што ніколі не пойдзеш на яго месца.
  — Ты адна?
  — Не,— гучна адказала Ніна.— Тут уся мая кафедра. Хіба не чуеш галасы?
  — Ты што — ашалела?
  — Даражэнькі мой, для іх таксама цікава даведацца, што Карнач пляснуўся. Ён жа чытае ў нас. Чулі, калегі? Некаторыя з нас закаханы ў яго. Нам патрэбны перажыванні.
  — Галоднай куме...
  — З такім мужам, як ты, будзеш галодная,— засмяялася Ніна.
  Безумоўна, хлусіць, што ў кабінеце яшчэ нехта ёсць. Хоць хто ведае — гэтую вар'ятку ніколі немагчыма зразумець. Неаднойчы ўжо яна выстаўляла яго перад людзьмі недарэкам.
  Там сапраўды, здаецца, чуюцца галасы, стукаюць дзверы.
  Ён сказаў гучна, не прыкрываючы больш трубкі:
  — Я хацеў пагаварыць з табой, як з разумнай жанчынай, а ты... Тут таксама стаяць людзі, таму я стрымліваюся ад эпітэтаў,— і павесіў трубку.
  Пагаварыў, называецца, шчыра і сардэчна! Ішоў назад — у твар ляпіў мокры снег, і здавалася, што на галаву выліваюць халодную і брудную ваду. Было крыўдна да болю ад думкі, што ва ўсім горадзе няма чалавека, з якім ён мог бы пагутарыць сапраўды-такі шчыра. У Карнача напэўна людзей такіх безліч. І ў Шугачова. І жонкі ў іх не такія, як яго крапіва: як не даткнешся — апячэшся. Ніна смяецца з Полі Шугачовай, а мужчыны зайздросцяць Шугачову. Праўду ён аднойчы кінуў Ніне: што яна не любіць Полю таму, што зайздросціць ёй. Напэўна, жанчыне акрамя барацьбы за кафедру трэба яшчэ іншыя радасці. Ніна адчувае набліжэнне старасці — трыццаць сем гадоў мае! — а таму шалее ад непаўнаты жаночага шчасця — ад бяздзетнасці. А можа, праўда, мае любоўніка? Каго? У апошні час думкі такія з'яўляюцца часта. Самае дзіўнае, што яны, думкі гэтыя, не нараджаюць ранейшых прыліваў бурнай рэўнасці і гневу, калі ён адчуваў, што забіў бы суперніка. Цяпер ён можа яшчэ нядрэнна сыграць у рэўнасць перад ёй, але, каб супернік сапраўды з'явіўся, то, адчувае, не толькі не задушыў бы іх абаіх, як думаў раней, а наўрад ці даў бы па добрай аплявусе. Больш таго, наўрад ці хапіла б у яго сілы волі адразу парваць з Нінай. Але думкі пра сваю бязвольнасць прыгняталі, нараджалі комплекс уласнай непаўнацэннасці. І за гэта ён ненавідзеў усіх навокал. Напрыклад, на канферэнцыі ўчынак Карнача ён прымераў да сябе і адразу адчуў — не, не падыходзіць, ніколі ён не зробіць нічога падобнага, і яго непрыязнасць да чалавека, у дружбе якому неаднойчы кляўся, памацнела. Таму так узрадаваўся, зразумеўшы сёння ў гаркоме, што пад Карначом захістаўся грунт.
  У буфеце Макаед сустрэў Шугачова. Шугачоў рэдка абедаў у цесным і тлумным інстытуцкім буфеце — ездзіў дадому; калегі смяяліся яму ўслед: «Да дзетак, да Полі». Не ўсе разумелі, што бюджэт чалавека, у якога пяцёра дзяцей, не дазваляе штодзённа абедаць у дарагім буфеце. Ды і не любіў Шугачоў харч, прывезены са сталоўкі ў тэрмасах. Толькі малако зімой браў з буфета — лічыў, што яно лепшае, чым у магазінах — натуральнае, не з парашка.
  На гэты раз Шугачоў стаяў у агульнай чарзе, хоць з той жа авоськай, у якой насіў бутэльку з малаком.
  Макаед стаў за ім. Спытаў:
  — Будзем абедаць? Ці па малако?
  — Што вы сушыце зубы з майго малака? Што тут смешнае? Што дзецям трэба малако?
  Макаед спалохаўся — з-за глупства чалавек можа пакрыўдзіцца. А навошта яму заядацца з Шугачовым. якога выбралі сакратаром партбюро?
  — Далібог, Віктар, не смяюся. Ты рэдка абедаеш, таму спытаў,— запэўніў Макаед.
  Шугачоў паверыў — палагоднеў.
  — Сёння Поля дзяжурыць у школе.
  — Пайшла на працу?
  — Не. Куды ёй. Такі калгас. Як член бацькоўскага камітэта.
  Абед Шугачоў заказаў грунтоўны, па-хатняму, на трох чарцёжніц хапіла б. Ён, Макаед, баючыся, што патаўсцее, рэдка заказваў такі. Але на гэты раз паўтарыў шугачоўскі заказ і сеў за адзін столік з ім. З'ядаючы селядзец з вінегрэтам, Макаед спытаў:
  — Карбюзье дастаў?
  — Не.
  — А мая Ніна дастала.
  — Твая Ніна ўсё можа дастаць.
  — А ўвогуле — можа,— засмяяўся Макаед, задаволены, што жонку так пахвалілі.
  — А я не магу. Нават продаж кнігі з чорнага ходу мяне абурае. Брыдка даставаць па блату.
  — Ну, ты ідэаліст. А што ж, па-твойму, выкласці гэтыя сем экземпляраў, якія прыйшлі да нас, на прылавак, каб забралі выпадковыя людзі, далёкія ад архітэктуры,— абы ўпрыгожыць свае кніжныя паліцы? Некаторыя ж купляюць кнігі па такім прынцыпе, а не таму, што яны патрэбны ім для вучобы ці працы. Цяпер нямала багатых людзей. А паперы, як табе вядома, мала. Разумнае планавае размеркаванне рэдкай спецыяльнай кнігі — з'ява неабходная і апраўданая. Ніна заказала Карбюзье задоўга да выхаду кнігі ў свет.
  — У цябе жалезная логіка.
  — Як заўсёды,— зноў задаволена засмяяўся Макаед; усё-такі Ніна не сапсавала яму добры настрой.
  — Ты ўсё ўмееш апраўдаць.
  — А вось гэта ўжо не вельмі добразычліва, Віктар. Усяго я не апраўдаю. Крытычная струна ў мяне пяе не горш, чым у цябе.
  У гэтым была пэўная праўда. На сходах, тут, у праектным інстытуце, у аддзяленні Саюза архітэктараў Макаед выступаў у пяць разоў часцей, чым ён, Шугачоў. Нават цяпер, калі Віктара, незразумела за якія якасці, выбралі сакратаром партбюро, прамовы яго самыя кароткія, хоць у жыцці ён зусім не ціхоня — пагаварыць любіць. З такой сям'ёй цяжка быць маўчуном: прымусяць не толькі гаварыць — крычаць.
  Пра тое, у каго як «пяе крытычная струна», Віктар нічога не сказаў, але падумаў, што варта запомніць пра «спеў крытычнай струны», Максіму гэта павінна падабацца — як яна пяе ў Макаеда.
  Пакуль сёрбалі астылы гарохавы суп, памаўчалі. Але Макаеду нялёгка было маўчаць. Адстаўляючы талерку, ён пахваліўся.
  — Учора чытаў Карбюзье.' Здорава ў яго сказана: дом — гэта машына для жыцця.
  — Нішто. А далей што?
  — Што далей?
  — Кожны вычытвае тое, што яму даспадобы. «Дом — машына для жыцця». Гэта я чуў яшчэ ў інстытуце. Я не чытаў усіх выказванняў Карбюзье. Але ведаю, што практыкай сваёй Карбюзье клапоціцца пра эстэтыку і — што асабліва важна — вучыць людзей, як ім трэба жыць у гэтых «машынах» — дамах, кватэрах, цэлых гарадах. Мы з табой вучым гэтаму? Мы лепім «машыны для жыцця» — і больш нічога. Ды і машыны ўстарэлыя. Іх не параўнаеш нават з першым аўтамабілем. Пры тэхнічнай і эстэтычнай нязграбнасці ў тым аўтамабілі быў хоць прастор. Не такая цесната. Адзін кітайскі архітэктар яшчэ гадоў за шэсцьсот да нашай эры сказаў: «Вокны і дзверы прасякаюць, каб зрабіць дом, карысць жа дома ад пустой прасторы». Ад пустой прасторы!
  — Гэта я чуў ад Карнача. Ён любіць цытаваць кітайцаў.
  — Мудрых кітайцаў.
  — Віктар, дарагі. Гэта бясплодная спрэчка. Мы выконваем заказ. Сацыяльны. Партыі, дзяржавы. Забяспечыць людзей кватэрамі. Так, будуем пакуль што яшчэ цесныя «машыны для жыцця». Іх не параўнаеш з сучаснымі самалётамі. Але ў авіяцыі не шкадуюць грошай не толькі на канструктарскую распрацоўку, але і на дызайнерскую. А ў нас? Трэба эканоміць на кожным метры. Нельга не эканоміць пры такіх маштабах. Я паважаю Карбюзье. Райта. Аднак калі ставяць у прыклад вілу Савуа, мне смешна. Хто ў нас можа заказаць такую вілу? Хто ў ёй будзе жыць? Колькі яна каштуе?
  — Але і пры нашым функцыяналізме людзі ўмеюць будаваць такое, што можна назваць творамі мастацтва. Бяда ў тым, што мы трацім прызванне мастакоў. Мы ператвараемся ў капіроўшчыкаў. У нас нават аўтарскае самалюбства знікае.
  — Ну, не кажы. У некаторых яно моцна развіта.
  — На жаль, не ў мяне,— уздыхнуў Шугачоў.
  — У цябе самакрытычная струна. Твой сябра гэтага не сказаў бы.
  — Карнач? Ды ён адзіны, хто па-сапраўднаму ваюе за тое, каб кожны з нас выявіў сваё архітэктурнае аблічча. Дзякуючы яму нам удалося збудаваць штонішто арыгінальнае.
  — Згодзен. Але скажы, калі ласка, што з ім здарылася. Ён што — хоча пайсці ад нас? Куды? Хто яго пераманіў? Здаецца, у нас не прынята пакідаць работу такім чынам. Гэта падобна на дэманстрацыю. Мяне чамусьці лічаць яго непрыяцелем, а я табе скажу: я першы шчыра пашкадую, што ў нас не будзе такога галоўнага. Ён умеў прабіваць...
  Макаед паклаў на стол відэлец і пільна ўзіраўся ў Шугачова. Але той, здавалася, быў цалкам заняты бульбяным пюрэ. Макаед толькі пакалупаў відэльцам у сваім беф-строганаве, выкалупаў з соусу і з'еў колькі тоненькіх лустачак мяса, больш іх там не было? ладная порцыя гарніру заставалася некранутая.
  Шугачоў такой раскошы сабе дазволіць не мог; Поля зрабіла законам для кожнага члена сям'і: усё, што ў талерцы,— з'еш!
  Шугачову не трэба было пранікліва глядзець у вочы субяседніку. Ён зразумеў адразу, як толькі той спытаў пра ўчынак Карнача, чаму Макаед узяў такі ж абед, 'чаму сеў за адзін стол. Усе доўгія падыходы ажно ад Карбюзье рабіліся з адзінай мэтай: даверліва і быццам бы незнарок, быццам бы міне іншым, спытаць пра тое, што пазбавіла яго сну і спакою. Але як усе самаўпэўненыя людзі, што перабольшваюць свае якасці, Макаед не падумаў, што такі прасцячок, зацюканы дзецьмі, як Шугачоў, можа быць не менш хітры і праніклівы. Магчыма, адна Поля ведала, якім гарэзай бывае яе Віця, як нечакана ён рэагуе на розныя бытавыя сітуацыі, якую міну часам можа падвесці знянацку,
  Праўда, у даным выпадку не трэба было асабліва напружвацца: само пытанне, у якім праявілася яго, Макаедава, жаданне, каб адбылося менавіта так, падказала патрэбны адказ.
  Макаед аблізваў вусны ад нецярпення, а Шугачоў, не спяшаючыся, хлебам вымазваў з талеркі рэшткі соусу.
  Макаед ажно паморшчыўся:
  «Быццам тры дні не еў. Набіў пуза бульбай».
  — Ты адгадаў,— пракаўтнуўшы апошні кавалак хлеба, цяжка ўздыхнуў Шугачоў.— Максім хоча пайсці... Здзейсніць сваю даўнюю мару — заняцца навукай, выхоўваць маладых архітэктараў. Як я ні адгаворваў яго — не памагае. Ідзе ў інстытут...
  — У наш?
  — У наш. Куды ж яшчэ! Не тыя гады, каб лётаць па свеце.
  Шугачоў убачыў, як у Макаеда пабялела лысіна, І ад задавальнення ажно каўзануўся на крэсле — пацэліў, як кажуць, у дзесятку.
  — Можа, чайку вып'ем?
  — Не. Не буду. Мне яшчэ пазваніць трэба, пакуль абедзенны перапынак.
  Макаед падняўся і пайшоў да дзвярэй.
  Шугачоў глядзеў яму ўслед, і твар яго блішчаў, быццам запэцканы, як у малога, падліўкай, а з вачэй сыпаліся гарэзлівыя іскры. Ён здагадаўся, каму кінуўся званіць сябелюбівы хітруга. Усё жыццё ён імкнецца каго-небудзь перахітраваць. Трэба ж і яго хоць раз паставіць у смешнае становішча. Хай звоніць на пажар, якога няма.
  Макаед стрымана прайшоў да лесвіцы — у холе снавалі людзі, а там сігануў на другі паверх праз пяць усходцаў. Яму пашанцавала: у прыёмнай дырэктара было пуста, сакратарка абедала. Ён набраў нумар кафедры. Здалося, што адгукнулася Ніна — такі ж малады, бадзёры голас. І ён выпаліў:
  — Ты, варона! Ведай! Не я хачу заняць яго месца, а ён тваё!
  — Вы што — п'яны? Куды вы звоніце? — голас чужы, незнаёмы. Па логіцы, якая — чорт на яе! — заўсёды з'яўляецца запознена, яму варта было тут жа пакласці трубку. А ён, дурань, раздражнёна гыркнуў:
  — Ніну Іванаўну!
  Нарэшце сапраўды яе голас. Як ён мог памыліцца?
  — Я вас слухаю.
  — Віншую цябе, любая мая. Ён ідзе да вас. Рыхтуй сустрэчу.— У адказ яна весела засмяялася, хоць ён па чуў у смеху гэтым кіпенне гневу.
  — Ты дзе гэта ў рабочы час «нагіраектаваўся» так?
  — Ты — што?
  — Ідзі праспіся,— смяялася яна,— пагаворым дома.. У мяне людзі,— і паклала трубку
  А Браніслаў Адамавіч яшчэ слухаў кароткія гудкі, ашаломлены, пакуль не сцяміў, што дзіўным смехам сваім і яшчэ больш дзіўнымі словамі Ніна імкнулася затуманіць сэнс яго паведамлення. Як на яе практычны розум, то лепш няхай смяюцца выкладчыкі кафедры з мужа п'янага, чым з цвярозага.
  
  V.
  Такая дэпрэсія ўпершыню з'явілася тады, калі Даша пачала сеансы свайго зацятага маўчання. Абыякавасць да ўсяго, бяздумнасць і бязвольнасць — ні за што не хочацца брацца, нічога не хочацца вырашаць, любым сур'ёзным праблемам, здавалася, мазгі ставілі непранікальную заслону, цераз якую лезла адно смецце — дробязныя, нікчэмныя думкі.
  Тады такі стан спалохаў. Але з цягам часу, калі Даша маўчала ўсё часцей і часцей, дэпрэсія пачала паўтарацца, ён звыкся: гэта як ахоўная рэакцыя арганізма. Каб не гэтая ўтрапёнасць, немаведама што ён мог бы нарабіць. А так пасядзіш гадзіну-другую з сумбурам у галаве — усякай бытавой лухтой — і патроху вяртаешся да нармальнага жыцця і творчасці. Бяседа, выпіўка не памагаюць, наадварот, ускладняюць і зацягваюць гэты стан. Найлепш — цвярозая адзінота. Праца з разцом і гэблем.
  Пасля размовы з Ігнатовічам варта было ўцячы ў свой Воўчы Лог, пакарміць сініц, пагаварыць з Баронам. Але ў гарсавеце чакалі людзі, пачуццё службовага абавязку перамагло.
  Гледзячы на запыленыя скруткі праектаў на шафе і думаючы пра тое, што трэба сказаць тэхнічкам, каб выціралі там пыл, Максім выслухаў работнікаў свайго ўпраўлення, падпісаў паперкі, не паглыбляючыся ў іх змест.
  Тамара Лапін з бюро інвентарызацыі, з якой ён любіў пажартаваць і выслухаць яе скаргі на мужа — трэнера футбольнай каманды, заклапочана спытала:
  — У вас не грып, Максім Яўцехавіч?
  Ён здзівіўся:
  — Грып? Чаму грып?
  — Выгляд у вас нейкі...
  — А-а... учора перапіў,— зманіў ён, каб адчапіцца хутчэй ад жанчыны, якая яўна заляцалася.
  Тамара засмяялася.
  — Максім Яўцехавіч, вы што дзіця!
  — Чаму дзіця?
  — Хто гэта, займаючы такую пасаду, прызнаўся б, што перапіў? Начальнікі толькі баржом п'юць... Малако і то ім нельга.
  — Я дрэнны начальнік.
  — Дай божа, каб усе такія былі.
  — Тамара Фёдараўна, гэта не — падхалімаж.
  Пасля сваіх ішлі наведвальнікі. З імі было цяжэй.
  Іх трэба выслухоўваць, бо справы, якія ўваходзяць у кампетэнцыю галоўнага архітэктара, як правіла, заблытаныя, часам, слухаючы іншага прыватніка, не адразу да сэнсу даходзіш — чаго ж ён хоча? Тым больш цяжка слухаць сёння, калі думкі скіраваны на пабочныя дробязі.
  «У прыборы высахла чарніла. Ніхто цяпер не карыстаецца прыборамі, а іх усё яшчэ купляюць і ставяць на сталы»,
  «Боты на жанчыне аднолькавыя па фасону, а прыкметна — розныя па колеру, адзін цямнейшы, другі святлейшы. Яўны брак можа зрабіць моду. Трэба пашукаць прыклады такога парадокса».
  З'явіўся на прыём стары, якога Карнач ведаў даўно. Усе яго ведалі ў выканкоме — гэтага барадатага старавера: тры гады ён абівае парогі ўсіх устаноў.
  Дом яго з добрым садам апынуўся ў квартале новай забудовы. Трэба было зносіць. Але дзед адмовіўся ад кватэры ў новым доме. Ён не мог жыць без уласнай крэпасці, а таму патрабаваў, каб яму збудавалі такі ж дом у Зарэчным раёне, каля лесу, дзе ў той час яшчэ адводзіліся ўчасткі пад індывідуальную забудову. І каб насадзілі сад. Патрабаванні яго ў два разы перавышалі нормы выдаткаў на такі перанос. Запярэчылі фінансісты. Але закон абараняў правы ўласніка. Дзед ведаў законы лепш за юрыстаў. Угаворвалі яго не толькі афіцыйныя органы, але ўласныя дзеці — нічога не памагло: старавер быў упарты, як казёл.
  Ігнатовічу, які ў той час быў старшынёй, абрыдла займацца яго заявамі і скаргамі, і ён рашыў: не чапайце, чорт з ім, няхай застаецца, пачнецца будаўніцтва — сам папросіцца, каб перанеслі ці далі кватэру ў новым доме. Ігнатовіч памыліўся, бо не ведаў, што такое стараверская зацятасць. З двух бакоў агародчыка выраслі пяціпавярховыя камяніцы, а дзед нікуды не просіцца, толькі паверх сеткі, якой абгароджана ягоная крэпасць, накруціў калючага дроту, каб не лезлі дзеці. А калі жыхары кааператыўнага дома напісалі заяву з просьбай знесці прыватніка, стары адпомсціў ім своеасаблівым чынам: перанёс прыбіральню з дальняга кутка саду пад вокны тым, што скардзіліся.
  Максіма гісторыя гэтая некалі весяліла. Калі пачыналі планіроўку квартала, ён настойліва патрабаваў: знайсці сродкі і задаволіць стараверава жаданне перасяліцца ў Зарэчны раён. Яго не паслухаліся. Няхай жа цяпер разбіраюцца тыя, хто хацеў сэканоміць глупства нейкае ў той час, калі планіравалася забудова на мільёны рублёў. Старавер гэты што скула на носе. Але цяпер ужо не толькі ў архітэктуры.
  Старавера абавязалі знесці прыбіральню. Але пакуль дамагаліся, каб ён выканаў рашэнне (міліцыя не ведала, якім чынам гэта зрабіць — далікатная справа), абураныя жыхары зрабілі гэта самі: уначы на трэскі разламалі дзедаву «шпакоўню». І такім паспешлівым дзеяннем пасадзілі старавера, як кажуць, «на каня»: цяпер ён ходзіць па ўстановах, як ісцец, а не як адказчык. І падобна на тое, што суцяжніцтва зрабілася сэнсам яго жыцця.
  Максім на пачатку стараверскай эпапеі заўсёды гаварыў з дзедам з вясёлым гумарам, цярпліва, часта не толькі пра канкрэтную справу, а наогул пра жыццё; цікавіла філасофія такога барадача, які, прапаведуючы веру ў бога, у той жа час цудоўна ўмеў прыстасавацца да новых умоў, выдатна вывучыўшы законы, якія абаранялі яго грамадзянскія, маёмасныя і ўсе іншыя правы.
  Старавер ведаў, што галоўны архітэктар дамагаўся пераносу яго «цытадэлі», да таго ж умеў уважліва выслухаць і пагаварыць пра жыццё, таму ў іншых установах ставіў Карнача ў прыклад: маўляў, адзіны начальнік, які разумее простага чалавека. Напэўна, рабіў гэта з хітрасцю: займець аўтарытэтнага абаронцу на будучае, бо ведаў, што не адзін год яму судзіцца з гарадскімі ўладамі і новымі суседзямі.
  Максім спачатку амаль узрадаваўся, убачыўшы знаёмую бараду. Дзед не пазбаўлены гумару, з ім можна весела пагаварыць, трохі пацешыцца і забыцца на ўсе сур'ёзныя праблемы
  Але старавер пыхкаў гневам і патрабаваў, каб архітэктар тут жа паехаў і паказаў, дзе ж, на якім месцы мае права ён, гаспадар участка, адгарадзіць месца для неадкладнай патрэбы, у іншым месцы ён будзе шукаць сродак, як прымусіць «фуліганаў» з вялікага дома аднавіць разбураную пабудову.
  Максім адразу адчуў, што гнеў старавера — дымавая заслона, на самай жа справе барадаты тып гэты здзекуецца з законаў, будаўнічых парадкаў, рэгламентацыі і з яго, галоўнага архітэктара, таксама. Падумаў! якімі смярдзючымі справамі трэба займацца! І тут жа ўспомніў Ігнатовічаў папрок і гісторыю свайго змагання, каб галоўны архітэктар быў галоўным у тым, што мае дачыненне да архітэктуры. І раптам здалося, што перамога, якой ён некалі радаваўся і якой хваліўся перад калегамі, уяўная, што нічога не змянілася і роля яго — вось якая, уся сутнасць яе ў гэтай «стараверавай справе».
  Дэпрэсія, што зрабіла яго абыякавым да ўсяго на свеце, раптоўна перайшла ў незадаволенасць і злосць. На каго? На гэтага старога? На яго таксама. І на сябе. На сваю пасаду.
  Максім сціснуў падлакотнік крэсла і ўтаропіўся ў паперы на стале, каб не глядзець у нахабныя масляністыя вочкі старавера, на яго зусім малады, без маршчын, лоб — адзінае месца, што не зарасло поўсцю.
  — Слухайце, Маслабоеў,— і тут жа падумаў: «Прозвішча — як знарок прыдуманае».— Вам жа прапаноўвалі каналізацыю. У доме вашым хапае месца...
  — Паскудства гэтае вялікае і агіднае богу — нужнік у хаце. У маёй хаце святы дух жыве.
  — Значыцца, ваш дух і святы дух не ўжываюцца побач? І таму вы свой дух падсунулі людзям?
  Маслабоеў на момант сумеўся. Але тут жа загудзеў, дакорліва ківаючы галавой:
  — Нядобра, начальнік, смяяцца са старога чалавека і з яго веры. Веру маю вам усё адно не пахіснуць. Я ведаю, што бог прынімае з таго, што робіцца цяпер на зямлі, а чаго не прынімае.
  — Многа ён вам давярае, бог. Гэта ён параіў вам падсунуць ваш «святы дух» грэшным?
  — Не зневажайце бога, начальнік! Я не за тым да вас прыйшоў. Я скарыўся перад уладай, хоць паступае яна несправядліва. Пакажыце мне месца, і — усё.
  Максім цяжка падняўся з крэсла, ступіў у бок ад стала; ён кіпеў, але стрымліваўся:
  — Ведаеце што, Маслабоеў?
  — Што?
  — Сядайце на маё месца...
  Старавер, як бы адчуўшы падэсць, таксама насцярожана ўзняўся:
  — Не трэба мне ваша месца. Я сяджу на сваім, дзе бог пасадзіў.
  — Не! Сядайце! І пашліце мяне..»
  Маслабоеў не абразіўся, не абурыўся. Ён, бадай, узрадаваўся, што вывеў з цярпення яшчэ аднаго прадстаўніка ўлады, самага цярплівага, і што будзе магчымасць напісаць яшчэ адну скаргу. Вочкі яго, здавалася, ажно закруціліся, і ён закрычаў фальцэтам:
  — Так! Так! Так! Вось так, значыцца, гавораць з савецкім чалавекам?
  Больш Максім стрымацца не мог — грымнуў на ўвесь гарсавет:
  — Ты — савецкі чалавек? Кулак ты, хапуга, ханжа і паклёпнік!
  Старавера што ветрам здзьмула. Успамінаючы пасля, як той кінуўся да дзвярэй, з якім маладым спрытам, Максім смяяўся. Але тады было не да смеху.
  
  * * *
  Старшыня выканкома Кіслюк да гарсавета быў сакратаром сельскага райкома і, напэўна, адтуль прынёс нязвыклы для такой установы стыль у працы. Старшыні не сядзелася ў кабінеце. Нават сваіх непасрэдных падначаленых ён рэдка выклікаў у кабінет, часцей ішоў да іх, у аддзелы. Між іншым, некаторыя лічылі, што гэта разумная хітрасць: старшынёўскія паходы моцна дысцыплінавалі людзей. Цяпер ніхто ў рабочы час не гуляў у шашкі, бо Кіелюк мог наскочыць у любую самую неспадзяваную хвіліну.
  Таму Максім не здзівіўся, калі ўбачыў старшыню на парозе свайго пакоя. Не здзівіўся, але зусім не ўзрадаваўся: ніякімі справамі займацца не хацелася, з Кіслюком — асабліва. Старшыня быў малады, энергічны работнік, але Максіма здзіўляла і здавалася парадаксальным, што не ў прыклад Ігнатовічу, інжынерумеханіку, Кіслюк, які доўга працаваў у культуры і прапагандзе, быў абыякавы да архітэктурнай эстэтыкі. Чысцейшы функцыяналіст. Для яго бадай усё адно, што парадны фасад палаца культуры, што глухая, без вокнаў, сцяна халадзільніка. Праўда, добра адно: сам ён ведае сваю слабасць, прызнаецца ў ёй і ніколі не навязвае ўласныя густы І разуменне архітэктуры. Цалкам спадзяецца ка галоўнага архітэктара і... на сакратара гаркома.
  — Максім Яўцехавіч, што вы такое сказалі гэтаму барадачу? Ён траха не збіў з ног Зіну, калі тая паспрабавала не пусціць яго да мяне. Ускочыў, як з крука сарваўся, і клікаў на вашу галаву і гнеў божы, і гнеў ЦК, Савета Міністраў... усіх вышэйшых органаў.
  Максім расказаў без цікавасці, неахвотна, абыякавы да самаго факта і да ўсяго таго, што можа вынікнуць з яго. Але Кіслюка расказ яго рассмяшыў. Максім ні разу не бачыў, каб старшыня так залівіста, падзіцячаму, да слёз на вачах, смяяўся,
  — Не, сур'ёзна, так і сказалі?
  — Так і сказаў.
  — Ох, не магу. Яго дух і святы дух не ўжываюцца разам? Ну, насмяшылі...
  — Павел Паўлавіч, здзекуецца ён, стары ханжа, з нас. Ад гэтага не смешна, а сумна. Мы часта няўважліва выслухоўваем, адмаўляем у дапамозе добрым людзям і няньчымся з такімі вось нахабнікамі.
  Кіслюк выцер пальцамі слёзы.
  — Але, смешнага мала. Цяпер хлыне новы паток кляўз. Самае брыдкае — адказваць на скаргі бяздоказныя, паклёпніцкія. Ведаеш, што паклёп, што варта на яго адказаць, як вы адказалі стараверу гэтаму. А нельга,
  — На чарговую кляўзу Маслабоева даручыце адказаць мне.
  — Каб пасля прыехала сем камісій? Не, дарагі Максім Яўцехавіч, нам наканавана заставацца бюракратамі. Так прасцей адхрысціцца і ад бога і ад чорта.
  Максім пільна паглядзеў на старшыню і сур'ёзна, нават сурова адказаў:
  — А можа, паспрабуем застацца людзьмі? Проста чалавекамі.
  Кіслюка, які ведаў, што звычайна Карнач падхоплівае любы жарт і коціць яго, як ком снегу, здзівіла такая празмерная яго сур'ёзнасць. Ён засмяяўся, паківаў галавой.
  — Аднак настрой у вас сёння. Нават боязна пачынаць размову пра справы.
  Максім насцярожыўся:
  — Што там яшчэ? Давайце. Адразу ўсіх жаб. Праглыну. Я не гідлівы. І ўсяедны.
  — Аднак. Хто вам наступіў сёння на мазоль?
  — Забудзьце пра мае мазалі. Я вам падначалены.
  — Вы мяне крыўдзіце, Максім Яўцеевіч. Далібог, я яшчэ не настолькі забюракраціўся, каб размаўляць з вамі так, як вы прапануеце. Я глыбока паважаю ваш аўтарытэт...
  Максім ненавідзеў нястрыманасць людзей і сваю ўласную таксама. Звычайна ён умеў не паказаць яе. Дзіўна, што перад Кіслюком яму не захацелася хаваць свой настрой, прытварыцца бадзёранькім. Але ў той жа час разумеў недарэчнасць такога тону ў размове з чалавекам, які, безумоўна, прыйшоў з добрыхлі намерамі.
  Лагоднай усмешкай папрасіў прабачэння, Аднак усё адно не стрымаўся, каб не адказаць на Кіслюксвы запэўненні з пэўным падтэкстам:
  — Цяпер у любові да мяне клянецца толькі адзін чалавек — Макаед.
  Кіслюк ведаў пра іх адносіны і, пакрыўджаны такім параўнаннем, цяжка ўздыхнуў. Іншае да яго не магло дайсці. А мілі тым, было ў гэтых словах жаданне адвесці зарад на іншы аб'ект, магчыма, на першапрычыну такога свайго настрою. Каб не сустрэча з Макаедам, наведванне Ігнатовіча, і ўся іх размова, напэўна, мела б зусім іншую афарбоўку, іншы сэнс. А яшчэ была ў словах пра любоў горкая іронія.
  Але старшыня не ведаў ні пра яго адносіны з жонкай, ні пра размову ў Ігнатовіча, таму палічыў, што самае лепшае, самае бадай далікатнае — змаўчаць, перапыніць размову аб іх адносінах, аб настроях і перайсці да спраў.
  — Званіў Ігнатовіч. Патрабуе, каб мы садзілі на праспекце, напроціў Лясной, інтэрнат інстытута.
  Максім уцягнуў у лёгкія паветра і затрымаў дыханне. Кіслюк змоўк — чакаў, што архітэктар зараз гнеўна запратэстуе. Але той гэтак жа шумна выдыхнуў паветра і нічога не адказаў.
  Старшыня шчыра прызнаўся:
  — Нічога не разумею. Нават мне, грэшнаму функцыяналісту, як вы ахрысцілі, абсалютна ясна, што ка гэтае месца просіцца нешта манументальнае, а не ардынарная каробка. У будучым — гэта другі цэнтр. Ігнатовіч здзівіў мяне. Такая ўвага да архітэктурнага аблічча і раптам... Пагаварылі б вы з ім.
  — А вы? Вы гаварылі?
  — Спрабаваў. Адказ кароткі: «Няма пытання». Для яго няма пытання. А для нас ёсць. Вы здолелі б больш прафесійна даказаць. Ды вам і прасцей пры вашых адносінах...
  — Сваяцкіх, так? — крыва ўсміхнуўся Максім і сярдзіта выпаліў: — Да вашага ведама, Павел Паўлавіч, я ніколі не вырашаю архітэктурныя праблемы пасваяцку.
  Кіслюк збянтэжыўся:
  — Вы няправільна зразумелі. Перш за ўсё я маю на ўвазе вашу кампетэнтнасць. Ігнатовіч лічыцца з вашай думкай.
  — Павел Паўлавіч, да Ігнатовіча не пайду гаварыць на гэтую тэму. Але пастановы не падпішу.
  — Што ж рабіць?
  — Абысці галоўнага архітэктара — гэта такая дробязь. Не ўпершыню.
  Кіслюк, які толькі ўпачатку на хвілінку прысеў, а потым хадзіў вакол стала, раптам рушыў да дзвярэй. Але пасярод пакоя спыніўся і здалёк ужо зусім па-начальніцку, іранічна, з адчуваннем сваёй улады, паглядзеў на Карнача.
  — Аднак калючы вы сёння. Не датыкнуцца. Не падабаецеся вы мне.
  — Дзякую за шчырасць. Між іншым, я ніколі не стараўся падабацца начальству. Прымайце такога, які я ёсць. Дарэчы, з сённяшняга дня абавязкі вашы ўскладніліся. Цяпер Ігнатовіча пераконваць прыйдзецца вам. Якія праблемы ён яшчэ падкінуў?
  Кіслюк вярнуўся да стала.
  — Гэта ўжо дробязь. Ёсць указанне: дом на Ветранай, які займаюць цяпер геолагі, надбудаваць і перадаць пад выканком сельскага раёна.
  — Што значыць надбудаваць?
  — Да двух паверхаў яшчэ два... Каб размясціць усе аддзелы.
  Максім адчуў, як кроў ударыла ў галаву, быццам звычайная гісторыя з малапрыкметным домам раптам закранула яго ўласны лёс. Але, закранала, бо ў галаве яго даўно жыве архітэктурны вобраз гэтага маляўнічага кутка над ракой — такі, якім ён будзе пасля рэканструкцыі. Гэта адзін з тых вобразаў, што ўзнікае ў бяссонныя ночы. Адзін з тых праектаў, якія нараджаюцца самі па сабе, без заказу, і які напаўняе сэнсам жыццё дойліда. Магчыма, задума ніколі не здзейсніцца, але пакуль яна ёсць, пакуль жыве жаданне і мара — ёсць радасць творчасці, калі можаш даць прастор фантазіі і спланаваць у галаве, збудаваць нешта незвычайнае. У горадзе гэта адзіны куток, дзе ў вайну ўцалелі старыя, семнаццатага — васемнаццатага стагоддзя, пабудовы. Здолець захаваць усё старое, што мае гістарычную і архітэктурную каштоўнасць, і спалучыць яго з новым — задача складаная, цікавая, такую яму яшчэ не даводзілася вырашаць. Дваццаць гадоў ён будаваў толькі новае, руйнуючы рэшткі старога, разбуранага вайной. Так было ў Мінску, так было і тут, у гэтым горадзе.
  Максім імкліва выйшаў з-за стала, сярдзіта рвануў занавесачку на сцяне, зазвінелі кольцы на дроціку, адкрыўся генеральны план рэканструкцыі горада. Ён тыцнуў пальцам у план.
  — Дзесяткі чалавек ламалі галовы, не спалі, спрачаліся, каб распрацаваць яго. І раптам нехта адзін, пачухаўшы левай рукой правае вуха, адным узмахам усё перакрэслівае.
  — Ну, так ужо і перакрэслівае. Адным домам — цэлы план? — паблажліва ўсміхнуўся Кіслюк.
  Максімаву абыякавасць быццам вадой змыла. Уміг вярнуўся яго звычайны стан, знаёмы ўсім: энергічнасць, палымянасць у палеміцы.
  — Чорт вазьмі! Не план. Лепшы раён. Закрэслівае магчымасці рэканструкцыі цэлага раёна. Гэтую старую казарму трэба даўно знесці. Не дазваляла наша беднасць. У такім выглядзе цераз год-два мы яе зруйнуем. А хто дазволіць зносіць, калі мы ўлепім паўмільёна і надбудуем яшчэ два паверхі? Прышыем новы рукаў да старой світкі. І будзе стаяць пачвара, як бяльмо на воку. Закрые перспектыву на раку. Любы геній не знойдзе кампазіцыйнага рашэння раёна, Павел Паўлавіч. Хоць самаго Німейера запрасіце. Што перад такім домам можна пасадзіць? Філармонію, як мы планавалі? Смешна! А цяпер гляньце з другога боку. Ўсе мы гаворым пра транспартную праблему, якая ўжо ўзнікла. А што будзе праз пяць, дзесяць гадоў? У кутку гэтым ужо дзве вялікія ўстановы, каля якіх збіраецца сотня машын. Садзім трэцюю, да якой будуць ездзіць на калгасных грузавіках. Потым, дапусцім, пасадзім філармонію. Наступае час, калі людзі будуць ездзіць на канцэрты на ўласных машынах. Дзе іх паставіць? Знос гэтай «скулы», акрамя таго што адкрывае перспектыву, дае пляцоўку для машын. Няўжо гэта цяжка зразумець? Хто даў такое «мудрае» ўказанне? Ігнатовіч?
  — Сасноўскі.
  — Сасноўскі? Ну, Сасноўскаму я дакажу! Не можа ён не зразумець! Не ў пяцідзесятыя гады мы жывём, каб зашываць прарэхі такім чынам.
  — Вось такі вы мне падабаецеся,— усміхнуўся Кіслюк.
  — Мне патрэбны не вашы кампліменты, а ваша падтрымка! Што вы адказалі на такое патрабаванне? Ёсць? Будзе выканана! Так?
  Кіслюк нахмурыўся:
  — Вы так думаеце пра мяне?
  — А як мне думаць?
  — Каб я сказаў: «Будзе выканана!», то не прыйшоў бы да вас і, між іншым, сумеў бы вас лёгка абысці.
  Сказаў гэта — і выйшаў з пакоя не развітаўшыся. Пакрыўдзіўся. Але Максіма яго крыўда мала кранула. Па-першае, ведаў, што Кіслюк не злапомслівы» А падругое, папрок у нерашучасці, безумоўна, зробіць яго больш ваяўнічым у змаганні за праекты, з якімі ён згодзен.
  У Максіма з'явілася адчуванне, быццам ён атрымаў перамогу, няхай невялікую і пакуль што невядома — над кім. Можа, проста над акалічнасцямі. Сутнасць не ў гэтым. Галоўнае — адчуванне такое змяніла настрой, вярнула да актыўнай дзейнасці.
  Ён спыніўся перад планам горада. Ведаў яго на памяць, Але ўсё адно любіў вось так пастаяць і паглядзець. Так найбольш яскрава ўзнікаў у галаве вобраз будучага горада ва ўсёй паўнаце планіровачных кампасіцый. Быццам бачыш свой горад з вышыні. Праз колькі хвілін спусцішся вось сюды, у новы аэрапорт. І табе належыць вырашыць, куды ты паедзеш, што табе захочацца паглядзець пасля нядоўгай разлукі. Праспект Міру? Алею Герояў? Новы парк? Зарэчны раён? У Віцькі Шугачова выдатная ідэя гэтага раёна. Дэталі вырысоўваюцца ўжо на лістах ватману. Віктар працуе, упэўнены, што ён, галоўны, даможацца асігнаванняў на эксперыментальную забудову. Таму Віктара і спалохаў яго самаадвод. Шугачоў ніколі не капіруе чужое, не гоніцца за модай, ён бывае традыцыйны, аднак рашэнні ў яго заўсёды арыгінальныя — у плане лепшых традыцый айчыннай архітэктуры.
  Дзіўна, Віця так рэдка расказвае пра сваю працу.
  А вось дзеці пайшлі за ім, двое ўжо выбралі бацькаву прафесію. Ён жа столькі расказваў Веце пра архітэктуру. А яна выбрала музыку... Каб сама выбрала! Дагэтуль ён не верыць, што з яе будзе добрая піяністка.
  Падумаў пра дзяцей — і тут жа з'явілася вострае адчуванне віны за тое, што ён не зрабіў штосьці вельмі важнае, што абавязаны быў зрабіць. Не адразу сцяміў — што, перад кім яго віна. Перад Ветай? Не. Перад Верай Шугачовай. За тры дні ён не здолеў пагаварыць з гэтым каштанавым прыгажуном. Да д'ябла ўсе справы! Усе высокія матэрыі! Трэба ратаваць маленькае дзявочае сэрца, адвесці ад яго бяду!
  Ніна Іванаўна спалохалася, убачыўшы Карнача на парозе пакоя сваёй кафедры. Толькі што так па-дурному пазваніў гэты чурбан, яе муж,— і Карнач ужо тут. А лекцый, яна ведала, у яго няма, ён прачытваў свой курс за два месяцы, каб не адрывацца надоўга ад асноўнай працы; рэктарат ствараў яму ўмовы — абы чытаў. Няўжо ўсё ўжо вырашана? А што, калі ён скажа: «Ну, вось я прыйшоў замяніць цябе. Ты скардзілася, што табе цяжка кіраваць кафедрай?» Ніна Іванаўна пахаладзела ад такой думкі.
  А Карнач — увасабленне ветлівасці, галантнасці, весялосці. Як гэта падазрона! Падышоў у паліто, кінуўшы футравую шапку на стол, павітаўся за руку, затрымаў яе руку, любуючыся.
  — Хіба можна ўтрымацца, каб не пацалаваць такую ручку?
  Лабарантка кафедры Роза, верная служка Ніны Іванаўны, яе вушы і вочы, залілася радасным смехам. Павітаўшыся з ёй (больш у пакоі нікога не было), Максім працягваў:
  — Ніна Іванаўна, бульбу ты калі-небудзь абіраеш? Гэта ж трэба ўмець так выпеставаць рукі,— ён агледзеў ладную постаць жанчыны ў новенькім, з іголачкі, простым, але на самай справе вельмі шыкоўным, з густам пашытым, гарнітуры, Мала ў горадзе жанчын, якія ўмеюць так убірацца — проста і прыгожа. Дашу цягне на крыклівую звышмоднасць. Пэўна, Даша адчувае перавагу Макаедзіхі ў густах, таму сябруе з ёй і ненавідзіць яе,
  — А муж у мяне навошта? — без усмешкі адказала Ніна Іванаўна на яго пытанне пра бульбу, усё яшчэ насцярожаная і спалоханая.
  — Няшчасны Макаед! Ды і ўсе мы... Вяртаецца матрыярхат.
  — Па-мойму, гэта вам, мужчынам, хочацца матрыярхату, каб яшчэ больш працы зваліць на нашы слабыя плечы.
  Ніне Іванаўне карцела хутчэй ад галантнай балбатні перайсці да больш сур'ёзнай размовы, якая, магчыма, прасвятліла б яе становішча.
  — Якія навіны ў архітэктуры, Максім?
  — Ніна Іванаўна, багіня мая, усе навіны павінны быць у вас, тэарэтыкаў. А нам, практыкам, няма калі пагартаць часопіс. Сёння адзін барадаты тып патрабаваў, каб я пайшоў паказаў, дзе яму паставіць прыбіральню, прабачце.
  Роза, якая нядаўна далучылася да архітэктуры, любіла размовы пра яе і слухала, разявіўшы рот, але прыбіральня яе зноў рассмяшыла.
  — А высокаму функцыяналісту прыйшла ідэя надбудаваць мікалаеўскую казарму на Ветранай. Можаш уявіць, які шэдэўр мы ўзвялі б.
  У Ніны Іванаўны трохі адлягло ад сэрца: не, здаецца, ён па-ранейшаму заняты сваёй працай.
  — А твайму геніяльнаму Макаеду няма іншага месца, як пляцоўка напроціў Лясной, каб пасадзіць інтэрнат інстытута. Таксама шэдэўр!
  Ніна Іванаўна засмяялася, амаль ужо заспакоеная; сарказм у адносінах да мужа не крануў.
  Але тут жа неспадзявана Максім нанёс трохі не смяртэльны для яе ўдар.
  — Абрыдла мне да чорцікаў гэтая калатнеча. Зайздрошчу вам. Чыстая навука. Бязгрэшныя юныя душы.
  — Дык пераходзьце да нас! — весела прапанавала Роза.— Вас тут з абдымкамі прымуць.
  Не ведала, наіўная душа, што ў адзін міг ператварыла сябе з лепшай сяброўкі і служкі ў ворага сваёй патроншы. Але Ніна Іванаўна не спапяліла яе позіркам: баялася глянуць, каб не выдаць сябе.
  — Скажы, Максім, лепш нам, бабам, сакрэт сваёй маладосці. Гляджу на цябе і дзіўлюся: пры такой цыганскай чарнаце ніводнага сівага воласа.
  — Не сплю на чужых падушках.
  Роза ад смеху спаўзла пад стол.
  — Не думаю, што мой Макаед спіць,— без усмешкі адказала Ніна Іванаўна.
  — Макаеду ты часта мыліш галаву, ад гэтага ён палысеў.
  Узнікла нейкая таемная асацыяцыя, і Ніна Іванаўна засмяялася, хоць у сэрцы было пуста і холадна.
  Роза квактала ад смеху.
  Загадчыца кафедры ўпікнула лабарантку:
  — Роза, вы — як малое дзяўчо,
  Тая ўміг асеклася, бо спалохалася: чаму раптам на «вы»?
  Рэзка зазвінеў электрычны званок. Над галавой і дзесьці далёка ў калідоры затупалі, загрукалі маладыя ногі, ажно на стале забрэнчыла шклянка аб графін. Максім паморшчыўся: лёгкія жалезабетонныя канструкцыі не прыгодны для будынкаў, дзе збіраецца столькі людзей,— дрыжыць усё, дае рэзананс, над галавой грукат, быццам танкі ідуць. У старым корпусе Мінскага політэхнічнага, дзе ён вучыўся, нічога не было чуваць.
  
  * * *
  Вадзіма Кулагіна ён знайшоў, калі ўжо скончыўся перапынак і студэнты сабраліся ў аўдыторыі. Той неахвотна адгукнуўся на запрашэнне выйсці пагутарыць: не хоча прапускаць лекцыі.
  Максім, глыбока схаваўшы сарказм, сказаў зусім сур'ёзна:
  — Прыемна бачыць студэнта, які не прапускае ніводнай лекцыі.
  Пацэліў: Вадзімавы сябры весела засмяяліся.
  Хлопец быў упэўнены, што яго вядуць у дэканат, таму паводзіў сябе трохі нахабна. Здзівіўся, калі Максім прапанаваў выйсці на вуліцу. Здзівіўся і... спалохаўся. Максім дараваў яму нахабнасць, у яго ўзросце шмат хто паводзіць сябе так, гэта неразумная хлапечая форма сцвярджэння свайго гонару, годнасці, незалежнасці. Сам ён, праўда, такім не быў, бо да інстытута армія і вайна інакшым чынам усталявалі, аформілі яго чалавечую годнасць.
  Але ні на вайне, калі штодня глядзелі смерці ў твар, ні цяпер, у час мірнага дабрабыту, Максім нікому не дараваў баязлівасці, таму, убачыўшы, што Кулагін спалохаўся, адразу настроіўся супраць яго.
  Вадзім не хацеў апранацца, мабыць, знарок, каб размова не зацягнулася.
  — Я загартаваны.
  — Я не загартаваны,— з націскам адказаў Максім.— Таму хачу размаўляць на роўным становішчы. Я ў паліто, у футравай шапцы. А ты побач будзеш, што сірата, звяртаць на сябе ўвагу прахожых. Што яны падумаюць пра мяне?
  Вадзім апрануўся.
  Пайшлі па праспекце ў кірунку поля. Яно недалёка: новы інстытут будаваўся на акраіне. Пасля яго збудавання праспект працягнуўся далей: пасадзілі малочны камбінат, каля яго — жылыя дамы. Шмат хто ў горадзе ганарыцца гэтым раёнам. Але не галоўны архітэктар. Ён, Максім, лічыць забудову тут сваім найбольшым паражэннем: занадта ўжо «па-новаму» — шаблонна, звыштыпова. Чысцейшы функцыяналізм. Такія раёны ёсць у кожным горадзе. Адзіная іх якасць, што новыя. А што будзе, калі яны пастарэюць?
  Ён спытаў у студэнта, як таму падабаецца планіроўка раёна і яго архітэктурны воблік.
  Вадзім адказаў:
  — Мне падабаецца. Па-сучаснаму.
  Вось так — каротка і ясна: «па-сучаснаму». Формула ўсёабдымная. Паспрабуй аспрэчыць — якім рэтраградам і кансерватарам ты станеш у яго маладых вачах. Адсталасць. Цемра.
  Таму, пакінуўшы архітэктуру ў спакоі, Максім без усякіх подступаў спытаў пра галоўнае:
  — Ты кахаеш Веру?
  Вадзім не здзівіўся, быццам чакаў такога пытання.
  — Гэта мас дачыненне да архітэктуры?
  — Гэта мае дачыненне да лёсу будучага архітэктара. Між іншым, ёсць непарушны закон, ён не запісаны ў маральным кодэксе, але вынікае з яго: перш чым стаць добрым спецыялістам у якой-небудзь галіне, трэба стаць чалавекам. Проста чалавекам.
  Але тут жа апякла думка:
  «Заўтра ён даведаецца, што я разводжуся з жонкай, і можна ўявіць, як вытлумачыць мае словы».
  Вадзім памаўчаў хвіліну і адказаў нават нібыта сарамліва:
  — Мы дружым.
  — Ведаеш, што ад вашай дружбы ў яе будзе дзіця?
  Хлопец спыніўся, каўтнуў марознае паветра, па лбе з-пад шапкі прыгоясых каштанавых валасоў паплыла бледнасць, але не дайшла да шчок — яны не пабляднелі, па-ранейшаму свяціліся здаровай ружовасцю.
  — Адкуль вы... ведаеце?
  — Я — сябра сям'і.
  Ён устрапянуўся, і бледнасць паплыла ніжэй,
  — Яе бацькі ведаюць?
  — Пакуль што не.
  — Адкуль жа вы?..
  — Мне сказала Вера.
  Вусны яго скрывіліся ад агідненькай ухмылачкі, і бледнасць папаўзла назад, угору»
  — Чаму раптам такі давер?
  Максіму зрабілася брыдка ад яго подленькага падазрэння. Каб размова ішла аб лёсе яго ўласнай дачкі, то бадай на гэтым ён спыніў бы дыялог з такім «жаніхом». Але Веру такая развязка мала парадуе. Гэтай закаханай авечцы трэба памагчы выйсці з яе цяжкага становішча з найменшай душэўнай траўмай. Ды і ўсім Шугачовым — Полі, Віктару... Нарэшце, трэба ісці ад таго, што няма людзей безнадзейных, тым больш не безнадзейны гэты хлапчук, у добрых руках — а ў Шугачовых рукі добрыя — ён яшчэ можа стаць чалавекам.
  — Чаму такі давер — табе, відаць, зразумець цяжка. Але ты мог бы ведаць з яе расказаў, што я нёс яе з раддома, калі яна нарадзілася. Няньчыў, калі ёй было год, два, тры... Існавала некалі такая сваяцкая катэгорыя — хросны бацька. Часта гэта быў духоўны бацька. Яму, асабліва калі ён да таго ж блізкі сябра сям'і, дзеці давяралі больш, чым родным бацькам. У цябе не было такога чалавека?
  Вадзім маўчаў.
  — Уяўляеш яе душэўны стан, калі яна пайшла на тое, каб прызнацца мне ў сваім няшчасці? Хоць па логіцы для жанчыны гэта павінна быць радасцю, шчасцем...
  — Што? — мабыць, Вадзім думаў пра нешта іншае і не злавіў сэнсу яго слоў.
  — Тое, што яна будзе маці.
  — Ну, не вельмі гэтаму радуюцца ў наш час.
  У Максіма засвярбелі рукі, але ён схаваў іх у кішэні паліто.
  Студэнт дастаў цыгарэты, пстрыкнуў прыгожай запальнічкай. Дым пацягнула на Максіма, і яму таксама моцна захацелася закурыць. Але сваіх цыгарэт не было — знарок не насіў, каб не мець лішняй спакусы.
  Бестактоўнасць студэнта — закурваць без дазволу — апраўдаў: відаць, хвалюецца, а калі хвалюецца — значыцца, не скончаны цынік.
  Максім палагаднеў:
  — Думаю, ты ведаеш, што ў такім выпадку робіць мужчына?
  — Што робіць? — наіўна спытаў студэнт і закашляўся, захлынуўшыся цыгарэтным дымам.
  — Няўжо не ведаеш? — з іроніяй спытаў Максім.— Я маю на ўвазе сапраўднага мужчыну. У якога ёсць сумленне. Гонар. Спадзяюся, што ты такі мужчына.
  Вадзім не адказаў адразу.
  Максім даў яму падумаць — не паспяшаў.
  — У мяне ёсць бацька і маці, і я паважаю іх. Я нічога не рабіў без іх дазволу. А яны супраць маёй жаніцьбы.
  — Тваю павагу да бацькоў хвалю. Ты гаварыў з імі?
  — Бацька сказаў: жэнішся — жыві як хочаш. А як я пражыву, пакуль вучуся?
  Максім адзначыў, што Вадзім не адказаў на яго пытанне, ці гаварыў ён з бацькамі пра Веру. Ён спасылаецца на бацькавы словы, якія маглі быць сказаны год і два назад за вячэрнім чаем, гэта тыя словы, якія гавораць многія бацькі з канкрэтнае нагоды і проста так — дзеля мужчынскага збліжэння з сынам, папярэджання ці ад жадання выказаць жыццёвую «мудрасць».
  Каб Максім адчуў Вадзімаву шчырасць, то паабяцаў бы і яму, як Веры: «Я пагавару з тваімі бацькамі». Так і думаў, калі ехаў у інстытут. Але ў часе размовы пераканаўся, што прычына не ў бацьках ці ва ўсялякім разе — не толькі ў іх. Перад ім стаяў малады рацыяналіст, які ўжо навучыўся класіфікаваць свае пачуцці на выгодныя і невыгодныя для яго. Прыгожымі словамі, эмацыянальнымі заклікамі яго не пераканаеш.
  — Як жа жывуць іншыя?
  — Нямногія студэнты жэняцца. А якія жанатыя, то так і жывуць.
  — А ты прывучаны да салодкага жыцця?
  — Я жыву ў інтэрнаце, як усе.
  Асмялеў і адбівае ўдары трапна.
  — Што ж ты раіш Веры? Што ёй рабіць?
  Студэнт злосна кінуў недакурак на лёд у канаве.
  Асфальтаваны тратуар скончыўся, яны спыніліся, быццам перад імі вырасла перашкода. Вадзім першы павярнуў назад, як бы падкрэсліваючы, што яму абрыдла размова, што варта канчаць яе. Паглядзеў на Максіма нахабна, дзёрзка і — здалося — насмешліва. Пераможцам паглядзеў.
  — З Верай мы самі дамовімся. Без вас.,
  Во як загаварыў!
  Максіма перасмыкнула, але ён разумеў, што ў такой сітуацыі, з такім чалавекам спакой — самая моцная зброя.
  — Гэта разумна — дамовіцца вам самім. Але ведай: Шугачовы не тая сям'я і Вера не тая дзяўчына, дзе гэта можна вырашыць так, як — я адчуваю — табе хочацца. Не, дарагі мой малады калега! За ўсё трэба адказваць. За ўсе нашы архітэктурныя і жыццёвыя прамашкі. Але ў даным выпадку высокая адказнасць дасць табе шчасце на ўсё жыццё.
  Ён паглядзеў на Вадзіма: калі той скептычна ўсміхнецца на яго словы, трэба будзе паварочваць размову ў іншы бок, і тады ўжо няхай не чакае далікатнасці і літасці. Не, студэнт быў задумліва-сур'ёзны. Значыцца, не сумняваецца, што Вера тая дзяўчына, з якой можна будаваць шчасце.
  — Я пагавару з бацькамі.
  Ах, парасё! Мусіў-такі прызнацца, што пра Веру ты з імі не гаварыў, а тлуміў дзяўчыне галаву,
  — Хочаш, я памагу табе?
  Вадзім зноў спалохаўся.
  — Не, не. Не трэба. Я сам...
  Максім адкінуў дыпламатыю.
  — Слухай, хлопча! Ты перада мной не круці... Я цябе бачу наскрозь. І ты мяне ведаеш. Павінен ведаць не толькі як выкладчыка... Май на ўвазе: да Верынага лёсу я не застануся абыякавы гэтак жа, як да лёсу ўласнай дачкі. Зразумела табе?
  Вадзім, як школьнік, кіўнуў галавой.
  — Ну вось. Будзем лічыць, што дамовіліся. А цяпер ідзі і добра падумай. Не паспі ноч, другую... Падумай, як над самым адказным дыпломным праектам. А гэта выдатны праект — запэўняю цябе. Перспектыўны. Вось так. Будзь здароў.
  Студэнт нейкі момант пастаяў перад ім у нерашучасці зноў з белай паласой на лбе, ці то жадаючы нешта адказаць, ці то не ведаючы, як развітацца. Потым хутка, амаль па-салдацку, павярнуўся і пайшоў да інстытута трохі не ўподбег. Крокаў праз трыццаць азірнуўся так, быццам хацеў упэўніцца, ці не гоняцца за ім.
  Максім стаяў і глядзеў яму ўслед. У паветры кружыліся нясмелыя сняжынкі.
  
  VI.
  Ігнатовіч з яго надзвычайнай дакладнасцю І патрабавальнасцю так ушчыльняў працоўны дзень, так нагружаўся працай, што пад канец адчуваў сябе проста спустошаным. Выходзіў ён з гаркома роўна на гадзіну пазней за ўсіх; гадзіна гэтая ў цішыні трацілася на тое, каб спланаваць наступны дзень, падрыхтаваць справы, якія належала вырашаць. Планаваў ён з сур'ёзнасцю камандарма, якому належала правесці адказную аперацыю. Калі па яго прыкладу некаторыя з гаркомаўцаў таксама паспрабавалі заставацца пасля шасці, Герасім Пятровіч даў далікатна зразумець, што ён зусім не лічыць такіх работнікаў лепшымі, проста яны не ўмеюць рацыянальна выкарыстоўваць рабочы час.
  Аднаго ён не любіў — вячэрніх пасяджэнняў і сходаў, на якіх абавязкова трэба было прысутнічаць. Яны выбівалі з рытму , парушалі рэжым, пасля іх ён цяжка засынаў і дрэнна спаў.
  У любое надвор'е ён ішоў дадому пехатой і за гэтыя пятнаццаць мінут адключаўся ад спраў, калі не здараліся такія, ад якіх, нават калі заснеш, не можаш адключыцца. Лізе ён рэдка калі расказваў пра свае справы, хоць жонка яго таксама член партыі, працуе ў аблсаўпрофе, ведае людзей, ведае многія гарадскія праблемы і параіцца з ёй — часам бывае карысна. Але гэта значыла працягваць працу і дома і ніколі не мець адпачынку. Такая перагрузка не паможа працаваць назаўтра з належнай аддачай. Праз гэта ён не любіў, каб і Ліза расказвала пра свае прафсаюзныя справы, бо часта гэта — просьбы, над якімі нельга не думаць і якія трэба вырашаць. З даўніх часоў, калі яны яшчэ абое працавалі ў камсамоле, у іх устанавілася амаль непарушнае правіла: дома, за вячэрай, у ложку, каля дзіцячай калыскі,— толькі свае, сямейныя, праблемы, больш ніякіх; праца ёсць праца, дом ёсць дом.
  Герасім Пятровіч лічыў, што гэта разумнае правіла, яно ратуе ад эмацыянальных перагрузак, асабліва цяпер, калі ўжо ў кішэні прыходзіцца насіць валідол; яно, правіла такое, дае магчымасць дома добра адпачыць, каб на другі дзень з'явіцца ў службовы кабінет здаровым і бадзёрым.
  Ігнатовіч мінуў завулак, у якім стаяў дом, дзе ён жыў, і пайшоў да парку, каб пагуляць колькі лішніх мінут. Добры вечар быў. Пайшоў ціхі сухі сняжок. У парку гучала музыка. Сёння ён даў указанне, каб тут залілі яшчэ адзін каток, бо дзеці ідуць на раку, як толькі яе скуе лёд, і ў мінулым годзе здарыўся няшчасны выпадак.
  Падумаў аб ініцыятыўнасці работнікаў, якія адказваюць за адпачынак дзяцей і абавязаны былі раней за яго паклапаціцца пра гэта. Аднак жа да ўсяго трэба даходзіць самаму.
  Герасім Пятровіч уздыхнуў. З галавы не выходзілі словы Сасноўскага, папрок яго. Такі лёс партыйнага работніка. Даволі адной прамашкі, каб зарабіць вось такую «ўдзячнасць». Якая прамашка? У чым? Не хапае яшчэ сакратару гаркома ведаць, як хто спіць з жонкай. Чорт яго ведае, гэтага Карнача! Знешне здавалася, што ўсё прыстойна. Няўжо і Ліза нічога не ведала, ні пра што не здагадвалася? З'явілася злосць ка жонку. Пэўна, з-за гэтага і мінуў ён свой дом: разумеў, што там. прыйдзецца займацца непрыемнай кляўзнай справай. Не ў прыклад іншым мужам, яму зусім не хацелася як можна хутчэй паведаміць пікантную навіну жонцы. Папершае, не той у яго характар. Па-другое, не вельмі гэта, трэба меркаваць, Лізу парадуе. Па-трэцяе... І гэтак далей.
  Але асабліва здзіўляла, што злосць яго на Карнача не расла, наадварот, слабела. Дзесьці ў глыбіні душы нейкае сёмае ці трынаццатае чуццё падказвала: не ён вінаваты. Чым больш думаў пра справу Карнача, тым больш настрайваўся супраць Дашы. Ажыла яго даўняя непрыязнасць да жончынай сястры. Яшчэ тады, у маладосці, яму здавалася, што Даша абакрала ўсіх сваіх сясцёр: самая прыгожая, чортава лялька! Тады, у камсамольскім узросце, ён нават нейкі час зайздросціў Карначу і лічыў, што той павінен быць яму ўдзячны: ён пазнаёміў іх. Але пасля не мог не ўбачыць, што Даша забрала ад Лізы і тыя якасці, якія наўрад ці можна назваць станоўчымі. Ва ўсякім разе, у Лізы з гадамі гэтыя якасці паступова глохлі, а ў Дашы праяўляліся ўсё больш кантрастна. Быў момант, калі зайздрасць да Карнача перайшла ў... жаласлівую, гэткую па-сваяцку добразычлівую, злараднасць: маўляў, усё ў прыродзе, браце, ураўнаважана, калі многа дадзена аднаго, то, як правіла, не хапае нечага іншага.
  Вось праз гэта яму цяжка настроіць сябе супраць Максіма. Але разам з тым сітуацыя такая злавала: не да твару партыйнаму кіраўніку душэўная раздвоенасць. Як л«а захаваць сваю заўсёдную аб'ектыўнасць, калі справа дойдзе да бюро гаркома?
  Лёгка Сасноўскаму ўпікаць. Хіба не ведае, што ў сямейных адносінах сам чорт нагу зломіць, пакуль разбярэцца. Аднак прыйдзецца разбірацца не чорту, а яму. Сасноўскі напэўна спытае: што здарылася?
  Герасім Пятровіч уздыхнуў і адмовіўся ад намеру зайсці ў парк, паглядзець, як заліваюць каток. Нехаця павярнуў назад.
  Ліза адразу адчула, што настрой у мужа... не скажаш, што сапсаваны, але ўсё ж незвычайны. Ва ўсякім разе, відаць, нхто здарылася нешта такое, пра што, парушаючы сваё правіла, яму хацелася пагаварыць з ёй. Цікаўнасць яе расла. Але за сталом сядзелі дзеці.
  Васьмікласніца Марына нахабна і бесцырымонна патрабавала, каб ёй купілі такі касцюм для катка, як у Галькі Бадзян.
  — Ды няма ж іх у магазіне, Марына,— угаворвала дачку маці.
  — А вы не можаце пазваніць гэтаму Бадзяю? У яго на складзе ўсё ёсць.
  — Марына! — ласкава папракнуў дачку Герасім Пятровіч.— Я табе казаў ужо! Ты ведаеш мой прынцып!
  — Божа мой! Ды з вашай праведнасці смяюцца! Гэта ўстарэлая форма паказухі. Паглядзіце, маўляў, якія мы!.. Ах, ах! І самі сабой любуецеся!
  — Марына! — Ліза замахнулася на дачку лыжкай.— Сціхні, чортава зелле!
  Герасім Пятровіч нават ужо абурацца перастаў: не ўпершыню дачка выказвае такое. Хацелася хіба адно: зразумець вытокі гэтай філасофіі дзяўчынкі, школьніцы. Яму было балюча ад яе слоў, ён перажываў, як самае цяжкае сваё паражэнне, яе своеасаблівы бунт супраць дамашняй строгасці, У школе Марына лічыцца прыкладнай вучаніцай, а дома быццам усё робіць на злосць.
  Ігнатовіч паглядзеў на сына.
  Дзевятнаццацігадовы Пятро, студэнт гістарычнага факультэта, хлопец удумлівы і сур'ёзны — гонар бацькі, апусціў блізарукія вочы ў талерку і... дзіўна пасміхаўся, здалося, скептычна, насмешліва з маўляў, вось вынікі вашага пурытанскага выхавання, любуйцеся.
  Прыгадалася нядаўняя спрэчка з сынам, калі той пачціва і далікатна, але яўна з перакананнем, спрабаваў даказаць, што ўся прапаганда слаба ўздзейнічае на моладзь, што нейкія іншыя сілы — якія, ён яшчэ як мае быць не асэнсаваў, магчыма, эканамічныя,— нейтралізуюць сілу высокіх і правільных слоў і скіроўваюць імкненні маладых людзей на задавальненне спажывецкіх патрэб. Прыйшлося патраціць нямала энергіі, каб даказаць сыну, што ён памыляецца, робячы такое шырокае абагульненне з асобных фактаў. Цяпер ён падумаў, што гэтае малое чарцянё, што ў няпоўныя пятнаццаць гадоў не прызнае ніякіх аўтарытэтаў і больш чым трэба думае пра анучкі, не такое наіўнае, бясшкоднае — яна дрэнна ўплывае на брата, робіць яго, актыўнага камсамольца, скептыкам.
  Думка такая скаланула, і ён моцна абурыўся не столькі на дачку, колькі на жонку — гэта яна раздурыла сваю пястуння), бясконца патурала, безадказна выконвала яе капрызы.
  Не закрычаў — зашмат будзе гонару, каб ён крычаў. Наадварот, панізіў голас, працадзіў праз зубы:
  — Ты як размаўляеш з бацькамі? Я табе пакажу паказуху! — І да жонкі: — Заўтра каб не бачыў на ёй гэтых чырвоных боцікаў! І футравай шапкі! Ці даўно з гаршка злезла? А ўжо ўбірай яе, як прынцэсу.
  — Боцікі я сама выкіну, яны старыя. А касцюмчык усё адно купіце! — нахабна ўхмыльнулася Марына.— Ваш жа лозунг: задавальняць растучыя патрэбнасці... Дзеля гэтага вы працуеце.
  Пятро, які звычайна, здавалася, пакутліва перажываў падобныя сваркі (і гэта падабалася бацьку), весела засмяяўся. Сынаў смех проста-такі спалохаў Герасіма Пятровіча; здалося, сын траціць да яго павагу, якая радавала, якой ён ганарыўся. На міг ён разгубіўся: як жа паводзіць сябе? Але абурэнне прарвала плаціну спакою і раўнавагі, якую ён узводзіў шмат гадоў на працы і дома, змыла непарушнае правіла — не хвалявацца з-за дробязяў, асабліва сямейных, бо яны заўсёды ёсць і заўсёды будуць, і браць іх да сэрца — не хопіць сэрца.
  Загрымеў на ўсю кватэру, як і многія бацькі:
  — Я зараз задаволю тваю патрэбнасць! Вазьму папругу. Скуру спушчу!
  Але з чартоўкі — што з гуся вада.
  — Будзеш адказваць. Я Сасноўскаму паскарджуся.
  — Пайшла прэч, парасё!
  Марына смела паглядзела на бацьку, падумала, што ёй лепш зрабіць, паднялася, але пагразіла:
  — Ну, добра ж. Вы мяне яшчэ папросіце.
  — Чакай — пакланюся ў ножкі. Я ў школу прыйду і перад класам раскажу пра твае выбрыкі.
  — Прыходзь — павесялі клас, а то нам сумна,— і павольна, горда і незалежна прайшоўшы па пакоі, ляпнула дзвярамі.
  Ігнатовіч кіпеў. Толькі прысутнасць сына стрымлівала яго, а то ён выказаў бы свой гнеў на поўную моц. Гэта ж чорт ведае што таксе! З Ім ужо гадоў пятнаццаць ніхто не адважваўся размаўляць такім тонам. Для тысяч людзей — якіх людзей! — ён высокі аўтарытэт, выхаваўца. А ўласнай дачцэ не можа даць рады. Што ж гэта такое? Хто на яе ўплывае? Што рабіць? Біць, крычаць? Не да твару яму. Адчуваў, што тым, што сарваўся тут, за сталом, толькі ўнізіў сябе перад гэтай малой вяртухай. Ва ўсякім разе аўтарытэт свой бацькоўскі не падняў.
  Ліза ўздыхнула і дакарала:
  — Нельга так, Герась.
  — А як молена? Ты вучыла педагогіку.
  — У дзяўчынкі пераходны ўзрост.
  — Пераходны — пераездны. Гэта ты яе разбэсціла. Убіраеш, як пад вянец. Анучніцы!
  — Вядома, я вінавата. Хто ж яшчэ? Ва ўсім, што не ладзіцца ў доме, вінавата я, А што добра — твая заслуга. У цябе выгодная пазіцыя і дома і на працы: ты маеш права ўзваліць віну на іншых.
  — Працу маю не чапай!
  — Ты сам даказваў, што ўсё ў жыцці ўзаемазвязана,
  — Я тваю жаночую сафістыку ведаю. І сёння не маю жадання выслухоўваць яе,
  Ліза зноў уздыхнула.
  — Вось у гэтым і бяда. То мы не маем жадання выслухаць адзін аднаго. То яшчэ часцей — не маем часу.
  — Добра. Я слухаю. Ты — мудрая. То скажы, што рабіць з гэтай тваёй анучніцай?
  — Не трэба называць нас так. І думаць, як пра анучніц.
  — Усяго? Якая глыбокая мудрасць! А падтэкст, што дыстыляваная вада: купляй нам усё, што мы захочам, задавальняй усе нашы патрэбы, і мы будзем добрымі, будзем паслухмянымі. Ды калі хочаш ведаць, найбольшая пагроза ўсяму святому, за што мы пралівалі кроў, вось у гэтай спажывецкай псіхалогіі. Гэта ж страшна,— ён заціснуў далонямі галаву,— што ў васьмікласніцы няма іншага ідэалу, як касцюм, якім ёй хочацца здзівіць усіх. І гэта мая дачка! Жах!
  — Між іншым, гэта не так трагічна, як табе ўяўляецца. Ты проста дрэнна ведаеш жаночую псіхалогію.
  Пятро зноў замяяўся.
  Бацька паглядзеў на яго здзіўлена і з неўразуменнем: з чаго сын смяецца?
  Хлопец падзякаваў маці за вячэру і пайшоў у той жа пакой, куды нырнула Марына. Некалі пакой называўся «дзіцячай», але цяпер сын, студэнт, меў там права на адзін стол, а спаў тут, у гасцінай, на канапе, пакоем завалодала Марына, супраць чаго ён, бацька, таксама спрабаваў пярэчыць, але без поспеху. Цяпер ён прыгадаў гэта, і пратэст яго супраць жонкі і дачкі ўзмацніўся.
  — Май на ўвазе,— спакойна і разважліва — о, гэтая жанчына ўмела валодаць сабой! — сказала Ліза.— Твае наскокі на Марыну не прыбліжаюць да цябе сына. Ён любіць сястру. Супрацьлеглыя характары цягнуцца адзін да аднаго.
  Сыпанула солі на свежую рану. Дарэчы, не ўпершыню. Ужо колькі разоў казала, што, маўляў, дарэмна ён цешыць сябе радасцю, што Пятро ў захапленні ад яго, бацькі, ад яго спраў і слоў. Можа, некалі быў у захапленні, але не цяпер. Выходзіць сын з-пад яго ўплыву, а ён не бачыць гэтага ці не хоча бачыць.
  Герасім Пятровіч лічыў, што з боку жонкі бестактоўна папракаць яго такім чынам. Такі папрок кідаў цень не толькі на яго як на бацьку, добрага сем'яніна, але і як на партыйнага кіраўніка. Гэта балюча закранала.
  Раптам успомнілася ранішняя размова з Карначом, яго прызнанне. Упершыню падумаў: а ці варта асуджаць Максіма? Гэтыя чортавы бабы любога могуць давесці. І тут жа зразумеў, што мае сродак, каб нанесці жонцы адказны ўдар не меншай сілы.
  — Не рабі з сябе вялікага псіхолага. Псіхалогія твая на ўзроўні вашай прафсаюзнай работы.
  Ліза абурылася:
  — Ну, ведаеш! Як ты кіруеш — так мы працуем.
  — Прэтэндуеш на глыбокае веданне псіхалогіі, а дагэтуль не знаеш, што родная сястра разводзіцца з мужам.
  Ліза аслупянела, застыла з бруднымі талеркамі, якія хацела несці на кухню.
  — Якая сястра?
  — Ды ўжо ж не Марфа ў шэсцьдзесят гадоў.
  — Даша?! Што ты плявузгаеш?
  — У мяне быў Максім. Заяўляў афіцыйна. З-за гэтага ён адвёў сваю кандыдатуру ў гарком.
  — Не... ты сур'ёзна?
  — Не, мне хацелася пажартаваць пасля мілай размовы з дачкой і... з табой.
  — Божа мой! На каго пакрыўдзіўся! На нас з Марынай. Пасаромейся, Герасім! Што ў іх там здарылася?
  — А гэта я ў цябе хацеў запытаць. Ты — сястра.
  Ліза паставіла талеркі на край стала, апусцілася на крэсла, знясілена па-жаночаму ўраніўшы рукі.
  — Ты мяне ашаламіў. Такое каханне! Усе зайздросцілі. Адна я адчувала...
  «І тут яна мудрэйшая за ўсіх»,— падумаў Герасім Пятровіч, але змаўчаў.
  — ...і не любіла гэтага цыгана, які зіркаў на кожную спадніцу.
  — Ты адразу знайшла вінаватага. А я скажу табе, што сястрычка твая таксама цаца. Мяшчанка. Анучніца. Вунь яны, гены, праявіліся,— кіўнуў ён на дзверы пакоя, дзе знаходзіліся дзеці.
  Ліза не пакрыўдзілася. Разумела, што сварыцца зараз з мулгам невыгодна ва ўсіх адносінах.
  — Аднаго не магу зразумець... Адкуль страсць да анучак у Марыны, яшчэ неяк можна растлумачыць. А вось адкуль яна ў дачок такога галадранца, якім усё жыццё быў ваш бацька,— гэтага зразумець немагчыма ніякаму псіхолагу.
  Нават такі яго выпад супраць іх усіх і нават у пэўным сэнсе супраць іх бацькі-нябожчыка Ліза даразала мужу. Моўчкі згадзілася, што ёсць у іх такая слабасць, і па-свойму вытлумачыла яе:
  — Ад беднасці, напэўна, былой. Супрацьлеглыя крайнасці часта прыводзяць да аднаго і таго ж. Я паклічу Дашу сюды. Зараз жа. Добра, Герась?
  — Рабі як хочаш. Твая сястра.
  — Калі ласка, не рабі выгляд, што цябе гэта мала цікавіць. Я ж разумею: табе гэта яшчэ больш непрыемна, чым для мяне. Ты не толькі быў звязаны з гэтым... гора-архітэктарам па рабоце. Ты сябраваў з ім.
  — Карнач не гора-архітэктар, а сапраўдны архітэктар. Захоўвай, калі ласка, аб'ектыўнасць. Невядома яшчэ, хто з іх больш вінаваты.
  Даша з'явілася праз паўгадзіны, не больш, пасля Лізінага званка. Герасім Пятровіч не паспеў прачытаць артыкул у «Экономической газете», як пачуў яе малады, радасны смех. Ёй адчыніла Марына. Ён пачуў, як яны пацалаваліся, як Даша сказала:
  — Любоў мая — мая пляменніца. Марыначка! Ягадка мая! Цвіці на зайздрасць нам, старым. На гора жаніхам.
  Герасім Пятровіч незадаволена падумаў:
  «Трэба адгарадзіць дачку ад яе любові».
  Марына гэтак жа задаволена смяялася і прыглушаным голасам казала кампліменты цётцы, нейкай яе абнове.
  Але выйшла з кухні Ліза і... не словамі, відаць, знакамі спыніла шумную радасць цёткі і пляменніцы.
  Ігнатовіч яшчэ больш настроіўся супраць жанчын і галоўным чынам супраць Дашы: бабе пераваліла за сорак, а ў галаве — адны ўборы.
  Ён падняўся з канапы, надзеў на плечы падцяжкі, зашпіліў сарочку. Хацеў было выйсці са спальні ў агульны пакой, але на паўдарозе спыніўся. Падумаў: па-першае, не трэба так сустракаць гэтую жанчыну, а то атрымаецца, што паклікаў яе сюды ён, а не сястра: па-другое, там за сталом, размова можа набыць амаль афіцыйны характар; па-трэцяе, Марыне лягчэй будзе падслухоўваць, пра што яны будуць гаварыць. Ад Марыны, безумоўна, нічога не схаваеш, але ўсё ж...
  Спальня ў іх трохпакаёвай кватэры была адначасова і кабінетам: тут стаяў пісьмовы стол, мяккае крэсла і канапа, на якой можна было адпачыць вось так — у верхнім адзенні.
  Герасім Пятровіч не любіў мяккія хатнія «шлёпанцы». Абуў лёгкія летнія чаравікі. Але яны ссохліся — рэдка абуваў — і «загаласілі» на ўсе лады. Ён застыў на месцы, прыслухаўся да таго, што робіцца ў калідоры. Галасы там прыглухлі, але Марынін смех звініць. Значыцца, у Лізы хапае розуму не рыхтаваць сястру да размовы з ім у прысутнасці дачкі. І ўсё ж яго непакоіла, што яны не ўваходзяць так доўга. Калі жанчыны зайшлі на кухню, Герасім Пятровіч ледзь стрымаў сябе ад жадання пайсці туды, каб перашкодзіць ім змовіцца. Вельмі хацелася пабачыць, як павядзе сябе Даша, пачуўшы аб прызнанні мужа.
  Няўжо шэпчуцца на кухні, каб выпрацаваць агульную тактыку? Дарэмна ён не папярэдзіў Лізу. Не хочацца ж уніжаць сябе з'яўленнем на кухні. Чаго добрага, яшчэ зноў сутыкнешся з малой непаслухмянай, што лезе ў любыя размовы дарослых.
  Не, Ліза разумела жаданне мужа і прывяла Дашу ў спальню, папярэдне нічога не сказаўшы ёй.
  Герасім Пятровіч адразу адзначыў, што Даша адзелася нібыта знарок для такой размовы. Спадніца па новай модзе — максі, белая кофтачка з чорным бантам, боцікі ка шнурках. Чэхаўская гераіня. Дама з фільмаў па апавяданнях вялікага майстра і псіхолага. «Вольга Іванаўна з «Вяртухі» — вось хто яна»,— нядобразычліва падумаў ён, каб настроіцца ка адпаведны лад.
  Даша заўсёды праяўляла да яго асаблівую павагу, здавалася, нават трохі палохалася і бянтэжылася. Ігнатовіч адчуваў, што гэта звычайная жаночая хітрасць, але яму было прыемна.
  Цяпер яна таксама павіталася за руку і заружавелася, як дзяўчынка.
  — Прабачце, Герасім Пятровіч, што перашкодзіла вам адпачываць,— і да сястры: — Можа, ка кухні пагаворым?
  — Ды не, пагаворым тут,— строга адказаў Ігнатовіч і ўбачыў, што ўпершыню яна спалохалася шчыра, і гэта чамусьці не падабалася яму больш, чым прытворства яе.
  Разумеў, што нядобра настройвацца супраць чалавека, не ведаючы яго віны. Нядобра, урэшце, і непастаянства перакананняў. Удзень ён, бадай, быў перакананы, што ва ўсім вінаваты Карнач, такі цыган здатны на ўсё. Цяпер жа, пасля сутычкі з дачкой і жонкай, пачуўшы і ўбачыўшы паказную бадзёрасць Дашы, ён амаль не сумняваўся, што першапрычына сямейнага разладу — у ёй, у гэтай вяртусе, усе інтарэсы якой скіраваны ка сваю знешнасць.
  — Што-небудзь здарылася? — ужо зусім спалохана спытала Даша, ажно вочы расшырыліся і заблішчалі, як у кошкі.
  — Гэта мы хочам спытаць у цябе, што ў вас здарылася,— усё так жа строга сказаў Ігнатовіч.
  — А што?
  — Што ў вас з Максімам?
  — Нічога.
  — Даша! — упікнула сястру Ліза.— Мы ўсё ведаем.
  — Што вы ведаеце?
  — Максім быў сёння ў Герасіма Пятровіча і заявіў, што вы разводзіцеся.
  — Мы?., разводзімся? — спачатку нафарбаваныя вусны яе непрыгожа скрывіліся ад натугі засмяяцца, але смех не атрымаўся, заглох недзе ў горле, і яна спытала сур'ёзна і спалохана, звяртаючыся да гаспадара: — Ён сказаў вам гэта?
  — Але. Афіцыйна.
  Адразу збялелая, бездапаможная, яна агледзела знаёмы пакой, як бы нечага шукаючы. Побач стаяў пуфік, але яна села на засланы ложак, закрыла твар рукамі і заплакала наўзрыд, як малая. Ажно затрэслася ўся. Яўны істэрычны прыступ.
  Непахісны, цвёрдакаменны перад любым напорам мужчынскіх скарг, просьб, патрабаванняў, Ігнатовіч заўсёды здаваўся перад слязамі жаночымі. Не мог заставацца абыякавым, спакойным, калі перад ім плакала жанчына, хоць і ведаў народную прымаўку, што бабскія Еочы — калодзеж мелкі. Адносіны яго да гэтае «персанальнае справы» зноў павярнуліся ў другі бок.
  «Бо да чаго чортаў цыган давёў жанчыну, з якой пражыў больш дваццаці гадоў».
  Ліза села побач з Дашай, абняла яе за плечы, суцяшала:
  — Супакойся, калі ласка. Ну, супакойся. Што за глупства! Як маленькая! Скажы, калі ласка, якая трагедыя! Што ў цябе — куча малых дзяцей? Не раскісай, прашу цябе. Па-першае, не ўсё яшчэ страчана... Мы яшчэ з ім пагаворым...
  Але словы не супакоілі, наадварот, сталі прычынай новага ліўня слёз, новага прыступу істэрыі.
  Ігнатовіч выйшаў на кухню і вярнуўся са шклянкай халоднай вады.
  Даша пакорліва ўзяла ваду, піла маленькімі глыточкамі, як п'юць, калі баяцца прастудзіць горла, зубы яе дробна стукалі аб шклянку... Напіўшыся, яна кулаком выцерла вочы; Ліза тут жа дала ёй хусцінку. Скамячыўшы хусцінку, яна гнеўна патрэсла гэтым кулачком і гнеўна зашыпела:
  — Звер ён! Звер! Дэспат! Тыран! Што ён робіць са мной? Што ён са мной робіць? Я маўчала... Я цярпела... Я — нікому ні слова. Роднай сястры. Вам, Герасім Пятровіч! Нікому. Я спадзявалася... што ён прыйдзе да розуму. Не дурны ж чалавек. Не, пакаціўся... пакаціўся. У балота. У багну. Ён жа паўгода не жыве дома. Паўгода. Прыкрываецца, што на дачы працуе. Але я ездзіла, я неаднойчы ездзіла. Няма яго там. Няма. Дзе ён? Дзе? Дзе тая...— яка сказала нецэнзурнае слова,— што прываражыла яго? Дзе ён п'янствуе, распутанае? Бессаромныя яго вочы! Тры дні назад прыйшоў пад раніцу п'яны, на нагах не трымаўся...
  — Максім не трымаўся на нагах? — нават Ліза ўсумнілася, бо ніколі за дваццаць гадоў не бачыла Карнача п'яным, упершыню гэта чула ад Дашы.
  Даша накінулася на яе.
  — Ты не верыш? Прыйдзі паглядзі. Прыйдзі паглядзі! — і зноў залілася слязамі.— Ён усіх вас заваражыў. Вы ўсе за яго! Ты таксама на яго малілася!
  Лізе зрабілася няёмка перад мужам.
  — Ну, што ты плявузгаеш? Калі я на яго малілася? Думай, што гаворыш!
  — Заваражыць ён можа. Усіх, хто яго дрэнна ведае. Жанчын. Мужчын. Дзяцей. Начальства сваё. Ах, які таленавіты! Які дасціпны! Смелы. Абаяльны! Прытворшчык ён! Хамелеон! Дэспат!
  Ігнатовіч нячутна ступаў па сінтэтычным дыване, заклаўшы рукі за спіну, сутуліўшыся, быццам усе яе словы непасільным цяжарам лажыліся на яго плечы. Ён ужо не вельмі ўважліва слухаў сваячку Яго спачатку ашаламілі Дашына злосць і нянавісць да мужа. Няўжо людзі, якія некалі так кахалі адзін аднаго, могуць так узненавідзець? Зразумеў, што наладзіць іх адносіны наўрад ці ўдасца. Але цяпер яго турбавала не гэта. Ён думаў пра сябе, і думкі былі невясёлыя. Не толькі сам ён, але і тыя, хто кіраваў ім, і тыя, кім кіраваў ён, лічылі,— Бедаў гэта, адчуваў,— што ён, Ігнатовіч, разумее людзей, умее распазнаць любога чалавека, вызначыць яго вартасці. Няўжо ж ён так груба, так слепа памыляўся ў чалавеку, якога ведае чвэрць стагоддзя, з якім пасябраваў, палюбіў яго, з кім колькі год разам працуе?
  Згадзіцца, што памыліўся,— гэта маральная катастрофа, самае большае паражэнне, якое іншыя, магчыма, не заўважаць, хіба адзін Сасноўскі з яго праніклівасцю можа ўдарыць яшчэ раз так, як ударыў сёння. Але не гэта страшна, страшна, што сам ён ніколі не даруе сабе такой прамашкі, страшна, нарэшце, што ён страціць... не, ужо страціў такога сябра, з якім можна было пагаварыць на любую тэму, адвесці душу.
  Ён намагаўся захаваць спакой і аб'ектыўнасць. Але ўспомніў словы Сасноўскага і адчуў, як уздымаецца, падыходзіць, як на дражджах, яго абурэнне супраць Карнача.
  Даша высушыла слёзы і ўжо не столькі з гневам, як з нейкім непрыемным смакаваннем, увайшоўшы ў ролю, вылівала бруд ка галаву мужа, прыгадвала драбязу і такія інтымныя рэчы, пра якія жанчыне, якая мае гонар і сумленне, не варта расказваць нават і роднай сястры, а тым больш у прысутнасці мужчыны. Гэта яму не спадабалася, і ён зноў паспрабаваў настроіцца супраць Дашы, але ўжо не знімаючы віну з Максіма:
  «Абое вы добрыя цацы».
  Перапыніўшы яе, спытаў голасам суддзі:,
  — З чаго гэта пачалося ў вас?
  Даша сумелася:
  — Што пачалося?
  — Што... Ну, разлад! — раздражнёна развёў рукамі Ігнатовіч.
  — З чаго? З маёй дурноты!
  — Вось гэта праўда!
  — Герась! — дакарыла яго Ліза.
  — Нічога, Лізачка. Я не баюся прызнацца. Але, з маёй дурноты. З-за таго, што я малілася на яго, як на бога. Ногі абмывала, пальчыкі цалавала. Свету за ім не бачыла.
  — Ну, так ужо і не бачыла! Нешта я не помню, каб ты замуроўвала сябе.
  — Ды я ўсюды, на вуліцы, ка працы, на рынку толькі пра яго думала. Усё жыццё маё было прысвечана яму. Я дачцэ менш увагі аддавала,— і раптам зноў зараўла, як цялушка: — Я... я люблю я-го! Я не хачу без яго жыць!
  Гэта ўжо зусім узлавала Герасіма Пятровіча.
  — Чорт нагу зламає ў вашых адносінах! У мяне галава трашчыць. Дайце мне адпачыць!
  Даша хуценька падхапілася, атрэслася, як качка, вылезшы з вады, абцягнула кофтачку, папрасіла прабачэння і пры гэтым не забылася глянуць у трумо.
  Пасля жанчыны яшчэ добрую гадзіну шапталіся на кухні. Прыглушаныя галасы іх даляталі да спальні і злавалі Ігнатовіча. Лепш, бадай, было б, каб ён чуў, пра што яны гавораць. Ці няхай бы Марына ўключыла тэлевізар. Калі не адагнаць, а сёння талевізар яе не цікавіць. Можа, падслухоўвае размову.
  Ні чытаць, ні спакойна думаць ён не мог. Расло жаданне пайсці і разагнаць сясцёр. Але разумеў, што гэта бестактоўна: самі ж паклікалі Дашу.
  Нарэшце, весела пагаварыўшы ў калідоры з Марынай, Даша пайшла. Ліза, заклапочаная і сумная, вярнулася ў спальню.
  — Падкінулі вы мне праблему,— незадаволена сказаў Герасім Пятровіч, забыўшыся, што не жонка, а ён першы даведаўся і сказаў ёй пра гэтую «праблемную
  Ліза цяжка ўздыхнула, ласкава сказала:
  — Я разумею, Герась, як табе нялёгка. Я ведаю твае адносіны да Максіма. Але ты павінен праявіць цвёрдасць. Распусціўся чалавек. Гіне. Трэба ратаваць у першую чаргу яго самога. Ну, вядома, і Дашу. Ты бачыў, да чаго яна дайшла. А якая высакароднасць! Пакутавала — і ніколі ні слова. Нават мне. Трэба ратаваць сям'ю.
  — Лёгка сказаць — ратаваць. А як гэта зрабіць?
  — Герасім! Няўжо цябе трэба вучыць?
  Не, вучыць яго не трэба. Ён не жадае, каб яго вучыла нават жонка!
  Але праз нейкія паўгадзіны, калі яны ўтраіх (сын пайшоў некуды) сабраліся на кухні выпіць позні чай, Марына трохі не давяла яго да інфаркту, сказаўшы:
  — Дурная яна, мая цётка, калі не можа ўтрымаць такога мужчыну, як дзядзька Максім.
  
  * * *
  Шугачовы прывыклі да Вадзіма. Ён пачаў заходзіць, калі Вера была яшчэ на першым курсе. Паліне напачатку ён не спадабаўся. Яна выказала свае сумненні мужу. Але Віктар верыў сваім дзецям і, можа, таму трымаўся самых дэмакратычных поглядаў на іх свабоду, ва ўсякім разе, лічыў, што непатрэбна і нават шкодна ўмешвацца ў інтымнае жыццё дарослых дзяцей, А таму сказаў Паліне:
  «Выкінь з галавы старасветчыну. А то пачнеш выбіраць жаніхоў на свой густ. А густ у цябе не надта, калі ты выбрала мяне. Абы Веры падабаўся. А ты рыхтуйся прыняць такога зяця, якога выбера яна. І нявестку такую, якую прывядзе Ігар».
  Яна ведала: яе стаўленне да таго ці іншага чалавека вызначала адносіны да гэтага чалавека ўсяе іх сям'і — ад Віктара да Кацькі. Таму была вельмі асцярожнай у праяўленні сваіх антыпатый. Лепш праяўляць сімпатыі — дзеці ад гэтага будуць расці дабрэйшыя. А яна толькі і думала, клапацілася пра тое, каб дзеці выраслі душэўна добрымі людзьмі.
  Праз гэта і Вадзіма прыняла і зрабіла яго сваім чалавекам у доме.
  Устрывожыла яе, што, пасля таго як інстытут пабыў на бульбе ў гэтую восень, Вадзім перастаў заходзіць. І Верыы настрой у апошні час не падабаўся — няроўны зрабіўся яе настрой: то залішне вясёлая, то неўласціва маркотная. А маці — што самы чулы сейсмограф, яна чуе ўсе зрухі любых душэўных пластоў на любой глыбіні. Таму і паскардзілася Максіму. Паліна ўзрадавалася, што прыйшоў Вадзім, Каця абвясціла вясёлым крыкам: — Верка! Жаніх прыйшоў!
  Вера выйшла са свайго пакоя і пляснула Кацьку па мяккім месцы. Кацька прыбегла на кухню, каб паскардзіцца, але маці сцёбнула яе фартухом, праўда, па-мацярынску, не балюча.
  Малую пралазу рэпрэсіўныя меры сястры і маці не супакоілі. Яна легла на падлогу каля Верынага пакоя і прыставіла вуха да шчыліны пад дзвярамі. Размовы яна не чула — гаварылі ціха, а што і чула — сэнсу не разумела. Ды і не размова яе цікавіла. Ёй, дзіцяці тэлевізійнага выхавання, даўно карцела падгледзець, ці хаця б падслухаць, як яны пацалуюцца — Вера і Вадзім. Кацька адчувала б сябе гераіняй, каб ёй першай удалося калі-небудзь за абедам ці вячэрай «парадаваць» сям'ю гэтай звесткай: «А яны цалаваліся! Ага!» І такім чынам адпомсціць Веры за тое, што тая часцей, чым нават маці, шлёпае яе.
  Вера таксама ўзрадавалася, што пасля працяглага перапынку, калі яны сустракаліся толькі ў інстытуце і рэдка хадзілі ў кіно, Вадзім зноў так проста, як раней, у ранні вечар, калі няма яшчэ дома ні бацькі, ні Ігара, прыйшоў да яе. Узрадавалася і спалохалася, бо здалося ёй, што гэты яго прыход павінен вырашыць тое... самае галоўнае.
  Да ачумеласці, як яна прызнавалася сама сабе, кахала яна гэтага каштанавага бога. Вадзім для яе быў асаблівы, не падобны на ўсіх студэнтаў, на ўсіх хлопцаў у іх горадзе: колькі яна ні прыглядвалася — прыгажэйшага з . яго не сустракала. Ён здаваўся амаль незямны.
  Вадзім прывітаўся проста, за руку, як з усімі іншымі. А ёй хацелася прыціснуцца да яго грудзей, паслухаць" удары яго сэрца, пачуць, што яно б'ецца часцей, гэтак жа, як і ў яе, гэтак жа, як і тады, у вёсцы, а пасля на пальчыках дацягнуцца да яго вуснаў, адчуць іх салодкую цеплыню, смешную калючасць барады. Ён кожную раніцу голіцца, а пад вечар у яго барада ўжо калючая. Ад гэтай калючасці ёй чамусьці заўсёды рабілася смешна.
  Не, пасля такога яго прывітання не можа яна кінуцца цалавацца.
  Вера пайшла і павярнула ў дзвярах ключ.
  Вадзім быццам спалохаўся:
  — Навошта?
  — Кацька. Ад яе няма спакою.
  Вадзім разгарнуў трубку яе чарцяжа; скруткі ватману ляжалі на стале, на шафе, на канапе, у кутку на падлозе. Не дзіва — тры архітэктары ў адной кватэры.
  Вадзім спытаў:
  — Твой? — і ўздыхнуў.— Не выйдзе з мяне, мабыць, архітэктара. Рысаваць люблю, а чарціць не люблю. Не хапае цярпення. Гэта, напэўна, павінна быць у крыві. Ад продкаў. Як у цябе.
  Вера адразу зразумела, што ён гаворыць не тое, што яму хочацца сказаць, з-за чаго ён прыйшоў.
  Яна вырашыла памагчы яму. Заглянула ў вочы знізу ўгору, з ласкавай даверлівасцю блізкага чалавека спытала:
  — Вадзік, чаму ты такі?
  — Які?
  — Ну... не такі, як раней. Ты больш не любіш мяне, так? Табе непрыемна страчацца са мной, так?
  — Не выдумляй, Вера. Гэта твая заўсёдная хваравітая падазронасць. І рэўнасць. Але...
  — Што «але»?
  — Мы ж дамовіліся, што ўсе праблемы вырашым самі. Хіба я адмаўляўся ад чаго? А ты... ты прысылаеш да мяне сватоў,— і скрывіўся ад нядобрай усмешкі.— Зусім па-сучаснаму!
  У Веры балюча ёкнула сэрца, адарвалася і ўпала некуды ўніз, у жывот, туды, дзе зараджалася новае жыццё. Ад гэтага ў жываце забалела. Трохі не зрабілася млосна. Жоўтыя кругі паплылі ў вачах. «Божа мой. Які сорам. Якая ганьба! Ён думае, што я паслала... свата. Слова якое! Жах!»
  Пасля размовы з Максімам Яўцехавічам яна ў тую ноч падумала, што зрабіла глупства, даверыўшы яму тайну, якую баялася адкрыць нават маці. Усе наступныя дні яна пакутавала, не ведаючы, што рабіць. Часам ёй хацелася папярэдзіць Вадзіма. Але праз колькі хвілін здавалася, што будзе нядрэнна, калі сталы разумны добры чалавек пагаворыць з ім, пагаворыць шчыра, па-сяброўску. Разы два яна бегала да гарсавета з паморам зайсці да Максіма Яўцехавіча і папрасіць, каб ён — нікому ні слова. Але ад дзвярэй вярталася. Каб ён з'явіўся ў гэтыя дні ў іх кватэры, то яна, напэўна, «адкруціла б» усё назад. Няхай бы ішло само па сабе. Пры любым выніку, напэўна, ганьба была б меньшая, чым цяпер. Паслала свата...
  — Вадзік... зразумей, калі ласка. Я не пасылала свата. У мяне думкі такой не было. Мне проста было
  вельмі цяжка пасля размовы з табой, і я даверылася...
  — Вось гэта больш за ўсё і здзіўляе... Чаму ты даверылася яму?
  — Ну, ведаеш... як табе растлумачыць? Максім Яўцехавіч разумны...
  Вадзім зноў пагана ўсміхнуўся:
  — Ды ўжо ж — не дурань?
  — Ён... ён сябра нашай сям'і. Даўні і самы верны. Ён яшчэ маленькую насіў мяне на руках...
  — А цяпер, часам, не носіць?
  Вера расла ціхмяная, сарамлівая, надзіва далікатная. «Камара не пакрыўдзіць»,— не з ухвалой, а з трывогай гаварыў пра яе бацька. Нават у маленстве яна ні з кім не білася. А цяпер зрэдку шлёпала адну Кацьку, але бяскрыўдна і таму, што ад Кацьчынага штукарства не было ратунку.
  У марах сваіх дзявочых яна ўяўляла, як будзе шанаваць, паважаць Вадзіма, калі яны пажэняцца, слова грубага ніколі не скажа. Хораша жывуць бацька з маці, але ўсё ж зрэдку сварацца. Яна ж верыла ў сябе — у тое, што здолее так жыць з мужам, каб ніколі сур'ёзна не пасварыцца.
  І раптам...
  Абраза ад слоў чалавека, якога яна так кахала, якому гатова аддаць усё сваё жыццё, была такая моцная, глыбокая і такая раптоўная, што на развагу, на роздум не было часу. Вера размахнулася і з усяе сілы ўляпіла каханаму аплявуху. Такую звонкую, што пачула Кацька. І тут жа, абражаная, пакрыўджаная, спалоханая ўласным учынкам, упала на канапу, на скруткі чарцяжоў і наўзрыд заплакала.
  Тады Кацька падхапілася, забарабаніла кулачкамі ў дзверы і гнеўна закрычала:
  — Не смей біць! Не смей біць! Яна табе не жонка яшчэ! Не жонка! Адчыні мне! Адчыні! Я табе пакажу! Рыжы кот! Вось хто ты!
  На крык прыбегла з ваннай, дзе мыла бялізну, Паліна, гвалтоўна адцягнула Кацьку ад дзвярэй. Малая ўпіралася і крычала на ўсю кватэру:
  — Пусці мяне! Пусці! Ён ударыў Верку. Паслухай — Верка плача! Як ён смее? Гад ён! Гэта толькі праклятыя буржуі білі жонак! А яна хіба жонка яму? Рыжы кот!
  Маці было смешна і горка. Да слёз кранула Кацьчына абарона старэйшай сястры, звычайна на пяць разоў на дні яны сварацца то за адно, то за другое і пасля скардзяцца адна на адну. Устрывожылася: што там адбылося за зачыненымі дзвярамі? Няўжо праўда Вадзім мог ударыць Веру? Ці малой здалося? Калі праўда — гэта сапраўды жахліва. Але пайсці да іх у пакой (а Кацька — следам) і пачаць высвятляць узаемаадносіны маладых людзей — гэта было б нізка і непрыгожа. Няхай самі разбяруцца. У яе ёсць іншыя сродкі змагання за шчасце сваіх дзяцей, перш за ўсё — вера ў іх розум, сумленнасць, прыстойнасць.
  Вадзім, атрымаўшы аплявуху, кінуўся было да дзвярэй. Але Кацьчын крык, з. пасля — голае Паліны Мікалаеўны спынілі яго. Вера таксама сціхла, але ляжала ніц, уткнуўшы твар у скамечаны чарцёж, і яе худзенькія плечы сударгава трэсліся ад нямога рыдання.
  Вадзіму зрабілася шкада яе. Да яго нарэшце дайшло, што тое, што ён сказаў,— глупства і вялікая абраза для дзяўчыны. Магчыма, упершыню ён зразумеў, што не ўсюды можна так лёгка і безадказна кідаць словы, як кідаюць яны, студэнты-хлопцы, адзін аднаму ў інтэрнаце, спаборнічаючы ў дасціпнасці. З Верай так нельга. Тым больш нельга тут, у гэтай кватэры, у гэтай вялікай і дружнай сям'і.
  Ён нясмела папрасіў:
  — Вера, прабач. Я неразумна пажартаваў.
  Плечы яе затрэсліся мацней.
  Вадзім стаў ля канапы на калені, дакрануўся да яе пляча, правёў далоняй па галаве, па беленькіх, мяккіхмяккіх, валасах, якія там, у вёсцы, дзе яны выбіралі бульбу, кожны раз хораша пахлі мятай. Вярнулася ранейшая пяшчотнасць, жаданне яе блізкасці.
  — Верачка, любая, прабач. Ну, я дурань. Ёлуп. Эгаіст. Я ж так кахаю цябе. Таму і раўную да ўсіх. Вядома, недарэчна, смешна. Еў, трэсні мяне яшчэ раз. Калі ласка. І давай памірымся. Хочаш, я пайду і зараз жа скажу тваёй маці, што мы пажэнімся? Хочаш?
  Вера імкліва ўзняла галаву, бліснула чырвонымі заплаканымі вачамі.
  — Не! Не хачу!
  
  VII.
  У Мінску было многа спраў. Як заўсёды. Яшчэ ў самалёце Максім распісаў кожную гадзіну нядоўгага дня — куды калі зайсці, дзе якія пытанні вырашаць. З практыкі ведаў, што план такі рэдка выконваўся з пажаданай дакладнасцю, але ўсё ж пэўным чынам дысцыплінаваў і памагаў зменшыць колькасць пустых размоў, непатрэбных пераходаў і пераездаў. Меў на ўвазе вылецець назад вячэрнім самалётам, але, спланаваўшы дзень, убачыў, што гэта немагчыма. Хацелася сустрэцца са старымі сябрамі-архітэктарамі не ў інстытутах, а ў больш інтымных абставінах. За пляшкай віна можна даведацца больш прафесійных навін, чым за тыдзень афіцыйных размоў ва ўсіх установах. Але самае галоўнае — пагаварыць з Ватай. Размова гэтая не будзе падобна ка ўсе папярэднія. Раней заўсёды не хапала часу ні ў яго, ні ў дачкі. «Як жывеш? Як вучышся?» — «Добра. Як там мама?» — «Грошы патрэбны?» — «Тата! Ты задаеш дзіцячыя пытанні, А каму яны не патрэбны, грошы?» — «Але ты выбіраеш па дзве стыпендыі».— «Тата! Кансерваторыя — не інстытут, дзе рыхтуюць бухгалтараў».
  «Гэта ў вас мода — іграць геніяў? Але магу запэўніць, што ты яшчэ не геній. Студэнт, які вучыцца на бухгалтара, траціць не менш энергіі, і есці яму трэба не менш...»
  Не падабалася яму Веціна ўяўленне пра сябе, як пра талент, выключнасць. Засмучалі падобныя размовы. І злавалі. Гэта — ад маці. Варта было пагаварыць з дачкой больш сур'ёзна. Але яна хітра адбівала важкія праблемы лёгкімі жарцікамі і спасылкамі на занятасць. Перамагала яе бестурботнасць. Не, проста ён здаваўся сам: так прасцей, зручней, спакайней. Думаў: адной, дзвюма размовамі, якія б яны не атрымаліся, усё адно нічога не зменіш, характар не палатаеш. З маці яе дваццаць гадоў гаварыў, удзень і ўначы, і не перавыхаваў. Таму гаварыў з дачкой вось так — нібыта і сур'ёзна, а па сутнасці — жартоўна і лёгка, даваў грошы — і вяртаўся з адчуваннем, што бацькоўскі абавязак выканаў.
  Сёння так не можа быць. Для сённяшняй размовы патрэбны час і ўмовы — у калідоры кансерваторыі ці ў інтэрнаце ў прысутнасці сябровак не пагаворыш. Таму размова з дачкой не лезла ў дзённы план. Трэба было заставацца на вечар.
  Канчаўся год. Зрываўся ўвод некаторых аб'ектаў. Урэшце за гэта павінна было адказваць упраўленне капітальнага будаўніцтва. Але яно — абласное, дзіўна, што ў такім гарвыканкоме няма свайго ўпраўлення. Гарадскім уладам балела больш, чым каму, што зацягвалася будаўніцтва бальніцы, спартыўнага палаца, універмага.
  Ігнатовіч і Кіслюк спадзяваліся на «прабіўную» здольнасць Карнача ў будаўнічых справах больш, чым, магчыма, на сваю ўласную, і пры любой яго паездцы ў сталіцу давалі заданні, многія з якіх мелі ўскоснае дачыненне да абавязкаў галоўнага архітэктара. Максім рэдка пярэчыў: яму падабалася прабіваць.
  У гэты раз Ігнатовіч не паклікаў да сябе. Усе даручэнні даваў старшыня гарвыканкома. Ад некаторых з тых даручэнняў, што не ўваходзілі ў яго службовыя функцыі, Максім адмовіўся, чым здзівіў і нават засмуціў Кіслюка.
  Справа будтрэста атрымаць неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Ёсць план, ліміты. Але гісторыя з керамічнай фасаднай пліткай для спортпалаца — двойчы завод прысылаў не тое, што трэба па праекту,— абурала Максіма, таму ён узяўся за гэтую справу.
  Сіла яго як галоўнага архітэктара — гэта прызнавалі ўсюды — была ў тым, што ён умеў дамагчыся, каб будаўнікі выконвалі праекты, а не папраўлялі іх у залежнасці ад наяўнасці матэрыялаў і сваіх магчымасцей. Была, праўда, яшчэ адна прычына, з-за якой яму хацелася выбіць гэтую злашчасную плітку. Палац праектаваў Макаед, гэта, бадай, яго лепшая праца. Макаед доўга чарнеў ад зайздрасці і злосці, што яму не даюць манументальнага аб'екта, а трымаюць ка жыллі, на тыповых праектах, калі творчасцю можа быць хіба што адна прывязка, дзе больш думаеш не пра мастацтва, а пра нудную функцыянальнасць — як размясціць кухні, туалеты. Цяпер Макаед чарнее ад таго, што для свайго палаца культуры ён, Карнач, выбіў першагатунковыя дэфіцытныя матэрыялы, а на яго палац спорту двойчы прысылаюць непрыгодную плітку, выкарыстанне якой, па сутнасці, перакрэслівае рашэнне знешняга вобліка будынка.
  Макаед усюды гаварыў пра гэта так, быццам ва ўсім вінаваты адзін Карнач, быццам ён і Дзяржплан, і міністр будматэрыялаў, і дырэктар завода, які вырабляе пліткі.
  Макаед на ўсё глядзеў толькі з уласнай невысокай званіцы, а ён, Карнач, бачыў больш і ведаў, што факт такі не адзіны, што адставанне ў вынаходстве новых матэрыялаў і асабліва нізкая якасць іх моцна абмяжоўвае творчыя магчымасці архітэктараў.
  Карначу, не менш чым Макаеду, хацелася, каб спартыўны комплекс упрыгожваў адну з плошчаў горада, а не псаваў яе. Няхай Макаед не лічыць яго ворагам. Акрамя таго, што часам крытыкаваў яго праекты, ён, Максім, нічога кепскага яму не зрабіў.
  Але, усё жыццё ён імкнуўся быць аб'ектыўным. Іншая рэч, што гэта не заўсёды ўдаецца. І таму, што сам ён — проста чалавек, і таму, што вакол — таксама чалавекі, самыя розныя, і ўзаемадзеянне паміж імі ў працэсе вытворчасці ніколі не выражаецца простым ураўненнем, формула адносін з людзьмі заўсёды складаная — як у вышэйшай матэматыцы.
  Пры размове з незнаёмымі сакратаркамі ён даўно выпрацаваў тактыку, якую са смехам называў «ашаламленнем праціўніка».
  Увайшоў у прыёмную рашуча з тоўстым партфелем, у якім акрамя папер былі яблыкі для Веты. Ішоў да стала так, што сакратарцы, напэўна, здалося, што чалавек гэты можа не спыніцца і перакуліць на яе стол. У дзяўчыны зрабіліся шырокія вочы. Эфект ашаламлення пачаў дзейнічаць.
  — Галоўны архітэктар Карнач! Далажыце Івану Пятровічу!
  Сакратарка падхапілася і адразу, як спалоханая мыш, нырнула за бліскучыя дзверы міністравага кабінета.
  У Дзяржбудзе, напрыклад, дзе архітэктары, безбародыя і барадатыя, ціхія і шумныя, бываюць штодня, з такога прымітыўнага прыёму пасмяялася б нават кур'ерша. А тут ён падзейнічаў. Архітэктары да міністра будматэрыялаў даходзяць не часта. А дарэмна, падумаў Максім.
  Міністр быў не адзін, сядзелі яшчэ двое; Максім адразу вызначыў: свае, міністэрскія.
  Убачыўшы, што за галоўны архітэктар так настойліва ўварваўся, міністр расчаравана крактануў — ён помніў гэтага архітэктара, які разоў колькі на нарадах уедліва, непачціва крытыкаваў будматэрыялы. Але адступаць не было куды.
  — Я вас слухаю.
  Не, тут нельга сарамліва-збянтэжанае: «Я прашу вас...» Тактыку ашаламлення трэба працягваць да канца. Праўда, у адносінах міністра яна павінна быць інакшай.
  Максім узбіў свой цяжкі партфель на міністраў стол і пачаў вывальваць з яго ўзоры плітак — якая трэба і якую прыслаў завод, а таксама каляровыя, з праекта, здымкі спортпалаца — якім ён павінен выглядаць! Незнарок вываліліся два яблыкі. Максім не разгубіўся.
  — Яблык хочаце? Сам вырасціў.
  Міністр сумеўся, але знайшоў што адказаць — пажартаваў :
  — Гэта што — хабар?
  — За добры будматэрыял не шкада і хабар даць.
  Памочнікі міністра засмяяліся. Міністр з усмешкай узяў яблык і паклаў на газеты на край стала.
  — Ведаеце, Карнач,— сказаў адзін з работнікаў,— вы падобны на факіра.
  — Дарагі калега! Ні адзін факір у свеце не зробіць таго, што мусіць рабіць галоўны архітэктар горада... У наш час... Вы думаеце, ён займаецца творчасцю?.. Ён — выбівала.
  Зноў смех.
  — Вы хочаце даказаць, што мы выпускаем дрэнную плітку? — спытаў міністр, перадаўшы непрыгодную плітку аднаму са сваіх намеснікаў, ад якога, магчыма, у пэўнай ступені залежала якасць керамічных матэрыялаў, бо той — убачыў Максім — прыкметна пачырванеў.
  — Не. Даказваць гэта няма патрэбы. Я проста хачу атрымаць добрую, бо ведаю, што яна ёсць. Справа спецыялістаў разбірацца, чаму побач з добрай...
  — Вы маеце ўяўленне пра тэхналогію?
  — Я быў бы дрэнны архітэктар, каб не ведаў будаўнічых матэрыялаў... Але ніякая тэхналогія не апраўдвае брак...
  — Гэта не брак,— сказаў работнік, разглядаючы плітку.
  — Мы праектавалі з разлікам на той матэрыял, які ўжо быў чатыры гады назад, калі праект зацвярджаўся... Выходзіць, цяпер яго не стала? Куды ж мы расцём? Угору, уніз?
  — Вырасла патрэбнасць. Вы, архітэктары,— што модніцы.
  — А вам не здаецца, што вырас архітэктара!, мастацкі густ і праекціроўшчыкаў, і — што асабліва радасна — народа. Таму і мода мяняецца.
  Тактыку ён выбраў правільную: не прасіць — патрабаваць, наступаць. Не даць ім пачаць скардзіцца на цяжкасці, якіх сапраўды процьма ў прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. У такіх установах любяць чалавеку дасведчанаму расказаць пра свае цяжкасці. Гэта прывабліва, дэмакратычна. Але ён, Карнач, ведае з багатага вопыту, што спагадліва выслухоўваць такія скаргі ці ўключацца ў разважанні наконт таго, што можна зрабіць, каб пераадолець цяжкасці,— небяспечна. Размагнічвае гэта, зніжае настойлівасць, з'яўляюцца не тыя эмацыянальныя кантакты.
  У такіх выпадках лепш утрымліваць ініцыятыву і гаварыць пра свае праблемы, але не скардзіцца на цяжкасці, а расказваць пра сваю прафесію. Больш філасофіі і тэорыі, разважанняў пра тое новае, што нараджаецца ў архітэктуры.
  Так ён і зрабіў. Спачатку пра тое, чаму яны не могуць змяніць знешні выгляд палаца, як будзе вырашацца ўвесь ансамбль плошчы — ён не забыўся захапіць здымкі з генплана. Пасля пра тыя магчымасці, якія адкрые каляровы цэмент, дарэчы, не толькі для архітэктуры, але і для тэхналогіі будаўнічых матэрыялаў. Карацей кажучы, ад тактыкі ашаламлення ён перайшоў да тактыкі «ўзяць зморам».
  Міністр паглядзеў на гадзіннік і, уздыхнуўшы, сказаў памочнікам:
  — Перааформіце іх на Войцеха.
  Больш нічога не трэба было. Пліткі ён ужо зусім далікатна забраў назад, засунуў у партфель. А другі яблык аддаў работніку, які меў дачыненне да плітак.
  — Пакаштуйце. Во якасць!
  Антонаўка ажно свяцілася, налітая бурштынавым сокам.
  У Дзяржбудзе Максім паводзіў сябе зусім інакш. Са сваімі трэба вуха трымаць востра. Свае не даруюць і «перабору» і «недабору» — усё адно як партнёры ў карцёжнай гульні. Правілы жорсткія — літасці не чакай, хоць ёсць тут добрыя сябры і ўвечары ты з імі будзеш піць каньяк і ацэньваць жаночыя вартасці афіцыянткі, што падасць вам позні абед.
  Ведаў ён і яшчэ адно жыццёвае правіла: можаш спрачацца, сварыцца, траха не хапацца загрудкі з начальствам, але ў сакратарак, памочнікаў, інспектараў пакідай пра сябе найлепшае ўражанне, інакш усе твае намаганні будуць марныя, усё, што ты нервамі і крывёй сэрца выб'еш у высокіх асоб, гэтыя людзі, выканаўцы, так «выканаюць», што там у сябе, у сваім горадзе, ты атрымаеш «рожкі ды ножкі». Або тры дні не здолееш трапіць на прыём да чалавека, з якім некалі сядзеў за адной партай і працаваў у адной майстэрні. Не трапіш не таму, што кіраўнік гэты не хоча цябе прыняць. Не, ён сам будзе шукаць цябе, але па становішчу свайму не асабіста, а цераз сакратарак і памочнікаў. А яны не знойдуць цябе для яго, а яго час сплануюць так, што вы размінецеся ў адным калідоры, у адной прыёмнай. А сустрэнецеся — размова будзе такая:
  «Максім Яўцехавіч! Здароў! Дзе ж ты загуляў? Цэлы дзень чакаю. А цяпер прабач. Праз пятнаццаць мінут — лекцыя. Давай заўтра. А каторай гадзіне? У дзесяць я — на Саўміне, у дванаццаць калегія... .У тры хіба? Давай у тры».
  Але ён забыўся, што ў тры — пасяджэнне Камітэта па дзяржаўных прэміях, на якім ён не можа не быць. А сакратарка зробіць выгляд, што не пачула вашай размовы, і не нагадае... І ў цябе змарнее яшчэ адзін дзень, будзеш швэндацца без патрэбы і карысці. А там, у сваім горадзе, чакае воз неадкладных спраў.
  Зусім інакш будзе, калі «маленькія людзі» ўстаноў, у якія часта звяртаешся па службе, ведаюць цябе і любяць. Любоў гэта патрэбна не дзеля задавальнення ўласнага самалюбства, яна патрэбна справе.
  ...Абышоўшы аддзелы, дзе былі людзі, з якімі ён падтрымліваў прыяцельскія адносіны, Карнач за нейкую гадзіну не толькі атрымаў поўную зводку «архітэктурна-будаўнічай пагоды», яе прагноз на бліжэйшае будучае, але і даведаўся пра настрой кожнага з кіраўнікоў, з якімі меў патрэбу сустрэцца. А ведаць настрой чалавека — гэта вельмі важна.
  У прыёмную зайшоў, як свой чалавек.
  — Таццяна Пятроўна, цалую вашу ручку.
  Цалаваць руку ў афіцыйнай установе не абавязкова, і Максім рэдка калі рабіў гэта, але выказаць такі намер не зашкодзіць. Жанчыны, асабліва немаладыя і асабліва тыя, каму не часта ў жыцці цалавалі руку, любяць гэты бяскрыўдны камплімент. Ён ведаў, што Таццяна Пятроўна маці дваіх дзяцей і дома ёй, відаць, нясоладка даводзіцца, але тут, на службе, яна ўпрыгожвае сваё даволі празаічнае жыццё і святочным адзеннем, і далікатнасцю ў абыходжанні з саслужыўцамі, і разумнымі размовамі, і ўсведамленнем карыснасці сваёй сціплай працы.
  — Пакаштуйце новыя цукеркі нашай фабрыкі. Робяцца на экспарт. Куды вашай «Камунарцы» да гэтай кандытарскай навінкі! Букет.
  Жанчына заружавелася трошкі ад няёмкасці — не прывыкла да падарункаў, трошкі ад задавальнення і ўдзячнасці за ўвагу. Не ўпершыню яна ўпотай параўноўвала гэтага архітэктара са сваім мужам і ўнутрана ўздыхала, пакорлівая свайму лёсу. Зайздросціла яго жонцы. Шанцуе ж некаторым бабам!
  — Што вы, Максім Яўцехавіч! Няёмка неяк,— але пакруціла невялікую ярка аформленую каробачку ў руках.— Навучыліся ў нас рабіць! Які цуд! Такую нельга не купіць. Праўда?
  — Я не купляў. Гэта — хабар ад дырэктара фабрыкі. Я ім жылы дом у добрым месцы прывязаў. Я бяру хабар цукеркамі і... круглякамі. Якімі? Ад дрэва. Навошта? О, гэта сакрэт!
  Таццяна Пятроўна паклала каробачку на стол на відным месцы: няхай усе бачаць і каштуюць. Хаваць непрыгожа — эгаістычна і сапраўды нібы хабар які. Паскардзілася:
  — Шкада, што шакалад мне есці нельга. Печань.
  — У вас печань? — здзівіўся Максім.— Адкуль гэтая хвароба ў жанчыны? Няхай мы, мужчыны, праспіртоўваем сваю шматпакутную пячонку.
  — І ў вас баліць?
  — Баліць.
  Печань у яго ніколі не балела, але ён даўно прыкмеціў, што аднолькавыя хваробы збліжаюць людзей; увогуле, гора, бяда, болі збліжаюць, яднаюць мацней, чым радасці.
  Параілі адно аднаму рэцэпты народных сродкаў. Максім акуратна занатаваў рэцэпты ў кніжачку, праўда, на гэты раз — не проста так, для ветлівасці, а падумаўшы пра Віцьку ШугачоЕа, які, пасля зігзага ў дыеце, што здараецца нярэдка, тры дні ходзіць пажаўцелы.
  — Ёсць? — нібы між іншым, кіўнуў Максім на дзверы, якія яго больш за ўсё цяпер цікавілі.
  — У сябе.
  — Адзін? Не вельмі заняты?
  Таццяна Пятроўна панізіла голас да шэпту:
  — Вас прыме. Сорамна яму будзе вас не прыняць. Пайду скажу.
  Намеснік старшыні Камітэта, вядомы архітэктар, чалавек увогуле дэмакратычны, вясёлы і гаваркі, нават шмат у чым фантазёр, неаднойчы здзіўляў кантрастамі свайго настрою. Члены праўлення свайго творчага саюза, яны былі, можна сказаць, у блізкіх адносінах, хоць на «ты» не перайшлі. Але здаралася, што тут, у камітэце, Багдан Вітальевіч не прымаў яго, галоўнага архітэктара горада. Гэта абурала калег. Але Максім не абураўся, і крыўда, якая ўспыхвала ў прыёмнай, хутка праходзіла. Ён лепш, чым хто, ведаў, што такое кіруючая пасада, асабліва для творчага чалавека. А Багдан гэтак жа, як і ён, стараўся спалучаць службу з творчасцю. Акрамя таго, Максім даўно здавалася, што гаварун і весяльчак гэты хавае ад усіх нейкую асабістую трагедыю.
  Ва ўсякім разе, калі Таццяна Пятроўна пайшла ў кабінет, Максім не вельмі яшчэ быў упэўнены, што «богам дадзены кіраўнік», як жартавалі наконт яго калегі, адразу, з ходу, запросіць у кабінет: у аддзеле намякалі на «навальнічную хмарнасць» на іх камітэцкім барометры. Мелі на ўвазе, безумоўна, Багдана, бо старшыня лячыўся.
  Таццяна выйшла з пераможнай усмешкай
  — Прасіў пачакаць мінут дваццаць.
  Не вельмі Максіма ўзрадавала такая «перамога». Але — што зробіш... Трэба працягваць абменьвацца рэцэптамі ад'існуючых і выдуманых хвароб. На шчасце, Таццяна Пятроўна забылася на хваробы і перайшла на іншую тэму — пра афёры ў жыллёва-будаўнічым кааператыве. Пра зладзеяў і хабарнікаў з ЖБК учора з'явіўся фельетон у газеце. Карнач за раніцу ўжо тройчы чуў пра іх — у самалёце, у тралейбусе, едучы з аэрапорта, і вось тут, у прыёмнай. Расказвалі па-рознаму, кожны з расказчыкаў быў надзвычай дасведчаны і кароткі фельетон развіваў у цэлую дэтэктыўную эпапею.
  Багдан Вітальевіч не выклікаў званком, сам адчыніў дзверы, запрасіў:
  — ГІрашу, Карнач.
  Павіталіся каля дзвярэй і селі за стол для нарад, адзін напроціў аднаго.
  — Як жыццё? Як сям'я? — спытаў гаспадар кабінета, правёўшы далоняй па твары, як бы сціраючы санлівасць.
  — Анекдот ведаеце?
  — Ну?
  — Сустрэліся два старыя сябры. «Як здароўе тваёй жонкі?» —«А што табе да маёй жонкі?» — «Ды мне напляваць на тваю жонку. Але я — для ветлівасці».
  Карнач ведаў, што Багдан любіць слухаць анекдоты і расказваць іх, што ўвогуле чалавек ён з гумарам. Але тут атрымалася асечка. Анекдот не выклікаў ніякіх эмоцый. Нават усмешкі. Няхай бы хоць пакрыўдзіўся за непачцівы намёк. Але ўразіла не гэта. Ашаламіла нечаканае пытанне, якое ніяк не магло вынікнуць з анекдота:
  — У вас нелады з жонкай?
  «Няўжо ведае? Адкуль? Якім чынам?»
  Выходзіць, сам сябе завёў у нерат. Цяпер трэба выблытвацца. Для гэтага патрэбны жарт ці больш трапны анекдот.
  — Адносіны з жонкай у нашым узросце добра выказаў ваш сябра ў п'есе. Помніце, што адказвае Моцкін на пытанне, ці любіць ён сваю пасаду? Кажа, як уласную жонку: трохі люблю, трохі цярплю, трохі хачу другую.
  І — зноў міма. У вясёлага, вострага на слова чалавека нават не варухнуліся вусны ад стоенай усмешкі.
  Максім насцярожыўся. Што гэта чалавека так аглушыла, што ён раптам страціў самы каштоўны дар прыроды? Не дарэмна ў аддзеле сказалі пра «навальнічную хмарнасць». Але і навальніцы не відно. Нейкі мёртвы штыль. Прыйдзецца адкласці жарты на лепшы час.
  Без уступу і «мосціка» Карнач пачаў выкладаць справы, з якімі прыехаў.
  Некалі на пачатку сваёй дзейнасці на пасадзе галоўнага архітэктара ён абураўся, што трэба ўзгадняць у рэспубліканскіх інстанцыях дробязі — пытанні, якія, па здаровай логіцы, цалкам належалі да кампетэнцыі гарадскіх улад. Але цяпер звыкся і навучыўся лёгка праштурхоўваць усе такія пытанні.
  Знос казармы на Ветранай — па сутнасці такая ж дробязь. Але пасля ідэі Сасноўскага надбудаваць гэты дом і пасля сутычкі з Кіслюком — для Максіма пытанне гэтае нечакана перарасло ў прынцыповае. «Дробязь» закрэслівала яго даўнюю задуму, замінала рашэнню «вузлавога» квартала.
  Каб лягчэй было даводзіць сваім, ён вырашыў пачаць зверху, з атрымання дазволу Дзяржбуда на знос дома, які сядзеў скулой у цэнтры раёна і замінаў новай планіроўцы. Ведаў з вопыту: рашэнне вышэйшай інстанцыі жыццятворна дзейнічае на мясцовых кіраўнікоў. Рашэнне вышэйшай архітэктурнай інстанцыі, хоць яно часам прыпінаецца другарадным служачым Дзяржбуда ці Белпраекта, памагае лепш, чым усе самыя глыбакадумныя і абгрунтаваныя аргументы мясцовых архітэктараў. Бо для некаторых там, у горадзе,— што такое Шугачоў, якога сустракаюць у нязменным старэнькім паліто і з авоськай, у якой бутэлькі малака? Паспрабуй даказаць, што Шугачоў — адзін з лепшых спецыялістаў у рэспубліцы. Якія могуць быць прарокі ў абласным горадзе?!
  Максім сам сачыніў грунтоўнае пісьмо і прыклаў копію плана раёна, зацверджанага гадоў восем назад. У генплане ад усёй старыцы не пакідалі следу, з чым, дарэчы, ён, Максім, не згаджаўся з самага пачатку і за колькі гадоў здолеў зацвердзіць некаторыя свае карэктывы.
  Багдан Вітальевіч уважліва прачытаў пісьмо і, не паглядзеўшы нават на планы, сказаў:
  — Нічога не будзе. У Баранавічах знеслі дом у два разы меншы — і ім далі па галаве. Рыкашэтам ударылі і па нас.
  Максім варухнуўся ў крэсле так, што яно запішчала, як жывая істота.
  — Вы гляньце вокам архітэктара.
  — У гэтым кабінеце я рэдка бываю архітэктарам.
  Такое нечаканае шчырае прызнанне ўзбадзёрыла
  Максіма, яно як бы аднаўляла той добры чалавечы кантакт, які быў паміж імі на мінулых сустрэчах і якога не было чамусьці сёння.
  — Я ў сваім службовым кабінеце таксама рэдка бываю архітэктарам. Але — чорт вазьмі! — варта змагацца, каб мы і тут мелі права заставацца архітэктарамі!
  Багдан Вітальевіч не адгукнуўся на гэты палымяны заклік — зноў не выявіў ніякіх эмоцый.
  Карнач адкінуў афіцыйнасць і пачаў горача даказваць мэтазгоднасць хутчэйшага зносу гэтай мікалаеўскай казармы.
  Кіраўнік камітэта слухаў даволі цярпліва і нават заўважыў прафесійна шчыра:
  — Між іншым, казармы гэтыя часам будавалі нядрэнныя архітэктары. Не ведаеш, кім гэтая збудавана? Практычныя задачы рабілі нашых папярэднікаў такімі ж функцыяналістамі, якімі робяць нас, грэшных. Толькі геніяў не абмяжоўвалі ў сродках. Эстэтыка дорага каштуе. Растрэлі, праектуючы Зімні, не думаў пра грошы.
  Дзесьці Максім, мабыць, перабраў цераз край, трацячы столькі энергіі на «дробязь», і быў злоўлены.
  — Чакайце. Рашэнне выканкома аб зносе ёсць?
  Максім сумеўся.
  — Навошта ж вам цяпер наша згода? Карнач, я ведаю вашу тактыку. Але калі-небудзь вы перахітрыце самога сябе, і вам дадуць па галаве.
  — Калі ўвесь час баяцца, што цябе стукнуць па галаве, мімаволі нацягнеш чыгунны шлем. А гэта рэч цяжкая і горшая, чым шоры. Не павернеш галавы нават на голас уласнай жонкі.
  Упершыню ўсмешка скрывіла вусны нечым моцна заклапочанага чалавека.
  — Ёсць галасы, ка якія павернеце. Усе мы смелыя, пакуль нас не паставяць на дыван.
  У Максіма, як цеста ў дзяжы, падыходзіла злосць: такую сапраўды дробязь ён не прабіў. А наперадзе праблемы больш цяжкія. Наймацнейшы арэх — жылы раён Зарэчча. Архітэктурна-планіровачнае заданне па гэтым раёне ён ужо двойчы паказваў тут. У плане архітэктурна-мастацкім заданне ўхвалялі, адкрытым заставалася пытанне аб эксперыментальнасці, звыклае слова, а як многа ад яго залежыць.
  Ён, Карнач, падкінуў гэтую ідэю Ігнатовічу збудаваць раён, які ўвасабляў бы ў сабе рысы горада будучага — камуністычнага горада.
  Ігнатовіч загарэўся. Але здзейсніць такі праект, не вылезшы з нарматываў, немагчыма. Трэба дазвол высокай інстанцыі, напэўна, Савета Міністраў, на індывідуальны праект і забудову, якая абыдзецца даражэй за тыповы раён такіх маштабаў. Але каб просьба горада пайшла ў вышэйшую інстанцыю, яе павінны падтрымаць розныя арганізацыі, у першую чаргу Дзяржбуд і Дзяржплан. Аб'ёмная, дэталёва аргументаваная запіска, над якой ён, Карнач, і Шугачоў працавалі трохі не месяц, паўгода знаходзіцца ў стадыі вывучэння. Грошы адпушчаны на звычайнае праектаванне. А Шугачоў праектуе эксперыментальна. За такое самавольства могуць моцна ўдарыць і галоўнага архітэктара горада і галоўнага архітэктара праекта. Але цяпер яны што азартныя гулякі. Яго, Максіма, радуе і захапляе смеласць Шугачова, звычайна асцярожнага, яго ўзлёт фантазіі. Недарма кажуць, вялікая мэта нараджае вялікую энергію. Віктар ужо не думае пра тое, дазволяць ім ці не дазволяць будаваць такі раён. Ён ужо збудаваў яго — у галаве, і з натхненнем і запалам будуе на ватмане. Яму, Максіму, вельмі зразумелы такі творчы стан, неаднойчы і сам тварыў гэтак жа, не думаючы пі аб наяўнасці патрэбных матэрыялаў, в цвёрдым пераконаным: дадуць! не могуць не даць пад такі праект! Так, напэўна, верыць Шугачоў.
  Ён можа пакуль што не думаць пра такія празаічныя рэчы, як грошы. У гэтым шчасце мастака. Але галоўны архітэктар горада не думаць пра гэта не мае права. І адбылося самае страшнае: у яго з'явілася сумненне ў магчымасці выбіць гэтыя дадатковыя мільёны.
  Ён выказаў свае сумненні Ігнатовічу. Але той усё яшчэ заставаўся аптымістам — так завалодала ім ідэя стварэння раёна, у якім людзям жылося б зручна, прыгожа, утульна, і вобраз новага горада дзейнічаў бы на псіхалогію людзей, выхоўваў бы іх, памагаў бы фарміраванню новага чалавека.
  Дамовіліся, што Ігнатовіч будзе гаварыць у Цэнтральным Камітэце.
  Перад паездкай у Мінск Максім пазваніў сакратару, спытаў, ці меў ён такую размову, калі прыязджаў сюды, на пленум.
  — Гаварыў,— каротка адказаў Ігнатовіч.
  — З кім?
  Не сказаў — з кім, што расчаравала і насцярожыла Максіма. Мала суцешылі словы Ігнатовіча.
  — Да задумы нашай адносяцца з цікавасцю. Раяць не адступаць.
  Яму хацелася ўсё ж канкрэтнасці: хто адносіцца з цікавасцю? Раней сваяк нічога ад яго не таіў, асабліва з таго, што датычылася будаўніцтва горада. Цяпер даў агульны наказ:
  — Трэба рабіць новы заход.
  І вось ён робіць яго, гэты заход.
  Парадавала, што Багдан Вітальевіч праявіў большую цікавасць да раёна, чым да зносу дома, праўда, непараўнальныя рэчы — тут якія маштабы! Дом для яго, чалавека, які ведаў горад толькі ў агульных рысах і не ўнікаў у дэталі планіроўкі, мог здацца драбязой, нявартай яго высокага становішча. Іншая справа — эксперыментальны раён. Уласна кажучы, парадавала не тое, што кіраўнік праявіў цікавасць, а тое, што ён добра помніў іх запіску, значыцца, вывучаў не фармальна.
  — На колькі падаражае квадратны метр?.
  — Рублёў на дваццаць.
  Багдан Вітальевіч свіснуў.
  — Значыцца, лічы — на ўе з трыццаць. Папярэднія падлікі заўсёды заніжаны. Каб не палохаць планавікоў.
  Максім, убачыўшы, што чалавек неяк раптам ажывіўся, паспрабаваў пажартаваць:
  — Як загадаеце зразумець гэты мастацкі свіст?
  — Так і разумейце.
  — Што Дзяржбуд не падтрымае наш праект?
  — Я гэтага не сказаў. Але... дарагі Карнач... «Закон эканоміі ўладна кіруе нашымі дзеяннямі і думкамі...» Помніце, хто гэта сказаў? Чалавек, у якога былі большыя магчымасці. Ён жыў не ў планавым грамадстве.
  — Але побач з гэтымі словамі ён сказаў другія: «Праблема дома — гэта праблема эпохі». Пра што мы больш думаем? Про сённяшні дзень ці пра эпоху? Дом жыве не адзін дзень. Па нашых дамах нашчадкі будуць вывучаць эпоху... вялікіх сацыяльных зрухаў і такіх жа вялікіх адкрыццяў. Расшчапленне атама... Касмічныя караблі... І наша... прабачце... часам архаічная, убогая планіроўка, бязлікая архітэктура і ў дадатак — невысокая якасць будаўніцтва... Уяўляю, якую галаваломку гэта задасць будучаму гісторыку культуры эпохі. Адно не стасуецца з другім.
  — Вы ўпэўнены, што вынайдзеце «касмічны карабель»?
  — Не. Мы збудуем раён, дзе людзі будуць мець усё неабходнае для жыцця і адпачынку. Гэта прадугледжана з'ездам партыі, пастановамі ЦК і ўрада. Адзін наш калега сказаў: змагацца за прыгожы горад — значыцца, змагацца за прыгожых людзей.
  — Усё правільна. Але зрабіце гэта, не выходзячы з нарматываў.
  — Вы ж архітэктар і добра ведаеце, што гэта немагчыма.
  Незадаволенасць, якая пачала ападаць, калі Максім убачыў зацікаўленасць Багдана Вітальевіча іх раёнам, зноў пачала расці. З'явілася здагадка, што тут выявілася зацікаўленасць не кіраўніка, а спецыяліста, архітэктара: захацелася пагаварыць на прафесійную тэму. Але ён, Максім, не любіў марнага разважання там, дзе патрэбна канкрэтнае рашэнне.
  — Чорт вазьмі! Урэшце, мы ставім не толькі горадабудаўнічы эксперымент, але і сацыялагічны! Час ужо павесці рашучую барацьбу з адчужанасцю людзей па месцы жыхарства. У доме, у раёне, як на заводзе і ўстанове, павінен быць калектыў. Хіба такая мэта не апраўдвае сродкаў?
  — На сацыялагічныя эксперыменты не даюць грошай. Нам з вамі, ва ўсякім разе.
  Максім сціснуў кулакі, прыціснуў іх да паліраванага стала, глядзеў на іх адлюстраванне і са здзіўленнем пачуў удары пульса ў пальцах.
  — Слухайце... Багдан Вітальевіч... Вы добра ведаеце мяне, я ведаю вас. У рэшце рэшт... я патрабую! Або скажыце: заткні свой праект... Або дайце дазвол.
  Зноў здзівіла, што на такі яго бадай нетактоўны выпад Багдан Вітальевіч не выявіў ніякіх эмоцый. Зноў правёў далоняй па твары і вяла адказаў:
  — Дабіцеся асігнаванняў — мы падтрымаем.
  — Але без вашай падтрымкі планавікі не хочуць нават разглядаць. Атрымоўваецца заварожанае кола,
  — Карнач, вы здзіўляеце мяне. Сказаў бы гэта, напрыклад, Шугачоў — справа іншая. А вы ж — крот па часці хадоў і выхадаў.
  — Ігнатовіч гаварыў у ЦК.
  — Разананс ад яго размовы не дайшоў да нас. Слабы, пэўна, быў голас.
  Здалося, што ён сказаў гэта з іроніяй да Ігнатовіча, і Максіму стала крыўдна за свайго сакратара, ён нават паспрабаваў пэўным чынам абараніць яго:
  — Пасада Ігнатовіча вымушае яго гаварыць далікатна. Але я магу нашумець. Маё становішча іншае.
  — Шуміце. Калі ласка,— паблажліва дазволіў Багдан Вітальевіч.
  Зацвярджэнне архітэктурна-планіровачных заданняў, якія ён, Карнач, ужо выдаў (яшчэ адна рэгламентацыя, супраць якой ён некалі пратэставаў), узгадненне тытульных спісаў, два канфлікты з УКБ1 якое, як заўсёды, хацела спрасціць канструктыўныя рашэнні, карэкціроўка тыпавога праекта будынка аблвыканкома, іншыя пытанні, больш дробныя,— усё гэта Багдан Вітальевіч вырашыў станоўча, чым нават здзівіў. Палагоднеўшы, Карнач зрабіў вывад, што невырашэнне адной справы маральна абавязвае кіраўніка вырашыць іншыя, і з гумарам падумаў, што трэба будзе гэтую псіхалагічную асаблівасць праверыць і выкарыстоўваць, знарок ставячы невырашальныя праблемы.
  Развітваючыся ўжо, Багдан Вітальевіч як бы між іншым паведаміў:
  — Дарэчы, можаце лічыць, што пытанне аб хімічным камбінаце вырашана. Прывязваем у Белым Беразе.
  Максіма ашаламіла такая навіна.
  — Дзе вырашана?
  — У нас вырашана.
  — Касцьмі лягу, змагаючыся супраць пасадкі хіміка ў гэтым раёне.
  Добры Багдан Вітальевіч раптам чамусьці ўзлаваўся, хоць не ён прынімаў такое рашэнне і ўвогуле прамысловае будаўніцтва — не яго сфера.
  — Вашы косці раструшчаць. І нават у падмурак не пакладуць.
  — Навошта ж мы там сядзім, калі з нашай думкай не лічацца? Ламаєм галовы, плануем, робім прагнозы...
  — Не ведаю, навошта вы там сядзіце,— уедліва перасмыкнуў плячамі гаспадар кабінета, працягваючы на развітанне руку.
  У прыёмнай Максім папрасіў Таццяну Пятроўну заказаць тэлефонную размову з Ігнатовічам. Ён кіпеў. Размова аб размяшчэнні хімічнага камбіната ішла ўжо больш года. Прыязджалі прадстаўнікі саюзнага міністэрства і аблюбавалі Белы Бераг. У іх былі чыста эканамічныя меркаванні: побач вада, чыгунка, шаша. Планы развіцця горада? Смешна выглядалі б людзі, каб запярэчылі супраць такой будоўлі. Камбінат паможа будаваць горад. Што хімікам да таго, што камбінат перакрэсліць іх ідэю Зарэчнага раёна — горада-саду. Камбінат знішчыць унікальную дуброву — месца цяперашняга адпачынку і будучага прыроднага парку, калі горад разрасцецца. Пярэчылі ўсе архітэктары, акрамя Макаеда. Іх падтрымаў Ігнатовіч, хоць яму больш, чым каму іншаму, хацелася атрымаць такі аб'ект, бо камбінат — не толькі хімічная прадукцыя, якая праславіць горад, але гэта — жыллё, школы, палацы.
  Міністэрству прапанавалі тры пляцоўкі — на выбар, у многіх іншых адносінах не горшыя за Белы Бераг. Размовы пра камбінат па пэўны час быццам бы заглухлі. Ігнатовіч непакоіўся. Але ён, Карнач, не шкадаваў, употай нават жадаў, каб камбінат аддалі іншаму гораду, бо добра ведаў, што акрамя станоўчых аспектаў вялікая хімія непазбежна стварае адмоўныя праблемы, найбольшая з якіх — забруджанне ракі. А рака іх пакуль што — цуда, гонар, найчысцейшая з рэк. Рака дае прастор для цікавейшых архітэктурных рашэнняў. Проста грэх садзіць над такой ракой хімію. Запэўненням спецыялістаў, што цяпер ачышчальныя збудаванні — бездакорныя, Карнач не вельмі верыў. Такія запэўненні былі ўсюды — на Байкале, на Дняпры.
  І вось — на табе!
  Размову далі імгненна, Максім нават здзівіўся: як добра наладжана сувязь!
  Трубку там, у іх горадзе, узяла Галіна Уладзіміраўна. Пазнаў яе і — дзіўна — адчуў, як зачасціла сэрца. Даўно ўжо нічый голас так не хваляваў — не той узрост.
  — Галіна Уладзіміраўна? Рады чуць вас.
  — Максім Яўцехавіч! Добры дзень,— яна таксама пазнала адразу, і голас яе — яму так здалося — набыў асаблівае гучанне.
  — Ёсць шэф?
  — Навошта вы так? — нібы пакрыўдзілася яна за Ігнатовіча.— У нас так не прынята. Герасім Пятровіч праводзіць нараду.
  Ён раўніва падумаў: «Скажы, калі ласка, якая адданасць! І пачцівасць!»,
  — Дзе праводзіць?
  — У сябе.
  — Я званю з Мінска.
  — А-а, хвіліначку.
  Нейкі час у трубцы былі чуваць далёкія чужыя галасы і як бы шум ветру, быццам ён урываўся недзе на лініі.
  Вецер сціх, калі пачуўся голас Ігнатовіча, па-свойску просты і шчыры:
  — Максім? Я слухаю. Што там у цябе?
  — «Хімік» садзіцца на Беразе. Ты пра гэта ведаеш?
  Паўза. Здалося, што сувязь перапынілася.
  — Алё. Герасім Пятровіч! Чуеш?
  Ціхі блізкі голас:
  — Не, не ведаю.
  — Гэта вырашана ці амаль вырашана. Бі трывогу! Можа, яшчэ не позна.
  — Хто табе сказаў?
  Максім назваў прозвішча чалавека, ад якога толькі што пачуў гэтую навіну.
  — Чарговая легенда. Колькі іх было ўжо!
  — Не, гэта не легенда.
  — Добра, я праверу. Без нас ніхто нікуды не сядзе.
  — Слухай, Герасім Пятровіч. Я тут стукаю ва ўсе дзверы наконт нашага раёна. Вельмі важна, каб дзе-небудзь адгукнуўся голас таго чалавека, з кім ты гаварыў у ЦК. Хто гэта? Магу я спаслацца?
  Зноў паўза.
  — Алё!
  — Добра. Я пазваню яму. Прабач. У мяне нарада.
  З аднаго крыла Дома ўрада Максім перайшоў у другое па доўгім калідоры. Яму падабаўся гэты велічны гмах, збудаваны яшчэ ў трыццатыя гады... Дом урада і дагэтуль упрыгожвае горад. Пасля вайны ён вызначыў прынцып забудовы цэнтральнай магістралі — Ленінскага праспекта. Галоўная вартасць Дома — удалае спалучэнне функцыянальнага прызначэння і архітэктурнай эстэтыкі. Некаторыя элементы канструктывізму, моднага ў той час, псуюць асобныя дэталі фасада, але ўвагу на іх звяртаюць хіба што спецыялісты. Звычайны чалавек, турыст, які прыехаў у Мінск упершыню — ён, Карнач, гэта многа разоў праверыў,— прымае будынак перш за ўсё, як манументальны помнік, не ведаючы аб яго прызначэнні, не задумваючыся аб яго функцыях. А гэта мара кожнага сур'ёзнага архітэктара — стварыць нешта такое, на што людзі глядзелі б, як на помнік эпохі.
  Саарынен сказаў, што любое збудаванне, самае маленькае, павінна выражаць чалавечую надзею, дух часу, эпоху. Дом будуецца не толькі для тых, хто ў ім жыве ці працуе, але і для тых, хто на яго глядзіць.
  Не вельмі даўно ён сам змагаўся за скразныя паралелі, простыя лініі, шкло і сталь — за універсальнасць і стандартнасць. Гэтага вымагала будаўнічая індустрыя. Але яшчэ гады чатыры назад лепшы сябра — Віця Шугачоў сказаў яму за чаркай, таму цяжка было зразумець — з ухвалай ці папрокам, што сам ён чамусьці выбірае аб'екты, якія па сваёй функцыі патрабуюць іншага рашэння. Выходзіць, прымаючы новыя формы і новы стыль розумам, ён сэрцам, мастацкім чуццём цягнуўся да іншага. Ператварыць інертны камень, а тым больш сталь і шкло, у твор мастацтва — для гэтага патрэбна нешта большае, чым інжынерныя разлікі і самыя дасканалыя стандарты.
  Ідучы па калідоры Дома ўрада з яго нечаканымі паваротамі і зломамі, Максім думаў, як форма фасада, якая надала будынку манументальны выгляд, падказала даволі ўдалае размяшчэнне службовых кабінетаў і залаў,— не аднастайнае, без надакучлівых паўтораў.
  Прыгадалася гасцініца «Расія» — адно з унікальных збудаванняў нашага часу. Яму падабаюцца фасады гасцініцы — сапраўды па-сучаснаму, яго нават не шакіруе, як некаторых архітэктараў і гісторыкаў культуры, суседства з Крамлём і Васіліем Блажэнным. Але Максім не забудзе, як яго спалохаў калідор сваёй даўжынёй і сумнай аднастайнасцю. Падумаў аб творчым лёсе Лангбарда. Як ва ўсякага творцы, было ў яго ўсё: удачы, як Дом урада, Дом афіцэраў, і правалы. Але ў адным яму пашанцавала: бязлітасны агонь вайны літасціва абмінуў яго ўдачы. І цяпер стаяць яго будынкам стагоддзі, гэта — савецкая архітэктурная класіка.
  Думкі пра архітэктуру, як здаралася часта, супакоілі і ўраўнаважылі пасля няўдач з арганізацыйнымі праблемамі.
  У прыёмнай адказнага работніка Дзяржплана ён чакаў з гадзіну амаль у добрым гуморы. Праўда, трохі сапсавала настрой сакратарка, якая, не ўзіраючы на сваю маладосць, аказалася надзіва «жалезабетоннай» — ніякага водгуку на яго кампліменты, ніводнай усмешкі на жарты. Акрамя службовай карэктнасці — ніякіх эмоцый. Урэшце, на такую дробязь можна было б не звярнуць увагі, але сакратарка чамусьці нагадала Дашу.
  Канчаткова даканаў такі ж ветлівы, як яго сакратарка, кіраўнік планавага органа. Сівы чалавек пенсійнага ўзросту, шматвопытны і па характару службы бязлітасны да праяў любых эмоцый, уважліва выслухаў узнёслую Максімаву тыраду аб неабходнасці пастаноўкі архітэктурнага і сацыялагічнага эксперыменту і «забіў» карэктным і кароткім адказам:
  — Дарагі таварыш Карнач, усё гэта цікава, але вырашаецца гэта не на нашым з вамі ўзроўні.
  «На нашым з вамі» падкрэсліў, каб у наведвальніка не заставалася ніякага сумнення наконт таго, як разумець гэтыя словы: не на тваім узроўні, дарагі таварыш. Вось так. На развітанне карэктнае і, магчыма, шчырае; іроніі, ва ўсякім разе, не адчувалася.
  — Жадаю творчых поспехаў.
  Аўдыенцыя цягнулася чатыры мінуты.
  Максім паглядзеў на гадзіннік, калі сакратарка ветліва запрасіла яго, і глянуў, калі зноў апынуўся ў прыёмнай. Спагнаў злосць на сакратарцы. Траціць няма чаго. Раз не той узровень, у другі раз ён можа з'явіцца тут хіба толькі ў якасці рэферэнта «належнага ўзроўню».
  — Жанчынка, бы мужу зрэдку ўсміхаецеся?
  Прымусіў паглядзець пільна і напэўна запомніць «такога нахабніка». Недарэмна такі тып у Ільі Іванавіча быў усяго адну мінуту, салідныя людзі па гадзіне сядзяць.
  — Раю вам: усё-такі ўсміхайцеся.
  — Таварыш, не перашкаджайце працаваць.
  «Працаўніца, чорт на цябе! Ашчаслівіла свет сваёй працай».
  Выйшаў з прыёмнай у гневе. Не на планавіка і не на сакратарку. На Дашу. Што за дваццаць гадоў не здолеў выхаваць у яе хаця б часціну таго, што мае сам,— гумару. І на сябе. Што не здолеў-такі. А што ты здолеў, дарагі таварыш Карнач? Што зрабіў за жыццё і... за сённяшні дзень?
  Спыніўся перад дзвярамі з шыльдачкай «А. С. Кулагін». Доўга стаяў у нерашучасці. Вось гэта трэба зрабіць абавязкова. Але ці з такім настроем трэба ісці на такую размову? Тут нельга сарвацца і нашкодзіць. Ад размовы гэтай залежыць лёс чалавека, дарагога чалавека, крышталёва чыстага, які толькі ўступае ў жыццё.
  Не адважыўся зайсці. Пакінуў на заўтра. Знарок заначуе, каб з раніцы, нічым не расстроены, са свежай галавой і ўтаймаванымі пачуццямі пагаварыць з бацькам каштанавага прыгажуна.
  
  VIII.
  Душу адвёў у Белдзяржпраекце. Там былі свае. З аднымі пасварыўся з асалодай, не падбіраючы далікатных слоў. «Ліза, заткні вушы, я нешта скажу гэтаму архітэктурнаму бюракрату». З другімі нагаварыўся ад душы, нарасказваў і наслухаўся анектодаў, ад якіх забалеў жывот. Пасля пайшлі «лячыць жываты». Пілі ў дыетычнай сталоўцы, па-студзнцку ўпотай пад сталом наліваючы прынесеную з сабой гарэлку ў шклянкі з кампотам, перад гэтым выбраўшы з кампоту развараныя скрыгалі і адпіўшы па паўшклянкі.
  Паспрачаўшыся аб прынцыпах планіроўкі, паехалі на таксі глядзець мікрараён Серабранку, хоць даўно ўжо сцямнела, ішоў снег, і ў раёне гэтым, амаль што не асветленым яшчэ, можна было ў лепшым выпадку разгледзець кожны дом паасобку, а не планіроўку ўсяго комплексу. А ўсё, што рабілася з калегамі, шмат што па-студэнцку бяздумае, дало разрадку, адціснула няўдачы на задні план, і Максім з'явіўся ў інтэрнат, дзе жыла дачка, у добрым настроі. Гэта радавала і адначасова трывожыла. Ці здолее ён з такім настроем пачаць вельмі нялёгкую размову з дачкой?
  Складанасць заключалася не толькі ў незвычайнасці тэмы, якая напэўна ашаламіць дзяўчыну неспадзяванасцю, але яшчэ і ў тым, што ён вымушаны гаварыць няшчыра: даў зарок сабе ў размове з Ветай не кінуць ніводнай самай маленькай цені на яе маці, узяць усю віну на сябе. Ад думкі пра такое самаўніжэнне рабілася брыдка: ненавідзеў усякую ману. Было б лягчэй, каб жыла ўпэўненасць, што Вета здолее прачытаць падтэкст, здагадацца пра ўсё і ацаніць яго высакароднасць. Але такой упэўненасці не было: не тое выхаванне, на жаль, ды і вопыт не той; зразумець, пра што не сказана, пра што балюча гаварыць, можа толькі чалавек з пэўным жыццёвым вопытам.
  Максім любіў гэты інтэрнат, куды заглядваў вось ужо другі год. Музыка інтэрната падабалася. Паднімаешся па лесвіцы і чуеш: на адным паверсе ў дальнім кутку жалобна плача скрыпка, у другім — флейта, іх раптам заглушае бравурны марш на піяніна — гэта адчынілі дзверы ў ізаляваны пакой для падрыхтоўкі ўрокаў. А з гары, быццам з неба, сыпле долу вясёлы такт народнага танца акардэон — хоць скачы на лесвічнай пляцоўцы. І парадак падабаўся — бытавая ўладжанасць, чысціня. У гады яго вучобы студэнты і не марылі пра такія ўмовы. Як непрыкметна, але няўхільна і хораша багацеем!
  Праўда, у першае наведванне ў пакоі, дзе жыла дачка і яшчэ тры дзяўчыны, не падабаліся некаторыя атрыбуты мяшчанскай прыгажосці. Не толькі не падабаліся — засмуцілі, што ў Веты ды і ў іншых, што прысвяцілі сябе служэнню музе, адсутнічае густ. Ён тактоўна пакрытыкаваў дзяўчат і памог ім: пераставіў ложкі, шафу, купіў два эстампы, палічкі, падстаўкі для кветак.
  Дзяўчаты засталіся ў захапленні ад Вецінага бацькі : усё ўмее, стол перасунуў, і — зусім іншы выгляд у пакоі. І дачка, прыехаўшы дадому, хвалілася, што іх пакой заняў першае месца ў спаборніцтве на лепшы парадак.
  Яго наступныя адведзіны не бянтэжылі Вету, як у першы раз, наадварот, ператвараліся для яе і сябровак у свята.
  І Максіму было прыемна прыносіць ім гэтае простае свята.
  На гэты раз трохі сапсавала настрой новая вартаўніца, якая з незразумелай падазронасцю, бестактоўна і бесцырымонна ўчыніла допыт: хто ён? да каго? чаму ўвечары, а не ўдзень?
  Максім паспрабаваў пажартаваць:
  — Няўжо я падобны да тых хлопцаў, што ходзяць сюды да дзяўчат?
  Вартаўніца агледзела яго — з цёплых чаравікаў да андатравай шапкі і заключыла:
  — Бываюць і такія.
  Абразіла гэта — не яго асабіста, за дзяўчат абразіўся, за дачку.
  Веты ў пакоі не было.
  Сяброўка яе Леанора (імёны пайшлі!) сустрэла без ранейшай прыветлівасці, як бы нечым трохі збянтэжаная. Другая дзяўчына была незнаёмая і адразу не спадабалася Максіму: паводзіла сябе так, быццам яна музыкальны геній, а ён — нішто, на жарты яго — зняважліва крывіла пафарбаваныя вусны. Дзіўна, што яна, як і тая сакратарка ў Дзяржплане, нечым нагадвала Дашу. Шанцуе сёння, чорт вазьмі!
  — А Галя дзе? — спытаў ён чамусьці не пра дачку, а пра іх самую гаваркую, вясёлую сяброўку.
  — Выйшла замуж.
  — Галя выйшла замуж?
  — Чаму гэта вас так здзівіла? — з незразумелым смехам спытала Леанора.— Я пайду пазваню Веце. Я ведаю, дзе яна.
  Ён застаўся з новенькай — Ленай — і адчуў няёмкасць: не ведаў, пра што гаварыць. Сам здзівіўся: каб ён не ведаў, пра што гаварыць з дзяўчынай! У студэнцкія гады не лазіў па слова ў кішэню. Усіх сяброў знаёміў з дзяўчатамі.
  Не любіў ён людзей залішне сур'ёзных, асабліва жанчын. За празмернай сур'ёзнасцю часта хаваюцца абмежаванасць і пустата.
  На шчасце, Леанора хутка вярнулася і паведаміла з тым жа дзіўным смяшком:
  — Ветка ляціць на крыллях.
  Вета сапраўды хутка прыляцела, узбуджаная, радасная, з парога кінулася ка шыю, хоць звычайна была стрыманая ў выяўленні сваіх пачуццяў.
  — Добры вечар, тата! Як добра, інто ты прыехаў. Ты так патрэбны мне!
  Вета ўдалася ў бацьку: высокая, стройная, з цыганскімі рысамі — чорныя вочы, чорныя косы. На першым курсе яна са смехам, але трошкі з гонарам паведаміла дома, што ў кансерваторыі ёй далі мянушку — Кармэн.
  Аднак зусім нядаўна, улетку, калі дачка прыязджала на дачу і хадзіла ў купальніку, яна, хоць і высокая ростам, здавалася Максіму дзяўчынкай, не надта яшчэ развітай у жанчыну.
  А тут раптам ён убачыў перад сабой даволі мажную жанчыну. Магчыма, гэтую жаночую сталасць Веце надало паліто па апошняй модзе — трохі не да пят, атарочанае знізу пясцовым футрам і з такім жа каўняром, ад якога чамусьці пахла тытунём.
  Максім упершыню ўбачыў дачку ў такім паліто. Крайнасцей ён не любіў ні ў архітэктуры, ні ў модзе на адзенне. Аднак Веце надзіва ішло гэтае максі-паліто. Яно рабіла яе яшчэ больш высокай і па-царску велічнай. Адно ён падумаў: адкуль яны з маці бяруць такія грошы? Паліто ды яшчэ футравая шапка — гэта не менш як два месячныя аклады яго. Засмуціла, што ў Веты праяўляюцца матчыны рысы. Яшчэ нядаўна яна разам з ім, бацькам, пасміхвалася з матчынага пакланення «анучкам». І вось ужо сама такая. Нават пахне ад яе неяк не так, як раней, раней гэта быў свой звыклы, здаецца, з пялёнак пах — непаўторны пах роднага дзіцяці. А цяпер пачулася нешта чужое — незнаёмыя духі, тытунь...
  Калі Вета адступіла, Максім агледзеў яе, і ў яго балюча сціснулася сэрца — сціснулася ад таго, што не з'явілася ранейшая радасць ад сустрэчы з дачкой. З'явілася трывога і прадчуванне, што ён страціў не толькі жонку, ён траціць і дачку. А гэта ўжо катастрофа. Гэта можа апустошыць і адабраць значную долю жыццёвага сэнсу і мэты.
  Насцярожыла, з якой увагай сачылі за іх сустрэчай Леанора і Лена.
  Але Вета весела шчабятала, бестурботна кружыла па пакоі, не распранаючы паліто.
  — Хадземце, дзяўчаты, вячэраць,— прапанаваў Максім.
  Не ўпершыню ён запрашаў Вету і яе сябровак абедаць ці вячэраць. За сталом людзі неяк паўней раскрываюцца. А яго заўсёды цікавіла, чым жыве моладзь, рабочая, студэнцкая. Моладзь — барометр грамадскага настрою, густаў, моды.
  — Ідзі заказвай, тата. Мы прыйдзем.
  Так ужо рабілі: дзяўчатам трэба было пераадзецца, падмалявацца.
  — Куды пойдзем?
  — У «Юбілейны»,— падказала Вета.
  — Не ведаю як музычны, а кулінарны густ у цябе расце.
  Вета і Леанора зарагаталі. Лена закапыліла губу. Максім падумаў пра яе: «Няўжо таксама ўяўляе сябе геніем? Трэба будзе пагутарыць і пра гэта. Не, не ўсё адразу».
  У вялікай зале рэстарана было пуста — паўсотня чалавек на шэсцьсот «пасадачных мест», як кажуць гандляры. Рэстаран пакуль што ў баку ад цэнтральных магістралей, і ў будні зімовы вечар сюды -не надта дабіраюцца. Афіцыянтак снавала па зале больш, чым сядзела наведвальнікаў. Максім з усмешкай падумаў, што тут не трэба будзе прыкідвацца замежным госцем, каб хутчэй абслужылі, што ён рабіў разы два і пасля весела расказваў пра свой хітры жарт; у яго былі нядрэнныя акцёрскія здольнасці і ўменне імітаваць акцэнт чужаземцаў.
  Але ён памыліўся, калі падумаў, што тут абслужаць хутка. Афіцыянтак было да ліха, але на яго, адзінокага, немаладога мужчыну, ніводная не звярнула ўвагі. Пасядзі, маўляў, куды табе спяшацца, па ўсяму відаць — камандзіровачны!
  Ён прымусіў сябе быць на здзіўленне цярплівым. Хапіла за дзень эмацыянальных нагрузак больш сур'ёзных, чым рэстаранная. І перамог: цярплівасць яго здзівіла дзяўчат, па позірках іх зразумеў, што яны, сабраўшыся чародкай, гавораць пра яго. Меню прынесла спачатку адна, пасля — другая. Хоць у меню можна не глядзець, бо яно бадай такое ж, як два месяцы назад; меню залежыць не ад разваротнасці дырэктара і мастацтва кухара,— ад рангу горада і класа рэстарана. «Юбілейны» — клас турысцкі, вышэйшы, таму тут кормяць лепш. Аднак выбар рыбных страў і тут невялікі. «Націскаем на мяса,— весела падумаў Максім.— Для студэнтак мяса — найлепшы харч».
  І так, з чаго пачаць? Па парадку меню...
  — Чатыры заліўныя языкі...
  Афіцыянтка ўзняла нафарбаваныя бровы.
  — Нас будзе чацвёра. Адзін стары сыты мужчына. І тры галодныя студэнткі.
  Дзяўчына загадкава ўсміхнулася.
  — Каб вы гэтак не ўсміхаліся, паведамляю: адна з іх мая дачка.
  Афіцыянтка збянтэжылася і зрабіла каменны твар.
  — Як ваша імя, дзіця маё?
  — Надзя.
  — Надзея. Чыясьці Надзея. Не трэба быць такой сур'ёзнай, Надзя! Усміхайцеся! Я сам несур'ёзны і не люблю сур'ёзных. Вы ж добрая. У вас мама добрая.
  Надзя заіскрылася. Кантакт наладжаны — самы просты, чалавечы, які заўсёды павінен быць паміж людзьмі, паміж кожным з тых, хто ўзяўся за нялёгкую справу абслугоўвання, і кліентам, паміж начальнікам і падначаленым, кіраўніком установы і наведвальнікамі. Гэта адзін з першых і, бадай, з самых лёгкіх для выканання запаветаў маральнага кодэкса. Але на практыцы выходзіць, што самы цяжкі. Чаму? Чаму людзям так нялёгка выконваць гэты просты запавет? Яшчэ Сакрат сказаў, што ён хоча зразумець, чаму так атрымоўваецца, што чалавек ведае, што добра, а робіць тое, што дрэнна.
  Размова з афіцыянткай, кантакт з ёй неабходны быў яшчэ для таго, каб адысці ад сваіх думак. Іх нельга было назваць радаснымі. Самае непрыемнае, што тут, у рэстаране, пад вясёлую музыку аркестра, раптам абвастрылася незразумелае прадчуванне страты нечага вельмі дарагога. Чаго? Каго? Дашы? Са стратай яе ён даўно змірыўся. Веты? Глупства. Як ён можа страціць дачку?
  — Пачакаць падаваць?
  — Не. Халодную закуску падайце. Накрыйце стол. Дзяўчаты мае, без жарту, галодныя.
  Закуска і пітво даўно стаялі ка стале.
  Максім нічога не крануў. Курыў і глядзеў, як танцуюць рэдкія пары. Спачатку ён яшчэ спрабаваў уявіць, як пойдзе танцаваць з цнатлівай з выгляду Ленай, як разварушыць яе, сарве маску геніяльнасці і ўбачыць звычайную дзяўчыну, якая больш, чым пра Бетховена і Шапэна, думае пра хлопцаў.
  Расплывалася ў цеплыні жэле заліўнога языка, а Веты і яе сябровак усё не было.
  І раптам ён зразумеў — дзіўна, як не здагадаўся раней! — што дзяўчаты не прыйдуць, прыйдзе адна Вета. Не, не адна — з ім. Недарэмна яна была такая ўзбуджаная, і недарэмна так незвычайна назіралі за іх сустрэчай дзяўчаты.
  У першую хвіліну апанавала цікаўнасць: які ён? А пасля з'явіўся душэўны боль і смутак. Прадчуванне не падманвала. Гэта страта. Яшчэ адна. Мужайся, бацька, і лічы, што гэта не страта, а набытак — такі закон жыцця.
  Максім наліў каньяк (сабе ён заказаў каньяк, дзяўчатам — пляшку венгерскага такая) і выпіў залпам. Закурыў новую цыгарэту.
  Калі графінчык апусцеў, паспешліва падышла Надзя — вострае вока мела. Спачувальна спытала:
  — Няма вашых?
  — Вы верыце ў прадчуванне, Надзя?
  — Веру,— сур'ёзна адказала дзяўчына.
  — Яно з'явілася ў мяне. У інтэрнаце. Туманнае. А цяпер я пэўна ведаю. Яны не прыйдуць. Дзяўчаты не прыйдуць. Студэнткі. Не, дачка прыйдзе. Але не з сяброўкамі. З ім, з жаніхом.
  — Дык добра ж! — да наіўнага проста парадавалася дзяўчына за сваю незнаёмую сястру.— Хіба вы не радуецеся?
  — Я? Вельмі. Але калі мне захочацца спусціць будучага зяця з лесвіцы, не клічце міліцыю. Пашкадуйце. Я служу ў высокай установе.
  Афіцыянтка не засмяялася — не зразумела жарт, паглядзела ка яго з апаскаю.
  І тут ён убачыў Вету.
  Яка ішла ад лесвіцы праз залу, у доўгім, як канцэртнае ці шлюбнае, плацці з тканіны «сняжынка» — на белым фоне зоркі, якія ў руху, калі мянялася асвятленне, дзівосна пераліваліся, здавалася, зрываліся і ляцелі ва ўсе бакі, як іскры. Гэтая снежная іскрыстасць тканіны хораша кантраставала з чорнымі, што вугаль, валасамі, з хітрай неахайнасцю рассыпанымі па плячах.
  На Вету глядзелі ўсе, міма каго яна праходзіла.
  Максім на міг таксама залюбаваўся дачкой, падумаў, што дзяўчына някепскі мае густ. Але тут жа прыгадаў што такі ж густ мае і маці яе. І адразу пераключыў позірк на яго.
  Ён таксама адзеты па-шліобнаму: чорны касцюм, гальштук «бабачка» з сінімі гарошынамі, з кішэні вытыркае ражок такой жа хустачкі.
  Але перш за ўсё ўразіла падобнасць гэтага хлопца да Вадзіма Кулагіна — такі ж высокі, хоць не намнога вышэй за Вету, з доўгімі — па сучаснай модзе — каштанавымі валасамі.
  Максім спачатку амаль спалохаўся: няўжо брат? Не любіў такіх раманных неспадзяванасцей у жыцці.
  Падабенства Вецінага жаніха з Кулагіным чамусьці адразу як бы выштурхнула на паверхню тую непрыязнасць, амаль варожасць да яго, якая з'явілася ў глыбіні душы, як толькі бліснула думка, што дачка прыйдзе не з сяброўкамі — з ім.
  Непрыязнасці сваёй да каго-небудзь ён баяўся, бо ніколі не ўмеў таіць пачуццяў, яны адразу выяўляліся. Адразу было ўзнікла інстынктыўнае ападанне выхаванага чалавека падняцца ім насустрач. Але непрыязнасць задушыла гэтае жаданне, і ён не крануўся з месца.
  Яны спыніліся каля стала, і Вета, без збянтэжанасці, амаль весела, відаць, знарок, каб стаіць хваляванне, прадставіла:
  — Тата, гэта мой жаніх. Палюбі яго так, як любіш мяне.
  Максім моўчкі і пранікліва глядзеў на хлопца. А за ім сачылі афіцыянткі.
  Жаніх як бы нарэшце здагадаўся, што ад яго чакаюць. Схіліў галаву ў паклоне, глуха, але выразна сказаў сваё простае імя:
  — Карней.
  Максім гучна і, бадай, груба, як на допыце, спытаў:
  — Прозвішча?
  — Прабабкін.
  Непрыязнасць адразу пачала асядаць, як пясок ва ўскаламучанай вадзе.
  Максім падняўся і працягнуў руку:
  — Вось цяпер будзем лічыць, што пазнаёміліся. Сядайце, Карней Прабабкін.
  Вета радасна засмяялася.
  Надзя падляцела да іх стала.
  — Можа, яшчэ што трэба?
  У Максіма з'явілася было думка — замяніць такай на шампанскае. Але ён тут жа перадумаў.
  — Дзякуй, Надзя, Нічога не трэба.
  Вета, накладаючы сабе закуску, спытала з іскрынкамі ў вачах:
  — Тата, цябе не смяшыць Карыкава прозвішча?
  — Прозвішча як прозвішча.
  — А мне смешна. Я застануся Карнач. Я і Карыка агітую: запісвайся на маё. Карней Карнач. Здорава гучыць, праўда?
  — Я не пісьменнік і не акцёр,— сціпла заўважыў Прабабкін.— Мне псеўданімы не трэба.
  «А хто ты?» — лагічна вынікае пытанне, але Максім адклаў яго на больш позні час, цяпер спытаў пра самае галоўнае:
  — Вы што... запісаліся ўжо? — і чамусьці паглядзеў на жаніхоў гальштук «бабачку», які рабіў хлопца залішне ўрачыстым і трохі старамодным.
  — Што ты, тата! Думаеш, у наш час гэта проста? Бюракраты ўсюды. Тры месяцы трэба чакаць. Нам, праўда, цераз месяц назначылі.
  — Чаму такая прывілея?
  Вета засмяялася.
  — У Карына — блат.
  Жаніх запярэчыў супраць слова «блат».
  — Ніякі не блат. Я працую разам з сынам работніцы загса.
  — Гэта апошні крык апошняй моды — выходзіць замуж без бацькоўскага благаславення? — у голасе Карнача прагучала незадаволенасць.
  Вета зрабіла здзіўленыя вочы:
  — Божа мой! Якое царкоўнае слова! Ты ж перадавы чалавек, тата!
  — Для цябе я — бацька. Перш за ўсё. І... здаецца, нядрэнны. Ці я патрэбны толькі для аднаго?..
  У душы ўзнімалася бура. Але ён баяўся яе і што сілы стараўся ўтаймаваць гэты смерч. Было недарэчна, каб ён узарваўся тут, у рэстаране. Трэба трымацца!
  Вета ведала, што можа адбыцца, калі ў бацькі вось так пачынаюць блішчаць яго цыганскія вочы, і спалохалася, пачала апраўдвацца:
  — Я ж званіла маці. Хіба яна не сказала табе?
  — Ты званіла маці?!
  — Божа мой! Ты праўда нічога не ведаеш? Вы што, пасварыліся? Зноў не размаўляеце?
  «Тайфун» раптоўна змяніў напрамак і скіраваўся ў няблізкі горад, у мадэрне абстаўленую кватэру, дзе засталася жанчына, якая завецца яго жонкай і Вецінай маці. Цяпер ён не сумняваўся, што яна не сказала аб тым, што дачка выходзіць замуж, знарок, каб дапячы яму, зрабіць балюча, бо ведала, як ён любіць Вєту і як раўніва ставіўся да таго, што нехта чужы калі-небудзь забярэ яе ад яго. Калі раней размаўлялі пра будучае Веціна замужжа мірна, Даша смяялася з яго страхаў; для яе было проста і натуральна, што дачка павінна выйсці замуж.
  Хацеў спытаць у дачкі, ці прасіла яна маці сказаць яму, але спахапіўся — зразумеў, наколькі недарэчнае такое пытанне — яно выкрые яго адносіны з жонкай не толькі Веце, якая ведае пра іх сваркі, але і гэтаму чужому хлопцу: яго бяда — цяпер ужо і іх бяда, і можа азмрочыць іх радасць. Яму, бацьку, балюча, крыўдна, у гневе душа, але, не высветліўшы, якія ў іх пачуцці адно да аднаго, ён ніколі не дазволіць сабе кінуць цень на іх шчасце. Ён ехаў сюды з намерам пагаварыць з дачкой пра свае адносіны з яе маці, паспрабаваць даказаць так, каб яна зразумела, што ў яго няма іншага выйсця, як развод. Цяпер, безумоўна, надоўга прыйдзецца адкласці такую размову.
  Каб яшчэ больш супакоіцца, Максім паспрабаваў нават апраўдаць жонку: яка магла думаць, што Вета абавязкова пазвоніць бацьку, і са сваёй дурной зацятасцю чакала, пакуль першы не загаворыць ён.
  Сваё няведанне прыкрыў бяскрыўднай маной:
  — Я ўчора з Масквы. Быў у камандзіроўцы.
  Вета, мабыць, ведала, што гэта не так, але з палёгкай уздыхнула.
  — А я падумала, што мама не сказала.— І да жаніха: — Мама ў нас з характарам.— І зноў да бацькі: — Каб ты не прыехаў, мы паехалі б да вас. Цяпер не трэба... Мама таксама абяцала прыехаць.
  — Але, цяпер усё наадварот... Едуць бацькі...
  — Тата! Ты заўсёды быў арыгінальны!
  — Дарэчы, бацькоўскае благаславенне — не царкоўнае, а агульначалавечае маральнае правіла, сапраўды старое, але не ўстарэлае. Яно ніколі не ўстарэе. Будзеш сама маці — зразумееш.
  Вета — яго дачка, з яго характарам,— непакорлівая, дасціпная.
  — Лічы, што мы прыйшлі па тваё блаславенне. Блаславі, бацька! — тэатральна схіліла яна галаву.— Хочаш, мы станем на калені ў гэтым сучасным храме, дзе п'юць і жаруць, пад гэтымі старымі гербамі?
  — Не трэба так, Вета,— асцярожна папрасіў жаніх, аблізваючы засмяглыя вусны. Ён даўно іх аблізвае. І Максім яшчэ раней падумаў: «Перапіў перад гэтым? Хвалюецца? Ці проста хоча есці?»
  Маўклівасць яго і пакорлівасць не вельмі падабалася. З выгляду не падобны на сціплага, сарамлівага чалавека. А больш за ўсё ён, Карнач, не любіў прытвораў, «двайных». Любіў такіх, як сам, як Вета,— гарачых, адкрытых, ці калі ўжо далікатных, то такіх шчырых, як Поля Шугачова.
  Максім ведаў, што Вета можа выкінуць такі фартэль: стане раптам на калені. Наладзіць спектакль для ўсяго рэстарана. Таму ён змяніў тэму размовы. Прапанаваў :
  — Аднак давайце вып'ем,— і ўзяўся за пляшку.
  — А гэта смачнае віно? — па-дзявочы наіўна спытала Вета.
  Максім зразумеў, што гэта таксама маленькая хітрасць: не магла яна не ведаць такая, яго часта пілі дома.
  — Венгры лічаць лепшым віном у Еўропе.
  — Кожны сваё лічыць лепшым,— выказаў «мудрасць» жаніх.
  Вета засмяялася. Яна лічыла, што галоўная перашкода ўзята — бацька пакораны, і ёй зрабілася весела.
  Між тым, наліваючы ёй віна, Максім зноў вярнуўся да ранейшай тэмы.
  — Мабыць, я старэю, дачка. Але калі я прыязджаю да сваёй маці, да тваёй бабулі Таццяны, мне кожны раз хочацца стаць перад ёй на калені... Толькі недарэчная боязь, што гэтага не зразумее мая сястра і яе дзеці, стрымлівае мяне. Хоць пасля я кожны раз шкадую, што не зрабіў гэтага.
  Маладыя прыціхлы
  — Што вы п'яце, Карней Прабабкін?
  — Ён нічога не п'е,— хутка адказала Вета.
  — Нічога? — здзівіўся Максім.
  — Нічога,— пацвердзіў жаніх, зноў лізнуўшы вусны.
  — Хто ж вы, Карней Прабабкі!!?
  — Не іранізуй, тата,— пакрыўдзілася Вета.
  — Ніколькі не іранізую. Я, грэшны, п'ю каньяк. Чакаючы вас, я ўжо выпіў. Каюся.
  Ён наліў поўны фужэр такая жаніху, сабе — Паўчаркі каньяку.
  — Не п'юць хворыя. Некаторыя сектанты. Не ўсе. Зрэдку сустракаюцца сем'і, дзе цвярозасць — традыцыя і мэта выхавання будучага пакалення. Я паважаю, калі гэта перакананне... Я люблю цвярозых, але не люблю ханжаства.
  Вета засмяялася.
  — У Карыча не такая сям'я. Яго бацька палкоўнік у адстаўцы, і маці ваявала... інвалід...
  — Вось за іх і вып'ем. За вашых бацькоў, Прабабкін.
  — І за цябе, тата,— Вета чокнулася з ім і выпіла чарку да дна, жаніх толькі лізнуў край фужэра.
  Максім укінуў у рот скрылёк лімона, пасмактаў яго, паглядзеў, як ядуць... дзеці.
  Дачка ела са сваім заўсёдным апетытам — многа, смачна і прыгожа. Яго заўсёды радавала, як яна есць. Некалі задужа цывілізаваная маці спрабавала абмежаваць яе рацыён, каб Вета не распаўнела, не страціла стройнасці. У будні дзень Дашы часам удавалася трымаць сям'ю на дыеце. А ў выхадны ён і Вета вырываліся з дому, заглядвалі на рынак, куплялі там сала, бараніну, цыбулю, перац, часнок, запрашалі Шугачова з дзецьмі, ехалі ў лес, смажылі на лаўцах сала, шашлыкі, пяклі бульбу і наядаліся так... Даша цэлы вечар фыркала: «Фу! Чым ад вас пахне! Так, мабыць, толькі ад пячорных людзей смярдзела!» Яны рагаталі.
  Прыгадаўшы гэта, Максім усміхнуўся, але тут жа сэрца сціснуў смутак: цяпер піяністка Віялета, жонка цвярозага Прабабкіна, не паедзе больш з бацькам у лес, не будзе смажыць сала...
  Разам са смуткам з'явілася яшчэ нешта трывожнае — як бы адчуванне ўласнай віны. Перад кім? За што? Не адразу сцяміў. Ах, Вера Шугачова! Ён раптам зразумеў, што нічым ёй не паможа, дарэмна ўзяўся памагаць, дарэмна перабольшыў свае магчымасці. Больш таго, цяпер толькі, гледзячы на дачку і яе жаніха, выразна ўбачыў, што размова з Вадзімам была непатрэбнай і бадай недарэчнай, што ён пайшоў з тае размовы пераможаны і бадай не толькі не памог дзяўчыне, а хутчэй за ўсё нашкодзіў. Добра, што яго не пацягнула сёння да Кулагіна-етарэйшага. Смешна ў наш час сватаць і жаніць такім чынам. Магло здарыцца, што размова з планавіком не лепшым чынам адбілася б тут, на гэтай неспадзяванай сустрэчы з двайніком Кулагіна-малодшага.
  Не спадабалася, як ён есць — пераборліва, манерна. Не п'е, не есць...
  — Хто ж ты, Карней Прабабкін?
  Жаніх папярхнуўся кавалкам заліўнога языка.
  — Як хто? — насцярожылася Вета.
  — Чым займаешся?
  — А-а,— з палёгкай уздыхнула Вета.
  — Я працую... інструктарам ДТСААФ.
  — Па стральбе. Каб ты пабачыў, як ён страляе! Лепіць у дзесяткі. Гэта ў яго ад маці, яна снайперам была на вайне...
  — І вучуся. Завочна,— перапыніўшы нявесту, яўна ўзрадаваны, Прабабкін стараўся найлепшым чынам атэставаць сябе перад будучым цесцем, мабыць, пакутаваў ад таго, што той з самага пачатку не цікавіўся — хто ж ён? — у інстытуце замежных моў.
  — На іспанскім! — падхапіла Вета.— Ты ведаеш, Карыч не толькі снайпер, але і паліглот. У яго выключная здольнасць да моў. Ён жыў з бацькамі ў Германіі — вывучыў нямецкую, служыў у арміі ў Грузіі — вывучыў грузінскую. Ён паставіў сабе мэту: ведаць дзесяць моў...
  — Для чаго?
  — Як для чаго?— не зразумела Вета.— Хіба дрэнна ведаць мовы?
  Не, не дрэнна, падумаў Максім, але навошта, калі няма адной галоўнай справы, дзеля якой патрэбна такое шматмоўе. Паліглотства дзеля паліглотства — гэта не навука, а забава. Архітэктар Карнач часам зайздросціў тым, хто ведае мовы, ён, на жаль, не вывучыў дасканала ніводнай. Але калі яму вось так хвалілі чалавека, які ведае мовы, але выкарыстоўвае гэта ка тое, каб прачытаць модныя заходнія раманы ці паслухаць сенсацыйныя перадачы замежнага радыё,— такога чалавека ён не паважаў больш, чым любога невука. Была ў Дашы тут, у Мінску, адна такая знаёмая, якую ён аднойчы проста выгнаў прэч са сваёй кватэры, праз што сур'ёзна пасварыўся з жонкай; гэта была адна з першых сварак.
  Калі і гэты Прабабкін (упершыню, хоць і ў думках, ён вымавіў прозвішча са здзеклівай іроніяй), вучыць ковы з такой мэтай — здзіўляць людзей сваёй уяўнай эрудыцыяй, то няхай не думае, што можа ўразіць таго, да каго хоча ў зяці, і няхай не чакае ад яго павагі і любові.
  Вета, захлынаючыся, працягвала распісваць незвычайныя здольнасці свайго каханага, але Максім ужо дрэнна слухаў дачку — думаў пра іншае.
  — А твая вучоба як?
  — Вучуся.
  — Вета! Не чую музыкі ў адказе.
  — Дам табе музыку. Не бойся. Кончу я кансерваторыю. Чаго ты баішся?
  — Я думаў не толькі пра тое, як бы скончыць інстытут. Я думаў, што магу зрабіць, калі стану архітэктарам.
  — І што ты зрабіў?
  — Я будую горад.
  — Ой, абрыдлі мне вашы размовы пра будаўніцтва гарадоў. Будуеце-будуеце, а глядзець няма на што. І жыць многім яшчэ няма дзе.
  Гэта былі словы яе маці, тая неаднойчы паўтарала іх часам у жарт, а часцей — сур'ёзна, злосна, каб паздзекавацца з яго. Таму словы дачкі вельмі балюча ранілі яго. Зноў у грудзях шуганула прыціхлае было на нейкі час мора яго перажыванняў болю, няўдач, даўніх і сённяшніх. Хваля нябачная, як цунамі. Калі ёй не паставіць перашкоду, яна можа шмат што разбурыць. Што? І навошта? Не трэба нічога разбураць!
  Максім сціснуў чарку і зламаў яе.
  Вета занепакоілася.
  — Ой! Не параніў руку?
  Яе клопат пагасіў хвалю, яна адхлынула, не ўдарыўшы ў неўмацаваны бераг.
  — Не параніў.
  Наклікаў афіцыянтку.
  — Надзя! Я зламаў чарку. Прыбярыце, калі ласка.
  Вета выкарыстала паўзу і яго ўвагу да афіцыянткі, ды і момант быў зручны: аркестр іграў модны танец.
  — Мы патанцуем, тата? Ты не пярэчыш?
  — Калі ласка.
  Яны пайшлі, маладыя, прыгожыя, Вета — па-царску велічная, у сваім іскрыстым максі-плацці.
  Ён паглядзеў ім услед, стоена ўздыхнуў.
  Мяняючы талеркі, Надзя спытала:
  — Вы ўпершыню бачыце яго?
  — Упершыню.
  — Прыгожы.
  — Прыгожы.
  — І дачка ў вас прыгожая.
  — І дачка прыгожая. Дзякую, Надзя.
  Але, абодва прыгожыя. Маладыя. І ён, Максім Карнач, заўсёды, ва ўсіх праявах жыцця, стараўся заставацца цвярозым рзалістам. Здаецца, яму належыць радавацца : дачка знайшла сваю прыстань. Магчыма, для жонкі яго — маці Веты — мае значэнне, хто ён, жаніх,— інструктар па стральбе ці вялікі філолаг. Для яго ўсё адно — хто жаніх. Быў бы чалавек. З першага знаёмства немагчыма сказаць, што ён за чалавек. Мала якія рысы могуць не падабацца. Важна, што Вета выбрала яго, пакахала... Выпі ж за іх шчасце, Максім Яўцехавіч! За іх ты так і не прапанаваў тост. За бацькоў прапанаваў. Па прынцыпу ўзроставай салідарнасці. Не глядзі назад. Наперад глядзі! Чаму так сціскае сэрца? Усё мацней, усё балючай. Як спазм. І такі сабачы настрой. Завыць хочацца. Няма, выходзіць, вялікай архітэктуры. Але няма і вялікай музыкі. Пра тваю музыку, дарагая дачка, я мог бы сказаць яшчэ мацней, чым ты пра маю архітэктуру. Але архітэктура не толькі мая — яна для ўсіх. І музыка для ўсіх.
  Што, калі я ўсё ж скажу вам пра фінал свайго палымянага кахання? Арыгінальны вясельны сюрпрыз. Зусім па-сучаснаму...
  Не! Можаце танцаваць спакойна. Я нічым не азмрочу вашу радасць. Я — чалавек! І бацька! Чаму яно так баліць, маё сэрца?
  
  ІХ.
  Максім карміў сініц. Яго любімы занятак. Нарэзаў дробненькія кавалачкі сала, паклаў на далоню і, выйшаўшы на ганак, выставіў руку ўбок і не глядзеў на яе. Спачатку на гарачую руку падалі халодныя сняжынкі. Снег пайшоў яшчэ ўначы. Пачыналася сапраўдная зіма. Дагэтуль яе не было. Снег падаў колькі разоў і раставаў, адтавала зямля. А цяпер на добра прамёрзлую зямлю лёг сухі снег, нейкі ажно блакітны. Дзівосныя шапкі надзелі кусты ядлоўцу, пасаджаныя каля ганка.
  Па іх, па гэтых шапках, можна меркаваць, колькі выпала снегу. Трэба чысціць ганак, сцежку на вуліцу.
  Максім радаваўся рабоце, за якую возьмецца. Пасля ўсіх мінскіх турбот і хваляванняў, звязаных з архітэктурай і з сям'ёй — з Ветай і жонкай, праца гэтая дасць адпачынак галаве і сэрцу; да радасці, якую прынёс добры снег, дадасць новую радасць — фізічную стому.
  Але спачатку яшчэ адна маленькая радасць — эксперымент з прыручэннем сініц. Раней ён дамогся перамогі — адна з сініц брала ласунак з далоні. За колькі дзён, якія ён адсутнічаў, сініца зноў адвыкла, і цяпер дзве іх лёталі над галавой, пераскоквалі на бярозах з галіны на галіну і піскалі гучна і весела, як бы падбадзёрвалі адна адну: давай ты першая! не, давай, ты!
  «Ну, бярыце, дурныя. Нічога дрэннага я вам не зраблю».
  Сініцы адказалі дуэтам: не можам, не можам!
  Максім аглянуўся. На парозе прыадчыненых дзвярэй ляжаў Варон і пільна сачыў за сініцамі.
  — Ах, вось што! Барон, я што табе казаў? Бандыт. Жывеш на поўным пансіёне і яшчэ аблізваешся на гэтых няшчасных птушачак. У цябе нават не феадальная — імперыялістычная ненажзрлівасць. Брысь! І зачыні дзверы, разбойнік!
  Прагнаўшы ката ў пакой, Максім зноў застыў з працягнутай убок рукой, на далоні ляжалі драбкі сала. І вось пырхнуў міма вуха адзін пушысты камочак, заласкатаў лапкамі далоню, пасля — другі. Перамога! Не спалохаць іх! Няхай абжываюцца! Паставіў мэту, каб сініцы чакалі яго звароту, сустракалі і самі ляцелі ў рукі, можа, нават елі на яго стале, з яго талеркі. Верыў, што даможацца гэтага.
  Схапіўшы сала, сініцы пырхнулі на бярозу.
  Максім правёў іх ласкавым позіркам і ўздыхнуў. І зноў падумаў пра тое, пра што і ўчора ўвечары і асабліва сёння, калі прачнуўся і ўбачыў, якое хараство на дварэ, загадаў сабе не думаць, не ўспамінаць. Узяў лапату, каб чысціць снег, але не адразу адважыўся крануць гэтую першародную прыгажосць. Стаяў, глядзеў, як садзяцца сняжынкі адна на адну, іскрацца, і нават у гэтую хмурную раніцу кожная з іх пераліваецца вясёлкай.
  Хацеў думаць аб прыгажосці ў прыродзе і аб той прыгажосці, што ствараецца людзьмі, у стварэнні якой удзельнічае і ён, Але над галавой зноў праляцелі сініцы. Прасілі яшчэ пачастунку. І Максім зноў мімаволі падумаў, што нават птушка разумее дабрату і ласку... Пра Дашу падумаў. Са злосцю, з якой бадай што не думаў ні разу.
  Вяртаючыся з Мінска поездам, усю ноч думаў пра тое, як пагутарыць з жонкай пра Вету. Разумеў, што звароту назад няма, што на яе ўмовах ён ніколі не прымірыцца. Але ўсё ж глыбока ў душы цяплілася іскарка надзеі, што лёс Веты, агульная заклапочанасць яе нечаканым замужжам можа раптам нешта змяніць.
  А выйшаў з вагона ў сваім горадзе і адразу адчуў, што но можа ён адразу ісці дадому, не можа гутарыць з жонкай. Хіба пасля. Яна так зацялася, што не сказала нават аб тым, што Вета званіла, каб паведаміць, што збіраецца замуж. Выходзіць, ёй напляваць на лёс дачкі. Замуж дык замуж. Філасофія па-бабску простая: усе выходзяць. Дык што ж можа змяніцца ў яе паводзінах?
  Быў пачатак рабочага дня, і ён з вакзала накіраваўся ў гарсавет, дзе за дзень вырашыў безліч тых спраў, што накапіліся за яго адсутнасць.
  У канцы дня пайшоў да Шугачовых. Магчыма, акрамя ўсяго, вяла віна перад Верай. Як яна? Нічога ж ён не памог, толькі наабяцаў.
  Віктара не было — праводзіў партбюро. І Веры не было. Пасядзеў з Поляй у яе дзіўнай кухні. Расказаў пра Вету. Поля зразумела яго бацькоўскі боль.
  — Ой, Максім! Я сама са страхам думаю пра той час, калі прыйдзецца выдаваць дачок. Магчыма, цяжка першую. З сынамі прасцей. Тут нібы набываеш, а не траціш. Прымусьце сябе думаць, што вы набываеце сына, і парадуйцеся.
  Тады ён, як на споведзі, расказаў Полі, што баліць таму, што не адна толькі гэтая страта ў яго,— расказаў усё пра Дашу, хоць даўно здагадваўся, што Шугачовы шмат пра што ведаюць, толькі з далікатнасці маўчаць.
  Поля быццам бы паспрабавала апраўдаць Дашу:
  — Яна званіла мне, шукала вас. Але вы ўжо былі ў Мінску. Мы доўга гаварылі па тэлефоне. Уласна кажучы, Даша гаварыла... Мне пры дзецях не вельмі можна было...
  Максім уявіў, што магла нагаварыць Даша. І не памыліўся. Пасля доўгай гутаркі пра ўсё — пра іх адносіны, пра Вету, пра дачку, Поля раптам з той нечаканасцю, з якой робяць толькі разумныя жанчыны, спытала:
  — Скажыце шчыра, Максім. У вас ёсць жанчына?
  — Поля! Клянуся. Перад табой і Віктарам мне няма чаго хавацца, ты ведаеш, як я стаўлюся да вас. У мяне нікога няма. Ты ведаеш, як я любіў жонку! І я пяць гадоў рабіў усё, каб прымірыцца. Я ішоў на кампрамісы, ад якіх самому рабілася брыдка, ты ведаеш маю цыганскую натуру, ведаеш, які я вораг усякага згодніцтва. Але да яе нічога не даходзіць. Па-мойму, гэта ўжо псіхоз, хвароба. Чым далей — тым горш. У вас з Віктарам было, каб вы па тры тыдні не размаўлялі?
  — Што бы! Як можна перад дзецьмі хадзіць надутымі пеўнямі... Мне нават не верыцца, што Даша такая. Не, не падумайце. Я веру вам. Тым больш мне дзіўна і горка.
  Размова ішла надзвычай шчырая, такая не часта здараецца. Пры гэтым гаспадыня не забывала падліваць госцю ў шклянку нейкай адмысловай настойкі на пупышках маліны, таполі і яшчэ нечага.
  І нячысты пацягнуў за язык. Захацелася за шчырасць заплаціць такой жа шчырасцю. Сказаў пра Веру. Калі словы вылецелі, тады толькі зразумеў, што зрабіў глупства. Поля пабляднела. Паднялася і заглянула ў калідор: ці не падслухоўваюць малыя?
  Відаць было, як ашаламіла такая навіна маці. Выходзіць, не дабром ён заплаціў, а злом. Па сутнасці атрымоўваецца так, што ён, як нейкі зласлівец, ударыў гасцінную гаспадыню ў сэрца. Маўляў, не ў адной маёй сям'і нелады, у вашай таксама, хоць яка знешне прыстойная, дружная і шчаслівая. У мяне дык хоць банальная драма, якіх нямала. А ў вас — лічы — трагедыя, якіх таксама, магчыма, нямала, але якія ніколі не былі і не стануць банальнымі. Справа іншая, што сэнс гэтай трагедыі змяніўся, зменшылася яе трагедыйнасць, безвыходнасць.
  Стараючыся змякчыць удар, які нанёс сваёй непатрэбнай шчырасцю, ён пачаў расказваць, як гутарыў з Вадзімам і чаму не здолеў пагутарыць з Кулагіным-старэйшым.
  Поля перапыніла яго:
  — Максім, я вас прашу. Ні з кім не трэба гаварыць. Ні з кім. І з Верай таксама. Я сама...
  Зразумеў, што ёй балюча працягваць гэтую размову, і адчуў сябе вельмі пагана. Няўдзячным неразумным зласліўцам перад лепшымі сябрамі. Здраднікам перад Верай. Як цяпер паглядзець ёй у вочы? Брыдкае, страшнае пачуццё здрады не пакідала ўвесь вечар, калі ён прыехаў сюды, у Воўчы Лог, і доўга награваў настылую за колькі дзён дачу.
  Раніцой ён апраўдваў сябе тым, што выдаў Барышу тайну не каму-небудзь старонняму, а маці. Маці павінна ведаць. Такая маці, як Поля, паможа ў сто разоў хутчэй і лепш, чым ён, чужы мужчына, які ў сваёй уласнай сям'і не здолеў навесці парадак. Але тут, на вуліцы, сярод некранутай чысціні снегу, пад ласкавы перапісе даверлівых сініц, зноў з'явілася адчуванне віны перад Верай. Аднак трохі ў іншым сэнсе і аслабленае тым, што адначасова ўпершыню пасля сустрэчы адчуў сябе вінаватым і перад Вета!. Завошта? Вось гэтая няпэўнасць — завошта? — і надала пачуццям іншы сэнс і накіраванасць: канкрэтная віна перад Верай неяк узнялася да віны перад дзецьмі ўвогуле. Праўда, віна гэтая была неасэнсаваная, туманная, бо раней ніколі нічога падобнага не з'яўлялася. Як умеў, выхоўваў Вету, як умеў, вучыў студэнтаў і маладых праекціроўшчыкаў, інжынераў. Здавалася, сумленна выконваў свой бацькоўскі, грамадзянскі, прафесійны абавязак. Што яшчэ можна патрабаваць ад чалавека? Адкуль жа, чаму з'явілася раптам адчуванне, што нечага вельмі важнага ў жыцці ён не зрабіў ці зрабіў не так, як належала, менавіта ў сваіх адносінах з дзецьмі, не толькі са сваёй адзінай дачкой, якую пеставалі больш чым трэба, але і з іншымі дзецьмі? А што ён павінен быў зрабіць? Жыць інакш? І ўсяго? А як інакш? Жыццё ніколі не залежала і не залежыць толькі ад тваіх уласных перакананняў, маральных нормаў, звычак. На яго штодзённа і бясконца ўплываюць другія людзі — сям'я, калектыў, грамадства. Як жа можна было жыць так, каб ад твайго жыцця стала лепш і Веце і Веры? І што значыць лепш? Багацей, прасцей? Каб яны мелі прыклад? Хіба дрэнны мела прыклад Вера ад сваіх бацькоў?
  Максім скінуў куртку і пачаў чысціць дарожкі. Заграбаў шырокай драўлянай лапатай мяккі і лёгкі снег, адкідваў убок.
  Нерухомае сузіранне — магчыма, нядрэнны занятак для філосафаў; яму, практыку, яно рэдка памагала, яго -заўсёды выручала, лячыла дзеянне, праца.
  Праца была прыемная, і ён не толькі пачысціў вакол сваёй дачы, але прачысціў сцежку да галоўнай вуліцы пасёлка, якую жартаўнікі называлі праспектам Аноха. Камунальніку, як і некаторым іншым адказным работнікам, свае садовыя гаспадаркі прыйшлося тэрмінова збываць. Але назва засталася. Між іншым, Анох настройваў членаў партбюро, няхай патрабуюць, каб і ён, Карнач, «добраахвотна» адмовіўся ад нерухомай маёмасці.
  З'явіліся першыя лыжнікі. Калі пачынаецца лыжны сезон, у Воўчым «Позе ў выходныя дні бывае мнагалюдна. І многія спыняюцца перад яго хатай. Любуюцца.
  Не хацелася пры людзях чысціць вуліцу, прыцягваць да сябе ўвагу. Ды і дзіўна выглядала яго праца, калі ўсё яшчэ ішоў снег, хоць, відаць, не такі густы, як уначы, такі нескора занясе дарожкі.
  Максім схаваў у гараж лапату. Ласкава, як жывую істоту, пагладзіў свой старэнькі «Масквіч», які так выручаў яго цяпер, хоць у апошні час не раз і падводзіў.
  Падумаў, што цяпер не выехаць, пакуль не зловіць на шашы грэйдэр і не прачысціць дарогу. Але сёння чысціць без карысці — ідзе снег. У панядзелак прыйдзецца абуваць буркі і праторваць да шашы сцежку, а там галасаваць, як беднаму студэнту.
  Пліта, якую распаліў, прачнуўшыся, нагрэла кухню і трохі сумежны пакой, дзе грэў электракамін.
  Гатуючы снеданне, Максім амаль што весела ўжо, ва ўсякім разе, без той змрочнасці, з якой гадзіну назад выйшаў на вуліцу, успамінаў сваё знаёмства з бацькамі Вецінага жаніха — Прабабкінымі.
  — Прабабкіны — Прадзедкіны,— засмяяўся ён, наразаючы дробненькімі скрылёчкамі бульбу на скавародку з гарачым маслам; яно шыпела і сярдзіта пырскалася.
  Дзіўнае ўражанне засталося ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з людзьмі, з якімі яму, здаецца, наканавана парадніцца.
  Жаніх не вельмі падабаўся. Манерны нейкі, але бесстылёвы (праўда, адсутнасць стылю — таксама стыль) — ні старамодны, ні сучасны, як кажуць, ні рыба ні мяса.
  Карней пасля танца не вярнуўся з Ветай, яна падышла да стала і сказала, што жаніх пайшоў званіць сваім.
  Максім адразу спытаў у дачкі:
  — Ты кахаеш гэтага чалавека?
  Вета бестурботна засмяялася.
  — Можа, я яшчэ не ведаю, што такое каханне. Але ён мне падабаўся з самага пачатку. Тата, ён не такі ціхоня, гэта ён перад табой збянтэжыўся.
  — Даўно вы знаёмы?
  — З вясны. Ён адразу пазнаёміў мяне са сваімі бацькамі.
  — Ён адразу... А ты калі? Не сорамна табе?
  — Даруй, тата. Сапраўды сорамна.
  Жаніх вярнуўся і перадаў запрашэнне сваіх бацькоў заўтра паснедаць у іх.
  Ён падумаў тады з невясёлым гумарам: «Як старасвецкія памешчыкі».
  Але старыя Прабабкіны яму падабаліся. Перш за ўсё — іх біяграфія. Незвычайная нават для іх пакалення. Немалады лейтэнант з сельскіх настаўнікаў у сорак другім ажаніўся з дзяўчынай-снайперам, слава аб якой грымела ўжо тады на ўвесь Карэльскі фронт.
  Фінскі снайпер перахітрыў Ганну. Цэліў, гад, відаць, у сэрца, а прастрэліў левую руку. У дваццаць адзін год Галя засталася без рукі, але Цімафей Прабабкін не пакінуў жонку-інваліда, і яна не пакінула яго, усю вайну заставалася ў часці і нямала пасля зняла фашысцкіх «зязюль» адной рукой. Пасля вайны нарадзіла дваіх дзяцей, была з мужам у Германіі, у Польшчы, на Далёкім Усходзе. Цяпер узначальвае домакіраўніцтва.
  — Камандую пенсіянерамі. Даю раскрутку ўсім. А ў жыллёвых аддзелах зладзюганаў хапае. Яны мяне баяцца больш, чым абэхаэс,— расказвала яна са смехам за сталом.
  Нягледзячы на інваліднасць, Ганна Цітаўна — жанчына маладжавая, без інею ў валасах, дзябёлая і спрытная.
  Максім хацеў было памагчы ёй накрыць на стол, але яна бесцырымонна, адразу перайшоўшы на «ты», адхіліла яго дапамогу. Магчыма, каго іншага шакіруе яе салдацкая грубасць, а яму падабалася гэтая жанчына. Ён падумаў, што Веце карысна будзе пабыць пад яе ўплывам, можа, выб'е Дашына выхаванне, якое цяпер сур'ёзна трывожыла яго.
  Сам Прабабкін па характару іншы чалавек, хоць уплыў жонкі адчуваўся і ў ім. Выглядаў ён намнога старэйшым за Ганну Цітаўну, хоць у сапраўднасці старэйшы ўсяго на сем гадоў. Гадоў дваццаць сем праслужыў у арміі, але пяць ці шэсць гадоў настаўніцкай працы перад вайной нішто ў ім не сцерла, не закрэсліла. Магчыма, лёс, што так склаўся, загубіў у ім выдатнага педагога.
  Настаўніцкія рысы будучага свата асабліва падабаліся Максіму.
  Кватэра Прабабкіных прасторная — чатыры пакоі (пайшоў на пенсію са штаба акругі), але абстаўлена проста, без той спажывецкай, падчас мяшчанскай, прэтэнзіі, якой заражаюцца некаторыя добра забяспечаныя пенсіянеры.
  Максім са сваімі дызайнерскімі здольнасцямі своеасабліва ставіўся да мадэрнай мэблі, да інтэр'ераў, да тых парад, што давалі модныя часопісы. Даўно заўважыў, што мэбля, магчыма, больш, чым адзенне, раскрывае характар людзей, іх жыццёвую філасофію. Пастаў некаторым людзям ультрасучасную мэблю — і яны або адчуюць сябе вельмі няўтульна, або пачнуць мяняць характары. Прыгожыя рэчы ўпрыгожваюць чалавека, але нярэдка і псуюць яго. Так сапсавалі Дашу, якая, магчыма, была б зусім іншай, каб назаўсёды засталася ў сваім Барку і даіла ў калгасе кароў.
  У Прабабкіных стаяла мэбля, набытая ў розны час, у розных краінах і месцах, пад час вандроўнага вайсковага жыцця. Але разнастыльнасць не псавала агульнага выгляду пакоя; усё хораша пасавала да біяграфіі Прабабкіных, іх характараў і цяперашняга становішча.
  Чакалі на снеданне маладых. Але пазваніў Карней і сказаў, што Вету не адпускаюць з лекцыі па дыялектычнаму матэрыялізму.
  Ганна Цітаўка пабедавала. А ён, Максім, парадаваўся. Добра, што дачка адчувае дысцыпліну і не адважваецца парушыць яе нават з такой выключнай нагоды!
  Стол быў накрыты проста, зноў-такі без прэтэнзіі на тое, каб здзівіць госця. І страва пастаўлена простая: селядзец з алеем, цыбуля, смажаная кілбаса, вараная бульба. І гарэлка з перцам — такім чынам Ганна Цітаўна ўспамінала сваю нэньку Украіну. Стручкі перцу, прысланага сястрой, гаспадыня апускала ў пляшкі сама, і гарэлка гэтая прадзірала да пят, а з вачэй ажно зоркі сыпаліся.
  Цімафей Фаміч піў цераз адну, а гаспадыня куляла чарка ў чарку з госцем. Ад гэтага рабілася весялейшая і расказвала салдацкія анекдоты, ад якіх муж бянтэжыўся і ўшчуваў жонку. Ганна рагатала.
  — Максім Яўцехавіч! Він жа ў мэні шчо дзіця. Людзі дывяцца: як я такога выняньчыла адной рукой? І сын у бацьку. А дачка ў мене... Падзялілі па закону. Людка наша, зараза, паехала пасля дзесятага класа ў Ленінград экзамен здаваць у медыцынскі, а пісьмо прыслала з Мурманска. Я, піша, ужо больш не Прабабкіна, хопіць мне насіць ваша смішнае прозвішча... Хіба не няўдзячная? Я ўжо, кажа, Коласава. Выйшла замуж за афіцэра падводнай лодкі. Давучылася, чортава дзеўка. Бацька перажываў. А я кажу яму: хто ведае, дзе чыё шчасце!
  Гэта па сутнасці былі адзіныя словы, якія мелі нейкае дачыненне да Веты, да жаніцьбы іх сына. Нават падвыпіўшы, Прабабкіны не загаварылі пра маладых, далікатна абыходзілі размову на гэтую тэму. І ён, Максім, быў удзячны ім. Яму таксама не хацелася абмяркоўваць з людзьмі, якія яму пакуль што чужыя, родную дачку. Больш таго, ідучы на снеданне, баяўся, як бы будучыя сваты не пачалі расхвальваць свайго сына, даказваць, што ён ашчаслівіў сваім выбарам яго дачку, як гэта часта бывае, і па сутнасці вымагаць удзячнасці. Калі падумаў пра такое знаёмства, хацеў нават адмовіцца ад запрашэння. Але, на шчасце, ка яго шчасце, Прабабкіны паказалі сябе зусім разумнымі людзьмі.
  Адным словам, раніца была больш светлая, чым вечар, хоць дзень быў туманны, нялётны. Прыйшлося чакаць вячэрняга поезда. Па службовых справах пасля такога снедання не пайшоў, толькі з'ездзіў у майстэрню да скульптара. Пасля хадзіў з Ветай па магазінах і там зноў сапсаваў сабе настрой: устрывожыла Веціна сквапнасць да рэчаў. І бесцырымоннасць. Без сораму цягнула бацькоў да ліфчыкаў, камбінацый, штонікаў, здаецца, загрэбла б усё. Псіхалогія маці. Некалі ён смяяўся з гэтай Дашынай страсці і стараўся задаволіць усе яе патрэбы: прыемна табе — на. Ды і самому было прыемна, што на яго жонку зазіраюць усе, рэўнасці не адчуваў. А чым гэта скончылася?
  Не хацелася думаць пра чорнае ў такі белы дзень. Хацелася працаваць. Паўгода шукаў архітэктурнае рашэнне помніка партызанам. Сасноўскі, былы партызан, праяўляў асаблівы клопат і цікавасць да праектавання помніка. Але яго, Максіма, дарэчы, як і сааўтара — скульптара, ніводны з трох варыянтаў, якія яны зрабілі, не задавальняў.
  Скульптар, да якога Максім наведаўся ў Мінску, падкінуў яму новую ідэю; у маладога, таленавітага хлопца ідэі сыпаліся, як з мяшка.
  Максім спачатку не прыняў яе. Але сёння ўначы павярнуў скульптарку задуму як бы другім бокам, дадаў свае дэталі і нечакана ўпадабаў, ва ўсякім разе, прыйшоў да думкі, што новы варыянт варты таго, каб над ім папрацаваць.
  Але ён ніколі не садзіўся адразу за чарцёжную дошку. Дэталі павінны выкрышталізавацца ў галаве. Са шматгадовага вопыту ён ведаў, што лепш за ўсё рашаюцца архітэктурныя задачы, калі ён, заняты старажытнай працай, якой усё жыццё займаўся яго бацька,— сталярнічае, майструе што-небудзь простае — шпакоўню, паліцу. Ён можа паўдня шукаць форму кніжнай палічкі і месца ёй, але затое за гэты час у галаве вычэрчваюцца такія дэталі праекта, што пасля сам здзіўляецца, калі пачынае зарысоўваць іх на паперы.
  Таму з раніцы, яшчэ ў ложку, ён спланаваў свой выходны дзень: пасля снедання заняцца пераабсталяваннем мансарды — змяніць інтэр'ер; гэта тая праца, якая неабходна сёння, быў упэўнены, што такая праца скіруе думкі на праект манумента. Пры любым іншым занятку — корпанні ў аўтамашыне, хадзьбе на лыжах — ён зноў будзе думаць пра свае нялёгкія, зразумелыя і заблытаныя адносіны з людзьмі — з Дашай, Шугачовымі, Ветай, Ігнатовічам, Кіслюком, Макаедам... Цяпер яшчэ дадаліся Прабабкіны...
  Падняўшыся наверх, уключыўшы там электракамін, Максім доўга перастаўляў стол, канапу, выцер пыл на кніжках, здымаючы іх са старых паліц.
  Работа здалася непатрэбнай і нуднай, ніякага творчага ўзбуджэння не давала, наадварот, здрабняла думкі. У галаву лезла ўсякая лухта. Так было да таго часу, пакуль не змайстраваў вярстак і з-пад ляза рубанка не вылецела першая пакуль што бруднаватая стружка, пакацілася па падлозе.
  Барон скочыў на стружку, як на жывую істоту, злавіў лапамі, панюхаў і незадаволена фыркнуў.
  Максіма гэта рассмяшыла.
  — Старэем мы з табой, Барон. Любое кацянё цэлы дзень бы гуляла з гэтымі, стружкамі. А ты, сабачы кот, фыркаеш. Заеўся, гультай. Не, ты панюхай, як яна пахне... Гэта ж казка! Казка лесу. і казка працы.
  Адно за адным ляцелі бурштынавыя кольцы. Падагрэты пакой напоўніўся жывым, вечна непаўторным, ап'яняючым сасновым водарам. А за вокнамі падаў ціхі снег.
  І настрой узнімаўся. Сталяр весела свістаў, паглядваючы ў вокны. Праз акно бачыў заснежаныя дахі домікаў, якія ў белай каламуці здаваліся маленькімі, лялечнымі. Праз другое — бярозы, белыя-белыя, і ад таго купка іх на адхоне ўзгорка ператварылася ў бясконцы гай, бо за тымі бярозамі, што заглядвалі ў акно, была такая ж бель з чорнымі крапінамі...
  Праз колькі хвілін ён габляваў амаль механічна, бо галава была занята праектам манумента.
  Сеў да стала. Намаляваў паліцу. Адну, другую... І тут жа, пад імі,— некалькімі размашыстымі лініямі — манумент. Уласна кажучы, не ўвесь манумент — фрагмент разбуранай сцяны — тэмы гарадскога падполля, якую ўсе хацелі ўбачыць у будучым помніку, але ніхто не ведаў, як увесці гэтую тэму, вырашыць архітэктура і скульптурна.
  Спачатку накід падабаўся. І ён пачаў дамалёўваць дэталі. Ды раптам з'явілася страшная думка. Каб праектаваць такі помнік, выходзіць, трэба ўявіць, як могуць выглядаць руіны таго, што ты збудаваў за дваццаць гадоў. Уявіў разбураным свой палац культуры, адкрыты месяц назад, і пахаладзеў. У спіну быццам вецер дзьмухнуў, потная кашуля прыліпла да цела... Падняў малюнак, каб падраць яго. Але спыніўся. Сунуў у папку... На новым лісце нарысаваў новы варыянт. Але страшны прывід разбуранага палаца стаяў перад вачамі, і Максім кінуў аловак і вярнуўся да верстака.
  Ён зноў ствараў. Звычайную паліцу. У галаве яна збудавана даўно, рукі ўмела і няспешліва рабілі звыклыя аперацыі, а мозг будаваў у гэты час зусім іншае — непамерна больш вялікае і больш патрэбнае. Людзям, дзецям. Веце, Карнею, Веры...
  Успамін пра Веру зноў абудзіў пачуццё віны перад ёй, здрады. Так думкі пераскоквалі з аднаго на другое, з вялікага на малое і наадварот. Але што вялікае і што малое? Усё ўмоўна. Можа, лёс Веры — самае вялікае на сённяшні дзень. Не толькі для яе, для Шугачовых і для яго, але для ўсяго чалавецтва... Ён верыць: прыйдзе час, калі трагедыя аднаго чалавека будзе трагедыяй тысяч і мільёнаў. А чаму ён лічыць, што ў Веры трагедыя? А можа, гэта шчасце?
  Варыў унізе на кухні клей, калі ў дзверы настойліва пастукалі.
  «Чорт прынёс некага»,— незадаволена падумаў Максім. Каб быў угары, сцішыўся б, прыкінуўся, што няма дома. А тут яго маглі ўбачыць праз акно, Адчыніў дзверы і... здзівіўся. На ганку стаяла Ніна Іванаўна Макаед, у чырвоным лыжным касцюме, які аблягаў яе стройную постаць, з рукзаком за плячамі, з кіем у руцэ. Лыжы і яшчэ адзін кій стаялі прыслоненыя да парэнчаў ганка. Расчырванелая на марозе, ды яшчэ касцюм і шапка давалі ружовы водсвет, жанчына, здалося, палала ўся.
  Яны даўжэй, чым трэба, глядзелі адно на аднаго, быццам не бачыліся гадоў дваццаць — з юнацтва — і цяпер пазнавалі.
  Ніна Іванаўна дыхала глыбока і часта — толькі з лыж, і, можа, ад гэтага не адразу здолела прамовіць першыя словы. Максім хоць здзівіўся, але не сказаць, што маўчаў ад ашаломленасці. Не, першыя секунды ён яшчэ жыў сваёй працай і быў незадаволены, што яму перашкодзілі. Пасля з'явілася цікавасць: што прынесла Макаедаў? Чакаў, што вось-вось з-за вугла выгляне Браніслаў Адамавіч. Проста так, без карысці для сябе, гэтыя людзі даўно ўжо да яго не наведваліся. Але, акрамя ўсяго іншага, ён, мужчына з добрым густам, залюбаваўся Нінай: прыгожая, чортава лялька! Нічога не скажаш. У гэтым касцюме, са сняжынкамі на падфарбаваных бровах, расчырванелая — нерэальна прыгожая. Ажно вачам балюча глядзець на яе. І ён адчуў нейкае дзіўнае хваляванне.
  — У хату пусціш,— гаспадар? — першая парушыла маўчанне нечаканая госця і хрыпла — з холаду — засмяялася.
  — Калі ласка,— Максім адступіў убок, і яна пераступіла парог. Павіталася:
  — Добры дзень, схімнік,— і тут жа пацягнула носам: — Што ў цябе так смярдзіць?
  На кухні гарэў клей.
  Максім кінуўся туды, выключыў газ і выкінуў банку з клеем у памыйнае вядро.
  Ніна Іванаўна стаяла ў дзвярах і смяялася. Скінула рукзак, асцярожна паставіла на падлогу.
  — Усё майструеш?
  — Майструю.
  — А я чуць адарвала свайго Макаеда ад тэлевізара. Але хіба яму за мной угнацца? Дзесьці за шашой яшчэ пыхціць. Па маёй лыжні. Прымеш гасцей?
  Максім пажартаваў не без намёку на свае адносіны з Макаедам:
  — З большай прыемнасцю я прыняў бы адну госцю.
  Яна са смехам пагразіла яму пальцам.
  — Ну, ну, цыган! Не зіркай на чужых коней!
  — А я не на коней зіркаю...
  Як бы засаромеўшыся, Ніна Іванаўна нахілілася да рукзака, развязала яго, дастала пляшку марачнага каньяку, такі Максім даўно ўжо каштаваў — кусацца пачалі гэтыя бутэлькі з прыгожымі этыкеткамі. Але яшчэ больш здзівіла шампанскае. І насцярожыла.
  — З якой нагоды такія траты?
  Выкладаючы пакункі з вяндлінай, кілбасой, сырам, Ніна Іванаўна смяялася, задаволеная:
  — Ты ведаеш скупасць Макаеда. Самае прыемнае, што я маю ў жыцці, гэта хоць зрэдку патрусіць яго торбу...
  Паглядзеўшы на гаспадара і ўбачыўшы, што ён не падхапіў яе жарт, не жадае смяяцца са скупасці калегі, растлумачыла сур'ёзна:
  — Я імянінніца сёння. І мне захацелася адзначыць свой дзень нараджэння вось так. Такі дзень! Такі снег! Я не рамантычная натура! Не выганіш?
  Яна схлусіла. Паспадзявалася, што ён не помніць яе дня нараджэння. Дзень гэты сапраўды зімой, але недзе праз месяц. Максім запомніў дату, бо ў мінулым годзе яны былі запрошаны Макаедамі і па дарозе дадому пасварыліся з Дашай — тая прыраўнавала да маладой выкладчыцы інстытута, якой ён нават не ведаў імя і аддаў ёй за сталом крышачку больш увагі толькі таму, што дзяўчына была адна, бянтэжылася, адчувала сябе беднай сваячніцай, і ў вачах у яе свяціўся глыбокі смутак. Ён парадаваўся, што яму ўдалося на нейкі час патушыць гэты смутак сваёй увагай і жартамі. А праз гадзіну дзікая сцэна на вуліцы, на траскучым марозе. Абурыла яго не сама рэўнасць, а адсутнасць яе, прытворства: Даша проста даўно шукала прычыну для сваркі і пакутавала, што не знаходзіла, ён гэта добра бачыў. Знайшоўшы такую прычыну, баба проста ажыла і мела задавальненне, калі крычала на вуліцы.
  Ману Ніны Іванаўны не стаў выкрываць. Але цікаўнасць яго пабольшала: чаго ўсё ж хочуць ад яго Макаеды?
  Падхапіў яе гульню.
  — Віншую,— наблізіўся, спачатку паціснуў, потым пацалаваў руку.
  Жанчына не пачырванела ад задавальнення, наадварот, раптам пабляднела, як бы спалохаўшыся, адступіла ад яго.
  — Калі ты дазволіш, я пагаспадару на кухні і накрыю стол... пакуль прыляціць мой чэмпіён на лыжах. Чыстая скацерка ў цябе ёсць?
  Максім паказаў, дзе што ўзяць, а сам падняўся наверх. Але не за тым, каб працаваць. Якая там праца! Захапіў знізу касцюм, брытву. Няёмка ўсё ж прымаць жанчыну ў адзенні, у якім рамантуе машыну, паліць печ, сталярнічае. Ад зашмальцаванай курткі нават пахне саляркай, торфам, смалой.
  Калі спусціўся зноў ўніз, Ніна Іванаўна агледзела яго, здалося, драпежным позіркам і сказала, як бы шкадуючы, што ён так пераўтварыўся.
  — Які ты элегантны! Усё ж адзенне робіць чалавека!
  — У рабочым адзенні я не быў чалавекам?
  — Чалавекам — для працы, не для прыёму гасцей.
  — Я не ведаю, хто каго прымае. Ваш каньяк. І твае клопаты...
  За кароткі час, пакуль ён пераадзяваўся і галіўся, яна навяла на кухні парадак і чысціню. Ухадзіцца з кухняй так, як рабіла гэта Даша і зрабіла за такі кароткі час госця,— гэта яму ніколі не ўдавалася. Для яго, дызайнера, які ўмеў арганізаваць выдатны інтэр'ер, заставалася адной з таямніц жаночага характару такое ўменне.
  Посуд заняў сваё месца. Усё памыта. Гараць камфорт пліты. Кіпіць вада. Варыцца бульба. Нават запахла па-кухоннаму апетытна.
  Адно не спадабалася: Ніна Іванаўна недзе знайшла Дашый фартушок, надзела яго; квяцісты фартушок гэты нагадаў жонку, і ў душы зноў варухнулася злосць на яе. За ўсё. А ён апошнім часам амаль пераканаў сябе, што адносіны іх знаходзяцца ў тым стане, калі не павінна ўжо быць ні кахання, ні нянавісці, ні злосці, толькі развага і разлік — як і калі з годнасцю аформіць гэтыя адносіны, не ўніжаючы адзін аднаго, хоць надзеі на такую разважлівасць з яе боку не было.
  — Я паставіла варыцца бульбу. Ты не супраць? Палі мне на рукі — і мы будзем накрываць на стол,— пасвойску проста сказала Ніна Іванаўна.
  Паліваючы ёй на рукі, Максім звярнуў увагу, якія яны ў яе запеставаныя, дагледжаныя, і падумаў, што модніца не пашкадавала свежага, напэўна, толькі ўчора зробленага манікюру. У імя чаго? Г раптам нешта зноў яго ўсхвалявала. Што — не мог зразумець. Яе блізкасць? Ён даўно ведае гэтую жанчыну. Гадоў дзесяць. Але ніколі не заляцаўся да яе. А пасля высмеяў яе дысертацыю пра азеляненне і Ведаў, што набыў сабе яшчэ аднаго ворага, тайнага і хітрага. Верыў чуткам, што дысертацыю ёй напісаў Макаед, гэта была плата за яе згоду выйсці за яго замуж. Макаед — пасрэдны архітэктар, але пісаць умее і любіць. Больш за яго ніхто не друкуе артыкулаў у спецыяльных і агульных выданнях. Прозвішча яго можна сустрэць у жаночым часопісе, у піянерскіх газетах.
  Дысертацыю ёй Макаед мог напісаць. Але ў жыцці Ніна Іванаўна разумнейшая за мужа. Абарону дысертацыі яна арганізавала сама. І абаранілася з «помпай». Пасля гэтага Максім перастаў паважаць некаторых сваіх настаўнікаў. Склеротыкі! У дысертацыі — ніводнай арыгінальнай думкі, ніводнай ідэі, якая магла б мець практычнае значэнне для гарадоў Беларусі. А ён якраз Тады заняў пасаду галоўнага архітэктара, і праблема азелянення займала яго ўвагу не менш, чым многія іншыя, якімі, калі працаваў у інстытуце, займацца не даводзілася.
  Яны разам накрывалі стол і вялі «інтэлектуальную гутарку» — пра архітэктуру, дарэчы, пра гэта ж азеляненне. Ведаючы Карначову думку пра яе дысертацыю, Ніна Іванаўна, відаць, знарок падрыхтавалася і выказвала нямала цікавых, вартых увагі меркаванняў. І пры гэтым з мастацкім спрытам рыхтавала закусь, сервіравала стол.
  На новенькім абрусе, які ні разу не засцілаўся, урачыста ўзвышаліся пляшкі каньяку і шампанскага, прыгожа нарэзаныя вяндліна і сыр, памідоры, гуркі.
  Праз шырокае акно лілося снежнае святло, гэткае ж урачыстае. Здавалася, зайздросна зазіралі настылыя бярозкі.
  Максім, агледзеўшы стол, каўтнуў сліну — снедаў па-халасцяцку.
  — Ну, што ж, толькі руж не хапае. Улетку я пабудую цяпліцу і вырашчу ружы... да твайго дня нараджэння,— сказаў з іроніяй, але Ніна Іванаўна, здаецца, не зразумела гэтага.
  — Я зраблю салату. Хочаш?
  — Не трэба. Я рвуся да стала. Дзе твой Макаед? Дзе ты яго пакінула? Можа, сходзім насустрач?
  Ніна Іванаўна адышла ад стала, прытулілася спіной да сцяны, зняла цераз галаву фартух, кінула яго ў куток на падлогу. Сказала спакойна, без какецтва, бадай жорстка:
  — Макаеда не будзе. Я зманіла. Я прыйшла адна. Выганіш?
  Максім засмяяўся. Яна не зразумела яго смех і стаіла дыханне.
  Ён агледзеў яе так, быццам убачыў упершыню.
  Ён паўгода не ведаў жанчыны, а ў яго ж — цыганская кроў. Думка пра гэта і пра тое, што ён можа наставіць рогі самаўпэўненаму, пыхліваму і нядобразычліваму да яго Макаеду, рассмяшыла.
  Ён пайшоў вакол стала на пальчыках, нячутна, як Барон.
  Ніна заплюшчыла вочы, нібы дзяўчынка, якой раптам зрабілася страшна.
  Ніне Іванаўне было сорамна за свой намер, які прывёў яе сюды. Але разам з тым ёй хацелася смяяцца, весела, гучна, гарэзліва. Ні яе першы муж, ні два любоўскі, якіх яна мела, ні тым больш Макаед — ніхто ніколі не даў ёй столькі неаночай радасці, як гэты цыган. А яна ж ненавідзела яго апошняга паўмесяца і нават пачала згаджацца з Макаедам, перастала яго дражніць сваёй даўно прыдуманай сімпатыяй да Карнача. Хоць чаму прыдуманай? Максім сапраўды ёй падабаўся даўно. Неаднойчы, лежачы побач з амаль ненавісным мужам, яна марыла пра гэтага мужчыну. Мара здзейснілася, ды яшчэ так прыгожа, рамантычна, цікава. Якая дурніца не парадавалася б?! Ад смеху стрымлівала яго маўклівасць. Разумная і вопытная, яна здагадвалася пра тое пачуцце спустошанасці і няёмкасці, якую перажывае мужчына пасля такой нечаканай сувязі, і не крыўдзілася. Няхай памаўчыць. У яго моцна развіты комплекс сумлення. Напэўна, ён адчувае сябе вінаватым перад Макаедам. Між іншым, менавіта думка пра гэта напаўняла яе такім смехам, які, здавалася, восьвось разарве нутро.
  Яна павярнулася на бок, паклала руку яму на грудзі, пяшчотна дакранулася вуснамі да шчакі, паголенай гадзіну назад.
  — Пра што ты думаеш?
  — Я? Ты ведаеш — ні пра што. Поўная бяздумнасць.
  Яка дала волю смеху, пасля такіх слоў можна смела смяяцца.
  Максім здзівіўся:
  — Чаму ты смяешся?
  — Мне так хораша з табой. Я ніколі не мела такой радасці,— нечакана ў парыве ўдзячнасці прызналася яна ў самым галоўным і прыціснулася да яго, горача зашаптала: — Палюбі мяне, Максім! І я буду тваёй вернай рабыняй да... не, не да смерці — гэта глупства,— і банальна. Пакуль ты будзеш любіць мяне.
  — Дзіўныя вы, бабы,— сказаў Максім сур'ёзна і груба. Але гэта рассмяшыла яе яшчэ больш; трыццаціпяцігадовая жанчына, загадчыца кафедры, залівалася, як дзяўчынка, якую ласкаталі.
  — Не будзь такі сур'ёзны, калі ласка. Прашу... Што цябе трывожыць? Твае ўзаемаадносіны з Макаедам?
  — Між іншым, яны ніколі не трывожылі мяне.
  — Ты проста пагарджаў ім.
  — Я проста не прызнаваў яго архітэктурных здольнасцей. За гэта ён рабіў мне дробныя гадасці. На вялікія гадасці ў яго не хапала смеласці...
  Хацеў было сказаць: «На такую, напрыклад, якую зрабіў я». Але падумаў, што гэта можа абразіць жанчыну.
  Ніна Іванаўна зноў смяялася.
  — Як ты добра яго ведаеш.
  — А каго я не ведаю! Я толькі самога сябе не ведаю, у чым я пераканаўся сёння яшчэ раз...
  Гэта абарвала яе смех. Ніна Іванаўна глядзела яму ў вочы з бояззю, са страхам, што зараз ён можа знішчыць яе радасць.
  — Ды яшчэ аднаго чалавека я не здолеў узнаць за дваццаць гадоў. Жонкі сваёй.
  Ніна Іванаўна з палёгкай уздыхнула:
  — Ты не пакрыўдзішся, калі я спытаю...
  — Ці праўда, што я разводжуся з Дашай? Праўда!
  Прастата і суровасць, з якой Максім сказаў гэта,
  амаль спалохала яе. Ва ўсякім разе, смяяцца больш не хацелася. А ён, відаць, не жадаючы, каб размова на гэтую тэму працягвалася, раптам прапанаваў:
  — Хадзем абедаць.
  Ніне Іванаўне не хацелася вылазіць з-пад коўдры. Акрамя таго ведала, што за сталом размова набывае зусім іншы характар, а пасля такога Максімавага прызнання зразумела, што для яе будзе лепш, калі яна не будзе гаварыць з ім пра рэчы сур'ёзныя — сямейныя ці службовыя. І яна не па ўзросту закапрызнічала:
  — Не хачу да стала. Прынясі сюды.
  Спалохаў іх стук у дзверы.
  — Маўчы. Нас няма,— зашаптала Ніна Іванаўна, спачатку гарэзліва, як бы задаволеная новай прыгодай. Але калі пачуўся гучны голас Шугачова: «Максім! Дзе ты там, чорт? Адчыні!» — яна збялела, страціла весялосць, замітусілася, схапіла адзенне.
  — Куды? Куды мне схавацца?
  Цяпер Максіму зрабілася весела і смешна. Віцька — свой чалавек. І не балбатун.
  — Лезь наверх. Я пастараюся вывесці яго гуляць — і ты ўцякай тады як можна хутчэй.
  Схапіўшы ў а бярэма касцюм і лыжныя бацінкі, жанчына ў адной камбінацыі, босая, на пальчыках, асцярожна, як кошка, шмыгнула па лесвіцы. А там, за дзвярамі, усё ж холадна.
  — На маё паліто. І ўключы электрапеч.
  Ён сказаў гэта голасна, і яна, ловячы паліто, кінула на яго гнеўны позірк, быццам ён знарок падстроіў прыход Шугачова і паставіў яе ў такое смешнае становішча.
  
  Х.
  — Максім! — гукаў між тым Шугачоў.— Дзе ты? Я ж ведаю, што ты дома. Ад мяне не схаваешся!
  — Іду! — крыкнуў Максім, каб супакоіць сябра.
  Не спяшаючыся адзеўся, схаваў бутэльку з-пад шампанскага. Пляшку з рэшткамі каньяку перанёс на стол, зрабіўшы на ім беспарадак, каб не відно было, што накрывалася не на аднаго чалавека.
  Быў упэўнены, што Шугачоў прыехаў у такі снежны дзень з-за Веры. Поля, безумоўна, усё расказала мужу. Прыехаў у роспачы. Невясёлую размову ім прыйдзецца весці. Нішто сабе дзянёк выдаўся. Усяго хапіла. Успамін пра Веру зноў адгукнуўся ў сэрцы болем. Здаецца, Веты з яе характарам, у якім многа агульнага з матчыным, яму не было б так шкада, як гэтую добрую, ціхую ласкавую сваю «хрэсніцу».
  Але Віктар Шугачоў зусім не быў падобны на ашаломленага нечаканай бядой бацьку.
  — Спаў, ці што?
  — Спаў.
  — Ну, жыв-е-ш! Сярод дня дрыхнеш!
  Увайшоў у пакой і, убачыўшы стол, насцярожыўся:
  — Хто ў цябе быў?
  — Нікога не было.
  — Ты адзін так абедаеш?
  — Адзін.
  — Пракляты буржуй! Гурман! Транжыра! Марачны каньяк! Скацерка бялейшая за сённяшні снег. Поля раз у год, на вялікае свята, засцілае такую скацерку,— і тут жа наліў сабе каньяку.— Не аблізвайся. Табе не налью. Эгаіст няшчасны! Дзве трэці вылупіў сам. П'янюга! Будзь здароў!
  Выпіў маленькімі глыточкамі, цмокаючы.
  — Смакацішча якая! Жывуць жа людзі!
  Максіму зрабілася весела. Ён з натугай стрымліваў смех. Прыкінуўся сіратой:
  — Дай хоць кроплю. Галава трашчыць. Я «мядзведзя» піў.
  — «Мядзведзя»?! — Шугачоў, здавалася, зусім шчыра абурыўся.— Невук! Дзікун! Снежны чалавек! Які гэта дурань такі бажэст'зенны каньяк мяшае з вульгарным шампанскім? У мяне ад шампанскага ікотка. І печань баліць. За адно такое варварства пазбаўляю цябе каньяку. Ладна. Дзесяць кропель — не больш. Як лякарства. Галаву тваю шкадую. Яна ўсё ж нечага варта.
  Наліў патрошку, але пароўну.
  Максім не вытрымаў — засмяяўся. Тады напэўна ў даверлівага і праставатага Шугачова ўзнікла падазрэнне. Дзверы ў пакойчык, які служыў за спальню, былі адчынены, але Віктар падышоў і заглянуў туды. Максім, забаўляючыся, заглянуў следам за ім і траха не ахнуў: на спінцы крэсла застаўся красамоўны прадмет жаночага туалета. На шчасце Ніны Іванаўны, Шугачоў ніколі не вызначаўся назіральнасцю. Нават у праектах ён добра рашаў вялікія комплексы, аб'ёмы і мала надаваў увагі дробным дэталям. Але каб угледзеў «дэталь», што сведчыла аб прысутнасці жанчыны, ён не пасаромеўся б пашукаць сам аб'ект.
  Максім паспрабаваў уявіць, як павяла б сябе Ніна Іванаўна, каб Віцька палез наверх. Вясёленькая сітуацыя!
  Аднак трэба ратаваць яе. Прапанаваў сябру:
  — У мяне праўда баліць галава. Хадзем пагуляем. Памесім снег.
  — Я намясіў яго ад дарогі да твайго сабачага Лога — во як. Уся спіна мокрая.
  Шугачоў раптам пазмрачнеў. І Максім не сумняваўся, што ён прыйшоў пагаварыць пра сваю бяду — пра Веру. Успышка весялосці — ад нервовага напружання. «Заводзіўся» ўсю дарогу, а тут даў разрадку. Тым больш трэба вывесці яго з дачы, а то пачне гаворку пра Веру тут, і гэта можа пачуць Ніка Іванаўна. У самой яе, магчыма, хопіць тактоўнасці, жаночага разумення і спачування, але Макаед, якому яна не можа не расказаць пра бяду, што напаткала Шугачовых, будзе злараднічаць, гэты тып злараднічае з няўдачы, непрыемнасці кожнага, хто ўмее ў архітэктуры зрабіць лепш, чым ён.
  — Віктар! У імя дружбы не такія падзвігі рабілі! А ты прайшоў тры кіламетры і хнычаш.
  — У імя дружбы подзвігі рабілі, калі чалавецтва было ў дзіцячым узросце.
  — Ты робішся скептыкам. Дрэнная прыкмета. Старэем, Віця.
  — Адкрыў Амерыку! «Старэем!» Я часам адчуваю на сваіх плячах цяжар сотні гадоў. Уяві, што ты пражыў сто гадоў і сто гадоў будаваў гарады. Колькі плыняў, школ, стыляў! Колькі нерваў, поту і крыві! І ўсё гэта на табе ці ў табе. У сэрцы. У мазгах. Пасля такога адчування ты застаўся б аптымістам?
  — Мы з табой заўсёды былі аптымістамі. Хіба не так? Давай застанёмся імі. Не далікатнічай. Дапівай каньяк — і пайшлі. У такі дзень грэх сядзець у хаце.
  Шугачоў здаўся.
  — Ладна, пайшлі. Я заўсёды ішоў за табой.
  — Віктар! Гэта свінства — высвятляць, хто за кім калі ішоў. Я даражу тваім сяброўствам. І ўдзячны табе, Полі...
  — Мяне заўсёды бянтэжылі прызнанні ў любві. Нават калі прызнавалася Поля.
  Максіма заўсёды цешыла і трохі смяшыла, як Віктар апранаўся — нацягваў паліто, як малы, высока ўзняўшы рукі над галавой, адразу ўлазячы ў абодва рукавы. Але тут гэта не рассмяшыла: убачыў акуратныя латкі на падкладцы каля рукавоў. Кранула яго гэта старэнькае дэмісезоннае паліто. А чалавек гэты любіць прыгожыя рэчы і ведае іх вартасць.
  На ганку Віктар залюбаваўся лыжамі Ніны Іванаўны.
  — Слухай, дзе ты купіў такія?
  — У Мінску.
  — Як ты зводзіш канцы з канцамі? Мае даўно мараць пра такія лыжы. Але, па-першае, дзе іх дастаць? А па-другое, «кусаюцца», напэўна...
  — Я падару сваім «хрэснікам» такія лыжы.
  Віктар збянтэжыўся:
  — Ну, што ты... Няхай самі заробяць,— і аглянуўся на лыжы.— Не баішся пакідаць тут? Украдзе хто-небудзь.
  — Нічога яшчэ не ўкралі. Увогуле я думаю, што мы перабольшваем чуткі аб тым, што ў нас многа крадуць. Сумленнейшыя людзі. Мой церамок прываблівае кожнага, хто праходзіць міма. Залезці ў яго прасцей простага. Каштоўнасцей там няма. Але некаторыя цікавыя рэчы відны праз акно. Аднак за чатыры гады ніхто кветку не сарваў. Упэўнены, шведы крадуць адзін у аднаго больш, хоць на ўвесь свет славяць сваё жыццё без замкоў.
  — Не ідэалізуй — расчаруешся. Поля была такая ідэалістка, пакуль у яе не выцягнулі кашалёк з маім месячным заробкам. Во ахала!
  Яны ішлі па пасёлку, па сцежцы, якую засыпала мяккім снегам. Ішлі адзін за адным: Шугачоў наперадзе, ён, Максім, за ім, ступаючы ў яго след.
  Максім думаў пра тое, што Віктар дзіўна ўзбуджаны, быццам гісторыя з дачкой не засмуціла, а вось так нервова «завяла». Чакаў з насцярогай, калі ж ён пачне гаварыць пра Веру.
  — Слухай, што ты там гарадзіў Полі наконт...— спыніўся Шугачоў, павярнуўся да яго.
  «Ну вось, пачынаецца»,— падумаў Максім.
  — ...Зарэчнага раёна. Яна зразумела, што з аптыміста ты ператварыўся ў песіміста пасля паездкі ў Мінск. Што, паставілі крыж на нашым эксперыменце?
  Максім з палёгкай уздыхнуў: значыцца, пра Веру Поля нічога не сказала.
  — Не паставілі. Але могуць паставіць.
  Шугачоў узяў яго за каўнер курткі, прыцягнуў да
  сябе, быццам хацеў добра трасянуць:
  — Максім! Не дадуць эксперыментальны раён — я ўзбунтуюся. Адзін раз у жыцці, чорт вазьмі! Я быў дысцыплінаваны! Самы дысцыплінаваны! Заўсёды, усюды. Але я — мастак. Ты верыш, што я мастак?
  — Калі-небудзь я ўсумніўся ў гэтым?
  — Я хачу зрабіць хоць адзін подзвіг як мастак. Як грамадзянін я зрабіў подзвіг. Вайна разбурыла гарады. Людзям не было дзе жыць. Партыя паставіла грандыёзную гуманную задачу: забяспечыць людзей жыллём. У самы кароткі тэрмін і самым танным — па нашых магчымасцях, бо акрамя жылля трэба было будаваць гіганты індустрыі, самалёты, ракеты. У такім масавым будаўніцтве было не да высокай архітэктуры, якая стала б помнікам на стагоддзі. І я, як салдат, выконваў гэтую задачу. Дваццаць гадоў я праектаваў так, каб эканоміць на кожным метры, на кожнай лесвічнай пляцоўцы, на камунікацыях, на пажарнай лесвіцы, ка кустах у дварах. Я наступіў на горла ўласнай песні. Ахвяраваў талентам, творчым прэстыжам. Адмовіўся ад свайго імя. Дзе хто прачытае, што гэта збудавана па праекце Шугачова? Ды і не хачу я, каб на дамах па Маскоўскай стаяла маё імя. Не трэба! Але мне пайшоў шосты дзесятак... І я не страціў надзеі збудаваць нешта такое, чым бы людзі любаваліся! Ды не, не проста любаваліся! Дзе людзям было б зручна, прыгожа жыць. Я спецыялізаваўся на жыллі, і я хачу будаваць жыллё. Але такое, за якое не сорамна было б праз пяцьдзесят, сто гадоў. Мы ўжо не бедныя. Мы вырашылі асноўную задачу. Людзі жывуць хоць не вельмі прасторна яшчэ, але з усімі выгодамі цывілізацыі. Мы можам... абавязаны ставіць задачу вышэйшую. Мы многа гаворым аб гарадах будучага, аб камуністычных гарадах. І не можам збудаваць аднаго раёна, у якога былі б рысы будучага: прастор, святло зелень, камфорт, высокі быт, культура. Адным словам — усё для людзей і асабліва для дзяцей. Не можам таму, што ў будбанка ёсць толькі адзін бог — кошт квадратнага метра. Як жа мне ажыццявіць сваю мару? Як? Ты паабяцаў мне эксперыментальны раён. Ты і адкажы! Як мне здзейсніць тое, што я бачу ў сне? І не толькі ў сне. Што ёсць ужо на многіх лістах...
  Максім глядзеў на сябра са здзіўленнем, толькі пад чаркай Віктар Шугачоў станавіўся мнагаслоўным. Але бадай ніколі яшчэ ён не гаварыў з такой палымянасцю пра сваю працу і пра сваю мару. Пра мару ўвогуле не гаварыў і нават слухаць не любіў спрэчкі калег пра архітэктуру, якая магла б стаць мастацкім помнікам, як архітэктура вялікіх папярэднікаў. Максіма нават часам палохала і засмучала, што бадай найлепшы ў горадзе архітэктар так пакорліва і не адмаўляючыся праектуе самыя ардынарныя жылыя дамы і раёны.
  Тое, што пачуў зараз ад Віктара, узрадавала: здорава ж, чорт вазьмі, што ў ім жыве такі агонь! Але і спалохала. А чым ён, сябра, галоўны архітэктар, які даў гэтую ідэю, можа памагчы яму, пасля таго, калі яшчэ раз яму далі зразумець сілу бога, імя якому — эканомія? Бог, мудра выдуманы людзьмі, але як многія багі, ператвораны ў ідала — у закасцянелы эталон дзейнасці ва ўсіх сферах — дзе гэта на карысць і дзе карысць часовая, аднадзённая і аднапланавая, без разліку на будучае і на іншыя аспекты, не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя, эстэтычныя, што ў дзейнасці дойлідаў неразрыўна звязана. Але, на жаль, нямногія планавікі, эканамісты, фінансісты гэта разумеюць. Некаторыя лічаць, што архітэктары плаваюць у воблаках і ўскладняюць ясныя, як божы дзень, задачы.
  Шугачоў прайшоў некалькі крокаў і зноў спыніўся.
  — Слухай! Калі Зарэчны раён рэжуць, як эксперыментальны,— я адмаўляюся ад яго праектавання. Рашуча. Хопіць. Што ты глядзіш так? Не верыш? Ведаю, што мые дадуць па шыі: сакратар партбюро займаецца такой анархіяй! Але я не магу... Не хачу і арганічна не магу праектаваць яшчэ адны Раманавічы, яшчэ адзін трэці раён... Гэтаму нават назвы чалавечай не прыдумалі. Трэці! Будзе чацвёрты, пяты. На адзін узор. К чорту! Лепш грамадскія туалеты буду праектаваць. Вы, гарадскія ўлады, нарэшце ўспомнілі, што іх мала ў горадзе.
  Так Віктар амаль заўсёды: ад сур'ёзнага, узвышанага можа раптам нечакана перайсці на дробнае, бытавое, смешнае.
  Максімаву ўвагу прыцягнула постаць у чырвоным, што мільганула на ўзгорку паміж бяроз. Шугачсў таксама ўбачыў яе. Без цікавасці спытаў:
  — Што там за стоп-сігнал?
  Максім засмяяўся.
  Непрыкметна, без слоў, ён павярнуў назад да дачы. Шугачоў апынуўся ззаду. І зноў перайшоў з весялосці да сярдзітай сур'ёзнасці:
  — Ты што сапеш у нос, геній? Не можаш толкам сказаць, з чым прыехаў?
  — Ні з чым.
  — Як ні з чым? Значыцца — крыле?
  — Не магу сказаць. Ты спадзяваўся на мяне, я — на Ігнатозіча... На каго Ігнатовіч — не ведаю. Не кажа. Дзесьці замкнула.
  — А Сасноўскі?
  — Сасноўскі ніколі не праяўляў асаблівай цікавасці да архітэктуры, давярае Ігнатовічу.
  — Што ж мне рабіць? — спытаў Шугачоў, і ў пытанні гэтым Максім прачытаў страх чалавека, які ніколі не вызначаўся смеласцю ў прыняцці рашэнняў накшталт таго, якое ён толькі што так палымяна і пераканана выказаў. Гэты чалавек быў смелы ў марах і ў творчасці — той творчасці, якую ніхто не абмяжоўваў.
  — Рабі, што надумаў. Будзь мастаком!
  — Дзе? На чым? — закрычаў Шугачоў з абурэннем.— У мяне адна, відаць, апошняя магчымасць — Зарэчны раён. Не, я не адмоўлюся ад яго. Я адмоўлюся ад праектавання тыпавога раёна, якіх тысячы. Мяне або выганяць з інстытута, або запішуць вымову. Але я буду працаваць над сваім праектам. Начамі. Дома. Няхай без надзеі, што ён калі-небудзь будзе здзейснены. Мне хочацца, каб мяне зразумелі дзеці. Цяпер яны ўсе, нават Кацька, жывуць гэтым праектам. Вераць у яго. Памагаюць мне. Малыя спадзяюцца, што будуць жыць у такім незвычайным раёне са спартыўнымі пляцоўкамі і басейнам. Я не магу разбурыць іх веру. Яны павінны-такі жыць у такім раёне. Да гэтага ідзём.
  — Ты каго агітуеш? Мяне?
  — Я не агітую.
  — Ты гаворыш, як на пленуме Саюза архітэктараў, дзе прысутнічаюць кіраўнікі Дзяржплана і Дзяржбуда.
  — Я скажу і на пленуме.
  — Ты скажаш. А я казаў.
  — І што?
  — Я пытаюся сам у сябе: і што?
  Максім лічыў, што такімі словамі, у якіх ісціна змешана з жартам, ён яшчэ больш развярэдзіць сябра. Няхай Віктар «завядзецца», ад гэтага будзе карысць.
  Але Шугачоў раптам змоўк. Максім павярнуўся да яго.
  — Ты што?
  — Што — што?
  — Змоўк.
  — А што гаварыць? Я цябе лаяў за твой учынак, хоць у душы захапляўся ім. Я ка такое не здатны. Мяне заўсёды захапляла твая смеласць. Але цяпер бачу: захапляўся я дарэмна і правільна лаяў. Ты траціш упэўненасць у сябе. Раней у цябе не было такіх сумненняў. Ты не адступаў. Біўся да апошняга. Ведаеш — чаму? Ты меў добрыя тылы. І моцных саюзнікаў. Ад гэтага ўсім нам была карысць. Нават Макаеду. Хоць ён, ідыёт, не разумеў.
  — А што змянілася?
  — Не ведаю, што змянілася. Але змянілася.
  Максім рушыў далей, нічога не адказаўшы. Яго
  кранула, што Віктар выказаў бадай тое, што сам ён, не вельмі, магчыма, выразна асэнсаваўшы, адчуў пасля размовы з Ігнатовічам.
  Віктар далікатна памаўчаў. Ён заўсёды тонка адчуваў настрой блізкіх людзей. Палічыў, што варта падбадзёрыць сябра.
  — Нічога, Максім... Як бы нам ні было цяжка, не будзем забываць, што ў нас цудоўная прафесія. Падзякуем лёс.
  Вось так заўсёды ў іх — нечаканыя пераходы ад самых моцных слоў да далікатнасці, амаль немужчынскай пяшчотнасці. Непрыкметна дайшлі да дачы. І тут Шугачоў зрабіў «адкрыццё», крыкнуў з дзіцячай непасрэднасцю, шкадаваннем і абурэннем:
  — Максім! Лыжы ўкралі!
  Максім вырашыў паказаць сябру, якую той мае назіральнасць і праніклівасць.
  — Ты лапух, Віця. Няўжо нішто табе не падказала, што ў мяне была жанчына?
  — Жанчына??! — Шугачова ашаламіла такое прызнанне.
  Ён не быў ханжой, але, верны ўласнай жонцы ад першага дня знаёмства, ён дзіўна, па-асабліваму, ставіўся да старонніх сувязей жанатых мужчын і замужніх жанчын: праяўляў павышаную цікавасць, жадаючы пранікнуць у таямніцы псіхалогіі такіх людзей, і ў той жа час у душы абураўся, зневажаў іх за разбэшчанасць. Аднак пры разборы падобных спраў у партбюро ці мясцкоме часта ўстрымліваўся ад галасавання за спагнанне чалавеку, якога разбіралі за здраду жонцы. Яго за гэта часам прабіралі на афіцыйным узроўні, з яго кпілі сябры па працы. Ён адказваў старой мудрасцю: «Чужая душа — цёмная ноч».
  Пасля Максімавага прызнання Шугачоў нахмурыўся. Без адзінага слова распрануўся. Гэтак жа моўчкі, адзін, выпіў рэшткі каньяку.
  Максім насмешліва пазіраў на сябра, які хадзіў вакол стала, змрочна задумлівы, сур'ёзны. Што яму адказаць? Але Шугачоў апярэдзіў яго:
  — Што ж ты Дашу абвінавачваеш?
  — Я не абвінавачваю яе ў здрадзе.
  — Але калі яна здагадваецца пра такія твае прыгоды...
  — Віктар, мне гэта балела так, што я нават табе не мог прызнацца. Ніякіх прыгод не было, калі гэта пачалося. А пачалося даўно. Гэта нейкі псіхоз, хвароба. Я бяссільны перад ёй. Але жыць так я больш не магу. Ды што табе расказваць! Не зразумееш. Ты шчаслівы чалавек, табе моцна пашанцавала. Ты маеш Полю — жонку і маці ў высокім разуменні гэтых слоў. Ты, магчыма, не цалкам усведамляеш нават, якое гэта шчасце!
  Шугачоў менш бянтэжыўся тады, калі хвалілі яго, чым тады, калі пры ім пачыналі хваліць Полю. Таму перапыніў Максіма:
  — Дужа цяжкі чалавек. Гэта мы з Поляй ведаем. Але тваё рашэнне я не магу прыняць і ўхваліць. Вам не па дваццаць пяць гадоў. І не год, не два вы жывяце. Чаго ж ты варты, мужчына, валявы чалавек, калі не здолеў за столькі год знайсці ўзаемаразуменне з уласнай жонкай! Для мяне гэта сапраўды незразумела. І я баюся, што гэта будзе, як твой самаадвод. Самаадвод і самаадрачэнне. Каму ад гэтага будзе карысць?
  — Самаадвод выткнуў з майго рашэння. Я не хацеў ставіць Ігнатовіча ў няёмкае становішча. Не хацеў, каб мяне разбіралі ў такой высокай інстанцыі.
  Яны доўга, сур'ёзна, заклапочана, па-сяброўску, абмяркоўвалі Максімавы адносіны з жонкай. Шугачоў гаварыў пра тое, што Максімава сямейнае жыццё больш, чым у каго іншага, звязана з яго службай, прафесійнай і грамадскай працай. Гэтая сувязь менш за ўсё трывожыла Максіма, ён хацеў рашуча, адным ударам адсекчы адно ад другога і ўвогуле пратэставаў супраць магчымых спроб (а яны будуць, у гэтым не сумняваліся ні ён, ні Шугачоў) умяшання ў яго інтымнае жыццё розных інстанцый і ўсяе тае супольнасці, якая называецца грамадскасцю. Лічыў, што ў васьмі выпадках з дзесяці такая павышаная цікавасць не да сямейнага жыцця (пакуль усё добра, у калектыве нават мала хто ведае, колькі ў цябе дзяцей), а да разладу ў сям'і ідзе не ад жадання памагчы гэтай сям'і, а ад таго, што некаторыя людзі вельмі ж ужо любяць заглянуць у чужое жыццё праз замочную шчыліну, любяць сварку, канфлікт, сенсацыю.
  Не спрачаючыся, як звычайна, крыкліва, шумна, Шугачоў спакойна і далікатна выказваў нязгоду з раздзяленнем асабістага жыцця і ўсёй іншай дзейнасці чалавека і даказваў, што такое раздзяленне немагчыма, на прыкладах, у тым ліку і на яго, Максімавым, прыкладзе. Хіба ён не бачыў, як усё ўзаемазвязана і пераблытана? Перш за ўсё — і гэта, магчыма, самае галоўнае,— чалавек не можа раздзяліць самога сябе, свой душэўны стан. Можа, ён пачне даказваць, што цяпер яму лепш працуецца, чым тады, калі ў сям'і быў лад і спакой?
  — Лепш! — рашуча запярэчыў Максім.— Бо, як я разумею цяпер, не было ў мяне ладу і душэўнай раўнавагі ніколі. Хіба толькі ў першыя пяць гадоў пасля жаніцьбы. Ды і то наўрад. Было проста ап'яненне ад любові, хмель, наркоз. А потым... Хіба можна было тварыць спакойна, калі яна па тыдню, па два маўчала? Табе цяжка нават уявіць, як дзейнічае такое зацятае маўчанне. Гэта — што міна запаволенага дзеяння. Чуеш, як яна цікае пад табой, і не ведаеш, як яе абясшкодзіць. Не, душэўную раўнавагу, здольнасць тварыць і думаць не пра мізэрнае, бытавое, што прыніжала і ачмурала, а пра высокія ідэалы жыцця і мастацтва я набыў толькі цяпер, калі застаўся тут, у Воўчым Лозе, у снежным бязлюддзі ўдвух з Баронам.
  Шугачоў зноў нахмурыўся.
  — З Баронам. Скажы — з баранесай.
  Максім засмяяўся, успомніўшы Ніну Іванаўну.
  — Вясёлы ўспамін у цябе ад яе...
  Жадаючы аддзячыць Віктару за яго сяброўства, шчырасць, даверлівасць, вырашыў праявіць такую ж шчырасць да яго, расказаць прыгоду, што адбылася тут.
  — А ўвогуле вясёлы. Хочаш, я цябе здзіўлю? Скажу, хто ў мяне быў. Але клянуся табе: я вокам не міргнуў, каб заманіць гэтую жанчыну сюды. Сама з'явілася. Нечакана. Негадана. Наша агульная добрая знаёмая. Не здагадваешся?
  Шугачоў паціснуў плячамі.
  — Толькі ша, Віця. Гэта адзіны выпадак, калі нават Полі ты не маеш права сказаць.
  — Не верыш — не гавары,— Віктар падняўся з крэсла, адвярнуўся да акна, зрабіўшы выгляд, што яму зусім нецікава, хто наведаўся сюды, хоць на самай справе цікавасць яго была распалена ў самым пачатку, перад ганкам, з якога зніклі лыжы.
  — Ніна Маісаед.
  — Ніна?! — Шугачоў павярнуўся ў вялікім здзіўленні, але, паглядзеўшы на Максіма, зарагатаў, як вар'ят.
  Максім нават сумеўся.
  — Слухай, я пакрыўджуся...
  — Крыўдуй, чорт з табой! Ты нябось думаеш, што яна прыляцела, згараючы ад кахання да цябе! І цешышся, як малады певень. Я сказаў Макаеду... на яго назойлівыя допыты пра прычыну твайго самаадводу, каб адчапіцца, што ты пераходзіш у інстытут, на яе кафедру. Ай да Ніна! Геніяльны ход! Кажуць, хітрэй за бабу чорта няма.
  Максіму здалося, што на яго вылілі памыі.
  
  * * *
  Максім прыйшоў на гарадскую кватэру гадзін у адзінаццаць, калі — ведаў — Даша была на працы, у салон-магазіне.
  Памыўся, надзеў халат, сеў за рабочы стол, дастаў даўно зробленыя эскізы партызанскага мемарыяла. І як бы цудадзейна пераўтварыўся. Быццам змыў усё мылам і вадой. Знікла трывога, згрызоты сумлення, неспакой, незадаволенасць. Нібы раптам усё, што некалі было сарвана ўраганам, пасля вірлівага кружэння ў прасторы вярнулася на сваё месца. Нават кватэра, якая ў апошні час здавалася ненавіснай, зноў зрабілася ўтульнай, сваёй, неабходнай для працы і адпачынку. Здзівіўся, чаму ён не хацеў заходзіць сюды, у сваю кватэру? Неразумна. Усё ж тут, як і на дачы, зроблена яго рукамі. Пазбягаў сустракацца з Дашай? Баяўся? Чаго? Скандалаў? Але якія могуць быць скандалы цяпер? Цяпер, наадварот, непрыстойна і не да твару яму, мужчыну, не пагаварыць з ёй спакойна і разважліва. Пагаварыць трэба абавязкова і аб іх, як кажуць дыпламаты, будучым статусе і аб замужжы дачкі.
  Не спадзяваўся, што Даша можа прыйсці ў такі час: абед у магазіне пазней, чым ва ўсіх іншых установах. Падумаў, што прыйдзецца заглянуць дадому ўвечары і пагутарыць з ёй. Але Даша нечакана з'явілася. Таксама вясёлая. Адчыняючы дзверы, напявала матыў новай моднай песенькі. Аднак, угледзеўшы на вешалцы яго паліто, змоўкла. І пасля нідзе ніводнага шолаху, хадзіла, мабыць, у панчохах, скінуўшы боты, шмыгала кедзе ў калідоры, на кухні, як мыш.
  Такая яе сцішанасць здзівіла Максіма. Не падобна на Дашу. Не размаўляючы з ім па тыдню і больш, яна ў гэты час рабіла ў кватэры нямала грукату: ляпала дзвярамі, нешта разбівала, кідала, уключала на вар'яцкую гучнасць тэлевізар і «Спідолу».
  Ён чакаў, якім громам скончыцца гэтае зацішша. Чакаць прыйшлося доўга.
  Нарэшце Даша нячутна падышла да дзвярэй, імкліва адчыніла іх і, убачыўшы яго, зрабіла выгляд, што здзівілася. Спытала з'едліва:
  — З'явіўся, блудны... муж?
  Максім ветліва павітаўся:
  — Дзень добры, Дар'я Макараўна.
  Такая яго адчужаная ветлівасць збіла яе з тропу, можа, нават трохі спалохала. Ба ўсялякім разе, жанчына не ведала, што адказаць і як паводзіць сябе — змаўчаць ці сварыцца.
  — Для каго добры...
  Некалі найменшы пакой у кватэры быў яго кабінетам. Але пасля таго, як падрасла Вета, яго адтуль непрыкметна выціснулі. Тады ён заказаў мэблю для пакоя, які называлі залай, па ўласным праекце, спалучыўшы прадметы сталоўкі і кабінета. Стол быў вялікі, складаны, універсальны — выконваў мноства функцый. Цяпер ён быў рабочым сталом архітэктара.
  Даша перасунула цвёрдае крэсла і села з другога боку стала, тварам у твар. Утаропіла позірк асуджальны, пытальны, пагражальны, хоць, здалося Максіму, троху і спалоханы, вінаваты, у якім прабівалася просьба спагады і літасці.
  Ён вытрымаў яе позірк роўна, спакойна, не даўшы БОЛІ ніякім эмоцыям.
  — Ну, што? — усё яшчэ верная даўно засвоенай метадзе размовы з мужам, з пагрозай спытала Даша.
  — Што — што?
  — Што ты надумаў, дарагі супруг?
  — Супруг распрог сябе. Нарэшце,— з усмешкай адказаў Максім.— Думаю, сястра твая сказала табе, што я надумаў...
  Падхапілася, як уджаленая пчалой, схапіла са стала керамічную попельніцу, бухнула яе аб падлогу. Закрычала па-бабску:
  — Чаму я павінна ўзнаваць пра гэта ад сястры? Чаму? Паразіт ты! Крывасмок! — і зіркала па стале, што б яшчэ пабіць.
  «Калі яна падзярэ праект, я наб'ю яе,— са страхам за сябе падумаў Максім, адчуваючы, што напаўняецца гневам.— А мне трэба спакой. Цяпер, зараз, як ніколі раней...»
  Позірк яго ўпаў па дарагую крышталёвую вазу на кніжнай паліцы, вазу гэтую Даша набывала па блату.
  Максім падняўся, узяў вазу і ўручыў ёй, ашаламіўшы такім неспадзяваным жэстам.
  — На. Бі.
  Даша трымала вазу, як бомбу. Твар яе перакасіўся ад злосці, зрабіўся непрыгожы. Максім адступіў і напружыўся, баючыся, што яна можа шыбануць цяжкую вазу ў яго.
  — Бі. Усё можаш біць. Ламаць. Але навошта? Запаўняю цябе, што ад гэтага нічога не зменіцца ўжо. Ты ведаеш мой характар. Ва ўсякім разе, ведаеш, што я маю яго, характар! І ніхто і нішто не прымусіць мяне адмовіцца ад уласнага характару.
  Яна асцярожна паставіла вазу на стол. Сказала праз зубы, з нянавісцю, знявагай:
  — Які падонак! Не, ты не распрогся, ты расперазаўся. Ты не толькі страціў маральны воблік партыйца...
  — Калі ласка, партыйнасць маю не чапай.
  — Ах, баішся? Кар'ерыст! Не думай, што сваім хітрым ходам ты затуманіш людзям вочы. Раскусяць цябе, міленькага! Ужо раскусілі! Не спадзявайся, што лёгка адкараскаешся ад мяне. Разводу я табе не дам!
  — Ну, што ж, пачакаю. Справа не ў фармальнасці, справа ў сутнасці. У законе ёсць агаворка.
  — Законы вывучыў? Вунь як!
  — Пацікавіўся.
  — Якая нізасць. Я нічога не ведаю, а ён вывучае закон аб разводзе.
  — Аб сям'і і шлюбе.
  Яго выгляд у купальным халаце, спакой і задаволенасць выводзілі яе з душэўнай раўнавагі больш, чым перспектыва застацца саломеннай удавой. Яна ўзарвалася з ранейшай сілай:
  — Падонак! Амаральны тып! Я яшчэ даведаюся, хто гэтая б...
  — Дар'я Макараўна! Ты магла абражаць мяне так, калі лічыла сваёй уласнасцю. Цяпер, калі мы па сутнасці чужыя людзі, прашу цябе быць больш далікатнай. Не ўніжай сябе.
  Яна ўпала на крэсла, закрыла твар далонямі; ярка ззялі яе наманікюраныя ногці, быццам акрываўленыя кіпцюры.
  — Божа мой! — застагнала яна.— Дваццаць гадоў я жыла з такім людаедам!
  — Ты нядрэнна жыла, і невядома, хто каго еў, таму твая трагедыя выглядае фарсам. Упэўнены, што яна не кране нават тваю сястру.
  Даша зарыдала. На гэты раз, здаецца, шчыра. І Максім даў ёй магчымасць выплакацца. Нячутна хадзіў у мяккіх тапачках па дыване. Чакаў. У нейкі міг адчуў, што яму ўсё яшчэ шкада гэтае жанчыны. Пры ўсёй сваёй шумнасці, зваротлівасці і хітрасці, у жыцці яна даволі-такі бездапаможны чалавек, бо не жыве натуральна, а прытвараецца, дрэнна, па-дурному, і гэта ўсім відно, але дагэтуль усе даравалі ёй з-за павагі да яго, да яго аўтарытэту. Калі застанецца адна, то адчуе, як усё зменіцца навокал і як ёй будзе нялёгка. А ці не позна вучыць яе такім жорсткім метадам? Зноў прыгадаліся словы, якія недзе вычытаў: распад шлюбу выяўляе самае горшае ў абаіх супругаў. Ці мае права ён вініць адну Дашу? Але рашуча адкінуў сваё імгненнае сумненне, сваю хвілінную слабасць.
  «Не, не позна! У сорак гадоў яшчэ можна пачаць жыць спачатку, больш разумна. Сябе я караю пе менш, бо мушу пачаць новае жыццё ў сорак сем. Але я не баюся. Мне сапраўды шкада сябе, Даша. Але адступаць няма куды. Позна».
  — Ты ведаеш, што Вета выходзіць замуж?
  Даша падняла заплаканыя вочы:
  — Ты думаеш пра дачку? Не смей!
  — Чаму мне не смець? Пакуль ты гуляла ў маўчанку, я пазнаёміўся з жаніхом, з яго бацькамі... і бачу Вету часцей за цябе.
  Яна злосна закрычала:
  — Цяпер я ведаю, чаму ты кожны тыдзень лётаў у Мінск! Гэта ты прасватаў Білю, каб адарваць яе ад мяне. Не выйдзе! Не дапушчу!
  — Ну, і дурная яе ты! Далібог, я быў лепшай думкі пра цябе, нягледзячы ні на што. Чаго ты не дапусціш? Хто табе перашкаджаў паехаць у Мінск? Ты абавязана паехаць! Будучая свацця прасіла, каб ты прыехала. Трэба дамовіцца пра вяселле.
  — Не паеду. Трэба ёй — хай прыязджае. Сватаць дзяўчыну, а не хлопца. Трэба мець гонар, якога ў цябе няма!
  — У нечым ты маеш рацыю. Але ад нашай з табой амбіцыі мала што зменіцца. Вета паставіла нас перад фактам. Прыйдзецца ехаць...
  Яго разважлівы тон і тэма размовы трохі супакоілі Дашу, Яна паднялася, прайшлася па пакоі, заглянула ў шкло серванта, каб убачыць, ці не размазалі слёзы фарбу на вейках. Яе цягнула да люстра — у калідор ці спальню. Але ад дзвярэй вярнулася і спынілася перад мужам. Нейкі момант яны стаялі моўчкі і разглядалі адно аднаго ўважліва і дзіўна: ён — з цікавасцю, як бы жадаючы ўрэшце ўбачыць, што ж яка за чалавек; яна — з нянавісцю і пагардай, ажно закусіла ніжнюю губу, аблізала на ёй фарбу, губа зрабілася сіняй. Ды і ўся яна пасінела ад злосці. Ён падумаў амаль са страхам: «Колькі злосці ў гэтай жанчыны».
  — Дык хто яна?
  — Хто — яна?
  — Яна. Гэтая...
  — Не лайся, калі ласка. Непрыгожа. Ты не выдаеш сябе за культурнага чалавека.
  — Я даведаюся...
  — Цяпер для цябе не мае ніякага значэння. Мы — чужыя людзі.
  Вочы яе адразу высахлі, зрачкі расшырыліся і драпежна заблішчалі; слёзы такі размылі фарбу, і пад вачамі ўтварыліся плямы, як сінякі.
  Максіма апанавала цікаўнасць: колькі часу сёння, пасля такой драмы, яна будзе сядзець перад люстрам перад тым як выйсці з дому?
  Даша адступіла за стол і нанесла новы ўдар, зусім нечаканы:
  — Добра. Я дам табе развод. Але з умовай. Ты пераводзіш на кніжку дзве тысячы рублёў Вілі і дзве тысячы мне...
  — Адкуль у мяне такія грошы?!
  — А гэта мяне не цікавіць. Больш таго. Ты прадасі дачу і машыну, бо палавіна іх належыць нам.
  Такі яе халодны разлік проста ашаламіў Максіма. І абурыў. Чаго-чаго, а гэтага не чакаў.
  — Ды якое ты маеш права на дачу? Ты працавала там? Ці, можа, уклала грошы, атрыманыя ў спадчыну?
  — Дарагі мой,— сказала яна з іроніяй, адчуўшы, што дапякла яму, знайшла-такі балючае месца.— Ты вывучаў закон — і я пацікавілася ім. Суд не будзе разбірацца, хто габляваў дошкі — ты ці я. Маёмасць, нажытая сумесна...
  — Вунь як!
  — А як ты думаў, даражэнькі! Толькі так, не інакш... Закон ёсць закон.
  Зусім па-новаму адкрывалася яму жанчына, з якой пражыў дваццаць адзін год. Ды не, яна зусім не бездапаможная, як яму здавалася. І не шкадаваць яе трэба. Падобна, што гэтая гандлярка ўсё ацаніла і разлічыла даўно ўжо, яшчэ да таго, калі разрыў стаў відавочны і непазбежны.
  — А на штаны мае ты не прэтэндуеш? Лагічна было б, каб ты забрала мае апошнія штаны. Вырывайся на свабоду без штаноў.
  — Не турбуйся. Калі не пра штаны, то пра халацік гэты падумала. Не будзеш хадзіць, як хан.
  — Што ж застаецца мне? — стрымліваючы абурэнне, ён спытаў траха не шэптам.
  — А гэта мяне не цікавіць. Ты пажнеш, што пасеяў.
  — Што ж застаецца рабіць мне? — абурэнне такі вырвалася, і ён крыкнуў: — Прад'яўляць правы на твае бюстгальтары? Таксама сумесна нажытая маёмасць,
  Даша злосна засмяялася. Напэўна, уявіла такую яго прэтэнзію, уявіла, як гэта ўнізіла б яго, гордага, незалежнага, заўсёды абыякавага да багацця, да грошай, перад судом, перад грамадскасцю. Радавалася такой помсце. Няхай адчуе, праз якія кругі пекла і чысцілішча яму прыйдзецца прайсці.
  Максім адчуў гэта, зразумеў. Яго ўсё больш ашаламлялі новыя невядомыя дагэтуль рысы ў характары жанчыны, якую яшчэ некалькі хвілін назад пашкадаваў. Яна не пашкадуе нікога. Ён зразумеў, што, ведаючы яго гарачы характар, яна знарок дамагаецца, каб ён «узарваўся», пачаў лаяцца; гэта ўнізіла б яго і дало б ёй хоць маленькую радасць помсты, чаго яна так прагне. Не даць ёй гэтае радасці! Ён весела пацягнуўся, развязаў пояс халата, а потым як бы задумаўся.
  — А можа, дазволіш апошні раз пасядзець у халаце? Люблю камфорт — грэшны.
  — Агідна глядзець, як ты крыўляешся. Усё жыццё крыўляешся.
  — я?
  — На працы. Дома. Над усімі здзекуешся. У цябе параной. Табе трэба лячыцца.
  Гэта ўжо не наступленне — абарона.
  Максім засмяяўся:
  — Крануты тваім клопатам пра маё здароўе. Дык што з халатам рабіць?
  Яка не адказала.
  — Між іншым, я загарнуў там пару бялізны. Паглядзі, можа, якраз тую, якую ты хацела пакінуць сабе.
  — Удавіся ты на ёй.
  — Ай-яй. Дар'я Макараўна! Такая высокакультурная жанчына! Эстэтыка...
  Яка адпіхнула ад сябе крэсла і выбегла з пакоя. Ляпнула дзвярамі так, што трэснула шкло.
  Максім засмяяўся, успомніўшы, як сам ледзь не разбіў шкло ў дзвярах насупраць. Яны квіты. Адзін адзін. Як у футболе.
  Калі выходзіў з дому, пачуў праз разбітае шкло ў дзвярах спальні, што Даша плача. Але цяпер яму не стала шкада яе. Яму было лёгка. Толькі цяпер прызнаўся сабе, што баяўся вось такой размовы, таму адцягваў яе. Усё аказалася прасцей, чым уяўляў. Як шмат што ў жыцці.
  
  XІ.
  Кіслюк, як бы мілі іншым, як самае малазначнае, сунуў Карначу праект пастановы аб перасяленні геолага-разведвальнага ўпраўлення і рэканструкцыі дома на Ветранай — надбудовы двух паверхаў.
  Максім здзівіўся. Па дзвюх прычынах. Такія справы вырашаюцца месяцамі, а часам расцягваюцца на гады, бо лягчэй бывае збудаваць цэлы новы раён, чым перабудаваць нешта старое, калі нават вачавідна неабходнасць рэканструкцыі. А тут раптам такая паспешлівасць. Незразумелая. У каго гарыць?
  Яшчэ больш здзівіла, што Кіслюк падаў паперку з такім выглядам, нібыта ў іх ёсць поўная дамоўленасць, і яму, Карначу, трэба толькі завізіраваць — распісацца ў левым куточку.
  — Павел Паўлавіч, за два гады сумеснай працы вы дрэнна пазналі мой характар. Вы думаеце — для прыгожага слова я сказаў, што надбудоўваць гэтую казарму могуць толькі цераз труп галоўнага архітэктара. Ды і нават пасля таго як вылечу са свайго даволі-такі няўтульнага кабінета, я ўсё адно буду шумець. Не ламайце генплана!
  — У кожны план жыццё ўносіць карэктывы.
  — Жыццё ўносіць разумныя карэктывы. Ва ўсякім разе, толькі разумныя папраўкі мы павінны прымаць.
  — Выходзіць, я сапраўды вас дрэнна ведаю. Навошта вам лезці ў бутэльку з-за дробязі, калі наперадзе больш сур'ёзныя праблемы?
  Перад гэтым яны гаварылі аб Зарэчным раёне, і Кіслюк падтрымліваў Карначову ідэю, абяцаў паваяваць за праект Шугачова.
  Акрамя іх дваіх у кабінеце старшыні, з другога боку стала, сядзеў Рыгор Анох: абгаворвалі месца пад новыя могілкі, і ён, Карнач, таксама выступіў супраць прапановы камунальнага аддзела. Яго абурала, не ўпершыню ўжо, што, акрамя хіба Ігнатовіча, ніхто не ўмее заглянуць далей як на пяць-сем гадоў, ніхто не ўмеў уявіць горад праз дваццаць, трыццаць, пяцьдзесят гадоў.
  Анох узяў пакладзеную Карначом на стол паперку, прачытаў, хмыкнуў:
  — Карнач, ты так клапоцішся пра будучае горада, быццам збіраешся пражыць сто гадоў.
  Вось яна ўся філасофія мешчаніна! Што на яе адказаць?
  — Ведаеш, Анох, больш за ўсё я баюся памерці, пакуль ты загадваеш камунальнай гаспадаркай. Кажуць, у пахавальным бюро бяруць хабар за месца на могілках. А я не накапіў яшчэ на сваё пахаванне...
  Тоўсты, чырванатвары, з выгляду флегматычны камунальнік падскочыў, як мяч.
  — Не распускай бабскія плёткі! Балбатуны безадказныя! Павел Паўлавіч! Я папрашу Мурашову, каб яна за паклёп прыцягнула каго-небудзь...
  — Куды? На могілкі? — змрочна і злосна пажартаваў Максім.
  Кіслюк усміхнуўся, і ўсмешкай сваёй пасадзіў Аноха на месца.
  — Не гарачыся, Рыгор Антонавіч. Я не першы раз чую гэтую плётку. Не бывае дыму без агню. Правер. Калі што — паляцяць нашы з табой галовы.
  — Ды правяраў, Павел Паўлавіч. Папярэджваў.
  — ...каб хабарнічалі больш асцярожна,— уедліва дапоўніў Максім.
  — Ты што гэта? — зрабіў страшныя вочы Анох.— Ты і мяне?.. Ды я цябе!
  — Пашкадуй, дзядзечка,— здзекліва замаліўся Максім. А сам падумаў: «Ну, навошта табе заядацца яшчэ з Анохам?»
  Старшыня быў у добрым гуморы. Маладзейшы па ўзросту за іх, ён, можа, упершыню адчуў сябе старэйшым, мудрэйшым ці, ва ўсякім разе, больш разважлівым.
  — Кіньце, калі ласка,— папрасіў ён.— Далібог, як старыя пеўні.
  — Павел Паўлавіч, я такую абразу не дарую. Я сёння ж напішу ў партбюро. Што ў нас за атмасфера!
  — Калі мы за кожную заўвагу адзін аднаму пачнём пісаць...
  — Якая ж гэта заўвага? Якая заўвага? — плаксівым танклявым голасам выгукнуў Анох і сапраўды дастаў насовачку, высмаркаўся.
  Максім стрымліваўся, каб не засмяяцца. Кіслюк міргнуў яму, каб ён маўчаў. Мабыць, Анох убачыў гэтае пераміргванне, бо раптам падняўся з выглядам зняважанага і пакрыўджанага і, нічога не сказаўшы, рушыў да дзвярэй.
  Кіслюк спытаў тое ж, што хвіліну назад Максім спытаў сам у сябе:
  — На чорта вам заядацца з Анохам? Мала вам горадабудаўнічых спрэчак з ім?
  — А ці трэба нам быць такімі добранькімі? А калі паглядзець з іншага ракурсу? Можа, мы з вамі ратавалі яго, старога дурня? У горадзе даўно ходзяць такія чуткі. Сорамна слухаць. Даручылі б вы органам праверыць.
  — Гэта называецца: капнуць на самога сябе.
  — Часам бывае карысна капнуць і на сябе. Гэта — як душ.
  — Каб застрахавацца?
  — Нават такая мэта не заўсёды нізкая. Але галоўнае — каб памагчы іншым людзям. І справе. Найбольшая бяда, што, перад тым як прыняць рашэнне па складаным пытанні, мы часам мала думаем пра вынікі для ўсіх, для грамадства, няхай і далёкія, і многа думаем пра тое, ці не пашкодзіць гэта сёння маёй кар'еры. Вы чыталі пастанову ЦК аб забудове другога дыяметра Мінска?
  — Чытаў, безумоўна,— здзівіўся Кіслюк: чаму раптам такі пераход?
  — Скажыце Ігнатовічу, што зносам казармы, якая для вас «дробязь», рэканструкцыяй Ветранай я ратую яго і вас ад падобнай пастановы, няхай не такой гучнай па рэзанансу, маштабы не тыя, але ўсё ж...
  Кіслюк нахмурыўся:
  — Залішняя ў вас самаўпэўненасць, Карнач,— і сунуў неза візіраваны праект пастановы ў папку з надпісам: «На выканком».
  Пра размову сваю з Карначом Кіслюк у той жа дзень расказаў Ігнатовічу. Спадзяваўся, што той абурыцца на такую архітэктараву ўпартасць. І вельмі здзівіўся, калі Ігнатовіч задаволена пацёр рукі і весела выгукнуў:
  — Ай да Карнач! Ай да чортаў сын!
  Але ўбачыў, што не да спадобы старшыні такая рэакцыя, заспакоіў:
  — Не рабі, Павел Паўлавіч, праблему вось з гэтанькай, з ногаць, задачкі. Няўжо ў нас не хопіць сілы пераканаць Карнача?
  Каб Кіслюк ведаў усе перыпетыі даволі складаных цяпер адносін Ігнатовіча да свайго сваяка, то напэўна зразумеў бы, што той выдаў сутнасць гэтых адносін. Хоць бадай любы вывад быў бы спрошчаны. Усё больш складана.
  Выгукнуў Ігнатовіч шчыра, бо ў душы падтрымліваў галоўнага архітэктара ў дачыненні да рэканструкцыі Ветранай. Аднак дом гэты сапраўды дробязь. Руйнавалі цэлыя кварталы, надбудоўвалі дзесяткі старых дамоў, будавалі сотні новых. Новы горад збудавалі! За ім, Ігнатовічам, усталявалася слава кіраўніка, які нядрэнна разбіраецца ў горадабудаўнічых праблемах. Яму неаднойчы ўдавалася пераконваць Сасноўскага ў пытаннях кардынальных, істотных. Дык ці варта з-за дробязі, з-за нейкага аднаго дома, кальнуць сакратару абкома ў вочы, што той падкінуў архітэктурнасумніцельную ідэю — «спажывецкую аднадзёнку»? Асабліва зараз, калі Сасноўскі незадаволены. І незадаволены з-за яго, Карнача. Дурнем трэба быць, каб у такой сітуацыі падтрымаць безадказнага анархіста, які выкінуў ужо не адзін фартэль, і разам з ім пачаць даказваць, што сакратар абкома памыляецца. Па-першае, можа быць, што не так і памыляецца. Сам Карнач казаў, што ў дзесяці архітэктараў можа быць дзесяць рашэнняў забудовы адной і той жа пляцоўкі, і ўсе іх можна прыняць. Дык чаму рашэнне Сасноўскага не можа быць адзінаццатым? І ў прынцыпе не горшым за дзесяць першых? Ва ўсякім разе, таннейшым, эканамічна выгаднейшым. Мы яшчэ не такія багатыя, каб выкідаць на сметнік цэлы дом. Недарэмна прынята пастанова ўрада аб зносе. Карнач правільна думае пра эстэтыку, з пункту гледжання эстэтыкі гэтага маляўнічага кутка — мы, напэўна, робім памылку. Але ёсць яшчэ эканоміка і эканомія. І ёсць задачы, рашэнне якіх нельга адкласці. Дыялектычная складанасць жыццёвых вузлоў не дае магчымасць, як таму Гордзію, секчы іх адным махам.
  Ігнатовіч разважаў на яснай хвалі, без перашкод, з цвёрдым перакананнем, што думкі яго ні ў чым не пярэчаць ні партыйнай этыцы, ні яго сумленню. Урэшце, толькі дурань жыве без тактыкі і дыпламатыі. Сапраўдны кіраўнік павінен быць дальназоркім стратэгам і гнуткім тактыкам.
  Лавіў сутнасць іншых спраў, пра якія расказваў Кіслюк: новая газавая станцыя, новыя яслі, новыя могілкі... Усё новае.
  — З могілкамі падтрымайце Карнача на выканкоме, а не Аноха. Карнач глядзіць наперад і бачыць будучыню горада, перспектыву яго росту. Няхай Анох не лье слёзы па сваяках нябожчыкаў. Ніхто з іх не натрэ мазалі, бо ніхто цяпер пехатой не ходзіць, нават на могілкі.
  — Герасім Пятровіч, пагаварылі б з Карначом пра Ветраную... Навошта мне на пасяджэнні раскрываць карты?.. А ў яго аргументы пераканаўчыя, і ён не пасаромеецца... ведаеце, які ён палеміст, лічыць, што мы ламаєм генплан.
  Натуральная просьба, а сапсавала настрой, збіла ход думак, як настройку прыёмніка,— пачалася сумятня пачуццяў.
  Пад час размовы Ігнатовіч круціў у руках мадэль Астанкінскай тэлевізійнай вежы, у соты раз разглядаў драбнюткія дэталі яе, захапляўся ўмельствам юных майстроў — выхаванцаў прафтэхвучылішча.
  Галіна Уладзіміраўна даўно прыкмеціла: разглядае Герасім Пятровіч вежу — мае добры настрой, наведвальнік радуе яго. Не зачапіў вежу ці адставіў яе — не ў гуморы, хоць той, хто сустракаецца з ім рэдка, нічога не прыкмеціць: незадаволены нечым Герасім Пятровіч робіцца яшчэ больш ветлівы.
  Ігнатовіч рэзкім рухам цераз стол паставіў вежу на паперы старшыні гарсавета, быццам замацаваў іх пячаткай ці назаўсёды прыкалоў да стала.
  Сказаў быццам бы весела:
  — Не, дарагі Павел Паўлавіч, ён твой кадр, ты з ім і гавары.
  Здаецца, нічога асаблівага. Звычайная размова. Чуў Кіслюк словы больш рэзкія, асуджальныя. Раней спрабаваў спрачацца, але, адчуўшы вопыт, кампетэнтнасць і сілу болі Ігнатовіча, скарыўся і цяпер нават трохі баяўся яго. І не заўсёды разумеў матывы яго паводзін, рашэнняў. Цяпер здзівіўся, як адразу змяніліся вочы Герасіма Пятровіча — зрабіліся жорсткія і халодныя.
  Падумаў:
  «Якая кошка перабегла паміж імі? Няўжо не можа дараваць Карначу самаадводу?»
  Дзён праз колькі Ігнатовіч пайшоў да Сасноўскага і сярод іншых спраў, нібыта між іншым, сказаў аб тым, што галоўны архітэктар пярэчыць супраць надбудовы «казармы», не візіруе праекта пастановы.
  Сасноўскі ў гэты момант, як заўсёды весела, з жартамі, з гумарам каменціраваў адзін дакумент, ставячы на палях клічнікі і пытальнікі. Пачуўшы пра «казарму» (магчыма, Ігнатовіча падвяло гэтае карначоўскае слова — «казарма»), Сасноўскі падняў галаву, але шырокі добры твар яго не свяціўся, як колькі хвілін перад тым: на яго быццам упаў цень ад навальнічнай хмары. Паружавела лысіна, чуць прыкрытая рэдзенькімі, мяккімі, беленькімі, як у дзіцяці, якога яшчэ ні разу не стрыглі, пасівелымі валасамі. Гэтыя валасы больш чым што выдавалі гады сакратара абкома.
  — Слухай, Герасім,— спакойна і як бы нават паранейшаму весела пачаў Леанід Мінавіч, але Ігнатовіч добра вывучыў усе інтанацыі яго голасу і пачуў, што весялосць не тая; а яшчэ гэтае Герасім, так Сасноўскі звяртаецца толькі пры пэўным настроі, і гэтая яго фамільярнасць — горш за лаянку.— Слухай, Герасім,— як бы знарок паўтарыў ён.— Скажы мне шчыра. Чаму ты радуешся?
  Ігнатовіч збянтэжыўся:
  — Што вы, Леанід Мінавіч! Чаму мне радавацца?
  — Не. Ты сказаў пра «казарму» з радасцю. І вось я хачу зразумець, што цябе радуе. Што стары лапух Сасноўскі даў ідэю, над якой спецыялісты смяюцца? Так? Ці, наадварот, радуешся магчымасці падвесці пад манастыр сваяка? За што? Выкладай тайныя думкі! Як на споведзі. Я твой поп.
  — Ніякіх тайных мысляў у мяне няма,— не хаваючы незадаволенасці, вытрымліваючы гонар, адказаў Ігнатовіч.
  Сасноўскі нейкі момант глядзеў на яго, потым апусціў галаву, углыбіўся ў чытанне дакумента.
  Праз хвіліну, не ўзняўшы вачэй, спытаў:
  — Што ў яго з жонкай?
  — Дрэнна. Сям'я, можна лічыць, распалася.
  — Хто з іх вінаваты?
  Хоць неаднойчы казаў жонцы, што сястра яе — мяшчанка і дурніца, але пасля размовы з Максімам і. Дашыных слёз не сумняваўся — вінаваты ён, Максім. Аднак тут, пасля слоў Сасноўскага, адчуў, што выносіць катэгарычны прысуд у такой сітуацыі невыгодна.
  — Чорт іх разбярэ, Леанід Мінавіч!
  — Ён мае другую жанчыну?
  — Не ведаю.
  Сасноўскі хутка ўзняў галаву, паглядзеў са здзіўленнем :
  — Ты не гаварыў з Адаркай?
  — Гаварыў.
  — Што яна?
  — Жонка ці муж звычайна даведваюцца пра такія рэчы апошнія.
  — Гэта праўда. А хто, па-твойму, павінен даведвацца пра такія рэчы першы?
  Што адказаць на такое пытанне?
  — Партыйная арганізацыя.
  Сасноўскі паморшчыўся і пашкроб за вухам, ускудлачыў свой сівы пух. І зрабіў захад з іншага боку. Спытаў сур'ёзна:
  — Герасім Пятровіч, ты лічыш Карнача сваім сябрам?
  — Лічыў.
  Сасноўскі на момант як бы застыў — вейкамі не маргнуў, глядзеў ва ўпер. Як бы нехаця згадзіўся:
  — Добра. Лічыў. Прабач, скажу, магчыма, не вельмі прыемнае для цябе... Ты нават выстаўляў гэтае сяброўства. Як бы ў прыклад іншым. І ведаеш?.. Мне гэта падабалася. Ва ўсялякім разе, карысць ад такога сяброўства для цябе была яўная: ты лепш, чым многія з нас, грэшных, навучыўся разбірацца ў пытаннях горадабудаўніцтва. Але па майму разуменню сяброўства гэта нешта большае... усёабдымнае... шырокае кола ўзаемаадносін людзей... самых інтымных адносін. Ваша сяброўства ў дадатак звязвалася сваяцтвам. І калі ты даведваешся пра нелады ў сям'і сябра тады, калі справа дайшла да разрыву... Скажу табе шчыра, як на мяне, старога зубра, дык я цябе паставіў бы вось на гэты дыван побач з Карначом.
  — Воля ваша.
  — Не рабіся чыноўнікам! Я табе не губернатар. «Воля ваша». Справа не ў маёй волі. Я запісаў бы ў нашым партыйным маральным кодэксе: караць за сяброўства няшчырае, аднабаковае...
  — А як жа гэта спалучыць з партыйнай прынцыповасцю?
  — А прынцыповасць павінна ўключаць у сябе шчырасць, душэўнасць. І наадварот. Сапраўднае сяброўства — гэта перш за ўсё прынцыповасць.
  «Добранькі ты робішся перад пенсіяй»,— нядобразычліва падумаў Ігнатовіч, хоць у душы адчуў захапленне праніклівасцю Сасноўскага. У нечым — у чым менавіта — адразу не разабраўся — сакратар абкома памог яму, ва ўсякім разе, задача са многімі невядомымі, якую паставілі ўчынкі Карнача, адразу ўправілася. Ад гэтага зрабілася лягчэй, нягледзячы на «праборку», якую ён атрымаў.
  Між іншым, так было не ўпершыню: пасля размовы ў гэтым прасторным, строга абсталяваным кабінеце, многія вузлы развязваліся прасцей.
  Звычайна перад жонкай ці ў вузкім коле вельмі блізкіх людзей, да якіх, міне іншым, належаў і Карнач, Герасім Пятровіч незласліва кпіў з Сасноўскага: работнік старой фармацыі, працуе метадамі даваеннага часу ці першых пасляваенных гадоў. Маўляў, з такой схільнасцю да гумару, да заўсёднай весялосці яму трэба было пайсці ў акцёры ці фельетаністы. Хоць жартуе Сасноўскі часам трапна. Напрыклад, на адным пленуме ён прабіраў старшыню аблспажыўсаюза за махінацыі з квітанцыямі на прынятую ад калгасаў бульбу.
  «Ты каго хацеў аблапошыць? Дзяржаву? Ты што, другой арганізацыі не знайшоў?»
  Едкі жарт стаў крылатым. Але ці заўсёды да месца ён жартуе, ці заўсёды адпаведна свайму становішчу? Нярэдка жарты Сасноўскага шакіравалі Ігнатовіча. Хіба дазволена, напрыклад, сакратару абкома кінуць такі заклік адказным работнікам горада, няхай і на вузкай нарадзе: «Урбаністы, давайце прагуляемся па вобласці. Пратрусім пузы, праветрым штаны. А то некаторыя забыліся, адкуль у каровы малако цячэ»? Многія рагаталі, пераказвалі словы гэтыя, як анекдот. А яму, Ігнатовічу, было сорамна, ён нават намерваўся як-небудзь, пры выпадку, сказаць Сасноўскаму, што так нельга, не той час, не той стыль. Але выпадку не надаралася.
  Разам з тым Герасіма Пятровіча захапляла энергія Сасноўскага. Чалавеку шэсцьдзесят, а ён што юнак! Зайздросціў такой энергіі — нам бы такую ў яго гады! — і стараўся не адставаць ад свайго партыйнага кіраўніка, сорамна адставаць, маючы на чатырнаццаць гадоў меншы цяжар. А яшчэ захапляла ў Сасноўскім тая знешняя лёгкасць, з якой ён вырашаў складаныя пытанні. Здаралася, месяц-два стукаешся ў некаторыя міністэрствы — і ніякіх вынікаў. Звяртаешся да Сасноўскага. Той бярэ трубку. Жарт, анекдот, біблейская прытча ў яго, Сасноўскага, інтэрпрэтацыі, і — глядзіш — кіраўнік рэспубліканскай установы, які столькі марынаваў пастаўленае горадам пытанне, робіцца ка здзіўленне аператыўным. Сасноўскага любілі. Каму іншаму не даравалі б такі сарказм. Яму ўсё даравалі.
  «Слухай, Іван, сын Архіпа з Батурын, скажы ты мые, братка, сонца ў вас над Цярэшкавічы мі свеціць? Што ты кажаш? Няўжо свеціць? А я думаў, яно толькі тут, у горадзе, плавіць асфальт, не выпускае нас з кабінетаў. Пастановы ты пішаш? Якія пастановы? Як? Ты не ведаеш, якія пастановы абавязаны пісаць? Ах, пішаш? Не ўзважваў, колькі нарыхтаваў іх? Чаго-чаго... Пастаноў. Што ты там, бутэрброд не пракаўтнуў? Чайком запі. Ага, вось цяпер голас прарэзаўся. Як думаеш, пракорміш статак пастановамі? Глядзі, страчы іх больш! Пад весну спатрэбяцца».
  І трубку на рычаг. Ніякіх лічбаў, ніякіх заданняў. Няхай пераварвае сакратар райкома вось такое папярэджанне за адставанне з нарыхтоўкай кармоў.
  Але не з кожным ён гаворыць так. Ведае — з кім як трэба. Да кожнага мае асобы ключык. Псіхолаг, чортаў стары.
  Ігнатовіча не проста здзіўляла — ашаламляла памяць Сасноўскага на людзей. Колькі ён іх ведае! Тысячы прозвішчаў, імёнаў, імёнаў па бацьку. Як імя жонкі, дзе вучацца дзеці... Даяркі, загадчыкі фермаў, геолагі, леснікі, мантажнікі на будоўлі ГЭС... Калі паспявае сустракацца з імі? Ён, Ігнатовіч, паспрабаваў пераняць яго прыклад — не атрымалася, адчуў, што мноства сустрэч распыляе ўвагу, перашкаджае іншым, больш важным, неабходным і неадкладным прынцыпам кіраўніцтва. Тады ён паставіў пад сумненне станоўчасць такой якасці Сасноўскага: звычайная акцёрская памяць і здольнасць, зусім не абавязковая для кіраўніка новага тыпу, якому трэба ажыццяўляць кіраўніцтва па-навуковаму, з прымяненнем навейшай тэхнікі і новых метадаў.
  Сасноўскі, безумоўна, з'ява унікальная, але такая універсальнасць — рудымент. Усё гэта выпрацавана пэўнымі ўмовамі, якія патрабавалі падобнай методы, і, безумоўна, вялікім вопытам: сорак гадоў чалавек на камсамольскай і партыйнай працы. Паспытаў бы ты, Леанід Мінавіч, гаспадарчага хлеба, з якога пачынаў ён, інжынер Ігнатовіч. Там псіхалогія — справа другарадная. Ходзячы на імяніны да рабочых, прадукцыйнасці працы не ўздымеш. Ды і пасада старшыні гарвыканкома выпрацоўвае зусім іншую форму мыслення. Праўда, партыйная праца мае свае асаблівасці. Ён не адмаўляецца: але, вучыўся ў Сасноўскага і шмат чаму навучыўся. Ды хіба не заканамерна, што вучань павінен узняцца ка вышэйшую ступень, не капіраваць, не пераймаць, мець свой стыль і метад?
  Ігнатовіч быў упэўнены, што, як кіраўнік новага тыпу, ён, безумоўна, вышэй за Сасноўскага. Але — радаваўся гэтай сваёй аб'ектыўнасці — па-ранейшаму захапляўся асобнымі рысамі характару і кіраўнічая вопыту сакратара абкома.
  Вось гэтая яго праніклівасць — уменне разгадаць настрой наведвальніка і нават злавіць самыя тонкія інтанацыі і адценні голасу...
  «Хоць якая там праніклівасць! Самыя суб'ектыўныя адчуванні. Раптам яму здалося, што я з радасцю паведамляю пра нязгоду Карнача з яго ідэяй надбудовы дома. Лухта. Чаму я павінен радавацца? Дробны эпізод».
  Усе гэтыя думкі, безумоўна, у іншым парадку, больш калейдаскапічна, кружыліся ў галаве Ігнатовіча, пакуль ён пераходзіў з абкома ў гарком.
  Сасноўскі не адштурхнуў ніводнай гарадской справы, кожную прыняў да вырашэння сур'ёзна, нават на гэты раз без сваіх гумарыстычных заўваг. Гэта цешыла. Такі стыль працы гаркома — з дробязямі ўгору не лезем.
  Супакоіла, сапраўды быццам спрасціла адну з нялёгкіх задач, спакойная развага Сасноўскага пра адносіны Карнача з жонкай. Але яго словы пра сяброўства не спадабаліся: кніжная сентэнцыя, абстрактны гуманізм.
  З такімі супярэчлівымі адчуваннямі і думкамі ён адчыніў дзверы ў прыёмную і... сумеўся ад нечаканасці.
  Каля стала, залішне блізка ад Галіны Уладзіміраўны, сядзеў Карнач, адразу відно — вясёлы, задаволены, больш звычайнага элегантны: элегантнасць, надаваў модны — шырокі, яркі гальштук; гальштукі такія падабаліся Герасіму Пятровічу, але ён лічуў, што партыйнаму работніку насіць такі непрыстойна.
  Галіна Уладзіміраўна пунсовая, яўна нечым усхваляваная. Убачыўшы ў дзвярах яго, Ігнатовіча, падхапілася з крэсла, як бы злоўленая за нечым недазволеным, і яшчэ больш загарэлася, чаго з ёй бадай ніколі не здаралася,— заўсёды спакойная, роўная, акуратная, аднолькава ветлівая з усімі.
  Герасіма Пятровіча, як токам, скаланула думка: няўжо яна? Крый божа. Гэта быў бы ўдар, фіяска. Што скажа Сасноўскі, калі даведаецца, што тая жанчына, з-за якой Карнач пакідае жонку,— яго, Ігнатовіча, сакратарка? Жах. Страшна падумаць. «Дрэнна мы працуем з кадрамі, Герасім». Тады мімаволі прыйдзецца прызнаць, што сапраўды-такі дрэнна — не мы — я працую з кадрамі. Магчымая блізасць Максіма і Галіны Уладзіміраўны закранула яго больш, чым нават думка пра тое, што скажа пра гэта Сасноўскі, яшчэ з-за адной прычыны, вельмі тайнай. Нават самаму сабе ён не адвальваўся прызнацца, што Галіна Уладзіміраўна падабаецца яму не толькі як добры работнік, але і як жанчына. Ніколі ніводным жэстам ён не выдаў свае пачуцці. І ніколі не выдасць! Маральныя прынцыпы ў яго непахісныя! Заводзіць амуры ў яго становішчы — вар'ятам трэба быць. Але гэта так: яна падабаецца яму. У рэшце рэшт, умеючы працаваць і жыць па маральным кодэксе, ён мае права хоць на адну тайную слабасць. Ён чалавек, як усе людзі. А робіць больш за многіх іншых. Дык чаму вось такому безадказнаму ветрагону, як Карнач, усё можна — выпіць, пагуляць, займець любоўніцу, а яму нельга нават маленькай тайнай радасці — падумаць з замілаваннем пра прыгожыя рукі жанчыны, якая штодня працуе побач, у думках пацалаваць гэтыя рукі?! Толькі ў думках! А думаць, што не толькі рукі яе цалуе гэты піжоністы нахабнік — значыцца, жыць не з радасцю, а з пакутай.
  «Калі праўда, што яна,— звольню, тут жа, без тлумачэнняў»,— уміг, на парозе, вырашыў Герасім Пятровіч, бо заўсёды быў верны прынцыпу: у партыйных органах могуць працаваць толькі маральна ўстойлівыя людзі.
  Імкліва, не хаваючы здзіўлення, увайшоў у прыёмную, працягнуў Максіму руку. Спытаў без ценю жартаўлівасці:
  — Спакушаеш Галіну Уладзіміраўну?
  Кроў адхлынула ад твару жанчыны, яна ўміг пабялела, адказала сурова, з дакорам, з гонарам:
  — Герасім Пятровіч! Я ўжо выйшла з таго ўзросту, калі мяне можна спакусіць.
  — Запрашаю ў тэатр,— проста растлумачыў Максім,— На адкрыццё гастроляў МХАТа. Маю білеты.
  Але ты тут, у сябе, устанавіў манастырскія правілы. Баіцца Галіна Уладзіміраўна. Што скажа Герасім Пятровіч?
  — Правільна не згаджаецца! — ухваліў Ігнатовіч, адчуўшы палёгку.— У цябе ёсць з кім хадзіць у тэатр. З жонкай.
  Сказаў — і пайшоў у кабінет, не глянуўшы, як падзейнічалі яго словы.
  А Галіна Уладзіміраўна ўбачыла, як Максім змяніўся з твару. Папрасіла:
  — Не трэба.
  Але ён рушыў у кабінет следам за Ігнатовічам.
  Той распранаўся злева ад дзвярэй, вешаў паліто ў шафу.
  Максім, зачыніўшы спіной унутраныя дзверы і падпёршы іх сабой, як бы не даючы ўвайсці Галіне Уладзіміраўне, сказаў ціха, але з гнеўным прыціскам-інтанацыяй, якую сваяк добра ведаў:
  — Слухай. Я табе пра жонку ўсё сказаў. У мяне няма жонкі! Я не ханжа! І ты не сячы мне па вачах! Хопіць!
  Герасім Пятровіч, павесіўшы паліто, павярнуўся да Максіма, абедзвюма далонямі прыгладзіў валасы, добразычліва ўсміхнуўся. З'явілася ўпэўненасць, што Галіна Уладзіміраўна — не тая жанчына, з-за якой распадаецца Карначова сям'я, і настрой яго ўзняўся.
  — Не гарачыся. Чаго ты хочаш ад мяне? Каб я блаславіў ваш развод?
  — Мне не трэба твайго благаславення.
  — Ты забываешся, што, па-першае, Даша не чужы мне чалавек, яна — сястра маёй жонкі, па-другое, маё становішча...
  — Ты можаш выклікаць мяне на бюро гаркома і запісаць што хочаш. Але не лезь са сваёй папоўскай мараллю мне ў душу!
  — Ну, ведаеш...— абразіўся Ігнатовіч; павярнуўся, пайшоў да стала.— Пасля гэтага нам няма пра што гаварыць,— сказаў з крыўдай, успомніўшы словы Сасноўскага пра сяброўства.
  — Са сваімі пачуццямі я сам разбяруся...
  — Ты прыйшоў запрасіць жанчыну ў тэатр! Выконвай сваю місію. У мяне — справы.
  — Не, я прыйшоў да цябе. Прынёс копію майго пісьма ў Савет Міністраў, з пратэстам супраць пасадкі хімкамбіната ў Белым Беразе.
  — З пратэстам? — Ігнатовіч хмыкнуў.— Табе не здаецца, што ты робішся падобным на Дон-Кіхота? Але той ваяваў з млынамі. А ты з кім намерыўся ваяваць? Максім Яўцехавіч! Доўгі час я быў упэўненым, з тых людзей, што разважаюць рэалістычна, не адрываюцца ад зямлі. Што мне думаць цяпер?
  — Паўгода назад ты згаджаўся са мной наконт «прывязкі» хіміка.
  — Твае архітэктурныя планы, разлічаныя на пяцьдзесят гадоў, я гатоў падтрымаць і сёння. Але ёсць іншыя меркаванні. Эканамічныя. І палітычныя! Але, і палітычныя. Яны дыктуюцца сённяшнім днём. Мы зробімся бясплоднымі фантазёрамі, калі будзем забываць, ігнараваць, што людзі павінны мець працу, жыллё, хлеб і мяса, добрае адзенне — а для гэтага трэба хімія — сёння, а не праз пяцьдзесят гадоў.
  — Няўжо ў Азярышчы камбінат даваў бы менш прадукцыі?
  — А ты не спрабаваў даведацца, у колькі дадатковых мільёнаў уляціць дзяржаве пасадка на месцы, якое прапануеш ты?
  — А хто-небудзь падлічыў, у што абыдзецца дзяржаве і людзям, калі цераз дваццаць гадоў, пасля таго, як хімік знішчыць натуральны зялёны пояс, горад будзе задыхацца? Ці пасля нас — хоць патоп? Так? Ёсць урэшце закон аб ахове прыроды! Як мы ўмеем абыходзіць яго, прыкрываючыся самымі высокімі матэрыямі!
  — Хімікі гарантуюць поўную ачыстку.
  — Якія хімікі? Я таксама гутарыў з хімікамі,— тут Максім паказаў на тоненькую папку, якую трымаў у руцэ.— Я пішу пра заключэнне хімікаў.
  — Заключэнне за столікам у кафэ ці рэстаране? Максім Яўцехавіч! Ты ж сур'ёзны чалавек! — Ігнатовіч падышоў да сейфа, адчыніў яго, дастаў зялёную тоўстую папку.— А вось тут дакладныя разлікі двух інстытутаў,— паглядзеў на гадзіннік.— Шкада, што я павінен ехаць на завод, а то мог бы пазнаёміць цябе...
  — Чытаў я гэтыя паперкі.
  — Ёсць новыя дакументы. Вось так, таварыш Карнач. Да твайго ведама: прынята рашэнне гаркома... Ты выступаеш супраць рашэння...
  — Хочаш спалохаць?
  — Не. Я ведаю, што ты не з палахлівых Копію пісьма свайго пакінь. Няхай будзе ў архіве. Будучым біёграфам тваім лягчэй будзе знайсці. Яшчэ адзін факт тваёй высокай прынцыповасці.
  Максім ступіў да стала, асцярожна, як шкляную, палажыў папку перад Ігнатовічам. Наогул рухаўся вельмі асцярожна, як бы баючыся, каб нешта не абарвалася ў ім ці не саскочыў «засцерагальнік», бо апошнія Ігнатовічавы словы завялі на ўзрыў. Як хацелася адказаць на іх! І як бы ён мог адказаць! Але разумеў, што гэта значыла б дашчэнту ўзарваць усё тое, што яны разам будавалі шмат гадоў. Недарэчна, неразумна ўзрываць з-за такой дробязі — з-за слоў, якія непрыемна кранулі. Асцярожна адышоў ад стала.
  — Будзь здароў, Герасім Пятровіч.
  — Усяго добрага, Максім Яўцехавіч.
  Максім выйшаў у прыёмную. Ціха, без стуку, зачыніў дзверы. Але спыніўся каля іх з выглядам чалавека, які нешта забыўся.
  Галіна Уладзіміраўна глядзела на яго з трывогай. Яна баялася, што паміж ім і Ігнатовічам адбудзецца нялёгкая размова. У яе нават была з'явілася думка якнебудзь перашкодзіць ім. Але не адважылася. Сама была ашаломлена нечаканасцю прапановы архітэктара. Хоць нічога асаблівага не адбылося. Максім Яўцехавіч сказаў Герасіму Пятровічу праўду: ён проста запрасіў яе ў тэатр, на адкрыццё гастролей МХАТа. Але каб хто-небудзь зразумеў, што гэта значыла для яе. Пасля смерці мужа ніводзін мужчына не запрашаў яе ў тэатр. Тры гады ўжо. А каб і запрасіў — не пайшла б, магчыма, абразілася б нават. Але тут запрасіў мужчына, пра якога яна — божа мой, слабая, наіўная жанчына! — зрэдку, толькі зрэдку і вельмі патаемна, саромеючыся ўласных думак, думала трохі інакш, чым пра ўсіх іншых, з кім сустракалася па службе.
  Не, не само запрашэнне яе расхвалявала, не ад запрашэння яна гарэла, як у ліхаманцы, калі нечакана з'явіўся Герасім Пятровіч.
  Усхвалявала размова, якая адбылася паміж імі. Безумоўна, яна шчыра здзівілася на такое запрашэнне.
  — Што вы! Што скажуць! У вас жа жонка...
  — У мяне няма жонкі.
  — Як гэта няма? — яшчэ больш здзівілася яна, добра ведаючы, што жонка Карнача — сястра жонкі Герасіма Пятровіча.
  — У бліжэйшы час я аформлю развод.
  Вось што пагнала кроў да галавы, да твару так, што зазвінела ў вушах і перад вачамі паплылі ружовыя кругі. Яна звычайная слабая жанчына. А ў каго з сясцёр яе нават пасля трагедыі, перажытага гора, не загараецца раптам нечакана, у адзін міг, агеньчык надзеі на тое, што не ўсё скончана, што шчасце можа паўтарыцца?
  Ад запрашэння яна рашуча адмовілася.
  — Тым больш мне нельга... Як вы не разумееце? У якое становішча я пастаўлю сябе перад...— яна паказала вачамі на дзверы кабінета.
  У гэты момант і ўвайшоў ён, Герасім Пятровіч.
  Але пасля яго проста-такі бестактоўных абразлівых слоў аб спакушэнні ў яе з'явілася зусім іншае жаданне: на злосць усім і ўсяму пайсці ў тэатр.
  Цяпер яна гарэла ад думкі, як сказаць пра гэта Карначу. Ці зразумее ён такі нечаканы паварот? Да таго ж сітуацыя ўскладнілася тым, што ў прыёмнай з'явіліся наведвальнікі — выкліканыя раней работнікі дома партыйнай асветы. Пры іх не пачнеш тлумачыць, што з чаго вынікла.
  Яе вельмі ўстрывожыла, бадай, спалохала, як Максім застыў каля дзвярэй. Вядома ж, яму цяпер не да яе. Зрабіў жэст звычайнай мужчынскай галантнасці — не згадзілася, цнатлівая дурніца,— будзь здарова.
  Але ён адчуў яе позірк, напоўнены страхам і чаканнем. Крутнуў камічна галавой — як пасля нырання вытрасаюць з вушэй ваду, ласкава ўсміхнуўся ёй, сказаў:
  — Думаю, цяпер вам варта згадзіцца на маю прапанову.
  Яна кіўнула галавой.
  — Я згодна,— твар яе заззяў, і затрапятала сэрца, як у дзяўчынкі, якая атрымала запрашэнне на першае спатканне.
  Калі Максім выйшаў, Ігнатовіч доўга сядзеў у нерухомасці — пакуль Галіна Уладзіміраўна не далажыла аб прапагандыстах.
  Было адчуванне стомленасці і яшчэ, здаецца, страты. Чаго? Палезлі ў галаву словы Сасноўскага пра сяброўства. Якое там да ліха сяброўства, пасля ўсяго, што адбылося і адбываецца! Успыхнула злосць... супраць Сасноўскага. Стары ідэаліст і мараліст. Адно ведае — «пагаварыць па душах». Але я табе не даярка, споведзі якіх ты любіш выслухоўваць... Добра, прызнаю, сельскую гаспадарку ты ведаеш і ўмееш кіраваць ёй. А ў прамысловасці дылетант, хоць і выстаўляеш свой вопыт. Перагнала цябе прамысловасць, Лёня,— помсціў за Герасіма.— Навукова-тэхнічны прагрэс крочыў хутчэй, чым ты. Семдзесят працэнтаў прамысловасці ў вобласці — на маіх плячах. Умей ацаніць гэта! — папракаў ён Сасноўскага, хоць той аб кіраўніцтве прамысловасцю сёння слова не сказаў. Але Ігнатовіч ведаў ахілесаву пяту сакратара абкома і бязлітасна стрэліў туды. Вось табе! За твой намёк пра маю няшчырасць у сяброўстве.
  Ды праз хвіліну спахапіўся — спалохаўся сваёй злосці. Ого, куды занесла! Ніколі ён не даваў волі такім пачуццям. Так можна распусціць сябе да анархізму, параўняцца з Карначом у адмаўленні прынцыпаў кіраўніцтва. А ён, Ігнатовіч, заўсёды быў дысцыплінаваным, стрыманым, калі часам і крытыкаваў кагонебудзь з тых, хто стаяў вышэй за яго, то заўсёды рабіў гэта прынцыпова і з павагай.
  Сасноўскі вылучаў яго, выхоўваў, як кіраўніка. Ён — не «бязродны Іван» і ўдзячны за гэта. Ён любіць Леаніда Мінавіча. Смешна папракаць за тое, што, не маючы інжынернай падрыхтоўкі, той не заўсёды можа разабрацца ў спецыфічных працэсах сучаснай прамысловай вытворчасці. У наш час, калі ты будзеш нават геній і скончыш тры тэхнічныя вузы, усё адно не здолееш усяго ахапіць. У Сасноўскага ёсць больш важнае: талент партыйнага арганізатара і асаблівае чуццё на людзей — хто на што здатны.
  Такія думкі супакоілі і ўзбадзёрылі: усё-такі ён аб'ектыўны чалавек!
  Сказаў сакратарцы, каб партасветаўцы пачакалі.
  Набраў нумар сакратара абкома.
  — Леанід Мінавіч? Я. Яшчэ раз. Прашу прабачыць, што турбую.
  — Не рабі доўгай прэампулы,— Сасноўскі жартаваў: адзін работнік любіў мудрыя словы, але доўга, пакуль яму не растлумачылі, замест «прэамбула» казаў «прэампула»; гэта зрабілася мясцовым анекдотам.
  — Не ведаю, якім вам здаецца мой голас на гэты раз — радасным ці сумным. Але лічу сваім абавязкам паведаміць... Карнач толькі што перадаў мне копію свайго пісьма ў Савет Міністраў з пратэстам супраць пасадкі «хіміка» ў Белым Беразе.
  Чуліся далёкія чужыя галасы — па індукцыі ці ў кабінеце Сасноўскага былі людзі. Леанід Мінавіч маўчаў, Ігнатовіч дзьмухнуў у трубку.
  — Алё.
  — Не дзьмухай мне ў вуха. Яно і так гарыць... Што я табе скалеў, Герасім? — Ігнатовіч зморшчыўся, як ад болю.— Голас твой на гэты раз зусім нярадасны. Магільны проста-такі голас...
  «Не можа чалавек без свайго недарэчнага гумару»,— незадаволена падумаў Ігнатовіч.
  — Але чаму ты звоніш мне? Страхуешся?
  — Думаю, у першую чаргу спытаюць у вас.
  — Прадбачліва з твайго боку. Але чым я магу суцешыць цябе, Герасім Пятровіч? Статут партыі і наша савецкая дэмакратыя дазваляюць Карначу звяртацца ў любую інстанцыю. Што ж датычыць нас з табой, то пры любым варыянце «накастыляюць» нам. Рыхтуйся.
  Чорт вазьмі, гэтага чалавека немагчыма зразумець — калі ён гаворыць сур'ёзна, калі жартуе. Такія яго шарады і рэбусы проста-такі збіваюць з панталыку. Ён, Ігнатовіч, навучыўся не толькі разумець людзей з паўслова, але, як кажуць, бачыць кожнага наскрозь — і кіраўніка, і падначаленага. Сасноўскі ж не «прасвечваецца». Занадта густы.
  
  XII.
  У Галіны Уладзіміраўны чатыры дні гэтыя былі бадай самыя цяжкія з таго часу, як пахавала Сяргея. Тры гады не ведала такіх душэўных пакут.
  Яна заўсёды вылучалася акуратнасцю і далікатнасцю, але ніколі не мела той рашучасці, якую маюць большасць жанчын, асабліва ў сардэчных справах.
  Праз колькі ўжо хвілін пасля таго, як галоўны архітэктар выйшаў з прыёмнай, яна ўсумнілася ў сваім праве ісці з ім у тэатр. А пасля зноў пераканала сябе: а вось возьме і пойдзе на злосць усім, і ў першую чаргу Ігнатовічу — за яго бестактоўнае пытанне.
  І так усе чатыры дні чаргаваліся сумненні з жаданнем, рашучасць са страхам — ісці ці не ісці?
  Каб не было ўсё так заблытана, каб запрасіў хто іншы — не Карнач, яна, напэўна, параілася б з Герасімам Пятровічам, дараваўшы яму грубы жарт. Галіна Уладзіміраўна паважала сакратара за дакладнасць у працы, за рашучасць дзеянняў і выказванняў,— тое, чаго так не хапала ёй. З ім хораша працавалася. Ігнатовіч таксама — яна ведала — быў задаволены ёю, дзякаваў начальніку палітаддзела дывізіі, які, пасля смерці Гардзеічава, парэкамендаваў удаву пілота, маладую камуністку, у гарком партыі.
  У дзень адкрыцця гастролей яна знарок апранулася прасцей і сціплей, чым звычайна,— не па-тэатральнаму. Праўда, пакруціла ў руках новыя чаравікі, але не ўзяла іх. Там, на працы, у шуфлядзе стала яна трымала даволі добрыя яшчэ, але старыя ўжо і нямодныя, чаравікі — зручныя, каб быць у іх цэлы дзень. Яна ніколі не сядзела ў прыёмнай у цёплых ботах, як іншыя жанчыны. Некаторыя адзяваліся, як купчыхі: боты за восемдзесят рублёў, касцюмы — па сто дваццаць. А на ёй чаравікі — за дваццаць, пуловерчык — за семнаццаць. І ўсё роўна адна з жанчын, на якой было адзення сотні на тры, упікнула неяк:
  — Моднічаеш, Галіна. Работніку гаркома гэта не да твару.
  Галіна Уладзіміраўна, даверлівая і асцярожная,— а можа, праўда, яна ў нечым перабірае меру? — сказала пра такі папрок ёй Герасіму Пятровічу. Той абурыўся :
  — Ды пашліце вы іх да чортавай матары! Вось праклятая інерцыя! У сямідзесятыя гады мысляць катэгорыямі дваццатых! І так шмат у чым. Праз гэта мы тавары выпускаем, якія народ купляць не хоча.
  Ён, як ніхто з кіраўнікоў, змагаўся за якасць тавараў шырокага ўжытку. Працу гэтую сваю ў думках параўноўваў толькі з той, якую рабіў Сасноўскі, штодня ваюючы за хлеб, малако, мяса — каб больш вырасцілі, надаілі...
  Няўпэўненая ў тым, што ў апошнюю хвіліну не перадумае, жанчына вырашыла знарок затрымацца на службе, каб не засталося часу з'ездзіць дадому пераапранацца.
  Але гадзіны ў чатыры пазваніў ён,— той, пра каго яна думала ўсе дні.
  У прыёмкай былі людзі, і Галіна Уладзіміраўна папрасіла ветліва, але афіцыйна пазваніць праз пятнаццаць хвілін. Хутка ў Ігнатовіча пачнецца нарада і ў прыёмнай апусцее. Але не на гэта яна спадзявалася ў той момант — на іншае: ён пакрыўдзіцца і больш не пазвоніць.
  А ён пазваніў дакладна. У прыёмнай было пуста. Яна спрабавала адмовіцца:
  — У Герасіма Пятровіча нарада. Я не магу пайсці, пакуль яна не скончыцца. А пасля я не паспею адзецца.
  — Плюньце на ўсе нарады. Адзін раз. Я адвязу вас на машыне. Дадому. І назад. Роўна а палове шостай буду ў вас.
  Яна задыхнулася ад страху і... радасці. Шэптам папрасіла:
  — Не падымайцеся, калі ласка. Я выйду сама.
  Зімовы дзень кароткі. Было ўжо цёмна. Але на ціхай вуліцы пад голымі каштанамі гарэлі яркія свяцільнікі.
  Максім ведаў, што Галіна Уладзіміраўна будзе азірацца, як навічок-злодзей, і паставіў свайгс «Масквіча» далей ад будынка гаркома. Сустрэў яе пехатой — як бы незнарок.
  У машыне яна заняла задняе сядзенне. Ён пасміхнуўся з гэтай наіўнасці — у тэатр пайсці адважваецца, а ў машыне садзіцца далей — і скіраваў люстэрка так, каб бачыць яе твар, уключыў святло — паглядзець на яе.
  Выгляд у жанчыны быў невясёлы. Максіму стала шкада яе.
  Упершыню з'явілася думка — адмовіцца ад сваёй даволі-такі авантурнай задумы.
  На адкрыццё гастролей прыйдуць многія работнікі абласных і гарадскіх арганізацый, нават тыя, хто гадамі не бывае ў тэатры. І многім з іх, галоўнае жонкам — сіле самай страшнай, ён кіне выклік, бадай, такі ж, як кінуў сваім самаадводам. Але ён ішоў на гэта свядома, каб адным махам рассекчы ўсе ўмоўнасці. Няхай даведаюцца ўсе адразу. Няхай пагавораць. Праз усё гэта трэба калі-небудзь прайсці.
  Ён не адчувае сваёй віны, а таму яму няма патрэбы рабіць з разводу тайны. Агідныя тыя муж і жонка, якія дзесяцігоддзямі жывуць, як сабака з кошкай, а на людзях выстаўляюць уяўны лад і шчасце. Як Даша ў Ігнатовічаў. І не толькі там.
  Але навошта яму ўцягваць у сваю трагікамедыю гэтую староннюю жанчыну, з якой ён па сутнасці яшчэ і незнаёмы як мае быць?
  Ваенны гарадок, дзе яна жыла, размяшчаўся на бліжэйшай ускраіне горада, каля ракі. Пад'язджаючы да яго, Максім выказаў сваю даўнюю думку і
  — Ох, і гарыць у мяне зуб на ваша ведамства. Каб мяне папрасілі, як бы я спланаваў новую забудову ў гэтым натуральным парку. Райскі куток стварыў бы! Як тут вядзецца забудова? Жах! У мяне такое ўяўленне, што планіроўка і праекты некаторых пабудоў зроблены прапаршчыкамі.
  Галіна Уладзіміраўна пахваліла яго:
  — Вы — як Герасім Пятровіч, да ўсяго хочаце дацягнуцца рукамі.
  — Я цягнуўся не рукамі — галавой. Рукі ў мяне кароткія.
  Яка зразумела, што яму не вельмі спадабалася такая пахвала.
  Каб праехаць у гарадок, трэба было выпісваць пропуск. Доўга. Ён застаўся з машынай каля брамы, а яна пабегла. Дом ад прахадной быў недалёка — метраў чатырыста. Але, магчыма, ад марозу, які пад вечар мацнеў, ёй так перахапіла дыханне, што яна, ускочыўшы ў цёплую кватэру, дыхала, як астматычка.
  Пяцігадовы Толік кінуўся ёй на шыю.
  — Мамка прыйшла!
  Дачка, чацвёртакласніца, гаспадыня і нянька, глядзела на маці здзіўлена, здагадваючыся, што здарылася .нешта незвычайнае.
  Галіна Уладзіміраўна, аддыхаўшыся, сказала:
  — Дзеці, я іду ў тэатр. Пагуляйце самі.
  Пастаралася надаць голасу будзённы выраз, быццам паход у тэатр — справа звыклая, ходзіць яна туды па меншай меры раз у тыдзень, не радзей.
  — І я з табой! Мамачка! — заныў Толік.
  Таня не сказала ні слова — павярнулася і пайшла ка кухню. Адтуль спытала голасам свякрухі:
  — Есці будзеш? Падагрэць?
  Галіна Уладзіміраўна заціснула рот далонямі, каб не закрычаць, не завыць па-бабску ад свайго ўдовінага гора. Там, у гаркоме, яна чамусьці не падумала, што ёй прыйдзецца прайсці яшчэ і праз такое выпрабаванне.
  Але, трэба прайсці. Трэба перамагчы! Не здацца. Пераступіць нейкую нябачную мяжу. Яна і так тры гады жыла толькі дзеля дзяцей.
  Кінулася ў пакой. Паспешліва скінула сваю просценькую спадніцу, кофтачку.
  Толік — малайчына, мужчына. Сказала яму, што дзяцей увечары ў тэатр не пускаюць, што яна павядзе яго ў нядзелю, і ён адчапіўся: ужо недзе па кухні вёў у атаку свой уяўны атрад дэсантнікаў.
  Адчыніла шафу, каб выбраць лепшае плацце, і скаланулася: яшчэ адно выпрабаванне! Раптам зразумела, што ніводнага з тых плаццяў, якія купляў Сяргей, у якіх яна хадзіла з ім, надзець не можа. На працу мопса надзяваць, у тэатр — не. Надзела шарсцяны касцюм, які купіла мінулым летам і ў якім цяпер, у зімовы час, амаль штодня хадзіла на працу.
  Калі прычосвалася, у люстры ўбачыла, як з другога пакоя назірае за ёю дачка. Якія ў яе вочы! Які ў іх смутак, боль, расчараванне, папрок!
  Застыла з паднятым грабянцом, з распушчанымі валасамі. Баялася варухнуцца.
  Таня, мабыць, зразумела, што маці заўважыла яе, адступіла за сцяну. Тады яна паклікала яе, нечакана для сябе голасам валявым — як загадала:
  — Таня!
  Дачка з'явілася ў дзвярах.
  — Што, мама? — як заўсёды паслухмяная, ветлівая.
  Класная кіраўніца аднойчы казала, што Таня магла б вучыцца лепш. Яна, маці, ні разу не адважылася перадаць дачцэ гэтыя пажаданні, ведаючы, які цяжар узвальвае на яе худзенькія дзіцячыя плечкі; добра, што вучыцца на чацвёркі.
  Галіна Уладзіміраўна павярнулася і, гледзячы ка дачку, пачала хутка, па-хатняму, скручваць валасы ў звыклую куксу, у зубах трымала шпільку.
  — Што, мама? — паўтарыла дзяўчынка.
  Маці выняла з рота шпільку, торкнула ў валасы.
  — ...Ты... не хочаш, каб я ішла ў тэатр?
  Таня апусціла вочы і не адказала.
  Маці ступіла да яе, але не дайшла, быццам сілы не хапіла, апусцілася на ложак.
  — Я тры гады нідзе не была. У тэатры. У гасцях... Таня... Танечка.., Мне трыццаць чацвёрты год. Мне хочацца яшчэ жыць...
  І не вытрымала — заплакала. Нават не закрыла твар; не ўпала на падушкі. Толькі схілілася, як ад моцнага болю ў жываце, і закалацілася ад рыдання. Напэўна, пры адной Тані магла б заплакаць наўзрыд, але падумала пра сына — каб не прыцягнуць яго ўвагі.
  А Таня... раптам упала на калені каля яе, абняла, уткнулася галавой у прыпол:
  — Мама! Мамачка! Не трэба! Не плач. Прашу цябе. Ну, вядома ж, ідзі ў тэатр. Я Толіка дагледжу. Не хвалюйся...
  Ад гэтай шчырасці і ласкі хацелася плакаць яшчэ мацней. Яна цалавала яе мяккія бялявыя валасы і арашала іх слязамі.
  — Мама...— прашаптала Таня,— калі ён добры... я буду любіць яго. Клянуся табе, мамачка.
  Уміг высахлі слёзы.
  Яна сціснула далонямі Таніну галаву, глянула ў вочы.
  — Пра што гэта ты кажаш? — і засмяялася.— Дурненькая мая і маленькая! Хто мне патрэбен? Ніхто мне не патрэбен! Ніхто! Акрамя вас з Толікам!
  І сама паверыла, што ніхто ёй не патрэбен і што чалавек, які чакае яе ў машыне, абсалютна для яе нічога не значыць, проста так — выпадковае запрашэнне. Хіба мала хлопцаў яе запрашалі, калі яна была студэнткай?!
  І супакоілася. Амаль весела, з дапамогай Тані, скончыла зборы. Без ваганняў апранула футра, якое Сяргей некалі прывёз з адной дружалюбнай краіны, дзе вучыў сяброў лётнай справе. Пацалавала дзяцей. Без спешкі, павольна, каб не звярнуць на сябе ўвагу суседак — жонак лётчыкаў, вярнулася да машыны. Села на пярэдняе сядзенне.
  Максім трохі здзіўлена агледзеў яе дарагое футра, ад якога яшчэ пахла шафай.
  — А я, застылы на марозе, падумаў ужо, што вы не прыйдзеце.
  — Што вы! Было б грэх адмовіцца ад такой магчымасці. Некалі, у інстытуце, я іграла ў народным тэатры.
  — О-о!
  — Вас гэта здзівіла?
  — Чамусьці здзівіла. Мо таму, што ў жыцці, мне здаецца, вы ніякая не актрыса. Ніколі не іграеце. Між іншым, за гэта вас любіць увесь гарадскі актыў.
  Яна не адказала. Нейкі час наогул маўчала.
  Максім падумаў: акунулася з галавой у мінулае ці паляцела ў будучае? Але ён памыліўся: яна падумала пра цяперашняе. Словы яго пра актыў нагадалі чамусьці, што жонка архітэктара — сястра жонкі Ігнатовіча і што шэфу — у другі раз назвала яго так, з адценнем іроніі — безумоўна, не спадабаецца такі яе ўчынак, і ён можа знайсці прычыну, каб зволіць яе. Зрабілася страшна. Нялёгкая яе праца, але дзяцей корміць нядрэнна. Навошта ж трэба так неразумна рызыкаваць тым, ад чаго залежыць шчасце яе дзяцей? Паспрабуй пасля ўладкавацца на якую-небудзь пасаду!
  Яна спытала амаль шэптам:
  — А жонкі... вашай... не будзе?
  Максім рэзка затармазіў машыну. Спыніўся. Паглядзеў на яе. Чорт вазьмі, як ён не падумаў, што Даша можа прыйсці з Ігнатовічамі! Напэўна прыйдзе, бо страшэнна любіць паказаць на людзях сваё дачыненне да мастацтва. Нядрэнна канчаткова даць ёй зразумець, што ад іх саюза нічога не засталося, што ён адкрыта, без ханжаства, гатовы пайсці на збліжэнне з другой жанчынай. Але ці змаўчыць яна? Хутчэй за ўсё ўчыніць скандал. На яе баку фармальная перавага: ніхто не ведае, як яны жывуць, але ўсе ведаюць, што яны — муж і жонка. Падтрымаюць яе. Правы свае, пісаныя і няпісаныя, Даша засвоіла выдатна. Які гандаль яна вяла ў размове аб разводзе!
  — Назад? — зноў-такі шэптам спытала Галіна Уладзіміраўна.
  — Назад? Не! Толькі ўперад! Пасля такой падрыхтоўкі — і адступаць? Дар'я Макараўна, магчыма, і можа ўчыніць скандал. Але мы не дамо ёй зачэпкі. Мы сядзем асобна.
  Яна нервова засмяялася:
  — Вы прадбачлівы. Але навошта вам такая партнёрша?
  Максім паставіў машыну не на плошчы, а ў завулку, за тэатрам. Галіна Уладзіміраўна спытала заклапочана :
  — Не крануць?
  — Яе ўжо тройчы кралі. Але кожны раз вярталі. Адзін раз нахабнік нават пісьмо пакінуў з падзякай. Я хачу, каб укралі назусім. Магчыма, як пацярпеўшаму, мне прадалі б без чаргі новую. А то гэту больш рамантую, чым езджу на ёй.
  Ля тэатральнага пад'езда яна збянтэжана папрасіла:
  — Дайце мне білет.
  Максім дастаў білеты — адзін адарваў ёй.
  — Дык побач жа,— спалохана сказала яна.
  — Не бойцеся. Вы сядзеце далёка ад мяне.
  Калі перадаваў білет, адчуў, як дрыжыць яе рука,— жанчыну калаціла. Сумна падумаў:
  «Праклятыя ўмоўнасці. Колькі трэба перажыць, каб пайсці з чалавекам у тэатр. Першабытнасць нейкая!»
  Галіна Уладзіміраўна хутка ўзбегла па прыступках. Тэатралаў каля ўвахода было многа, нягледзячы на мароз. Некаторыя пыталіся: «Лішняга білеціка няма?»
  Максім убачыў Лізу Ігнатовіч. Яна стаяла за калонай, некага чакала. Наўрад ці Ігнатовіча. Больш верагодна, што Дашу. Па тым, як Ліза паглядзела на яго, зразумеў: убачыла, з кім ён выйшаў з завулка. Але гэта не спалохала, наадварот, развесяліла. Ліза, не ў прыклад сястры, не дурная баба, вылюдзела на камсамольскай і прафсаюзнай рабоце. Цікава, як яна павядзе сябе?
  Калі Максім спусціўся да гардэроба, Галіна Уладзіміраўна ўжо распранулася і пераабулася ў туфлі, футра і авоську з ботамі трымала ў руках. Не хацела, баялася, каб ён праяўляў залішнюю ўвагу. Але каля гардэроба нікога знаёмых не было. Актыў распранаўся ў кабінеце дырэктара тэатра.
  Ён даў ёй самой здаць вопратку, але, стоячы побач, пажартаваў:
  — У мяне слабыя навыкі канспіратара. Ідзіце за мной. Я пакажу вам месца.
  Ён купляў білеты для сябе і для Шугачовых. Лепшыя, калі яшчэ не ведаў, каго запросіць, аддаў Шугачовым. Помніў іх рад, месцы.
  У праходзе было ўжо тлумна, і наўрад хто-небудзь звярнуў на іх увагу, тым больш што жанчына ішла ззаду.
  Максіма трохі бянтэжыла працэдура знаёмства Галіны Уладзіміраўны з Шугачовымі. За Полю не баяўся – за Віктара. Той па прастаце сваёй можа ляпнуць што-небудзь зусім не да месца.
  Але Шугачовых яшчэ не было. Дабраўшыся да рада, Максім ціха сказаў:
  — Шаснаццатае — ваша.
  Яна здзіўлена паглядзела на яго і моўчкі пачала прабірацца да месца, якое ён паказаў. Але, каб пралезці туды, трэба было падняць Анохаў. Загадчык камунальнага аддзела спрытна ўскочыў, лісліва павітаўся з Галінай Уладзіміраўнай, зрабіўшы выгляд, што Карнача не заўважыў. Але Максім убачыў яго ўхмылачку — «узяў на заметку», з кім прыйшла маладая ўдава. Жонка Аноха прасачыла за мужам: што гэта ён так вітаецца з такой красуняй? І нават не паднялася, каб прапусціць яе. Збянтэжанай Галіне Уладзіміраўне давялося пераадольваць перашкоду тоўстых каленяў.
  Максім пайшоў назад у фае, каб сустрэць і папярэдзіць Шугачовых. З усмешкай уяўляў, як яны са спазненнем дабіраюцца ў перапоўненым аўтобусе. Як буркатліва лаецца Віктар: пакута, а не асалода ад мастацтва! Позняцца па віне Полі: пакуль усіх накарміла, усім дала наказ. Але для Полі гэта шчасце — схадзіць у тэатр, ды яшчэ такі. Яна добрая і спакойная. Шэпча мужу: «Віця, не бурчы, як стары свёкар. Спознімся? Ну, і што? Пастаімо адзін акт на галёрцы, дарэчы, п'еса класічная,— ажно чатыры акты». А стаяць ім на галёрцы не ўпершыню. Для Полі ўсё добра, акрамя аднаго — калі хварэюць дзеці. Ніякія акалічнасці яе не бянтэжаць. І нічога ёй не трэба выстаўляць перад людзьмі: ні сябе, ні мужа, ні ўбранне сваё. У тэатр яна ходзіць рэдка, але ідзе туды з адной мэтай, адным жаданнем — пажыць дзве-тры гадзіны жыццём герояў, паплакаць і пасмяяцца з імі разам.
  У фае з Максімам бясконца віталіся знаёмыя, і ён баяўся прапусціць Шугачовых: пачне Віктар бесцырымонна высвятляць, чаму жанчына заняла іх месца.
  Нарэшце ўбачыў Полю і з палёгкай уздыхнуў, пайшоў насустрач. Быў ужо другі званок. Але дзе ж Віктар?
  Яшчэ адна нялёгкая задача! Віктар застаўся за няньку. У тэатр прыйшла з маці Вера. Як растлумачыць ёй?
  — Вера, дзіця маё, выканай маю просьбу — садзіся побач са мной.
  — Чаму? — дзяўчына перасмыкнула худымі плечукамі.
  — На тваё месца сеў чалавек, які не змог сесці са мной...
  Вера нервова засмяялася:
  — Цёця Даша?.. Які гэта цуд — сямейнае жыццё! Пакуль дайшлі да тэатра...
  Поля з дакорам зірнула на дачку:
  — Вера!
  — Не, праўда. Гэта чароўна — сям'я, на якую ты, мама, молішся.
  Яны абое, маці і ён, Максім, разумелі, што гэта крык юнай душы, балючы крык. Ён паласнуў іх па сэрцах. Але ніхто з іх не мог суняць гэты крык, гэты боль.
  Максім убачыў, як пабялеў ружовы з марозу ЛолІй твар.
  Гучаў трэці званок,
  Няхай Вера пакуль думае, што на яе месцы сядзіць Даша. Так, здаецца, падумала і Поля. Ёй трэба растлумачыць. Яна, безумоўна, карэктна прамаўчыць. Але менавіта гэтае яе маўчанне будзе для Галіны Уладзіміраўны самай страшэннай карай, радасць ад наведвання тэатра ператворыцца ў пакуту.
  Трохі адстаўшы ад Веры, ён зашаптаў Полі;
  — Там не Даша. Але, павер мне, гэта вельмі добры чалавек. І — няшчасны. Клянуся табе, Поля, тут нічога такога...
  Яна сціснула яго руку. Ён не зразумеў, што Полі хацелася выказаць — згоду, асуджэнне? Сказала не шэптам — звычайным голасам з дакорам:
  — Ах, Максім! Максім! Вы — як хлапчук! Гэта ж — авантура.
  Сядаючы побач, Поля кіўнула Галіне Уладзіміраўне, як знаёмай, з якой ужо сёння бачылася, і ўсміхнулася па-мацярынску паблажліва: так усміхаюцца сталыя жанчыны сваім маладым сяброўкам. Але з першага позірку жанчына не спадабалася Полі: занадта прыгожая. У маладосці яна зайздросціла прыгожым, пасля — ставілася да такіх недаверліва і нават трошкі шкадавала іх — рэдка яны бываюць шчаслівыя. Гэты эстэт Максім выбірае толькі прыгожых, але невялікае шчасце ён меў ад сваёй красуні.
  Люстры пагаслі, але заслона доўга не ўзнімалася. Поля адчула, што суседка сцялася ўся, напружылася, як бы стаіла дыханне. Не, гэта не ад прадчування радасці ад спектакля. Гэта — ад страху.
  Поля ўспомніла словы Максіма. Божа мой, урэшце, якое права мае яна каго-небудзь асуджаць? У жыцці ўсё так складана. У самой яе — камень на сэрцы пасля таго, што яна даведалася пра дачку. Прайшло столькі дзён, а яна ўсё яшчэ не адвальваецца пагаварыць з Верай. Жыло нейкае дзіўнае прадчуванне, што сумесны паход у тэатр паможа пачаць такую размову. Прыйшлося «паваяваць» з Віктарам, які крычаў, што дзеці маглі пастаяць у чарзе і ўзяць білеты сабе і нават ім, бацькам, а не спадзявацца на старога бацьку.
  Поля лёгка сціснула локаць суседкі, прашаптала:
  — Пазнаёмімся. Маё імя — Паліна Мікалаеўна.
  — Галіна Уладзіміраўна,— прашаптала тая, і з грудзей яе вырваўся ўздых палёгкі.
  Маці села ў сёмым радзе, а яны з дзядзькам Максімам — у васемнаццатым. Вера адразу, з патыліцы, па прычосцы пазнала, што побач з маці — не Даша, а іншая незнаёмая жанчына, Гэта яе ўразіла. Але, напэўна, яна змаўчала б, ва ўсякім разе, пачакала б тлумачэнняў дзядзькі Максіма, яна ж яму даверыла не такую тайну. Ды раптам убачыла Дашу. Тая ўзнялася з крайняга ад праходу крэсла, агледзела залу, як бы шукаючы некага. Убачыла яе, Веру, кіўнула галавой, вітаючыся, але пагразіла пальцам.
  Веры зрабілася горача. Кроў ударыла ў твар. Добра, што ў гэты час пагасла святло. Трохі апамятаўшыся, дзяўчына спытала рашучым шэптам:
  — Што гэта за жанчына, што побач з маці?
  Максім таксама бачыў, як Даша пагразіла пальцам, і зразумеў, як уразіла гэта па-дзявочаму чыстую душой, шмат у чым наіўную Веру.
  — Абяцаю ўсё растлумачыць табе. Павер на слова: гэтая жанчына не мае ніякага дачынення да таго, пра што ты падумала,— шаптаў Максім, стараючыся інтанацыяй голасу пераканаць яе.
  Вера змоўкла, сядзела з застылым тварам.
  Пражэктарам асвятлялі правінцыяльную ярка-чырвоную плюшавую заслону. Ад яе падаў чырвоны водсвет, і твары ва ўсіх набылі колер старой медзі.
  Максім падумаў, што варта дзе-небудзь з трыбуны высмеяць аддзел культуры і кіраўніцтва тэатра за архаічную заслону, ва ўсіх добрых тэатрах такія даўно ўжо замянілі: сорамна перад мхатаўцамі.
  Са сцэны загучалі словы:
  «Ад чаго вы заўсёды ходзіце ў чорным?»
  І раптам такі ж юны голас побач:
  — Мне не хочацца слухаць вашы тлумачэнні. Я хачу падняцца і пайсці.
  Максім схапіў Веру за руку.
  — Калі ласка, не рабі гэтага, Вера. Я прашу... Пашкадуй маці.
  І зноў са сцэны:
  «Гэта жалоба па маім жыцці. Я няшчасная».
  — Добра. Я не пайду. Смешна. Чым я сама лепшая? Якая розніца — хто падманшчык, хто падмануты...
  — Вера. Не кажы глупства. Ты добры шчыры чалавек. Далібог, і я нядрэнны. І жанчына тая. Яна няшчасная. У яе двое дзяцей. Муж загінуў. Лётчык.
  На іх зашыкалі суседзі.
  Яны змоўклі, услухаліся ў тое, што гаварылі акцёры. Але калі праз пэўны час Максім употай глянуў на Веру, то ўбачыў, што думкі яе далёка ад таго, што адбываецца на сцэне, хоць перажыванні Ніны Зарэчнай у фінале і будуць сугучныя яе перажыванням, наўрад ці забыла яна пасля школы сюжэт «Чайкі». Шугачовы — сям'я не толькі архітэктурная, але і літаратурная.
  У антракце ён прапанаваў Веры прайсціся па фае. Яна адмовілася. Хацеў быў запрасіць Полю і папярэдзіць яе, у якім настроі дачка. Але Поля гутарыла з Галінай Уладзіміраўнай. Гэта ўзрадавала яго, і ён не стаў ім перашкаджаць. Пайшоў адзін.
  У фае гулялі Сасноўскі, Ігнатовіч, сакратар абкома Пятрова, разглядалі выстаўку мясцовых мастакоў.
  Максім спыніўся воддаль гэтае групы.
  Сасноўскі ўбачыў яго, паклікаў:
  — Карнач, давай сюды.
  Павітаўся за руку, прыжмурыўся, агледзеў так, быццам не бачыў многа гадоў, са смяшынкамі ў вачах спытаў:
  — Ваюем, дойлід?
  — Ваюю, Леанід Мінавіч.
  — Давай. Шумі. Не давай нам, бюракратам, закіснуць.
  — А я ўжо сам даўно бюракрат.
  — Э, браце, ды ты дрэнна думаеш пра нас. Я разумею гэтае слова ў яго першародным значэнні: бюракраты — члены калегіяльнага органа, які мае ўладу. А ты як разумееш?
  Навокал засмяяліся. Дасціпнасць Сасноўскага добра ведалі, яго ўменне здзівіць, павярнуць размову нечакана і самым парадаксальным чынам.
  Сасноўскі паклапаціўся, каб на гастрольныя спектаклі запрашаліся лепшыя людзі з калгасаў і саўгасаў. Ён ніколі ні ў чым не забываўся пра хлебаробаў. Трэць месцаў у зале займалі людзі з вёскі.
  Тры калгасніцы ў аднолькавых новых шарсцяных касцюмах з'явіліся ў фае.
  Сасноўскі паклікаў іх. Павітаўся. Прадставіў — усіх ведаў. Спытаў у адной, што была з Зоркай Героя:
  — Як, Галя, адпачкавалася ў Сочы?
  — Ай, Мінавіч, не паеду я болей нікуды. Лепш, як дома, нідзе няма. Папрынімала гэтую Мацэсту — сэрцу нядобра стала. Ніколі ж не балела яно ў мяне. А то тыдзень ляжала... Во страху набралася! Але больш за ўсё за адно баялася, памру, думаю,— дзеці ашчадную кніжку не знойдуць, так далёка схавала.
  Тут ужо нават Ігнатовіч не стрымаў смеху і падумаў: «Ай да малайчына!»
  Але добры смех сапсавала другая жанчына — Пятрова. Спытала:
  — А колькі ў вас на кніжцы?
  Галя апусціла вочы:
  — Ёсць трохі.
  У Сасноўскага перасмыкнулася шчака. Ён хмура пажартаваў:
  — Спачатку, Мар'я Архіпаўна, сваю кніжачку палажы на стол, тады і ў нашы можаш заглянуць.
  Пятрова ўспыхнула полымем, зразумеўшы сваю бестактоўнасць.
  Падышла Даша ў новым плацці з наймацнейшай тканіны — на чорным фоне срэбныя маланкі. Здавалася, плацце шумела, як лісце бярозы, на ўсё фае і сыпала вакол іскры.
  Даша зрабіла элегантны рэверанс Сасноўскаму і ўзяла Максіма пад руку.
  — Леанід Мінавіч, дазвольце на хвіліну забраць сваю дарагую палавіну.
  — Калі ласка.
  Максім паслухмяна пайшоў за жонкай: цікава, што яна скажа?
  Сасноўскі паглядзеў на Ігнатовіча: як гэта разумець? Той здзіўлена паціснуў плячыма: чорт іх разбярэ!
  Максім разумеў, што Даша вырашыла прадэманстраваць перад усімі згоду і лад у сям'і. Яму было брыдка ад такога ханжаства. Але ён маўчаў, нават не пытаў, што ёй трэба. Яна моцна трымала яго руку і прыціскалася плячом, яўна выстаўляючы, якая ласкавая, добрая яна жонка.
  — Занадта маладую партнёршу ты выбраў для тэатра. Не павераць: думаюць — дачка. А дзяўчыну можаш скампраметаваць. У яе ёсць жаніх. А тут многа студэнтаў з іх інстытута.
  Максім маўчаў.
  — Я была ў Мінску.
  Гэта яго зацікавіла, і ён глянуў на яе, каб ужо загадзя, па выразу твару, зразумець, якое ўражанне зрабілі на яе Вецін жаніх і будучыя сваты. Убачыў— не надта яны спадабаліся ёй, чаго ён і чакаў.
  — Ну?
  — Хлопец, можа, і нічога, хоць, па-мойму, цямця. Але гэтыя Прабабкіны твае... Сапраўды прабабкіны. Вось дзе форма адпавядае зместу. Яны быццам учора вярнуліся з фронту. Трыццаць гадоў пасляваеннага жыцця прайшло міма іх. Гэта унікальны выпадак. Прагрэс не закранаў людзей, асабліва яе. Экземпляр — хоць у музей.
  — Які прагрэс? — хмура спытаў Максім.
  — Як які прагрэс? Па-твойму, нічога не змянілася з вайны?
  — А мне спадабаліся Прабабкіны. Яны з тых людзей, якія заўсёды на фронце, на перадавой. А не ў глыбокім тыле гандлююць дынямі, як мы з табой.
  Даша ўспыхнула: намёк на яе. Год назад яна прынесла дадому з салона, дзе працуе, карціну — яркая ультрамодная мазня. Максім не адразу дапяў, што на карціне, спытаў: «Што гэта?» — «А ты прачытай». Карціна называлася «Дыні». Ён зарагатаў, і яны пасварыліся. Даша, здаецца, тыдзень не размаўляла.
  — Ну, пра сябе ты так не думаеш. Сябе ты лічыш геніем, якому ўсё дазволена,— голас яе ўмомант зрабіўся жорсткі, злосны, але яна разумела, што тут, у фае тэатра, дзе навокал столькі знаёмых, не месца даваць волю сваім эмоцыям. Схамянулася, вымавіла з сарказмам: — Што ж... няхай будуць Прабабкіны. Мне з імі не жыць... У каш час не бацькі выбіраюць жаніхоў. Каб падрыхтаваць Білю да вяселля, патрэбны грошы...
  «Ах, вось яно што...»
  — Колькі?
  — Рублёў... ну, хоць бы чатырыста.
  — Навошта столькі?
  — Любы мой, у цябе адна дачка. Ты ніколі не цікавіўся нашымі жаночымі патрэбамі. Мы — дарагія.
  — Гэта праўда. Вы вельмі дарагія. Добра. Я пазычу.
  Яна засмяялася задаволеная і зноў пацерлася плячом аб яго плячо, паспрабавала перакінуць новы масток.
  — Табе не здаецца дзіўным, што для таго, каб пагаварыць пра самае дарагое — пра дачку, мы павінны выпадкова сустрэцца ў тэатры?
  — Я прыходзіў дадому, каб пагаварыць пра дачку.
  — Ты не пра дачку гаварыў,— ад голасу яе зноў патыхнула холадам.
  Насустрач ішла, відаць, з буфета, Ніна Іванаўна Макаед з выкладчыцамі сваёй кафедры. Пакінула супрацоўніц, падляцела да іх, пацалавалася з Дашай, гучна засмяялася, прыцягваючы да сябе ўвагу:
  — Даша, Максіма дазволіш пацалаваць?
  Цмокнула ў шчаку, з пэўным сэнсам сціснуўшы локаць. Гэтак жа гучна ўпікнула:
  — Маэстра! Танны адэкалон ужываеш. Няўжо ў галоўнага архітэктара не хапае на лепшы? Даша! Выкінь гэты яго смярдзючы адэкалон.
  Добра ж ведала, якія ў іх адносіны і дзе ён жыве, і біла Дашу пад дыхавіцу, бязлітасна, зларадна, з адчуваннем сваёй перавагі і сваёй перамогі.
  Максіму на імгненне нават стала шкада Дашы, і абурэнне яго супраць гэтай нахабнай жанчыны расло. Паспешліва пакінуў жанчын — зачапіў п'янаватага паэта Студзёнага, які праходзіў міма.
  — Ну, як?
  — Што? Спектакль? Па-мхатаўску. Але — музей. Цікавы музей. Не больш. У наш час Чэхаў мог бы прагучаць зусім інакш.
  Студзёны ў разважанях выдаваў сябе за вялікага наватара, але сам пісаў, хоць часам і ўдалыя, аднак вельмі традыцыйныя вершы. Напіваючыся, прыходзіў да яго, Максіма, у майстэрню, глядзеў праекты і плакаў.
  — Ты шчаслівы. Ты будуеш на стагоддзі. А я? Хто мяне будзе чытаць праз дзесяць гадоў? Ніхто, акрамя дысертантаў, якія на помніках літаратуры будуць рабіць бізнес.
  Зайздрасць паэта, імя якога ледзь не штодня скланялася ў газетах, па радыё, тэлебачанні, да архітэктараў, імёнаў якіх ніхто не ведаў,— такая зайздрасць дзіўна кранала, і Максім любіў Студзёнага, дараваў яму шматлікія слабасці.
  Вярнуўшыся ў залу пасля трэцяга званка, калі ўжо ўсе сядзелі на сваіх месцах, Максім убачыў, што Веры няма. Гэта яго расхвалявала. Не мог дараваць сабе: навошта пакінуў дзяўчыну адну ў антракце? Трэба было застацца, шчыра пагутарыць і ўсё растлумачыць. Але ж на яго запрашэнне пайсці пагуляць па фае яна сказала, што пойдзе да маці.
  Поля сядзела на сваім месцы і гутарыла з Галінай Уладзіміраўнай так, быццам жанчыны былі даўно і добра знаёмыя. Сапраўды, за пятнаццаць хвілін антракту яны амаль пасябравалі. Даволі было сумнага прызнання Галіны Уладзіміраўны: «Я тры гады не была ў тэатры. Пасля таго, як загінуў муж»,— і Пугачова палюбіла суседку і даравала ёй такі прыход у тэатр. А расказ пра дзяцей, пра тое, як здзівілася Таня, што маці збіраецца ў тэатр, расчуліў Полю да слёз.
  Поля паспадзявалася на Максіма, што ён будзе апякаць Веру. Азірнулася, калі згасла святло, і ўся скаланулася. Заўсёдная далікатнасць не дазволіла турбаваць суседзяў — падняцца і пайсці даганяць дачку.
  Галіна Уладзіміраўна хутка адчула, што суседку нешта моцна ўсхвалявала, што яна глядзіць на сцэну і нічога не бачыць, нічога не чуе. Ёй вельмі знаёмы гэты стан душэўнага ўтрапення, прастрацыі. Але што яе магло так раптоўна ўзрушыць?
  А Полі ўжо ўяўляліся жахі. Усё жыццё яна дрыжала за дзяцей. Праводзіла ў школу і баялася, як бы хто-небудзь з іх не трапіў пад машыну, свавольнічаючы. У адносінах да Веры страх гэты даўно знік, недзе з класа сёмага ці восьмага. І вось з'явіўся зноў. Ударыў у сэрца так, што аблілася халодным потам. Бяда не ходзіць адна, адно няшчасце цягне за сабой другое.
  Тое, што пачула ад Максіма дзён колькі назад, калі ён на кухні піў яе настойку, бадай, не было неспадзяванасцю. Падазрэнні ўзніклі даўно. Не была б яна клапатлівай і ўважлівай маці. І малым, і дарослым дзецям яна сама мыла бялізну. А яшчэ больш гаварыў Верын настрой, які зрабіўся, як асенняе надвор'е, пераменлівы: нечаканыя, зусім неўласцівыя для яе, пераходы ад бурнай нервовай весялосці да чорнага смутку.
  Дзіўна, што здагадка, якая паступова рабілася перакананнем, амаль не спалохала. Дзіўна таму, што праз усё жыццё яна прызнавала нормай толькі мацярынства ў замужжы і сям'я для яе — святое. А тут неяк вельмі хутка звыклася з думкай: калі каштанавы прыгажун гэты, Вадзім, і не ажэніцца — бог з ім, няхай гэта будзе на яго сумленні, мець дзіця для жанчыны — заўсёды шчасце.
  Палохала адно — маўчанне дачкі. Ці не дурное ў яе ў галаве? На гэта яна, маці, ніколі не дасць згоды. Разы два сядзела ў чарзе да ўчастковага гінеколага, каб папярэдзіць урача на выпадак, калі Вера звернецца да яе па накіраванне... Але кожны раз стрымлівала сумненне: а калі яна памыляецца? Узвядзе паклёп на дачку.
  Балюча раніў яе Максім. Не сам Максім, яму яна дзякавала. Тое, што дачка даверыла такую тайну яму, чужому мужчыну і не давярала ёй, маці. О, як ёй зрабілася крыўдна і балюча ў той момант! Нават Максім, трохі ап'янелы, узрушаны сваімі нялёгкімі праблемамі, убачыў, як змянілася яна з твару. Супакойваў.
  Па звычайнай жыццёвай логіцы яна, маці, павінна была ў той жа вечар пагутарыць з дачкой. Але не можа пачаць такую размову вось ужо дзесяць дзён. І бацьку не сказала — баялася, што Віктар адразу раскрычыцца. А самае небяспечнае і неразумнае — рабіць з гэтага трагедыю. Добра разумела, што адкладваць такую размову нельга, чым раней — тым лепш, аднак, можа, упершыню ў жыцці яе скавала дзіўная нерашучасць, баязлівасць, няўпэўненасць, што яна здолее прымусіць і дачку, і мужа паглядзець на гэта так, як глядзіць яна.
  На адно хапіла рашучасці — усё-такі наведацца да ўчастковага гінеколага, папярэдзіць, каб тая не давала накіравання. Але гэта былі пакутлівыя дні: з'явіўся страх за дачку, якога яна даўно ўжо не ведала. Страх гэты падняў яе пасярод дзеі.
  — Вам дрэнна? Вас правесці? — спалохана і гучна спытала Галіна Уладзіміраўна.
  — Не, не... Не трэба.
  Слоеы Галіны Уладзіміраўны ўлагодзілі суседзяў: Полю далікатна прапусцілі, ніхто не зашыкаў.
  Ля дзвярэй дагналі словы Ніны: «Перад ад'ездам дайце мне дзве хвіліны, малю вас».
  Максім выйшаў следам за ёю. Не ўгаворваў застацца. Увогуле нічога не сказаў.
  Поля прызналася:
  — Ах, Максім! Я дагэтуль не здолела пагаварыць з ёю. Сёння ж пагавару,— і сумна ўсміхнулася: — Наробіць шуму Віктар.
  — Я падвязу цябе.
  — Не. Не. Я паеду аўтобусам,— яна як бы спалохалася, магчыма, падумала, што ён хоча паехаць і застацца ў іх, каб супакоіць Віктара. А ёй не хацелася ніякіх, самых давераных сведкаў. Максім гэта разумеў.— Прыдумайце што-небудзь Галіне Уладзіміраўне наконт Веры і мяне. Чаму мы пайшлі.
  — Прыдумаю.
  Ён правёў яе да дзвярэй. Поля па-мацярынску паклапацілася :
  — Не выходзьце. Прастудзіцеся,— і ўздыхнула: —Ах, Максім, як гэта цяжка — быць маці дарослых дзяцей.
  
  XIII.
  Віктар Шугачоў перажываў нялёгкія дні. Яму, чалавеку нерашучаму, прывучанаму да дысцыпліны, да бездакорнага падначальвання, належала зрабіць крок, прыняць рашэнне, якое, безумоўна, многіх здзівіць, а яго, у лепшым выпадку, пазбавіць тытула галоўнага архітэктара праекта.
  Максіму ён сказаў з незвычайнай лёгкасцю, што, калі не будзе дазволу на эксперымент, на раён, які склаўся ў яго галаве пасля двух гадоў пошукаў і роздуму, ён адмовіцца ўзначальваць групу па праектаванню Зарэчнага раёна.
  Там, на дачы, пад заснежанымі бярозамі, яго ўзрадавала, што Максім прыняў і ўхваліў яго намер з такой жа лёгкасцю. А пасля, дома ўжо, Віктар падумаў, што менавіта лёгкасць Максімавага ўхвалення, яго немнагаслоўнасць — не вельмі ахвотна ён абмяркоўваў гэтую праблему — сведчыць, што сябра і аўтар АПЗ2 прыняў яго высокі парыў з недаверам, скептычна — як мару юнака, пра якую людзі вопытныя, дарослыя думаюць, што гэта — бясплодная фантазія, але падтрымліваюць, ухваляюць — з педагагічнымі мэтамі.
  Магчымасць такога стаўлення да яго намеру абражала і злавала, ды надавала яшчэ большую рашучасць. Але з кім ваяваць пры такой дзіўнай сітуацыі, калі няма канкрэтнага праціўніка? Хто не хоча, каб Зарэчны раён быў найлепшы, унікальны па архітэктурна-планіровачным рашэнні? Сасноўскі? Ігнатовіч? Карнач? Выканком? Дзяржбуд? Усе хочуць. Але ніхто не можа павялічыць асігнаванні. Аднак жа павялічваюць у іншых гарадах — у Маскве, у Вільнюсе, у Таліне. Значыцца, знаходзяцца людзі, якія бяруць на сябе такую адказнасць. Дзе знайсці такога чалавека? Ён, Шугачоў, які ніколі не займаў адміністрацыйных пасад і дрэнна ведаў структуру органаў, якія складаюць і зацвярджаюць планы, выдаюць грошы і матэрыялы, спадзяваўся на аднаго канкрэтнага і блізкага чалавека — на Карнача. Але ў апошні час у Максіма як бы знікла яго ранейшая ўпэўненасць і аслабла «прабіўная сіла». Няўжо з-за гэтай дурной бабы? Шугачоў цяпер проста-такі ненавідзеў Дашу: мала што спаганіла жыццё сябру, дык яшчэ шкодзіць справе.
  Сумненні раз'ядалі, як рак. Ну, добра, адмовіцца ён ад праектавання раёна па нормах, якія існуюць... Што ад гэтага зменіцца? Кіраўніком праекта зробяць Макаеда ці Лявонаву, і ў выніку з'явіцца яшчэ адзін тыповы раён, без усялякай індывідуальнай адзнакі. А яго, сівага чалавека, заслужанага архітэктара, пасадзяць разам з Зотавай на праектаванне грамадскіх туалетаў ці ахоўнага парапета над абрывам у парку. І траха не ў два разы знізяць аклад. І нікуды не дзенешся. Не паедзеш шукаць шчасця ў іншым месцы. З яго, шугачоўскай, сям'ёй не вельмі сарвешся з наседжанага гнязда. Паспрабуй заікніся Полі пра такую перспектыву — вар'ятам назаве.
  Дзіўна, ва ўсім і заўсёды ён раіўся з жонкай, без яе ўказання пляшку малака не мог купіць. А вось пра гэта, такое істотнае,— пра намер свой і сумненні ніяк не адважваўся загаварыць, бо не ўяўляў, як Поля можа паставіцца. Больш рашуча, яна можа нечакана падтрымаць яго дзёрзкую задуму. Але можа і высмеяць і катэгарычна забараніць яму рабіць такі юнацкі выбрык: не дзіва, маці перш за ўсё падумае пра дзяцей — як іх карміць, адзяваць, вучыць.
  Цяпер ёсць хоць гэтыя пакуты, якія ўзбуджаюць творчую думку, прымушаюць працаваць з патроенай энергіяй, каб было што паказаць любому прадстаўніку любога органа, архітэктурнаму савету ці любой камісіі, калі ўзнікне такая патрэба. А калі Поля наложыць «вета», што ў яго застанецца? Пустэча ў галаве, у сэрцы. І пустая біяграфія. Тыповая.
  Але добра ведаў, што, не параіўшыся з жонкай, не прыстане ні да якога берага.
  Тыдзень назад, калі Максім прапанаваў білеты на адкрыццё гастроляў МХАТа, Віктар назначыў: з жонкай пагаварыць, вяртаючыся з тэатра, калі можна не спяшацца і прайсці пехатой.
  Але Поля вырашыла па-свойму: у тэатр пойдзе Вера. Ён пакрычаў трохі: дзеці рабуюць яго і матэрыяльна і духоўна. Ды Поля была добрая, Поля толькі пасміхвалася з яго абурэння, даючы наказы дзецям і ніякіх даручэнняў яму. Сядзі, Віця, глядзі тэлевізар, адпачывай.
  Праект Зарэчча — той, які, магчыма, ніколі не будзе здзейснены, Віктар рабіў дома. Поля не давала яму працаваць вечарамі — не тыя гады. Але тут ён прыкінуў, што будзе свабодны Верын пакой, яе стол і дошка, можна зачыніцца ад малых і добра, усмак папрацаваць — зрабіць эскіз новага варыянта гандлёвага комплексу.
  Але заняцца творчасцю Шугачову ў той вечар на ўдалося. Толя не мог рашыць задачу. Прыйшлося памагаць. А ў сёмым класе задачы такія, што нават яму, архітэктару, які часта памагаў маладым інжынерам рабіць складаныя разлікі, прыйшлося добра-такі паварушыць мазгамі.
  Пасля прычапілася Кацька — прыладзіць ляльцы адарваную нагу. Нельга было не правесці экспертызу «злачынства», якое адбылося.
  — А хто яе адарваў?
  — Ігар.
  — Каця! — Віктара здзіўляла, смяшыла і нават трошкі абурала, што самая малая сваю віну заўсёды ўзвальвае на каго-небудзь з мужчын, нават на яго, на бацьку, зрэдку на чацвёртакласніцу Таню і — ніколі на маму і на Веру. Хацелася зразумець гэтую таямніцу дзіцячай псіхалогіі.
  — Дык хто ж усё-такі ўчыніў такі здзек над Святланай?
  Канька вокам не маргнула:
  — Толя.
  Толя па-даросламу паблажліва хмыкнуў:
  — Ну, і даеш, Кадыса! Хаця б пачырванела.
  Але Каця не пачырванела — хітра азірнулася і, не ўбачыўшы ў пакоі сястры, тут жа пераваліла віну на яе, праўда, з некаторым сумненнем:
  — Можа, Таня...
  Але Таня пачула яе словы ў калідоры і ўскочыла ў пакой, разгневаная маной Таня ў сям'і была ўвасабленнем праўдзівасці, і ўзрост яе быў яшчэ не такі, каб паблажліва хмыкнуць з выдумак малодшай сястры, як хмыкнуў Толя.
  — Манюка ты! Манюка! Ніводнага слова не кажаш праўду. Сама ты адарвала, калі мама пайшла ў магазін, а ты адна была дома.
  Натуральна: чым ёй адной заняцца? У адзіноце чалавек або творыць, або разбурае.
  Каця надзіва рана засвоіла, што лепшая форма абароны — наступленне. Натапырылася, як кацянё перад сабакам, зрабіла страшныя вочы і пайшла на старэйшую сястру са сціснутымі кулачкамі.
  — Я — манюка? Я табе дам за манюку!
  Каця ў доме агрэсар, заўсёды нападзе першая. Але яна маленькая, і ёй уступаюць. Ігар звычайна рагоча і падбухторвае:
  — Дай ім, Кацька! Няхай адчуюць сілу малых народаў! Такі подых часу!
  Мама навучыла паслухмяную Таню не звязвацца з гэтым тыгранём, у злосці Кацька можа нават укусіць. Таня адступіла: шмыгнула ў Верын пакой і зачынілася там.
  Кацька пагрозліва пастукала кулачком у дзверы:
  — Чуй дух!
  Гэта насмяшыла бацьку. Кацьчына агрэсіўнасць і смеласць падабаліся яму, і ён таксама патураў малой. Сам ён не вельмі рашучы чалавек, Вера — ціхоня, Таня — залішне правільная, круглая выдатніца, страшэнна любіць, каб яе хвалілі. Ад каго такое самалюбства? Ні ў маці, ні ў яго, здаецца, няма. Ігар — скептык, часта злуе яго, бацьку, даказваючы, што архітэктура даўно перастала быць мастацтвам і творчасць архітэктара ператварылася ў звычайнае інжынернае канструяванне. Хіба найлепшы дом больш складаны па канструкцыі, чым рэактыўны самалёт? Аднак ніхто самалёт не называе творам мастацтва. Ігар бывае бестактоўны і б'е наводмаш: «Пакажы мне хоць адзін свой дом, які можна назваць творам мастацтва».
  Некалі ён радаваўся, што сын і дачка выбралі яго прафесію. Цяпер гэтай радасці станавілася ўсё менш і менш. Цяпер радаваў Толік, абыякавы да архітэктуры, але захоплены радыётэхнікай. Можа, у малодшага сына не будзе разрыву паміж марай і яе здзяйсненнем, не будзе расчаравання, якое яўна перажывае Ігар?
  Аднак жа сам ён, стары Шугачоў, ніколі не расчароўваўся ў сваёй прафесіі, нягледзячы на тое, што сапраўды твораў мастацтва не даў, ні на адным збудаванні па яго праекце не павесілі манаграмы: «Архітэктар Шугачоў В. П.». Дзіўна, што яму і не хочацца, каб дзе-небудзь такая медная дошчачка блішчэла. А старонкі ў манаграфіі пра архітэктуру Савецкай Беларусі, дзе хвалілі адзін яго раён, здаліся яму несур'ёзнымі, амаль здзеклівымі, тым больш што Ігар прачытаў іх Веры з яўным гумарам: «Жывы класік наш папан!» Нават маці, якая ўвогуле любіла гумар у сям'і, абурылася і нечакана злосна, што рабіла вельмі рэдка, накрычала на сына, назвала «малакасосам». Суцешыў Максім, які з'явіўся ў той жа вечар і прачытаў старонкі манаграфіі і пра свае і пра яго, шугачоўскія, праекты сур'ёзна, з крытычным разборам,— прачытаў, дарэчы, таксама Веры; вучыў студэнтку архітэктурнага факультэта ўменню глянуць прафесійным вокам на аб'екты, збудаваныя па праектах блізкіх ёй людзей. Між іншым, вучыў яшчэ аднаму — умець чытаць і разумець падобныя манаграфіі. Аўтар яе, яго, Максімаў, аднакурснік, быў пасрэдным архітэктарам, але рушыў у навуку, абараніў дысертацыі, кандыдацкую і доктарскую, і зрабіўся прызнаным аўтарытэтам у гісторыі архітэктуры. Шугачоў ведаў, што Максім не надта любіць свайго вучонага калегу, але Веры гаварыў пра яго манаграфію з павагай: ёй вучыцца па яго кнігах; лепшыя не напісаны.
  Вырашыўшы дзіцячыя праблемы, Віктар патрабаваў ад малых цішыні і зачыніўся ў «дзіцячым». Але толькі паспеў затачыць алоўкі, як нечакана вярнулася з тэатра Вера. Віктар здзівіўся:
  — Што здарылася?
  — У мяне баліць галава.
  Выгляд у яе сапраўды быў кіслы; на галаўны боль яна ў апошні час скардзілася часта.
  — Схадзіла б у паліклініку.
  Вера паглядзела на бацьку з крывой усмешкай і паслухмяна паабяцала:
  — Схаджу.
  Ён не задумаўся над яе ўхмылкай. Узяў дошку з прыколатым да яе ватманам, алоўкі і пайшоў на кухню, дзе працаваў часта. Але хвілін праз дваццаць прыйшла Поля, яўна ўсхваляваная. Спытала ў Тані. якая адчыніла ёй дзверы:
  — Вера дома?
  Такое заўчаснае з'яўленне жонкі-следам за дачкой не здзівіла ўжо, а ўстрывожыла. Ён выглянуў у калідор, дзе Поля распранала паліто.
  — Што вас сарвала з тэатра, Поля? — спакойна і далікатна спытаў Віктар, стараючыся настроіць жонку на даверлівую шчырасць.
  — У мяне баліць галава.
  Гэта яго ўзлавала.
  — Учадзелі вы, ці што, што ў вас адразу ў абедзвюх забалелі галовы?
  — Можа, і ўчадзелі,— яўна з падтэкстам, сумна ўздыхнуўшы, сказала Поля.
  Віктар падышоў, узяў жонку за локаць, зазіраючы ёй у вочы:
  — Поля, ты нешта хочаш ад мяне схаваць. Не сорамна табе?
  — Ах, Віця. Не спяшайся, калі ласка. Я ўсё скажу.
  — Я сама скажу! -— пачуўся ззаду гучны Верын голас, яна стаяла ў дзвярах агульнага пакоя, адзетая ўжо ў свой старэнькі паркалёвы халацік, у якім яна выглядала зусім дзяўчынкай — больш шчуплая, чым яе меншая сястра.— Я сама скажу. Толькі зачыні, мама, малых у спальні.
  Каця, якая больш чым хто ўзрадавалася ранняму вяртанню мамы, рашуча запярэчыла:
  — Не хачу ў спальню! Не хачу! — і кінулася да Веры.— Ты жандарка! Ты хочаш пасадзіць мяне ў турму!
  З Каціных слоў недзе ў агульным пакоі засмяяўся Толя, якога ўжо даўно не зачынялі ў спальні.
  Вера, не звяртаючы ўвагі на малую, пайшла ў свой пакой, упэўненая, што Кацьку маці ўлагодзіць і, безумоўна, зачыніць у спальні, бо інакш тая не дасць пагаварыць — будзе ляжаць перад дзвярамі.
  Вера харобрылася. Вырашыла быць смелай, незалежнай, калі трэба, нават грубай і цынічнай у размове з бацькамі. Але не так яна была выхавана і не такі мела характар. У сапраўднасці яна згарала ад сораму, млела ад страху, ажно ў вачах шугала зялёнае полымя. І крыўда на Вадзіма, злосць на яго выбухнулі з такой сілай, што хацелася паваліцца на падлогу, пакаціцца і завыць раненай ваўчыцай.
  Бацька ўвайшоў першы, збянтэжаны і ўстрывожаны, сеў каля стала і нецярпліва пазіраў на дзверы, як бы баючыся, каб Вера не пачала гаварыць пра нешта таямнічае і страшнае без маці. А Поля ўсё яшчэ ўгаворвала Кацю — не хацела ўжываць гвалтоўныя меры, бо наробіць малая крыку.
  Віктар баяўся глядзець на дачку і, адвёўшы позірк ад дзвярэй, глядзеў у часопіс «Архітэктура СССР», ставіў чырвоным алоўкам пытальнікі на дэталях аднаго праекта, якія яму не падабаліся.
  Вера таксама баялася глядзець на бацьку. Стаяла, прытуліўшыся плячыма да сцяны, да карты свету і глядзела на свае голыя вострыя калені.
  Маці ўвайшла, не спяшаючыся села на канапу, склала на грудзях рукі, спакойная, паважная, як вярхоўны суддзя. Маўчала. Чакала.
  Вера з цяжкасцю адарвалася ад сцяны, прайшла паміж бацькам і маці да акна, уперлася рукамі ў стол, скамячыўшы вугал свайго чарцяжа і, не заўважаючы гэтага, сказала з гуллівай лёгкасцю:
  — Дарагія продкі. Я павінна паведаміць вам непрыемную навіну: у мяне будзе дзіця.
  Яна сказала гэта так хутка і, здавалася, несур'ёзна, што Віктар не адразу сцяміў — пра што гэта яна, яго Верачка, якую ён усё яшчэ лічыў дзіцем.
  — Якое дзіця? У каго?
  — У мяне. У мяне бу-удзе дзі-ця,— выразна, з прыціскам, расцягнула яна гэтыя страшныя словы. Дзіўна, калі іх вымавіла, то яны ўжо не здаваліся такімі страшнымі, гэтыя словы.
  — Адкуль?
  — Тата! Няўжо ты забыўся, адкуль бяруцца дзеці?
  Жарт гэты, такі недарэчны і грубы ў вуснах Верачкін пекануў агнём і адначасова ўмомант усё прасвятліў і скалануў, спалохаў: перад ім не Верачка! Адбылося нешта страшнае, што адняло ў яго тую Верачку, якую ён васемнаццаць гадоў так любіў. І Шугачоў схапіўся рукамі за галаву і заенчыў:
  — Зарэзала! Зарэзала! Адна бяда не ходзіць...
  Але прагучаў суровы голас вярхоўнага суддзі:
  — Чым гэта яна цябе зарэзала? І якая яшчэ ў цябе бяда? Праект не зацвердзілі? Зарэзала! Загаласіў, як баба. Стары дурань!
  Поля ніколі так не лаяла на мужа пры дзецях, і гэта ўразіла і схамянула яго. Віктар знясілена апусціў рукі і ўтаропіўся на жонку, верачы, як верыў усё жыццё, што толькі яна можа ўратаваць, абудзіць ад гэтага кашмару.
  Поля ўсміхнулася мужу і нечакана папрасіла;
  — Прабач, Віця.
  Яны глядзелі адно на аднаго, як бы забыўшыся пра Веру, пра тое, што пачулі ад яе, быццам шукаючы словы новага ўзаемнага прабачэння і, не знаходзячы, вінавата ўсміхаліся і маўчалі.
  У Веры не вытрымалі нервы, яна крыкнула шэптам, ужо натуральна, без усялякай ігры просячы літасці:
  — Чаму вы змоўклі? Давайце ваш прысуд! Карайце! Во якая я!..
  Маці павярнула ў яе бок галаву, усміхнулася хораша, ласкава, трошачкі дакорліва:
  — Які ж табе прысуд? Ты сама сказала яго. У цябе будзе дзіця. А ў нас з бацькам будзе ўнук. І ў нас будзе радасць,— і надзвычай пераканана, горача, працягваючы ёй рукі і як бы падаючы гэтую радасць:— Верачка! У нас будзе радасць!
  Тады Вера адарвалася ад стала, ступіла да маці і раптам упала перад ёй на калені і, як маленькая, уткнулася ў яе прыпол, залілася слязамі. Толькі ледзь чутна прашаптала:
  — Мамачка, міленькая...
  Віктар высмейваў падобныя сцэны ў кіно, але, калі глядзеў іх, заўсёды выціраў вочы — быў сентыментальны. І цяпер слёзы сыпанулі буйныя, як боб,— радасныя слёзы замілавання жончынай дабратой, мудрасцю.
  
  * * *
  Ліза Ігнатовіч сядзела ў зале, у трэцім радзе, глядзела на сцэну, але слоў акцёраў не чула, не разумела іх сэнсу — іншым была занята галава. Ліза кіпела ад гневу. Яна бачыла, як Карнач прайшоў у тэатр з сакратаркай яе мужа, як замаскаваў свой учынак :— пасадзіў любоўніцу з Шугачовай. Якое нахабства! Які выклік грамадству!
  Ліза была ўсяго на два гады старэйшая за Дашу, але заўсёды, з маленства, вызначалася большай разважлівасцю, практычнасцю, гаспадарлівасцю і пасля смерці маці забрала Дашу да сябе ў горад, памагла паступіць у інстытут, турбавалася, як выдаць замуж. Калі па яе парадзе Ігнатовіч пазнаёміў Дашу з былым сябрам па інстытуце, Ліза, у той час работнік гаркома камсамола, сабрала пра Карнача ўсе звесткі і характарыстыкі. Водгукі ў праектным інстытуце далі найлепшыя: таленавіты малады архітэктар, грамадска актыўны, чалавек з вясёлым характарам, душа калектыву; праўда, у гэтым Ліза ўбачыла і адмоўную якасць, небяспечную — замнога дзяўчат кружылася вакол яго, і немагчыма было паверыць, што да дваццаці сямі гадоў ён не ведаў іншых жанчын.
  Ліза лічыла, што свайго Ігнатовіча на дваццаць другім годзе яго жыцця яна атрымала чысценькага і наіўнага — проста з пялёнак. Герасім у той час у размове з любой дзяўчынай не мог звязаць двух слоў, заікаўся, бляднеў і пацеў.
  Ліза была пераканана, што толькі дзякуючы ёй Ігнатовіч стаў тым, хто ён ёсць цяпер,— кіраўнік такога маштабу, выдатны прамоўца, арганізатар.
  Калі Герасім сказаў ёй пра разлад у Карначоў, яна, якая лічыла сябе вельмі праніклівай, разам са здзіўленнем, расчараваннем у сваіх здольнасцях усё прадбачыць, разам са злосцю на Дашу і амаль мацярынскай трывогай за яе лёс адчула гонар за мужа: да яго, да першага, прыйшоў Карнач з такой нагоды; сястра да яе не прыйшла, а ён пайшоў да сакратара гаркома. Але тады ж падумала: вось яны, яго грахі маладосці, якіх яка баялася яшчэ да замужжа Дашы, лічыла, што чалавек, які адкусіў ад забароненага плода, калі-небудзь спакусіцца зноў.
  Ва многа гадоў працы ў камсамольскіх і прафсаюзных органах у яе з'явіўся пэўны склад мыслення, характэрны для жанчын такога тыпу. Яна не дапускала ніводнага выпадку, калі асабістыя пачуцці могуць быць важней за грамадскую думку. (Між іншым, у самое яе часам пераважвалі, але сябе яна ў разлік не брала, сабе яна дазваляла адступіць ад гэтага непарушнага прынцыпу.) І яшчэ яна верыла, што добры пастух кожную авечку, што адбілася ад гурту, вяртае ў гурт. А калі не асабіста сябе, то свайго Ігнатовіча Ліза лічыла такім «пастухом», які лёгка можа прывесці да памяці і вярнуць да гурту нават такога анархіста, як Карнач.
  Ліза ведала, што ў яе сястры характар нялёгкі. Але, у Дашы не хапае таго, што мае яна,— практычнага розуму. Аднак ніколі яна не паверыць, нібы ў тым, што ў Карначоў пасля дваццаці аднаго года шчаслівага жыцця такі разлад, вінавата Даша. Не, не! Толькі ён, гэты цыган, спаднічак, якому гатовы кінуцца на шыю ўсе жанчыны, бо ён умее ўсіх заваражыць. Некалі ў маладосці нават і яе, самую верную з усіх жонак, заваражыў так, што кружылася галава і па начах з'яўляліся грэшныя думкі.
  Калі Даша расказала сястры пра сваю размову з Максімам і што яна згодна на развод, Ліза траха не самлела ад роспачы. Закранула не столькі тое, што рушыцца сястрыное шчасце, колькі тое, што з-за яе бязвольнасці так лёгка могуць лопнуць яе, Лізіны, перакананні і ўпэўненасць у сваёй сіле, у тым, што можна Карнача прымусіць лічыцца з нормамі і мараллю нашага грамадства.
  «Забудзь думаць пра развод! — рашуча загадала яна сястры.— Змагайся за сваё шчасце. Мы з Герасімам паможам!»
  «Ды не хачу я, каб ён жыў са мной па загаду партбюро»,— захныкала Даша.
  «Ты дрэнна ведаеш мужчын. Не ведаеш, што ім у такім узросце даражэй за ўсё. Служба. Не стане ён псаваць кар'еры. Атрымае папярэджанне — вернецца ў сям'ю. Але і табе не трэба быць такой дурной. Выкінь свае капрызы. Не дзяўчынка. Дачку замуж аддаеш. Пра сябе падумай. Што ў цябе за жыццё будзе пасля разводу? Не спадзявайся, што ў твае гады лёгка будзе выйсці зноў замуж. Хіба толькі за пенсіянера ці п'янюгу».
  Пакуль нават Даша не ведала, хто ж тая, другая, з-за якой Максім гатовы разбіць сям'ю (іншай прычыны сёстры не прызнавалі). Лізе здавалася ўсё простым.
  З'яўленне Максіма, амаль дэманстрацыйнае, ва ўсякім разе, вельмі прымітыўна для такіх варон, як Даша, замаскаванае, у тэатры з жанчынай проста-такі ашаламіла Лізу і надзвычай, па яе ўяўленню, ускладніла абставіны. Асабліва ўразіла тое, што жанчына гэтая — сакратарка яе мужа. Ліза ўспомніла, як Герасім хваліў яе — скарб, а не работніца: акуратная, ветлівая, сціплая,— і кроў ударыла ёй у галаву. Не раз яна ў жарт дадавала: «І прыгожая».— «І прыгожая»,— сур'ёзна згаджаўся Герасім. «Сціплая!»— хацелася ёй тут, у тэатры, злосна зарагатаць у твар таварышу Ігнатовіч у.
  Ліза не была раўнівай, але пільнасці ніколі не траціла, лічыла, што лепш хваробу папярэдзіць, чым лячыць.
  Ігнатовіч адчуў, што жонка не ў гуморы, як толькі прыйшоў у залу і сеў побач. Адчуў па тым, як яна адсунула руку, калі локці іх на падлакотніку крэсла, звыкла дакрануліся, як яна ігнаравала яго заўвагі, жарты, калі размаўляла з Дашай, са знаёмымі, што сядзелі Еакол. Гэта яго спалохала і збіла з панталыку. У апошні час ён асцерагаў свой душэўны спакой. Уласна кажучы, яна ж, Ліза, першая пачала берагчы яго ад усякіх хваляванняў, чытала цэлыя лекцыі, як разумны кіраўнік павінен стрымліваць свае эмоцыі, берагчы нервы, пазбягаць стрэсавых сітуацый, што з'яўляецца галоўнай прычынай сардэчных захворванняў. Ён спачатку жартаваў: «Гэта ў прафсаюзе можна так працаваць, у партыйных органах немагчыма». Але яе намаганні далі плён: паступова ён навучыўся добра валодаць сабой і захоўваць спакой, раўнавагу ў такія моманты, у такіх сутычках, калі любы іншы, нават знешне флегматычны гумарыст Сасноўскі, узрываўся так, што трэскі ляцелі.
  ІгнатоЕічу здавалася, што ён набываў якасць, якая вылучае яго сярод іншых кіраўнікоў і за якую яго яшчэ больш пачалі паважаць. Адным словам, Ліза даўно ўжо не паводзіла сябе такім чынам. Таму Герасіму Пятровічу таксама было не да перажыванняў Ніны Зарэчнай. Хапала сваіх уласных. Ламаў галаву: што магло здарыцца?
  У антрактах Ліза адмовілася пайсці гуляць у фае, хоць, падобна сястры, любіла пакрасавацца, адчуваючы сваю перавагу перад многімі жонкамі адказных работнікаў,— не кухонная гаспадыня, работнік абласнога маштабу, таму мела пра што пагаварыць і з сакратаром абкома, і з дырэктарамі заводаў.
  Пасля другога антракту Ігнатовіч адчуў: Лізу абурае нешта такое, што адбываецца тут, у тэатры. Але што? Галава разбалелася ад здагадак.
  Герасім Пятровіч ледзь дачакаўся канца спектакля і пастараўся апрануцца так, каб выйсці раней таварышаў, з якімі жыў у адным доме.
  Моцна марозіла. Пад нагамі звінеў снег. Ліза захутала твар у каўнер і, можа, праз гэта дыхала цяжка, як астматычка.
  — Ліза! Якая муха цябе ўкусіла?
  — Твая.
  — Нічога не разумею.
   Ліза спынілася, адгарнула каўнер. Ад святла ветраны твар яе быў зялёны і, можа, ад гэтага водсвету здаваўся вельмі злосны і непрыгожы, такім непрыгожым ён не бачыў яе твар ніколі.
  — Не разумеш? Ах, які анёл! Сакратарка твая хвалёная-расхвалёная. Няшчасная ўдава, акрамя працы і дзяцей, нічога не ведае.
  — Ліза! Як не сорамна! У такія гады...
  — Сівізна ў валасы — д'ябал у рабро. Так і ў цябе. Здорава падбіраеш кадры, таварыш Ігнатовіч! Не забывай, на гэтым вельмі многія гарэлі.
  — Ты ачумела! Я не пазнаю цябе. Што ты плявузгаеш? — узлаваўся Ігнатовіч, азіраючыся, ці не ідзе хто ззаду.— Гарачка ў цябе, ці што?
  Зусім дэмаралізаваны Ігнатовіч памаўчаў сотню крокаў, баючыся чапаць Лізу, а то, калі хочаш, зноў спыніцца і пачне выдаваць пры Сасноўскім, які ішоў недзе ззаду. У рэўнасці жанчына на ўсё можа пайсці.
  Але Ліза не страціла яшчэ розум. Жадаючы працягнуць размову тут, на вуліцы, павярнула ў бязлюдны завулак. Аднак маўчала, толькі цяжка сапла носам. Яўна чакала, што ён скажа, апраўдваючыся.
  Герасіма Пятровіча больш, чым недарэчныя жончыны падазрэнні, уразіла іншае. Ён спытаў лагодна, мірна:
  — Адкуль у цябе такія звесткі?
  — Што? Драпнула сэрца? Яны разам прыехалі ў тэатр. Яна і Максім. Ішлі і азіраліся, як зладзеі. Якое нахабства! Пры жывой жонцы! Таксама твой кадр! І дружок! Выхоўвалі адзін аднаго. Хапіла, праўда, сораму не сесці побач, напаказ людзям, японцы! Пасадзіў яе з Шугачовай. Але нават Шугачова абурылася і пакінула залу... Няшчасная Даша! Сляпая, як кацянё. Да чаго дажылі! Ганьба! Май на ўвазе: увесь цень — на цябе. Разбэсціў гэтага дамарошчанага генія — цяпер жні, што пасеяў.
  Хацеў сказаць, што сама яна больш чым хто некалі захаплялася Карначовымі архітэктурнымі тэорыямі. Але не сказаў. Дзіўныя пачуцці апанавалі Герасіма Пятровіча.
  Зноў, як тады, у кабінеце, калі ён, вярнуўшыся з абкома, застаў у прыёмнай Максіма,— настала душэўная дэпрэсія, калі нічога не хацелася — ні апраўдвацца, ні сварыцца з жонкай, ні высвятляць дадатковыя дэталі, Тады гэта цягнулася нейкую хвіліну. Разважыўшы цвяроза, ён вытлумачыў запрашэнне Галіны Уладзіміраўны ў тэатр як звычайную карначоўскую галантнасць. Сапраўды, каб паміж імі нешта было, то, напэўна, Максім не абвясціў бы так проста аб сваім запрашэнні.
  Цяпер ён падумаў, што Карнач хітры, як сто чарцей, і паверыў у жончыны падазрэнні. Ад гэтага зрабілася горка.
  Следам за душэўным адлівам накаціўся халодны вал злосці на Максіма, нядобрай злосці, такой не было ні тады, калі Карнач паставіў яго ў недарэчнае становішча сваім самаадводам, ні пасля двух вельмі нялёгкіх размоў у яго кабінеце. Тады былі ўспышкі раздражнёнасці, незадаволенасці былым сябрам і сваяком. Цяпер жа халодная хваля злосці як бы замерзла, моцна і надоўга.
  «Чорт вазьмі, не хапае, што ён сваю сям'ю разбівае... Ліза мае рацыю: гэты цень падае на мяне... Дык ён яшчэ можа ўнесці разлад у маю сям'ю сваім донжуанствам, пагардай да маральных нормаў... З гэтым трэба скончыць! Трэба даць па руках!»
  Ліза паверыла ў мужаву гнеўную тыраду супраць Максіма і, хоць яе не пакідала думка, што прычынай яго гневу можа быць рэўнасць, яна трохі палагаднела, бо адчула, што чалавек, якога ў гэты вечар узненавідзела, атрымае кару.
  Але гэтага ёй было мала. Яна доўга вадзіла Герасіма па бязлюдных завулках, не ўзіраючы на тое, што заледзянелі ногі ў капронавых панчохах. Ліза патрабавала, каб муле пакляўся, што ён не дакрануўся да сакратаркі.
  Гэта было абразліва. Ён паспрабаваў абурацца: «За каго ты мяне лічыш?» — але Ліза не прызнала абурэнне за апраўдальны аргумент, бадай, наадварот. Прыйшлося ўніжана клясціся, што ён ні разу не падумаў нават пра гэтую жанчыну, як пра жанчыну. Ад такога ўніжэння і ад таго, што сама ж яна, дурная, прымушае яго хлусіць, чаго яму зусім не хацелася, Герасім Пятровіч зноў адчуў сябе брыдка і вельмі абурыўся, калі Ліза патрабавала, каб ён звольніў Галіну Уладзіміраўну.
  Закрычаў на поўны голас:
  — Чорт вазьмі! У якое становішча ты мяне ставіш? За што я звольню ўдаву, у якой на руках двое дзяцей? Ты думаеш, што ты кажаш? Прафсаюзны работнік! Гуманістка! З-за сваёй дурацкай рэўнасці ты хочаш накінуць чалавека без кавалка хлеба.
  — Такая не памрэ,— паспрабавала агрызнуцца Ліза.
  — Пасаромейся! Не памрэ... У наш час ніхто не памрэ. Але што яна падумае пра нашу справядлівасць!
  Ліза зразумела, што хапіла цераз край. Да таго ж, як ні дзіўна, менавіта гэтае яго абурэнне і такая рашучая абарона Галіны Уладзіміраўны больш, чым нават яго клятва, пераканалі Лізу, што яе Герась, як заўсёды, як дваццаць чатыры гады сумеснага жыцця, верны ёй адной.
  Замёрзлыя да дрыжыкаў, яны пілі ў цёплай утульнай кухні гарачы чай і ціха, амаль шэптам — Марына спала — мірна ўжо гутарылі. Спачатку — пра спектакль, пасля зноў пра Максіма.
  Ігнатовіч між іншым сказаў:
  — Сучасны мешчанін. Мне не падабалася, калі ён купіў машыну. А пасля гэтае яго захапленне дачай, будаўніцтвам яе. Як куркуль які, прыватнік, дзень і ноч габляваў і пілаваў. На сходы не хадзіў. І так спаўзаў — усё ніжэй і ніжэй... Я папярэджваў яго... Але яму няма аўтарытэтаў...
  Не адразу ўбачылі, што ў дзвярах стаіць Марына ў квяцістай спальнай піжаме, слухае. Калі бацькі ўгледзелі яе, спытала:
  — Гэта вы пра дзядзьку Максіма?
  — Ты чаму не спіш? — строга спытаў Герасім Пятровіч.
  Марына ўвайшла ў кухню, села за стол напроціў бацькі.
  — Тата! Растлумач мне, хто такі сучасны мешчанін.
  — Чалавек, які свае асабістыя інтарэсы ставіць вышэй за грамадскія.
  — Я не ведаю інтарэсаў нашага класа, але ведаю, што свае інтарэсы я стаўлю вышэй за класныя.
  — Значыцца, і ты мяшчанка,— раздражнёна адказаў Герасім Пятровіч.
  — А ты — хто? — ва ўпор гледзячы на бацьку, спытала дачка.
  — Марына! — абурылася маці.— Зараз жа спаць! Урокі зрабіла?
  Герасім Пятровіч падняўся з-за стала, падышоў да ракавіны, сам выпаласкаў кубак, з якога піў чай; заўсёды гэта рабіў у прысутнасці дачкі — для прыкладу ёй, бо толькі пад прымусам яна мыла талеркі. Сказаў як бы ў жарт, спакойна, але з выразнай ноткай крыўды:
  — Парасё ты, Марына. Вось што я табе скажу.
  Марына таксама паднялася, пацягнулася, дастала рукой абажур (маці не даставала, а яна ў няпоўныя пятнаццаць год вунь як выцягнулася; як чорт за вушы цягне,— смяялася Ліза), ударыла па ім; яна часта раскачвала кухонны абажур, люстру ў зале, ведаючы, што гэта раздражняе бацькоў.
  — Вось што, дарагія продкі. Калі дзядзька Максім мешчанін, то я не ведаю, хто ж не мешчанін. А я хачу ведаць. Мне трэба ведаць. Я ўступаю ў жыццё, як вы кажаце. І вы абавязаны ўсё растлумачыць мне.
  
  XIV.
  Ёсць людзі, якія ўмеюць пражыць ціха, ні з кім не канфліктуючы. Максім усё жыццё канфліктаваў. У інстытуце. Па працы. Нават у арміі. З калегамі. Сябрамі. Начальствам. З жонкай. А на пасадзе галоўнага архітэктара — адразу з многімі арганізацыямі і людзьмі: в заказчыкамі і будаўнікамі, Дзяржбудам і Белдзяржпраектам, з кіраўніцтвам і аддзеламі выканкома, з камунальнікамі, гандлярамі, мастакамі, транспартнікамі.
  Тыя, хто любіў горад і сваю справу, разумелі яго, падтрымлівалі, заставаліся сябрамі, дурні і прыстасаванцы крыўдзіліся за непрымірымасць і рабіліся ворагамі.
  «Старшыня згаджаецца, ты не згаджаешся. Табе больш за ўсіх трэба?»
  «Больш».
  «Табе зямлі шкада? Дзяржаўная. Не твая».
  «Таму і шкада, што дзяржаўная».
  «Дарагі мой. Так у Маскве і Мінску будуюць. А мы — горад Н..., як пісалі класікі».
  «І ў горадзе Н... мы не будзем будаваць па старых шаблонах».
  «Праект ухвалены Дзяржбудам».
  «У Дзяржбудзе сядзяць не самыя лепшыя архітэктары».
  «Ой, адкруцяць табе, Карнач, галаву».
  «Але раней, чым адкруцяць мне, я хачу адкруціць некаторым бракаробам».
  Ведаў: некаторыя вытлумачваюць яго смеласць сваяцтвам і сяброўствам з Ігнатовічам. Маўляў, маючы такую руку, можна выказваць любыя думкі і крытыкаваць любога работніка.
  Але жыццё сутыкнула і з Ігнатовічам.
  Было балюча, што чалавек, у аб'ектыўнасць якога заўсёды верыў, цяпер, у такі нялёгкі для яго час, не хоча ці не можа зразумець яго ўчынкаў і перажыванняў. Нават самаадводу не зразумеў — што не пра сябе думаючы, а менавіта пра яго, Ігнатовіча, каб не паставіць сакратара гаркома ў няёмкае становішча ў сувязі са сваім сямейным разладам, падняўся ён на трыбуну канферэнцыі з заявай, якая адных здзівіла, другіх — абурыла. Ігнатовіча абурыла. І, выходзіць, гэтая адна эмоцыя вызначае ўвесь кірунак і строй яго думак. На чым жа трымалася іх сяброўства? Няўжо Ігнатовічу не прыходзіць у галаву, як нялёгка яму, Карначу, было прайсці тыя дзесяць — пятнаццаць крокаў, што аддзялялі рад, дзе ён сядзеў, ад высокай трыбуны?!
  Максім не ведаў, як да яго самаадводу паставіўся Сасноўскі. Ніхто не перадаў, што сказаў на гэты конт сакратар абкома. І вось жыццё пажадала сутыкнуць яго і з гэтым чалавекам, якога ён паважаў і любіў, які быў для яго высокім аўтарытэтам: Сасноўскі неаднойчы рашаў самыя складаныя архітэктурныя задачы — такія, якія нават Ігнатовіч не мог рашыць.
  Сутыкнуцца належала з-за проста-такі недарэчнага выпадку. Банальнага і дробнага.
  — Дробнага? Для каго дробнага? Для Галі Данілавай? Для яе двойні?— Сядзеў у сваім кабінеце за сталом адзін, але вымавіў словы гэтыя ўголас.— Не! Не дробнага.
  Падняўся, узбуджаны, узлаваны і глыбока заклапочаны, у задуме прайшоўся па вузкім і доўгім пакоі — «турне», які яму выдзелілі як бы на здзек; праўда, інтэр'ерам мэблі, праектамі ка сценах ён зрабіў яго ўтульным, гэты зусім «не архітэктурны» пакой.
  Чорт вазьмі! У яго ўласных праблем больш чым трэба. Што яму да нейкай малазнаёмай сям'і? Ёсць кіраўнікі трэста, кіраўнікі ўпраўлення, гэта іх людзі, няхай яны і ламаюць галаву, як ім уладзіць Галю Данілаву і яе блізнят.
  Паспрабаваў заняцца службовымі справамі, каб пераключыць увагу. Не, блізняткі гэтыя, немаўляты, за шырмай з просцінаў і коўдраў у агульным пакоі інтэрната, дзе жылі яшчэ пяць дзяўчат, не выходзілі з галавы. Шчаслівы твар маці, калі ён прыехаў у другі раз у інтэрнат і паведаміў Данілавым, што да новага года яны атрымаюць кватэру, нават адрас даў, каб падглядзелі дом. Радавалася не толькі маці, але і тыя тынкоўшчыцы, што жылі з Данілавымі. Што яны цяпер падумаюць пра яго? Што падумаюць — гэта драбяза ў параўнанні з тым, як сям'я будзе жыць у старым інтэрнаце з такімі маленькімі.
  Загадчык жыллёвага аддзела Сямён Ворчык, які выйшаў дзесяць мінут назад, прыходзіў не толькі для таго, каб папярэдзіць, што кватэра, якая прызначалася Данілавым, будзе аддана іншай сям'і. Знарок прыйшоў паглядзець, як ён будзе рэагаваць. Безумоўна, гісторыя гэтая вядома ўжо не толькі ў жыллёвым аддзеле, але і ў многіх іншых, і ўсе з цікавасцю будуць чакаць, як жа павядзе сябе галоўны архітэктар. Як пакажа тут сваю смеласць і прынцыповасць?
  Максім набраў нумар Кіслюка. Але, пачуўшы голас старшыні, націснуў на рычаг. Не. Не тэлефонная размова. Хоць з вока на вока яна можа атрымацца яшчэ цяжэйшая.
  Зноў пахадзіў па пакоі. Нервова хмыкнуў. Дзіўна атрымоўваецца ў жыцці. Лепшы парыў тваёй душы — жаданне зрабіць людзям дабро — можа павярнуцца табе ж на шкоду. Зусім яму без патрэбы ў гэты час яшчэ і такі канфлікт.
  Разважыўшы, прыйшоў да высновы, што з Сасноўскім сутыкацца не прыйдзецца, што Сасноўскаму, безумоўна, не сказалі, каму прызначалася гэтая кватэра. Даведаўшыся, сакратар абкома, няма сумнення, усё паламае. І выдасць Кіслюку за падхалімства. Значыцца, заесціся прыйдзецца са сваім непасрэдным начальнікам, што таксама зусім непажадана.
  Максім у думках вылаяў кіраўніка будтрэста Алейніка, вясёлага хітруна, які надзвычай спрытна ўмее свой уласны клопат зваліць на іншага. З будаўнікамі галоўнаму архітэктару прыходзіцца сварыцца вельмі часта. З Алейнікам Максім часам размаўляў на такіх нотах, што збоку здавалася: пасля такой гаворкі гэтыя два чалавекі ніколі не пададуць адзін аднаму руку. Але Алейнік не злаваўся і па-ранейшаму адносіўся да свайго бязлітаснага крытыка найлепшым чынам. Максім нават не мог уцяміць, ад чаго гэта ў Алейніка — ад надзвычайнай дабраты, ад упэўненасці ў сабе як у кіраўніку, ад новага стылю працы, які яшчэ не ўсталяваўся паўсюдна, ці ад вялікай хітрасці? Ва ўсякім разе, нярэдкія сутычкі на аб'ектах не рабілі іх непрыяцелямі, наадварот, зрабілі амаль сябрамі,
  У той дзень Максім выклікаў Алейніка на будаўніцтва музыкальнай школы, дзе бассаромна парушаўся праект — тэхналогія ізаляцый сцен паміж класамі: будавалі, як звычайную школу.
  Галоўны архітэктар паказаў брак кіраўніку трэста. Той наскочыў ка прараба. Прараб, стараючыся перад начальствам, пачаў лаяць рабочых, якія таксама былі вінаватыя — гналі норму, ігнаруючы тэхналогію, за якой павінны сачыць інжынеры.
  Кіраўніцтва далікатна адышло, спусціліся на ніжні паверх: маўляў, няхай прараб разбіраецца сам. Але іх дагнаў малады рабочы, узрушаны, чырвоны, працягнуў лісток паперы,
  — Во! Усё! Хопіць! Давайце разлік! На чорта мне трэба такая работа! Што я маю за яе?
  Алейнік узяў заяву, сунуў у кішэню.
  — Прыходзь, Данілаў, да мяне ў канцы дня. Пагутарым,
  — Пяць разоў гутарылі!
  — Не пяць, а тры. Пагутарым у чацвёрты раз. Глядзі — і дамовімся.
  На вуліцы, каля машыны, Алейнік, як бы ўзрадаваны нечым, весела спытаў у Карнача:
  — Чуў? Бачыў?
  — Чуў.
  — А ведаеш, колькі ў мяне не хапае рабочых?
  — Зноў-такі — чуў ад цябе.
  — А ты кажаш! Ты мяне зараз тыцнуў носам у сцяну. Я цябе таксама тыцну. У людзей. Як дэпутата гарсавета. Паехалі!
  Алейнік прывёз Максіма ў рабочы інтэрнат, даволі змрочную скрынку яшчэ даваеннай пабудовы — плод канструктывізму. Максім неаднойчы думаў, што вайна, разбурыўшы дзве трэці горада, сапраўдныя помнікі, як бы ў насмешку над гісторыяй архітэктуры, пакінула гэты інтэрнат і некаторыя іншыя падобныя «шэдэўры» Хоць цяпер сам інтэрнат стаў гісторыяй: людзі, якім ён даў прытулак пасля вайны, збудавалі новы горад.
  Па драўлянай лесвіцы, усходцы якой выбіты да ямак — толькі адглянцаваныя цвікі тырчаць (і ніхто Іх не заб'е),— яны падняліся на другі паверх у шырокі калідор з такой жа выбітай падлогай. Адно добра ў тых даваенных інтэрнатах — прасторныя калідоры, якія служаць жыхарам клубам. Пастукалі ў дзверы, якія сярод двух дзесяткаў іншых, карычневых, замурзаных, былі нядаўна і хораша пафарбаваны белай фарбай і выглядалі ўрачыста, як нявеста.
  Малады жаночы голас незадаволена крыкнуў:
  — Хто там?
  Алейнік адчыніў дзверы, і яны ўвайшлі ў пакой, дзе стаяла пяць дзявочых ложкаў з вымеражанымі накідачкамі на падушках. Па сценах, над ложкамі, фатаграфіі і паштоўкі: сялянкі ў хусцінках і хлопцы, як правіла, у вайсковай форме ўтульна мясціліся паміж моднымі кінаакцёрамі. З іншых інтэрнацкіх пакояў гэты пакой вылучаўся тым, што правы куток яго — ад акна да палавіны сцяны — быў адгароджаны просцінамі і коўдрамі. Ды яшчэ пахам. Водар танных духоў, уласцівых для дзявочых інтэрнатаў, забіваў востры пах дзіцячых пялёнак і дзіцячай кухні. Адхінуўшы галавой коўдру, выглянула маладая жанчына ў проста-такі дзівоснай паставе: у руках яна трымала запеленаных дзяцей; дзеці прагна прысмакталіся да аголеленых поўных белых грудзей.
  Убачыўшы чужых мужчын, жанчына сарамліва войкнула і схавалася за шырму. Адразу закугакалі дзеці. Двое. Абураліся. Адарвалі іх ад грудзей.
  Максім, здзіўляючыся, адзначыў, што ў дзяцей розныя галасы: адно крычыць неяк басіста, з паўзамі, здаецца, крыкне і прыслухоўваецца, ці не бяруць яго, другое заліваецца так галасіста, што стала боязна — зойдзецца ад крыку.
  Жанчына выйшла са свайго ўкрыцця, зашпільваючы кофтачку. Павіталася з Алейнікам:
  — Здрастуйце, Віктар Антонавіч!
  Максіму нават не кіўнула. Ён мала цікавіў яе. Ведала, што гэта — галоўны архітэктар, неаднойчы бачыла ка будоўлях. І добра ведала, што архітэктары праектуюць кватэры, але не даюць іх. Вось каб старшыня прыехаў!
  — Вось, Галя,— сказаў Алейнік, паказваючы на Максіма,— калі гэты чалавек табе не паможа, закукуем мы з табой тут да вясны.
  яе Галя агледзела архітэктара больш пільна, і вусны
  скептычна скрывіліся.
  — Гэта наш дэпутат. Помніш? Мы за яго галасавалі.
  — Была я ў дэпутата
  — Ты высока ўзяла. Бяры ніжэй — яно бліжэй,— Алейнік смяяўся, невядома, чым задаволены. Самім сабой, сваёй хітрасцю?
  Максіму было не да смеху. Ён зразумеў намер кіраўніка трэста. Той ведаў, што застацца абыякавым Карнач не здолее, загарыцца і паспрабуе памагчы гэтай сям'і, а «прабіўная сіла» ў яго моцная. Сапраўды, нельга не памагчы. Але як?
  — Ладна, Галя, ідзі кармі сваіх будаўнікоў. Дэпутату ўсё ясна. Слоў не трэба. А тым больш слёз.
  Галіны вочы патроху напаўняліся слязамі.
  У той жа дзень ён, Максім, гаварыў з Кіслюком. Ведаў, што размова будзе нялёгкая. Чалавек увогуле ўважлівы да людзей, Кіслюк з сотні спраў, якімі прыходзіцца займацца старшыні гарсавета, больш за ўсё не любіў справы кватэрныя, проста-такі ненавідзеў іх і баяўся. Ведаючы, што восемьдзесят працэнтаў людзей, што запісваюцца ў чаргу на прыём, будуць прасіць кватэры, ён усяляк хітраваў, знаходзіў неадкладныя справы, каб не весці прыём самому — пасылаў намеснікаў. Пра гэта ведалі ў гарсавеце, кпілі. Дайшло да гаркома. Ігнатовіч на закрытым пасяджэнні бюро пакрытыкаваў Кіслюка за тое, што ён рэдка сам прымае працоўных.
  Работнікаў іншых аддзелаў выканкома, акрамя жыллёвага, Кіслюк, пры ўсёй сваёй ветлівасці, проста выганяў з кабінета, калі яны прыходзілі хадайнічаць за кватэры. Злосныя языкі нават пляткарылі ў калідорах, што Павел Паўлавіч на кожнага свайго работніка, хто прыходзіць хадайнічаць за кватэру, кідае цень падазронасці ў нячыстых адносінах з прасіцелем. Кпілі: хочаш трапіць у «чорны спіс» — ідзі папрасі кватэру каму-небудзь.
  Максім не баяўся, што Кіслюк выганіць яго з кабінета ці не стане слухаць. Аднак зрабіў «дальні заход»:
  — Павел Паўлавіч, вы глядзелі статыстыку нараджальнасці ў горадзе?
  — Ну..і
  — Падае нараджальнасць.
  Кіслюк падняў галаву ад папер, насцярожыўся.
  — Чаму гэта ўстурбавала архітэктара? Ці не баіцеся вы, што не будзе для каго будаваць?
  — Гэтага я не баюся. Але далучаюся да тых людзей, якія шукаюць прычын такой з'явы. Дабрабыт расце, а дзяцей... адно, два... Тры лічыцца многа. Хіба гэта нармальна для здаровага грамадства?
  — На гэты конт думкі розныя. А можа, гэта натуральна для развітага грамадства. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя скарачае патрэбу ў людзях.
  — Вытворчасць без людзей? Дзеля чаго? Дзеля каго?
  — Не даводзьце да крайнасцей. Будуць людзі.
  — Тэма для доўгай дыскусіі. Я хачу сказаць пра іншае. Нараджэнне дзіцяці заўсёды было падзеяй, святам для сям'і. У практыцы савецкіх органаў з даўніх часоў вядзецца — вітаць нараджэнне дзіцяці. Нараджэнне тройні рабілася падзеяй для горада, сельсавета. Думаю, у каш час не толькі тройня, але і двойня...
  Максім не скончыў думкі, бо ўбачыў, што старшыня знаёма пачырванеў: здагадаўся, куды вядзе архітэктар.
  — Гэта вас Алейнік настроіў? (Чортаў Алейнік не прызнаўся, што меў размову з Кіслюком.) Хітруган! Свае кватэры раздаў і ўжо напазычаў на гадавы фонд. Пагарыць ён на гэтым! Пагарыць! Чаму яны раней не падумалі пра гэтую сям'ю?
  — Яны ж не ведалі, што там двойня народзіцца.
  — Не ведалі! А я ведаў? Выканком — бог святы?
  — Выканком павінен умець зрабіць тое, чаго не можа бог. На тое мы з вамі, Павел Паўлавіч, савецкая ўлада. Сям'і гэтай трэба знайсці кватэру! І неадкладна!
  Кіслюк ажно падскочыў:
  — Дзе знайсці? Дзе яна валяецца? Максім Яўцехавіч! Вы ж работнік выканкома! Хто-хто, а вы павінны ведаць, што ўсё распісана да апошняга метра. Ды і раздадзена ўжо. Канец года. Хітруган гэты план па жыллю не выконвае, а кватэры яму давай. У нас чарга пасоўваецца на трыццаць — сорак чалавек, а ў ёй — паўтары тысячы...
  — Вам Алейнік казаў, дзе жыве гэтая сям'я?
  — Казаў.
  — Не хочаце паглядзець?
  — Не.
  — Дарэмна.
  — Што вы ад мяне хочаце?
  — Кватэру. Не сабе. Для дзяцей, якіх сёння ўпершыню ўбачыў.
  Кіслюк выхапіў з шуфляды стала тоўстую папку:
  — Вось вам спісы тых, хто атрымае кватэры да канца года, калі ваш Алейнік не падвядзе. Наце. Сядайце. І выкрасліце сваёй рукой. Каго хочаце. Таго, чый дом вы зносіце. Інваліда. Толькі самі пойдзеце і растлумачыце. Самі!
  Максім ведаў, што Кіслюка можна скарыць не спрэчкай, не крыкам, а ўпэўненым спакоем — метадам правераным.
  — Павел Паўлавіч, далібог, гэта несур'ёзна для старшыні выканкома. Я ведаю вас, вы ведаеце мяне. І калі я ўпэўніўся, што кватэру Данілавым трэба даць, то я не спынюся на размове з вамі. Мы многа патрацім энергіі, якая патрэбна нам на іншыя справы.
  Старшыня палагаднеў, але нічога не паабяцаў. А ў канцы дня пазваніў сам, паведаміў:
  — Добрыя суседзі выкрылі аднаго жуліка, які падсунуў даведку, што ў яго туберкулёз, адкрытая форма, а ў яго, акрамя насмарку ды адзёру ў дзяцінстве, ніякай хваробы ніколі не было. Пракуратура зоймецца, як з тубдыспансера выплываюць такія даведкі. Лаўкача гэтага кватэры пазбаўляем. Вашым блізнятам пашанцавала.
  — Блізняты не мае, Павел Паўлавіч. У іх ёсць бацька,— засмяяўся Максім.
  Кіслюк таксама зарагатаў, адчувалася — задаволены, рады, што знайшлася магчымасць уладзіць сям'ю Данілавых.
  У інтэрнаце дзяўчаты, не менш узрадаваныя, чым Галя, якая нават расплакалася ад радасці, у адзін міг (адкуль толькі ўзялі!) выставілі пляшку партвейне і прымусілі Максіма выпіць за дзяцей, за іх шчасце. Запрасілі быць хросным бацькам. Адна рагатуха сказала, што ёй вельмі даспадобы такі кум, што Яна тайна ад бацькоў, камсамольцаў, павязе дзяцей хрысціць да папа. Не пабаіцца ён паехаць з ёй?
  Максім лічыў, што зрабіў добрую справу, і хутка забыўся пра яе — хапала іншых турбот.
  І вось гісторыя гэтая зноў усплыла і павярнулася другім бокам, даволі непрывабным.
  З ходу, не дайшоўшы да стала, на сярэдзіне кабінета, Максім спытаў у Кіслюка:
  — Што з кватэрай Данілавым?
  Старшыня, зірнуўшы, хто ўвайшоў, зноў паглыбіўся ў паперы і на раптоўнае Максімава пытанне нават не ўзняў галавы.
  — Паставілі ў спіс на засяленне ў наступным годзе. Вырашым па выніках першага квартала...
  — Данілавым прызначалася кватэра ў доме, які здаецца да новага года.
  — Таварыш Карнач! Нікому нічога не прызначаецца, пакуль няма рашэння выканкома. Было такое рашэнне? Галасавалі вы за яго?.
  — А ваша слова?
  — Каму я даваў слова?
  — Мне.
  — Я сказаў пра магчымы варыянт. Не атрымалася. Колькі ў вас бывае варыянтаў?..
  — Павел Паўлавіч. Я ўсё ведаю.
  — Што вы ведаеце? — гартаючы паперы і па-ранейшаму не ўзнімаючы галавы, на здзіўленне спакойна для размовы пра кватэры спытаў Кіслюк.
  — Каму аддаецца кватэра...
  Старшыня выдаў сваю раздражнёнасць, узвысіўшы голас:
  — Якая кватэра? Нумар?
  — Павел Паўлавіч. Я не з вуліцы прыйшоў, Я працую ў гарсавеце,
  — Ну, і што? — зноў нібыта абыякава і нават трохі наіўна, як бы забаўляючыся, спытаў Кіслюк.
  — Мы з вамі ў адной партыйнай арганізацыі.
  — Ну, і што?
  Максім кіпеў, Найвялікшым напружаннем волі стрымліваў сябе, ведаючы сваю ўзрыўную сілу, ведаючы, што калі сарвецца, то скажа такое, пасля чаго разам працаваць будзе немагчыма, прыйдзецца тут жа падаваць заяву аб звальненні. А гэта будзе крыўдна, бо з Кіслюком пры ўсіх яго чалавечых слабасцях (у каго іх няма!) можна працаваць, мокша вырашыць непараўнаўча больш складаныя — архітэктурныя — праблемы, безумоўна, у межах яго ўлады і кампетэнцыі.
  Аднак усё адно голас яго зазвінеў пагрозліва:
  — А тое, што, магчыма, з вашага пункту гледжання вы прынялі мудрае рашэнне. А я лічу гэта подласцю. І скажу на партыйным сходзе. І яшчэ дзе-нідзе...
  Кіслюк нарэшце адарваўся ад папер, падняў галаву, адкінуўся на спінку крэсла, як бы шукаючы апоры. Знайшоў яе і паглядзеў ка Максіма здзіўлена, але не разгублена — упэўнена, смела, без адчування той няёмкасці, якая яўна была тады, калі ён баяўся ўзняць вочы ад папер.
  — Скажыце, Карнач, вам абрыдла ваша пасада?
  Дзіўна, але такое пытанне як бы парвала «бікфордаў шнур», што ўжо дыміўся пад «дынамітам». Максім адказаў амаль весела:
  — Ці не спалохаць вы мяне захацелі, Павел Паўлавіч? Але вы, відаць, забыліся, што я не Анох. Я маю прафесію, якая вельмі патрэбна зараз у краіне.
  Кіслюк уздыхнуў, відаць, прыгадаўшы, што перад ім сапраўды не Анох, што гэты чалавек умее не толькі ўзначаліць аддзел ці ўпраўленне выканкома, і зноў нахіліўся над паперамі, аднак сказаў цвёрда г
  — Гэта вы хацелі мяне спалохаць. Але я не баюся. І дыскусію аб размеркаванні кватэр весці з вамі не жадаю! Выступайце дзе хочаце!
  «Вунь як! — падумаў Максім.— Значыцца, моцна на цябе націснулі. Хто?»
  Максім пашкадаваў, што страціў такога сябра і дарадцу, як Ігнатовіч. Ён не лічыў Ігнатовіча мудрым — звычайны чалавек, як усе мы, грэшныя. Ведаў яго слабасці. Ведаў, што ён асцярожны. Але яго асцярожнасць, разважлівасць, уменне «сем разоў адмераць, пакуль рэзаць» хораша ўраўнаважвала яго, Максімаву, выбуховасць і размашыстасць, жаданне секчы любы вузел. Ігнатовіч іх цярпліва развязваў, гэтыя вузлы. Напэўна, ён здолеў бы развязаць і гэты вузялок — з кватэрай для Данілавых
  Але Максім пайсці да Ігнатовіча не мог. Выйшаў ад Кіслюка з рашучасцю неадкладна звярнуцца да самога Сасноўскага. Не званіць — папрасіцца на прыём, бо размова не тэлефонная. Але хутка адчуў, што дыялогу з Сасноўскім не атрымаецца (не мог пабудаваць яго ў думках). Сасноўскі — не Кіслюк. Вынаходлівы і дасціпны, ён адным словам можа разбурыць любую лагічную канструкцыю і паставіць апанента ў смешнае становішча.
  Максім баяўся апынуцца ў такім становішчы. Не хапала яшчэ, каб яго высакароднае абурэнне нехта высмейваў! Няшчасны ідэаліст! Да сівых валасоў дажыў і не ўцяміў, што ж гэта за рэч — жыццё. Куды лезеш са сваім студэнцкім абурэннем?
  Але хутка зразумеў, што зноў, як да размовы з Кіслюком, пачынае шукаць апраўдання, каб не займацца гэтай справай. Зрабілася сорамна і брыдка. Злосна лаяў у думках усіх, хто мае дачыненне да гэтай кватэры, акрамя Галі і яе дзяцей, нават яе мужа лаяў: «Жэняцца, чорт на іх, а дзе жыць будуць — не думаюць». Але найбольш бязлітасна лаяў сябе.
  «Усё! Здавайся! Хэндэ хох! Спускайся да ўзроўню многіх. Не трапячыся, як рыба. Прыстасоўвайся — спакайней будзеш жыць. А праўда: на чорта мне лезці ў кожную шчыліну? Хітруган гэты і лаўкач, Алейнік, зваліў свой клопат на мяне і цяпер хіхікае ў кулак. У выканкоме таксама навастрылі вушы. Што зробіць Карнач у такой сітуацыі? Не чакайце сенсацыі, спектакля! Нічога я не зраблю! Нічога! Я сыты па горла сваімі клопатамі. Дай мне бог памагчы самому сабе».
  Спадзяваўся, што пройдзе дзень-другі — і эмоцыі яго прытупяцца, эпізод гэты захлынуць іншыя справы, больш маштабныя і блізкія па прафесіі яго і службе, а спраў такіх заўсёды хапае, у канцы года — асабліва.
  Але і на трэці і на чацвёрты дзень ён па-ранейшаму, можа, нават з большай сілай, адчуваў сябе падманшчыкам, хлусам, балбатуном перад Галяй і будаўніцамі з інтэрната, а галоўнае, ад чаго асабліва пагана рабілася на душы,— баязліўцам перад начальствам. Ніколі не быў, здаецца, такім.
  
  XV.
  Вера спявала. Чарціла ў сваім пакоі і ціхенька спявала сама сабе.
  Шугачоў вярнуўся з працы, адчыніў дзверы сваім ключом, з калідора пачуў, як спявае дачка,— здзівіўся. Не распрануўшы паліто, заглянуў на кухню, дзе жонка звінела каструлямі.
  — Ты чуеш?
  — Што?
  — Яна спявае.
  Поля, расчырванелая, у квяцістым фартуху, як у кальчузе, стала ў ваяўнічую позу і акінула мужа такім позіркам, што ён адразу адчуў сябе перад ёй маленькім.
  — А табе хочацца, каб яка плакала?
  — Не хочацца. Але...
  — Радуйся, што яна спявае. Дзіця вярнулася да жыцця.
  Віктар узлаваўся:
  — Чорт вас, бабы, зразумее. Жыву я з табой трыццаць гадоў і кожны дзень разгадваю новую загадку.
  Поля адразу палагаднела, засмяялася:
  — Дык гэта ж добра, Віця. Значыцца, табе не сумна са мной.
  — Гэта праўда, з табой не засумуеш. З усімі вамі,— усё яшчэ змрочна прабурчаў гаспадар, расшпільваючы паліто.
  — Дай я табе памагу распрануцца. Не баліць рука? Я пчалінага яду купіла. Нанач натру.
  Поля панесла яго паліто ў калідор на вешалку. Ён разматаў шалік. Прылажыў далоні да гарачай каструлі. Цеплыня, як добрае віно, з рук палілася ў сяродак, даходзіла да ног. Ён адчуў, што як бы адтае ўвесь. На дварэ было марозна і ветрана, а ён убіўся ў аўтобус, які не давёз дадому добры кіламетр. За дзесяць — пятнаццаць мінут вецер працяў да касцей.
  Услухаўся ў Верыну песню, крутнуў галавой і ціха засмяяўся.
  Поля ўпотай, з калідора, назірала за мужам: па рухах, па смеху яго ўбачыла і пачула, што настрой яго змяніўся. Але не ўсміхнулася шчасліва, бо падумала пра іншае: у мужа старое паліто, яно дрэнна грэе, трэба неяк вымеркаваць на новае, гэта яе клопат. Падышла, асцярожна зняла з яго галавы моцна палінялую андатравую шапку.
  — Холадна?
  — Холадна.
  — Выпі чарку настойкі.
  — Во гэта ідэя! Толькі не палыновай, жывот у мяне не баліць. На сасновых пупышках. Ад яе еясной пахне.
  А Вера спявала. Вера сапраўды вярнулася да жыцця. Як пасля цяжкай хваробы. Ажыла і душэўна пераўтварылася — за колькі дзён пасля той вячэрняй размовы, калі яна і маці дачасна пакінулі тэатр.
  Вера з маленства лічыла, што яе маці самая добрая, самая разумная. Але тое, што сказала, што зрабіла мама на яе роспачлівае прызнанне пра сваю цяжарнасць,— гэтаму няма яшчэ назвы, не прыдумалі людзі. Мама ў адзін міг бяду, няшчасце ператварыла ў радасць, у тое шчасце, пра якое, напэўна, марыць кожная жанчына.
  Дагэтуль Вера са страхам хадзіла ў інстытут. Здавалася, што ўсе ў групе і ка курсе глядзяць на яе з павышанай увагай, зацікаўленасцю, падазронасцю і гатовы паказаць пальцамі: вось яна якая! І хоць нічога не было яшчэ відаць — прайшло ўсяго тры месяцы, яна надзявала прасторныя плацці, якія б не аблягалі цесна яе худзенькую гнуткую постаць. Не са страхам — з жудасцю, ад якой халадзела ўсё цела і, здавалася, спынялася сэрца, думала яна пра той дзень, калі ўсё выявіцца. Што будзе? Дома? Тут, у інстытуце? Чаго добрага, шумны, звышактыўны і да нудоты правільны Коля Трапаш можа пацягнуць яе на камсамольскае бюро. Не, нікуды яна не пойдзе. Нікому нічога не скажа. Але жыць з такой жудасцю далей не хапіла моцы. Што будзе — тое будзе. Першыя няхай даведаюцца маці і бацька!
  І вось як усё павярнула мама. Любая, родная! Я цалавала твае рукі ў той вечар. Я ўсё жыццё буду маліцца на цябе!
  На другі дзень пасля той вячэрняй размовы Вера прыйшла ў інстытут такая, якой была на першым курсе: жыццярадасная, вясёлая, добрая да ўсіх, трошкі іранічная — больш да самое сябе, чым да іншых.
  Вадзіма, які, атрымаўшы аплявуху, .іграў абражанага і не падыходзіў да яе, не гаварыў з ёй, вельмі здзівіла такая змена ў Верыным настроі. Спачатку ён узрадаваўся. Можа, неяк усё абышлося? Можа, дзіцяці не будзе? Але якім чынам? Вера, здаецца, не прапусціла ніводнага дня ў інстытуце. А можа, нічога і не было? Можа, яна шантажыравала? Не, не падобна. На Веру не падобна. Ды і ўсе паводзіны яе... Між іншым, пасля аплявухі, хоць ён і паказваў, што абражаны, нараджалася ў ім нейкае новае пачуццё да яе — нейкая асаблівая павага і асаблівае замілаванне, не такое, як там, у вёсцы, калі яны горача цалаваліся ў сасняку. Каб неяк памірыцца, ён зусім інакш паводзіў бы сябе і кахаў бы яе інакш — сур'ёзна, шчыра. Яна ж падабаецца яму, даўно, бадай, з таго дня, калі ён, другакурснік, убачыў яе, першакурсніцу, у інстытуцкім калідоры і, жадаючы пазнаёміцца, сказаў: «Вы — што Дзюймовачка. З казкі». А яна дзёрзка адказала: «А вы падобны на пірата з «Вострава скарбаў».
  Верына весялосць, трохі нервовая ў першы дзень — як бы напаказ, рабілася ўсё больш натуральнай на другі, трэці дзень, нейкай па-жаночаму, не па-дзявочаму, стрыманай, роўнай. І выглядаць яна стала сярод сябровак як бы старэйшай, больш вопытнай — як жонка мастака Навіцкага, з яго, Вадзімавага, курса; Навінкай трыццаць год, у яе двое дзяцей, муж — запівае, а яна заўсёды вясёлая і для дзяўчат сваёй групы — што маці.
  Вера робіцца падобнай на На ніцкую. Такое адкрыццё моцна ўразіла Вадзіма. Перш за ўсё яно развеяла рэшткі яго надзеі, што нейкім цудам усё абышлося. Не, нічога не абышлося. Вера не той чалавек, каб пайсці на аборт.
  Усведамленне, што дзіця, яго дзіця, з'явіцца на свет кедзе вясной, устрывожыла Вадзіма і спалохала больш, чым тады, калі Вера ўпершыню сказала яму пра гэта; тады была легкадумнасць: яна хоча, каб ён ажаніўся,— калі ласка. Цяпер жаніцьба ўяўлялася справай зусім не такой простай. Не толькі таму, што маці яго траха не самлела і каўтала валяр'янку, калі ён сказаў пра такі свой намер. Маці з дапамогай бацькі можна пераканаць. А як пераканаць Веру, як загладзіць сваю віну перад ёй? Ён жа не падлюга якінебудзь. Хіба не вучыў яго бацька: «Галоўнае — пражыць жыццё сумленным шла векам ».
  Тое, што Вера раптам зрабілася падобнай на Навіцкую, прымусіла Вадзіма задумацца над усім гэтым і неяк адразу так жа раптоўна, як змяніўся Верын настрой, узняло адказнасць перад ёй, перад тым чалавекам, які неўзабаве з'явіцца, і перад усімі людзьмі.
  Вадзім шукаў выпадку, каб памірыцца з Верай. Ён знарок гуляў па калідоры, там, дзе на перапынку таўпіліся студэнты яе групы.
  Вера стаяла з сяброўкамі і расказвала нешта вясёлае, яна мела талент імітаваць галасы знаёмых. Дзяўчаты заліваліся смехам.
  Угледзеўшы Вадзіма, Вера паклікала яго пальцам, а сказала голасам Ваньковіча, выкладчыка гісторыі рускай і беларускай архітэктуры, які вось так выклікаў студэнта для апытання:
  — Ходзь-ка сюды, даражэнькі мой, каханенькі, родненькі. Да гэтых свяшчэнных руін.
  Ужо адно гэта рассмяшыла дзяўчат.
  Але Вадзім паслухмяна падышоў.
  — Дзяўчаты! — звярнулася Вера да сябровак сваім звычайным голасам, сур'ёзна і — здалося Вадзіму — нават сумна, але сур'ёзнасць яе настроіла студэнтаў на новы жарт.— Помніце, як гэты верны рыцар заляцаўся да мяне? О, якія серэнады ён мне спяваў! Каб вы пачулі! — з гэтага ніхто не засмяяўся, слухачам як бы няёмка зрабілася.— А што ка маем на сённяшні дзень? — спытала Вера голасам другога выкладчыка, але і з гэтага не засмяяліся.
  Вадзім пахаладзеў: няўжо яна можа вось так проста сказаць пра дзіця? Як проста сказала ім у мінулым годзе Швіцкая, што яна мусіць рабіць аборт, бо трэцяе дзіця сарве ёй вучобу.
  У Вадзіма быў разгублены, варты жалю выгляд. Вера паглядзела яму ў вочы і, магчыма, зразумела, чаго ён спалохаўся. Сказала весела, з едкай іроніяй, якую зразумеў толькі ён:
  — А цяпер мой «верны рыцар» спявае серэнады пад іншымі вокнамі.
  Верын аднакурснік Саша Ткачук, да якога Вадзім некалі раўнаваў, падскочыў аднекуль збоку, пафасна патрабаваў:
  — Вера! Скажы, хто яна, і мы паб'ём тыя вокны.
  — Не, Сашка. Многа клопату — насіць перадачы, калі цябе пасадзяць на пятнаццаць сутак.
  — А мы зробім так, каб пасадзілі Кулагіна.
  Вера і невялічкая групка студэнтак неяк непрыкметна і хутка былі абкружаны хлопцамі. Яны «іржалі», радыя, мабыць, выпадку наздзекавацца з ганарыстага старшакурсніка.
  Вадзіма ратаваў званок на лекцыю.
  Было гэта пазаўчора. А сённня Вадзім, пасінелы ад марознага ветру, чакаў яе на аўтобусным прыпынку на іх вуліцы. Bера ўбачыла з аўтобуса, як ён скакаў, схаваўшыся ад ветру за газетны кіёск. Піжон, хадзіў без шапкі, і снегу намяло ў яго каштанавую чупрыну, галава была белая, быццам раптам пасівела. На нейкі міг ёй зрабілася шкада яго. Але яна адагнала гэтае пачуццё злоснай развагай: «Дурная! Ён цябе не шкадуе, а ты пашкадавала яго галаву! Хто яго прымушае хадзіць без шапкі?»
  Зрабіла выгляд, што не бачыць яго, і, засланіўшыся футравым каўнерыкам, хацела прашмыгнуць міма. Але Вадзім дагнаў яе, пайшоў побач.
  Вера паказала, што здзівілася.
  — Ты?
  І мімаволі запаволіла крокі: да дому было дзвесце метраў. Ці ад марозу, ці ад хвалявання, але хлопец не ведаў, з чаго пачаць размову.
  Вера памагла яму:
  — Ты хацеў нешта сказаць?
  — Ч-ч-аму т-ты т-такая? — ніколі раней ён не заікаўся, зусім акалеў, гаротны, у яе зноў зацяплілася амаль мацярынскае шкадаванне.
  — Якая?
  — Вя-вя-сё-сёлая.
  Яна спынілася, стала напроціў яго, вочы яе гнеўна бліснулі. Перадражніла злосна:
  — Вя-вя-сё-сёлая. А табе хацелася б, каб я ў пятлю палезла? Не, не дачакаешся! Не той час! Я радуюся, што ў мяне будзе дзіця! Сын ці дачка!
  Вера амаль крыкнула гэта. Жанчына, што праходзіла міма, пачула яе словы і з цікавасцю азірнулася. Але Веру ўжо нішто не бянтэжыла. Пасля размовы з бацькамі, пасля таго, што сказала маці, Веры цяпер не сорамна паведаміць пра дзіця ўсяму інстытуту, усяму гораду.
  — Засмучае хіба адно — што яго бацька ты. Трус і падонак!
  — B-вера! Навошта так? — пасінелыя вусны яго дрыжалі так, што, здавалася, вось-вось ён заплача, як малы.— Х-хо-чаш, заўтра пойдзем у з-загс?
  — Не, не хачу! Не хачу! Не жадаю мець такога мужа!
  І пабегла далей. Каля свайго дома азірнулася. Вадзім ішоў следам. Спытала амаль лагодна:
  — Ты хочаш ісці да нас?
  Ён кіўнуў. Яна тупнула ножкай у высокім боціку:
  — І не думай!
  — В вера!
  — І не думай!
  Нырнула ў пад'езд. Але праз хвіліну крышачку прыадчыніла дзверы, зірнула, што робіць Вадзім. Ссутулены, як стары, сівы ад снегу, ён павольна Ішоў назад, на вуліцу. Ах, як ёй хацелася паклікаць яго, вярнуць, павесці ў іх цёплую ўтульную кватэру, сказаць маці, што заўтра яны пойдуць у загс! Сесці разам піць гарачы чай з малінавым варэннем — ад прастуды. Магчыма, іней растаў на вейках, і раса гэтая ела вочы. Яна адчыніла дзверы наўсцяж. Адчувала, што калі Вадзім павернецца, убачыць яе і кінецца назад, яна не вытрымае і пабяжыць насустрач. Але калі ён прыпыніўся, як бы ў задуме, яна зноў схавалася ў пад'езд.
  Калі ўспомніла дома, у цеплыні, за падрыхтоўкай задання па тыпалогіі грамадскіх будынкаў, як Вадзім пайшоў адзін, без шапкі, па такім холадзе, хацелася плакаць ад жалю да яго. Але тут жа наплывала радасць — радасць маральнай перамогі над ім. Радасць ад таго, што вытрымала свой характар.
  І Вера спявала.
  
  * * *
  Поля радавалася, калі за сталом збіралася ўся сям'я. У апошнія гады гэта рэдка здаралася. Нават снедалі паасобку, бо ў розны час ішлі ў школу, у інстытут, на працу. Абедалі разам хіба толькі ў выходныя і святочныя дні, але таксама не заўсёды: парадак парушаў Ігар. На вячэру ён таксама рэдка з'яўляўся. І нельга яго было папракнуць: дваццаць шосты год хлопцу, самастойны чалавек, малады архітэктар, у яго свае інтарэсы, сябры, дзяўчына.
  У той вечар матчына радасць ад Верынай весялосці папоўнілася яшчэ гэтай, няхай невялікай радасцю: да вячэры сабраліся ўсе. З гэтае нагоды Поля накрыла стол у «зале», вячэру згатавала амаль святочную, нават пляшку самаробнага віна паставіла — для мужчын. Малых захапляла таксе застолле, асабліва Кацьку, якая садзілася на ганаровае месца — побач з бацькам.
  Раней Вера часта кпіла з зацяглага братавага заляцання да маладой доктаркі, дзяўчыны прыгожай, але капрызнай (гэтая якасць сынавай нявесты засмучала маці). Апошнія месяц-паўтара Bера пазбягала размовы на гэтую тэму, што, між іншым, было для маці яшчэ адным трывожным сігналам.
  За сталом Вера гарэзліва спытала, яшчэ раз пацешыўшы маці:
  — Гарык, нешта медычку тваю я даўно не бачыла. Ці не пасварыліся вы?
  Ігар даў сястры лёгкую пстрычку па носе, насмяшыўшы малых.
  — Па-першае, я табе, кнопка, не Гарык, а Ігар Віктаравіч. Архітэктар з дыпломам. Зарубі на сваім кірпатым носе. А па-другое, калі бацькі лічаць, што табе не рана ведаць пра такія рэчы, то ведай: такі сабачы холад астуджае ўсе пачуцці.
  — Раней было наадварот,— пасміхнулася маці, раскладваючы ка талеркі духмяныя і румяныя, падсмажаныя з цыбуляй, скваркі.
  — Калі гэта было наадварот, мама? — засмяяўся Ігар.— І што было наадварот?
  — Зімой збіраліся на вячоркі.
  — Х-э, успомніла дагістарычны перыяд! А дзе нам сабрацца? Чым больш мы будуем, тым цясней нам жыць. Парадокс. Праўда, бацька?
  Віктар не адгукнуўся. Яму не хацелася ўсчынаць бясплодную спрэчку з сынам. Хапала такіх спрэчак раней. А Ігару сёння хацелася паразважаць. Ён цыкнуў на Кацьку,— той раптам захацелася памяняцца з Таняй відэльцамі,— але школьніца трымалася педагагічнага прынцыпу: не ўступаць пястунні, усе, маўляў, уступаюць ёй, і яна хутка сядзе на галаву.
  — Кацярына вялікая! Не шумі. Слухай мудрыя размовы. А то пасаджу пад стол.
  — Ты — Ігар Віктаравіч! — імя малая вымавіла, як мянушку.— Сам палезеш пад стол.
  — Спрабавалі мы, мама, наладзіць вячоркі. Але, па-першае, больш двух-трох пар ніводная сям'я не вытрымлівае. Музыку нашы высокаінтэлектуальныя каханыя заводзяць такую, што нават у мяне, загартаванага ва ўсіх тлумах, пачынае балець жывот. І адразу пачынаецца з усіх бакоў, зверху, знізу, акампанемент суседзяў. У выглядзе пагрозлівага стуку. Так мы з табой, бацька, будуем.
  — Не мы будуем,— запярэчыла Вера.
  — Любая мая! На другім курсе пара ўжо ведаць ролю архітэктара ў будаўніцтве. Хоць я гатоў згадзіцца з табой, сястра. Не мы будуем,— і глянуў на бацьку, яўна жадаючы ўцягнуць яго ў спрэчку, ведаў, што з такім сцвярджэннем старэйшы Шугачоў не можа пагадзіцца. Але старшы Шугачоў зноў змаўчаў. І сын прадоўжыў свае разважанні наконт таго, дзе і як праводзіць час моладзь.
  — Было адно прыстойнае месца — кафэ «Космас». Там можна было сагрэць нутро і разагрэць цела танцамі. Але цяпер і там забаранілі нават сухое віно. Ваюем з п'янствам! Што ж засталося рабіць? Піць цэлы вечар дрэнную каву? Не можам. Не прывучаны да такога далікатнага пітва.
  Кацька засмяялася з яго «нэ».
  — Ты часта пачаў саграваць нутро,— незадаволена кінуў Віктар.
  — Бацька! Недакладную маеш інфармацыю, а таму няправільны робіш вывад. За мой заробак не вельмі разгонішся, каб і хацеў. Палавіну я аддаю маці.
  Цоля сказала:
  — Жаніўся б ты, Гарык.
  — З кім? З Жанаю? Куды ж нам дзецца? Дзе пасяліцца?
  — Знайшлося б месца. У цеснаце...
  — О, не, мама! Ведаючы Жану, ніколі не прывяду яе сюды. Шкадую цябе. Сапсуе яна табе жыццё.
  — Навошт О. любіць такую цацу? — па-даросламу сурова асуджаючы брата, спытала чацвёртакласніца Таня.
  Поля сумна ўсміхнулася — ёй даўно не падабалася залішняя, сапраўды недзіцячая, рацыяналістычнасць малой.
  Ігар весела ўхваліў сястру:
  — Ты мудрэц, Тануля! Філосаф! Але, найдаражэйшая мая сястра, у жыцці не ўсё так проста, як табе здаецца. І Жана не толькі цаца ў тваім разуменні. Жана — загадкавае стварэнне не менш загадкавай прыроды. А ўсё загадкавае нас прыцягвае. Як магніт цвічкі. Бачыла?
  Віктару не спадабалася, што такая размова вядзецца пры малых. Нават Кацька і тая «навастрыла вушы». Даволі таго, што тэлевізар адкрывае дзецям больш таямніц, чым ім варта ведаць у іх узросце. Ды і Вера, спачатку вясёлая, пад час размовы аб братавай жаніцьбе насцярожылася і як бы замкнулася: не падтрымала ні маці, ні Ігара. Вера, магчыма, лепш чым хто ведае гэту Жану, і для яе было б амаль трагедыяй з'яўленне ў кватэры нявесткі ды яшчэ такой — нотнай, як ахарактарызаваў Жану Максім, калі Ігар пазнаёміў іх. Максім, між іншым, сказаў тады: «Не жадай жаніцьбы сына на гэтай красуні. Гэта — копія маёй Дашы».
  Дзіўна, што Поля не падумала пра Веру, раячы сыну жаніцца.
  Каб перавесці размову на іншую тэму, Віктар сказаў сыну:
  — Быў у вашай майстэрні. Глядзеў праекты забудовы Маскоўскай. Што вы робіце? Ніводнага арыгінальнага рашэння. Усё тыповае ў найгоршым значэнні гэтага слова.
  — Бацька! Асцярожна! Тыповае стала палітычным словам. Жывём у век стандартаў. А яшчэ вялікі Карбюз'е сказаў: архітэктура аперыруе стандартамі.
  — Ты нахапаўся цытат, а да сэнсу іх не даходзіш. Архітэктура аперыруе стандартнымі матэрыяламі, гэтага патрабавала індустрыяльнае будаўніцтва, але сама архітэктура не можа... яна ніколі не павінна быць стандартнай.
  — Гэта тваё пажаданне, бацька. Яна даўно ўжо стала такой, твая дарагая архітэктура. Скажу парадокс: тыповае будаўніцтва зменшыла патрэбу грамадства ў архітэктарах... Яны не патрэбны.
  — Ну, загнуў! — засмяялася Вера.— Нас усюды не хапае.
  — Каго не хапае? — здзівіўся Ігар.— Я кажу пра архітэктараў-мастакоў, якім уяўляе сябе наш бацька...
  — Ігар! — маці даўно не падабалася сынава іронія ў адносінах да бацькі. Але Віктар паблажліва ўсміхнуўся ёй: маўляў, няхай гародзіць, я не крыўдую.
  Ігар наступаў на сястру:
  — Ты заглядваеш у спецыяльныя часопісы?
  — Я чытаю іх больш за цябе.
  — Чытаеш, але не думаеш. Чула пра ЦНПЭП?
  — У нашым доме пра яго Кацька ведае.
  — Дзякуй богу. Я ў ім быў. Гэта грандыёзная ўстанова. Там усё на ўзроўні сённяшняй праектнай тэхнікі. ЭВМ, АСК і гэтак далей. Інакш нельга. Адстанем. Па праектах гэтага інстытута будуюцца амаль усе тэатры, кінатэатры, клубы, адміністрацыйныя будынкі, спартыўныя комплексы. Усё, што фарміруе эстэтычны воблік гарадоў. Навошта ж пры такой сістэме дзесяць... дваццаць тысяч дойлідаў? Іх даволі сотні.
  — Вы з Макаедам самы геніяльны праект «пасадзіце» так, што вырасце канюшня,— як бы між іншым сказаў Шугачоў-старэйшы, усё яшчэ не жадаючы залазіць у гушчар спрэчкі, бо неаднойчы вылазіў з яго са стрэмкамі ў душы.
  — Бацька, не пераходзь на асобы! Недазволены прыём! Але я лаўлю цябе на слове. Ты згадзіўся... амаль згадзіўся, што дойлід у класічным разуменні ў наш час не галоўная фігура. Ва ўсялякім разе, у такім горадзе, як наш. Архітэктар — планіроўшчык. Архітэктар — арганізатар... Во каго не хапае, дарагая сястра! Іх патрэбна армія пры нашых маштабах. Планіроўшчыка просяць у кожным калгасе. А праекты дамоў ім прышлюць, якія яны захочуць. Маскоўскія. Мінскія. Чэшскія. Польскія. Індустрыялізацыя будаўніцтва вядзе да інтэрнацыяналізацыі архітэктуры. Нацыянальная архітэктура — у мінулым. У помніках.
  — Гэта ж няпраўда! — горача запярэчыла Вера.— Няўжо ты не бачыш розніцы ў праектах нашых і армянскіх архітэктараў? Літоўскіх і ўзбекскіх?
  — Гэта апошнія патугі. Правінцыялізм. Цэнтралізацыя праектавання скончыць з гэтым анахранізмам, які вы, традыцыяналісты, узнімаеце, як сцяг.
  — Сын мой,— з урачыстай іроніяй, але з затоеным глыбокім смуткам, бо адчуваў у Ігаравых словах долю праўды, сказаў Шугачоў-старзйшы,— мы з табой правінцыяльныя архітэктары. Што ж застанецца на нашу долю?
  — Я сказаў што:, планіроўка і арганізацыя. Гэта, між іншым, даўно зразумеў твой сябра Карнач... Калі яшчэ ехаў сюды.
  — Зноў няпраўда! — амаль радасна і пераможна выгукнула Вера.— Па праектах дзядзькі Максіма ўзведзены самыя цікавыя будынкі. Найлепшы палац культуры...
  — Ну, не ўсе яго лічаць найлепшым. Многія нашы калегі ўжо аплёўваюць гзты палац.
  — А ты як лічыш? — спытаў бацька з суровасцю.
  — Я? — Ігар на момант сумеўся.
  — Ён аплёўвае,— сказала Вера з крыўдай і горыччу за тое, што член іх сям'і, брат яе, так непаважліва ставіцца да свайго настаўніка. У тым, што Ігар і яна пайшлі ў архітэктуру, заслуга дзядзькі Максіма, магчыма, большая, чым нават бацькі, бо ніхто іншы, а ён вучыў іх, малых, маляваць і будаваць палацы з мокрага пяску, з гліны, з кубікаў.
  — Я пакуль што прыглядаюся.
  — Прыглядаешся? Да каго? Ці прыслухоўваешся да Макаеда?
  — І прыслухоўваюся. Каб ведаць ісціну...
  — Ты менш разносіў бы макаедаўскія плёткі! Гэта занятак бяздарнасцей.
  Адчуўшы, што бацька пачынае злаваць, Ігар паспрабаваў павярнуць размову на жарт.
  — Мама! — як малы, крыкнуў ён маці, якая ўвайшла ў пакой з талеркай апетытных блінчыкаў з тварагом, густа палітых растопленым маслам.— Мне хочуць заткнуць рот!
  Дысцыплінаваная Таня і Толя, які лічыў сябе зусім дарослым, заўсёды з цікавасцю слухалі спрэчкі архітэктараў. Маці, якая ў любых іншых пытаннях была найвышэйшым аўтарытэтам, ніколі не ўмешвалася ў прафесійныя спрэчкі мужа і дзяцей, хіба толькі, калі ўжо занадта пачуцці распаляліся і брат і сястра пачыналі абражаць адно аднаго ці калі Ігар дазваляў сабе непаважліва кпіць з бацькі. Полю радавала, што яны збіраюцца разам і так спрачаюцца.
  Сумавала адна малая Кацыса, але ведала, калі ўсе заняты сур'ёзнай размовай, яе ніхто не падтрымае, усе будуць супраць, і нішто не паможа — ні стук лыжкай па талерцы, ні лямант, ні слёзы; скончыцца тым, што яе выставяць з-за стала. І яна сваволіла ўпотай, Ігару непрыкметна наліла ў віно гурочнага расолу. Толіку хацела высыпаць на бульбу жменю солі, але той злавіў яе руку і высыпаў соль у яе талерку, Каця паспрабавала замяніць талеркі — забраць сабе Таніну, але старэйшая сястра таксама была пільная да яе свавольніцтва. Тады Кацька стукнула пад сталом яе нагой. Таня ў адказ балюча ўшчыпнула задзіру за бок, Кацька не заплакала, але тут жа прыдумала помсту: яна выцягне тайком з Тайнага партфеля сшытак па матэматыцы, няхай Таня заўтра атрымае двойку.
  Ігаравы словы, што яму хочуць затануць рот, рассмяшылі малую, Кацька ўявіла, як і чым гэта можна зрабіць — заткнуць рот, і ажно зайшлася ад смеху.
  — Мама! Ігару заткнулі рот.
  — Чым? — усміхнулася Поля, ставячы талерку з блінчыкамі на сярэдзіну стала.
  — Ігар! Чым табе заткнулі рот?
  — Словамі, дарагая Кацярына.
  — Хіба словамі можна заткнуць? — здзівілася Каця.
  Дзіцячая непасрэднасць і літаральнае разуменне сэнсу слоў усіх рассмяшыла.
  — Можна, Кацька. Такі кляп уставяць, што не пікнеш.
  — Не вярзі лухту дзіцяці,— сказала маці.— Хто табе ставіў кляпы?
  — Ніхто, здаецца. А між тым, чамусьці я зрабіўся мудры. Часам хочацца на нарадах, на сходах сказаць тсе, што думаю. Але ўключаецца нейкі аўтаматычны тормаз. Часам тармозіць мёртва: а ці не лепш памаўчаць? А часам спускаюся ціха, роўна, як добры шафёр з гары, кажу тое, што падабаецца...
  — ...начальству? — з пагардай спытала Вера.
  — Не, сястра. Калеў тое, што падабаецца большасці. Іграю, як пасрэдны акцёр, на публіку.
  — Навошта? — сур'ёзна, нават устрывожана спытала Поля.
  — Чорт яго ведае. Карысці ад гэтага ў большасці выпадкаў я не маю ніякай.
  — Ён як Кацька,— сказала Вера.— Хоць глупства сказаць — абы звярнуць на сябе ўвагу.
  — Ты сама глупая! — закрычала ўголас абражаная Кацька.
  Вера адмахнулася ад малой.
  — А хутчэй — гэта ад Жаны. Яна любіць пака заць сябе. З кім павядзешся...
  — Ад таго блох набярэшся,— памог сястры Толя, без усмешкі і, здаецца, без асаблівай цікавасці да іх размовы; ён прыкінуў, ці выйдзецца яшчэ ўсім па адным блінцы. Ён быў самы справядлівы і самы непасрэдны ў сям'і: заўсёды дзеліць на ўсіх, любую драбязу, і абыякавы да розных умоўнасцей, якія, на яго думку, ускладняюць чалавеку жыццё, напрыклад, відэльцам ён браў толькі тую страву, якую нельга ўзяць пальцамі, а блінец не калупаць відэльцам, а ўзяць пяцярнёй — любата.
  Маці чуе кожнае слова, бачыць кожны жэст і позірк.
  — Бяры, бяры, Толя, не лічы. На кухні яшчэ ёсць. Таня! Ты аднаго блінца не можаш адужаць?
  — Мамачка! Так вячэралі купцы.
  — Граматныя вы ўсе!
  Варта адказаць Ігару, які, пакуль яна прапаноўвала малодшаму сыну блінец, адказаў Веры, працягваючы дыялог:
  — А я думаю, гэта — ад бацькі. Спадчыннасць. Нарэшце, яе не адмаўляюць у нас.
  Распусціўся Ігар — ніякай павагі да бацькі.
  Але Віктар не пакрыўдзіўся на сынавы словы, з маладой усмешкай адказаў:
  — Не, маніш, брат. І на сходах я выступаў раней рэдка. І на публіку ніколі не іграў. Гэта хвароба твайго пакалення. Нам было не да гэтага.
  — Бацька, не прынось маю хваробу ка ўсё пакаленне. Сам ты казаў: мы — розныя. І вы розныя. Карнач і ты, напрыклад. Хоць вы і сябры.
  — У нас розныя характары. Але ў нас адны ідэалы.
  — Толькі ты змагаешся за іх як ідэаліст, а Карнач — як рэаліст. Ён будуе палацы... Іх могуць лаяць. Але пра іх будуць пісаць манаграфіі. Цяпер ён захапіў сабе манумент партызанам...
  Ігар асекся. Ён раптам убачыў, як бацька паклаў відэлец — занадта асцярожна, і якім пунцовым зрабіўся яго твар.
  Нават Кацька, здаецца, адчула навальніцу — прыціхла.
  Толькі Поля, аслабіўшы ўвагу, калі ўбачыла, што да сынавых непаважлівых намёкаў Віктар паставіўся а мудрай лагоднасцю, не адразу сцяміла, што ж раптам угнявіла яго — якія Ігаравы словы. Закід, што Максім узяў сабе архітэктурны праект манумента славы? Але хто ў нас можа зрабіць лепш за яго?
  — Сын мой,— небяспечна ціха і хрыпла звярнуўся Віктар да Ігара.— Я разумею так: ты хочаш сказаць, што я непрактычны дурань, што ўсё жыццё праектую жыллё. Так?
  Ігар не адказаў.
  Шугачоў-старэйшы падняўся з-за стала, і голас яго зазвінеў:
  — Але. Я праектую жыллё. І скажу табе, што ні адзін палац, ні адзін манументальны комплекс мне не даў бы той радасці, якую дае праца над жылым домам, раёнам...
  — Гучныя словы, бацька. Хто пра іх сказаў добрае слова, пра твае дамы?
  — Ігар! — абурылася маці.
  — Нічога, Поля. Гэта добра, што сын так раскрываецца, хоць і сумна, што так. Любоў да славы рухае творчасць, але часта і губіць мастака... Я таксама думаў пра яе — пра славу. Раней — больш, цяпер — менш. Але калі можаш, прашу паверыць... Гэта не гучныя словы. Працаваў я не дзеля яе, не дзеля манаграфій. Праектуючы, я думаў пра людзей... пра дзяцей... пра цябе, пра Таню, каб ім было цёпла, утульна... прасторна...
  Ігар хмыкнуў.
  — Я разумею цябе. Думаеш, у мяне не балела душа, калі я праектаваў лесвічныя клеткі, праз якія нельга было занесці мэблю і вынесці труну, сумешчаныя санвузлы і два з палавінай метры ад падлогі да столі? Але што лепш — такая кватэра ці нічога? Цяпер мы пабагацелі. Перараслі гэтыя габарыты. Шмат ад чаго адмовіліся. Цяпер мы можам думаць пра горад, раён, які задаволіў бы патрэбы людзей заўтрашняга дня... твае патрэбы... Кацьчыны... Нават патрэбы тваёй Жаны,— Шугачоў усміхнуўся, абышоў стол, спыніўся перад сынам і дачкой і ўрачыста абвясціў: — І я зраблю такі раён! Ён ужо збудаваны! Тут! — ён пляснуў далоняй па лбе, павярнуўся і сказаў да жонкі цішэй і як бы з меншай упэўненасцю: — Я збудую такі раён у Зарэччы. Нягледзячы ні на што,— і сеў на сваё месца, усміхнуўся, спачатку знясілена, быццам скончыў цяжкую працу, пасля — вінавата, як бы просячы прабачэння, што не ўсё зроблена так, Як ім, дзецям, хочацца, паспрабаваў пажартаваць: — Ты яшчэ напішаш манаграфію пра мой раён.
  — Брава, тата! — шчыра і радасна ўхваліла Вера.
  — Брава! — запляскала ў далоні Кацька, у свае пяць гадоў яна не ведала, што азначае «заткнуць рот», але добра разумела мову архітэктараў і ведала, з чаго пачынаецца будаўніцтва дома і горада — з праектаў, якія рысуюць бацька і Ігар.
  У Поліных вачах з'явілася трывога, яна адна адчула, што ў Віктара неспакойна на сэрцы. Упершыню яе не ўзрадавала, што ён гаворыць з дзецьмі так сур'ёзна, такімі высокімі словамі і хваліць сябе. Значна прасцей было яго разумець, калі ён пасміхаўся з Ігаравых тэорый ці абураўся, крычаў. У такіх выпадках яна з усмешкай думала: «Няхай хоць у сям'і чалавек праявіць сваю ўладу».
  Ігар глядзеў на бацьку без звычайнай іранічнай усмешкі, сур'ёзна і пранікліва, быццам убачыў раптам зусім іншага чалавека.
  — А ты ведаеш, стары? Твая такая ўпэўненасць спадабалася мне. У цябе ніколі не хапала ўпэўненасці. Кожны свой праект ты ставіў пад сумненне. Толькі ўсё карначоўскае хваліў.
  — Карнача не чапай. Ён выдатны архітэктар.
  — Ён цябе вырасціў, парасё ты,— з крыўдай за Максіма кінула брату Вера.
  Поля мыла талеркі, калі Віктар увайшоў на кухню. Спыніўся ў яе за спіной. Па кроках, па маўчанню, нават, магчыма, па дыханню яна адчула, што ён хоча пагутарыць адзін на адзін.
  — Зноў мыеш сама? — незадаволенасць яўна знарокавая.— Мала ў цябе памочнікаў? Талеркі не могуць памыць?
  — Віця! У кожнага з іх свае заданні. Такія ўрокі!
  — Росціш беларучак.
  — Віця, у нас нядрэнныя дзеці.— Поля старалася гаварыць мякка, асцярожна, каб не зачапіць тое, што ў яго баліць, а што — яна ніяк не магла здагадацца.
  Віктар адышоў і сеў на табурэтку каля стала. Памаўчаў.
  — Поля!
  — Што, Віця?
  — Я сказаў ім няпраўду. Дзецям.
  Яна паставіла талеркі на тумбачку і павярнулася ад ракавіны, зняла з пляча ручнік і захутала ім пачырванелыя ад гарачай вады рукі, быццам засаромелася, што яны такія, рукі,— чырвоныя, мокрыя.
  — Самае дзіўнае, што іменна сёння я хацеў сказаць вам праўду. Але гэты чортаў сын, Ігар, так павёў размову, што я не мог інакш. Зразумей...
  — Не, не разумею,— чуць паварушыла жанчына вуснамі.
  Шугачоў на міг закрыў твар далонямі, але тут жа працёр пальцамі вочы, нібы туды трапіў пыл, сцёр гэты пыл са шчок і сказаў рашуча:
  — Зарэчнага раёна не будзе. Не, раён будзе, але не па маім праекце.
  Пачакаў, што яка адкажа. Поля маўчала. Ён падхапіўся і, ходзячы па цеснай кухні — тры крокі туды, тры назад, пачаў горача і мнагаслоўна пераконваць:
  — Думаеш, мне лёгка слухаць тыя папрокі, якія я чую ад роднага сына? Ты думаеш, я — дурань, не разумею, што ён кажа праўду? Але, большасць маіх дамоў устарэла. Пры маім жыцці. Гэта трагедыя для архітэктара. Мы ж усе марым тварыць на стагоддзі. Мне пяцьдзесят чатыры гады. Я маю вопыт... Я магу... І я хачу збудаваць раён, які выяўляў бы нашу эпоху. Не люблю гучных слоў! Я скажу табе прасцей. Комплекс гэты выразіў бы нашу з табой радасць, радасць нашых дзяцей жыццю. А маё ўспрыняцце свету — я ўпэўнены — дало б радасць людзям, якія там жылі б. Хіба для гэтага не варта папрацаваць? Я разумею бязлітасны закон эканоміі. Я праектаваў самыя эканамічныя будынкі. Але больш не магу. Магчыма, не прыйшоў яшчэ час будаваць тое, што спраектавана ў маёй галаве. Але чаму можна іншым, у Маскве, у Вільнюсе? Чаму нельга мне? Чым мы горшыя?
  Аб нарматывах Поля наслухалася і ад мужа, і ад сына, і ад іх калег, маладых і старых. У эканамічных разліках праектаў яна разбіралася лепш за другога архітэктара. І, між іншым, будучы ашчаднай гаспадыняй, ведаючы цану грашам, якіх заўсёды не хапала, яна не заўсёды ўхваляла іх незадаволенасць нарматывамі, іх жаданне траціць дзяржаўныя грошы без абмежаванняў. Але ніколі і нікому не выказвала сваёй думкі на гэты конт. І лічыла, што яе Віктар, не ў прыклад маладым, самы разумны: ён хоць часам таксама бурчаў, аднак заўсёды клапаціўся пра кошт кожнага дома, які праектаваў. Нават Максіма папракнуў. Не ў вочы яму. Ён сказаў, калі яны паглядзелі палац культуры: «Выдатнейшы, канешне, помнік. Але трыста тысяч звыш каштарысу...» — слова не знайшоў, што гэта такое, толькі пацмокаў і пакруціў галавой.
  Што ж раптам здарылася?
  Віктар змоўк. Няўжо чакае ад яе адказу, чаму яму нельга спраектаваць такі раён, які будуюць у іншых гарадах? Быццам яна старшыня Дзяржбуда, не менш. Смешны ты, Віця.
  Яна сказала:
  — Ты ж зрабіў палавіну працы. Год працуеш.
  — Але гэтую працу ніхто не зацвердзіць. Я вылажу з нарматываў.
  Поля ўздыхнула.
  Баючыся, што яна забароніць зрабіць тое, што ён намерыўся, Віктар зноў пачаў пераконваць:
  — Я мушу адмовіцца, Поля. Я больш не магу чыніць гвалт над сваім талентам. Ёсць жа ў мяне характар!
  «Характар ёсць, волі няма»,— падумала Поля, але змаўчала.
  Віктар спытаў.
  — Ты ведаеш, чым гэта можа скончыцца для мяне?
  Поля расхутала рукі, узяла талерку і пачала асцярожна выціраць, беражліва, як вельмі каштоўную рэч, хоць талерка была самая танная: дзеці нямала посуду білі, і яна купляла што танней. Гэтымі асцярожнымі рухамі яна быццам давала адказ мужу, што добра разумее, як можа адбіцца на дабрабыце сям'і яго непрадуманы крок.
  Голас Віктараў упаў, але ён усё яшчэ апраўдваў сябе:
  — Добраму архітэктару не трэба пасады. Але галоўны архітэктар праекта — гэта не пасада. Гэта — прызнанне.
  Поля адвярнулася да ракавіны і адкруціла кран гарачай вады.
  Віктар узлаваўся:
  — Чаму ты маўчыш? Чаму адзін я павінен вырашаць, што рабіць? Усё я! Усё я!
  У сапраўднасці без яе парады ён не вырашаў ніводнай дробязі: якую надзець сарочку, гальштук, ісці гуляць ці не ісці, што купіць на вячэру... Таму і нерваваўся цяпер, што жонка паводзіць сябе так, быццам яго праца яе мала кранае.
  Поля разумела гэта. Але што яму параіць? Усё жыццё яна старалася адно — памагчы яму ў творчасці ўсім, чым магла, і заўсёды баялася зноў-такі аднаго — перашкодзіць. Таму ніколі не лезла ў архітэктуру накшталт Дашы Карначовай і другіх жонак, якія з выглядалі глыбокіх знаўцаў разважалі пра дойлідства з такой жа лёгкасцю, як пра панчохі і бюстгальтары. Смешна слухаць бывае.
  Поля выцерла рукі і села на табурэтку каля дзвярэй па-сялянску — на самы край. Віктар наблізіўся да яе, скрывіўся, як ад болю, сказаў шэптам, паказваючы на дзверы:
  — Пацягнула мяне за язык... Але што я мог адказаць, калі ён, парасё, папракнуў, чаму я ўсё жыццё сяджу на жыллі? Балбатун. Але, не ў час усё гэта. «Я збудую раён, пра які табе захочацца напісаць манаграфію». А заўтра ён даведаецца...
  Полю гэта кранула, наадварот, узрадавала: бацьку так важна, што падумаюць пра яго дзеці!
  — Віця, дзеці зразумеюць цябе.
  Ён глядзеў у акно, на вуліцу, на дом напроціў, дарэчы, на свой дом, які заўсёды мазоліў вочы, бо гэта быў бадай самы няўдалы дом. Мала суцяшала, што знешні выгляд яго сапсавалі будаўнікі. Максіму палац ніхто не сапсаваў, бо ён біўся за кожную пілястру, за кожную канелюру, вока не спускаў...
  Выходзіць, Поля ўхваляе яго намер? Так проста? Так лёгка? Шугачоў адчуў расчараванне. Не разумее, значыцца, чым гэта можа скончыцца. Сказаў ад акна, знарок гучна — няхай чуюць дзеці:
  — Мяне палохае не тое, што з маёй адмовы могуць зрабіць, ведаеш, якія вывады... Я сам зрабіў бы. Загадчык майстэрні адмаўляецца ад задання! Які ж ты загадчык? Злазь з месца. Не падводзь інстытут. Калі хочаш, могуць запісаць нават у картачку — трыццаць гадоў чыстая... Калі мяне пасля гэтага зробяць галоўным архітэктарам праекта? Шукаць пад старасць шчасця ў другой рэспубліцы? — ён знарок сказаў пра тое, супраць чаго, не сумняваўся, Поля запярэчыць самым рашучым чынам. Дзіўна, што яна змаўчала. Незразумела яна сябе паводзіць сёння. Вочы ў яе сталі сумныя і твар, здалося, пабялеў. Зрабілася шкада яе, і ён суцешыў: — Нікуды я не паеду. Я беларус. Да гэтага горада прывязаны пупавінай. І мне нічога не страшна! Я магу працаваць радавым праекціроўшчыкам. Нам будзе нялёгка. Але я ведаю: ты не ўпікнеш мяне. Не?
  Поля кіўнула галавой: не, не ўпікну.
  Ён абняў яе за плечы, прыпадняў з табурэткі.
  — Ты самая разумная жонка.
  Яна прайшлася па кухні побач з ім і села каля стала. Ён сеў напроціў, тварам у твар, і прызнаўся:
  — Я аднаго баюся, Поля. Што нічога гэтага не будзе. Ні разбору. Ні вымовы. Ні зняцця з пасады. Проста аддадуць праект Макаеду. І ён усё спаганіць. Такі раён!
  Віктар глядзеў на жонку ва ўпор, чакаючы, што яна, як заўжды, параіць нешта такое, ад чаго ўся яго праблема зробіцца простай і яснай. Як з Верай. Яму здалося трагедыяй, а Поля вырашыла так проста і мудра.
  Нарэшце яна спытала:
  — Ты з Максімам раіўся?
  Ён чамусьці ўзлаваўся і
  — Не хачу я з ім раіцца! Ён даваў АПЗ, пераконваў, што яны з Ігнатовічам даб'юцца дазволу на эксперыментальны раён. Я спадзяваўся на іх. На каго мне больш спадзявацца? А цяпер у іх разлад. З-за дурной бабы ён гатовы загубіць такую справу! На ліха яму заядацца з Ігнатовічам?
  — Не лай яго, Віця. Яму нялёгка.
  — А мне лёгка?
  Яна сказала на дзіва проста і ўпэўнена:'
  — Віця, ты зробіш гэты праект.
  — Так ты мяне зразумела і падтрымала? Дзякую!
  — Цябе замучыць сумленне, калі ты адмовішся. Ніколі не даруеш сабе...
  Ён закрычаў на ўсю кватэру:
  — Сумленне! З-за гэтага ідыёцкага сумлення я загубіў свой талент!
  — Не крычы, Віця. Дзеці. Ты і па гэтых нарматывах спраектуеш не горш.
  Ён раптам абмяк, знясілена апусціўся на табурэт. Ён капітуліраваў перад мяккай, але непахіснай сілай жончынай логікі. Знясілены душэўнай барацьбой, ён у глыбіні душы радаваўся такому Полінаму рашэнню. Ён не падмануў дзяцей. Сказаў ім праўду. Зарэчны раён будзе. Яго, шугачоўскі!
  
  XVI.
  Шугачоў не ведаў, што Макаед сам робіць захады, каб выбіць у яго праект Зарэчча.
  Макаед меў надзвычайны талент — усё ўведаць, вынюхаць раней за іншых. Пра самыя высокія нарады і пастановы ён па сакрэту расказваў да таго, як з'яўляліся афіцыйныя паведамленні ці публікацыі гэтых пастаноў. Заўсёды добра ведаў узаемаадносіны работнікаў таго кола, якое цікавіла яго. Першы ўзнаваў, каго павышаюць, каго паніжаюць, каго куды перамяшчаюць, хто зарабіў вымову, а хто падзяку і ўзнагароду. Толькі з самаадводам Карнача сеў у лужыну. Гэта была нечаканасць, якая яго ашаламіла. Але яшчэ больш яго збіла з панталыку і прычыніла душэўныя пакуты, што ён доўга не мог «пранюхаць» прычыну такога нечаканага, рэдкага і, здавалася яму, зусім не ўласцівага Карначу ўчынку. Ён заўсёды лічыў і ўпотай пераконваў усіх знаёмых, увесь Саюз архітэктараў, што Карнач па свайму характару — кар'ерыст.
  Яшчэ большае расчараванне Браніслаў Адамавіч перажыў, калі даведаўся аб прычыне Максімавага самаадводу. Спачатку нават не паверыў. Глупства. Яшчэ адна карначоўская містыфікацыя. Але калі пераканаўся, што гэта так, калі пра гэта загудзела ўся філія Белпраекта», не мог дараваць сабе такой слепаты і глухаты. Пастарэў, ці што? Як ён, такі шохач, мог не ведаць пра сямейныя адносіны чалавека, за якім з самага інстытута сочыць больш пільна, чым за кім іншым? І больш раўніва. Сам сабе прызнаваўся ў гэтым. Але, раўніва. Што ж тут такога? Яны ж аднакурснікі. І толькі двое з усяго курса мелі па дыпломных праектах пяцёркі. Абодва іх праекты, у яго — жылога дома, у Максіма — раённага універмага, былі прыняты для пабудовы аб'ектаў. Для выпускнікоў — гэта найвышэйшая ацэнка, бо большасць дыпломных праектаў практычнага значэння не мелі. Тады ён шчыра кляўся Максіму ў дружбе. «Праз дзесяць — пятнаццаць гадоў мы з табой будзем вядучымі архітэктарамі рэспублікі». Максім скептычна ўсміхаўся. Чаму? Ад усведамлення сваёй перавагі? Ад нявер'я ў яго, Макаедавы, здольнасці? Гэтая ўсмешка не падабалася Браніславу ўжо тады, на выпускным вечары. І зайздрасць ужо тады была: Карнача пакідалі ў Мінску, яго пасылалі ў абласны цэнтр.
  А пасля... Карначу ўсё ўдавалася. Карнача хвалілі. Яго, Макаеда, крытыкавалі. Ён сам адчуваў, што ў яго не атрымоўваецца так, як хочацца. Лічыў, што яго талент губіць правінцыялізм. Але Карнач сам прыехаў у іх горад і адразу апынуўся ў цэнтры не толькі архітэктурнага жыцця. Тады Макаед зрабіў выснову: трэба ўмець. Нават ажаніцца трэба ўмець. Ён забыўся пра тое, што калі Карнач ажаніўся на сястры жонкі Ігнатовіча, сам Ігнатовіч быў у той час інструктарам гаркома камсамола, а бацька Ніны Іванаўны — намеснік міністра будаўніцтва. Пра гэта ён не думаў. Зайздросціў Карначу ва ўсім. Зайздрасць зрабіла яго злосным, дробязным, улюбёным у сябе. У маладосці яшчэ захоўвалася здольнасць паглядзець на сваю працу самакрытычна. Пазней ад самакрытычнасці нічога не засталося. Усе больш пераконваў сябе, што ён не менш таленавіты, але не ўмее атрымаць выгадны аб'ект паказаць сябе так, як гэта ўмее Карнач.
  Макаеду ўсё свядомае жыццё хацелася кіраваць, але, толькі маючы ўжо добрую лысіну, ён дабраўся да пасады кіраўніка майстэрні. Як яму хацелася стаць галоўным архітэктарам горада! Але дарогу пераступіў Карнач. Ужо адно гэта ён не мог дараваць былому аднакурсніку! Чорт яго прынёс са сталіцы! І жонкі не паслухаў! Упарты чорт! Так трэба ісці да мэты
  Але пранюхаўшы, што Карнача хочуць забраць у апарат Дзяржбуда, збялелы Браніслаў Адамавіч прыляцеў да «сябра» і адгаворваў:
  «Па чорта табе, такому архітэктару, бюракратычная пасада? Загубіш свой талент».
  І святкаваў перамогу, калі Карнач — во дурань! — адмовіўся ад прапановы.
  Пасля гэтага Макаед яшчэ больш пачаў цвярдзіць, што і пасада галоўнага архітэктара перашкаджае Максіму тварыць.
  «Каб ты аддаўся творчасці цалкам, то даўно быў бы архітэктарам еўрапейскага маштабу. А ты адводзіш зямельныя ўчасткі. Смешна. Ці такому архітэктару гэта рабіць?»
  Нават Дашы здалося падазроным такое назойлівае адгаворванне Максіма ды і іншых сваіх калег ад займання кіруючых пасад.
  Аднойчы яна сказала Максіму:
  «Па-мойму, Брошку здорава хочацца на тваё месца».
  І вось Карнач пахіснуўся. Макаеду засвяціў маячок. Ах, каб яму вырваць з-пад Карнача крэсла. Няхай бы пасля іншыя філасофствавалі наконт таго, ці патрэбна пасада, а ён, маючы ўласны і карначоўскі вопыт, здолеў бы паказаць сябе Урэшце, многа значыць быць штодня на вачах у начальства, планаваць самому забудову і даведвацца першаму, што плануецца зверху. У такім становішчы лёгка і для сябе атрымаць выгадны праекцік, накшталт карначоўскага палаца культуры, якому абласныя і гарадскія ўлады далі найвышэйшую ацэнку і цяпер паказваюць, як помнік, кожнай дэлегацыі
  Спачатку яго трохі расчаравала, што Карнач спатыкнуўся аб сямейны корч. Лепш было б, каб ён паслізнуўся на рабоце, на архітэктурным полі. Але, разважыўшы, прыгадаўшы пэўныя дэталі, Макаед прыйшоў да думкі, што наўрад ці «спусцяць на тармазах» факт Амаральнасці галоўнага архітэктара горада. Трэба мець на ўвазе, чыя сястра Даша. А сваяцтва — вялікая сіла. Меў сваяка першага сакратара гаркома — быў на кані. Парвеш сваяцтва — невядома, дзе можаш апынуцца.
  Ведаючы, што Ігнатовіч архітэктараў, мастакоў прымае без чаргі, Макаед напрасіўся на прыём на трэці дзень пасля канферэнцыі, калі яшчэ не ведаў прычыны карначоўскага самаадводу, але згараў ад цікаўнасці і спадзяваўся, што ў размове з Ігнатовічам здолее калі не высветліць гэтую прычыну, то злавіць хаця б тоненькую нітачку, якая памагла б разблытаць клубочак.
  Раней па гэтай справе ён баяўся звяртацца ў гарком, бо не сумняваўся, што Ігнатовіч падтрымае Карнача: галоўны архітэктар не даваў дазволу на месца, дзе рэктарат інстытута і маладыя архітэктары з яго, макаедаўскай, майстэрні хацелі пасадзіць інтэрнат. Як архітэктар Макаед у душы згаджаўся з аргументамі Карнача. Але дурань ён быў бы, каб падтрымаў калегу. Тым больш што, акрамя ўсяго іншага, прасіла Ніна памагчы інстытуту: ёй трэба яшчэ трымаць конкурс, каб замацаваць за сабой кафедру.
  Паход акрыліў яго. Па-першае, Ігнатовіч хоць і даў зразумець, што справа дробная і гарком не будзе падмяняць архітэктурнае ўпраўленне, але не запярэчыў супраць пасадкі інтэрната ў тым месцы, дзе прасіў інстытут. Па-другое, і гета для Макаеда было самым радасным, пакуль яны былі ў сакратара, Карнач, які раней заходзіў у гэты кабінет без стуку, мусіў чакаць у прыёмнай.
  У такой сітуацыі вельмі важна часцей паказвацца Ігнатовічу на вочы. Але з чым? Не палезеш жа зноў з інтэрнатам ці іншай падобнай драбязой. Трэба падкінуць такія архітэктурныя ідэі, якія маглі б зацікавіць сакратара гаркома. Якія? Падкінь, калі ў галаве пуста.
  Ды раптам азарыла... Зарэчны раён... Ведаў, як цікавіцца Ігнатовіч будучай забудовай гэтага раёна. Хоча зрабіць эксперыментальным. Распрацоўка праекта даручана майстэрні Шугачова. Не без старання Карнача. А Шугачову Макаед зайздросціў не менш, чым Карначу. Каму ён не зайздросціў! Але разам з тым ён умеў лепш чым хто аналізаваць з'явы жыцця, суадносіць вялікае і малое. Адбыўся Пленум Цэнтральнага Камітэта партыі. Генеральны сакратар гаварыў пра недапушчальнае распыленне сродкаў у капітальным будаўніцтве, аб неапраўданым ударажзнні многіх збудаванняў, заклікаў да эканоміі сродкаў. Эксперыментальны раён, на які Шугачоў разявіў рот і з ідэяй якога носіцца, як курыца з яйкам, патрабуе дадатковых асігнаванняў. Чорта з два вы атрымаеце іх цяпер! Хто гэта пасля такога пленума выдзеліць лішнія мільёны для нейкага абласнога горада? Трэба перакрэсліць ідэю Шугачова, яго праект больш эканамічным праектам.
  Ка здзіўленне Ніны Іванаўны, Бронік дзён дзесяць не адчыняў свой бар, нібы ключы згубіў, і да позняй ночы сядзеў не каля тэлевізара, а над чарцёжнай дошкай.
  — Што за тэрміновая праца такая? — спытала яна.
  — Конкурс.
  — Ты як студэнт, якому хочацца жаніцца і ў якога адзіная надзея — на конкурсную прэмію. На што конкурс?
  — Сакрэт. Хачу зрабіць табе сюрпрыз.
  Калі чарцяжы акрэсліліся, Ніна Іванаўна здзівілася :
  — Конкурс на планіроўку раёна? І ты хочаш за гэта атрымаць прэмію? Мура нейкая. Студэнцкі чарнавік.
  Ён падскочыў:
  — Усё, што я раблю,— для цябе мура!
  Яны пасварыліся. І Бронік у той вечар высмактаў амаль тыднёвую норму, якую, працуючы, сэканоміў.
  Ігнатовічу яго ідэя не падабалася, хоць разглядаў эскізы сакратар доўга і з цікавасцю. Не крытыкаваў. Далікатна сказаў:
  — Прабачце, Браніслаў Адамавіч. Але, ведаеце, знаёмае ўсё. Як бы вам сказаць. Другаснае. Раёнаўблізнятаў у нас хапае. Хацелася б атрымаць новае, арыгінальнае рашэнне. Папрацуйце, пашукайце. Я ведаю: гэта не адразу прыходзіць... Творчасць!
  Макаед зразумеў, што свой праект яму не праціснуць. Але не ўпаў духам. Тое, што Ігнатовіч нічога не сказаў пра шугачоўскую ідэю, якую даўно, год назад, ухваліў, і просіць яго, Макаеда, пашукаць новае рашэнне забудовы Зарэчча,— узрадавала яго. Значыцца, адбыўся паварот. Аўтарытэт Карнача яўна пахіснуўся. Падобна, што Ігнатовіч шукае сабе новага кансультанта па горадабудаўнічых праблемах. У такім разе чорт з ім, з Зарэччам. Безумоўна, было б добра спіхнуць Шугачова пад адхон. Удар па Шугачову — удар па Карначу. Але няхай працуе ка здароўе — ён, Макаед, добры. Шугачоўская ідэя патрабуе звышнарматыўных асігнаванняў, якія ніхто не дасць. І будзеш ты, Віця, праектаваць раён звычайны, тыповы, славу на якім не нажывеш, толькі кроў табе папсуюць пры зацвярджэнні.
  Яму, Макаеду, важны не раён, яму галоўнае — паказаць сябе, сваю шырокую зацікаўленасць у пытаннях архітэктурнага вобліку горада, пра што так дбае Ігнатовіч. Таму ён паабяцаў, што будзе працаваць, будзе шукаць.
  Ніна неяк без яго прачытала планіровачны эскіз больш уважліва, пазнала раён. Увечары спытала:
  — Каму ты хочаш падкласці свінню гэтым? Шугачову ці Карначу?
  — Чаму ты не можаш убачыць здаровае спаборніцтва двух розных дойлідаў?
  — Гэта ты дойлід? Не смяшы мяне.
  У апошні час яна залішне часта і злосна насміхалася з яго здольнасцей, архітэктурных і... мужчынскіх. Гэта не толькі абражала Браніслава Адамавіча, але палохала. Заўсёды баяўся, што Ніна можа пакінуць яго. Цяпер такая пагроза як бы набліжалася. Што іх звязвае? Дзяцей няма. А яна такая прыгожая. У інстытуце столькі мужчын. Пакутаваў ад рэўнасці, прыпісваючы ёй адразу трох выкладчыкаў. І памыляўся. Не туды скіроўваў сваю пільнасць і рэўнасць.
  Хоць жылі яны, як сабака з кошкай, але недарэмна кажуць у народзе «муж і жана — адна сатана»,— не маглі не ўплываць адно на аднаго. Бронікава непрыязнасць да Карнача патроху перадавалася ёй. Праўда, яна часам дражніла мужа, што Максім падабаецца ёй. У сапраўднасці ж па-абывацельску верыла, што з-за яго, Карнача, Макаеду няма ходу ў вялікую архітэктуру і гэта адбіваецца на іх дабрабыце, хоць зараблялі яны ў тры разы больш за двух архітэктараў Шугачовых, старога і маладога.
  Калі Бронік пазваніў ёй, што Карнач нацэліўся на яе месца ў інстытуце, яна спалохалася (ёй так хацелася загадваць кафедрай) і ўзненавідзела гэтага чалавека, які мала таго, што ўсё жыццё адштурхоўвае яе мужа, дык цяпер яшчэ становіцца на яе дарозе. Але дзён праз колькі ў іх архітэктурным коле грымнула, як бомба, навіна: Карнач разводзіцца з жонкай. Тады адразу адбылося дзіўнае ў яе душы: баючыся Максіма і амаль ненавідзячы, яна ў той жа час адчула, што невядомая страшная і прыемная сіла цягне яе да гэтага чалавека, такога непадобнага да яе мужа. Што гэта — халодная жаночая цікаўнасць ці пажар з тае маленькай іскаркі, што некалі даўно, пры першым знаёмстве, зацяплілася і тлела пад прыскам непрыязні, які штодня сыпаў Макаед?
  Так што не з-за адной жаночай хітрасці — паставіць у даволі далікатнае становішча магчымага конкурснага суперніка — пайшла яна на ўчынак, нялёгкі нават для яе, з поглядамі яе і расчараваннем у мужу.
  Збліжэнне дало радасць, якой яна ніколі не мела. Пацвярджалася старая рамансавая ісціна: нянавісць перайшла ў каханне. З Макаедам пасля гэтага яна доўга не магла легчы ў пасцель, выдумляючы самыя неверагодныя адгаворкі. І здзекавалася з яго так, што часам самой рабілася сорамна і брыдка. Удзень і ўначы яна думала пра Максіма. Каб толькі ён кіўнуў пальцам, адно слова сказаў, яна тут жа, у тую ж мінуту, ігнаруючы ўсе плёткі, якія, як кругі па вадзе, разышліся б на горадзе, рызыкуючы нават кафедрай, перайшла б да яго ў Воўчы Лог, у заснежаную пустэчу.
  Але на яе настойлівыя званкі Максім адказваў прыветлівай, вясёлай, аднак бяздумнай, без падтэксту і намёкаў, балбатнёй — анекдоцікі і казачкі расказваў. І ўсяляк адкручваўся ад яе прапановы сустрэцца: то ў яго камандзіроўка ў Мінск, то лекцыя ў дальнім райцэнтры, то скульптар прыехаў, з якім яны разам працуюць над манументам.
  Гэта яе не проста засмучала — трывожыла, рабіла злоснай на ўвесь свет. Нават да яго часам успыхвала нянавісць. Але яна гасіла яе разважлівасцю: не трэба паспяшаць падзеі, трэба чакаць, можна зразумець яго асцярожнасць — навошта Дашы даваць козыр, каб аплёўваць яго на судзе, а. заадно і яе, Ніну Іванаўну. Але часам ёй рабілася страшна, А можа, праўда ён хоча ў інстытут, на яе месца? З-за пасады ў наш час могуць адмовіцца нават ад кахання, асабліва ў такім узросце, далёка не юнацкім. Ад гэтай думкі яе кідала ў дрыжыкі, Яка выдумляла страшную кару, якую абрушыць на яго галаву за такую здраду. Адным словам, яна жыла з завірухай пачуццяў — з раптоўнымі пераходамі ад ружовых мар пра сваю будучыню, ад пяшчоты і радасці, калі ўяўляла яго ласкі, да страху І гневу.
  Макаед пранюхаў, што гарадскія ўлады незадаволены пратэстам Карнача супраць «прывязкі» хімічнага камбіната ў Белым Беразе. Чаго ён лезе? Хоча паказаць сябе? Размяшчэнне такіх аб'ектаў вырашаецца не на яго ўзроўні.
  Макаед вярнуўся ў той дзень з такім выглядам, быццам выйграў за трыццаць капеек «Жыгулі». За абедзенным сталом, выпіваючы аперытыўчык, паціраў рукі.
  — Нінуля! Як там грэкі казалі? Каго Юпітар хоча пакараць, таго ён пазбаўляе розуму? Так?
  — Каго гэта ён пазбавіў розуму, твой грамавержац?
  — Карнача. Такі стратэг і тактык быў. Такі лаўкач. Так узнёсся, І вось... закружылася ў чалавека галава. Што не зробіць, дык, прабач, што ў лужыну...
  — А што ён зрабіў?
  — Мала? Самаадвод... Пратэст у Саўмін супраць будаўніцтва камбіната...
  — Ён думае пра будучыню горада.
  — Хэ. У тым і бяда, што ён думае, што адзін ён думае.
  Дыялог адбываўся на адлегласці: ён — у пакоі, яна — на кухні, гатавала салату з яек і трасковай печані. Увайшла ў пакой з салатніцай у руках, убачыла, як Макаед ззяе, як пацірае рукі і... спынілася, не дайшоўшы да стала.
  Гэтая злараднасць да Максіма, з якой яна раней пасміхалася, дражнячы і падбухторваючы Макаеда, цяпер зрабілася нясцерпнай, яна абражала яе.
  — Чаму ты радуешся? — спытала амаль шэптам, усё яшчэ не ставячы на стол салатніцу.
  — Што пад тваім ідалам крышыцца фундамент і ён вось-вось рухне...
  Яна гідліва зморшчылася, быццам наступіла на жабу.
  — Якая ты брыдота! Паганка! Пігмей! Ды ты пазногця яго не варты, слізняк ты лысы!
  Макаед даўно навучыўся разумець, калі Ніна дражніцца, здзекуецца з яго, і, хоць гэта крыўдзіла, захоўваў адносны спакой, часам у добрым настроі нават падыгрываў ёй.
  Але гэтае гнеўнае шыпенне не падобна на дражненне, на забаўку — абы пазлаваць яго. І словы такія яна не гаварыла яшчэ ні разу. Такую абразу нельга дараваць! Трэба хоць раз паказаць свой характар!
  Браніслаў Адамавіч падхапіўся з крэсла.
  — А ну паўтары... паўтары, што ты сказала!
  — Паўтару! Сто разоў паўтару! — не зашыпела ўжо, а закрычала на поўны голас Ніна Іванаўна і кінула салатніцу на падлогу.
  Зазвінелі, разлятаючыся, фаянсавыя чарапкі, тлустае бела-карычневае месіва заляпала палавіну дарагога дывана.
  Браніслаў Адамавіч, ашаломлены такім учынкам жонкі, спалохана адступаў ад стала. Многа яна крыві яму папсавала, але да такога яшчэ не даходзіла ні разу. Звар'яцела баба. Што яна кажа? Што яна кажа? Жах!
  — Не смей гаварыць гадасці пра Карнача! Я люблю гэтага чалавека!
  Ён застагнаў.
  — Ніна...
  — Хочаш ведаць больш! Я яго любоўніца.
  І пайшла ў спальню, гордая сваёй адвагай. Там адчыніла шафу, выкінула з яе на ложак колькі плаццяў на вешалках. Першы парыў быў сабраць чамадан і пайсці адгэтуль назаўсёды. Цяпер, калі зрабіла такое прызнанне, хіба можна заставацца? Але ўжо другая вешалка — з футрам — застыла ў руцэ і быццам сама пацягнулася назад у шафу.
  Толькі ў кіно так проста пакідаюць жонкі мужоў, зразумеўшы іх нікчэмнасць і сваю памылку. У жыцці ўсё больш складана. Куды яна пойдзе з гэтага цёплага гнязда? Да каго? Хто яе чакае? І рэчаў у яе не на адзін чамадан (адных паліто і футраў штук сем) — на добрую машыну. Хваля адхлынула. Адкрыліся каменні быту, камфорту, які прывязваў і звязваў. Смешна ў наш час пакідаць кватэру, на якую маеш права не меншае, чым ён. У апошнія гады, абараніўшы дысертацыю, яна атрымоўвала часам, калі ў Макаеда не ішлі артыкулы, больш за яго і ўсе грошы траціла на ўбранне сябе і кватэры. Багатую кампенсацыю Макаед атрымаў за страту жонкі!
  Не, у Воўчы Лог яна пойдзе, але тады, калі яе паклічуць, на руках панясуць. А цяпер пакуль што трэба біць адбой.
  Прыслухалася, што робіць Макаед. Ні гуку. Як памёр. Гэта яе трохі нават спалохала. Але бясшумна не паміраюць. Ашаломлены так, ці што? Прыгадала, якія вочы ў яго зрабіліся,— як у каровы, якую збіраюцца рэзаць.
  Ніна Іванаўна ўсміхнулася. Цікава, аднак, што ён робіць, у якой паставе сядзіць. Не вытрымала — як дзяўчо, заглянула ў замочную шчыліну. Броніка не відаць было, Пашкадавала, што замест лёгкіх зашклёных дзвярэй яны паставілі гэтыя, дубовыя. На ліха ім дваім гэтая ізаляцыя. Скрываюць яны адно ад аднаго думкі, а не словы. Словы могуць быць любыя, нават такія, як сказала яна. У людзей пасля такіх слоў была б трагедыя. У іх будзе фарс. Яшчэ адзін. Яна не сумнявалася, што пераканае Броніка, што ўсё гэта няпраўда, што яна сказала — абы падражніць яго.
  Нарэшце пачула, як заскрыпела крэсла, як цяжка ўздыхнуў абражаны муж.
  «Жыў курылка».
  А калі забулькаў каньяк (у фужэр налівае) і Макаед, забыўшыся на сваё гора, звыкла кракнуў, Ніне Іванаўне ўжо хацелася зарагатаць.
  Пасля слухала, як ён, крэкчучы і пыхкаючы, падбіраў чарапкі і салату, выціраў дыван. Безумоўна, шкада такой дарагой рэчы. На кухні палілася вада ў пластмасавае вядро.
  «Хоча замываць. Перадасць парашку — і хімія з'есць фарбу на дыване».
  Яна паглядзела ў трумо, знайшла патрэбную ўсмешку і з ёй выйшла са спальні.
  Браніслаў Адамавіч разагнуўся, здзіўлены яе з'яўленнем. З мочанай анучы цякла мыльная вада. Рэшткі потных валасоў, якімі ён звычайна ўмела прыкрываў лысіну, прыліплі да лба, каўнер сарочкі расшпілены, гальштук збіўся набок і вісеў паверх піжамнай курткі.
  У яе зноў варухнуўся чарвяк гідлівасці, але яна тут жа растаптала яго.
  — Ах, які ты малайчына, Бронік. Хіба я магу знайсці лепшага мужа?
  З каровіных вачэй яго пырснулі п'яныя слёзы. Хоць яна ведала яго сентыментальнасць, чуллівасць, але слёзы гэтыя на міг кранулі яе.
  — Ты па-ве-рыў? — расцягваючы словы, нявінна здзівілася яна.
  Браніслаў Адамавіч з сілай пляснуў анучу на дыван, мыльныя пырскі ажно на стол паляцелі. І на яе. Адна-дзве на твар.
  — Ну, дарагі мой. Не ведала я, што ты такой думкі пра сваю жонку. Калі. ты мне паверыў, то што было б, каб ты пачуў такую неверагодную плётку ад каго іншага?
  У адказ ён крутнуў, як ранены бык, галавой і пагрозліва замычаў, хоць адчуваў, што ўжо знясілены і адпомсціць не здолее,
  Ніна Іванаўна асцярожна наблізілася да мужа.
  — Супакойся. Я хацела праверыць, ці засталася ў цябе хоць рэўнасць. Мне даўно здавалася, што ты нават раўнаваць перастаў. Я і цяпер сумняваюся,— яна раптам перайшла ў наступленне.— Калі гэтая ануча пад нагамі,— прыстукнула абцасам дыван,— табе даражэй за жонку... калі ты перш за ўсё падумаў, каб плямы не засталося... Ты бойся плямы на сваім сумленні!.. Ты, як папугай, паўтараеш мне словы пра каханне. Але дзе яно? Я не адчуваю яго. А я хачу кахаць! Я хачу кахаць! — яна прытворна ўсхліпнула.— Ад гэтага я фантазірую чорт ведае што — абы зрабіць табе балюча. Няўжо ты, называючы сябе псіхолагам, не можаш сваім курыным розумам дапяць да гэтага? Не можаш зразумець мяне?
  Браніслаў Адамавіч перайшоў у абарону, пасля здаўся, нават прасіў прабачэння.
  Ніна Іванаўна ўпершыню пасля сваёй радасці ў Воўчым Лозе шчодра ўзнагародзіла мужа — за яго бесхарактарнасць.
  
  XVII.
  Вяселле было — як усе вяселлі ў рэстаране. Яны падобныя, як вайсковыя парады. Ніякай самадзейнасці. Гэта Максіма заўсёды здзіўляла. Калі вяселле, гарадское, праводзіцца дома, на кватэры, яшчэ бываюць нейкія выдумкі, спробы аднавіць даўнія добрыя традыцыі. У рэстаранах ад усяго вясельнага абраду застаецца адно «Горка!», якое крычаць часта і залішне гучна. А новае — адны даўнія і сумныя тосты. Шчасце, калі трапіцца хоць адзін жартаўнік, які можа сказаць нешта вясёлае, пасмяшыць, а большасць паводзяць сябе, як на вытворчай нарадзе, дзе гумар лічыцца легкадумнасцю.
  Максіму напачатку было сумна. Не проста сумна — горка ў іншым сэнсе, чым тым, хто крычаў гэтае слова. І нішто не падсалоджвала гэтае гаркаты — ні пацалункі дачкі і зяця, ні патугі аднаго з Каціных калег — валасатага музыкі рассмяшыць шаноўную бяседу старымі вясельнымі анекдотамі.
  Доўга не мог разгадаць прычыну такога настрою. Здаецца, усё добра. Прабабкіны яму падабаліся ўсё больш. Нават жаніх пачаў падабацца. І госці — як госці. З яго боку іх нямнога. Сёстры не прыехалі. Ігнатовічы таксама не прыехалі, праўда, ён і не запрашаў іх,— Бэта і Даша запрашалі. Веце абяцалі, што будуць. Трымае Герасім дыстанцыю — далей ад такога сябра. З іх горада прыехаў адзін Віктар Шугачоў. Без Полі. Захварэла Кацька. Максім запрасіў чалавек шэсць сваіх мінскіх калег. Архітэктары сядзелі ўсе гуртам з правага боку, пілі чамусьці мала (гэта Максіма непакоіла — чаму?) і горача абмяркоўвалі нейкую сваю архітэктурную праблему, здаецца, усе спрачаліся з адным Шугачовым, але спрачаліся так, што па фізіяноміі было відаць — Віктару падабаліся пярэчанні апанентаў. Максім здагадаўся: сябра правярае на сталічных калегах свой праект забудовы Зарэчча. Весела падміргнуў Шугачову, падумаў: «Здаецца, не арганізаваны чалавек, не любіць прафесійныя размовы, а між тым нідзе не траціць дарэмна часу — усюды правярае сябе».
  Вельмі хацелася перабрацца туды, да сваіх, і за добрай вясельнай чаркай узнаць усе «архітэктурныя плёткі». Але вымушаны быў сесці ў «прэзідыум» — побач з маладымі і з Дашай. Нельга азмрочыць Веце радасці. Прыходзіцца прытварыцца, іграць ролю шчаслівага бацькі і мужа. Можа, ад гэтай раздвоенасці і настрой такі сабачы? Але. Веце варта было ўсё сказаць. Цяпер ён шкадуе, што не зрабіў гэтага да вяселля. Хоць наўрад ці адно Дашына суседства, яе прытворства, паказная ўважлівасць і ласкавасць («Максім, хочаш заліўную? Ты п'еш і не закусваеш. Ап'янееш, мой дарагі») маглі так шкрабці за душу. Ёсць нейкая іншая прычына. Не падабаюцца Веціны сябры: вельмі шумныя. Што ў іх, слабнуць барабанныя перапонкі ад музыкі, ці што? Уласна кажучы, не падабалася не крыклівасць іх у выглядзе і паводзінах — няхай малююцца і шумяць, як хочуць і колькі хочуць, ніякае моднічанне яго не шакіруе, бо ён ведае, што форма не заўсёды адпавядае зместу і, наадварот, нават у людзей сталых, што казаць ужо пра такіх юнакоў і дзяўчат, якія ўяўляюць сябе велікімі акцёрамі. Не падабалася іх непаважлівасць, крыўдная абыякавасць да гасцей, якія запрошаны сватамі.
  Іх госці — ваенныя сябры, афіцзры-адстаўнікі, інваліды, у кожнага па некалькі планак ордэнаў на шырокіх лацканах касцюмаў, што выйшлі з моды. Адзін палкоўнік прыйшоў у вайсковай форме, з усімі ордэнамі. Свацця Ганна Цітаўна таксама прыйшла ў гімнасцёрцы з ордэнамі, пусты правы рукаў засунуты за папругу. Гэта кранула Максіма да слёз. Але, інакш яна не магла прыйсці на вяселле сына. Гэта не ігра. А ён чуў, як упачатку, пакуль не пазнаёміліся, нехта з маладых кпіў: «А гэта баба з якога спектакля?»
  Гэтая баба з таго вялікага спектакля, «ігра» ў якім Галі Прабабкінай і мільёнаў такіх, як яна, як гэты сівы палкоўнік, дало вам, крыкунам, шчасце вучыцца музыцы, вось так адзявацца і нават быць скептыкамі.
  Даша таксама прашаптала:
  «Што гэта яна ўбралася так, наша свацця? Як на маскарад».
  Божа мой! Якая душэўная глухата! Адным — спектакль, другім — маскарад. Няўжо так цяжка зразумець гэтую жанчыну?
  Веціны сябры слухалі тосты сваіх калег, не вельмі ўважліва слухалі архітэктараў і амаль зусім, парасяты, не слухалі сталых, сівых людзей з ордэнскімі планкамі на грудзях. Безумоўна, яны гаварылі не так дасціпна і не так вытанчана, як Рамашэвіч, прафесар гісторыі архітэктуры, які яшчэ дваццаць пяць гадоў назад зачароўваў на лекцыях яго, студэнта Карната, што сядзеў у аўдыторыі вось у такой гімнасцёрцы, толькі больш паношанай і не так чыста памытай. Адстаўнікі гаварылі па-рознаму: адны — каротка і проста, другія, асабліва, калі падпілі, успаміналі, як жаніліся на вайне. Палкоўнік расказаў, як жаніліся Прабабкіны.
  «Мы, афіцэры, гатавалі вясельную вячэру, а нявеста са снайперскай вінтоўкай сядзела на елі. І зняла ў той адвячорак фашысцкага афіцэра.
  Ганну Цітаўну ўсе называлі проста Галяй. Гаварылі пра яе многа і прачула, забываючыся часам на маладых, на сына яе, на нявесту. Гаварылі так, быццам адзначалі яе юбілей. Максім бачыў, што ніводная з жонак афіцэрскіх не скрывілася, як гэта часта бывае, калі замнога гавораць пра адну жанчыну. Крывілася адна Даша. І тым больш яго абурала няўважлівасць моладзі, яе крыклівасць і смех, які часта выбухаў зусім недарэчна.
  «Няўжо ім так далёка ўсё тое, што для нас з'яўляецца святым? Няўжо нават гэтая жанчына без рукі, гаспадыня вяселля, пра якую тут расказваюць легенды, нікога з іх не зацікавіла? І няўжо я так адарваўся ад моладзі, што не разумею яе?»
  Не, ён амаль штодня бывае на будоўлях, дзе працуе моладзь — тыя, хто не выцягнуў шчаслівага білета на экзаменах, і тых, хто нават не адважыўся цягнуць яго, гэты білет. Ім нялёгка яшчэ працуецца, будоўля — не цёплы цэх з аўтаматыкай. І нялёгка жывецца: інтэрнаты пакуль што — не дамы адпачынку. Усяго можна пачуць у рабочых інтэрнатах: і класічную музыку і брудны мацюк. І можна ўбачыць такое, ад чаго душа баліць. Але ён, Карнач, упэўнены, што калі б тут былі рабочыя, напрыклад, увесь той інтэрнат, дзе жыве Галя Данілава, яны, нават за вясельным сталом, не маглі б не слухаць, што расказваюць гэтыя пасівелыя людзі, у кожнага з якіх вось ужо трыццаць гадоў баляць раны, фізічныя і душэўныя. Дарэчы, сябры жаніха — спартсмены паводзяць сябе інакш. Яны — што пераапранутыя салдаты. Трохі нялоўкія, скаваныя, але пільныя і ўважлівыя — ловяць кожнае слова і ветэранаўскае і студэнцкае.
  Максім зноў — у каторы раз — падумаў, што не туды трапіла Вета. Музыкі з яе не выйдзе — сярэдненькая піяністка для самадзейнасці, а гонарам, пыхай, акцёрскім самалюбствам можа заразіцца і будзе атручваць пасля жыццё і сабе і мужу.
  Ён спытаў у Дашы:
  — Табе падабаюцца Веціны сябры?
  — Віліны? А што? Цяпер уся такая моладзь. Ты хочаш, каб яны сядзелі, як на памінках. Як ты. Што табе не падабаецца?
  — Мне ўсё падабаецца.
  Ён падняўся і на правах аднаго з гаспадароў стала прапанаваў:
  — Ведаеце што? Пайшлі танцаваць.
  Моладзь радасна падтрымала. Прабабкіным, магчыма, такая яго узурпацыя не падабалася г яны і госці іх засталіся за сталамі. Сядзелі ў банкетнай зале рэстарана «Юбілейны», аркестр іграў у вялікай зале, дзе ў гэты суботні вечар было поўна народу.
  Максім стараўся танцаваць з Вецінымі сяброўкамі, каб пагутарыць. Не выходзіла. Адны чамусьці замыкаліся, як бы адгадваючы яго камер, іншыя неразумна какетнічалі і малолі пустую лухту. Гэта яго яшчэ больш расчаравала. Расхацелася танцаваць.
  Падляцела Даша, расчырванелая, запыхканая:
  — Мы даўно з табой не танцавалі.
  — Не хачу.
  Яна паказала яму язык і падхапіла спартсмена.
  Максіму зрабілася брыдка глядзець, як Даша выкручваецца ў модным танцы.
  Ён вярнуўся да стала, але не ў прэзідыум, а падсеў да сваіх калег — да Рамашэвіча, да Віцькі Шугачова, які ніколі не танцаваў, а еыпіць і закусіць любіў, хоць і пакутаваў пасля ад болю ў печані.
  Шугачоў паспеў ужо сапсаваць прафесару настрой, раскрытыкаваўшы яго апошнюю працу па тэорыі архітэктуры савецкага часу. Не згаджаўся з яго ацэнкай жылля, збудаванага да вайны. Рамашэвіч, лекцыя якога лілася што песня, пісаў цяжка, думка ёсць, а чытаеш — быццам каменні варочаеш. Некалі, у маладосці, калі Максім быў яшчэ студэнтам, Рамашэвіч сам з іроніяй казаў ім пра гэта. Але цяпер, уведаўшы смак славы, крытыку сваіх прац прынімаў далікатна, як належыць інтэлігенту, аднак з душэўным болем.
  Максім здагадаўся, што Шугачоў мог нагаварыць, і пастараўся «залізаць» старому раны. Нямнога засталося сяброў, якіх ён захацеў запрасіць на вяселле дачкі. Дык навошта, каб яны падрапалі тут адзін аднаго? У прафесара нямала недахопаў, але працуе ён, што вол, на факультэце, у Саюзе архітэктараў, дома за пісьмовым сталом, у мностве секцый, камісій, рэдкалегіі Такога чалавека нельга не паважаць.
  Максіму захацелася добра выпіць са сваімі. Там, побач з Дашай, нічога не лезла ў горла. Каму сапраўды было горка,— дык гэта яму.
  — Давайце, дойліды, вып'ем.
  — За тваю дачку, Максім.
  — Не. За Уладзіміра Восіпавіча. За вашу працу, прафесар.
  — За якую? — спытаў Рамашэвіч, нядобразычліва зірнуўшы на ШугачоЕа.
  — За ўсю працу. Вялікую і шматгранную. Вы наш хросны бацька.
  — Функцыянальная мэтазгоднасць дыктуецца ўзроўнем патрэбнасцей грамадства. Папярэднікі нашы разумелі гэта лепш, чым мы,— упарта працягваў сваю думку ап'янелы Шугачоў.
  — Бясспрэчная ісціна, Шугачоў,— прафесару хацелася з гонарам еыйсці з баталіі, ён радаваўся, што з'явіўся Карнач, які на ўсіх банкетах умеў прымірыць самыя палярныя групы. Рамашэвіч, як і Максім, не любіў прафесійных дыскусій у нецвярозым стане.
  — Хваліце, хваліце адзін аднаго,— панура адгукнуўся п'яны госць Прабавіўшых, поўны чалавек, які сядзеў напроціў архітэктараў, хоць перад гэтым ніхто нікога не хваліў, наадварот, спрачаліся.— А вас трэба,— ён энергічна махнуў рукой, як адсек шабляй,— кры-ты-каваць!
  — Мы чакаем не дачакаемся такой крытыкі,— пажартаваў Максім.
  — Да? Чакаеце? — лагодна ўсумніўся госць, але, зразумеўшы, што з яго кпяць, абурыўся: — Ты — свяціла! А як ты будуеш? Я не магу знайсці свайго дома.
  — Сёння гэта сапраўды цяжка зрабіць. Туман.
  Архітэктары засмяяліся.
  — Ржэце? Да? А трэба плакаць. Туман? А хто напусціў яго?
  Ганна Цітаўна, мабыць, ведала натуру гэтага госця ці пачула, як ён размаўляе са сватам і яго сябрамі. Паклікала:
  — Антон Іванавіч!
  Таўсцяк адразу падняўся.
  — Галя! Адну цябе люблю. А яны...— і махнуў рукой так, быццам хацеў змесці ўсю кампанію архітэктараў.
  Не смяяўся толькі Шугачоў. Пазмрачнелы раптам, што з ім здаралася рэдка, калі выпіваў, Віктар хацеў адно: сур'ёзна спрачацца пра планіроўку і праектаванне жылых раёнаў. Можа, п'янаватаму чалавеку здавалася, што калі ён дакажа ўсім, што нельга будаваць па нормах, якія існуюць, то, хоць нарматывы ад гэтага не зменяцца, яму будзе лягчэй працаваць над сваім Зарэччам, усведамляючы, што ўсе яго падтрымліваюць і разумеюць. Яго ўзлавала і засмуціла, што тэарэтык, прафесар, аўтар кніг, па якіх вучыўся Ігар і вучыцца Вера, пераканана даказваў, што архітэктар нашага часу мае такія магчымасці, пра якія дойліды мінулага не маглі марыць. А шэрасць тлумачыцца проста — масавасцю. Маштабы будаўніцтва прызвалі цэлы корпус архітэктараў, якіх хутка і дрэнна вучылі і якія не накапілі яшчэ вопыту.
  Прафесар сыпаў цытатамі: «Юнацтва і здароўе гарантуюць магчымасць многа вытвараць, але патрабуюцца дзесяткі гадоў, каб вытвараць добра».
  Хто гэта сказаў?
  «Праблема дома — праблема эпохі».
  Сто разоў чуў і ніколі не згаджаўся. Начотчыкі вы і талмудысты! Прыгожа ўмееце гаварыць.
  Яны кпілі з «крытыка», які не можа знайсці свайго дома. Шугачоў асек жарты калег.
  — Ён здорава сказаў. Напускаем туман. У тумане гэтым адзін аднаго не бачым. А нас не бачаць людзі, якія маюць уладу вырашаць нашы праблемы. Адзін Рамашэвіч можа накапціць столькі, што свету белага не ўбачыш.
  Архітэктары сціхлі ў прадчуванні скандалу.
  Максім абурыўся:
  — Віця! Ты псуеш мне свята. Прасі прабачэння ва Уладзіміра Восіпавіча.
  — Навошта прабачэнне? Творчая дыскусія. У нас і не такое можна пачуць,— сказаў прафесар амаль весела, каб не псаваць свята, але відно было — пакрыўдзіўся.
  Зноў іх выручыла Ганна Цітаўна. Як яна пільна сачыла за ўсімі гасцямі! І як ёй хацелася, каб вяселле было вяселлем!
  Падышла непрыкметна з-за спіны Максіма, паклала свату руку на плячо.
  — Не абрыдлі вам, мужчыны, сур'ёзныя размовы? Хадземце танцаваць. Хто хоча са мной станцаваць вальс?
  Максім убачыў, як сумеліся яго сябры, што сядзелі напроціў, цераз стол.
  — Я нядрэнна танцавала,— упалым голасам сказала жанчына.
  Максім падхапіўся.
  — Я! Ганна Цітаўна!
  Усе пацягнуліся за імі ў агульную залу, каб паглядзець, як будзе танцаваць гэтая незвычайная жанчына ў салдацкай гімнасцёрцы, з ордэнамі і медалямі, з пустым рукавом. Нават Шугачоў, якога дагэтуль, здавалася, нічога не цікавіла, акрамя яго архітэктурных праблем ды жадання даказаць прафесару, што ад тэарэтыкаў нямала залежыць, калі савецкая архітэктура зробіць новы якасны скачок, таксама пайшоў, хоць ніколі не танцаваў і не любіў танцаў у рэстаране,
  У зале танцавалі пад модную песеньку, зусім невясёлую — мінорную. Шугачова і гэта ўзлавала, бо танец як бы пацвярджаў яго нязгоду з Раманавічам, Выходзіць, нават пад жалобны марш Шапэна можна выкручвацца так, як выкручваюцца доўгавалосыя хлопцы і Максімава Даша. А значыцца, і пад любыя «архітэктурныя ноты» — тэорыі «танцаваць» можна, як каму ўздумаецца. Яму, традыцыяналісту Шугачову, выхаванаму на ўзорах класічнай архітэктуры, цяжка прыняць гэты разрыў паміж тэорыяй, багатай і стройнай, і практыкай, у якой вельмі часта ад прыгожых прафесарскіх разважанняў застаюцца ножкі ды рожкі. Дзіўна, што прафесар лічыць гэта заканамерным. Ідзе вялікі эксперымент, кажа ён, ва ўсіх відах і жанрах мастацтва. Пішам сур'ёзную музыку, а танцуем вось так...
  Ганна Цітаўна сама падышла да аркестрантаў і заказала вальс. Тыя доўга раіліся паміж сабой, гарталі ноты.
  Шугачоў чамусьці са страхам падумаў? «Няўжо не ўмеюць?» Дзіўна, яму, звычайна абыякаваму да танцаў і да музыкі ўвогуле, раптам вельмі захацелася, каб зайгралі вальс — той, стары і знаёмы, пад які танцаваў некалі і ён. Не, не з Поляй. У Берліне, на плошчы, у Дзень Перамогі. З незнаёмымі зенітчыцамі.
  Яго спадзяванні апраўдаліся. Праўда, зайгралі не той вальс, пра які ён думаў, але таксама знаёмы, ваенны — «Асенні сок».
  Першымі выйшлі на круг два старыя інтэлігенты, сівыя ўжо людзі, па ўсяму відно — муж і жонка. Выйшлі трохі няўпэўнена, яўна хвалюючыся. Але ўспамін маладосці, падагрэты віном, што выпілі за вясельным сталом, перамог усё. І праз хвіліну яны забыліся на свае гады. Зніклі цяжкаватасць і скаванасць. З'явіліся лёгкасць і грацыёзнасць у гэтых паўнаватых ужо людзей. За імі выйшла маладая пара, элегантна адзетая, аднаго росту, падобныя, як брат і сястра. І грацыёзныя ў кожным руху з першых жа тактаў — быццам экзамен здавалі ў школе бальных танцаў.
  Рамашэвіч запрасіў Дашу. Але яны не выйшлі, бо раней за іх на круг выйшлі... Ганна Цітаўна і Максім. І тады яны спыніліся. Відаць, многія, хто падышоў, каб станцаваць вальс, таксама спыніліся сярод гледачоў. А потым пачалі падыходзіць іншыя цікаўныя з глыбіні залы. І ўсе глядзелі на гэтую незвычайную пару, на гэтую пасівелую жанчыну, якая як бы прыйшла адтуль, з вайны, з перадавой. Нібы знарок — для кантрасту — кружыліся ён і яна, маладыя і прыгожыя, што нарадзіліся пасля вайны і мелі шчасце танцаваць так часта, што давялі сваё ўменне да віртуёзнасці. Але глядзелі не на іх. Глядзелі на Ганну Цітаўну, якая яўна даўно не танцавала ўжо, нязвыкла ёй і нязручна трымаць толькі адну руку на плячы партнёра. Нават аркестрантаў кранула нешта — ці майстэрства маладых, ці душэўны ўзлёт гэтай жанчыны,— і яны ігралі не парзстараннаму, з уздымам.
  Сабраўся цэлы натоўп, як на танцпляцоўцы ў санаторыі.
  Шугачоў, якому спрэчка з прафесарам сапсавала настрой,  адчуў, што яму хораша — трохі сумна, але радасна. І ён заплакаў. Натуральным чынам. Ад замілавання, захаплення, ад перамогі жыцця. Слёзы цяклі па шчоках, і ён не саромеўся іх, выціраў далоняй, забыўшыся на насоўку.
  Усё навокал як бы заззяла фарбамі вясёлкі. Усё ж добра ў гэтым свеце. І праца яго. І тэорыя Рамашэвіча. Дарэмна пакрыўдзіў старога. Трэба папрасіць прабачэння. І гэтая моладзь. Танцы іх — гэта ж фарбы энергіі і радасці, што часам пераходзіць у дзіцячую гарэзлівасць. Хіба ж не такі вясёлы і жыццярадасны раён збудаваў ён у сваёй галаве? І збудуе ў Зарэччы! Абавязкова збудуе.
  У пачатку вальса Ганна Цітаўна зноў нагадала, як бы апраўдваючы сваё жаданне:
  — Я добра танцавала,— і, прайшоўшы паўкруга, растлумачыла, калі гэта было: — Маладая.
  Максім са смуткам падумаў: колькі ў яе было тае маладосці? У васемнаццаць гадоў — на фронт. Што ёй адказаць?
  — У маладосці ў мяне не хапала часу на танцы. Навучыла жонка. Яна не магла жыць без танцаў.
  — У вас цікавая жонка.
  — О, о! Вельмі цікавая.
  — Але сёння яна чамусьці нервуецца.
  — Праўда? Ды не... Яна заўсёды такая.
  Ганна Цітаўна адказала не адразу:
  — Заўсёды такой быць нельга.
  — Яна можа.
  Тут, у кутку ля аркестра, асвятленне паўзмрочнае, з каляровай падсветкай, але Максім убачыў, як свацця стараецца зазірнуць яму ў вочы, прачытаць настрой і думкі.
  «Праніклівая жанчына. Няўжо здагадваецца пра нашы адносіны? Ці Даша расказала Веце? Прасіў жа не расказваць да вяселля. Але што ёй да душэўнай раўнавагі блізкіх?»
  — Стары хірург, што адразаў мне руку, чуць не самлеў, калі ўбачыў, як праз паўмесяца пасля аперацыі я вальсірую ў калідоры шпіталя пад музыку па радыё.
  Ад спазмы ў горле заняло дыханне, і Максім збіўся з такту.
  Першыя сышлі з круга маладыя. Ведалі сабе цану, як добрыя акцёры, і баяліся перайграць. Артыстычна сышлі. І, напэўна, былі расчараваны: іх быццам і не заўважылі. Але аркестр, відаць, стараўся для тых, маладых віртуёзаў, і адпомсціў за няўвагу да іх: скончыў ігру нечакана, збіўчыва.
  Усё адно Ганне Цітаўне і Максіму запляскалі. Толькі тады жанчына ўбачыла, як многа сабралася вакол людзей, і збянтэжылася, засаромелася.
  Даша сустрэла яго на лесвіцы. Максім спускаўся ўніз, у туалет. Яна паднімалася наверх: падфарбаваная, але ўсё адно бледная — паблеклая нейкая, стомленая, пакуль не ўбачыла яго, паднімалася, панурыўшы галаву, цяжка абапіраючыся на парэнчы. Нельга столькі піць і танцаваць у яе ўзросце. Даўно ж скардзілася на сэрца. Упершыню за многа месяцаў Максім падумаў пра яе з клопатам, як пра блізкага чалавека, пашкадаваў нават. «Нервуецца»,— успомніў назіранні свацці. Але, усё гэтае выкручванне яе з маладымі — ад роспачы.
  Убачыла яго — ажывілася, здаецца, амаль узрадавалася.
  — Ты!
  Быццам яны не сядзелі толькі што поплеч за вясельным сталом. А ўласна кажучы, і не сядзелі, бо далёка яны там былі адно ад аднаго.
  Максім хацеў прайсці міма, але падумаў, што, магчыма, сапраўды ёй блага, таму і ўзрадавалася так, што побач апынуўся ён і можа падтрымаць, памагчы.
  Не, засмяялася Даша нявесела, але не як п'яная і не як чалавек, які можа вось-вось самлець.
  — Ты!.. М-м-ой бла-го-го-верны...
  — Не крыўляйся, калі ласка.
  Тады яна спытала сур'ёзна, кіўнуўшы наверх:
  — Табе падабаецца гэты маскарад?
  — Чаму маскарад?
  Яна памаўчала, падумала — чаму? Растлумачыла своеасабліва:
  — Не такога мужа я хацела Вілі. І не такіх сватоў сабе.
  Спагада да яе патанула адразу — бултыхнулася, як камень у палонку. Нават кругі не пайшлі. З'явіліся насмешлівасць, сарказм, які заўсёды ратаваў яго і моцна біў па тым, на каго скіроўваўся.
  — Тваіх жаданых сватоў пужнулі ў семнаццатым. Яны — у Парыжы. Але не князі ўжо. Шафёры і швейцары...
  Яна грэбліва скрывілася:
  — Ах, як астравумна! Зарагачы! Я хацела, каб Біля ўвайшла ў музычную сям'ю. А не ў сям'ю домаўправаў.
  — У кожнай сям'і — свая музыка.
  — О, так! — раптам сур'ёзна згадзілася Даша.
  У зале зайграў аркестр. Яна падняла галаву, прыслухалася, і вочы яе нездарова бліснулі.
  — Не танцуй больш,— добразычліва параіў Максім.— Ты кепска выглядаеш.
  Даша хліпнула, быццам хацела выціснуць плач, але не заплакала, наадварот, засмяялася.
  Максім ступіў уніз, але яна затрымала яго.
  — У цябе ёсць грошы?
  — Грошы?
  — Свацця сказала, што не хапае разлічыцца за гэтае п'янства. Патрабуе дзвесце рублёў.
  Максіму зрабілася неяк няёмка і непрыемна. Ён сам гаварыў з Прабабкінымі аб аплаце вяселля. Паколькі з іх, карначоўскага, боку гасцей значна менш, Ганна Цітаўна проста, па-дзелавому назвала суму, якую яны павінны ўнесці, недзе адну трэць усіх затрат. І ён, Максім, гэтак жа проста аддаў ёй грошы. Што ж, выходзіць, перадумалі сваты? Ад гэтага зрабілася непрыемна. Але на нейкі міг. Тут жа ён з вясёлым цынізмам падумаў: «А чаму не перадумаць? Чаму не сарваць калым? За жаніха ў наш час трэба добра заплаціць. Да таго ж, людзі, далёкія ад маёй прафесіі, думаюць, што архітэктары грабуць грошы лапатай».
  Грошы ў яго былі. Пазычаныя. У Полі. Поля сама навязала іх. Калі яны з Віктарам збіраліся ехаць сюды, у Мінск, спытала, колькі ў яго грошай. Грошай у яго было мала. Поля сказала, што з такімі грашамі бацьку нявесты ехаць на вяселле нельга, усялякая нагода можа здарыцца. І прапанавала пазычыць. Дала трыста рублёў дробнымі купюрамі — дзесяткі, пяцёркі, тройкі. Адразу відно: доўга збірала. На абноўкі дзецям. Ці, можа, таксама на вяселле — думала пра Ігараву жаніцьбу, пра Верына замужжа.
  Максім ніколі не шкадаваў грошай, яны не затрымліваліся ў яго кішэні, колькі ні зарабляў. А тут, гэтых, пазычаных пяцёрак і троек, што тоўстай пачкай ляжалі ў кішэні, яму зрабілася шкада. Ажно брыдка зрабілася. На што шкадуе? На вяселле дачкі? Не апраўдвай, што шкадуеш таму, што гэта — Поліны грошы, так нялёгка сабраныя ёй. Якая розніца Полі, куды ты іх патраціш і якімі купюрамі вернеш — сотняй троек ці трыма светла-ружовымі паперкамі?
  Ён хутка засунуў руку ў нутраную кішэню, адгарнуў пальцамі дзве ці тры паперкі (на білет дадому), выхапіў увесь пачак, працягнуў Дашы. У твар ёй не глянуў — што на ім адбілася. Цераз дзве ўсходцы сігануў уніз.
  Толькі ва ўмывальніку, перад люстрам, падумаў, што было б больш лагічна і правільна самому прапанаваць гэтыя грошы Ганне Цітаўне. Чым бы яна апраўдвала сваё патрабаванне?
  Адмахнуўся ад думак пра грошы: глупства. Ёсць пра што думаць! Але настрой яшчэ больш сапсаваўся. Вяселле шумела весялей. Людзі перазнаёміліся, падпілі, Віця Шугачоў і Рамашэвіч памірыліся і, як студэнты, пілі на брудэршафт. Архітэктары цалаваліся з адстаўніком, які часта не знаходзіў свой дом.
  Максім злавіў сябе на тым, што яму захацелася напіцца да такога ж стану — каб не знайсці дом. Ведаў — дрэнная прыкмета. Стараўся стрымацца. Вярнуўся да маладых, сеў побач з Віялетай.
  Дачка за адзін гэты ўрачысты дзень змянілася да непазнавальнасці. Яшчэ ўчора яна была зусім іншай — такой, якой ведалі яе дома з малых год,— да ўсяго, што рабілася ў падрыхтоўцы да вяселля, ставілася з легкадумнай весялосцю, як да дзіцячых забавак. Гэта непакоіла бацьку: ці не модная забаўка для яе і замужжа? А сёння, на вяселлі, яна... не, не сумная, але ўжо не бяздумна-бесклапотная — сур'ёзная, як перад уступным экзаменам.
  Здзівіла яе гаспадарлівая ўважлівасць.
  «Карык, па-мойму, на тым канцы няма чаго піць... Перадай рыбу на левае крыло. Нам тут наставілі, як касцам».
  Калі крычалі «Горка!» — паднімалася першая і першая цалавала мужа, без збянтэжанасці, сарамлівасці, умела, як на сярэбраныя вяселлі, хіба толькі залішне працягла.
  Раней засмучала Веціна легкадумнасць. Але і гэтая яе сталая практычнасць не парадавала. Матчыны кантрасты. У Дашы заўсёды адсутнічала пачуццё меры. Чаго добрага, такая Вета, якой паказала сёння сябе за сталом, праз тыдзень захоча камандаваць Ганнай Цітаўнай. Добрага жыцця ад гэтага не будзе ні ёй, ні мужу, ні бацькам яго.
  Трэба з Ветай пагутарыць. Безумоўна, не цяпер і не тут.
  Яна і аб ім праявіла клопат.
  — Стаміўся, тата?
  — А ты?
  Усміхнулася.
  — Нявеста не мае права стамляцца. Крытыкаваць табе нічога не хочацца?
  — Усё добра.
  Вось так: ён у гасцях тут.
  — Ганна Цітаўна заказала яшчэ гарэлкі. Дарэмна.
  «Ад чаго гэта — ад скупасці ці ад боязі, што нехта
  нап'ецца? Як я дрэнна ведаю сваю дачку».
  — Я задам табе адно банальнае пытанне.
  — Ці шчаслівая я?
  — Сямейнае шчасце — разуменне, для праверкі якога патрабуецца час. І немалы.
  — У цябе быў час для праверкі. Ты шчаслівы?
  — У бацькоў пра гэта не пытаюць.
  — Чаму? Мама ўчора сказала, што яна няшчасная.
  — Ты ведаеш сваю маці. Настрой — уладар яе. Я не хацеў бы, каб ты была падобная на маці... у сям'і.
  — Вось ты і адказаў на маё пытанне. Скажы: можна, каб усё жыццё любіць чалавека?
  — Можна. Гэта якраз тое, што называюць шчасцем.
  Карней, які размаўляў з адным са сваіх п'янаватых сяброў, адчапіўся ад таго і нахіліўся да іх, каб паслухаць, пра што гутараць бацька і дачка.
  — Давай тваё банальнае пытанне. Адкажам разам з Карнеем,— яна палажыла сваю руку на руку мужа.
  У той міг, калі яны засталіся ўдваіх у шумнай зале, упершыню за ўвесь тлумны дзень, у яго з'явілася дзіўнае жаданне спытаць у дачкі... ці хоча яна мець дзіця? Зусім не банальна. Пра банальнасць ён сказаў, каб надаць пытанню адценне жартаўлівасці. Аб усім іншым так ці інакш яны гутарылі раней. Такое ж пытанне да яе замужжа не магло ўзнікнуць. Магчыма, і цяпер яно недарэчнае і ў пэўным сэнсе бестактоўнае. Але яму хацелася ведаць адносіны дачкі да таго, што стала пачаткам разладу ў іх адносінах з Дашай. Ведаў: Вета здзівіцца. Ведаў: адкажа, што трэба скончыць кансерваторыю. Але па тым, як яна здзівіцца і як скажа пра вучобу, можна будзе што-небудзь зразумець, супаставіць і параўнаць. Але цяпер у размове ўдзельнічаў трэці — яе муж. І Максім амаль узрадаваўся, што Карней перашкодзіў яму спытаць пра такое: усё-такі залішне тонкая і далікатная тэма для размовы бацькі з дачкой.
  — Я хацеў спытаць... ці любіш ты мяне?
  — Тата! — Вета засмяялася, абняла яго за шыю і тройчы пацалавала ў шчаку.
  Пасля Вецінага запытання «Стаміўся, тата?» і размовы з ёй ён сапраўды адчуў стомленасць. Ледзь дачакаўся, пакуль госці пачалі разыходзіцца. З ім развіталіся, як з гаспадаром. А ён выйшаў, ні з кім не развітаўшыся. З дачкой, зяцем, сватамі заўтра сустрэнецца.
  Але ў фае яго чакала Даша. Узяла пад руку. Максіма ажно перасмыкнула. Менш за ўсё хацелася зараз выслухоўваць яе, адгадваць чарговую хітрасць, а без хітрасці, скіраванай на ўласную выгоду, жанчына гэтая не гаворыць ніводнага слова.
  Амаль груба вызваліў руку.
  — Што, зноў не хапіла грошай?
  Даша зрабіла выгляд, што пакрыўдзілася.
  — Ты можаш без грубасці? Не хачу ісці начаваць да сватоў. Ненавіджу тваіх Прабабкіных, Вазьмі мяне ў гасцініцу.
  Што гэта, спадзяванне на прымірэнне? Позна. Трэба сказаць ёй рашучае «не». Але не сказаў. Задумаўся. Яна чакала, лісліва заглядваючы яму ў твар. Максім думаў не пра яе і не пра адносіны з ёй. Усё вырашана, і не можа быць адступлення і кампрамісу, залішне часта ён ішоў на кампрамісы, хопіць. Ён падумаў пра дачку і пра сватоў. Нядобра, што нявесту ўбіралі ў кватэры жаніха. Варта было б заняць добры нумар у гасцініцы. Не атрымалася. З-за іх, з Дашай, разладжанасці. Ехалі сюды паасобку. Яна, маці, прыехала раней і начавала ў будучых сватоў. А цяпер? Што яны падумаюць? Хацелася, каб усё адкрылася не сёння. А гэтая п'яная баба, так настроіўшыся супраць зяця і сватоў, можа проста нахаміць і моцна сапсаваць людзям святочны настрой. Лепш ужо няхай трывае ён адзін.
  Максім панура пасунуўся да вешалкі, шукаючы ў кішэні нумар. Даша ішла следам, прыціхлая, пакорлівая, але на вуснах яе блукала пераможна-хітрая ўхмылачка.
  У вестыбюлі гасцініцы каля адміністратара тоўпіліся людзі, хоць пераваліла за поўнач. Месцаў не было, аднак камандзіровачныя, як веруючыя ў месцы пакланення, спадзяваліся на цуд ці на літасць немаладой «багіні» з адбеленымі валасамі і затынкованымі пудрай маршчынамі, што сядзела за свяшчэннай загародкай, абыякавая да любых, самых высокіх, слоў і малітваў, акрамя аднаго слова: «браня».
  На ліфце яны падняліся на пяты паверх, дзе Максім меў нумар на аднаго.
  Дзяжурная па паверху — новая, не тая, якой Максім аддаў ключ удзень. З выгляду простая жанчына, але яўна незадаволеная ці то сваім начным дзяжурствам, ці ўвогуле сваім жыццём.
  Калі Максім сказаў нумар пакоя, агледзела яго і Дашу падазрона і спытала недаверліва:
  — Вы ў нас жывяце? Як ваша прозвішча?
  Прозвішча пераканала жанчыну, што чалавек гэты
  сапраўды жыве тут, але цяпер падазроная ўвага яе цалкам пераключылася на Дашу.
  — А вы?
  Даша не абурылася — засмяялася. Расшпіліла футру, паказаўшы сваё іскрыстае вячэрняе плацце, і села ў мяккае крэсла напроціў дзяжурнай, як бы адчуўшы, што тлумачыць Максіму прыйдзецца доўга.
  — Гэта — мая жонка. Мы былі на вяселлі. Выйшла замуж дачка. Яна тут вучыцца, у кансерваторыі. Жонка начавала ў сватоў. Але цяпер, калі там маладыя... іншыя госці... ведаеце, не хапае месца, кватэра невялікая...
  Стрымліваючы раздражнёнасць, ён стараўся расказаць даверліва і пераканаўча — спадзяваўся, што такая, падзея, як вяселле, не можа не зацікавіць маладую жанчыну. Адзін на адзін ён пераканаў бы любую сухастоіну, любую «сінюю панчоху». Але перашкаджала Даша. Яе яўна забаўляла, што ён вымушаны даказваць, што яна — яго жонка. Непрыстойна для свайго ўзросту паклала нага на нагу, вышэй, чым трэба, падцягнула плацце. Больш таго — здзекавалася:
  — Гэта вы так пільнуеце нашых мужоў? Клас! Дарэмна мы баімося адпускаць іх у камандзіроўкі. Ад імя жанок прыношу вам глыбокую падзяку.
  Выглядам сваім і паводзінамі Даша разбурала ўсе яго пераконаны!. Максім стараўся настроіцца на гумарыстычны лад. Але гумар, які выратоўваў у больш цяжкіх абставінах, тут з лёгкага і бліскучага рэчыва ператвараўся ў цяжкія чорныя каменні. Каб ён хоць адзін такі «гумарыстычны» камень шпурнуў у Дашу, яна не засталася б сядзець у гэтай недарэчнай паставе. І начаваць ёй тут не прыйшлося б. Але, спапяляючы сябе злосцю на абедзвюх гэтых баб з іх дзіўнай логікай, ён мусіў стрымліваць усе іншыя эмоцыі, акрамя вясёлай пачцівасці да дзяжурнай. Ды тая ні на якую  нажыўку не клявала, нічога яе не цікавіла.
  — Пашпарт у вас ёсць? — спытала яна ў Дашы.
  — Пашпарт у цябе ёсць? — нецярпліва ступіў да Дашы Максім. Чорт вазьмі, з гэтага трэба было пачынаць. Навошта столькі слоў, калі ёсць паперка! Вераць паперцы — не чалавеку.
  Даша зазірнула ў рыдыкюльчык.
  — Пашпарт я не ўзяла.
  Дзяжурная як бы ўзрадавалася, што западозрыла нячыстае, і голас яе, сонны і флегматычны дагэтуль, набыў фарбы здзіўлення і гумару:
  — І пашпарта ў вас няма? Мілая мая!
  — Навошта мне пашпарт, калі ў мяне ёсць муж,— раздражнёна сказала Даша.
  Магчыма, словы гэтыя ці Датына раздражнёнасць уздзейнічалі на дзяжурную больш, чым што іншае. Яна пачала як бы апраўдвацца, але не перад Дашай, перад ім, гаспадаром нумара:
  — Не магу я прапусціць вас абаіх у такі час. Не маю права. У нас строга.
  — У вас проста манастыр! Ханжаства! — Даша пачала злавацца.
  — Схадзіце да дзяжурнага адміністратара.
  Максім спускаўся па лесвіцы, і ў яго кружылася галава. Здавалася, што лесвіцы не будзе канца, яка закружыць яго, і ён праваліцца ў гулкую бездань. У рэстаране ён адчуваў, што выпіў лішняе. Але потым наступіла працверазейце. Даша працверазіла, як заўсёды,— праблема, якую яна падкінула. З'явілася моцнае жаданне вырвацца на вуліцу, на марозны вецер, і пайсці да каго-небудзь з сяброў. Няхай застаецца з усімі сваімі праблемамі. Няхай думае пра начлег сама. Спажывачка. Не. Не мог ён пакінуць яе ў гэтым абразліва недарэчным становішчы.
  Спусціўшыся ў вестыбюль, ён узрадаваўся, як дзіця, што раптам успомніў імя адміністратара. Роза Мар'янаўна. Яна неаднойчы афармляла яго на засяленне. Аднойчы ён нават прэзентаваў ёй каробку цукерак. Здараецца прыязджаць нечакана, калі ніхто гасцініцу не браніруе.
  Але Роза Мар'янаўна зрабіла выгляд, што бачыць яго ўпершыню. Ці, можа, і праўда не помніла? Не, проста не зірнула нават, калі ён пачаў выказваць сваю просьбу.
  Нехта з тых, што вісеў на бар'еры адміністратарскай стойкі, чакаючы рэдкага гасцінічнага цуду ці літасці дзяжурнай, уедліва кінуў:
  — Вот жа жывуць людзі! Тут няма дзе галавы прытуліць, а ён з вяселля баб вядзе...
  Дзяжурная, не даслухаўшы нават, адказала трафарэтнай фразай:
  — Нічога не магу зрабіць, таварыш.
  На нейкі міг Роза Мар'янаўна раздзялілася ка дзве, толькі ў адной шыньён — чырвоны, у другой — зялёны.
  Максім учапіўся ў стойку, баючыся ўпасці. Глыбока ўдыхнуў паветра, якое чамусьці пахла потам, быццам нехта разуўся і стаяў у нячыстых шкарпэтках. Дзіўны смурод гэты быў што каталізатар для хімічнай рэакцыі. Абурэнне выбухнула неспадзявана для самога Карнача.
  — Чорт вазьмі! Калі вы станеце людзьмі? Вартавыя маралі! Пусціце ў нумар жанчыну! А я лягу вось тут, на падлозе! Перад вамі. Вартуйце мяне!
  Тады Роза Мар'янаўна паглядзела на яго і, магчыма, успомніла, пазнала, што чалавек гэты не ўпершыню тут, ці нарэшце зразумела недарэчнасць сітуацыі, бо нават тыя, хто чакаў начлежнага шчасця, пачалі кпіць з адміністрацыі гасцініцы.
  В выглядам уладаркі, што зрабіла ласку плебею, набрала нумар і загадала:
  — Прапусціце ў шэсцьдзесят чацвёрты. Да. Абаіх.
  Падзякаваць Максім не мог. На гэта дзяжурная,
  здавалася, абыякавая да праяўлення любых чалавечых эмоцый, звярнула ўвагу, калі Максім адышоў,— паскардзілася тым, хто застаўся чакаць:
  — Дзякуй на нашай рабоце не пачуеш.
  Ліфт ужо не працаваў — позна, і Максім паднімаўся па лесвіцы цяжка і доўга, як на эшафот.
  Даша даўно ўжо была ў нумары. Раздзелася. Нават пасцяліла. Каля шафы стаялі яе боты. На спінцы крэсла вісела плацце. Сама яна знаходзілася ў ваннай. Журчала вада.
  Максім пачаў распранаць паліто і раптам застыў. На стале ляжала яе перламутравая сумачка. Відаць, яна брала з яе расчоску ці памаду і забылася зачыніць. Максім убачыў пачак грошай, што дзве гадзіны назад даў ёй,— тройкі і пяцёркі, нялёгка сабраныя Поляй.
  Нікому Даша грошы гэтыя не аддала, бо ніхто і не прасіў іх. Ашукала нахабна. Абы вырваць ад яго. Так усё жыццё — ніякай шчырасці, адна хітрасць і падман. Ва ўсім. Брыдка зрабілася. Ажно горыч разлілася ў жываце. Траха не званітавала. Зноў закружылася ў галаве.
  Кінуў паліто ў мяккае крэсла, сеў на яго, заплюшчыў вочы. Пакой гайдануўся, як каюта карабля ў часе шторму. Лілася вада. Здалося, вадзяны вал коціцца на яго і вось-вось захлыне. А ён чакаў без боязі, з нецярпеннем: хутчэй бы патануць! Але калі вада перастала ліцца, вярнуўся да рэчаіснасці. Працягнуў руку і злосна ляпнуў па рыдыкюльчыку. Шчоўкнуў замочак. Каб не выслухоўваць яшчэ адной хлусні.
  Даша выйшла з ваннай у адной ружовай празрыстай камбінацыі, у чаравіках на высокіх бліскучых абцасах — у якіх танцавала.
  Максім зноў заплюшчыў вочы.
  Яна пастаяла перад ім.
  — Ты не заснуў?
  Ён не адказаў.
  Яна нырнула пад коўдру.
  — Я прыняла душ. І замёрзла. Вада чуць цёплая.
  Але затое змыла ўсё вяселле,— яна засмяялася.— Ты хацеў бы жаніцца яшчэ раз? З такім вяселлем?
  Ён не адказаў.
  Яна доўга маўчала, разы тры гучна ўздыхнула:
  — Ты рашыў правесці ноч ў крэсле? Трымаеш прынцып?
  — Я шмат чаму навучыўся ад цябе.
  Яна спачатку засмяялася, пасля ўсхліпнула.
  — Я слабая жанчына. І я люблю цябе, упартага дурня.
  Ён папрасіў ціха, амаль ласкава:
  — Даша, не трэба. Позна. Мы ўсё сказалі адно аднаму.
  — А я люблю цябе! — гнеўна і патрабавальна крыкнула яна і заплакала наўзрыд, па-сапраўднаму, шчыра.
  — Ты п'яная. Спі.
  Баяўся, што яна ўчыніць скандал. Пачнуць стукаць суседзі. Пазвоняць дзяжурнай. Толькі гэтага яму не хапала пасля такога ўсялення.
  Не, на гэты раз яна паводзіла сябе разумна. Зразумела безнадзейнасць. Мінут дзесяць пахліпала. І раптам роўна засапла носам: заснула, як дзіця.
  Максім адчуў палёгку, хоць яго качала і зноў з'явіліся сімптомы «марской хваробы». На досвітку, калі Даша бестурботна спала, ціха выйшаў з гасцініцы і першым самалётам вылецеў дадому. Са свайго горада пазваніў сватам, сказаў, што яго тэрмінова выклікалі. Была нядзеля, і Ганна Цітаўна пакрыўджана здзівілася. «У выхадны дзень?» Не паверыла, але не запытала, што ж яму не спадабалася на вяселлі.
  
  XVIII.
  Ігнатовічу пазваніў работнік Саўміна Крышталёў. Некалі яны разам працавалі ў камсамоле. Здаецца, сябравалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці, разам адзначалі святы, агульныя, і свае, сямейныя. Але бадай ні разу не пагутарылі сур'ёзна, заўсёды, і на працы, і дома,— з іроніяй, са смяшынкамі, з «іголкамі». Такое здараецца або паміж людзьмі вельмі блізкімі, чаго ў іх не было, або ў тых нярэдкіх жыццёвых сітуацыях, калі людзі імкнуцца да аднае мэты, але не вельмі вераць, што дасягнуць яе. Як часам спартсмены на спаборніцтвах.
  Выйшаўшы на дарожку, пазіраюць адзін на аднаго з рэўнасцю, хоць добра ведаюць, што ніводзін з іх чэмпіёнам не стане, чэмпіёнам будзе трэці, чужы, не з іх каманды. Таму і перакідваюцца іранічнымі словамі.
  Ці вырваўся з іх хто-небудзь наперад? Ігнатовіч не адчуваў рэўнасці да Крышталёва, хоць той заняў пасаду, якая дазваляе яму званіць зверху ўніз і падпісваць указанні, якія ён, Ігнатовіч, павінен выконваць, хоць фармальна паперы гэтыя не яму накіроўваюцца. Цяпер на «спаборніцтве» яны выступаюць як бы ў розных відах ці, можа, больш правільна, у розных вагавых катэгорыях, а таму не з'яўляюцца супернікамі. Але ў Крышталёва засталася ўсё тая ж камсамольская іронія да сябра. І гэта не падабалася Ігнатовічу. Тым больш што сваю ўласную іронію ён невядома калі і дзе страціў. І гэта як бы давала Крышталёву перавагу.
  Ігнатовічу даўно пачало здавацца, што той знарок лезе на яго «дарожку» — звоніць часцей, чым трэба. Не па адрасу. Яго абавязак — званіць у савецкія органы, старшыням выканкомаў. Але не пашлеш жа яго да д'ябла, не скажаш: звані Кіслюку.
  Блізкі, як з суседняга кабінета, знаёмы голас, які Ігнатовіч пазнаў бы ў тысячным хоры іншых галасоў — гэткае ленаватае насмешлівае мурлыканне.
  — Герасім, сын Пятроў? Ад мяне табе ніжэйшае... Ад усяе камсамольскае гвардыі таксама. Дужэеш?
  — А як жа інакш, калі ўся гвардыя за мяне моліцца дзень і ноч?
  — Ачко. Снег ідзе?
  — Завея. Усе вуліцы замяло. А снегаачышчальнікаў не хапае.
  — Не плач. Не памагу. Не мая парафія.
  «Па тваёй таксама не адчуваю дапамогі»,— падумаў, але не сказаў, не хапіла іроніі, залішне сур'ёзна атрымалася б. А сур'ёзна нельга. А вось яму, Васю Крышталёву, выходзіць, можна і так і гэтак.
  Сказаў з адценнем крыўды:
  — Ладка, не памагай. Але не рэж таго, што нам належыць.
  Крышталёў закрычаў без іроніі:
  — Я цябе рэжу? Нахабнік ты, Герасім! Гэта ты нас рэжаш.
  — Я?
  — У цябе не хапае ўлады заклікаць да парадку свайго архітэктара? Ці гэта ход канём?
  — Які ход?
  — Людзі робяцца вынаходлівыя, калі хочуць спакойнага жыцця... без лішніх клопатаў.
  — Васіль! Адрываешся ад нізоў. Які гэта дурань у наш час стане адмаўляцца ад такога аб'екта?
  — То-та і яно. Любы горад за такі камбінаце сказаў бы дзякуй. А вашы больш нічога разумнага не прыдумалі, як сунуць палку ў кола. У падрыхтаваны праект... Завізіраваны ўсімі зацікаўленымі арганізацыямі. Чакай,— у трубцы зашамацела папера.— Але, і твой аўтограф тут, у левым кутку знізу.
  — Кожны мае права выказаць сваю прыватную думку. У любой інстанцыі...
  — Прыватную? Наколькі я помню, гэты Махнач ці Ліхач — твой сваяч,— засмяяўся Крышталёў, задаволены ўласнай словатворчасцю.
  Ігнатовічу сцяло дыханне. Гэта той выпадак, калі трэба думаць, што сказаць. Сказаў апраўдальна:
  — Трэба ведаць гэтага сваяка.
  Але апраўданне павярнулася супраць яго.
  — Не хапае духу даць яму па мяккім месцы? — ужо не з іроніяй — з сарказмам спытаў Крышталёў.— Глядзі, за яго атрымаеш ты.
  — Васіль! Не пужай. І так трымчу, як ліст асінавы. Ад слоў тваіх.
  Нарэшце, іронія роўнага. Недарэмна там, у Мінску, начынены гэтым дынамітам Крышталёў не знайшоў адразу плітку з запаленым шнурам, каб кінуць яе сюды ; іронія яго дала асечку.
  — Навошта мне цябе страшыць? Гэта зробяць іншыя. Ведай: у нас незадаволены. Назначылі камісію. З цябе мала камісій? Будзь гатовы прыняць яшчэ адну.
  — Заўсёды гатоў! — адказаў Ігнатовіч па-піянерску, весела.
  Але калі паклаў трубку, адчуў, што ад гэтай вясёлай размовы ў яго ўзмакрэлі спіна, лоб. І ўчасціўся пульс. Хоць пакуль што хвалявацца няма чаго. Ён паводзіў сябе зусім натуральна. І нічога яшчэ не адбылося. Працягваюцца пошукі аптымальнага рашэння. Творчая дыскусія, зусім натуральная ў эпоху навуковатэхнічнай рэвалюцыі. І аднак... Ці ўсе будуць разважаць так, як ён, а не так, як Крышталёў? Свіння ўсётакі гэты Крышталёў! Сябра лепшы! Нічога не можа сказаць без сваёй ідыёцкай іроніі. Ён жа дакладваў кіраўніцтву пра пісьмо Карнача. Можна ўявіць, як ён далажыў. Безумоўна, не прамянуў сказаць пра яго сваяцтва з Карначом і пра тое, што ён, Ігнатовіч, напачатку таксама выступаў супраць пасадкі «хіміка» ў Белым Беразе. Мог і пра жаданне спакойнага жыцця сказаць. Напэўна, сказаў.
  Ды раптам з Крышталёва злосць яго перакінулася на Карнача. Усё з-за яго, з-за гэтага ўпартага чорта, з-за яго безадказнасці, зазнайства.
  Яго, Ігнатовічава, становішча патрабавала, каб ён заўсёды ўмеў захоўваць аб'ектыўнасць, каб яго асабістыя эмоцыі, пачуцці, непрыязнасць ці любоў да таго ці іншага чалавека не вызначалі месца гэтага работніка ў калектыве, грамадстве, стаўленне да яго з боку афіцыйных органаў. Ён бадай ганарыўся, што ў вельмі складаных перапляценнях яму ўдаецца захоўваць такую аб'ектыўнасць. Вось і з Карначом. Хто іншы за такія выбрыкі ўжо даўно развітаўся б з такім сваяком. А ён задушыў свой гнеў настолькі, што калі Даша і Віялета запрасілі на вяселле, то гатовы быў паехаць. Ліза не параіла. Ліза таксама малайчына. Даўшы волю сваёй рэўнасці і злосці тады, на вуліцы, пасля тэатра, яна на другі дзень паводзіла сябе спакойна і разважліва. А галоўнае не «заводзіла» яго супраць Максіма, не патрабавала кары на яго галаву, партыйнага ўздзеяння. Гэта яго нават здзіўляла. Запрашэнне яны абгаворвалі доўга, цэлы вечар, спачатку вырашылі, што паедзе адна Ліза. Але перад самай паездкай Ліза загрыпавала. І зноў-такі ён быў удзячны ёй, што яна не паехала ад.на, без яго. Але пляменніцу не забыла. Верная традыцыі, паслала Веце тэлеграму і шчодры падарунак.
  І ён радаваўся такой сваёй памяркоўнасці і аб'ектыўнасці. Няхай не думае Карнач, у якога, як у кожнага, у каго нячыстае сумленне, ужо з'яўляецца падазронасць да людзей, што ён, Ігнатовіч, вораг яму. Можа, не сябра ўжо, якім быў, але і не вораг. Працуй добра, будуй горад — і нам нечага будзе дзяліць з табой. Толькі ведай: партыйныя прынцыпы Ігнатовіч ніколі не задбае. За развод з жонкай, за сувязь з Галінай Уладзіміраўнай — пакараем з усёй строгасцю.
  Такія прыкладна, калі начарціць іх схематычна, былі ў яго адносіны да Максіма да размовы з Крышталёвым. Размова ўсё перавярнула.
  Не іронія камсамольскага сябра, не боязь камісіі і напамінак пра яго, Ігнатовіча, пазіцыю пры выбары месца пад камбінат, а менавіта гэты нечаканы, як рэцыдыў, гнеў супраць Максіма, калі раптам усё выплыла на паверхню і захліснула, як гразевы паток, выбіла яго з рабочага рытму, сапсавала настрой, адцягвала на ўвесь дзень думкі ад спраў больш значных, якія мелі дачыненне да жыцця цэлых калектываў.
  Нават з Галінай Уладзіміраўнай ён размаўляў залішне афіцыйна, каротка, ніякіх разважанняў, падкрэслена ветліва. Прыйшоў дадому і там першыя словы, якія пачуў ад жонкі,— пра Максіма. Знікла Лізіна памяркоўнасць. Яна зноў кіпела.
  — Я ўгаварыла Дашу зрабіць усё, каб захаваць сям'ю. І яна зрабіла. На вяселлі пайшла да яго ў гасцініцу, прасіла, маліла, уніжалася. Ён абразіў яе падлейшым чынам! Так з вулічнай дзеўкай не паступаюць, як ён з роднай жонкай. Даша прыехала зялёная. Хоць у пятлю гаротнай лезь. Цяпер ужо ніякай надзеі. Наіўная я была! Верыла, што не дурны чалавек, прыйдзе да памяці неяк. Куды там! Такая, як твая сакратарка, любога з розуму звядзе. Не здзіўлюся, калі заўтра ты...
  Змучаны за дзень цяжкімі думкамі, Герасім Пятровіч ішоў дадому, спадзеючыся, што параіцца з жонкай, выкажа ёй свае трывогі і сумненні — і яму стане лягчэй, як здаралася неаднойчы. Ліза са сваёй жаночай мудрасцю хораша ўмее ўсё паставіць на месца і ўсё вытлумачыць найлепшым чынам, у яго карысць. І вось табе на! Усе мы аб'ектыўныя, пакуль нас не кранаюць. За сястру яна гатова апляваць не аднаго Карнача...
  Герасім Пятровіч не вытрымаў — сарваўся:
  — Заплач над няшчасным лёсам сваёй сястрычкі! Пазелянела... Ад чаго яна пазелянела? Ад дурноты сваёй! Дура яна, твая Даша, набітая гнілой саломай! Я здзіўляюся, як Карнач столькі год жыў з ёй. І ты з-за сястры не нацкоўвай мяне на людзей! Мне працаваць з імі! Я не жадаю валіць усё ў адну кучу!
  Ліза звычайна добра адчувала настрой мужа. Тут яна спачатку не адчула і выбрала не той тактычны ход. Герасімава ўспышка прасвятліла сітуацыю. Зразумела, што нехта сапсаваў яму настрой і што гэта нейкім чынам звязана з Карначом. А Герасіму хочацца захаваць сваю высокую прынцыповасць. У такіх выпадках — Ліза ведала з шматгадовага вопыту — лабавая атака не падыходзіць. Трэба іншы манеўр — спакой, ласка, зацяжная аблога і паступовае «капанне на мазгі». Не варта трашчаць сарокай. Лепш кукаваць зязюляй. Мала ёсць мужоў, якіх разумная жонка не заваражыла б сваім кукаваннем.
  Акрамя таго, сястра сястрой, за яе няшчасце трэба адпомсціць, але калі ў Герасіма сапраўды непрыемнасць на працы, тут трэба не вярэдзіць рану, а даведацца — ад чаго яна, і лячыць самымі гаючымі словамі,
  
  * * *
  Ігнатовіча насцярожыла, што Сасноўскі не адаслаў камісію ў гарком і нават не даручыў сакратару абкома, які вядзе прамысловасць, заняцца гэтай па сутнасці ўжо вырашанай на вышэйшым узроўні справай, а ўзяўся сам. Склікаў шырокую нараду. Сам пазваніў Ігнатовічу, абавязаў яго забяспечыць яўку адказных работнікаў гаркома, гарсавета, архітэктараў Карнача, Макаеда, Шугачова... Такая паспешлівасць і такі шырокі форум гаварылі за тое, што Сасноўскаму таксама нехта званіў і што ў простай гісторыі з прывязкай камбіната з'явіліся нейкія новыя аспекты. Якія? Чаму Сасноўскі нічога не сказаў яму, Ігнатовічу? Урэшце, ён больш, чым хто іншы, займаўся камбінатам — «выбіваў» яго і вёў дыскусію з міністэрствам аб месцы пасадкі, да абкома ранейшыя баталіі даходзілі толькі ўформе яго інфармацыі.
  Але нават не гэта трывожыла — што справа такім чынам перайшла ў вышэйшую інстанцыю, а яго нібыта адціснулі. Пасля такога пісьма, якое сачыніў гэты анархіст, можна было чакаць і не такога. Непакоіла іншае. Раней ён падтрымліваў Карнача ў спрэчцы аб месцы. А потым адступіў. Але адступіў пасля таго, як міністэрства пагразіла, што будзе прасіць пляц у іншым горадзе, нават у іншай рэспубліцы. Той жа Сасноўскі, ды і многія іншыя галаву знеслі б яму, каб такі камбінат — на сотню мільёнаў рублёў! — быў упушчаны з-за дробязі — няўзгодненасці, дзе яго «пасадзіць».
  Але як Сасноўскі паставіцца да яго тактычнага адступлення ад першай думкі і пераходу на пазіцыі міністэрства? У Леаніда Мінавіча свае прынцыпы, часам зусім нечаканыя, трохі старамодныя. Успомніліся яго словы аб дружбе. Смешна, вядома, суадносіць рашэнне вялікіх, лічы, глабальных, пытанняў палітыкі і эканомікі з перажываннямі асобных людзей ад таго, што ў іх нелады ў сям'і ці дало трэшчыну сваяцтва ці сяброўства. Аднак жа вось яму, Ігнатовічу, на яго нялёгкай пасадзе прыходзіцца ўлічваць і гэта, асабліва калі жывеш і працуеш пад пільным вокам такога чалавека, як Сасноўскі. Крый божа ўраніць перад ім веды свае, кампетэнтнасць, прынцыповасць — усё, што заключаецца ў ёмкім слове прэстыж.
  Людзей сабралася многа»
  «Навошта столькі? — падумаў Ігнатовіч,— Любіць дзед развесці дэмакратыю».
  Карнач і Шугачоў прымасціліся ў канцы доўгага стала.
  Будынак улетку рамантаваўся, і ў зале пасяджэння — новы інтэр'ер, новая мэбля. Рэканструкцыя рабілася па Максімавым праекце, мэбля — таксама. За мэблю Віця Шугачоў лаяў сябра крыўдным, на яго думку, для архітэктара словам — дызайнер.
  Шугачоў агледзеўся і прашаптаў Максіму:
  — А здорава ў цябе атрымалася.
  — Што? — Максім не зразумеў.
  — Ды гэта...
  — А-а. Драбяза.
  Яго нічога не цікавіла, акрамя таго, з-за чаго паклікалі сюды. Ён хваляваўся, як перад экзаменам. Дзіўна. Даўно ўжо так не хваляваўся на больш адказных сходах, пры абмеркаванні яго ўласнай творчасці. А тут жа нічога яму не пагражае. Яму — не. Але гораду, людзям... А горад гэты стаў блізкім і дарагім, і яму не абыякава, як ён будзе забудоўвацца нават пасля яго смерці, пры жыцці ўнукаў і праўнукаў, куды будзе расці і што захавае з таго, што зараз люба яму, галоўнаму архітэктару. Не, нават не архітэктару — проста грамадзяніну, гараджаніну. За дубраву ў Белым Беразе ён касцьмі ляжа.
  Сасноўскі, які звычайна кожнага сустракаў жартам, сядзеў хмурны, быццам незадаволены, што яго адарвалі ад спраў больш надзённых: зніжаюцца надоі малака, і ён многа дзён ламаў галаву над прычынай. Што здарылася? Сенажу нарыхтавалі больш, а малака менш.
  На Карнача Сасноўскі не глянуў, хоць некаму тут, на іх канцы стала, па-змоўшчыцку падміргнуў. Максім агледзеў сваіх суседзяў: каму? Няўжо Макаеду? Справа дрэнь, калі Макаед стаў кансультантам па архітэктуры ў Сасноўскага.
  — Хто ў кас дакладчык сёння? Ці без даклада будзем?
  Падняўся начальнік архітэктурна-будаўнічага ўпраўлення аблвыканкома Галубовіч.
  Максім ажно крактаў ў. Хто Галубовічу даручыў? Дзядзька ён нічога. Але ж ніякі не архітэктар, па адукацыі — землеўпарадчык, каморнік. Займаў розныя пасады, кіраваў і сельскай гаспадаркай і народнай асветай — да таго, як лёс прывёў яго ў архітэктуру. Што такі чалавек можа сказаць у абарону Белага Берага? Ды яшчэ пры сваім узросце — перадпенсійным. У такім узросце людзі робяцца вельмі асцярожныя.
  Максім неаднойчы жартаваў: як бы ўзняўся ўзровень работы, каб на пенсію выходзілі па жэрабю, а не чакалі яе, як прысуду ці вялікадня.
  Галубовіч радасна здзівіў Максіма. Ён пачаў з пасігала пра генеральны план развіцця горада, забудовы і рэканструкцыі яго. З указачкай, як стары настаўнік, расказваў падрабязна, дэталёва, нават трохі ўзнёсла, як бы радуючыся, што і сам ён мае пэўнае дачыненне да такога плана.
  Сасноўскі спачатку слухаў як бы няўважліва, потым доўга — з уважлівым здзіўленнем.
  Перапыніў Галубовіча:
  — Ты што — надумаў закалыхаць нас лекцыяй пра генплан?
  Начальнік упраўлення не разгубіўся:
  — Леанід Мінавіч, без азнаямлення з планам нельга зразумець перспектыву росту горада. Куды яму лепш расці.
  — Спеліся вы з Карначом,— сказаў Сасноўскі, але, мяркуючы па інтанацыі, хутчэй пахваліў, чым дакараў.
  — Мы на гэтай спеўцы адзін аднаго за чубы трэслі.
  — Гэта вы на людзях хапаеце адзін аднаго за чубы. Каб нагнаць цану свайму тавару.
  Прысутныя засмяяліся.
  — Колькі вам трэба яшчэ часу?
  — Пяць мінут.
  Галубовіч гаварыў больш пяці, і Сасноўскі не перапыняў яго, толькі, калі той скончыў, неазначальна працягнуў :
  — М-да-а... Хітра ты падвёў. Але лічы, што не ўсе тут здагадлівыя. Дзе ж нам садзіць камбінат?
  — У Азерышчы.
  Прадстаўнік міністэрства — малады чалавек з бакенбардамі, у новым, з іголачкі, касцюме і модным гальштуку, больш падобны на опернага акцёра, чым на хіміка, не вытрымаў — падаў голас:
  — Леанід Мінавіч! Прашу прабачыць за нечарговую заяву. Але калі нас запрасілі сюды, каб навязваць пляцоўку, ад якой міністэрства адмовілася ў самым пачатку, то, прабачце, мне няма чаго рабіць тут,— і зашпіліў «маланку» на сваёй ярка-зялёнай моднай папцы, як бы збіраючыся пакінуць нараду.
  Сасноўскаму такая дэманстрацыя не спадабалася, і ён сказаў далікатна, але ўедліва:
  — Міністэрства выбірае месца. Але, наколькі мне вядома, не міністэрства канчаткова вырашае, дзе будаваць такі аб'ект. Давайце, таварыш Платкоў, паслухаем розныя думкі. У нас дэмакратычны цэнтралізм. Хто рвецца ў бой?
  Прадстаўнік пачырванеў, як нявеста, якую зганілі, сцяўся і неяк адразу на ім усё паблякла, нават яркі гальштук, а бакі здаліся проста недарэчнымі, усё адно як прыклееныя.
  Віктар Шугачоў сціснуў Максімава калена.
  — Малайчына,— прашаптаў ён, ухваляючы Сасноўскага.
  Выступаў адказны работнік Дзяржбуда рэспублікі, вядомы архітэктар, увешаны званнямі і лаўрэацкімі медалямі.
  Чалавек гэты быў энергічны, гнуткі як кіраўнік, дыпламатычны, з вострым адчуваннем новага. Мабыць, гэтыя якасці памаглі яму доўгія гады спалучаць высокую пасаду з творчасцю дойліда. Ніхто не мог сказаць, што ён бяздзейны архітэктар ці што кар'ера загубіла яго талент. Максіму, праўда, далёка не ўсё падабалася ў яго творчасці, і ўвогуле адносіны да Аляксандра Адамавіча ў яго былі дваістыя. Але разам з тым неаднойчы прыкмячаў, што ў працы галоўнага архітэктара ён шмат у чым пераймае свайго шэфа, вучыцца ў яго.
  Гаварыць Аляксандр Адаміч — мастак. Акцёр.
  — Дарагія таварышы. Перш за ўсё я хачу падзякаваць абкому і асабіста Леаніду Мінавічу, што ён так аператыўна сабраў прадстаўнічую нараду. Гэта, таварышы, сімптаматычна. Такую ўвагу да архітэктуры мы цяпер адчуваем з боку ўсіх партыйных і дзяржаўных органаў, шырокай грамадскасці. Такая ўвага паможа нам, савецкім дойлідам, яшчэ лепш, з меншымі накладкамі і памылкамі, вырашыць тыя складаныя задачы, што ставіць перад намі партыя і народ. Па сутнасці справы, якая сабрала нас. Скажу шчыра: нам у Дзяржбудзе падабалася запіска Максіма Яўцехавіча. Мы можам ганарыцца, што ў нас такія галоўныя архітэктары. І выступленне таварыша Галубовіча... Гэта ж здорава, таварышы, калі архітэктурныя ўпраўленні, абласное і гарадское, так змагаюцца за ажыццяўленне генплана развіцця горада. Але, дарагія таварышы... Так, але... Першае. Як даўно ўжо сказана людзьмі, якіх мы можам называць нашымі настаўнікамі,— план не догма. Максім Яўцехавіч! Не круці галавой. Ва ўсіх нас, архітэктараў, ёсць адна хвароба... старая інерцыя — боязь прамысловага комплексу ў гарадской структуры, боязь, што ён не ўпішацца ў ансамбль будучага раёна. А між тым гэта неапраўданая боязь. Не толькі ў маштабах Саюза, але і ў рэспубліцы мы ўжо даказалі, што прамысловыя комплексы могуць актыўна ўплываць на архітэктуру гарадоў. Менавіта прамысловыя комплексы з яркай аб'ёмна-планіровачнай структурай, з выразнай кампазіцыяй у спалучэнні зграмадскімі і жылымі будынкамі могуць утварыць сапраўды сучасныя архітэктурныя ансамблі... Я ўпэўнены: гэта адзіна правільны шлях савецкай архітэктуры. Мы не можам і не будзем будаваць гарадоў-спальняў, накшталт шведскіх гарадоў-спадарожнікаў. Такія гарады адчужаюць людзей, раз'ядноўваюць іх...
  Максім не вытрымаў:
  — Аляксандр Адамавіч! Не па гэтай лініі нашы асноўныя пярэчанні, хоць я не веру, што такі камбінат можа ўпрыгожыць раён. Але не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, пра што мы цяпер вельмі часта гаворым і пішам. Як захаваць жылое асяроддзе. Белы Бераг з яго дубравай — найкаштоўны дар прыроды. Лёгкія горада. Няўжо трэба абавязкова атруціць іх?.. Пазбавіць гараджан лепшай зоны адпачынку...
  Сасноўскі лёгка пастукаў карандашом па стале, пажартаваў без усмешкі:
  — Не перапыняй начальства, Карнач, а то яно табе прыпомніць.
  Аляксандр Адамавіч засмяяўся:
  — Ды не, нічога, Леанід Мінавіч. Мы з Максімам Яўцехавічам гадоў дваццаць ужо як спрачаемся. Ісціна нараджаецца ў спрэчках.
  Ва кіраўніком Дзяржбуда адразу папрасіў слова Макаед,
  «Будзь, Браніслаў, чалавекам хоць раз»,— загадаў яму Ў думках Максім.
  Не, тым чалавекам, які так патрэбны быў тут, на гэтай нарадзе, Макаед не мог стаць. Ён бадай адзін падрыхтаваўся да нарады гэтак жа старанна, як Максім. І разбіваў яго пісьмо ў Саўмін па пунктах — па кожнаму абзацу.
  Максім спачатку здзівіўся: хто яму даў пачытаць пісьмо? Хіба цяжка здагадацца? Ігнатовіч. Копія толькі ў яго.
  Не ўзлаваўся. Наадварот, пашкадаваў даўняга сябра. «Каго ты бярэш у кансультанты? Апомніся, Герасім!»
  Платкоў, прадстаўнік міністэрства, лепш, чым хто з мясцовых, узброіўся эканамічнымі разлікамі. Сыпаў лічбамі, як гарохам. Хоць, падумаў Максім, зусім непатрэбна столькі лічбаў, якія ўсё адно не запомніліся, каб даказаць простую рэч, відавочную: будаўніцтва камбіната ў Азярышчы абыдзецца даражэй. Платкоў даказваў: на восем працэнтаў. І патэтычна выгукнуў:
  — Таварышы! А вы ўяўляеце, што такое восем працэнтаў пры такім аб'ёме капіталаўкладанняў? Хто нам дазволіць выкідваць мільёны народных грошай? Мы пусцім мільёны на вецер. На той вецер, пра які тут гаварылі. Адкуль ён дзьме. Смешна. Сучасныя ачысцільныя сістэмы практычна гарантуюць поўную ачыстку адпрацаванай вады і газавых выкідаў.
  Максім папрасіў слова пасля Платкова.
  Сасноўскі сказаў, немагчыма было зразумець,— сур'ёзна ці ў жарт:
  — Вы ж усё напісалі.
  — Не ўсё. Маю што дадаць.
  Сасноўскі зірнуў на гадзіннік на сцяне, як бы папярэдзіўшы : гавары, але не доўга.
  — Я хачу пачаць не з сённяшняга дня, не з сённяшніх патрэб. Я хачу папрасіць вас заглянуць гадоў на дваццаць уперад і прайсціся па горадзе недзе ў канцы стагоддзя. У каго хапае фантазіі. А без фантазіі мы не можам будаваць. Свет пераўтвараюць фантазёры. Галубовіч хораша абараняў генплан рэканструкцыі і будаўніцтва горада. Але я асабіста, Аляксандр Адамавіч, ужо бачу, што нам з вамі не хапіла фантазіі ці, больш правільна сказаць, мы баяліся даць прастор ёй, уласнай фантазіі, мы ўвесь час надзявалі на яе аброць. Аднак само жыццё падказвае, што горад з гэтага крутога бязлеснага берага, дзе ён збудаваны сем вякоў назад, як крэпасць,— ірвецца туды, за раку, на луг, бліжэй да ляснога масіву, да прыроды... Мы не задумваемся, што гэта робіцца арганічнай патрэбай і завалодвае псіхалогіяй людзей. А ўсё вырашаюць людзі. Яны складаюць планы, падаюць заяўкі на месца будаўніцтва. Хто-небудзь цікавіўся гэтымі заяўкамі? Семдзесят працэнтаў ірвуцца ў Белы Бераг. Натуральна, што і хімікі — туды ж. Я разумею іх. Але, на жаль, ніхто сур'ёзна не задумваецца, які там горад можа вырасці, калі мы вось з такой лёгкасцю, Аляксандр Адамавіч, пачнём упісваць у ансамбль прамысловыя карпусы няхай сабе з самай дасканалай аб'ёмна-планіровачнай структурай і кампазіцыяй. Да таго ж, Аляксандр Адамавіч, «упісаць» можна гадзіннікавы завод ці завод электрычных машын, хоць, як вы ведаеце, я ніколі не лічыў удалым рашэннем пасадку паліграфкамбіната і завода ЭВМ у цэнтры горада (гэта быў удар па свайму кіраўніку: Аляксандр Адамавіч — адзін з аўтараў Ленінскага праспекта ў сталіцы). Хімічны ж камбінат патрабуе абавязковага і рэзкага раздзялення функцыянальных зон — вытворчай і жылой. «Упісваць» яго ў жылы комплекс — гэта абсурд, за гэта судзіць нас трэба!
  Максім нарысаваў карціну раёна, забудаванага хімічнымі прадпрыемствамі, праз два дзесяцігоддзі.
  Дзяржбуд запярэчыў:
  — Вы нас палохаеце, Максім Яўцехавіч. Гэта — з рамана жахаў, якія пішуцца на Захадзе.
  А Сасноўскі гумарыстычна падбадзёрыў:
  — Палохай далей. У нас нервы моцныя.
  — Не, цяпер я павяду вас па горадзе, які будзе забудаваны разумна, у якім усім хопіць прастору і кіслароду. Для гэтага даволі згадзіцца з думкай, што раён Белага Берага — асноўны жылы масіў, што там, як нідзе, ёсць усё для таго, каб з найменшымі затратамі, з найлепшым выкарыстаннем ландшафту і ўсяго, што падарыла прырода, будаваць горад-сад. Архітэктар Шугачоў захапіў эскізы планіроўкі такога раёна, ён пакажа вам ка лістах.
  Максім расказваў пра горад, які ён, архітэктар, бачыць праз 20-25 гадоў, пра горад, які вырасце на тым, лугавым, беразе ракі. Павінен вырасці, калі будаваць разумна.
  — Камбінат знішчыць дубраву — гэта маё цвёрдае перакананне. Дык няўжо трэба знішчыць тое, што ўжо ёсць, а пасля садзіць новыя паркі з велізарнымі затратамі сродкаў і чакаць сто гадоў, пакуль яны вырастуць!
  — Камбінат захавае вам гэты парк! Паможа захаваць! — злосна выгукнуў Платкоў.
  — Паглядзім, ці так гэта,— спакойна запярэчыў Максім і разгарнуў свой тоўсты блакнот.— Вось у мяне некалькі выпісак...
  І пачаў таксама бамбіць лічбамі, колькі камбінаты падобнага тыпу выкідваюць у паветра газаў і пылу і што адбылося з тым, што архітэктары называюць жылым асяроддзем. У Заходняй Германіі, у Англіі...
  Платкоў гучна хмыкнуў, як бы ўзрадаваны, і звярнуўся да Сасноўскага:
  — Леанід Мінавіч! Па-мойму, таварыш архітэктар блытае сацыяльныя сістэмы. Там жа — капіталізм, дарагі таварыш. Не забывайце!
  — Наколькі мне вядома, сацыяльная сістэма ўплывае на тэхналагічны працэс не так, як гэта вам здаецца.
  — Не, уплывае, дарагі таварыш! І моцна ўплывае! Мы ў першую чаргу думаем пра чалавека, пра людзей!
  -— Правільна! І я думаю пра людзей. Толькі вашага клопату хапае на кароткі час...
  — Карнач! — папярэдзіў Сасноўскі, пастукаўшы карандашом па стале.
  — Разумею, Леанід Мінавіч,— пакорліва згадзіўся Максім.— Але паколькі мяне абвінавацілі ў палітычнай непісьменнасці, я мушу абараняцца. Тут у мяне выпісаны лічбы па двух нашых камбінатах.
  Максім назваў камбінаты і формулы хімічных злучэнняў, якія выкідваюцца ў атмасферу, і колькасць гары, што асядае паблізу, і... што стала з расліннасцю каля аднаго з такіх камбінатаў.
  Платкоў спытаў спалоханым шэптам:
  — Вы адкуль узялі гэтыя даныя?
  У зале засмяяліся.
  Сасноўскі стаіў хітрую ўсмешку — радаваўся, што яго людзі — не лыкам шытыя, іншаму сталічнаму ачко дадуць.
  — Вы не чытаеце сваіх часопісаў, дарагі таварыш,-— забіў Максім апанента.— Калі ласка, запішыце нумар і старонку...
  — Ну, ну,— пагразіў алоўкам Сасноўскі.
  — Тады два словы пра кошт будаўніцтва. Але, у Азярышчы будаўніцтва абыдзецца даражэй. Але гэта зноў-такі вузкі падлік, ведамасны, не дзяржаўны...
  — Вы дагаворыцеся, што мы прыватная фірма.
  — Не, да гэтага я не дагаваруся, таварыш Платкоў. Але толькі адзін прыклад. Ужо сам пачатак будаўніцтва створыць нам самую сур'ёзную транспартную праблему. Наш адзіны збудаваны пасля вайны мост не прапусціць таго патоку грузаў, якія спатрэбяцца на будаўніцтва. Трэба будзе неадкладна, хутчэй, чым вадавод і ўсё іншае, будаваць другі мост. Але ў міністэрстве, відаць, лічаць, што гэта не іх клопат, гэта сапраўды клопат гарадскога Савета. Калі лічыць, што мы будзем чэрпаць не з адной напілкі,— тады сапраўды спрачацца няма аб чым.
  — А можна без іроніі? — хмура і сурова, зусім інакш, чым папярэджваў Сасноўскі, сказаў Ігнатовіч.
  — А без іроніі я спрачацца не ўмею, Герасім Пятровіч. Такое выхаванне,— зноў-такі з іроніяй адказаў Максім.
  Сасноўскі без заўвагі пастукаў па стале. Аляксандр Адамавіч дакорліва паківаў Максіму галавой: «Ох, наляціш ты!»
  Максім параіў Шугачову захапіць з сабой лісты, каб паспрабаваць забіць двух зайцаў: абараняючы Белы Бераг, паказаць эскізы планіроўкі мікрараёна, які стане пачаткам забудовы ўсяго гэтага вялікага і цікавага раёна, падкінуць Сасноўскаму, Аляксандру Адамавічу і іншым ідэю, што ўся генеральная задума і яе першааснова патрабуюць зусім новага вырашэння, а значыцца — звышнарматыўных затрат.
  Але, мабыць, Ігнатовіч разгадаў іх хітры манеўр, бо, як толькі Шугачоў падняў з-пад стала прыколаты да дошкі ліст з планіроўкай Зарэчнага раёна, Герасім Пятровіч рашуча запярэчыў:
  — А гэта навошта нам? Дайце разабрацца з адным! Не валіце ў адну кучу. Прынцыпы забудовы Зарэчнага раёна разглядаліся на бюро гаркома. У свой час абмяркуем праект... Калі будзе гатовы.
  Пры гэтым глядзеў не на Шугачова, безумоўна, здагадаўшыся, што такі абходны манеўр прыдуманы не ім.
  Шугачоў, які рэдка выступаў ка такіх форумах і ўвогуле баяўся начальства, разгубіўся, як школьнік, якога каля дошкі пачалі збіваць з панталыку і прабіраць не за тое, што ён не ўмее рашыць задачы — задачу ён рашыў! — а за правінкі, якой ён не зрабіў. Гэта было крыўдна. Але яшчэ больш зняважыла, што сакратар гаркома выказваў сваё пярэчанне не яму, а Карначу, па сутнасці ігнараваў яго як архітэктара, асобу.
  Разгублены, спалоханы, абражаны, Віктар сказаў невыразна і блытана і, бадай, не столькі памог Максіму, колькі нашкодзіў.
  У апошні час Віктару часам падціскала сэрца. Цяпер таксама сціснула. І ён больш слухаў удары сэрца і боль у ім, чым заўвагі прысутных, іх рэакцыю на яго выступленне. Сеў ён пакамечаны і знясілены, быццам па ім прабег табун коней. І доўга нікога не чуў. Шумела ў галаве — падскочыў ціск. Толькі паўторнае выступленне Макаеда ўзварухнула Віктара. На здзіўленне самому сабе, ён не вытрымаў і выгукнуў Макаеду:
  — А хто табе даў права гаварыць ад імя ўсіх архітэктараў? Ты ў нас запытаўся?
  Сасноўскі пагразіў яму карандашом, але з добрай усмешкай. І — дзіўна — усмешка гэтая сакратара абкома... не, не сама ўсмешка — чалавечая ўвага яго, зняла боль у сэрцы. Віктар глыбока ўдыхнуў, правяраючы, ці баліць. Не, не баліць. Знік страх. І вярнулася цікавасць да таго, пра што тут гавораць.
  Максіма падтрымаў прафесар педінстытута, біёлаг, які гаварыў пра дубраву замілавана; страшна зрабілася, калі ён расказаў, чаго гораду можа каштаваць страта такога масіву. Неспадзявана падтрымаў начальнік ДАІ, прысутнасць якога тут спачатку трохі здзівіла. Палкоўнік развіў Карначову заўвагу, што будаўніцтва такога аб'екта ў Зарэчным раёне створыць гораду сур'ёзную транспартную праблему.
  Ігнатовіч не папрасіў слова. Сасноўскі спытаў, ці хоча ён выступіць.
  Герасім Пятровіч сказаў, што камбінат — вялікі падарунак і яны, прадстаўнікі гарадской улады, павінны зрабіць і зробяць усё, каб камбінат будаваўся ў нашым горадзе, ад такой будоўлі залежыць яго рост, будучыня.
  Выступленне было даволі празрыстым адказам Карначу, нават таіла дзесьці ў глыбіні ноткі пагрозы, хоць Ігнатовіч не толькі не назваў прозвішча галоўнага архітэктара, але слова не вымавіў пра саму спрэчку аб выбары месца пад камбінат, быццам праблема гэтая была настолькі дробязная, што і гаварыць пра яе не варта.
  А Сасноўскі бадай што падтрымаў Максіма. Ён сказаў:
  — Ну, што ж, можна лічыць, што абмен думкамі быў карысны, хоць, праўда, не ўсе падрыхтаваліся да размовы так грунтоўна, Як таварыш Карнач.
  Сваёй думкі, дзе ж садзіць камбінат, Сасноўскі не выказаў.
  — Дзяўчаты нашы,— як бы выказваючы падзяку ім, кіўнуў ён у бок стэнаграфістак,— усё запісалі, да апошняй коскі, гэта яны ўмеюць здорава рабіць. Ніхто няхай не баіцца, што з яго прамовы нешта не запісана. Усе гэтыя матэрыялы,— сказаў ён чамусьці да Ігнатовіча,— мы прадставім у інстанцыі, якім належыць прыняць канчатковае рашэнне аб месцы будаўніцтва. Не хвалюйцеся, рашэнне будзе прынята правільнае,— у зале засмяяліся.— Дзякую за ўдзел. Усяго добрага,— і падняўся энергічна, па-маладому, з паспешлівасцю чалавека, які даражыць кожнай хвілінай.
  Аднак усё адно яго затрымалі. Адзін. Другі. Максім таксама падышоў і папрасіўся, каб Сасноўскі прыняў яго — на дзве мінуты.
  — Па гэтым пытанні? Не прымаю. Ніякіх сакрэтных перагавораў. Усё трэба было сказаць тут.
  — Не, не па гэтым.
  — Тады пачакай, пакуль я развітаюся з гасцямі. Госці, брат, ёсць госці. Яны ў нас заўсёды нечаканыя, але жаданыя, і заўсёды іх трэба прыймаць без чаргі. Інакш страцім марку...
  Калі з залы амаль усе ўжо выйшлі, Максім успомніў пра Шугачова. Задуму іх з паказам праектаў, каб даказаць, што вось пры такім рашэнні ўсяго Зарэчнага раёна туды ніяк не месціцца камбінат,— Ігнатовіч сарваў. Максім ужо тады, у час пасяджэння, бачыў, што для Віктара гэта ўдар, крушэнне спадзяванняў, што праекту яго дадуць зялёную вуліцу.
  Шугачоў — паэт і рамантык, нягледзячы на свой знешні рацыяналізм, ён лёгка загараецца, і спадзяванні яго, надзеі часта робяцца амаль фантастычнымі. Тут ён, напэўна, надзееўся, што праект яго зробіць, як кажуць, фурор, што ўся ўвага Сасноўскага, прадстаўніка Дзяржбуда, усіх архітэктараў, будаўнікоў пераключаецца з камбіната на яго мікрараён. Але не адбылося нічога нават блізкага для яго спадзяванняў. Згадзіліся з Ігнатовічам, што не варта валіць усё ў адну кучу.
  Максім ведаў – Шугачоў будзе перажываць. Але не думаў, што для яго гэта амаль трагедыя. І даў прамашку — сказаў:
  — Віктар. Пачакай. Я загляну да Сасноўскага — і потым памагу табе давезці гэтыя малюнкі.
  Звычайная іх тэрміналогія: «Нічога малюначак», «Малюнак для буквара» і г. д.
  Але Шугачова, які лічыў, што апошняя яго надзея на эксперыментальны раён рушылася, звыклае слова гэтае апякло, як самая моцная абраза. Ён кінуўся на Максіма, як раз'юшаны бык, тыцнуў у твар скруткам ватмана.
  — Для цябе гэта малюначкі?! А для мяне — жыццё! Правакатар ты! Цяпер я бачу, як ты памагаеш прабіць Зарэчча! Табе абы сябе паказаць. Пазёр!
  Максіма ашаламіў такі Віктараў напад. І не столькі словы яго, несправядлівыя, абразлівыя, колькі пакрыўдзіла і ўзлавала тыцканне скруткамі праектаў. Так крыўдзілі і злавалі толькі Дашыны беспадстаўныя наскокі. Калі даць волю сваім эмоцыям, то ён можа такое нагаварыць, што ад іх шматгадовага сяброўства паляцяць трэскі і могуць пачуць макаеды, бо ў калідоры яшчэ гудзяць галасы ўдзельнікаў нарады.
  Ён сказаў амаль шэптам:
  — Дурань ты, Віця.
  Віктар закрычаў:
  — Канечне, я дурань! Адзін ты разумны!
  Настрой быў сапсаваны. Ад задаволенасці сваёй прамовай на нарадзе, сваёй маральнай перамогай над апанентамі нічога не засталося. Што значыцца адно слова не ў час, не пад настрой сказанае! Слова — бомба. Колькі яно можа нашкодзіць! У адзін міг можа разбурыць тое, што стваралася доўгія гады.
  * * *
  У прыёмнай першага сакратара абкома Максім прыгадаў Віктаравы словы: «Ты сябе хочаш паказаць» — і завагаўся, ці ісці да Сасноўскага? А сапраўды, навошта яму браць на сябе не свае абавязкі, лезці на ражон, псаваць адносіны? Няхай Алейнік сам клапоціцца пра сваіх будаўнікоў. Але такія думкі ўжо з'яўляліся, і ён рашуча адвёў іх. І цяпер высмеяў сябе. Безумоўна, жыць па-макаедаўску лягчэй. Можна махнуць рукой на Галю і яе двайнят, можна памірыцца з жонкай, згадзіцца з пасадкай «хіміка» ў Белым Беразе. Можна з усім згаджацца. Але для гэтага трэба плюнуць на ўсе прынцыпы і глыбока зневажаць сябе як асобу. Ён, як кажуць, да такога жыцця яшчэ не дайшоў.
  У Сасноўскага сядзеў Ігнатовіч і, па ўсім відаць было, не збіраўся выходзіць, калі запрасілі Максіма. Мабыць, сакратары дамовіліся, што прымуць галоўнага архітэктара ўдвух. Магчыма, думалі, што ў яго, як заўсёды,— архітэктурныя праблемы.
  Максіму не спадабалася прысутнасць сваяка, але — што зробіш?
  Мусіў сесці напроціў, цераз столік, прыстаўлены да вялікага пісьмовага стала, за якім Сасноўскі нешта хутка запісваў у тоўсты блакнот-дзённік, знаёмы ўсяму партактыву; пра блакнот гэты жартавалі: «Патрапіш у Лёневу памінальніцу». І трапіць туды такі баяліся, бо была ў гэтых запісах пэўная таямнічасць. Максім таксама неаднойчы са здзіўленнем назіраў: часам Сасноўскі не занатоўваў тое, што сапраўды-такі варта запісаць,— праблемы, пастаўленыя наведвальнікамі, і раптам браўся за блакнот тады, калі размова ішла пра вельмі звычайнае, а то і зусім ні пра што канкрэтнае — так, аб усім патроху. Свае раптоўныя думкі запісваў чалавек, ці што?
  Ігнатовіч крыху паблажліва, як малодшаму, але ўвогуле добразычліва ўсміхнуўся Максіму і спытаў:
  — Ну, што, змагар, намераны ваяваць за Бераг?
  — Да апошняга дыхання.
  Сасноўскі адарваўся ад блакнота і засмяяўся.
  — Э-э, калі пайшлі такія высокія словы — хімікі могуць спаць спакойна! Белы Бераг у іх кішэні.
  Ігнатовіч сказаў сур'ёзна, яўна апраўдваючы сваю пазіцыю на нарадзе:
  — Думаеш, мы не разумеем твой клопат? Але мы яшчэ больш разумеем, што страцім, калі камбінат перададуць у другі горад. Што для нас даражэй?
  — Не агітуй яго, Герасім Пятровіч. Скажы дзякуй, што Карнач не дае табе ўпасці ў архітэктурную спячку.
  Максім убачыў, як у Ігнатовіча перасмыкнулася шчака, адна, потым другая, быццам ён качаў у роце горкую пілюлю і ніяк не мог пракаўтнуць.
  — Аднак з гэтым пытаннем усё. Як дамовіліся,— Сасноўскі лёгка ляпнуў далонямі па стале і звярнуўся да Максіма афіцыйна з прыкметнай нецярплівасцю занятага чалавека: — Што ў вас?
  Максім пачаў расказваць пра маладых будаўнікоў, у якіх нарадзілася двойня.
  Сасноўскі адразу зразумеў, што размова ідзе пра кватэру, і ўздыхнуў. Пытанне цяжкае, больш за ўсё заяў, скаргаў па кватэрах, і бюро абкома даўно вырашыла, што першы сакратар будзе займацца кватэрнымі пытаннямі толькі ў выключных выпадках, самых складаных. Тут выпадак сапраўды незвычайны. Але тут сядзіць сакратар гаркома. Яму, як кажуць, карты ў рукі.
  — Слухайце, Карнач, а чаму вам не націснуць на свайго галаву?
  — На Кіслюка? Націснуў.
  — І што?
  — Дамовіліся, што... будзе выдзелена кватэра ў доме рачнікоў, з працэнтаў гарсавета.
  — Дык вы прыйшлі паведаміць мне гэтую радасную навіну? — спытаў Сасноўскі з іроніяй.
  — Потым я даведаўся, што кватэра перадаецца другому...
  — Каму?
  Максім удыхнуў паветра і зірнуў на Ігнатовіча, прысутнасць якога была ў такі момант зусім непажаданая.
  — Вашаму сыну.
  Ігнатовіч сарамліва апусціў вочы, быццам гэта датычылася яго. На Сасноўскага не глянуў, зрабіў выгляд, што гэта — дробязь, на якую ён, маўляў, не звярнуў увагі.
  А Сасноўскі нейкі час з вялікай цікавасцю глядзеў на чалавека, які папрасіўся на прыём, каб сказаць вось таксе. Максім не вытрымаў — адвёў позірк. Пасля шкадаваў: не паспеў разгледзець, што было ў вачах Леаніда Мінавіча. Во праз хвіліну Сасноўскі нахіліўся над сталом, як бы падрыхтаваўся бадануць галавой. Праз мяккія, як у дзіцяці, сівыя і ўжо моцна парадзелыя валасы відно было, як наліваецца чырванню цемя.
  Усталявалася паўза ўзаемнай няёмкасці.
  Нарэшце Ігнатовіч узняў вочы — на Максіма і позіркам выразна асудзіў: «Дурань ты бестактоўны. Ты што, не мог прыйсці да мяне?»
  Максім падумаў: «А сапраўды, чаму я не пайшоў да Герасіма? Чаму нават думка не з'явілася расказаць пра гэта яму? Дваццаць гадоў сябравалі!» — і яму зрабілася сумна і балюча, і донкіхоцтва гэтае здалося недарэчным. Стала няёмка перад Сасноўскім, якога ён шчыра паважае. Але ж прабачэння не папросіш. Смешна было б.
  Леанід Мінавіч правёў далоняй па твары, як бы сцёр усё, што там адбілася ад Карначовых слоў. І сапраўды, калі падняў галаву і зірнуў, твар яго быў спакойны, з заўсёднымі смяшынкамі ў вачах і ў маршчынках каля рота, толькі хіба больш выразна, чым хвіліну назад, вырысоўвалася стомленасць чалавека, які рана пачаў свой працоўны дзень і працаваў напружана.
  — Слухай, Карнач, будзь шчырым да канца. Дапусцім, я не паламаю гэтага. Што будзеш рабіць? — нечакана весела і на «ты» спытаў Сасноўскі.
  — Нічога. Проста я буду мець яшчэ адно расчараванне.
  Сасноўскі адкінуўся на спінку крэсла, з хітрынкай прыжмурыўшы вочы, і зноў агледзеў Максіма з сур'ёзнай цікавасцю.
  — Вось ты які! — і нечакана спружыніста падняўся.
  Максім таксама падняўся трохі разгубленым, не ведаючы, як развітацца пасля таго, што ён сказаў тут. Сасноўскі выручыў яго — працягнуў цераз стол руку:
  — Дзякую за шчырасць.
  Калі за Карначом зачыніліся дзверы, Сасноўскі шпарка прайшоў да гэтых жа дзвярэй і нават нейкі міг пастаяў перад імі. Потым вярнуўся да стала. Спыніўся перад Ігнатовічам, які ўсё яшчэ хаваў вочы, адцягнуў гумкі падцяжак, як бы намерваючыся сцёбнуць сябе па грудзях.
  — Ты бачыў, які шып!
  — Цяжка з ім працаваць,— паскардзіўся Ігнатовіч.
  — Нялёгка,— згадзіўся Сасноўскі, вяртаючыся на сваё месца, і тут жа загадаў ужо іншым голасам: — Прышлі да мяне свайго разумненькага мэра. Я з яго, чортавага сына, здыму стружку.
  Застаўшыся адзін, Леанід Мінавіч папрасіў сакратарку нікога да яго не пускаць і доўга хадзіў па прасторным кабінеце, спыняючыся то перад кніжнымі шафамі і разглядваючы кнігі, то перад акном і назіраючы за людзьмі і машынамі. Нельга сказаць, што ён вельмі ўжо ўсхваляваўся ці абурыўся. Не, чалавечыя слабасці ён ведаў добра, і калі што трывожыла, дык тое, што іх, слабасцей гэтых, не становіцца менш, нягледзячы на велізарныя змены ў эканоміцы і псіхалогіі людзей, на ўсю выхаваўчую працу. Але слабасці, што вірусы грыпа: знікаюць адны — з'яўляюцца другія. Вось і яго ўласная слабасць, праўда, старая, закаранелая, якую ўжо, відаць, не пераадолець, паставіла яго ў няёмкае становішча. Але і не вельмі прыемна, калі табе ў вочы кінулі такі папрок. Безумоўна, Кіслюк — дурань. Але Леанід Мінавіч не шукаў вінаватых. Вінаваты ён сам. Не першы раз гэтая яго слабасць, якую называюць дабратой, вось так падводзіла.
  Нявестка нібыта і нічога жанчынка, але таксама са слабасцю — хутка ў яе пачалі праяўляцца спажывецкія схільнасці, і яна пачала не лепшым чынам уплываць на мужа свайго — іх сына, хлопца мяккага і добрага, у якога раней, да жаніцьбы, ніколі не з'яўляліся такія прыватніцкія бацылы. Валянціну Андрэеўну — жонку Сасноўскага, настаўніцу, строгую і педантычную, гэта ўстрывожыла. Паміж свякроўю і нявесткай пачаліся глухія, глыбока стоеныя канфлікты. Паступова ў іх уцягнуліся сын — за жонку, а дачка-студэнтка — за маці. Утварыліся два лагеры. Толькі ён, гаспадар, быў убаку. Яго шанавалі і ўсё хавалі, ніколі не звярталіся, як да арбітра.
  Ён доўга лічыў, што мае месца звычайная мацярынская рэўнасць, і, калі жонка скардзілася, абараняў нявестку — па дабраце сваёй.
  Валянціна гады два даказвала, што маладым лепш жыць асобна, каб яны ўзналі цану заробленым грашам, рэчам, умелі планаваць свой бюджэт, а не спадзяваліся на гатовае, не карысталіся дабротамі, якія заслужыў сваёй працай бацька, але далёка яшчэ не заслужылі яны.
  Леанід Мінавіч адбіваўся ў сваім стылі.
  — Слухай, Валя, за сорак гадоў працы ў камсамоле, у саветах, у партыйных органах я не помню ніводнага выпадку, каб нехта прыйшоў і сказаў: «Я хачу вырваць у дзяржавы большы і смачнейшы кавалак». Усе пачынаюць з такіх матываў, з такой філасофіі, што слухаеш, разявіўшы рот, і ахаеш. Медыцына, педагогіка, сацыялогія, палітыка — усё пускаецца ў ход. Вось як ты, напрыклад...
  Жонка крыўдзілася:
  — З табой нельга сур'ёзна пагаварыць.
  Сапраўды яму не хацелася гаварыць на гэтую тэму.
  Са з'яўленнем унука, якога ён палюбіў, магчыма, мацней, чым маці і бацька малога, яму зусім не хацелася, каб дзіця вывезлі з яго кватэры. Дзе ён знойдзе час наведваць унука недзе на другім краі горада?
  Але папрасіў сын, каб ён памог ім атрымаць сваю кватэру. Відно было, прасіць сыну было нялёгка.
  — Цябе падгаварыла маці?
  — Не. Але я не хачу жыць далей так.
  У сынавых словах была роспач, яна насцярожыла. Леанід Мінавіч прыгледзеўся, прыслухаўся, і да яго дакаціліся глухія выбухі тайнай вайны. Гэта яго моцна расстроіла: свае, родныя людзі, ні ў чым не адчуваюць нястачы і аднак жа ваююць. Чаго ім не хапае?
  І ён здаўся. Ёсць такі замусолены шаблонны выраз : пайшоў па лініі найменшага супраціўлення. І вось вынік: атрымаў аплявуху. Далікатную, але нічога — шчака гарыць.
  Сасноўскі пазваніў дадому. Трубку ўзяла жонка.
  — Слухай, бабуля... Мэблю купіла?
  — Не. А што, прыйшла мэбля? — узрадавалася жанчына.
  — Шкада, што не прыцягнулі яе.
  Тут яна зразумела, што спадзяванні яе, якія тыдні два назад сталі рэчаіснасцю, рушацца, і стаіла дыханне, слухаючы, як грыміць мужаў саркастычны голас:
  — Мне захацелася паглядзець, як бы вы распрадавалі яе. Па часцях ці оптам? З аўкцыёну. У двары можна было б наладзіць аўкцыён. Во відовішча! Сасноўскі гандлюе мэбляй!
  — Што здарылася, Лёня? — голас яе задрыжаў.
  У яго былі ў запасе больш едкія словы, але ён пашкадаваў жонку: хіба лёгка ёй у школе, хіба мала псуюць ёй нервы малыя разбойнікі? А тут яшчэ свае...
  — Вам што, не хапае санітарнай нормы?
  — Лёня, пры чым тут норма?
  — У вас па дзве нормы! Ужыцца не можаце? Сорамна! Навучыцеся жыць у інтэрнаце па-камуністычнаму. Усё для гэтага ў вас ёсць. Скажыце, чаго не хапае? Дружбы, міру? Абяцаю табе ўсталяваць у сваёй сям'і і мір і дружбу! Вось так, дарагая Валянціна Андрэеўна, мой праслаўлены таварыш педагог! — і паклаў трубку.
  
  XIX.
  Экзамен Максім назначыў на ранні час — у палове восьмай, спадзеючыся гадзін да дванаццаці вызваліцца: былі неадкладныя справы ў сваім упраўленні. Але студэнты адказвалі слаба. Каб выявіць у некаторага, што ж ён засвоіў з тэорыі архітэктурнай кампазіцыі, прыходзілася добра-такі павадзіць яго па тэорыі.
  Гадзіны праз дзве экзаменатар быў змучаны і расстроены. Прыгадваў, з якой цікавасцю некалі ён і яго сябры, паўгалодныя ў першыя пасляваенныя гады, у заплатаных гімнасцёрках, без падручнікаў, угрызаліся ў кожны прадмет, які раскрываў таямніцы архітэктурнай творчасці. А тут прыходзілі модна апранутыя юнакі і дзяўчаты, з доўгімі прычоскамі, шыньёнамі, многія з якіх, напэўна, не ўяўлялі сабе снедання без масла і абеду без адбіўной катлеты, і здзіўлялі сваім невуцтвам, неразуменнем элементарных асноў сродкаў гарманізацыі прасторавых форм. Адна не магла адказаць, што такое сіметрыя і асіметрыя. Другі не назваў архітэктурныя ордэры, хоць па гісторыі архітэктуры, якую здаў год назад, у яго стаяла чацвёрка.
  Максім, верны сваёй заўсёднай самакрытычнасці, пачаў ужо думаць, што, магчыма, сам ён прачытаў курс не лепшым чынам — не здолеў зацікавіць студэнтаў гэтым важным, патрэбным у практычнай працы і, на яго думку, адным з самых жывых, творчых прадметаў. Пастаянна ён чытаў тыпалогію будынкаў культурнага назначэння. Але ў абласным горадзе ў новым інстытуце не хапала кваліфікаваных выкладчыкаў, і яго папрасілі прачытаць кампазіцыю.
  Лекцыі яго хораша наведваліся. Слухалі гэтыя валасатыя моднікі, здаецца, уважліва, з цікавасцю. Чаму ж такі вынік? Каго ж мы набіраем і якую змену рыхтуем?
  Але тры чалавекі, і прытым адзін за адным,— выпадкова падабраліся ці сяброўская група, магчыма, хлопцы з аднаго інтэрнацкага пакоя — адказалі выдатна, радасна было слухаць. Пасля гэтых траіх Максім перастаў караць сябе і на ўсіх тых, хто «плаваў», пачаў глядзець, як на безадказных гультаёў, уедліва кпіў і сыпаў двойкі.
  Па шуму ў калідоры — па тым, як ён затух, гэты вясёлы шум,— зразумеў, што сярод студэнтаў — спалох. Відаць, групу лічылі нядрэннай, і такі правал — катастрофа не толькі для саміх студэнтаў, але і для факультэцкага, а можа, нават і для інстытуцкага начальства, тут жа, як і ў школах, змагаюцца за высокі працэнт паспяховасці, моўчкі спаборнічаюць, у каго ён, працэнт гэты, будзе бліжэй да сотні.
  Гадзін у адзінаццаць, калі заставалася яшчэ паўгрупы, хоць экзаменатар і пачаў гнаць хутчэй — не «выцягваў» дадатковымі пытаннямі, з'явілася Ніна Іванаўна. Далікатна папрасіла дазволу прысутнічаць на экзамене. Села збоку стала.
  Максім адразу падумаў, што студэнты паскардзіліся ў дэканат, там таксама ўзнялі трывогу — гарым! — і прыслалі кантралёра. Не. Хутчэй за ўсё Ніка сама выказала жаданне пайсці паўплываць ка бязлітаснага Карнача.
  «Ну, што ж, пагляджу, як ты будзеш уплываць на мяне»,— з вясёлай іроніяй падумаў Максім. Але праз колькі хвілін неспакойна заёрзаў на крэсле, бо адчуў, што прысутнасць гэтае жанчыны раздражняе.
  Ніна Іванаўна не зводзіла з яго вачэй і, здавалася, зусім не слухала студэнцкіх адказаў.
  «Ці не думаеш ты расплавіць мяне сваімі жаночымі чарамі?»
  Такое пільнае ўгляданне яе не толькі раздражняла, але і бянтэжыла, адводзіла думкі ад экзамена немаведама куды.
  Была ў іх сустрэча два дні назад, у нядзелю, зноў там жа ў Воўчым Лозе. Дзіўная сустрэча.
  Дзень выдаўся марозны і ясны. Сасняк адзеўся ў казачны іней, які дзівосна іскрыўся ў сонечным святле.
  З раніцы ён хадзіў па лесе на лыжах, хоць для прагулкі было задужа холадна. Перад абедам падняўся наверх папрацаваць на верстаку. У паўзе глянуў у прахуканае на шыбе вочка і адразу ўбачыў яе ўсё ў тым жа ярка-чырвоным лыжным касцюме.
  Спачатку захацелася зачыніць дзверы і схавацца, стаіцца. Але потым разважыў, што гэта не па-мужчынску. Яна неаднойчы званіла, без сціпласці, настойліва напрошвалася на сустрэчу. Ён ухіляўся, выдумляў розныя прычыны.
  Але ж нельга бясконца ўхіляцца. Трэба нарэшце сказаць праўду. Яны не юнакі і ніякіх абавязкаў адно перад адным не маюць, што здарылася тады — няхай яна гэта лічыць пікантным эпізодам, сваёй перамогай над яго слабасцю.
  Ён накінуў кажушок і выйшаў на вуліцу ёй насустрач.
  Яна ўбачыла яго і шпарка падбегла, задыханая. Хапала ротам паветра. Але шчокі яе былі не ружовыя, а пабялелыя.
  Замест прывітання ён сказаў:
  — Ты прымарозіла шчокі.
  Яна спалохана войкнула.
  Ён набраў у жменю калючага снегу, грубавата заціснуў яе галаву пад левую руку і пачаў расціраць ёй шчокі.
  Яна спачатку засмяялася, потым завойкала:
  — Ой, балюча! Мядзведзь! Ты скруціш мне галаву.
  І раптам, кінуўшы на снег чырвоныя пальчаткі, злавіла яго мокрую ад расталага снегу руку і прыціснулася да яе вуснамі.
  Такая нечаканая пяшчотнасць збянтэжыла. Ён выпусціў жанчыну і адступіў убок. Яна сказала:
  — Хадзем.
  — Куды?
  — Да цябе,— і засмяялася.— На гэты раз сапраўды за мной гоніцца Макаед. Але адстаў на добрую гадзіну. Куды яму да мяне! Цяльпух з прапітым сэрцам.
  — Ніна! Няўжо ты думаеш, што я так апусціўся?
  Тады і яна збянтэжылася, сцялася, і расцёртыя шчокі яе запунсавеліся; яна прашаптала, як дзяўчо, якую хочуць пакінуць:
  — Ты не хочаш даць мне ніколечкі радасці?
  Ён пайшоў да дачы. Яна ішла следам. Пад яго валёнкамі снег звінеў, пад яе лыжамі — жалобна галасіў. Ён сказаў, не паварочваючыся да яе:
  — Я, здаецца, зраблю табе вялікую непрыемнасць. Я збіраюся перайсці ў інстытут і прэтэндую на кафедру, якой ты часова загадваеш.
  О, як яму хацелася паглядзець, што адбілася на яе твары! Ва ўсякім разе, ён быў упэўнены, што пачуе нешта зусім супрацьлеглае прызнанню ў каханні. Недарэмна Віктар Шугачоў, неблагі псіхолаг, казаў, што за кар'еру Ніна прадасць не толькі Макаеда, але і ўласную душу. Але чаго чакаў — не пачуў. Нічога не пачуў у першую хвіліну. Перасталі галасіць лыжы. Яна спынілася. І ён спыніўся, усё яшчэ не паварочваючыся, баючыся, каб яна не прачытала на яго твары, што ён задаволены, што так ашаламіў яе сваім паведамленнем. І раптам пачуў тое, што ашаламіла самога. Яна сказала-гарачым шэптам:
  — Максім, я люблю цябе.
  Ён крута павярнуўся. Яна стаяла на лыжах, вяла апусціўшы рукі з кіямі; ад яе імпазантнасці нічога не засталося: звычайная баба, якую пакідае муж ці каханы,— разгубленая, але яшчэ з надзеяй вярнуць яго, угаварыць. Вінаватая ўсмешка скрывіла яе пабялелыя вусны.
  Максім на міг адчуў нешта падобнае на спачуванне ёй. Але перамог сваю слабасць. Сказаў пра іншае:
  — Макаеду многа гонару, каб я сустракаў яго. Але — чорт з ім! Жывы чалавек. А то яшчэ замерзне ў полі. А ў нас так мала архітэктараў. Ты ідзі адцірай шчокі, а я сустрэну,— і пайшоў надзяваць лыжы.
  Макаеда сустрэў хутка — мінут праз дзесяць: той ішоў не такі ўжо змучаны, ва ўсякім разе, не задыхаўся так, як яго жонка.
  Узбуджаны і вясёлы напачатку, Макаед, пакуль накрывалі на стол, хадзіў следам за Максімам і расказваў пра артыкул, які ўчора прачытаў,— у артыкуле гісторык і ўрач даказваў, што Сальеры не атруціў Моцарта, не мог атруціць, што Моцарт памёр ад рэўматычнага пароку сэрца. Расказваў падрабязна, дэталёва, добра запомніўшы формулу доказаў.
  — Гэта ўжо гадоў сто пяцьдзесят даказваюць,— сказаў Максім.
  Ніна смяялася.
  — Чаму гэта цябе так захапіла? Ці не думаеш ты атруціць каго?
  — Недарэчна ты жартуеш,
  Максім сцёбнуў Макаеда за яго пазіцыю на нарадзе ў Сасноўскага.
  — Ніхто з архітэктараў не падтрымлівае пасадку «хіміка» ў Белым Беразе. Адзін ты. Хто ж ты? Геній ці...
  — ...Дурань,— падказала Ніна, хоць ён, Максім, хацеў сказаць «невук», слова не менш моцнае, але, бадай, інтэлігентнае.
  Макаед з дзіўнай перакананасцю даводзіў, што сапраўды гэта той выпадак, калі ўсе яны, прафесіяналы-архітэктары, захопленыя моднай ідэяй аховы жылога асяроддзя, не бачаць станоўчых аспектаў размяшчэння камбіната ў Зарэчным раёне. Ён падрыхтаваў аргументы, цытаты і абвінавачваў усіх іх, выстаўляючы такім чынам сябе самым прагрэсіўным, самым сучасным планіроўшчыкам.
  — Яшчэ Карбюзье сказаў, што, нягледзячы на ўсе размовы аб функцыянальнасці, вобраз дзеяння архітэктараў не так ужо адрозніваецца ад метадаў іншых прадстаўнікоў мастацтва. У нас усё яшчэ на першым плане — эстэтыка, хоць у эпоху індустрыяльнага будаўніцтва функцыя стала рашаючай. Яна дыктуе і закон эканоміі. Мы толькі цешым сябе, што навучыліся спалучаць гэтыя дзве галоўныя састаўныя архітэктуры. Не, не навучыліся. У маштабе аднаго збудавання яшчэ думаем аб такім спалучэнні, бо гэтага патрабуе праектнае заданне, нарматывы. А ў маштабе горада, краіны? Хто з нас думае так, як думае Ігнатовіч пра ўсе эканамічныя паказчыкі развіцця горада?
  Пазіцыю ён заняў выгодную. І трывалую. Такія аргументы, такая самакрытычнасць будзе даспадобы не аднаму Ігнатовічу, а, бадай, усім гаспадарнікам.
  Нават Ніна без іроніі здзівілася.
  — Скажы, калі ласка! Дагэтуль не ведала, што Макаед — такі эрудыт!
  Максім даўно ўжо ўхіляўся ад сур'ёзнай дыскусіі з Макаедам. Дарэмна толькі траціць час і энергію. Макаед умеў зрабіць прадметам спрэчкі абсалютна бясспрэчную з'яву. Даволі яму, Карначу, сказаць, што гэта белае, як тут жа Браніслаў Адамавіч запярэчыць. Не, ён не скажа, што гэта чорнае ці чырвонае, але будзе даказваць, што гэта не белае. Якое хочаш, але толькі не белае.
  Таму Максім не стаў аспрэчваць Макаеда — не даў яму пацешыцца выказваннем добра прадуманых аргументаў. Перапыніў новым анекдотам, які вельмі рассмяшыў Ніну Іванаўну.
  Ад крыўды Макаед лішняе выпіў і чамусьці зноў успомніў Моцарта. Сказаў, як бы выхваляючыся:
  — А я... я ніколі не верыў, што Сальеры мог атруціць...
  — А я веру,— Максім сказаў гэта знарок, хоць добра помніў, што некалі ў студэнцкім інтэрнаце ў спрэчцы на гэтую тэму заставаўся ў адзіноце, выказваючы сумненне наконт гістарычнай праўдападобнасці пушкінскай трагедыі.— Мог атруціць. Такі зайздроснік...
  — Як ты,— зноў бязлітасна пеканула мужа Ніна.
  Кончылася тым, што Макаед расплакаўся. Самым
  натуральным чынам. Ліў слёзы, як бабёр. Хныкаў, як малы:
  — Чаму бы мяне не любіце? Я вас люблю, усіх люблю, а вы не... не... любіце...
  Было брыдка, непрыемна, але адначасова і смешна. Пакрыўдзілі, няшчаснага. Усё жыццё рабіў іншым гадасці і патрабуе за гэта ўсеагульнай любві
  Ніну Іванаўну збянтэжылі і нават спалохалі мужавы слёзы; яна, як бы адчуваючы сваю віну, уміг пераўтварылася ў добрую і клапатлівую жонку і хутчэй павяла мужа на мароз, каб працверазеў.
  — Калі ўвайшла чарговая чацвёрка студэнтаў і, выцягнуўшы білеты, углыбілася ў іх так, што нішто іншае ўжо не магло прыцягнуць іх увагу, Максім ціха спытаў у Ніны Іванаўны:
  — Ты прыйшла правяраць мяне?
  Яна ласкава ўсміхнулася і паківала галавой: не.
  Але яго ўсё яшчэ раздражняла думка, што нехта вырашыў праверыць, як ён прымае экзамены, і выбраў для гэтае мэты Ніну Іванаўну. А тут яшчэ сярод студэнтаў, што ўзялі білеты, быў Вадзім Кулагін.
  Мабыць, Ніна Іванаўна ўрэшце здагадалася аб яго падазрэнні, бо ўзяла чысты аркуш паперы і зялёным фламастэрам буйным прыгожым почыркам напісала:
  «Я прыйшла пабыць з табой. Паглядзець на цябе».
  Ён падсунуў гэтую паперу і шарыкавай ручкай знарок крыва, неразборліва і размашыста — на паўстаронкі — накідаў словы:
  «Не мялі сентыментальнай лухты. Я — не студэнт, і ты — не студэнтка. «Прыйшла паглядзець...» Куры засмяюцца...»
  Дзяўчына, адна сярод трох хлопцаў, сказала, што яна гатова адказваць.
  Максім бадай узрадаваўся, што паўза скончылася і не трэба працягваць гэтую недарэчную сапраўды-такі студэнцкую гульню ў запісачкі. Скажы, калі ласка, якія сучасныя Кіці і Левін!
  Бязлітасная прырода пакрыўдзіла дзяўчыну: не дала прыгожага аблічча, але затое дала іншае — памяць, якая, напэўна, здзіўляла ўсіх яе настаўнікаў. Студэнтка адказвала амаль слова ў слова так, як чытаў ён, выкладчык, тыя ж выразы, прыклады, якія ўжываў ён. Максіму не спадабалася: зазубрыла стэнаграфічны канспект. Даў ёй праект сучаснага тэатра, збудаванага ў парку, на яго, Карначову, думку, няўдала, і папрасіў растлумачыць залежнасць маштаба будынка ад яго ўзаемасувязі з навакольнай прасторай. Студэнтка расказала пра гэтую залежнасць дэталёва і правільна — па тэорыі. Але з адной памылкай: палічыла, што ў прыклад узята найлепшае маштабнае рашэнне. Максім зразумеў: у дзяўчыны няма фантазіі. А які будзе архітэктар без фантазіі? Маючы такую памяць, няхай бы яна лепш вучыла замежныя мовы ці бібліятэчныя навукі.
  Паставіў чацвёрку.
  Як многія непрыгожыя жанчыны, дзяўчына, відаць, была злосная і рашучая, ведала, што трэба будзе прабівацца ў жыцці. Твар яе не пачырванеў гнеўна ці збянтэжана, а неяк дзіўна, амаль страшна, пасінеў. Голасам, глухім і халодным, яна папрасіла растлумачыць, завошта ёй чацвёрка. У сваіх ведах яна была ўпэўнена.
  Максім цярпліва растлумачыў яе памылку.
  Студэнты адарваліся ад нататкаў і выцягнутых з рукавоў шпаргалак, на якія ён, экзаменатар, звычайна не звяртаў увагі — па шпаргалках такі прадмет не здасі,— і насцярожана слухалі.
  Іншая насцярожанасць з'явілася ў позірку Ніны Іванаўны.
  Выслухаўшы, студэнтка спытала:
  — А ў вас не было такіх памылак?
  — Былі.
  Яна хмыкнула.
  — Але мне не ставілі адзнакі. А проста адхілялі такі праект. А гэта ўжо не чацвёрка, а двойка ці нават адзінка. Атрымаць яе, маючы дыплом,— трагедыя большая, чым праваліцца на экзаменах. Помніце гэта.
  Дзяўчына была не дурная і, відаць, сцяміла, што да чаго, бо нечакана падзякавала, хоць голас яе быў невыразны.
  Ніна напісала на тым жа лісце, але драбней і не так прыгожа: «Ты бязлітасны».
  Пра што яна — пра яго адказ на яе словы ці пра адзнаку студэнтцы?
  Не чакаючы, пакуль яна працягне яму паперу, Максім выхапіў яе і наўскось па напісаным ёй раней — як рэзалюцыю паклаў:
  «Я бязлітасны! Да чаго?!»
  Яна ўсміхнулася, забрала паперу і, закрыўшы далоняй, пачала пісаць, як школьніца, якую гэта забаўляла і хвалявала.
  Ён спытаў у студэнтаў, хто гатовы адказваць. Але напалоханыя гісторыяй са сваёй каляжанкай, студэнты не спяшаліся. Думалі. З даволі выразным намёкам Максім паглядзеў на гадзіннік і заглянуў у заліковыя кніжкі — каго з іх выклікаць? Але тут Ніна Іванаўна зноў перадала сваё незвычайнае пасланне.
  Ён прачытаў:
  «Максім! Не іранізуй і не злуйся. Ведай: я люблю цябе. Я аддам табе кафедру. Аддам усё — за шчасце быць заўсёды побач з табой».
  Дзіўна. Як ні скептычна і ні сярдзіта ён быў настроены, словы гэтыя кранулі. Ён глянуў на студэнтаў — ці не назірае хто за іх гульнёй? Кранула не шчырасць прызнання — загадкавасць гэтай жанчыны. На інтрыгу гэта не падобна. Тут таямніца жаночай душы — адна з тых таямніц, пра якія напісаны горы кніг.
  Хацеў было падраць паперу і скончыць такім чынам недарэчную гульню, пакуль студэнты не ўнюхалі сэнс іх перапіскі, а то разнясуць не толькі па ўсім інстытуце — па ўсім горадзе. Але падумаў, што, падраўшы паперку, можа абразіць Ніну Іванаўну. А навошта абражаць? Ён раптам падабрэў, палагаднеў, адразу адхлынула раздражнёнасць. Згарнуў аркуш у чатыры столкі і паклаў ва ўнутраную кішэню.
  Ніна Іванаўна, якая пільна, гарачымі вачамі, сачыла за кожным яго рухам і выразам на твары, стоена, але радасна ўздыхнула.
  Максім паклікаў:
  — Кулагін.
  Вадзім нехаця падняўся, нехаця падышоў да стала. Ён быў упэўнены, што Карнач на экзамене помсліва прыдзярэцца да яго — за Веру, за размову. Баяўся гэтага і своеасабліва храбрыўся. Каб не выдаць сваёй боязі ні аднакурснікам, ні нават самому сабе, вучыў прадмет не больш, як усе іншыя. А студэнт ён сярэдні, асаблівай глыбінёй ведаў не вызначаўся. Праўда, нядрэнна валодаў пэндзлем і карандашом, што давала яму перавагу перад голымі тэарэтыкамі, якія ўсё здавалі на пяцёркі, але не ўмелі нарысаваць класічную калону — не адчувалі перспектыву, аб'ём, маштаб.
  Тое, што Карнач падняў першага яго, давала студэнту доказ неаб'ектыўнасці выкладчыка: «Чаму мяне, а не Бугаёва?»
  У сапраўднасці ж Максім падняў Кулагіна таму, што ў гэты момант быў у найлепшым настроі — добры, лагодны. Яшчэ калі Вадзім увайшоў у аўдыторыю, ён, нягледзячы на сваю раздражнёнасць дрэннымі адказамі студэнтаў і з'яўленнем Ніны Іванаўны, загадаў сабе: з гэтым хлопцам быць аб'ектыўным і мяккім.
  Поля расказала яму, калі і як Вера прызналася ім, бацькам, аб сваёй цяжарнасці. Як спалохаўся, запанікаваў Віктар. І што сказала яна, маці. І як гэта ўзрадавала Веру, вярнула да жыцця. З таго дня ўсё змянілася ў яе адносінах з гэтым каштанавым прыгажуном. Цяпер яна паводзіць сябе ўпэўнена, незалежна, а ён — вінавата і прыніжана.
  Вера расказала маці (цяпер яна ўсё расказвае), як размаўляла з каханым. Пасля Вадзім, нясмелы і збянтэжаны, з'яўляўся да іх на кватэру. І кожны раз Вера амаль здзекавалася з яго і траха што не выганяла з дому.
  Маці баялася, што Вера «перайграе» і можа зусім адштурхнуць хлопца. Сказала пра гэта дачцэ.
  «Мама,— адказала Вера.— Я перажыла такое ўніжэнне, такі страх! Праз яго. А таму я маю права хоць на маленькую помсту».
  Максім разумеў Веру і ўхваліў: за ўніжэнне трэба адпомсціць. Але не мог не згадзіцца з вопытнай і разважлівай маці, што ўсё павінна мець разумную меру, ні ў чым нельга «пераігрываць» — ні ў пяшчотнасці, ні ў злосці. Хлопец, відаць, не бяздумны, калі не толькі не адвярнуўся зусім, даведаўшыся пра Верын намер нарадзіць дзіця, а, наадварот, горнецца і гатовы жаніцца, нягледзячы на бацькоўскую забарону.
  Поля прасіла, каб пры выпадку ён паўплываў і на Веру, і на Вадзіма.
  Ён паабяцаў, хоць сумна пажартаваў: «А ты не думаеш, што цяпер я не маю права на ролю свата?»
  І вось у яго ёсць нейкая магчымасць паказаць насцярожанаму хлопцу сваю добразычлівасць,— што ён, маўляў, закрэсліў тую прыкрую размову іх і ніхто яму, Вадзіму, не будзе калоць вочы былымі памылкамі. У каго іх не было, памылак! Людзі ў два разы старэйшыя, якія з'елі, як кажуць, не адзін пуд солі, робяць глупствы не меншыя.
  Адказваў Кулагін пасрэдна, неяк вельмі куца, хоць і правільна, напэўна, меў шпаргалкі, але, відаць, таму і паднімаўся нехаця, што не паспеў выкарыстаць усе шпаргалкі.
  Максім слухаў цярпліва, не перапыняючы, не папраўляючы. Упершыню ўмяшалася ў экзамен Ніна Іванаўна, нібы адчувала, што хлопца трэба выцягнуць хаця бы на чацвёрку. Дала пытанні-падказкі па арганізацыі адкрытых прастораў: тэма гэтая звязана з яе дысертацыяй. Падказкі Вадзім лавіў, як кажуць, на ляту, з чаго Максім заключыў: хлопец здольны, але гультай, нават канспект і падручнік прачытаў не вельмі ўважліва.
  Па тэктоніцы ордэрных сістэм «плаваў» зусім.
  Трэба было ставіць яму тройку. Але Максіму шчыра хацелася выцягнуць Кулагіна на чацвёрку: у заліковай кніжцы, якую ён прагледзеў, у студэнта былі добрыя адзнакі.
  Спытаў пра «функцыю Жалтоўскага». Кулагін чуў звон, але дзе ён — пра гэта меў уяўленне вельмі цьмянае.
  Максім ветліва папрасіў яго начарціць рытмічны рад, утвораны спалучэннем метрычных радоў. Самае простае-элементарнае ва ўсім курсе кампазіцыі.
  Кулагін павярнуўся да дошкі, узяў крэйду і так застыў. Ці то ён наогул прапусціў раздзел аб рытме, ці то схемы рытмічных радоў пераблыталіся ў яго галаве.
  Максім здзівіўся:
  — Вы не можаце начарціць такую дробязь? Пасаромейцеся, Кулагін.
  Вадзім з перакошаным тварам крута павярнуўся ад дошкі і, сціснуўшы зубы, прасіпеў:
  — Вы прыдзіраецеся да мяне. Я ведаю, завошта вы...
  Максім сказаў лагодна, мірна:
  — Ну, і дурань жа ты, брат ты мой.
  Кулагін завішчаў, быццам яго ўкусілі:
  — А вось за абразу я буду скардзіцца! Вы чулі, Ніна Іванаўна, як ён?.. Я да рэктара пайду!
  Максім падняўся так, што адляцела да дошкі крэсла, і грымнуў на ўсю аўдыторыю:.
  — Пайшоў прэч, шчанюк!
  
  * * *
  Вера вярнулася з інстытута ў слязах. Адразу, не скінуўшы паліто, прыйшла на кухню і расплакалася.
  — Які дурань! Які дурань! Божа мой, чаму я пакахала такога дурнога.
  Поля сачыла цяпер за дачкой, за яе настроем з асаблівай пільнасцю. Раней не падабалася яе маркотнасць, цяпер часам не падабаецца празмерная весялосць, бо і яна бывае ад трывогі, ад страху. А гэтыя слёзы і асабліва гэтае па-дзіцячаму наіўнае прызнанне: «Чаму я пакахала такога дурнога?» — узрадавалі маці. Значыцца, нішто не зруйнавала яе кахання. Кахае па-ранейшаму, аддана і даверліва, хоць і помсціць хлопцу. Значыць, усё можа наладзіцца. Толькі трэба прасачыць, каб яна сапраўды якой-небудзь непрадумана-дзёрзкай выхадкай не адштурхнула хлопца. Поля зусім супакоілася, калі даведалася, што здарылася ў інстытуце. Вадзім нагрубіў Максіму Яўцехавічу на экзамене, і той выгнаў яго з аўдыторыі. Вадзім замест таго, каб, счакаўшы, папрасіць прабачэння, бегаў да дэкана скардзіцца. І вось гэтага Вера не можа дараваць. Вера не можа нават падумаць, што мог паступіць несправядліва дзядзька Максім.
  Поля супакоілася, але падумала з лёгкай крыўдай на Максіма: «Навошта ж яму чапляцца да гэтага хлопца цяпер, калі ўсё яшчэ так няпэўна? Няўжо не разумее, што яго прычэпка можа не лепшым чынам адбіцца на Вадзімавых адносінах да Веры? Яна ж вунь якая: за свайго куміра гатовая з кулакамі кінуцца на каго хочаш».
  Можа, і не з'явілася б такое пачуццё, каб не было Віктаравай крыўды на Максіма. Дзён колькі назад Віктар вярнуўся з нарады ў абкоме ўзбуджаны і ўсхваляваны, закінуў скруткі праектаў на шафу Поля адразу зразумела, што здарылася нядобрае, што мужа пакрыўдзілі, напэўна, зганілі яго ідэю забудовы Зарэчча. Але ведала, што адразу ў Віктара лепш нічога не пытаць, а то раскрычыцца, можа нагаварыць глупства і пасля будзе яшчэ больш перажываць. Няхай адтане, памякчэе. Зараду злосці, крыўды, гневу, смутку ў яго хапае ненадоўга.
  Сапраўды, пасля вячэры і прагляду па тэлевізары нядрэннага фільма настрой у Віктара прыкметна змяніўся. І Поля адважылася спытаць так, каб не чулі дзеці, што ж здарылася ў абкоме.
  Ён спахмурнеў, паспрабаваў ухіліцца ад размовы.
  — Нічога не здарылася.
  — Калі гэта партыйны сакрэт, ты можаш не гаварыць. Але настрой свой ты ад мяне не схаваеш, як ні старайся. Многа солі мы разам з табой з'елі, Віця, каб не разумець адзін аднаго.
  Тады ён расказаў, хто і як пакрыўдзіў яго.
  Поля здзівілася. Ведала, што можна чалавека абразіць смяртэльна адным словам, самым простым, не лаянкай, не абвінавачваннем. Усё залежыць ад таго, калі, дзе, як, у якім кантэксце і пад які настрой сказаць такое слова. Але з таго, што расказаў Віктар, яна не адчула, што «малюнкі», як назваў яго лісты Максім,— тое слова, якое магло так балюча пакрыўдзіць сталага, не пазбаўленага пачуцця гумару, чалавека. Заўсёды яна баялася праяў дробязнасці, падазронасці ў дзяцей, у мужа, у сябе. Іржа гэтая ўзнікае непрыкметна, а раз'ядае характар хутка.
  Таму яна засмяялася і, як малому, ускудлачыла Віктару валасы.
  — І ты за гэта пакрыўдзіўся? За малюнкі? Віця! Як гэта непадобна на цябе. Смешна. Я чула ад Максіма не такія жарты ў твой адрас, і ты не крыўдаваў. А як ён называў праекты і свае, і твае?
  Віктар падумаў і сказаў разважліва:
  — Не ў слове — соль. Малюнкі, эцюды... Называй як хочаш. Але паважай маю працу. Для мяне яна — жыццё.
  — Не скажаш жа ты, што Максім не паважае тваёй працы. Гэта і яго праца.
  — А ведаеш, можа, таму я і пакрыўдзіўся, што здалося мне, што сказаў ён так, быццам гэта ўжо не яго праца, быццам ён адышоў ад усяго гэтага...
  — Як жа ён адышоў, калі, ты кажаш, так біўся за Белы Бераг?
  — Гэта — іншае. Але, калі хочаш ведаць, то і гэтая яго смеласць не падабаецца мне. Яна нейкая адчайная... ненатуральная. Ён быццам робіць нейкі псіхалагічны эксперымент. З сабою. Са мной. З усімі, хто яго акружае...
  Поля тады ніяк не магла зразумець, завошта ж пакрыўдзіўся Віктар на Максіма. Нават пэўным чынам пакутавала: так, здавалася, яна ведае свайго мужа, а выходзіць, што і ў яго душы ёсць яшчэ таямніцы, якія трэба разгадваць.
  А вось цяпер, слухаючы, як Вера ва ўсім вінаваціць толькі Вадзіма, ёй, Полі, прыгадаліся мужавы словы: «Ён быццам робіць псіхалагічны эксперымент. Над усімі, хто яго акружае». Здаецца, яна ў нечым зразумела Віктара. І ў думках дакарала ці прасіла Максіма: «Нам не трэба ніякія эксперыменты. Няхай яны, маладыя, разбяруцца самі. Тут я больш веру ў мудрасць іх сэрцаў, чым у ваш розум».
  Вера так змянілася, што пра ўсё расказвала не толькі ёй, маці, але і бацьку, Ігару, нават малодшым. Неяк адразу яна з дзяўчыны ператварылася ў сталую жанчыну. Полю радавала, што Вера такая вясёлая, гаварлівая, таварыская і ў інстытуце, і дома. Але непакоіла, што яна зусім перастае саромецца сваёй цяжарнасці і, здаецца, гатова ўжо расказваць пра яе ўсім. Чаго добрага, хутка Кацька будзе ведаць, што Вера народзіць маленькага хлопчыка ці дзяўчынку. Тэлевізар так адукаваў Кацьку, што яна даўно ўжо не верыць казцы, быццам дзяцей прыкосяць буслы ці што іх знаходзяць у лесе.
  Поля баялася, што калі Кацька даведаецца, што ў Веры будзе дзіця, то ўчыніць і сястры, і ёй, маці, цэлы допыт, і на шмат якія пытанні яе будзе вельмі нялёгка адказаць.
  Вера сама за вячэрай расказала бацьку пра здарэнне ў інстытутце, праўда, без слёз ужо і без асаблівага абурэння супраць Вадзіма.
  Віктар сказаў пра Максіма з іроніяй ці ўхвалой — нельга было зразумець:
  — Напалеон.
  — Чаму Напалеон? — здзівілася Вера.
  Бацька не адказаў.
  Цяпер, калі прайшло колькі дзён і быў час спакойна падумаць, Шугачоў зразумеў, што яго пакрыўдзіла не слова — не такі ён дробязны. Там, у абкоме, ён адчуў, што цэлы год жыў ва ўяўным свеце, адарваўшыся ад рэчаіснасці. А хто яго, такога зямнога, узнёс у паднябессе? Максім. Ён запаліў надзею, што яны атрымаюць дазвол на эксперыментальную забудову Зарэчча. Надзея ператварылася ў веру, упэўненасць, і ён, Шугачоў, як наіўны дыпломнік, цэлы год тварыў на паперы, у галаве новы раён па сваіх нарматывах.
  Чаму там, на нарадзе, па зусім іншаму пытанню, раптам так — як ад выбуху — рушылася яго надзея — растлумачыць ён не мог. Дзіўна, што адчуў ён гэта менавіта тады, калі Максім са сваёй дурною іроніяй назваў яго праекты малюнкамі. Але, прыгожыя малюнкі, якія немагчыма матэрыялізаваць — перавесці ў бетон, шкло, асфальт, у алеі прысад.
  Поля па-жаночаму хітра падбадзёрыла, сказаўшы, што ён спраектуе і па тых нарматывах, якія існуюць, лепшы раён. Гэта стрымала яго ад глупства — адмовіцца ад праекта. Але гэта не памагло лёгка перарабіць праект. Спрабаваў — не выйшла.
  Цяпер зноў тры ночы праседзеў над лістамі. Хацеў знішчыць усё, што яўна вылазіла з нарматываў. І не здолеў закрэсліць ніводзін эскіз. Шкада было да сардэчнага болю. Успамінаў, як лёгка драў і паліў свае эскізы Максім — каб не мазолілі вочы і каб не перашкаджалі Шукаць іншае рашэнне. Зайздросціў такой смеласці і шчодрасці. Відаць, гэта прыкмета сапраўднага таленту. А вось ён так не можа. Асабліва з праектам Зарэчча. Вельмі дарагая для яго гэта праца. Яна давала тую радасць, без якой жыццё робіцца бедным і сумным.
  Як жа спалучыць бязлітасны закон эканоміі з нястрымным палётам фантазіі?
  Відаць, позна яму ляцець. Не той узрост, не тое становішча, не тое месца — не ў абласным горадзе можна зрабіць такі эксперымент. Малады скептык, сын яго, мае рацыю. Трэба апускаць крылы. Позна размахнуў імі на ўсю сілу. Трэба па-ранейшаму ціха і непрыкметна праектаваць звычайнае жыллё з захаваннем усіх інструкцый і цэннікаў. І здабываць прэміяльныя. Сабе. Майстэрні. Усёй філіі інстытута. І ўсе будуць задаволены. Партрэт яго па-ранейшаму будзе вісець на дошцы перадавікоў.
  Чортаў Карнач! Як ён узбунтаваў яго спакойнае жыццё! А цяпер паводзіць сябе так, быццам Зарэчча дробны эпізод у яго шырокай дзейнасці. Вось ад чаго яго, шугачоўская, крыўда.
  
  XX.
  Галіна Уладзіміраўна нячутна ўвайшла ў кабінет, гэтак жа нячутна падышла да стала, паклала збоку пачак папер.
  — Пошта,— сказала коратка.
  — Дзякую,— адказаў Ігнатовіч, як заўсёды ветліва, ад паперы, якую чытаў, не адарваўся. Пасля непрыемнай і цяжкай размовы з жонкай пра Галіну Уладзіміраўну ён ні то баяўся, ні то саромеўся разглядваць сакратарку, даверліва гутарыць з ёй.
  Такая загадкавая перамена ў адносінах Герасіма Пятровіча да яе здзіўляла і непакоіла Галіну Уладзіміраўну.
  Яна сказала яшчэ раз:
  — Пошта.
  Часта ён весела пытаў: «Што самае цікавае ў сённяшняй пошце? Дзе тут гвоздзі?» Пісьмы былі самыя розныя, часам трагічныя, часам анекдатычныя. Такія пісьмы яны абмяркоўвалі. Ігнатовічу цікава было перад тым, як зрэагаваць на тое ці іншае пісьмо, пачуць думку гэтай спакойнай, разважлівай, добрай па сваёй натуры жанчыны. Па скаргах і просьбах людзей яна далікатна і пачціва, як бы міне іншым, давала часам разумныя і трапныя парады.
  Па тым, што яна паўтарыла слова «пошта» двойчы, ён зразумеў, што ёсць у гэтай пошце «гвоздзі», але зноў-такі не ўзняў галаву, толькі падзякаваў шчырэй і цяплей:
  — Дзякую вам, Галіна Уладзіміраўна.
  Нейкі момант яна пастаяла каля яго стала, потым нячутна пайшла. На працы яна абувала нейкія бясшумныя чаравікі, якія не стукалі нават на звонкім паркеце. Гэта яму падабалася. Увогуле падабалася яе ўменне адзявацца прыгожа і сціпла — нічога не кідаецца ў вочы.
  Ён паглядзеў ёй услед і тут жа ўзлавана тузануў сябе, бы злавіў на крамоле: паглядзеў як на жанчыну. А на гэта ён не мае права! Хай Ліза выдумляе што хоча. Галоўнае, каб перад самім сабой, перад сваім сумленнем ён быў чысты, нават у самых патаемных думках. Ён ганарыўся сваёй маральнай чысцінёй: ніколі лішне не выпіў, не пажадаў чужой жонкі, не зманіў, не скрывіў лінію, не ўзяў звыш таго, што яму належыць, не рабіў прыпісак і нават ніколі не стараўся ўтаіць памылкі ў сваёй працы.
  Зачыніліся дзверы за Галінай Уладзіміраўнай — Герасім Пятровіч глянуў на пошту, што яна прынесла. І адразу кроў ударыла ў галаву. Зверху ляжала заява Дашы ў гарком, яе скарга на Максіма і просьба «заклікаць яго да парадку», бо камуніст Карнач страціў не толькі партыйнае, але і чалавечае сумленне.
  Ён адным позіркам выхапіў гэтыя словы. Імкліва, амаль са страхам, шукаў другое імя — Галіны Уладзіміраўны. Не знайшоў — з палёгкай уздыхнуў. Аднак усё адно было непрыемна, што гэтае пісьмо чытала Галіна Уладзіміраўна. Бач, паклала першае, над усімі іншымі пісьмамі, безумоўна, больш важнымі! Як бы прадэманстравала. І двойчы паўтарыла «пошта», жадаючы звярнуць яго ўвагу, пагаварыць пра гэта.
  Ігнатовіч усё яшчэ не хацеў верыць, што адносіны Галіны Уладзіміраўны і Максіма дайшлі да таго, пра што гаворыць Ліза. Але ён сам бачыў, як яны размаўлялі, як пачырванела была Галіна Уладзіміраўна. Гэтая чырвань яе, між іншым, гаварыла, што ўсё толькі пачынаецца, але сведчыла, што яны цягнуцца адно да аднаго. І яму, Ігнатовічу, было гэта не толькі непрыемна, але чамусьці крыўдна і балюча, быццам яго, сумленнага чалавека, бессаромна ашукалі.
  З'явілася злосць на Лізу. Гэта яна падгаварыла Дашу напісаць у гарком, яна неяк прагаварылася, што, калі прымірэнне не адбудзецца, магчыма з'яўленне такога пісьма. Ліза гаварыла пра гэта ў такой сітуацыі, што ён не здолеў запярэчыць. А цяпер абурыўся. Якога д'ябла яна падкідае яму гэтыя бабскія, ды яшчэ сваяцкія праблемы?! Мала ў яго спраў па кіраўніцтву горадам? Ён увогуле не любіў, калі паступалі такія скаргі. І жонак такіх зневажаў. Што гэта за жанчына, якая хоча ўтрымаць мужа пры дапамозе партбюро, райкома ці гаркома? Гэта ж трэба страціць усялякі жаночы гонар, самую сябе не паважаць.
  Аднак становішча не дазваляе яму афіцыйна выказаць тое, што ён думае пра такіх жонак. Афіцыйна прыходзіцца сур'ёзным чынам разбірацца ў такіх сямейных канфліктах і па закону партыйнай дысцыпліны і этыкі многіх з аматараў вольнасці і смятанкі прыводзіць да памяці — вяртаць у «лона сямейнае». Што зробіш, на такой пасадзе прыходзіцца ўсім займацца.
  Але, Дашытаму пісьму прыйдзецца даваць ход, назад яго не адашлеш. Зарэгістравана... Прачытана... Зноў стала непрыемна ад думкі, што прачытана пісьмо не толькі ім. Відаць, увесь апарат ужо ведае. І чакае, як Герасім Пятровіч паступіць у адносінах да дружбака і... сваяка. Чортавы бабы! Калі ўжо надумаліся пісаць, няўжо не маглі перадаць яму асабіста? Але што б гэта змяніла? Нічога. Усё адно прыйшлося б разбірацца. Можа, нават горш — самому прынесці такое пісьмо ў гарком.
  Злосць на Лізу патроху астывала: у жонкі хапіла хітрасці і мудрасці не ўцягваць у гэтую гісторыю яго сакратарку і не ствараць яшчэ аднае праблемы.
  І тады ўвесь яго гнеў і раздражнёнасць перакінуліся на Максіма.
  Дваццаць гадоў ён лічыў Карнача разумным чалавекам, некалі, маладзейшы, проста ўлюбёны быў у сваяка-архітэктара — за розум яго, талент, дасціпнасць, весялосць. Няўжо ж ён, Герасім Пятровіч, такі праніклівы і тонкі знаўца чалавечай псіхалогіі, дваццаць гадоў памыляўся? Што ж адбылося? Што змянілася? Ці хто змяніўся?
  Яму хацелася быць бязлітасна самакрытычным. А можа, ён сам у нечым змяніўся і стаў не лепшым? Не. Абсурд. У Карнача не толькі нелады ў сям'і. У яго за апошні час цэлы ланцуг учынкаў, за кожны з якіх любы іншы работнік, нават займаючы вышэйшую пасаду, даўно, як кажуць, стаяў бы вось на гэтым чырвоным дыване. Ён, Ігнатовіч, ахоўваў Карнача ад партыйнага і грамадскага суда. Але далей ахоўваць немагчыма, бо сам страціш прынцыповасць і ўлезеш у абыватальскае балота. Далей працаваць з ім разам нельга. Як ён размаўляў у апошні час! Гэты яго анархізм у архітэктуры... Пісьмы аб «хіміку» і Зарэчным мікрараёне... Паспрабаваў бы падобным чынам выказваць сваю прыватную думку нават галоўны архітэктар сталіцы — я паглядзеў бы, што ад яго засталося б. А Карнач поста-такі выходзіць з-пад усякай улады. А хто вінаваты? Ён, Ігнатовіч. Даваў паблажкі, прывучыў вырашаць важнейшыя горадабудаўнічыя праблемы ў сяброўскай гутарцы за кубачкам кавы ці нават кілішкам каньяку. Не, заўсёды трэба трымаць дыстанцыю. На такой пасадзе не толькі са сваяком — з бацькам, з сынам, з жонкай. Людзі слабыя. І ад любога паслаблення любой няправільна зразуметай дэмакратыі трацяць пачуццё адказнасці, тактоўнасці, меру дазволенага і недазволенага. Думка пра тое, што Карнача трэба пакараць, неяк быццам спалохала Герасіма Пятровіча. Уласна кажучы, спалохала не тое, што трэба пакараць, а тое, што гэта мусіць зрабіць ён, Ігнатовіч, акрамя яго, ніхто гэтым не будзе займацца. Партарганізацыя выканкома? Карнач там намеснік сакратара партбюро і, як расказваў Кіслюк, у бюро першая скрыпка, большасць членаў заварожаны ім. Не, не тое бюро, якому можна даручыць такую справу. Ды, нарэшце, заява вось гэтая паступіла не куды-небудзь, а персанальна на яго, Ігнатовіча, імя. Было б беспрынцыповасцю і ганебнай баязлівасцю шмыгнуць у кусты ад гэтае справы, даручыўшы разбірацца з ёй камусьці іншаму. Такога, не ў прыклад некаторым кіраўнікам, ён ніколі не рабіў. Заўсёды лічыў: адзіная правільная пазіцыя кіраўніка — пазіцыя прынцыповая, бескампрамісная; любыя пытанні трэба рашаць без усякай скідкі на сяброўства, сваяцтва, кумаўство.
  Але тут Герасіма Пятровіча агарнуў смутак, быццам ён страціў нешта дарагое ці пахаваў блізкага чалавека. Не адразу нават зразумеў, адкуль з'явілася такое пачуцце. Але чамусьці прыгадаліся словы Сасноўскага аб дружбе. Ах, вось што: шкада дваццацігадовай дружбы! Але, шкада, ён не тоіцца, што гэта так. Можа прызнацца ў гэтым Лізе, Дашы, самому Карначу... Нават Сасноўскаму. Між тым, словы Сасноўскага выплывалі, як у магнітафонным запісу: «І калі ты даведваешся пра нелады ў сям'і сябра тады, калі справа дайшла да разрыву... дык я цябе паставіў бы вось на гэты дыван побач з Карначом...»
  Узлаваўся на Сасноўскага. «Стары мараліст. Хацеў бы я паглядзець, як ты круціўся б, каб нешта падобнае адмачыў твой партызанскі дружбачок Грачанік. Сваіх партызан ты заўсёды выгараджваеш... Да ўсіх у цябе адна мерка, да партызан — другая».
  Герасім Пятровіч падняўся, падышоў да акна. На вуліцы была адліга. Гурбы змеценага да тратуараў снегу пачарнелі. Пасярод вуліцы ў адным месцы таўклася добрая паўсотня вераб'ёў. Цвіркалі, біліся. Што яны там знайшлі? Якая спажыва магла валяцца пасярод гарадской вуліцы? Потым прыгадаў. Адзін з партызан Сасноўскага, старшыня недалёкага калгаса — Іван Музыка (прозвішча як знарок для яго прыдумалі!), часта зімой і дагэтуль прыязджае ў горад на кані. Размаляваны вазок. Добры стаеннік. І гаспадар у кажусе — як кулак. Едзе, не спяшаючыся, па цэнтральнай вуліцы, затрымлівае транспарт, збірае дзяцей.
  Неяк ён, Ігнатовіч, сказаў Сасноўскаму, што варта Музыку забараніць гэтае цыркавое прадстаўленне. Але Сасноўскі паглядзеў на яго са здзіўленнем і спытаў са сваёй уедлівай іроніяй: «А што табе яшчэ хочацца забараніць? Выкладай усю тваю праграму-максімум».
  Учора быў пленум абкома, і Музыка зноў прыехаў на кані. Там, дзе таўкуцца вераб'і, стаяў вазок, і распрэжаны конь хрумстаў канюшыну. А пасля пленума з Музыкай выйшаў Сасноўскі і, як цыган, доўга аглядаў сапраўды прыгожага маладога жарабка. А калі Музыка запрог, Сасноўскі сеў з ім у вазок, і яны паехалі па пустынных вячэрніх вуліцах да ракі. Лейцы трымаў Сасноўскі. Акцёры. Ён, Ігнатовіч, ніколі не паверыць, што ў наш час у старых распаўнелых людзей, якія маюць персанальныя машыны, ёсць душэўная патрэба праехаць на кані. Ігра ўсё пад сялянства. Музыку гэтаму гадзіны тры трэба трусіцца на кані, калі не больш, а на «Волзе» даехаў бы за паўгадзіны.
  Нядрэнна было б прыдумаць анекдот аб учарашняй прагулцы Сасноўскага. Маглі, напрыклад, яны перакуліцца, з'язджаючы да ракі? Не, плоска. Не мастак ён на прыдумкі. Ды і не да твару яму першаму выпускаць «качкі». Творцаў легенд і анекдотаў хапае без яго.
  Аднак усё адно ўспамін, што нагадала вераб'іная чарада, развесяліў, ва ўсякім разе, адцягнуў ад нялёгкіх думак, неяк ураўнаважыў душэўны стан. Урэшце, Дашына заява — дробны эпізод у яго вялікай і шматпланавай працы. Падумаеш, яшчэ адно пісьмо ад жонкі, якая не ўмее ўтрымаць мужа!
  Герасім Пятровіч вярнуўся да стала, выхапіў з падстаўкі ручку-«ракету», нацэліўся ёй на Дашына пісьмо, каб напісаць рэзалюцыю. Але «ракета» павісла ў паветры.
  Выносіць на бюро адну гэтую заяву — драбнавата. Безумоўна, можна стварыць персанальную справу і з нявернасці жонцы. Але ў выпадку з Карначом некаторыя могуць па-рознаму падысці да гэтае справы. Якінебудзь Кіслюк развядзе ліберальную дэмагогію. А палавінчатага рашэння быць не павінна. Ды і ўвогуле, ён, Ігнатовіч, заўсёды верны непахіснаму прынцыпу: любое пытанне трэба вырашаць у комплексе. Толькі пры такім рашэнні можна пазбегнуць памылак.
  Герасім Пятровіч набраў нумар тэлефона і паклікаў да сябе загадчыка аддзела Языкевіча.
  Той з'явіўся праз хвіліну — не паспеў сакратар прачытаць яшчэ адно пісьмо.
  Ігнатовіч ганарыўся сваім апаратам. Працуе, як добра наладжаны гадзіннік. Загадчыкі аддзелаў, інструктары, тэхперсанал -— людзі адукаваныя, энергічныя, пераважна — маладыя. Тых, хто хацеў спакойна, без лішніх эмацыянальных нагрузак, дапрацаваць да пенсіі, ён перамясціў у іншыя ўстановы — на павышэнне.
  Ніхто быццам бы не пакрыўджаны, а для справы — карысць. Урэшце увесь рытм жыцця ў горадзе залежыць ад работы гаркома.
  — Як ідзе праверка сёмага трэста? — спытаў Ігнатовіч у загадчыка аддзела.
  — Працуем дзень і ноч, Герасім Пятровіч.
  — Уначы трэба спаць, а не працаваць.
  — Ды гэта так гаворыцца. Але вечары прыхопліваем. Там у іх: чым глыбей у лес, тым больш дроў. Завалы.
  — Што, Бухавец згарыць?
  — Баюся, што згарыць. Прыпіскі выяўляем. Прэміі незаконныя.
  Ігнатовіч цяжка ўздыхнуў. Сапраўды, ён перажываў. Бухавец доўгі час лічыўся лепшым кіраўніком будтрэста, пакуль ад рабочых не паступіў сігнал. Рабочы клас цяпер — палітыкі, эканамісты, яны бачаць глыбей, чым некаторыя кіраўнікі.
  — Скажы, Арсен Мікалаевіч, чаму некаторых людзей цягне на махінацыі? Недурны ж чалавек, гэты Бухавец.
  — Спакусы.
  — Якія спакусы?
  — Розныя. А чалавек слабы па сваёй натуры.
  — Філасофію пра чалавечую слабасць выкінь на сметнік. Не наша філасофія. У перыяд нэпа маглі некаторыя кляваць на спакусы, пра якія ты думаеш.
  — А я не пра тыя думаю. Галоўная спакуса цяпер для такіх, як Бухавец,— заўсёды быць наперадзе, на віду. А ў будаўніцтве гэта вельмі няпроста... пры нашым матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
  — «Пры нашым...» Змрочныя ў вас думкі, Языкевіч.
  — Ды не, я — аптыміст, Герасім Пятровіч. Але і рэаліст.
  — Ну, вось што, аптымістычны рэаліст, лічу, што нам варта пытанні горадабудаўніцтва разгледзець у комплексе. Трэба праверыць работу архітэктурнага ўпраўлення.
  — Зразумела.— Языкевіч ужо ведаў пра пісьмо жонкі галоўнага архітэктара і ўміг звязаў адно з другім. А Ігнатовіча непрыемна ўразіла і насцярожыла гэтае яго «зразумела», звычайна Языкевіч любіў паразважаць і паскардзіцца, што працуе дзень і ноч.
  — Што зразумела?
  — Што трэба праверыць. Будзе зроблена.
  — Хто праверыць?
  — Мы праверым. Аддзел.
  — У вас ёсць архітэктары?
  Языкевіч не здолеў схаваць свайго здзіўлення:
  — Будзем ствараць камісію?
  Камісія стваралася тады, калі загадзя ведалі, што па ўстанове, з якой паступілі сігналы, прыйдзецца рабіць самыя сур'ёзныя вывады. Архітэктурным абліччам новых раёнаў горада патрыёты яго ганарыліся: будуем, маўляў, не горш, як у Маскве і ў Мінску. Больш за ўсіх ганарыўся сам Ігнатовіч. Але Языкевіч добра ведаў, што там, дзе праца не вызначаецца працэнтам вала, колькасцю станкоў, панчох ці метрамі тканін, а з'яўляецца шматстайнай арганізацыйнай дзейнасцю, часам нябачнай, кантролем за працай іншых,— там заўсёды можна знайсці памылкі і недахопы. А калі яшчэ ўстанова дзейнічае ў сферы мастацтва, можна смела пісаць што хочаш — ніхто не здолее аспрэчыць. Відаць, архітэктурнае ўпраўленне трэба «секануць пад корань» — пад Карнача. Але ці не ўдарыць гэта рыкашэтам па нас, Герасім Пятровіч, па вас асабіста, бо ніхто не займаўся столькі архітэктурай, як вы? Як жа тады дапасаваць адно да другога? Не кінуць нам: куды ж вы глядзелі раней?
  У Языкевіча, якому спачатку заданне здалося простым, узніклі сумненні, бо яму прыйдзецца арыентаваць камісію. Якую задачу ён паставіць?
  А між тым Герасім Пятровіч, здаецца, лічыць, што размова скончана — пачаў чытаць пісьмы.
  Языкевіч варухнуўся ў крэсле так, што яно натужліва заскрыпела.
  — Каго з архітэктараў уключыць у камісію? Шугачова?
  Герасім Пятровіч разгадаў тонкую хітрасць Языкевіча і гнеўна пачырванеў. Гэты хлапчына малады ды ранні, пальцы ў рот яму не кладзі. Спрытна ўмее застрахоўваць сябе ад памылак. Старанны, акуратны, але ніводнага пытання не зрушыць з месца, пакуль не даведаецца яго Ігнатовіча, думку. Бач, як хітра пад'ехаў! Але ў даным выпадку яму, Ігнатозічу, няма патрэбы задаваць загадкі.
  — Не, Шугачоў — не тая кандыдатура. Гэта — цень Карнача. Запрасіце Макаеда.
  Языкевіч падхапіўся з крэсла: вось цяпер яму сапраўды ўсё зразумела. Пайшоў да дзвярэй, але Герасім Пятровіч спыніў яго:
  — Яшчэ адно. Падрыхтуйце даведку аб выкананні пастановы гаркома аб навядзенні парадку ў садоваагародніх кааператывах.
  Малады Языкевіч скеміў, навошта гэта і што трэба падкрэсліць у такой даведцы, і адчуў своеасаблівае захапленне сваім кіраўніком: вось гэта сапраўды комплекснае рашэнне пытання!
  Выйшаўшы ў прыёмную, Языкевіч дастаў насоўку і выцер лоб, нібы ў кабінеце яму было горача. Сказаў Галіне Уладзіміраўне, якая глядзела на яго запытальна:
  — Неіспавядзімы пуці гасподнія.
  Яна не зразумела. А ёй вельмі хацелася ведаць, як Герасім Пятровіч адрэагаваў на пісьмо Карначовай жонкі. Але ў прыёмнай былі староннія людзі, і яна не стрымалася і выйшла следам за Языкевічам у калідор. Гукнула.
  — Арсен Мікалаевіч.
  Ён галантна павярнуўся, паправіў гальштук.
  — Дарагая Галіна Уладзіміраўна. Я заўсёды да вашых паслуг...
  Яму падабалася гэтая прыгожая маладая ўдава, надзвычай паслужлівая, таварыская супрацоўніца: што не папросіш, заўсёды зробіць, хоць гэта і не ўваходзіць у яе абавязкі.
  — Ён даручыў вам?
  — Што?
  — Разабрацца са скаргай жонкі галоўнага архітэктара.
  Арсен паціснуў плячамі:
  — Ні пра якую заяву ён нічога не сказаў,
  — Не сказаў? — жанчына здзівілася.
  Языкевіч падышоў бліжэй, угледзеўся ў яе твар, убачыў, што яна ўсхвалявана, і ў яго з'явілася цікаўнасць: здаецца, можна намацваць рамантычны вузялок. Ты глядзі, праўду кажуць: у ціхім балоце чэрці водзяцца. Такая недачэпа...
  — А што вас так устрывожыла гэтая заява? Ці не закруцілі вы раман з Карначом?
  — Ну, што вы! — яна спалохана азірнулася — ці не чуе хто?
  Языкевіч засмяяяўся:
  — Ах, жанчыны! Як лёгка вы выдаяце сябе!
  Што ж, Карнач — мужчына, варты жаночай увагі. Стараваты, праўда. Я — ваш равеснік, і вы не заўважылі маёй прыхільнасці, Галіна Уладзіміраўна. Пацярпеўшы паражэнне, пасыпаю галаву попелам. І слаўлю пераможцу!
  Ён галантна схіліў перад ёй галаву, з густымі, колеру ячнай саломы, прыгожа прычасанымі валасамі; гаркомаўскія жанчыны кпілі, што Языкевіч штораніцы, як модніца, робіць прычоску ў цырульні»
  Галіне Уладзіміраўне даўно не падабаліся заляцанні Языкевіча, яна нават баялася, каб ён сваімі заляцаннямі і пустой балбатнёй не кінуў цень на яе бездакорную рэпутацыю. Цяпер яна спалохалася, што выдала сябе перад чалавекам, які не вельмі ўмее трымаць язык за зубамі Варта на яго жарты адказаць жартамі і ўсё нейкім чынам павярнуць у другі бок. Але нічога прыдумаць не магла. Не кінуцца ж проста так назад у прыёмную, як збянтэжанай вучаніцы. Між тым, Языкевіч падумаў, што даверлівасць яму не пашкодзіць, тым больш што сакрэту ніякага няма. Праз Галіну Уладзіміраўну больш праходзіць сакрэтаў. І ён адказаў ціха і сур'ёзна:
  — Не, заявы ён не паказваў. Але даручыў праверыць архітэктурнае ўпраўленне. Будзе створана камісія.
  — Дзякую, Арсен Мікалаевіч.
  — Няма за што, Галіна Уладзіміраўна.
  Яна вярнулася ў прыёмную. А Языкевіч, можа, упершыню забыўся на сваю прычоску і ўскудлачыў яе пяцярнёй. Але тут жа даў сабе джэнтльменскі наказ: нікому ні слова пра тое, пра што ён здагадаўся. Да тых, каго паважаў, ён умеў адносіцца сур'ёзна.
  А для Галіны Уладзіміраўны пачаліся душэўныя пакуты. Яна так часта ў апошні час думала пра Максіма, што адчувала, калі не паведаміць, якая над ім павісае пагроза, будзе перажываць гэта, як здраду. Здраду не каханаму — божа мой, які ён каханы! пра гэта яна і думаць баялася,— здраду добраму чалавеку, сябру. Смеласці ў думках у яе хапала толькі на тое, каб спадзявацца на яго сяброўства.  Пры ўсёй сваёй таварыскасці і дабраце і найлепшых адносінах з многімі людзьмі на працы, за сценамі ўстановы яна жыла адзінока, ізалявана. Суседкі — лётчыцкія жонкі — зрэдку наведваліся, памагалі дагледзець дзяцей, але душэўнага кантакту, такога, як пры жыцці мужа, з імі не атрымоўвалася. І вось з'явіўся чалавек, які засвяціў, як маяк, у тумане яе адзінокага жыцця. Яна ішла на гэты маяк з надзеяй і страхам. Але каб хто сказаў, што праз яе разлад у чужой сям'і, яна перажыла б гэта, як яшчэ адзін страшны ўдар свайго нешчаслівага лёсу, і ў яе хапіла б сілы прымусіць сябе нават не думаць пра гэтага чалавека. Калі Таня, дачка, малая дурнічка, задала тое недарэчнае пытанне, як яна спалохалася! А які страх перажыла сёння, калі з агульнага аддзела ёй перадалі гэтае пісьмо — яго жонкі. Каб у пісьме было хоць адно слова пра яе, яна, напэўна, тут жа, без тлумачэнняў, пакінула б працу і больш ніколі не з'явілася б сюды. Не, слова супраць яе не магло з'явіцца, бо няма ў яе ніякіх нядобрых намераў. Толькі добрыя, чалавечыя, сяброўскія — памагчы яму... Больш яна ні пра што не думае. Проста хоча памагчы яму...
  Але гэта — быццам бы выдаць службовы сакрэт і... здрадзіць другому чалавеку — Герасіму Пятровічу, якога яна глыбока паважае. Ён узяў яе на працу ў вельмі цяжкі для яе час. Працаваць з ім хораша, не ўзіраючы на яго высокую патрабавальнасць. Каго-небудзь з работнікаў, хто, напэўна, лянуецца, ён нярэдка ўшчувае, без крыку, без шуму, але так, што вылятаюць яны з кабінета, як з добрай парылкі. З ёй Герасім Пятровіч заўсёды добры, ветлівы, уважлівы, клапатлівы. Захварэў Толік — патрабаваў, каб яна паехала дадому даглядаць малога. Ёй Герасім Пятровіч ніколі не загадвае — просіць: «Галіна Уладзіміраўна, калі ласка, зрабіце гэта... Калі вы можаце гэта зрабіць? Сёння ж? Можна заўтра. Дзякую вам».
  І яна стараецца, каб ні ў чым не падвесці яго. У яе заўсёды хапае чуцця, каб без папярэджання разабрацца, пра што можна гаварыць, а пра што нельга, што з'яўляецца сакрэтам гэтае высокай установы і яе кіраўніка.
  Галіне Уладзіміраўне з самага пачатку не спадабалася, што пісьмо Карначовай жонкі раскрыта ў агульным аддзеле, і даволі балбатлівая работніца экспедыцыі прачытала яго. Так што дарэмна Герасім Пятровіч трымае пісьмо ў сакрэце... Сакрэту няма. І яна не выдасць тайны, калі пазвоніць. Ды вельмі можа быць, што ён ведае, такая жонка, напэўна, даўно пагражала.
  Пазваніць ці не пазваніць?.. Паведаміць ці не паведаміць?.. Быць ці не быць?..
  Набрала нумар яго тэлефона, але на апошняй лічбе схамянулася. Хіба можна гаварыць адгэтуль, з прыёмнай?
  Выйшла ў калідор, адчыніла кабінет работніка, які хварэў (усе ключы ляжалі ў прыёмнай), зачынілася там і з рашучасцю плыўца, што кідаецца ў халодную ваду, каб выратаваць некага, набрала нумар тэлефона.
  Пачуўся яго незадаволены і раздражнёны голас:
  — Слухаю.
  Ад хвалявання выдыхнула недарэчнае «алё», хоць ніколі нікому не алёкала,— там, з прыёмнай, гаварыла проста, натуральна, упэўнена.
  — Хто гаворыць?
  — Я...— як дзяўчынка, прапішчала Галіна Уладзіміраўна...
  — Хто я? — ён яўна злаваўся, і хваляванне яе перайшло ў страх, яе з маленства страшыла мужчынская злосць, яна вельмі палохалася, калі злаваўся бацька.
  — Галіна Уладзіміраўна,— назвалася яна шэптам, нібы саромеючыся свайго імя.
  — Хто? Ах, вы?! Хвіліначку...
  Відаць, ён моцна заціснуў трубку далонямі, але ўсё адно прарываўся яго ўзбуджаны голас — некаму нешта гаварыў.
  Забыўшыся, зняў з мікрафона руку. Пачуўся чужы голас:
  — Ты адкажаш за свае словы.
  — Адкажу, Анох, адкажу. Я ніколі не ўхіляўся ад адказнасці.
  Стукнулі дзверы. Тады ён сказаў прыветліва і весела:
  — Мне прыемна чуць ваш голас, Галіна Уладзіміраўна. Як вам жывецца? Хачу пабачыць вас. Але дзе? Я пачаў трымацца мудрага правіла: не хадзі туды, куды цябе не запрашаюць, дзе цябе не чакаюць...
  — Раней вы часта прыходзілі да нас.
  — Ах, навошта ўспамінаць, што было! Не той час, і мы ўжо не тыя,— ён гаварыў жартаўліва, задаволены, што яна пазваніла. Жанчына адчула гэта, і тым цяжэй было ёй сказаць тое, дзеля чаго яна пазваніла. Сказаць — адразу знішчыць тую маленькую радасць, якую давала вось такая лёгкая, ні аб чым, размова.
  Але ка размову такую ў яе не было часу. Яна мусіць сказаць, бо адчувала, калі прамаўчыць, будзе пакутаваць яшчэ больш, бо атрымаецца, што сама першая пазваніла проста так, без усякай справы, абы пафліртаваць. Што ён падумае пра яе пасля такога? І так, відаць, падумаў, бо ўжо дамагаецца сустрэчы:
  — Не, прыёмная ваша — не месца для размоў недзелавых. Запрасіце мяне ў госці.
  Яна ўздыхнула. Божа мой, якія яны наіўныя, гэтыя мужчыны, нават разумныя! Як гэта яна можа запрасіць яго ў госці — да дзяцей сваіх? Яна перапыніла яго таямнічым шэптам:
  — Максім Яўцехавіч... Ваша жонка напісала заяву...
  Ён змоўк на паўслове — нічога не адказаў. Толькі кашлянуў, як бы падаючы знак, што трубкі не паклаў, трымае.
  — Вас будзе правяраць камісія.
  Тады ён выгукнуў, здавалася, радасна:
  — Хо! Дарагая Галіна Уладзіміраўна! Мяне правяралі сто разоў. Няхай правяраюць сто першы. Весялей будзе працаваць.
  Не падабалася, як ён звярнуўся: «дарагая Галіна Уладзіміраўна» — неяк адразу аддаляла і адчужала іх. Зразумела, што ўдзячнасці за такое паведамленне ў яго не з'явілася, а таму ціха, не развітаўшыся, паклала трубку.
  Раней двухтыднёвыя Дашыны маўчанні здаваліся мінамі запаволенага дзеяння. Як такія «міны» перашкаджалі працы. Цяпер яе заява — новая міна. Бачыш яе, а як абясшкодзіць — не ведаеш. Вось так і жывеш — на мінах.
  Ведаючы Дашу і яе сястру, Максім не сумняваўся, што фінал будзе менавіта такім. Ён думаў пра гэта яшчэ тады, калі адводзіў сваю кандыдатуру ў гарком. Чаго ён мог яшчэ чакаць ад жонкі? Высакароднасці? Інтэлігентнасці? Куды там! Раз'юшаная баба прагне аднаго — адпомсціць любымі сродкамі. А сродкаў у яе нямнога — фантазіі не хапае. Але, ён чакаў гэтага... Аднак калі Галіна Уладзіміраўна сказала пра заяву, то яму быццам жабу кінулі за пазуху. «Вытрасаючы жабу», не мог прамовіць слова. А толькі «вытрусіў» — папярэджанне аб праверцы. Ён адразу сцяміў, які заход робіць Ігнатовіч. Таму сапраўды зрабілася весела — зласліва весела. Давай, Герасім Пятровіч, правярай! Я пакажу табе ўсе прарэхі, якія зрабілі пад тваім кіраўніцтвам!
  Пачуўшы кароткія гудкі, Максім вылаяў сябе. Пра ўсіх падумаў у той кароткі міг, калі па правадах прыляцела гэтая кароткая інфармацыя. Пра сябе. Пра Дашу. Пра Лізу. Пра Ігнатовіча. Толькі пра жанчыну, якая, безумоўна, хвалюючыся (па голасе чуваць было), са шчырай добразычлівасцю і спагадай паведаміла гэта,— пра яе ён забыўся.
  Набраў нумар. Мужчынскі голас адказаў, што Галіны Уладзіміраўны няма, выйшла. Безумоўна, не магла яна гаварыць з прыёмнай. Магчыма, з аўтамата званіла.
  Весела пачаўся дзень, нічога не скажаш! Паспрабуй пасля такога думаць пра архітэктуру!
  З раніцы быў у старшыні. Кіслюк паклікаў. Сустрэў, што хмара навальнічная. Раскрычаўся, чаму архітэктурнае ўпраўленне не візіруе праект пастановы аб надбудове казармы на Ветранай.
  — Паўтара месяца марынуецца. Бюракраты! Я вас навучу працаваць!
  Максім здагадваўся аб прычыне яго злосці і спакойна адказаў:
  — Павел Паўлавіч! Вы дрэнна думаеце пра мяне. Тады, паўтара месяца назад, тут, у гэтым кабінеце, я выказаўся наконт гэтай надбудовы вельмі пэўна. І не старайцеся мяне спалохаць. Калі вы яшчэ не пераканаліся, што я не з палахлівых, я дам вам магчымасць пераканацца. Я лічыў, што вы даўно ўжо прынялі пастанову без маёй згоды. Чаму вы ціснеце на мяне? Чаму вы хочаце, каб я сам, сваёй рукой, перакрэсліў уласную творчую задуму? Перакрэсліце вы. Я хачу яшчэ паважаць сябе як архітэктара, нават будучы галоўным архітэктарам.
  — Вы толькі сябе і паважаеце.
  — Вось гэта няпраўда. Вас я таксама паважаю. Але паважаць — не значыць заўжды з усім згаджацца.
  Кіслюк зразумеў, напэўна, што Карнач здагадваецца, з-за чаго ён, старшыня, чапляецца да яго, і яму, відаць, стала ніякавата. Пасля нядоўгай размовы пра розныя іншыя справы ён, як бы між іншым, паве даміў:
  — Учора вашы блізняты атрымалі ордэр.
  Максім падзякаваў.
  Кіслюк сумеўся ад падзякі. Пасля сказаў з папрокам :
  — Здорава вы мяне падвялі.
  Максім употай пасміхваўся, уявіўшы размову Кіслюка з разгневаным Сасноўскім, начыненым сарказмам, як дынамітам. Але разам з тым і шкада было — не Кіслюка, сваіх добрых адносін з ім. Цяпер яны могуць сапсавацца. А ён лепш чым хто ведае, як гэта важна — не для асабістай выгоды, для справы — мець з людзьмі, з якімі разам працуеш, добрыя адносіны. А ў яго адзін за адным такія канфлікты! Ігнатовіч, Кіслюк, Анох...
  Аноха ў адзін рад з Ігнатовічам і Кіслюком ставіць нельга. Наконт Аноха асобная думка, якую ён выказаў учора на партбюро ў сувязі з выкрыццём аферы ў пахавальным бюро. Аноху перадалі, і ён толькі што прыходзіў — патрабаваў тлумачэнняў. Крычаў. Прыйшлося пекануць у твар, што не сумняваецца, што ў камунальніка рыла ў пуху. Анох пагразіў, што ён, Карнач, адкажа за свае словы, і выскачыў з пакоя, схапіўшыся за сэрца. Аднак і сутычка з Анохам — немалая эмацыянальная нагрузка. З-за гэтага магільшчыка ён пакрыўдзіў добрую жанчыну. Яшчэ раз набраў яе нумар. Адказала коратка, выразна:
  — Прыёмная.
  — Гэта я, Галіна Уладзіміраўна.
  Стаілася. Не дыхне.
  — Я дзякую вам. І прашу прабачыць за хамства. У мяне сёння цяжкі дзень.
  Каб ён ведаў, як кранула гэтае яго прабачэнне і асабліва прызнанне, што яму цяжка! Як ёй хацелася памагчы яму! Але што яна магла сказаць, калі ў прыёмнай былі людзі?
  — Я пазваню вам, Максім Яўцехавіч.
  А яму і не трэба было ніякіх іншых слоў, акрамя гэтага абяцання — што яна пазвоніць. Раней хацелася пакінуць гэты вузкі кабінет і збегчы ад тлуму ў Воўчы Лог, у лес, які так хораша супакойвае. А цяпер захацелася працаваць. І ён працаваў да канца дня весела і натхнёна, чакаючы яе званка.
  
  XXI.
  Прыйшоў Віктар Шугачоў. Яны не бачыліся тыдні два — пасля нарады ў абкоме. Максім адчуў тады, што Віктар пакрыўдзіўся за «малюнкі», і знарок не навязваўся — няхай астыне чалавек. У яго даволі цвярозага розуму і развагі, каб атрэсці крыўду. Але ў апошні тыдзень адбыліся такія падзеі, пра якія вельмі хацелася пагаварыць, параіцца з блізкім чалавекам. А цяпер у яго адзін такі чалавек — Віктар, ды хіба яшчэ Поля.
  Вось чаму з'яўленне сябра ўзрадавала надзвычайна.
  Але Віктар адразу, пасля стрыманага прывітання, сказаў, што званіла Даша, сказала, што званіла яго, Максімава сястра: захварэла маці.
  У Максіма трывожна ёкнула сэрца. У апошнія гады маці хварэла нярэдка, пра гэта яму расказвалі, калі ён прыязджаў праведаць яе, пісалі ў пісьмах. Але ніколі яшчэ не было, каб сястра званіла па тэлефоне з суседняй вобласці з далёкай глыбіннай вёскі.
  Скаланула, што Даша перадала нават такое паведамленне вунь якім вакольным шляхам — праз Шугачовых.
  — Яна што, сама не магла пазваніць? — Ён сказаў гэта так, быццам ва ўсім быў вінаваты Шугачоў. Той абурыўся.
  — Што ты крычыш на мяне? Твая жонка — ты і разбірайся. Чорт вас ведае, што ў вас за адносіны. Нечалавечыя нейкія.
  Але, сапраўды нечалавечыя.
  Максім набраў нумар салон-магазіна.
  — Карнач папрасіце,— яго перасмыкнула, што ён мусіць называць уласнае прозвішча, каб паклікаць чалавека, да якога ён цяпер адчуваў не проста непрыязкь — варожасць. Заява яе ў гарком не дала такога пачуцця, як тое, што яна не пазваніла пра хваробу маці.
  Даша сказала ў трубку:
  — Карнач слухае.
  — Што гаварыла Рая?
  Даша памаўчала. Няўжо думала: адказваць ці не адказваць?
  — Дрэнна было чуваць. Я адно разабрала: захварэла маці...
  — Ты не магла пазваніць мне раніцай? Паўдня прайшло.
  Яна не адказала, і ён паклаў трубку.
  Шугачоў сказаў з крыўдай:
  — На яе ты не крычыш.
  Ах, Віця, нават ты не здолеў зразумець, чаму я не магу павысіць голас на яе. У роспачы крычаць на блізкіх людзей, а не на чужых.
  — Трэба ехаць.
  — Вядома, трэба ехаць,— пацвердзіў Шугачоў.— Маці ў нас адна. Маю пахавалі ў вайну, калі я быў на фронце.
  Максім застыў на месцы і паглядзеў на сябра так, што той спалохаўся.
  Мозг, сэрца абпякла страшная здагадка; таму Даша і не пазваніла яму, а Шугачову...
  — Віця, калі ты нешта ведаеш, кажы! Я не дзіця і не слабанервовая кабета.
  Не, Шугачоў нічога больш не ведаў.
  
  * * *
  У самалёце да Мінска, усхваляваны, узбуджаны ўсім, што перажыў, і стомлены паспешлівымі зборамі — нялёгка было дастаць білет на самалёт і ўспець на рэйс,— Максім, думаючы пра маці, стараўся супакоіць сябе: не ўпершыню маці захварэла, старасць. Але супакаення не было. Чым больш думаў, успамінаў, тым больш расло адчуванне віны перад маці. Прыгадаў, як гадоў пяць назад ён забраў яе да сябе, у гэты горад. Назаўсёды забраў. Маці ехала задаволеная такой сынавай увагай і усю дарогу цвярдзіла:
  «Ты не бойся, сынок, з Дашай я ўжывуся. Я з кожным чалавекам магу ўжыцца. Ты ж ведаеш, ні з кім з суседзяў за ўсё жыццё не пасварылася».
  Але, маці ў іх такая. Бацька быў іншы, у Яўцеха натура была цыганская; ён, Максім, пераняў і знешнасць і характар ад бацькі, часам шкадаваў, што яму не стае матчынай мяккасці.
  У першы ж дзень Даша дзіўна паставілася да маці, хоць згадзілася на яе прыезд. Не, яна не надзьмулася. Яна была звышветлівая. Але нічога так не гаворыць пра непрыязнасць, як звышветлівасць. Максім выпадкова пачуў, як Даша вучыла маці, як карыстацца туалетам. Гэта яго проста ашаламіла. Безумоўна, маці, разумную, з багатым жыццёвым вопытам, да таго ж па-сялянску цнатлівую да праяў такога натуралізму, не мог не абразіць такі недавер нявесткі да яе кемлівасці і ахайнасці.
  Ён абурыўся на жонку.
  «Што ты робіш?»
  «А што? — наіўна здзівілася Даша.— Яна ж з вёскі».
  «А ты адкуль? У твайго бацькі прыбіральні не было, за хлеў бегалі».
  Пакрыўдзілася. Тады толькі пачыналіся зацятыя яе маўчанні. Яны трывожылі, і Максім спадзяваўся, што яго добрая гаманкая маці будзе ўплываць на нявестку найлепшым чынам. Можа, Дашы будзе сорамна перад такой свякрухай паказваць не лепшыя рысы свайго бабскага, у найгоршым разуменні гэтага слова, характару.
  Даша заставалася з маці ветлівай і ласкавай, сапраўды старалася паказаць сябе як бы з лепшага боку. Але Максім хутка ўбачыў, як нялёгка старой сялянцы ад гэтай ласкавасці. Ёй хацелася дагадзіць нявестцы, і яна не ведала, дзе сесці, дзе разуцца, Куды пакласці сваю хусціну, панчохі, як паставіць крэслы, каб прыгожа было. А другія пакуты — што няма звыклай працы. Усё доўгае жыццё працаваць ад цямна да цямна і раптам сядзець без усякай працы, ды яшчэ ў адзіноце.
  Цэлы месяц пакутавала маці ў іх мадэрна абсталяванай кватэры. І ў яго, у сына, які бачыў гэтыя пакуты, часам з'яўлялася шалёнае — цыганскае (так казала сама маці) жаданне — паламаць, патрушчыць гэтую стылёвую мэблю.
  Урэшце маці не вытрымала. З бояззю, што ён узлуецца, узмалілася:
  «Сыночак, родненькі, адвязі ты мяне назад да Раі. Няхай ужо я памру на радзіме сваёй. Не магу я тут. Зануджуся. Словам няма з кім перакінуцца. Гэта ж горш, як у лесе».
  Гэта быў папрок усім ім: яму, вечна занятаму, звышветлівай нявестцы, унучцы, якая, вярнуўшыся са школы, аглушала бабулю незразумелай і нецікавай музыкай, а пасля ляцела на каток. Можа, дрэнна, што ён прывёз яе зімой, можа, улетку яна сышлася б з іншымі старымі, што гуртамі збіраюцца ў двары. Не, улетку ёй было б, напэўна, яшчэ цяжэй. Улетку яна не вытрымала б без працы, без гароду, па якім поўзала на каленях і абполвала кожнае каліўка цыбулі, гуркоў, кукурузы, кропу, сланечніку. І якое ўсё гэта расло ад дотыку яе рук, патрэсканых, скручаных падаграй! Кожны раз, калі ён прыязджаў у госці і глядзеў на гэтыя рукі, яму сапраўды хацелася пацалаваць іх. Але баяўся, што маці вельмі збянтэжыцца.
  ...Натужліва вылі турбіны «Ан-24», быццам ім было вельмі цяжка на Еасьмікіламетровай вышыні, у разрэджаным марозным паветры.
  У Максіма разбалелася галава. У апошні год нават кароткі пералёт часта дае галаўны боль. Ад чаго гэта? Ён нямала лятаў і любіў лятаць. Не адставаў ад часу. У маладыя гады нават спрабаваў перагнаць час — мэта, якой дасягаюць адзінкі, геніі або авантурысты. Ён ні тое, ні другое, ён, як кажа Шугачоў, радавы архітэктар. Раней яму хацелася вырвацца з шарэнгі ўперад. Але даўно ўжо прыйшло мудрае пераконанне: быць радавым арміі, якая наступае,— пачэсна.
  Падумаўшы пра колішнюю мару аб выключнасці, ён тут жа прыгадаў свой ганебны ўчынак перад маці, за які ўжо больш за два дзесяткі гадоў саромеўся, хоць ніхто пра яго не ведаў, пра той учынак, нікому ён не расказаў, нават Віцьку Шугачову.
  Ён быў на апошнім курсе, лічыў сябе ўжо архітэктарам, ды і не абы-якім, бо неспадзявана вырваўся наперад ад усіх сваіх аднакурснікаў: прыняў удзел у конкурсе на лепшыя дзіцячыя яслі і атрымаў першую прэмію. Адразу разбагацеў — па студэнцкіх маштабах. Набыў касцюм, капялюш, чэшскія чаравікі на тоўстай пластыкавай падэшве.
  Маці прыехала не да яго — да малодшага сына Анатоля, які служыў у арміі ў Барысаве. Убачыла таго абстрыжанага, пахудзелага ў першыя месяцы службы, вушастага,— паплакала. А пасля прыехала да старэйшага сына і радасна пляснула далонямі:
  — Максімка, ты як пак!
  І «пану» захацелася ў такім выглядзе, у не пакамечаным яшчэ касцюме паказацца ў роднай вёсцы. Час быў: рабілі дыпломныя праекты, і ён, зацяты начнік, зноў-такі перагнаў сваіх калег. Каб не выдзяляцца і не раздражняць такіх, як Бронік Макаед, варта было трохі прытармазіць сябе. Нагода з'явілася: праводзіць дадому маці, якая накупляла пуды тры хлеба і пшана,— вёска ў тыя гады жыла бедна.
  Грошы ад прэміі яшчэ заставаліся, і ён купіў плацкартныя білеты. Поезд быў начны, гадзін у дванаццаць з Мінска адыходзіў і прыбываў на іх станцыю позняй раніцай. Вядома, трэба спаць. Прапанаваў маці ўзяць пасцель, але яна адмовілася, здзівілася нават і засаромелася: як гэта яка тут, у вагоне, пры чужых людзях, ляжа ў пасцель!
  — Ды не, сынок, я пасяджу вось тут, у куточку. Задрэміцца — падрамлю.
  Заціснулася на ніжняй паліцы ў куток за столік, а на падлозе пад столікам ляжалі яе клункі, і яна разпораз мацала іх. Яшчэ і таму яна не магла легчы, што баялася, каб хто не ўкраў яе багаты набытак. Гэта ж столькі хлеба і пшана! Ды яшчэ ў такі час, калі ў каморы апусцела — вясна, а праз тыдзень-два трэба выходзіць у поле, сеяць і калгаснае і на сваёй сядзібе. Частку хлеба яна пасушыць на сухары. А з пшана будзе варыць малочны крупнік, дзякуй богу, кароўка ацялілася,— і перагаруюць яны вясну не горш як людзі.
  Пасля зразумеў Максім матчыны думкі, клопаты. А тады, у вагоне, адарваны ад вёскі, ап'янелы ад маладосці і поспеху, ён залішне надаваў увагі ўласнай персоне. Разбагацеламу, поўнаму ружовых надзей, яму хацелася камфорту, які адпавядаў бы яго блізкаму становішчу. Архітэктар! Лаўрэат першага конкурсу! А колькі ў яго наперадзе такіх перамог! Дарэчы, тады маці не ўмела вымаўляць яго прафесію і саромелася гэтага мудрагелістага слова, бо як не скажа — спатыкнецца. Рая смяялася з яе: «Мама, скажы: архітэктар».
  Ён заказаў адну пасцель, паслаўся на верхняй паліцы, раздзеўся да трусоў і майкі, улёгся з поўным камфортам ды яшчэ і часопіс разгарнуў, каб на сон пачытаць.
  Тады падняўся стары чыгуначнік, што сядзеў унізе з маці і гутарыў пра жыццё ў калгасе, падсунуў свае пракураныя вусы да самага Максімавага твару, дыхнуў тытунём і злосна сказаў:
  «Эх ты, абармот! Анцілігент саплівы!» — і пайшоў з купэ.
  Ён, Максім, адразу, імгненна, сцяміў, завошта стары яго так.
  А маці нічога не зразумела, была страшэнна здзіўлена і ўсё ахала: «Ах ты, божачка! Чаго гэта ён да цябе прычапіўся, вусаты гэты? Месца ты яго заняў, ці што? Дык няхай бы лажыўся, вон жа другая лаўка пустая. Вот жа гад! А спачатку прыкінуўся такім добрым».
  Не хапіла духу сказаць, што гэта сапраўды добры чалавек.
  Чым больш маці здзіўлялася, тым больш ён чырванеў. Угаварыў-такі яе прылегчы, а сам, не звёўшы вачэй, да світання сцярог самы дарагі скарб яе — хлеб і пшано.
  . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
  Сустрэла яго Рая, сястра. Выскачыла з хаты ў адной кофтачцы, як толькі ўбачыла ці пачула, што каля двара спынілася машына.
  Максім, якога пры набліжэнні да роднай вёскі зноў апанавалі страх і цяжкія прадчуванні, глянуў на сястру і супакоіўся: не падобна, што здарылася самае страшнае.
  — Што мама?
  — А дрэнна, Максім. Пасля грыпу — запаленне лёгкіх. Слабенькая саўсім. Баімся, таму і табе пазванілі.
  Яны нават забыліся павітацца.
  Заснежаны двор быў завалены бярвеннямі і дошкамі. Патыхнула такім родным пахам, які заўсёды быў на іх падворку, калі яшчэ жыў бацька-цясляр, сталяр, бондар,— водарам свежага дрэва, стружак, пілавіння.
  Зяць, калгасны шафёр, разгарнуў будаўніцтва: да доўгай хаты прыбудаваў амаль такі ж па даўжыні трохсценак — да самага хлява. Багацеюць людзі. Але, акінуўшы будоўлю вокам архітэктара, Максім падумаў, як безгустоўна і непрадумана робіцца гэтае расшырэнне жылой плошчы.
  Маці ляжала ў цёмнай бакоўцы, за печчу, на самаробным драўляным ложку.
  Рая ўключыла святло. І Максім жахнуўся: як маці змянілася ад лета, калі ён бачыў яе ў апошні раз! Зусім высахла, здавалася, пад коўдрай няма цела, толькі высоўваецца сівая галава. І твар змяніўся — стаў маленькі, худзенькі, як у рахітнага дзіцяці, і набыў шэры, як попел, як валасы яе, колер.
  На святло маці расплюшчыла вочы. Але не спыніла позірку на сыне — глядзела некуды міма, у прастору, магчыма, у нейкую таямнічую бездань, якую бачыць толькі цяжкахворы чалавек.
  Максім упаў перад ложкам на калені.
  — Мама, гэта я.
  Усхліпнула Рая.
  Маці моўчкі выцягнула з-пад коўдры руку, з трудом падняла яе і паклала лёгкую празрыстую далонь ка яго галаву, быццам так, навобмацак, хацела пазнаць сына.
  Напэўна, спазмы радасці ці, можа, болю сціснулі ёй горла, і яна доўга нічога не магла сказаць. А потым спытала ціха, але зусім свядома, натуральна:
  — Ты без Дашы?
  Максім скалануўся: «Божа мой! Яна яшчэ думае пра Дашу. У такім стане».
  — Адзін, мама.
  — І без Веткі?
  — Вета выйшла замуж, мама...
  — Калі налучылі тваё пісьмо, ёй так захацелася пабачыць Вету. Збіралася, калі ачуняе, паехаць,— сказала Рая, стоячы за яго спіной.
  Гэта Максіма расчуліла больш, чым што; ён апусціў галаву, баючыся, што маці ўбачыць яго слёзы, і яны могуць спалохаць яе, бо яна, напэўна, і забылася ўжо, калі яе Максім плакаў, ён і ў маленстве рэдка плакаў; такім яго выхаваў бацька, які не любіў, высмейваў любыя слёзы — бабскія, дзіцячыя, а мужчыну, які плакаў, за мужчыну не лічыў.
  Рая выйшла з бакоўкі.
  Тады маці шчыра і даверліва прызналася:
  — Баліць мне, сынок. Усё цела баліць. Можа, ад уколаў, няхай бы яны не калолі мяне.
  Ён паглядзеў на табурэцік, збоку, дзе стаялі лекі, пляшачкі пеніцыліну і стрэптаміцыну, таблеткі этазолу, каробачка з кардыямінам у ампулах, валакардзін і нейкія незнаёмыя вялікія чырвоныя таблеткі, відаць, таксама сардэчныя. Лекі гэтыя ўстрывожылі больш, чым нават выгляд хворай. Значыцца, дактары баяцца за сэрца, здае сэрца. Ды як яно не будзе здаваць, перажыўшы столькі гора, болю, страт!
  І тут ён пачуў матчын шэпт:
  — Ратуй мяне, сынок.
  О, як ён разануў па сэрцы, гэты шэпт, гэтыя словы, гэтае маленне аб паратунку, у якім быў страх перад смерцю і жаданне жыць! Але, ёй хочацца жыць, хочацца бачыць шчасце ўнукаў. Яшчэ гадоў колькі назад маці сказала тут, у гэтай хаце, за бяседным сталом з нагоды яго прыезду.
  «Во калі жыццё пачынаецца!»
  Але што ён можа зрабіць? Ёй вельмі блага, калі так папрасіла. Ніколі маці нічога ў іх, дзяцей, не прасіла. Ім аддавала ўсё — любоў, сілу, працу. Што ёй сказаць?
  Як супакоіць, каб не думала пра смерць? Не знайшлося ў яго такіх слоў. А гаварыць звычайныя, банальныя, не мог.
  Рая стукала талеркамі, збірала на стол, каб накарміць брата.
  У светлым пакоі, куды Максім пайшоў, за паўгода шмат што змянілася: замест старога малаэкраннага тэлевізара стаяў новы «Гарызонт», каля другога прасценка зіхацеў белізной халадзільнік. Хутка багацелі ў гэтай хаце. Нават стол новы — круглы, вялікі, пастаўлены пасярод пакоя, што для сялянскай хаты нязвыкла. Раней там, у куце, стаяў стары стол, зроблены яшчэ бацькам. Куды яны дзелі яго? Няўжо спалілі? Зрабілася да болю шкада таго стала і яшчэ нечага, чаго не стала ў хаце пад націскам новага дабрабыту. Дзіўна. Ён так горача змагаецца там, у горадзе, за ўсё новае, высмейвае патрыярхальшчыкаў і бязлітасна ламае старое. А тут не спадабалася новае.
  Ад снедання адмовіўся. Хадзіў вакол стала, пануры, задумлівы. Рая з бояззю сачыла за ім. Рая з маленства і любіла і баялася старэйшага брата — у вайну, пакуль не пайшоў у армію, ён быў за гаспадара  ў доме, нават Маці слухалася яго.
  Не, не новыя рэчы яго раздражнялі. Кантраст паміж бакоўкай, дзе ляжала маці, і гэтым урачыста ўбраным светлым пакоем з фікусамі, аганькамі, з цюлевымі занавескамі на вокнах і вышытымі дарожкамі на канапе і на тэлевізары. Бакоўка адгароджвалася для маці. Што старой трэба? Цёплы ложак, печ? Дык яны там, у яе, толькі з яе бакоўкі можна узлезці на печ. Акно? Дык яна ж увесь дзень на дварэ, увесь свет перад ёй. Ды і сама яна ўсё жыццё лепшае аддавала дзецям.
  Але цяпер, калі маці захварэла? Па сутнасці, яна ляжыць на кухні, побач вараць і параць не толькі для сям'і — для свіней і каровы. Да таго ж, хворая магла яшчэ больш застудзіцца. Сенцаў няма. Адарвалі. Трохсценак яшчэ без вокнаў і дзвярэй, па ім гуляюць скразнякі, яны залятаюць у хату, як толькі адчыняюцца дзверы. Ён пачуў гэты подых холаду, калі стаяў там, каля маці, а Рая выходзіла за нечым з хаты. Ды, нарэшце, такому хвораму трэба святло дня, ззянне снегу, трэба жыццё!
  «Ратуй мяне, сынок».
  Няўжо ні ў кога, ні Раі, ні ў Пятра, ні ў пляменніц, якія, напэўна ж, прыходзяць у адзеды, не хапіла розуму? Сялянскі ідыятызм ужываецца з тэлевізарам і халадзільнікам?
  — Вам што, больш няма дзе палажыць яе? — спытаў ціха, але так, што сястра загарэлася ад віны і сораму.
  — Дык яна ж сама не хоча, Максім. Можна ў нашай спальні.
  Ён рэзка адчыніў дзверы ў другую бакоўку, светлую, якую называлі спальняй. Там стаяў жалезны ложак і побач дзіцячы, драўляны.
  Максім перакінуў гару падушак з вялікага ложка на дзіцячы.
  Рая спалохана мітусілася побач.
  — Пасцялі!
  Але тут жа падумаў, што ён несправядлівы і бязлітасны да сястры. Урэшце, ні ён, ні малодшы брат Анатоль, інжынер-чыгуначнік, не далі маці цеплыні, якая грэла б яе старасць. Не захацелася ёй жыць ні ў яго, ні ў Толіка, холадна ёй было ў іх гарадскіх кватэрах. А Рая, яе дзеці давалі гэтую цеплыню, гэтую паўнату жыцця, толькі тут маці было хораша і ўтульна, хоць ён, Максім, ведаў: з Раяй маці часта сварылася, Рая грубаватая, крыклівая, на зяця маці скардзілася — п'е Пятро, пры дзецях і пры ёй, старой, пагана лаецца. Але ўсё гэта было сваё, роднае. Не Дашына далікатнасць, ад якой, напэўна, стыла кроў.
  Ён сам перанёс маці з цёмнай бакоўкі ў светлую спальню. Як дзіця, загорнутае ў коўдру. Тое, што ён упершыню падняў маці на рукі, чамусьці збянтэжыла і спалохала. Спалохала, відаць, таму, што маці была вельмі лёгкая, для яго мужчынскай сілы амаль бязважкая ; пяцігадовае дзіця больш важыць. А што збянтэжыла — зразумець не мог.
  Святло дня асляпіла маці, але і ўзрадавала. Яна зажмурылася і хваравіта ўсміхнулася. І як бы здзівілася :
  — Снег ідзе?
  — Замяло так, што чуць праехаў.
  — Стрэчанне. Зіма страчаецца з вясной. Апошняе падмятае.
  Пра вясну яна сказала, з надзеяй зірнуўшы сыну ў вочы.
  Максім убачыў у гэтым яе позірку тое ж маленне:
  «Ратуй мяне, сынок».
  А што ён можа зрабіць?
  Каб зусім не пакрыўдзіць Раю, згадзіўся паснедаць. Пакалупаў відэльцам бульбу і яечню, выпіў чаю, які пахнуў дымам. Спытаў у Раі, хто маці лечыць. Рая хваліла сваю доктарку: маладая, другі год усяго працуе, але вельмі ўважлівая, усе яе хваляць, да маці па два разы на дзень прыходзіць, хоць цяпер паўвёскі грыпуе.
  Для Раі старанне, уважлівасць доктаркі — гэта ўсё, што трэба. Але ён ведае, што аднаго старання мала ў любой справе, у лячэнні чалавека асабліва. Патрэбны ўменне, вопыт. Наўрад ці ёсць яна ў маладой доктаркі. Трэба выклікаць урача з раённай ці абласной бальніцы. Але як гэта зрабіць? Як на бяду, так замяло, што санітарная машына не пройдзе, пакуль не пачысцяць дарогі. А снег усё яшчэ ідзе, хоць завіруха сціхла.
  З ім адбывалася нешта дзіўнае: волю яго, энергію як бы паралізавала. Не мог скрануцца з месца. Здаецца, не меў сілы. Цела зрабілася цяжкое і нерухомае. Шумела ў галаве, кроў стукала ў скроні.
  Напэўна, далі сябе адчуць бяссонная ноч і цяжкая дарога — на самалёце, на таксі, у «газіку», які раздабыў калега — галоўны архітэктар абласнога горада. Варта было б адпачыць. Але адпачываць ён не мае права. Як можна адпачываць, калі маці чакае ад яго рабунку, калі маці спадзяецца на яго, толькі на яго! А ён не рухаецца, не варушыцца. Як сеў на канапе... І то павольна апускаецца ў сінюю-сінюю, як позні змрок, як вада мёртвага возера, пустэчу, то імкліва правальваецца ў вогненную плынь, якая, віруючы, падхоплівае яго, як папяровы караблік, і выносіць на паверхню, дзе кружыць снежная завея, толькі не халодная, а гарачая. Тады ён успамінае, што яму трэба некуды ісці. Куды? Да каго?
  Калі прачнуўся зусім і сцяміў, куды і навошта яму трэба ісці, усё адно падняцца адразу не здолеў. Са страхам падумаў: куды знікла Рая? Сядзела за сталом, гаротна падпёршы далоняй шчаку, расказвала пра хваробу маці і раптам знікла. Але пачуў яе сярдзіты голас на дварэ — сястра адганяла карову ці свінню.
  — Пайшла, каб ты здохла!
  Непрыемна ўразіла гэтая яе грубасць у такі час, пажаданне смерці жывёле.
  Вывеў з утрапення дзіцячы голас. Вярнулася ад суседзяў пляменніца, шасцігадовая Люда. На поўны голас нешта расказвала маці там, за дзвярамі, у прыбудове. Увайшла ў пакой сарамліва, але, відаць, навучаная маці, падбегла, гучна павіталася:
  — Здраствуйце, дзядзя Максім,— і абняла за шыю халоднымі ручкамі, халоднымі вуснамі пацалавала ў гарачую шчаку.
  Выканала свой абавязак і — адразу да бабулі. За перагародкай звінеў яе вясёлы галасок:
  — Баба, а я табе прынесла яблык. Цётка Фёкла дала. Глядзі які! А падмёрз толькі адзін бачок,— і засмяялася з таго, што ў яблыка падмёрз бачок.
  І бабуля таксама нешта адказвала ёй, але так ціха, што нельга было пачуць.
  Малая не думае пра тое, пра што думаюць яны, дарослыя, баяцца і бяздзейна чакаюць. Дзіця верыць, што бабуля заўсёды будзе з ёй.
  Думка гэтая падняла Максіма з канапы. Сарваў з ласіных рагоў паліто, апрануўся.
  Увайшла Рая. Здзівілася:
  — Куды ты, Максім?
  А ён здзівіўся на яе пытанне.
  — Трэба ж нешта рабіць.
  — Што ты зробіш? У Клімянковых цэлы год стары ляжыць.
  Вось яно пакорлівае чаканне: што будзе, тое будзе; пад старога, маўляў, рукі не падложыш.
  На голас маці выбегла з бакоўкі Люда. Малая кашляла, бухала, як у бочку. Максім падумаў, што каб так кашляла малая Вета, то якую трывогу яны ўзнялі б, колькі ўрачоў мабілізавалі б!
  — Што гэта яна ў вас так кашляе?
  — А снег есць, дурная.
  Люда весела скаліла зубкі, быццам размова ішла аб яе дзіцячым подзвігу. Даведаўшыся, куды дзядзька збіраецца ісці, тут жа прапанавала свае паслугі — давесці яго да бальніцы.
  У прыёмнай урачэбнага пункта сядзела многа хворых. Старэйшых жанчын Максім ведаў у твар, хоць імёны некаторых забыўся, больш помніў вулічныя мянушкі — Здарыха, Сойка, Бурбалка. Яго пазналі ўсе.
  — Як там матка, Яўцехавіч?
  — Гэта ж мы аднагодкі з Таццянай.
  — А як жа тваё здароўе, Максімка? Як сямейка?
  Спачуванне і зварот да яго, як да малога — Максімка, кранулі. Яму гасцінна ўступалі чаргу:
  — Ідзі, ідзі пагавары з доктаркай. Мы пачакаем.
  Толькі маладуха адна, мабыць, чужая, глядзела непрыветліва, яўна незадаволеная, што яго прапускаюць без чаргі.
  Першая, як мышка, прашмыгнула да ўрача Люда, пад нагамі ў трактарыста, які выйшаў з кабінета.
  Урач спачатку не падабалася. Высокая, хударлявая, з грубаватымі мужчынскімі рысамі твару, які не асвятляўся ні дзявочай усмешкай, ні жаночай дабратой. Што салдат у белым халаце. Але, сеўшы напроціў, угледзеўшыся ў яе, Максім убачыў прыгожыя, блакітныя, разумныя вочы, у іх, у вачах, адбівалася ўся яе сутнасць, жаночая, чалавечая, прафесійная. Такія жанчыны не пырхаюць, як матылькі, прафесію выбіраюць па прызванню, па загаду сэрца і працуюць надзвычай шчыра, аддана. Такім не заўсёды шанцуе ў асабістым жыцці, але калі пашанцуе ўжо, то жонкі і маці яны, як правіла, узорныя — верныя, самаахвярныя.
  Паклаўшы вялікія, як у мужчыны, рукі на стол, сашчапіўшы пальцы, Вера Іванаўна сур'ёзна і падрабязна, быццам дакладвала кансіліуму, але папулярна, не ўжываючы незразумелых медыцынскіх тэрмінаў, расказвала Максіму пра хваробу маці — усю клінічную карціну. Не суцяшала, не таіла нічога, са слоў яе вынікала: становішча цяжкае.
  Ён перапыніў яе:
  — Што ж выходзіць, ніякай надзеі няма?
  Яна адказала не адразу.
  — Я не сказала гэтага. Але ўзрост. Семдзесят чатыры...
  Максім сумна ўсміхнуўся:
  — Значыцца, пажыла бабуля — май сумленне, так?
  Урач, спакойная і ўпэўненая, як стары прафесар, раптам зусім па-дзявочаму ўспыхнула, і твар яе балюча перасмыкнуўся. Сказала з папрокам:
  — Навошта вы так, Максім Яўцехавіч? Урач ніколі так не думае.
  — У бальніцу вы маглі пакласці яе?
  Вера Іванаўна ўздыхнула:
  — Вы не ведаеце, што зараз творыцца ў нашых бальніцах. Усе калідоры запоўнены хворымі. Акрамя таго, баюся, што цяпер мы не давязём яе.
  Значыцца, сапраўды бяздзейнасць: ніхто і нічым ужо не можа памагчы. Што ні гэта такое? Ён панічна агледзеў урачэбны кабінет. Колькі лекаў у шкляной шафе! Сотні назваў. І сярод іх няма ніводнага, якое б магло ўратаваць маці? Няўжо няма? А можа, яна, маладая ўрачыха, проста не ведае такога лякарства?
  — Вы прабачце. Але я хачу, каб маці паглядзеў больш вопытны ўрач. Не крыўдуйце.
  — Я разумею.
  — Як арганізаваць такую кансультацыю?
  — Арганізаваць можна. Але хто ў раённай бальніцы можа сысці за прафесара? — яна сказала сур'ёзна і разважліва, аднак Максім усё адно пачуў у яе голасе іронію — скепсіс маладога да старэйшых калег. Як і ў іх, у архітэктуры: маладыя лічаць сябе геніямі і не прызнаюць аўтарытэту старых. У іх свае аўтарытэты. У гэтай дзяўчыны таксама свой аўтарытэт.
  — Я аднаму нашаму ўрачу веру. Галоўнаму ўрачу Хрысціцкай бальніцы Бахуну. О, гэта талент! — у вачах яе бліснула зайздрасць.— Але афіцыйна яго не запросіш. Не паедзе. Галоўны раённай і так яго не любіць. У каго слава — тых не любяць. Старшыню нашага ведаеце? Юрыя Іванавіча? Яны сябруюць. Толькі ён можа прывезці Бахуна.
  Са старшынёй калгаса, тады новым чалавекам у вёсцы, Максім знаёміўся гады тры назад. Больш сустракацца не прыйшлося ды і не хацелася: старшыня не праявіў да архітэктара ніякай увагі, яго ніколькі не зацікавіў гараджанін, які раз у год прыязджае наведаць маці. Але за гэты час малады аграном праславіў калгас. Ад Раі, Пятра і ад старой маці ён толькі і чуў, калі наведаўся сюды, як пашанцавала іх калгасу, які разумны кіраўнік Юрый Іванавіч.
  «Справядлівы мужык!» — п'янаваты Пятро асабліва падкрэсліваў гэтую рысу старшыні, якая ў яго, Максіма, не ўмацоўвала чамусьці веру ў высокія старшынёўскія якасці, бо сам Пятро — хітрун і лаўкач, з тых, каму звычайна лягчэй жывецца з кіраўніком іншага тыпу.
  У новай канторы праўлення старшыні не было. Але людзей было многа. У кабінетах працавалі жанчыны — бухгалтары, планавікі, лабаранты. А ў зале пасяджэнняў сядзелі мужчыны. Курылі. Гулялі ў шашкі. Зімой не хапала ўсім працы, а працаваць хацелася — добры заробак, таму калгаснікі аціраліся ў канторы, як на біржы,— бліжэй да старшыні, агранома, механіка: часам выпадала нечаканая праца, натуральна, што накіроўвалі тых, хто быў пад рукой.
  Да Максіма прычапіўся сябра маленства, былы аднакласнік, непаголены, п'янаваты мужчына.
  — Ты, Яўцехавіч, воі — вялікі палец угару.— А Яшка Капылоў — во,— мізінец уніз.— Але ты не задавайся. Не задавайся, што ты — во. Яшка таксама можа быць во-о! Ніхто не ведае, які ў мяне талент прападае. Думаеш, у аднаго цябе талент? На, з'еш,— і тыцнуў Максіму дулю, на яго абурана зашумелі старыя мужчыны. Яшка мацюкнуў іх:
  — А пайшлі вы... Ні храна вы не знаеце, якія мы з Яўцехавічам нумары адмачвалі. Пайшлі вып'ем за старое.
  Але Максіму было не да п'янай балбатні, а тым больш не да выпіўкі. Дзе знайсці старшыню? Сакратарка-машыністка, па абліччы дзяўчына з іх, карначоўскага, роду, але чыя — Максім не мог прыгадаць, такія нарадзіліся і выраслі без яго, шукала свайго шэфа па тэлефоне, выклікала па палявой рацыі. З трэцяй брыгады адказалі, што Юрый Іванавіч паехаў у раён. Яна здзівілася, што ён не паведаміў пра гэта ў кантору, звычайна паведамляе.
  Максім папрасіў машыну. Яму нельга чакаць, яму трэба знайсці старшыню як мага хутчэй.
  З дазволу механіка пляменніца пазваніла на будаўніцтва свінагадоўчага комплексу і выклікала ў кантору Пятра з яго пяцітонкай.
  Пятро з'явіўся праз гадзіну, не раней,— пакутную для Максіма гадзіну, бо ён не ведаў, куды схавацца, як адчапіцца ад Яшкі Капылова, які купіў пляшку «чарніла» і патрабаваў, каб сябра юнацтва выпіў з ім.
  Пятро, які спачатку сустрэў швагра са шчырай радасцю, выслухаўшы, навошта таму так тэрмінова спатрэбіўся старшыня, спахмурнеў і пайшоў сам правяраць, ці дазваляе механік ехаць. Максім разумеў, у якім кірунку пайшлі яго думкі: выходзіць, мы з Раяй мала што зрабілі для маці, а ты, прыехаўшы адзін раз у год, паказваеш на людзі, які праяўляеш клопат. Але бог з ім, няхай думае Пятро што хоча. Узаемаадносіны свае яны высветляць пасля. Цяпер не да іх самалюбства.
  У дарозе Пятро вохаў:
  — Ох, дасць нам Юрый Іванавіч усім, што сарвалі такую машыну. Гэта дзеля Вас, Яўцехавіч, механік дазволіў. А так у яго снегу не выпрасіш. Халера яму.
  Але з размовы Максім зразумеў, што Пятро не столькі баіцца старшыні, колькі шкадуе працы. Яго машына аддадзена ў распараджэнне начальніка ўпраўлення «Міжкалгасбуда», якое будуе ім комплекс, і Пятро акрамя законнага заробку мае яшчэ нейкую «халтуру». Таму так не хочацца адрывацца. За старшынёй можна дацямна ганяць такую машыну.
  Максім абурыўся. Маці ў такім стане, а ў зяця адзін клопат — пра заробак. Але не ўпікнеш яго. Трое дзяцей, пра іх думае. Хіба сам ён не стараецца, каб Вета мела ўсё — усё неабходнае для жыцця на сучасным узроўні: піяніна, тэлевізар, транзістар, мэблю, канькі, лыжы, любое адзенне — для будняў, для свята, для працы, для спорту. Чым жа горш гэтая малая Люда, цікаўнае і шустрае дзіця? Ёй бацькі таксама хочуць даць усё.
  У клопатах, у размове з людзьмі знікла прадчуванне бяды. А пагаварыў з Пятром — і зноў яно з'явілася. Больш таго, пачаў сумнявацца, што нейкі сельскі ўрач мае цудадзейную сілу. Ён, Максім, нагадвае тых інтэлігентных людзей, што ў пошуках ратунку сабе ці блізкім едуць за тысячы кіламетраў да непісьменных знахароў. Пэўна, ён таксама паехаў бы да такога знахара. Не верыў, а ехаў бы. Але лепш верыць. Лепш верыць! Нявер'е, сумненні — страшней за ўсё.
  Энергічны, дзейны там, у амбулаторыі, у праўленні, тут, у кабіне машыны, ён зноў нібы абмяк, зноў адчуў страшэнную зморанасць і засынаў, закалыханы шумам матора, цеплынёй, што пахла саляркай і металам, беллю поля, кружэннем сняжынак і мільканнем «дворнікаў» перад вачамі. Правальваўся ў сон і тут жа прачынаўся, каб Пятро не падумаў: на людзі паказваеш клопат, а ў машыне спіш, як кот сыты.
  Аб'ехалі ўсе раённыя ўстановы і выпадкова перахапілі старшынёўскі «газік» каля станцыі. Юрый Іванавіч сам спыніўся, убачыўшы сваю машыну, якой не належала ў той дзень быць у раённым цэнтры. Выскачыў, пабялелы, і адразу да Пятра:
  — Ты чаго тут?
  — Ды вось Максім Яўцехавіч вас шукае.
  Старшыня пазнаў архітэктара і павітаўся ветліва, зацікаўлены, ва ўсякім разе, не такі безуважлівы, як пры першым знаёмстве.
  Выслухаў просьбу — здзівіўся:
  — Вера Іванаўна мае такую думку пра Бахуна? Дзіва! Бахуна прызнаюць хворыя, каго ён ратаваў ад смерці, але не прызнаюць калегі.
  Паглядзеў на гадзіннік, падумаў — спланаваў час.
  — Добра. Вы можаце ехаць дадому. Я прывязу яго. Я веру гэтаму ўрачу больш, чым хто.
  Маці ляжала з расплюшчанымі вачамі, глядзела ў столь і як бы да нечага пільна прыслухоўвалася.
  — Як ты адчуваеш сябе, мама?
  Недарэчнае пытанне. Але з чаго пачаць размову?
  Вачэй на сына яна не перавяла, але адказала свядома, толькі вельмі ціха, аднымі вуснамі:.
  — Нічога, сынок.
  — Табе цяжка гаварыць?
  — Не, не цяжка.
  Але Максіма спалохала, як яна глядзела. Раніцой гэтага не было. Быццам і позірк, і думкі яе былі недзе далёка. Далёка, у другім свеце. Як паміраюць людзі — Максім бачыў толькі на вайне. Але калі гэта было! І паміралі там маладыя. Паміралі зусім інакш — часцей за ўсё імгненна. На смяртэльна раненых не было калі глядзець. Бацька памёр без яго, у шпіталі інвалідаў у сорак шостым; ён, Максім, служыў яшчэ ў Германіі. Вось ужо чвэрць стагоддзя ён не бачыў смерці і рэдка думаў пра яе, часам толькі ў ганаровай варце каля нябожчыка. І кожны раз, калі думаў, як паміраюць людзі, прыгадваў, як паміраў князь Андрэй: «Оно вошло, и оно есть смерть». Успаміны з жыцця ўражвалі менш. І цяпер ён прыгадваў сон князя Андрэя. «Что-то не человеческое — смерть — ломится в дверь, и надо удержать ее». Але, трэба стрымаць яе. А як?
  — Мама, хутка прыедзе доктар з раёна. Усе хваляць яго.
  Маці перавяла позірк на яго і паглядзела няўцямна: пра што гэта ён?
  У вялікім пакоі ён сеў на канапу і як бы праваліўся ў яму. Зноў моцна шумела ў галаве. А па нагах папаўзлі мурашкі, быццам ногі перад гэтым моцна застылі і цяпер, у цяпле, адыходзілі.
  І раптам скаланулі гукі: цюкала сякера, а малаток весела, чартоўску весела, забіваў цвікі. Ён спалохана падняўся, не адразу сцяміўшы, адкуль гэтыя гукі. Потым успомніў; калі ўваходзіў, убачыў, што ў прыбудове насцілаюць падлогу. Упершыню ў жыцці яго абурыла праца людзей.
  Рая збірала на стол, Пятро прыехаў, каб разам паабедаць.
  Сказаў Раі са злосцю, раздражнёна:
  — Вам што, жыць няма дзе, што вы так спяшаецеся з гэтай прыбудовай?
  Сястра здзівілася з яго непрактычнасці:
  — Максім! Людзі цяпер вольныя, плотнікі. Вясна прыйдзе — не знойдзеш нікога.
  Ён падышоў да яе, прашаптаў:
  — Маці пры смерці, а ты...
  Рая спалохана кінулася за дзверы. Ляпаць перасталі. Але Пятро прывёў абедаць цесляроў. Мужчыны размаўлялі на поўны голас, весела.
  Пятро наліў па круглай шклянцы гарэлкі.
  Рая сказала мужу:
  — Глядзі ж сам не пі. Машына стаіць.
  — А чорт яе не возьме, машыну. У кюветах поўна снегу. Мякка,— і засмяяўся. І цесляры засмяяліся.
  Рая, безумоўна, расказала Пятру і пра бакоўку, і пра тое, як Максім узлаваўся на стук, бо, выпіўшы, зяць тут жа, пры людзях, павёў гаворку пра маці.
  — Ты, Яўцехавіч, не думай: матка ў нас жыла не ў крыўдзе. Нікуды ад нас не хацела ехаць. Улетку Толя хацеў забраць — ні за што не паехала. Няхай, кажа, хоць залатыя, твае Уральскія горы,— не трэба яны мне. Во як! І залатыя горы ёй не трэба былі. Я, можа, калі шумеў п'яны...
  — П'яны ты, што барана,— упікнула Рая.
  — Не як барана, а як каленчаты вал. Маеш справу з тэхнікай. Але скажы, пакрыўдзіў я маці хоць раз? — дапытваўся Пятро ў жонкі.— І дзеці яе любілі. Людачка заснуць без бабы не можа. А рабіць — дык што сама хацела, што па сіле было. Без работы яна не магла сядзець. Я дык сварыўся на яе за ета. Пасядзі, матка, нарабілася за свой век.
  — Я нічога не думаю,— Максіму было непрыемна, што Пятро гаворыць усё гэта на людзі.
  Ён добра ведае, што лепш, чым тут, маці нідзе не жылося б. Папракнуць можа толькі сябе. А сястру і зяця хіба за сённяшні дзень. Дайце святло і цішыню! Чамусьці перакананы, што цяпер, як нішто іншае, маці патрэбна цішыня, а не гэты п'яны тлум, ад якога, напэўна, у яе, здаровай, неаднойчы балела галава.
  Бахун — мужчына гадоў сарака, каранасты, распаўнелы, з круглым, як месячык, тварам здаровага колеру, здавалася, твар гэты і вясёлыя хітрыя вочы выпраменьваюць радасць. Адразу відно, што чалавек любіць смачна пад'есці, выпіць і ўвогуле павесяліцца. Вітаўся ён і знаёміўся з вясёлымі іскрамі ў вачах. Максіма агледзеў з бесцырымоннай цікаўнасцю, так у гасцях аглядаюць славутых акцёраў. Дарэчы, у рухах, манерах Бахуна, нават у тым, як, памыўшы, выціраў рукі, была пэўная тэатральнасць.
  Такі весялун і пазёр не здаўся Максіму сур'ёзным урачом. Толькі прысутнасць паважнага, заклапочанага старшыні, які, відно было, богатварыў сябра, стрымала Максімаву непрыязнасць і пакідала нейкую надзею.
  Але выслухоўваў Бакун маці доўга. Яму памагала Рая.
  Максім і Юрый Іванавіч сядзелі за круглым сталом, адзін супраць аднаго, утаропіўшы позіркі ў адмысловыя ўзоры багата расквечанай скацерці. Маўчалі, напружана прыслухоўваліся, быццам там, за тонкай перагародкай, ішла складаная аперацыя, ад якой залежала жыццё. Разы два маці ціха застагнала, балела ёй ад рухаў.
  Калі Бахун загаварыў — збіраў анамнез у хворай і Раі, тады Юрый Іванавіч сказаў амаль шэптам:
  — Ён вылечыў майго сына. Дзе я з ім не ездзіў. Прафесары дыягназ паставіць не маглі. А ён вылечыў. Талент. Я калеў яму: ідзі, Андрэй, у навуку. Не хоча. Хіба, кажа, абараніўшы дысертацыю, я буду лепш лячыць?
  У бакоўцы прыціхлі — і яны змоўклі.
  Потым старшыня паказаў на новы тэлевізар:
  — Багата жывуць калгаснікі.
  Не вытрымаў — пахваліўся, бо ў тым, што людзі гэтак жывуць, ёсць і яго заслуга
  — Багата,— згадзіўся Максім і сказаў аб тым, што прафесійна рупіла: — Будуюцца бесталкова,— кіўнуў у бок прыбудовы.
  — Свой жа архітэктар,— мякка пажартаваў старшыня.
  — Думаеце, лёгка паламаць векавыя традыцыі?
  — А ведаеце — лёгка. Цяпер лёгка. Далі б мне матэрыялы. І архітэктара. Я збудаваў бы новае сяло за кошт калгаснікаў. Не ўмеем мы ўзяць грошы ў людзей. А грошы ёсць!
  Выйшаў з бакоўкі Бакун, і Максім са здзіўленнем убачыў, як змяніўся доктар: знікла вясёлая рухавасць, быццам, пакуль выслухоўваў, аглядаў хворую, зрабіў укол, страшэнна стаміўся. Але быў ён у такім стане нядоўга — хвіліну.
  Устрывожаны Максім падняўся, падышоў да яго, нясмела, неяк па-вясковаму, па-жаночаму, спытаў:
  — Што, доктар?
  Бахун бліснуў вачамі, дастаў з кішэні грабеньчык, прычасаў прыгожую чупрыну, адвярнуўшыся, падзьмуў на грабеньчык; зрабіў гэта так, быццам іграў на сцэне вясковага модніка — хлопца-зуха.
  Адказаў бадзёра:
  — Будзем лячыць, дарагі Максім...
  — Яўцехавіч,— падказаў старшыня.
  — Будзем лячыць. Вось зараз паедзем, знойдзем Веру Іванаўну, скажам ёй, што рабіць. Сёння мы з ёй паразумеемся. Сёння яна добрая, калі параіла вам мяне. Раней мы ламалі шпагі. Помніш, Юрый Іванавіч?
  Як лёгка бывае супакоіць чалавека! Умець трэба, ці што? Два ўпэўненыя доктаравы словы: «Будзем лячыць»,— і ў Максіма знікла адчуванне блізкай трагедыі, якое на працягу дня так часта з'яўлялася. Можа, гэтае заспакаенне будзе нядоўгае. Але пакуль што яно трывалае. Яно ўзняло настрой, вярнула цікаўнасць да драбніц жыцця, якім жывуць тут маці, сястра, Пятро, дзеці і ўвогуле ўся вёска. Наведваючыся сюды, ён заўсёды любіў слухаць, як п'янаваты Пятро незласліва, але дасціпна расказваў пра суседзяў, пра сваякоў.
  Пайшлі старшыня і доктар — і ён спытаў у Раі пра Колю, яе старэйшага сына, студэнта педінстытута. Як ён там, у горадзе? Як вучыцца? Рая адразу адчула перамену ў братавым настроі і ўзрадавалася. Паспешліва, нібы баючыся, што настрой такі ненадоўга, пачала расказваць і пра Колю, і пра васьмікласніцу Надзю, што так і не паказалася на вочы дзядзьку, паабедала — і зноў у школу на гурток, і пра малую гарэзу Люду, якая круцілася тут жа і на матчыны скаргі «ўгамону на яе няма» весела смяялася і хітра прыжмурвала адно вока, як бы заклікаючы дзядзьку ўступіць з ёй у змову і разам выкінуць каленца.
  Калі ўжо сцямнела, зноў прыехаў старшыня — запрасіў да сябе ў госці. Не хацелася. Якая можа быць бяседа, калі яно ломіцца ў дзверы?
  Але Юрый Іванавіч і асабліва Рая і Пятро глядзелі на гэта прасцей — больш аптымістычна. Угаварылі: «Ну, што табе сядзець з намі цэлы вечар?» Сваіх ён разумеў: ім лесціла, што яго запрашае старшыня, ім хацелася, каб ён быў госцем старшыні, сышоўся з ім бліжэй, пасябраваў. Адмовіцца — нібы праявіць няўдзячнасць да іх і эгаізм свой; навошта, маўляў, мне вашы сувязі, жывіце як хочаце. Больш таго, атрымаецца, што хоча паказаць, што ён лепшы за іх — во які ўважлівы да маці! Здаровую і хворую, яе даглядала Рая, а ён прыехаў па сігналу трывогі і як бы выказвае сястры недавер. Ды і Юрыю Іванавічу нельга не быць удзячным за Бахуна, выканаў просьбу па-чалавечаму. Адмовіцца ад запрашэння — пакрыўдзіць. О, гэтыя ўмоўнасці жыцця! І без іх нельга, і трымацца іх — што закоўваць сябе ў ланцугі.
  У старшыні ўжо быў сабраны па-сялянску багаты стол. Горы закусі: капуста, гуркі, грыбы марынаваныя, соленыя, смажаныя, чырвоныя скрылі вяндліны, што пахлі яшэч альховым дымком, і снежна-белыя лусты сала. Таго, што на стале хапіла б на добрую бяседу. Але гаспадыня, калгасны планавік, як прадставіў яе муж, кабета ўвішная і гасцінная, усё яшчэ «планавала» — нешта смажыла, напаўняючы тры пакоі фінскага дома апетытнымі пахамі.
  Бахун і старшыня сельсавета Адам Сцешанок, аднавясковец, маладзейшы за Максіма гадоў на дзесяць, таму Максім яго дрэнна помніў, у чаканні гаспадара і госця глядзелі па тэлевізары хакей. Хоць па-сапраўднаму, не адрываючыся, глядзелі толькі Сцешанок і гаспадарскі сын — першакласнік. Бахун, як кот, хадзіў вакол стала, каменціруючы адначасова і закусь і гульню. Здаецца, ён паспеў ужо «ўзяць пробу», бо яшчэ больш расчырванеўся, і вочы ўзбуджана гарэлі. Урач і малы спаборнічалі, хто лепш ведае ігракоў — іх прозвішчы, імёны, хакейныя заслугі.
  Максім паслухаў іх, пакуль Юрый Іванавіч памагаў на кухні жонцы, і падумаў, што ў параўнанні з гэтымі вяскоўцамі, ён — дзікун, бо ў гэтым сезоне не глядзеў ніводнай перадачы, хоць любіць хакей. Не мог забраць тэлевізар з кватэры, на дачу, бо ведаў, што Даша ўзніме лямант. Яму даволі адной размовы пра маёмасць. Няхай забірае ўсё. Акрамя хіба кніг.
  Успамін пра Дашу моцна засмуціў. Упершыню (нават у Шугачовых гэта не з'яўлялася) ён пазайздросціў вось такой простай утульнасці, калі ўсёй сям'ёй глядзець тэлевізар і з кухні так цёпла і смачна пахне.
  Не зважаючы на сынавы пратэсты, Юрый Іванавіч прыглушыў у тэлевізары гук.
  — Саша, не шумі, а то зусім выключу. Навошта табе каментатар? Ты сам каментатар добры.
  Селі за стол. Гаспадар наліў чаркі. Але не паспеў прапанаваць, за што выпіць,— высунуўся малады Сцешанок:
  — За здароўе вашай маці, Яўцехавіч. Цётка Таццяна — гэта чалавек, я вам скажу. Такім людзям трэба вечна жыць.
  Максім убачыў, як Бахун бліснуў вачамі на старшыню сельсавета, як бы сказаў: «Хоць ты і ўлада, але не лезь паперад бацькі». І не чокнуўся ні з кім Бахун. Моўчкі, неяк неахайна, як выліў пад стол, выпляснуў гарэлку ў рот і нават не каўтнуў, быццам пякучая вадкасць сама палілася па страваводу, як па шлангу. Не спадабалася такое доктарава піццё — маўчанне яго на такі тост не спадабалася.
  Зноў кальнула ў сэрца нядобрае прадчуванне. Выпіў чуць-чуць.
  Сцешанок запярэчыў:
  — Э-э, Яўцехавіч, у нас так не пойдзе. Да нас яшчэ пастанова не дайшла, на валах яе вязуць.
  Але гаспадар і гаспадыня не прымушалі выпіць — прапаноўвалі пакаштаваць рыжыкі, што самі збіралі і самі салілі. Пра грыбы і пайшла гаворка, бо ўсе, акрамя старшыні сельсавета, былі зацятыя грыбнікі. Раней стол пачынаўся з рыбы, і за сталом заўсёды знаходзіліся рыбакі. Цяпер — грыбнікі. І ў сяле і ў горадзе. Сучасны транспарт да ўсіх наблізіў лес. Бахун, праўда, хутка перайшоў ад грыбоў да хакея, завёў спрэчку з Сашам аб толькі што забітым голе.
  З ураджаю грыбоў перайшлі на ўраджай збожжа і бульбы. Мінулагодні. І аб прагнозах на гэты год пагаварылі.
  Ішла павольная і спакойная застольная гутарка людзей, якія яшчэ знаёміліся і прыглядваліся адзін да аднаго. Уласна кажучы, прыглядвайце было аднабаковае. Да яго, да Максіма, прыглядваўся гаспадар. Сцешанок прынімаў яго, як свайго. А вясёлы з выгляду Бахун, чым больш піў (пілі яны з Сцешанком шчыра), тым больш змрачнеў. Чапляўся да малога. Быццам жартаваў, але так, каб Саша пачаў бунтаваць:
  — Хоць ты і хрэснік мой, але ў хакеі ты нічога не
  разбіраешся.
  — Я не хрэснік! Мяне не хрысцілі! — пратэставаў Саша.
  — Не, хлусіш, брат. Гэта твае бацькі ад цябе хаваюць, а я сам цябе вазіў да папа. І ён акунуў цябе ў цэбар. А ты здаровы ўжо быў. Брыкаўся, як жарабок.
  — Няпраўда! Няпраўда! Мама, скажы яму, што гэта няпраўда, што мяне не хрысцілі! — У першакласніка дрыжалі вусны; ён азіраўся на дзверы, на вокны, яго ліхаманіла ад думкі, што пра такое можа пачуць нехта з яго сяброў. Якая ганьба будзе!
  Маці супакойвала:
  — Канешне, няпраўда. Дзядзька Андрэй, як заўсёды, жартуе.— Атрымаўшы матчыну падтрымку, хлапчук перайшоў у наступленне:
  — А вы хіба верыце ў бога?
  — Веру.
  — А як жа вы лечыце людзей?
  — Малітвамі.
  — А я ў райком напішу, што вы моліцеся.
  Гэта ўсіх рассмяшыла. Бахуна — асабліва. Змрочны нават у жартах з малым, ён весела зарагатаў.
  — Добра ты ведаеш арганізацыю, дзе мяне адразу зробяць перакананым атэістам.
  Смех хораша збліжае людзей, а трапны жарт — найлепшы ўступ у сур'ёзную размову. Гаспадар тут жа, пасля смеху, звярнуўся да Максіма:
  — Вы прабачце, Максім Яўцехавіч. І не палічыце, што мы такія хітруны — запрасілі ў госці, каб забрытаць. Не сёння з'явілася гэтая ідэя. Людзі падказалі, землякі вашы. З нашага сяла — два генералы, тры вучоныя, архітэктар, мастак, міністр. Міністр, між іншым, шмат у чым памог. І вырашылі калгаснікі звярнуцца да іншых сваіх вядомых землякоў. Да вас — да першага.
  Максім насцярожыўся і трохі адчуў сябе няёмка ад той пільнай увагі, якую ўсе праявілі да яго, нават п'янаваты Бахун. Што ад яго хочуць? Меў ён просьбы, што вымушалі ісці супраць сваіх маральных прынцыпаў і пераконанняў. Былі раней, калі працаваў у Мінску, просьбы ад землякоў, якія вымушалі хадзіць па высокіх інстанцыях. Людзі па наіўнасці лічылі, што калі ён архітэктар і жыве ў сталіцы, то ўсё можа зрабіць. Але пры ўсёй сваёй тады яшчэ маладой энергіі выбіць машыну ці шыфер ён ніяк не мог. Нявыкананыя просьбы як бы расшыралі разору паміж ім і землякамі, бо ў наступны прыезд ён пазбягаў тых, хто мог падкінуць такія клопаты і душэўныя згрызоты: зрабіць — няма сілы і не зрабіць нічога — нядобра.
  Што падкіне яму новы старшыня, якога калгаснікі хваляць і які сапраўды, здаецца, мае не пустую галаву?
  — Трэба нам пачынаць перабудоўваць сяло. Трэба на практыцы, а не на словах набліжаць яго да горада. А то скора застанёмся без людзей. А з чаго пачынаць? — Юрый Іванавіч пачакаў: можа, госць адкажа на яго пытанне? Але Максім стрымаўся ад парады, з чаго пачаць такую вялікую працу.— Канечне, з матэрыяламі яшчэ нялёгка. І ў план будаўнічых работ уключыцца — трэба пастукаць дай бог. І вось мы памеркавалі, разважылі і думаем: а ці не лягчэй будзе прабівацца ва ўсе планы, калі мы будзем мець архітэктурны праект? Суседу трэба будзе яшчэ заказаць, а ў нас вось ён — гатовенькі, зроблены вядомым архітэктарам, абмеркаваны і зацверджаны на калгасным сходзе. Добры козыр можна мець!
  Максім адчуў, як часта забілася сэрца. Некалі малады, калі вучыўся, ён часам марыў пра такую працу — перабудаваць роднае сяло. Але прыязджаў дадому, бачыў, як жылі людзі, пра што думалі — не пра архітэктуру, пра хлеб надзённы, і мары яго патухалі. А калі пабагацелі, калі загаварылі пра перабудову сяла, былі прыняты партыйныя і дзяржаўныя пастановы, ён сапраўды-такі аддаліўся, пастарэў, родным для яго зрабіўся горад, які ён будаваў, а не гэтае сяло. Хапала праблем і клопатаў там. Акрамя таго, за ўсю сваю практыку яму ні разу не прыйшлося займацца сельскім будаўніцтвам. Ніякага вопыту.
  — І вось наша просьба, Максім Яўцехавіч. Зрабіце праект новага сяла... роднага вашага сяла. Для пачатку хаця б цэнтра яго... культурна-грамадскіх пабудоў. Ну, і планіроўку перспектыўную...
  Старшыня выказаў просьбу не вельмі ўпэўнена, мабыць, баяўся, каб архітэктар не пасмяяўся з такога саматужніцтва.
  Карнач не спяшаўся з адказам, здавалася, цалкам быў заняты тым, што разглядваў прыгожую этыкетку на пляшцы венгерскага віна.
  Ніхто з прысутных не падумаў, што ён ужо бачыў на маленькай этыкетцы вобраз сяла. Ён узнік імгненна, быццам перад гэтым былі гады пошукаў і роздуму. Так часта бывае.
  Прапанова ўсхвалявала так, што Максім не адразу знайшоў патрэбную форму, каб адказаць, што ён згодзен. Каб згода яго не здалася легкадумнай, несур'ёзнай, маўляў, гэта забаўка для мяне — такі праект. Ён як бы правяраў самога сябе: а што ў яго ёсць у душы, у творчым заказніку? Хоць якая-небудзь ідэя ёсць? Каб свая, арыгінальная. Ёсць. І яна адразу набыла архітэктурныя формы. Няхай сабе пакуль што і невыразныя. Так заўсёды. Пасля, калі сядзеш з карандашом над ватманам, усё паступова пачне выяўляцца, як на фотапаперы, апушчанай у праявіцель. Стыль, кампазіцыя, рытм, дэталі...
  — Мы заплацім...— падмацаваў сваю просьбу разгублены гаспадар.
  Максім устрапянуўся. Вось да чаго давяла задумлівасць!
  — Юрый Іванавіч, навошта ж так... Вы крыўдзіце мяне. Я ж тут — не заезджы шабашнік.
  — Прабачце.
  — Я зраблю такі праект.
  — Малайчына, архітэктар! Вось гэта па-мойму! — узрадавана ўхваліў Бахун.— А то другі, як вырвецца ў горад,— на маці родную забывае.
  Застолле адразу набыло іншы сэнс і змест. Зніклі напружанасць і тая ветлівасць, ад якой адчуваюць сябе няёмка і гаспадар і госці. Стала проста і натуральна, бо знайшлася агульная тэма, якая цікавіла ўсіх.
  Максім лічыў, што Бахун п'яны ўжо. Не, думкі яго разумныя і трапныя, і цікавасць да тэмы не меншая, чым ва ўсіх, хоць жыў ён за дваццаць кіламетраў і тут быў госцем. Толькі выказваўся Бахун больш шумна і катэгарычна.
  Забыўшыся на пітво і ежу, яны абмяркоўвалі праектнае заданне — што збудаваць у першую чаргу, дзе «пасадзіць». Максім тут жа, на вокладцы часопіса «Беларусь», на здымку бяроз, начарціў схему планіроўкі, магчымы варыянт.
  Яму гэта было лёгка, ён ведаў кожны ўзгорак, кожную пятлю раўчука, што працякаў праз сяло.
  У гэты момант без стуку адчыніліся дзверы, і Максім убачыў Раю ў расшпіленым кажусе, у накінутай на галаву, незавязанай хустцы. Адчуў, што яму як бы адняло ногі, і спалохана падумаў, ці здолее падняцца. Больш не адчуў нічога. Ні болю ў сэрцы, ні нават сораму за тое, што тое страшнае, чаго ён баяўся з учарашняга дня, здарылася тады, калі ён гуляў і за бяседным сталом, за размовай аб праекце на пэўны час забыўся аб ім, хоць жыў з адчуваннем, што цэлы дзень трымаў дзверы, каб яно не ўварвалася. Ён адпусціў дзверы. Не, раскаяння не было, бо ведаў: утрымаць немагчыма, яно дужэй за яго, за ўсіх разам.
  Усе павярнуліся да Раі, і яна голасна, па-сірочаму, заплакала. Спалохала Сашу. Хлопчык адскочыў ад тэлевізара і зіркаў то на цётку даярку, то на бацьку шырока расплюшчанымі вачамі: чаго гэта яна? Можа, на ферме якая бяда?
  Максім зірнуў на Бахуна. Той апусціў вочы, як вінаваты, але тут жа працягнуў руку па пляшку і наліў аднаму сабе не ў чарку — у шклянку, у якой заставалася рэштка вады.
  Што ж, ты нядрэнны лекар, Бахун. Ты зразумеў, што гэта здарыцца хутка. Ці не па тваёй ініцыятыве мяне запрасілі сюды? Каб я не бачыў, як яно прыйшло. Але цяпер усё адно ўжо. Навошта пытаць у цябе ці ў каго-небудзь пра гэта?
  Бахун асушыў шклянку і не знайшоў іншых слоў (ды і ці ёсць яны, словы, на такі выпадак), акрамя банальнага:
  — Усе мы смяротныя.
  Але, усе мы смяротныя. Ды мала гэта суцешыла. Наадварот, аддалося болем у сэрцы. Цяпер аддалося — ад такіх слоў суцяшэння. «Такім людзям трэба вечна жыць». Хто гэта сказаў?
  Боль у сэрцы вярнуў сілы ў ногі. Ён хутка падняўся.
  Боты грузлі ў размешанай за дзень снежнай кашы, ногі коўзаліся. Вецер біў у твар снежнымі клоччамі, мокрымі ўжо. Максім ішоў шпарка. А было адчуванне, як бывае ў сне: бяжыш — і ўсё на месцы. Так і тут здавалася, што ногі слізгаюць на адным пятаку абледзянелай, засыпанай снегам дарогі.
  Ззаду, то цішэй, то гучней, плакала Рая. Вось яна апынулася побач, і ён пачуў яе голас:
  — Як жыла ціха, так і памерла. Не крыкнула, не застагнала. Не пазвала нікога. Я малако ёй панесла... а яе... яе няма ўжо... І ручкі склала на грудзях.
  Яго ўразіла больш за ўсё: «А яе няма ўжо». Няма... Толькі што быў чалавек, родны, блізкі. І ўжо няма... Няўжо няма? Самае цяжкае — згадзіцца з гэтай бязлітаснай ісцінай: яе няма больш. Мамы няма. Мамы!
  Рыданні сціснулі горла. І ён адчуў сябе малым, безабаронным.
  Вокны сястрыной хаты свяціліся ярчэй, чым у суседніх хатах. У падстрэшшы гарэў самаробны ліхтар, шафёрскі — лямпачка пад аўтамабільнай фарай, фара была скіравана так, што кідала на двор яркі сноп святла. Адчынена фортка. Не сцежцы ад форткі да праёма дзвярэй трохсценка накіданы яловыя лапкі. Гэта Максіма ўразіла. Дзе і калі паспелі насекчы елкі? Ах, Пятро на машыне працуе ў лесе... Але навошта яму спатрэбілася столькі яловага галля? Няўжо рыхтаваўся? Такая думка, што нехта рыхтаваўся да смерці маці, адразу здалася страшнай. Хоць што тут такога? Сама маці таксама рыхтавалася. Даўно.
  Другое, што ўразіла,— гэта што ў хаце было многа людзей, не толькі суседзі, але і сваякі, якія, ён ведаў, жылі на другім канцы іх вялікага сяла. Выходзіць, Рая прыбегла па яго не адразу. Быццам усе былі ў змове, каб аберагаць яго, як малога ці хворага,— каб ён не ўбачыў гэтага. Крыўдзіцца на іх за такую асцярогу ці дзякаваць?
  Спыніўся за спінамі старых, баючыся зірнуць, што там, наперадзе, куды глядзяць усе. Неаднойчы ён хаваў людзей, стаяў у ганаровай варце, гаварыў прамовы над труной і магілай, адным словам, ведаў, як выглядае смерць і нябожчык. Ды там былі хоць часам і блізкія людзі, ды ўсё ж чужыя. А тут — маці. І яму здалося, што ён можа ўбачыць нешта страшнае.
  Угледзеўшы яго, людзі пачціва расступіліся, і ён убачыў нябожчыцу і ўразіўся, як усё звычайна і проста. І нічога страшнага з ім не адбылося. Нават халодны боль у сэрцы, што абпёк там, у старшынёвай хаце і не сціхаў на вуліцы, раптам як бы пацяплеў і разліўся па ўсіх грудзях. Ад гэтага зрабілася цяжка дыхаць — не хапала паветра. Хацелася ўздыхнуць на поўныя грудзі, але баяўся, што людзі палічаць непрыстойным такі ўздых.
  Прыбраная ў лепшае адзенне, нябожчыца, маленькая, як дзіця, выглядала недарэчна, непатрэбна ўрачыста. У сухенькія і белыя-белыя, якімі яны ніколі не былі пры жыцці, рукі, што спакойна, стомлена ляжалі на грудзях, укладзена белая хусцінка і запаленая свечка. І твар спакойны, без пакуты, вакол галавы вянок з папяровых кветак і жоўтая папяровая стужка на лбе з надпісам старажытна-славянскім алфавітам.
  «Яе няма»,— успомніліся Раіны словы. Але, маці няма. Сэрца баліць па той, што пайшла назаўсёды. А гэтая, што ляжыць тут, здалася чужой і далёкай.
  Побач плакалі старыя жанчыны. Яму плакаць не хацелася. І стаяць тут не хацелася. Убачыў, што на падлогу таксама накідана елкі, і тут, у хаце, яна пахла смерцю. Не хацелася ўдыхаць смерць. Ён азірнуўся, не ведаючы, што рабіць, дзе яму належыць быць. Адна з цётак яго, як малому, падказала сурова і павучальна :
  — Пацалуй матку.
  Ён падышоў, намерваючыся пацалаваць у лоб, але нахіліўся і пацалаваў рукі, якія столькі разоў хацеў пацалаваць пры жыцці маці і ні разу не адважыўся. Убачыў, што на белай падушцы вакол галавы нябожчыцы насыпаны зерні жыта. Менавіта жыта гэтае, якое маці сеяла і жала столькі год, не, не жыта — успамін пра тое, як сеялі яго,— неяк асабліва крануў і расчуліў. І ён заплакаў. І не саромеўся сваіх слёз. І быў удзячны ўсім, хто плакаў разам з ім.
  У двары Пятро і мужчыны курылі і сур'ёзна, дзелавіта абмяркоўвалі, калі і дзе рабіць труну, хто пойдзе капаць магілу. Прапанавалі яму:
  — Закуры, Яўцехавіч. Лягчэй на сэрцы стане.
  Тут, на дварэ, і елка пад нагамі, і вільготны снег, і нават тытунёвы дым пахлі вясной — жыццём.
  Выйшла Рая. Без слёз ужо сказала Максіму:
  — Матка прасіла, штоб яе апявалі.
  — Мала што яна прасіла,— запярэчыў Пятро.— А што нам з Максімам скажуць?
  — Зрабіце ўсё, што яна прасіла. Больш, чым у бога, яна верыла ў людзей. Усё жыццё.
  — Гэта праўда. Людзям яна верыла,— адгукнуўся нехта з мужчын, не стары яшчэ.
  — І людзі ёй верылі,— сказаў другі, старэйшы.
  «Пеўчыя», як называлі іх тут,— жанчыны, што замянілі набожным папа, з'явіліся хутка, быццам былі папярэджаны і чакалі ў гэты позні вечар у поўным зборы.
  Максіма здзіўляла і трохі абражала хуткасць і дакладнасць, з якой рабілася ўсё, што звязана з пахавальным абрадам. Так хутка памылі і ўбралі нябожчыцу, сабралі сваякоў з усяго сяла... І гэтыя елкі загадзя прывезеныя. Яны не выходзілі з галавы.
  Максім любіў вясёлага, працавітага, хітраватага Пятра. Але елак гэтых не мог чамусьці дараваць. І ў яго гэтак жа, як раніцой, калі прыехаў і ўбачыў, дзе ляжыць маці, пачала расці раздражнёнасць. Цяпер — не толькі супраць зяця і сястры, але і супраць сябе. Разумеў, што ў такі момант, перад тварам смерці, каля нябожчыцы, вельмі нядобра мець такое пачуцце, трэба быць добрым, душэўна супакоеным, прымірыцца з усімі і ўсім, што было пры жыцці маці.
  «Пеўчых» было чацвёра, трое — старыя кабеты, адна дзябёлая, чырванатварая маладзіца. Пятро і мужчыны там, на двары, калі Рая адышла, адазваліся пра іх непачціва, уедліва.
  — Гэтыя святыя на памінках гарэлку лупяць кожная за трох добрых мужыкоў.
  — Манька ў Цімашковых як напілася, чуць дадому давялі, усё ў лаўку рвалася, мала з яе было. Стары Здор мацюкамі сваю святую хрысціў. Во спектакль быў.
  Мужчыны прыглушана смяяліся.
  Выйшла з хаты цётка Ульяна, Максімавага бацькі сястра, старэйшая, ёй было за восемдзесят, але мела яна надзіва ясны розум. Сурова ўпікнула мужчын:
  — А вы і тут ужо зубы скаліце, бязбожнікі. Нічога вам святога няма.
  Зрабілася сорамна. Сапраўды, там — маці, а ён вясковыя анекдоты слухае.
  Пеўчыя спачатку маліліся. Максіму іх чытанне здалося няўмелым і несур'ёзным — як пародыя на тыя малітвы, якія ён ведаў з класічнай літаратуры, бачыў у кінафільмах, дзе добрыя старыя акцёры пранікалі ў рытуал і ў сутнасць вобразу свяшчэнніка. Да супярэчлівых пачуццяў і перажыванняў дадалося яшчэ адно — адчуванне, што ён у гэты дзень рабіў і робіць не тое, што трэба, не так, як належыць. Вось і з гэтымі бабамі. Пятро меў рацыю. Навошта гэта?
  Але потым жанчыны пачалі спяваць псалмы. У адной з іх быў прыемны голас, які вылучаўся з нястройнага спеву іншых.
  Максім сядзеў на табурэце ў кутку, каля дзвярэй, адзінокі сярод людзей, як бы забыты ўсімі, слухаў манатоннае цягучае спяванне і — дзіўная рэч — паступова яго раздражнёнасць супраць «пеўчых» знікала, мянялася думка пра іх, як пра хітрых баб, што зарабляюць на чалавечым горы.
  Сэнс белых вершаў на мешанай царкоўна-славянскай і сучаснай мове зразумець было немагчыма. Псалмы — што вершы сучасных звышмодных паэтаў, у якіх таксама няма рытму і рыфмы, мала логікі і сэнсу, але іх чытаюць, бо яны ствараюць пэўны настрой. Так і тут. «Пеўчыя» стваралі настрой. Востры боль страты пераходзіў у спакой і суцяшэнне, у роздум аб вечнасці жыцця і непазбежнасці смерці. Віна перад маці змянілася такой глыбокай удзячнасцю ёй за яе мацярынскі подзвіг, што ён ціха плакаў; адзінае месца і адзіны момант, дзе даросламу чалавеку можна было паплакаць. Ад гэтага зрабілася лягчэй. І наступілі нават хвіліны неасэнсаванага замілавання і радасці. Радасці за маці. што пражыла такое жыццё, і за сябе — што ён таксама недарэмна жыве на свеце, не без карысці для людзей. І за ўсіх гэтых цётак, сваячак і суседак, што прыйшлі ўшанаваць памяць тае, якая доўга жыла побач з імі і была нейкай часцінай іх уласнага жыцця, іх радасці; маці ўмела даваць людзям радасць.
  А потым у нейкі міг апанавала новае незнаёмае, самае цяжкае і страшнае пачуццё — пачуццё сіроцтва. Ён ажно здрыгануўся, не адразу сцяміўшы, што гэта такое. Ажно зрабілася холадна ў спіну. У іншых абставінах можна было б пасмяяцца з самога сябе, што сталаму мужчыну, занятаму адказнай працай, захацелася плакаць ад таго, што ён пачуў сябе сіратой. Але ён ведаў, што цяпер ужо ніколі не пасмяецца з сябе, бо ўсё гэта вельмі сур'ёзна. Не стала маці... Магчыма, заняты архітэктурай і сямейнымі клопатамі, ён не часта думаў пра яе, не так часта, як трэба думаць пра маці, але ўсё адно заўсёды адчуваў яе прысутнасць. Яна была з ім. І вось яе няма. І яшчэ адзін чалавек раней заўсёды быў побач. І яе няма... Хто ж застаўся? Вета? Але і дачка аддала сваю любоў нейкаму Карнею Прабабкіну, пра існаванне якога яшчэ зусім нядаўна ніхто з іх не ведаў.
  У другім куце на канапе, упёршыся далонямі ў калені, у замазучаныя ватнікі, сядзеў Пятро і... таксама плакаў. І гэта надзвычай кранула Максіма і неяк зблізіла з шваграм, парадніла не фармальна, як было дагэтуль,— душэўна.
  За поўнач, калі ў хаце засталіся толькі самыя блізкія людзі, Максім адчуў удзячнасць чацвярым жанчынам, што сумленна выконвалі свой абавязак — спявалі над нябожчыцай малазразумелыя псалмы. Прыгадаў: даўно, калі ён працаваў яшчэ ў Мінску, загінуў у аўтамабільнай аварыі інжынер іх аддзела, малады чалавек. Цела нябожчыка, па жаданню сям'і, на ноч паставілі на кватэры. Позна ўвечары ўсе, хто наведаўся, пачалі разыходзіцца. Спалоханая ўдава пачала прасіць яго, Максіма, застацца. Яны засталіся ўдвух з сябрам. І ў цяжкім маўчанні, пераадольваючы сон, прасядзелі да раніцы. Гэта была пакутлівая ноч.
  Гадзіны ў тры Рая і стрыечная сястра Тамара ўгаварылі Максіма пайсці адпачыць трохі ў хаце Тамары.
  Думаў, што заснуць не здолее. Але заснуў. Калі прачнуўся, быў ужо дзень, на дварэ ішоў снег. У хаце ніводнай душы. Пустэча і цішыня. Зрабілася сорамна, што ён доўга праспаў і так спакойна, нават не сніў нічога. І не чуў, калі падняліся гаспадары.
  Хутка адзеўся, выйшаў на вуліцу. Снег ішоў мокры і густы.
  У хаце было поўна людзей — не праціснуцца. Над нябожчыцай галасіла ўнучка — малая Люда:
  — А бабачка мая, а родненькая мая! Навошта ты памерла? Як жа я цяпер буду без цябе?
  Дзіця плакала вельмі шчыра, зразумеўшы, што бабулі, якая заўсёды была з ёй, як самы верны сябра і дарадца, не стала і ніколі не будзе. Учора Людзе нічога не сказалі; яна глядзела тэлевізар у суседзяў, і маці пастаралася, каб яна засталася там начаваць. Малую вельмі ўразіла смерць у іх доме, яна, як бадай, усе дзеці, яшчэ верыла ў бессмяроцце блізкіх, у яе свядомасці паміраць мелі права толькі чужыя.
  Галашэнне дзіцяці расчуліла ўсіх прысутных. А Максіма крык яе разануў па сэрцы: навошта яшчэ дзіця тут?
  Ён праціснуўся наперад, сурова загадаў Раі, што плакала тут жа:
  — Забяры дзіця!
  Але Люда злосна бліснула на яго вачанятамі і закрычала :
  — Не хачу! Не хачу! Усе вы гадкія! Вы ўсе не любілі яе!— і схапілася за мёртвыя бабуліны рукі.
  Маці ледзь адцягнула яе.
  Максім адчуў, што ў яго гарыць твар, быццам малая ўдарыла па ім. Але, яна кінула ім цяжкі папрок. Усім дарослым. Аднак яму, мабыць, балела больш, чым каму.
  Слухаць галашэнне жанчын не мог. Выйшаў на вуліцу і пайшоў у поле. Сустрэчныя праводзілі яго здзіўленымі позіркамі: куды гэта ён у такі час? Могілкі ў другім баку.
  Хоць і паспаў, але галава была цяжкая і балела. Часта білася сэрца. У вушах звінеў Людзін голас: «Вы ўсе не любілі яе».
  Не, дзіця маё, я любіў маці. Не папракай мяне. Мне і так цяжка.
  Яго дагнаў задыханы і як бы нечым спалоханы Пятро.
  — Ты куды?
  — Нікуды. Ведаеш, што такое дарога ў нікуды?
  Пятро сумна ўсміхнуўся.
  — Трэба хаваць сёння. Толю не дачакаемся. Не прыляціць ён з Урала. Радыё перадае: усюды завеі. А поездам — трое сутак.
  Максім устрапянуўся, нібы ўбачыў выйсце з пакутлівага становішча. Але, пахаваць сёння. Хутчэй. Цяпер ужо маці нічога не трэба. Усё ўмоўнасці.
  Ды Рая сказала, што трэба пачакаць Колю. Ён, Максім, зусім забыўся на старэйшага пляменніка. Але Коля так і не прыехаў. У нейкі момант, калі чакалі, Максіма апанавала злосць на яго: шчанюк, што яму да бабулі, якая вырасціла яго? Але тут жа падумаў, што Вета такая ж унучка, але ён нават не даў ёй тэлеграмы, бо ведаў — не паедзе. Слабеюць і рвуцца ніці, якія звязвалі род. У наш час унукі не ездзяць на пахаванне дзядоў і бабуль. Ад гэтых думак зрабілася яшчэ больш сумна і балюча. І неяк пуста ў душы.
  
  XXII.
  Не, гэта не душэўная дэпрэсія. Не тое, што было, калі ён ішоў за труной, і на бязладных памінках, на якіх «пеўчыя» сапраўды напіліся. Тады ён спалохаўся свайго стану і, пакрыўдзіўшы Раю і Пятра, у той жа вечар паехаў дадому. Дзіўна, дзе яго дом? Тут, у Воўчым Дозе?
  У дарозе ён прастудзіўся. Біў кашаль. Балела ў грудзях. Таму не ездзіў на працу. Піў ліпавы чай. Варыў бульбу. Спачатку схіляўся над каструляй, накрыўшыся ручніком, і ўдыхаў пару, пасля еў сам і карміў згаладалага Барона. І пакутаваў ад бяссоння.
  Боль страты не ўціх, не прытупіўся, ён як бы перарадзіўся ў новую якасць: увесь час думалася пра маці, вобраз яе стаяў у вачах, і голас чуўся ў касмічнай цішыні дачы, дзе ў бязветраную ноч няма ніводнага старонняга гуку.
  Ляжаў, слухаў цішыню і ўспамінаў кожны эпізод далёкага маленства, галоднага ваеннага юнацтва і нядаўніх сустрэч з маці, кожнае яе слова, кожны жэст і кожную маршчынку на твары, на руках. На жывым твары, на жывых руках. Мёртвую не ўспамінаў.
  Недзе на трэцюю ноч зразумеў, што вобраз маці не можа заставацца толькі ў памяці. Маці павінна прадоўжыць сваё жыццё ў яго творчасці. Паэт, напэўна, стварыў бы вершы ці паэму. Жывапісец напісаў бы роднае аблічча на палатне. А як увасобіць вобраз чалавека ў архітэктуры? Вялікія дойліды гэта ўмелі, у іх тварэннях заставаліся жыць на стагоддзі яны самі і вобразы блізкіх — іх дух, іх ідэалы. Ён зрабіць гэтага не ўмее. Пакуль што не ўмее. Увесь час стараўся выразіць сваю эпоху. Такая звышзадача стаіць перад кожным дойлідам. Але па сутнасці гэта — абстракцыя, нешта неабдымнае і дасягальнае толькі ў плане агульным — калектыўным; усе разам, тысячы архітэктараў, праекціроўшчыкаў, інжынераў, яны, магчыма, могуць увасобіць эпоху. Адзін... адзін можа хіба толькі геній. Найвышэйшае мастацкае адкрыццё — вобраз чалавека пэўнай эпохі. Але ў сінтэтычным мастацтве дойлідства чалавек не выступае так, як у рамане, фільме, ў скульптуры. Не духоўны воблік яго дыктуе функцыянальную мэтазгоднасць будынкаў, раёнаў, гарадоў, а яго матэрыяльныя патрэбы. На гэтым трымаюцца ўсе прынцыпы сучаснай архітэктуры. Гатэлі-небаскробы будуюць ва ўсім свеце не для таго, каб чалавек мог зайсці туды падумаць у адзіноце, памаліцца.
  Максім зайздросціў пісьменнікам, мастакам. Але ж і ў яго ёсць яшчэ адно ўменне, якое ён называе сваім хобі, Ён захапляўся разьбой у маленстве, калі пасвіў кароў. Нават на шулах варот свайго двара навыразаў адмысловыя ўзоры, якія прымушалі кожнага спыніцца, палюбавацца. І ён, малы, ганарыўся гэтым. Шулы тыя ў вайну згарэлі. У інстытуце ён спрабаваў удасканаліць гэтае сваё ўменне — хадзіў у майстэрню вядомага скульптара, і той пераконваў, што яго, Максімава, прызванне — скульптура, але не пераканаў,— архітэктура трымала мацней, ён застаўся верны абранай прафесіі.
  Пасля доўгага перапынку ён даў волю свайму захапленню, калі будаваў дачу. Ды не толькі тады, калі будаваў, але ўсе пяць гадоў, калі жыў, адпачываў; лепшы адпачынак — разьба. Тады ж прывёз з лясніцтва тоўстыя ліпавыя і бярозавыя круглякі-нарыхтоўкі. Госці дзівіліся на круглякі, пыталіся — навошта яны? «Пайду на пенсію — займуся разьбой». Да пенсійнага ўзросту заставалася ўсяго... трынаццаць гадоў. Ігнатовіч неяк сказаў: «Струхлеюць твае круглякі да пенсіі». Але той жа Ігнатовіч, знаходзячыся ў замежнай камандзіроўцы, прывёз яму ў падарунак набор выдатных разцоў, такія ў нас не вырабляюць: адзін — для грубай апрацоўкі — нават электрычны,
  ...Васіль быў прызваны ў армію ў саракавым годзе, калі ён, Максім, вучыўся ў дзевятым класе. У пачатку вайны ў войска пайшоў бацька, брыгадзір калгасных будаўнікоў, член партыі, адступіў з апошняй вайсковай часцю, якая тыдні два трымала рубеж у іх раёне. У акупацыі маці не чакала бацькі, хоць, калі з'явіліся ў навакольных лясах партызаны, ён, Максім, лічыў, што якраз больш верагодна, што бацька мог застацца ў гэтых знаёмых яму лясах. Казаў пра гэта маці. Але для яе — Яўцех быў на вайне, і яна пачала чакаць яго толькі тады, калі на ўсходзе зноў загрымела кананада. Зусім інакш яна чакала сына. Усю вайну. Магчыма, з таго дня, як у сяло вярнуўся першы акружэнец. Чакала напружана, чуйна. Падхоплівалася ўначы на кожны шорах, на крокі за акном. Прыйшло вызваленне — бацька напісаў са шпіталя.
  Ад Васіля не было ніякіх вестак.
  Прызвалі ў армію яго, Максіма. Трохі раней, тыдні на два, забралі старэйшых — усіх, хто павінен быў узяць зброю ў сорак першым. Многія з тых палеглі недалёка на пераправе цераз Сож. Некаторых хавалі дома. У спаленай вёсцы, дзе тырчалі адны коміны, усё відаць было з краю ў край і ўсё чуваць — усе галашэнні. Ды маці і сама не прапускала ніводнага пахавання. У бядзе ўсё сяло жыло адной сям'ёй.
  Ён баяўся, што маці будзе вельмі гараваць, праводзячы яго ў армію, будзе галасіць, як па нябожчыку. А гэта — страшна, ён чуў, як галасілі жанчыны, Маці не плакала. Ніводнай слязінкі. І не павяла далёка. Толькі вывела за мяжу былога двара, за абгарэлыя шулы. Але як яна глядзела! Перахрысціла і сказала: «Ідзі, сынок. Цяпер я дваіх вас буду чакаць. Васіля і цябе».
  У першыя пасляваенныя гады ў кожны яго прыезд дадому маці ўпотай, каб не чулі другія, нясмела пыталася:
  «Максімка, а можа, жыве дзе наш Васілёк? Можа, у палоне трымаюць? А можа, ажаніўся дзе на такой, што да сваіх не пускае? Бываюць жа такія жонкі».
  Бываюць, мама, бываюць. Усё бывае. Ды з Васілём гэтага не магло быць. Але навошта разбураць тваю мацярынскую веру? Ён каўтаў салёны камяк і маўчаў.
  Рая расказвала на памінках: гадоў дваццаць маці заказвала малітвы за здравіе Васіля. Толькі нядаўна, гадоў восем назад, пішучы суседцы, якая ехала ў далёкую царкву, спісачак, за каго памаліцца, упершыню імя Васіля паставіла побач з імем бацькі, якога сама пахавала і за якога ўжо ў дзень пахавання малілася: «Прымі, госпадзі, душу воіна Яўцеха».
  Ліпа за колькі гадоў высахла так, што здавалася мацнейшай за тыя дубовыя шулы, на якіх ён лёгка выразаў узоры. Ці, можа, слабейшымі зрабіліся рукі? Яны сапраўды раніцой дрыжалі, але гэта ад хвалявання, ад нецярплівай прагі хутчэй узяцца за працу незвычайную, святую.
  Стамескай не карыстаўся для першай апрацоўкі, толькі разцамі. Каб не сапсаваць найлепшы матэрыял. Асцярожна і павольна, як далакоп, які шукае найкаштоўнейшы скарб, прабіраўся праз таўшчыню пакуль што мёртвага дрэва да жывых рыс роднага аблічча. Да іх яшчэ далёка — многія дні, тыдні, а можа, і месяцы працы, але ўжо цяпер не павінна быць ніводнай няправільнай лініі, ніводнай недакладнай канаўкі, пакінутай халодным разцом. Метал халодны, так. А дрэва цёплае. Не, не мёртвае яно — жывое, яно ажывае ад кожнага яго руху, быццам ён удыхае яму сваю душу, свой боль і сваю радасць. Але, і радасць. Яе даўно ўжо, бадай, не было, такой радасці, як ад гэтай працы. Радавала ўсё. Адчуванне, што ён быццам ачуняў ад нядоўгай, але цяжкай хваробы, што творчасць, новая, нязвыклая, тая, па якой часам сумаваў, так захапіла. Радаваў дзень. Ён таксама быў незвычайны, урачысты. Пасля тыднёвай непагадзі, калі зіма страчалася з вясной,— першы па-сапраўднаму вясновы дзень. На небе — ніводнага воблачка. Ззяла сонца — вялікае ў небе. І зіхацелі мільярды маленькіх сонцаў у снезе. Усё гэта агромністае мора снежнага святла заліло мансарду. Ах, каб такое асвятленне тады, калі пачнецца самая тонкая праца, калі трэба бачыць кожнае валаконца на дрэве, кожную лінію разца і кожную рысачку вобраза, кожную маршчынку на твары! Нічога, святла тут заўсёды хопіць. Не стане снежнага — будзе зялёнае, ад бяроз, што цяпер ззяюць белізной ствала і ружовасцю тонкіх галінак і пупышак.
  З падстрэшша са звонам асыпаліся ледзяшы. Гэты звон, грукат палохаў Барона. Пазней, у сярэдзіне дня, сталі падаць капяжы. Барон заснуў у крэсле, на сонцы, салодка мурлыкаў. Стары і лянівы. Малое кацянё забаўлялася б са стружкамі. А Барон нясмела пакратаў лапай адну, большую, панюхаў, незадаволена чмыхнуў і больш не цікавіўся стружкамі. Гаспадарова праца не здзіўляла яго, гэты чалавек часта габлюе, пілуе, стукае малатком.
  Максім шкадаваў часу, каб згатаваць абед. Разумеў, што спяшацца няма патрэбы. Але ўсё роўна адарвацца ад працы не мог. Была тая апантанасць, якую не перажываў даўно ўжо — з таго часу, як працаваў над першымі самастойнымі праектамі. Але тады была Даша, яна мела сілу адарваць. Цяпер ніхто не мог адарваць — ні Даша, ні Кіслюк, ні Ігнатовіч. У адчуванні такой свабоды былі гарката і салодасць, радасць і смутак.
  Нязвыклы да такога інструмента, ён у першы дзень нацёр крывавыя мазалі на руцэ. Яны балелі. Але нават і боль гэты фізічны быў прыемны, ён своеасабліва, не паўтараючы нічога іншага, дапаўняў складаную гаму яго адчуванняў і пачуццяў, агульнае імя якім было ўсё тое ж — радасць працы.
  Сонца нагрэла мансарду, і стала душна. Але Максім баяўся зняць цёплую куртку: кашаль не слабеў, наадварот, узмацніўся. Часам прыступы яго былі такія, што рабілася, як астматыку, цяжка дыхаць. З такім кашлем варта было б паляжаць у цёплым ложку. Але не было ўжо сілы, якая магла б адарваць ад пачатай працы. Пакуль ён можа стаяць на нагах.
  Увечары ён пракаўтнуў аспірын, напіўся ліпавага чаю з мёдам і рана лёг спаць. Чытаць не хацелася. Нават слухаць музыку па радыё не хацелася. Ён як бы баяўся, што чужая музыка разбурыць яго музыку, якая гучала ў душы і была не падобна ні на што ў свеце, што ён калі-небудзь чуў. І чужых вобразаў баяўся. Раптам можа здарыцца, што ён прачытае такое, што можа нейкім чынам аслабіць, засланіць ягоны вобраз маці.
  Заснуць доўга не ўдавалася. Ён працягваў працаваць — даводзіў скульптуру да завяршэння і зноў пачынаў спачатку, рэзаў інакш, па-новаму — ішоў другой дарогай, каб прыйсці да тае ж мэты. Завершаны вобраз не мяняўся, бо ён не мог зрабіцца інакшы не толькі ад методы ці формы працы, але і ад змены матэрыялу. Але іншым матэрыялам ён аддаваў перавагу ў архітэктуры. Для вобраза маці іншага матэрыялу не існавала. Мармур, граніт, гліна, бронза — усё халоднае. Толькі дрэва цёплае. У драўлянай хаце яна пражыла ўсё жыццё. У драўляную дамавіну...
  У сне ён таксама працаваў. І ў яго балелі рукі.
  Бывае, выходзіць, і такое шчасце. Ныла сэрца ад болю страты. Раздзіраў грудзі кашаль. Раніцамі чалавек ледзь спаўзаў з ложка, стомлены, разбіты, з галаўным болем. Але паспешліва ўмываўся, пахапліва снедаў — і паднімаўся па крутой лесвіцы з такім адчуваннем, быццам узносіўся на неба. Ішоў як на вялікае свята. І там, у залітай ранішнім святлом майстэрні сваёй, каля ліпавага кругляка, які паступова набываў формы чалавечай постаці, забываўся на ўсе нягоды і болі.
  Лёс яго не пакрыўдзіў: у яго жыцці было нямала шчаслівых дзён. Не толькі дзён — месяцаў, гадоў. Але гэтыя дні не прамяняў бы на тыя гады. Цяпер здавалася наіўным, што ён лічыў некалі за вялікае шчасце сваю жаніцьбу, сваё каханне да Дашы. Выходзіць, яно было нерэальнае,— толькі ў яго ўяўленні. Ці, ва ўсякім разе, далёка не такое працяглае, як здавалася яму дагэтуль.
  Ён думаў аб тым, што ўсе радасці жыцця кароткія, усе хутка праходзяць, акрамя адной — радасці працы. Радасць ад яе не перапыняецца нават пакутамі і, між іншым, ніколі не паўтараецца, яна заўсёды новая, заўсёды па-новаму непаўторна захапляе, хвалюе.
  З такой труднай радасцю Максім пражыў тры дні.
  У панядзелак прыехаў яго намеснік інжынер Рагачоўскі. У сераду іх слухае бюро гаркома.
  Максіма трохі здзівіла такая паспешлівасць. Нават з ім не пагаварылі як мае быць. Ад размовы з Макаедам ён сам ухіліўся, а Языкевіч па-панібрацку расказаў некалькі вясёлых гарадскіх прыгод, анекдотаў, пацікавіўся кадрамі ўпраўлення — і на гэтым сваю місію закончыў. Але раз правяралі, значыцца, павінны былі слухаць, рана ці позна. Здзіўляцца няма чаму. Яго нават забаўляла ўстрывожанасць Рагачоўскага. Ведаў, што намеснік яго, выдатны работнік, нястомны арганізатар, заўсёды баяўся праверак і выклікаў да начальства. Не цяжка здагадацца, як Рагачоўскі разважае: маўляў, з Карнача з яго сувязямі і яго становішчам вядомага архітэктара — што з гуся вада, а ўсе шышкі паляцяць на яго, тым больш што на ім ляжыць кантроль за ажыццяўленнем будаўнікамі архітэктурных праектаў. А вядома, як яны ажыццяўляюць іх: ка кожным аб'екце сто недаробак. Любую будоўлю правер — і можна запісаць «на поўную катушку» і будаўнікам і архітэктурнаму ўпраўленню, і ніякія аб'ектыўныя прычыны цябе не ўратуюць.
  Максім пасмяяўся са страхаў Рагачоўскага, заспакоіў, сказаўшы, што на гэты раз усе шышкі паляцяць на яго, галоўнага. Але Рагачоўскага гэта мала заспакоіла. Паслухаўшы, як Карнач кашляе, ён бадай з радасцю, што ёсць прычына адцягнуць разгляд, прапанаваў:
  — Слухай, ты ж праўда хворы. Я скажу, што ты захварэў і прышлю ўрача, каб аформіў бюлетэнь.
  — Не, я прыеду!
  Хацелася, каб усё, што мае адбыцца, адбылося як мага хутчэй. Разгляд на бюро таксама.
  Калі паехаў Рагачоўскі, ён падняўся наверх і адразу адчуў, як усё змянілася за час іх нядоўгай размовы. Быццам сонца зайшло за чорную хмару і ўраз паблеклі ўсе фарбы. Але ж сонца свяціла па-ранейшаму. І ўсё на месцы. Гэтак жа цёпла, як жывыя, пахнуць стружкі. А радасці той, з якой працаваў дагэтуль, няма. І натхнення таго няма. Яно забіта. Чым? Кім? Ён убачыў — кім, як толькі пачаў рэзаць. Увесь час перад ім стаяў адзін вобраз — маці. А цяпер побач з ёй... Не, нават не побач, а наперадзе, засланіўшы маці, з'явілася яна — Даша, прыгожая і пачварная — пачварная ў сваёй злосці і неразумнай зацятасці.
  «Які ты мастак! Ты — рамеснік!»
  Колькі разоў яна гэтак адрывала яго ад праектаў. І цяпер адарвала ад самага дарагога, што дало суцяшэнне і памагло забыцца на ўсе беды.
  Разец нібы ступіўся і рабіў на дрэве задзёры. Так працаваць нельга. Так можна ўсё сапсаваць.
  Максім спусціўся ўніз і пачаў гатаваць абед, каб нечым заняцца,— першы сапраўдны абед за чатыры дні.
  Нейкі час думаў пра тое, што, можа, сапраўды не ехаць на бюро. Няхай разглядаюць без яго. Калі Ігнатовіч так спяшаецца, няхай паспрабуе заслухаць упраўленне без яго. Залішне далёкі захад ён робіць. Навошта? Калі ўсё можна вырашыць прасцей. Не, Ігнатовіч будзе мець лішні козыр супраць яго, і члены бюро, безумоўна, абурацца і могуць запісаць такое... Але якое мае значэнне тое, што яму запішуць — з эпітэтам ці без эпітэта? Але тут жа падумаў пра магчымасць больш шырокай пастановы — пра архітэктуру горада. Ён разумеў сілу такой пастановы, яе значэнне. А грунтавацца яна можа на вывадах спецыяліста-архітэктара. А ў камісіі такі спецыяліст — Макаед. І ён, Карнач, добра ўяўляе, што можа напісаць Макаед, дабраўшыся да такога сур'ёзнага дакумента. Ён можа паламаць шмат што з таго, што складала сэнс усяе яго, карначоўскай, працы тут, у гэтым горадзе. Макаед можа падкінуць такія ідэі, якія паламаюць нават генеральны план. Зарэчны раён ён, напэўна, «зарэжа» ў тым выглядзе, які заложаны ў плане. Яму лёгка гэта будзе зрабіць, бо сам Ігнатовіч яўна адступіўся ад гэтага раёна. Чаму? Вось што незразумела. Хіба могуць асабістыя сімпатыі ці антыпатыі ўплываць на працу, на рашэнне такіх сур'ёзных пытанняў, як перспектыўнае будаўніцтва? У яго, Максіма, няма падстаў абвінаваціць Ігнатовіча ў абыякавасці да гарадскіх праблем. Не, Ігнатовіч жыве горадам. Але Макаед ім ніколі не жыў і не жыве. Макаед жыве толькі сабой. І ён, Карнач, не можа, не павінен дапусціць, каб архітэктурна малапісьменныя макаедаўскія ідзі разбурылі што-небудзь з таго, чаму не толькі ён, але і Шугачоў, Сярноў, Бабіч, Кротава, іншыя іх калегі аддалі столькі энергіі і сілы.
  Ён пачаў абдумваць свой даклад на бюро. Даклад атрымаўся бязлітасна самакрытычны, але і саркастычна едкі ў адносінах да ўсіх, хто меў дачыненне да будаўніцтва горада. Яму, канешне, пекануць за такі даклад, але нехта з тых, хто будзе вырашаць яго лёс, добра пачухаецца.
  Даклад — гэта творчасць, яна зноў захапіла. Ён цешыўся, як дзіця, з тых ёмкіх і дасціпных знаходак, якія аздаблялі будучае выступленне. Але за абедам адчуў, што, як гэта часта здараецца, яго зноў «занесла». Не зробіць ён такога даклада на бюро гаркома, бо глыбока паважае гэты прадстаўнічы партыйны орган. Такі даклад ён мог бы зрабіць у Саюзе архітэктараў, не таму, што не паважае свой Саюз, а таму, што там іншыя нормы і норавы, там любяць вострае слова, хоць на любові такой часта нажываюць танны аўтарытэт дэмагогі. Усведаміўшы гэтую ісціну, ён і ў Саюзе даўно ўжо не выступаў так. «Прынцыповыя» і «левакі» выкраслілі яго са свайго актыву, сцвярджалі, што пасада галоўнага архітэктара сапсавала Карнача, зрабіла чыноўнікам і кар'ерыстам.
  Пабудова даклада збалансаванага і раўназважанага — справа пакутлівая, нудная. Такія даклады лёгка пішуць памочнікі, бо. ім не трэба выступаць. Рагачоўскі мог бы напісаць найлепшы даклад. Ды ён, Карнач, ніколі і нідзе не выступаў па напісанаму.
  Але не ад даклада ён пакутаваў. Ад «прысутнасці» Дашы. Яе не было на кухні, пакуль ён мыў талеркі. Яна «з'явілася», як толькі ён падняўся ў мансарду і ўзяў у рукі разец. Стаяла ля акна, засланяючы святло і... маці, і ўхмылялася, уедліва, скептычна.
  «Ты прыйшла, каб адняць апошнюю маю радасць?» — спытаў ён, ціха і ветліва. Яна пераможна засмяялася.
  Спалоханы такім прывідам, ён спусціўся ўніз і пайшоў гуляць. Пад вечар неба завалакло хмарамі і ўзняўся вецер. Сосны нібы стагналі, а галлё бяроз свістала. Зрабілася няўтульна і вельмі адзінока. Хацелася ў горад, да людзей. Але куды ён пойдзе? Да каго?
  Усю ноч ён то сварыўся з Дашай, то прасіў яе памагчы. Назаўтра адчуваў сябе зусім блага. Яўна была тэмпература, кашаль рабіўся ўсё больш удушлівы. Але ў яго не было градусніка. Трывожыла думка, што ён можа расхварэцца зусім, а там падумаюць, што ён спалохаўся і сімулюе хваробу. Вельмі не хацелася, каб Ігнатовіч падумаў, што ён спалохаўся.
  У сераду раніцой, узрадаваны, што трымаецца на нагах, ён з цяжкасцю завёў свой «Масквіч» і паехаў у горад.
  
  XXIII.
  Пасяджэнне ўжо ішло. Колькі зойме часу абмеркаванне таго ці іншага пытання — вызначыць не мог нават Ігнатовіч з яго выключнай дакладнасцю і акуратнасцю. Таму людзей, якіх заслухоўвалі, запрашалі з запасам часу. Ды і самі работнікі, асабліва тыя, хто ішоў «на кавёр», на праборку, стараліся з'явіцца раней, каб, крый божа, не спазніцца і не даць лішні повад для крытыкі.
  У прыёмнай было мнагалюдна. Але з тых, хто меў дачыненне да архітэктуры, не было яшчэ нікога. Максіму не спадабалася, што ён прыйшоў першы. Не хацелася быць падобным на дырэктара кандытарскай фабрыкі, які ўжо ў прыёмнай цяжка ўздыхаў, чырвоны, мокры, як загнаны конь, раз-пораз выціраў хусцінкай лысіну і на якога адны глядзелі са спачуваннем, другія — асуджаючы. З-за парушэння тэхнікі бяспекі на фабрыцы адбылася аварыя, загінуў чалавек; дырэктару пагражала суровая кара, вызваленне ад пасады — напэўна.
  Яму, Карначу, таксама, відаць, пагражае не меншае. Але каб ён з-за гэтага хоць раз уздыхнуў! Такога ўніжэння не дараваў бы сабе. Хоць, едучы сюды, думаў, што, калі яго будуць караць не за Дашу, а за работу — згаджацца з гэтым нельга, трэба будзе абараняцца, пратэставаць. Справа не ў яго асабістым прэстыжы — будзе кінута цень на працу вялікага калектыву, і нават не аднаго. Але не адчуваў сілы для такой абароны. Фізічнай сілы. Кружылася галава, у нагах млявасць. Перасохла ў роце. Усё здавалася дробным і абыякавым. І хацелася толькі аднаго: каб усё хутчэй скончылася. Каб хутчэй паехаць назад, у Воўчы Лог.
  Кінуўшы «добры дзень» усім, хто быў у прыёмнай, ён пайшоў у дальні кут і сеў на вольнае крэсла, амаль побач з дырэктарам кандытарскай фабрыкі, таму і падумаў пра яго справу. Але тут жа адчуў на сабе позірк Галіны Уладзіміраўны. Яна глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі, здзіўлена і нават як бы спалохана. Адным словам, глядзела так, як, бадай, не мела права па сваёй пасадзе глядзець ні на каго з тых, каго выклікалі сюды. А па сваім становішчы ўдавы ніколі раней не адважылася б глядзець так ні на аднаго мужчыну, ды яшчэ ў прысутнасці добрага дзесятка старонніх людзей, якія ў сваю чаргу не спускаюць з яе вачэй: адны любуюцца прыгожай жанчынай, другія ўслухоўваюцца ў тэлефонныя размовы — ці нельга «вывудзіць» якую навіну? Сюды, у гарком, як у вайсковы штаб, сцякаюцца ўсе гарадскія навіны.
  Яе позірк абдаў Максіма добрым ласкавым цяплом, як прамень сонца чалавека, што выйшаў з сутарэння. Ад гэтага цяпла ў яго яшчэ больш закружылася галава. Але ўжо інакш — не як ад хваробы, а так, як кружыцца ад імклівага танца.
  Ён усміхнуўся Галіне Уладзіміраўне. І яна ўсміхнулася, але не проста так — паклікала, каб ён падышоў да яе. Ён зразумеў гэта і, узрадаваны такому нечаканаму запрашэнню, забыўшыся на ўсіх, хто назіраў за імі і, магчыма, таксама зразумеў іх усмешкі, падняўся і пайшоў да стала. Нахіліўся над сталом, заглядваючы ў паперу з парадкам пасяджэння.
  — Калі там мяне, грэшнага, паклічуць у чысцілішча?
  Ззаду засмяяліся.
  — Не спяшайся. Дачакаешся.
  Галіна Уладзіміраўна сур'ёзна растлумачыла:
  — Зацягваецца другое пытанне: аб рабоце партарганізацыі чыгуначнага вузла.
  — Хваляць ці разносяць?
  — Па заключэнню камісіі павінны ўхваліць вопыт...
  — А дарэмна! — адгукнуўся дырэктар дрэваапрацоўчага камбіната Аўсянікаў.— Ніхто так не зрывае планы, як яны. Вагоны выбіваем з боем.
  — Хваляць заўсёды больш мнагаслоўна,— сказаў Максім.
  Прысутныя пачалі даваць сваю ацэнку працы чыгуначнікаў. А Максім глядзеў на Галіну Уладзіміраўну: навошта паклікала? Яна паказала вачамі на крэсла, што стаяла ля самага стала, злева ад яе. Ён сеў і паклаў руку на адпаліраваны стол, у які можна было глядзецца, як у люстэрка. Яна ўбачыла крывавыя мазалі на пальцах. Ціха спытала:
  — Што ў вас з рукой?
  — Ах, гэта? — павярнуў далоню са сцёртымі, замазанымі ёдам мазалямі.— Гэта — ад працы.
  — Ад вашай працы? — здзівілася яна.
  — Ад майго хобі.
  Яна пачакала, што ён растлумачыць, што ж гэта за хобі, якім націраюць такія мазалі. Ён не растлумачыў, і яна не адважылася спытаць.
  Аўсянікаў сказаў сярдзіта дырэктару кандытарскай фабрыкі:
  — Балоцька, не пыхці ты, як паравоз. Наганяеш нуду.
  — Лёгка табе гаварыць.
  — Каму цяпер лёгка. У мяне пад пагрозай квартальны план.
  — Дрэнна працуеш,— сказаў начальнік абласнога статыстычнага ўпраўлення.
  Дырэктар сарваўся з месца.
  — Я дрэнна працую? Лёгка ты, няшчасны статыст, ацэньваеш працу іншых. Табе — што? Збірай гатовыя звесткі. А ў мяне — мадэрнізацыя абсталявання. Новыя машыны. Усё разбурана, усё мяняем, а план давай.
  Яны счапіліся і забыліся, дзе знаходзяцца. Дагэтуль гаварылі прыглушана — за дзвярамі засядае бюро. А тут раскрычаліся, як на кірмашы.
  Галіне Уладзіміраўне належала далікатна папрасіць прамысловых тузоў захоўваць цішыню. Але яна не рабіла гэтага.
  Пачаўшы спрэчку, прысутныя не звярталі ўвагі на яе і Карнача. А ёй так хацелася сказаць яму словы асобыя, бо са сваімі пачуццямі, са сваёй увагай да людзей, з асаблівай увагай да яго, убачыла, адчула, з якім настроем ён прыйшоў сюды.
  Сказала:
  — У вас стомлены выгляд.
  — Тыдзень назад я пахаваў маці.
  — Вы пахавалі маці? — Галіна Уладзіміраўна ажно ўздрыгнула.
  Максіма расчуліла, што яе так кранула яго гора, але не зразумеў, чаму яна так уразілася. Уздыхнуў:
  — На жаль, нават маці паміраюць.
  Забыўшыся на людзей, Галіна Уладзіміраўна схапіла яго за руку.
  — Я скажу Герасіму Пятровічу!
  Тады ён зразумеў, што яе ўразіла. Яна падумала: няўжо Ігнатовіч не ведае пра яго гора, што выклікаў у такі час на бюро, каб жорстка пакараць? Але Ігнатовіч сапраўды не ведае, бо не ведае Даша — ён не пазваніў ёй, не мог пазваніць... Вярнуўшыся з пахавання, ён нават не пайшоў да Шугачовых.
  І добра, што Ігнатовіч не ведае!
  Таму ён таксама схапіў Галіну Уладзіміраўну за руку, бо яна ўлад паднялася, каб ісці ў кабінет.
  — Не! Не трэба! Не хачу! Не хачу ніякіх паблажак! Можаце вы гэта зразумець?
  Цяпер ка іх глядзелі зацікаўлена, недаўменна, а хто-ніхто з уедлівымі ўхмылачкамі — тыя, да каго дайшло пра пісьмо жонкі галоўнага архітэктара. Ухмыляліся, бо лічылі, што зрабілі сенсацыйнае адкрыццё: во дзе вузялок, у прыёмнай Ігнатовіча, і вельмі можа быць, што той пра гэта не ведае, не здагадваецца.
  Галіна Уладзіміраўна, убачыўшы, як глядзяць на іх, адняла руку, села, апусціла вочы ў спіс запрошаных на бюро. Размашыста напісала сінім алоўкам на чырвонай папцы:
  «Вас будуць біць».
  Максім знарок — каб выручыць яе — засмяяўся і гучна сказаў:
  — За аднаго бітага двух нябітых даюць.
  Аўсянікаў, які ні пра што не здагадваўся і нават не
  ведаў, па якім пытанні выклікаюць галоўнага архітэктара, запярэчыў:
  — Устарэла, брат Карнач, твая прымаўка. Цяпер за бітага ні нарта не даюць. Яго проста выкідваюць,— і раптам зацікавіўся, здзівіўся:— Што? І цябе будуць біць? Завошта?
  — Завошта! — хмыкнуў лысы і худы статыстык.— Архітэктараў трэба штодня лупіць на плошчы. Усенародна. Ды яшчэ пісьменнікаў. Дармаеды.
  Немагчыма было ўцяміць, ці то чалавек так «тонка» жартаваў, ці то быў узлаваны на тых, чыя праца не паддаецца статыстычнаму ўліку.
  Усім няёмка нават зрабілася ад гэтых слоў. Толькі Аўсянікаў не разгубіўся — адплаціў за «дрэнна працуеш».
  — Каго б я лупцаваў, дык гэта статыстаў і планавікоў,— сказаў ён.— Блытанікі. Планавікі дванаццаць разоў на год план мяняюць.
  — Шырока размахваешся,— пагрозліва сказаў статыстык.— Глядзі, ад такога размаху не ўстаіш на нагах.
  Максім падумаў: вось так, архітэктараў і пісьменнікаў трэба лупцаваць на плошчы, а планавікоў... крый божа сказаць пра іх працу крытычнае слова. Крамола. Нават гарачы Аўсянікаў палічыў, што лепш не звязвацца са статыстыкам, які жарт перавёў у залішне сур'ёзную размову.
  У прыёмную ўвайшоў Макаед, расчырванелы, задыханы — паспешліва падняўся на трэці паверх, рэшткі рэдкіх і даўгіх выцвіла-рудых валасоў, якімі Бронік звычайна прыкрываў плешавіну, прыліпні да лысіны, як тады на дачы, пасля лыжнай пагоні за жонкай. У руках — модны чамаданчык, непрактычна-плоскі: у такі не пакладзеш буханку хлеба і пляшку малака.
  Макаед прывітаўся за руку з Галінай Уладзіміраўнай і з Карначом. Астатнім кіўнуў галавой. Павітаўся з сур'ёзным выразам на твары, стрымана, але Максім убачыў, што фізіяномія яго ззяла і ў вачах скакалі вясёлыя чорцікі. І Максім раптам адчуў, што ненавідзіць гэтага чалавека, яго самазадаволеную морду, неахайна прыліплыя валасы, гэтую паказную прэтэнцыёзнасць, за якой хаваецца бяздарнасць. Нянавісць ніколі не ўзнікала нават тады, калі Макаед рабіў яўныя гадасці. Успыхвала часам злосць, а звычайна была да Макаеда насмешлівая зняважлівасць, амаль заўсёды — паблажлівая, рэдка — раздражнёная.
  Ён наогул не помніць, каб некага з тых, з кім працаваў і жыў, трывала ненавідзеў. Не было гэтага. Ён — удачнік, яму шанцавала, яго акружалі добрыя людзі. І ён любіў людзей, хоць і высмейваў іх слабасці.
  Цяпер ён ненавідзіць самага блізкага чалавека — Дашу. Хопіць з яго аднае гэтае нянавісці. На д'ябла яму яшчэ такое цяжкае пачуццё да Макаеда. Гэты тып проста не варты, каб траціць на яго столькі эмацыянальнай энергіі. Але супакоіць сябе ўжо не мог. «Заводзіўся» ўсё больш і больш. Чаму Макаед ззяе? Спадзяецца зваліць яго і сесці ў крэсла галоўнага архітэктара?
  «Зваліць ты мяне можаш. Цяпер гэта лёгка. Але каб ты — на маё месца? Ніколі не будзе гэтага, Браніслаў Адамавіч! У мяне хопіць сілы паваяваць супраць твайго назначэння. Любы хлапчук, учарашні студэнт! Але толькі не ты! Замнога я ўлажыў душы ў гэты горад, каб аддаць яго табе на абрабаванне».
  Макаед паставіў чамаданчык на вольнае крэсла, а сам хадзіў па прыёмнай. Чамаданчык яго абмяркоўвалі:
  — Як акушэрскі...
  — Ды не, акушэрскі не такі. Гэта ва ўзломшчыкаў сейфаў такія. З наборам інструментаў.
  Максім усміхнуўся. Дасціпны чалавек дырэктар дрэваапрацоўчага: узломшчык — гэта трапна.
  Макаед нібы не чуў жартаў ці, можа, сапраўды не чуў. Абдумвае выступленне? Радуецца перамозе? Хвалюецца? Сапраўды праз бетонную маску самазадаволенасці і ўпэўненасці прабіваецца, як тонкая сцяблінка, хваляванне. Нават трывога. Што цябе трывожыць, Браніслаў Адамавіч? Няўжо сумленне?
  Макаед спыніўся каля стала, перад Максімам. Яму хацелася хоць якога-небудзь кантакту. Абы не было адчужанасці і варожасці. Як многія людзі яго складу, ён баяўся варожасці да сябе. Любыя гадасці ён стараўся прыкрыць інтарэсамі справы і захаваць калі не сяброўскія, то хаця б афіцыйныя адносіны. Карначовай варожасці ён асабліва баяўся. Карнача можна звольніць з усіх пасад, але ўсё адно ён застанецца вядомым у рэспубліцы архітэктарам, у якога не адбярэш талент, востры зрок і розум. На бліжэйшым пленуме ці з'ездзе архітэктараў Карнач можа пакінуць ад яго, макаедаўскага, дойлідства адзін пыльны друз. Гэтага Браніслаў Адамавіч заўсёды баяўся. Пакуль што да яго былі літасцівыя. Манаграфіі, праўда, пра творчасць не пісалі і ў дакладах не прысвячалі абзацы і старонкі, звычайна ён трапляў у «памінальніцу» — доўгі пералік тых, хто нешта зрабіў за справаздачны перыяд. Гэта яго задавальняла. А славы яму хапала: імя яго часта мільгала, як аўтара артыкулаў. Дарэчы, у артыкулах сваіх ён амаль ніколі не чапаў у негатыўным плане вядомых, крытыкаваў толькі маладых. І дамагаўся зручнай пазіцыі: яго баяліся і старыя і маладыя. На ліха з такім заядацца! Умее пісаць, мае сувязь з рэдакцыямі.
  Макаед бадай узрадаваўся, калі ўспомніў, з чаго можна пачаць размову.
  — Што з маці? Грып? Я званіў Дашы...
  Максіма перасмыкнула, і ён утуліў галаву ў плечы, быццам чакаючы ўдару. Ад прадчування ўдару зазвінела ў вушах.
  Галіна Уладзіміраўна глядзела на яго спалоханымі вачамі. Ён позіркам супакоіў яе: не бойцеся, я не «сарвуся».
  — Ты мог бы пазнаёміць са сваімі вывадамі... Ці гэта сакрэт?
  — Ніякага сакрэту,— добразычліва запэўніў Макаед,— Але ж ты знік. Зайздрошчу тваёй упэўненасці. Працуе камісія гаркома, а табе — хоць трава не расці. На два тыдні знікаеш. Вольнасць у вас... Каб я знік, у інстытуце аб'явілі б ЧП.
  Галіна Уладзіміраўна закрыла твар далонямі, ёй так хацелася сказаць — усім: «Адчапіцеся вы ад чалавека! Хіба не бачыце, што яму не да спраў сваіх і вашых?»
  — Ты будзеш выступаць першы?
  — Пасля цябе.
  — Пасля мяне?
  — А як жа. Твая справаздача.
  Максіма гайданула, як на палубе. Кроў адліла ад галавы, сціхнуў звон у вушах. Але млявасць у нагах пабольшала. Ён з бояззю падумаў, ці здолее выстаяць доўгую справаздачу.
  Прыйшлі начальнік абласнога ўпраўлення Галубовіч і Рагачоўскі. У Рагачоўскага быў яшчэ больш спалоханы выгляд, чым тады, калі ён прыязджаў у Воўчы Лог. Макаеду ён не працягнуў рукі, відаць, пад час праверкі яны падрапаліся. Максіма развесяліў выгляд Рагачоўскага.
  — Барыс Нахімавіч, не бойцеся. Здымаць будуць мяне — не вас.
  — Вось гэтага я і баюся,— адказаў Рагачоўскі, красамоўна стральнуўшы вачамі ў бок Макаеда.
  — Бачыш, як весела людзі ідуць за «столік»,— сказаў Аўсянікаў дырэктару кандытарскай фабрыкі.— А ты ўсё яшчэ пацееш. Прапахнеш потам — насы адвернуць члены бюро ад цябе.
  — Лёгка табе жартаваць.
  — А мне ўсё лёгка даецца. Акрамя плана.
  
  * * *
  Ігнатовіч нейкую хвіліну праглядаў паперы, даючы тым, хто ўвайшоў, сесці і «перавесці дыханне».
  Пасля агледзеў прысутных — ці ўсе ў зборы? — і сказаў ветліва, неафіцыйна:
  — Просім, Максім Яўцехавіч.
  Гэтая яго ветлівасць чамусьці ўразіла Максіма горш за грубасць. Ён з натугай падняўся і пайшоў да століка, што стаяў насупраць доўгага стала, як бы адпілаваны ад яго,— такой жа канфігурацыі. З «трыбуны» гэтай кпілі, разам з выразам «трапіць на дыван», хадзіў выраз: «трапіць за столік», але Ігнатовіч упарта не мяняў інтэр'еру.
  Убачыўшы, як глядзяць на яго члены бюро — людзі, з якімі ён столькі год разам працаваў, з некаторымі нават гуляў у прэферанс, Максім і сумеўся і ўзбунтаваўся. Дзіўна глядзяць, незвычайна, адчужана. Чаму? Ці, можа, яму гэта толькі здаецца? Не ўсе ж так глядзяць. Кіслюк, напрыклад, глядзіць з дакорам і шкадаваннем. Але зноў жа — чаму? Што ж ім сказаць? Навошта ім той даклад, які ён падрыхтаваў у галаве — з пералікам аб'ектаў, з лічбамі, з праблемамі вырашанымі і нявырашанымі? Калі ён выступае ў гэтым кабінеце апошні раз, то павінен сказаць нешта асаблівае, самае галоўнае. А што галоўнае? Што галоўнае? У той забудове, якая будзе весціся без яго,— Зарэчны раён. Але, ён павінен сказаць пра гэта. Сядзяць жа разумныя людзі. Можа, зерні, якія ён сыпане апошні раз, у некага прарастуць і нехта калі-небудзь падтрымае Шугачова, каму працаваць і працаваць тут.
  Без уступу і агаворак ён пачаў дакладваць пра сваю і шугачоўскую ідэю забудовы Зарэчнага раёна.
  Спачатку слухалі з недаўменнай цікавасцю, пасля члены бюро пачалі шаптацца і пазіраць на Ігнатовіча. Але Герасім Пятровіч не перапыняў, ён ды Кіслюк слухалі сур'ёзна, удумліва.
  Убачанае нежаданне членаў бюро слухаць пра архітэктуру расхвалявала і ўзбунтавала яшчэ больш. Максім сам адчуў, што сапраўды гаворыць залішне прафесійна, акадэмічна, без таго пафасу, з якім раней адстойваў свае ідэі, і нават блытана — не з гэтага трэба было пачынаць. Дарэмна ён паспадзяваўся на сябе, на сваю памяць. Гэта той, магчыма, адзіны выпадак, калі трэба было загадзя ўсё прадумаць і напісаць.
  Забілася сэрца, кроў запульсавала ў скронях, і яшчэ мацней закружылася галава. На нейкі міг доўгі стол і людзі за ім загайдаліся, нахіліліся і слізнулі ўніз.
  Максім змоўк на паўслове.
  Нейкую хвіліну чакалі, што ён прадоўншць.
  — У вас усё? — здзіўлена спытаў другі сакратар Доўжык.
  Пракурор Мацвейчык скептычна хмыкнуў:
  — Небагата.
  — А што яшчэ трэба?
  — Ваш даклад аб рабоце...
  — Навошта?
  — Як навошта! — сказаў Ігнатовіч тонам настаўніка, які папярэджвае непаслухмянага ўпартага вучня.
  Галава кружылася. Максім спалохаўся — не ўпасці б. Асцярожна пайшоў да свайго крэсла, сеў пад абуранымі позіркамі большасці членаў бюро. Адтуль сказаў:
  — У вас ёсць заява маёй жонкі. З яе пачалося. З яе і пачынайце. Пры чым тут архітэктура да маіх адносін з жонкай?
  Ігнатовіч падняўся з крэсла, і яго трохі сутуленая постаць адразу набыла афіцыйную строгасць.
  — Таварыш Карнач! Вырашае гарком, каго, калі і аб чым слухаць. Да вашых адносін у сям'і мы дойдзем, не хвалюйцеся. Між іншым, не вам трэба тлумачыць, што ў жыцці ўсё ўзаемазвязана. Ваша бытавая распушчанасць не магла не адбіцца на рабоце...— але тут жа зразумеў, што «перабраў» з распушчанасцю, ведаючы Карначоў характар, нельга так, і таму змякчыў — параіў амаль добразычліва:
  — Не ўскладняй свайго становішча, Максім Яўцехавіч. Хто дакладвае ад камісіі?
  Падняліся Языкевіч і Макаед.
  Ігнатовіч кіўнуў Макаеду: давайце вы.
  Браніслаў Адамавіч па дарозе да століка дастаў з папкі стус папер, каля століка працёр хусцінкай акуляры, прыгладзіў і без таго прыліплыя да лысіны рэдкія пасмы.
  Ігнатовіча раздражніла такая макаедаўская паважнасць. Гнеўная ўспышка супраць Карнача, якую ён напружаннем волі пагасіў, як бы забрала душэўную энергію, і ён адчуў стомленасць — засядалі чатыры гадзіны ўжо.
  Непакоіла, што злосць на Карнача не праходзіць, нельга вырашаць лёс чалавека ў злосці, у любой сітуацыі ён абавязаны быць аб'ектыўным.
  Герасім Пятровіч думаў пра свае адносіны з гэтым чалавекам і абдумваў пазіцыю, якую ён павінен заняць. Уласна кажучы, пазіцыя гложа быць толькі адна. Нельга не згадзіцца з Лізай, якая ўпікнула яго, што, маўляў, усе «карначоўскія выбрыкі» — ад яго, Ігнатовіча, лібералізму і прымірэнства. Не можа ён чакаць, каб такі ж папрок, як жонка, кінуў яму Сасноўскі ці яшчэ хто-небудзь зверху.
  Ліза патрабавала самай жорсткай кары Карначу. Але ён, Ігнатовіч, не любіў, каб партыйныя справы вырашаліся за хатнім абедзенным сталом, на кухні ці ў спальні. І чым больш жонка націскала на яго, тым больш ён унутрана супраціўляўся і шукаў рашэння іншага, не такога, якое падказвала раз'юшаная за сястру Ліза. Няхай гэта будзе апошняе праяўленне яго ліберальнасці. Карнач гэтага, безумоўна, не ацэніць, але яго, Ігнатовіча, сумленне будзе чыстае. За хамства былога сябра ён меў магчымасць і падставы добра-такі пляснуць яго. Але не робіць гэтага па дабраце сваёй. Вырашыў суровай вымовы, як патрабуе Ліза, не запісваць. Члены бюро згодзяцца, што вызваленне ад пасады — кара немалая, для каго іншага — найвышэйшая. Але ён, Ігнатовіч, ведае, што для такога архітэктара, як Карнач,— гэта не трагедыя. А ўлічваючы яго адносіны з Дашай, для Максіма гэта будзе найлепшае выйсце. Вызвалены ад працы, але з чыстай уліковай карткай, ён, безумоўна, адразу ж паедзе ў Мінск ці іншы горад, можа, нават за межы рэспублікі, бо нішто яго не трымае тут,— і справа будзе закрыта. Назаўсёды. Для яго, Ігнатовіча, будзе закрыта. Ён будзе пазбаўлены Карначовых фартэляў, праблем, якія той бясконца стварае сваёй дзейнасцю, сваім неспакойным характарам. Некалі гэты характар галоўнага архітэктара добра памагаў старшыні выканкома Ігнатовічу. Але цяпер у такім памочніку няма патрэбы. Каб яшчэ ў іх не было сваяцкіх адносін, каб можна было трымаць Карнача ў пэўных рамках субардынацыі... А пры такім становішчы працаваць разам немагчыма.
  Спадзяванні Лізы, што суровая вымова можа вярнуць Дашы мужа,— наіўныя. Бабская логіка. Ды і на ліха яму, Ігнатовічу, гэтыя папоўскія ці судзейскія функцыі браць на сябе — вяртаць «заблуднага мужа ў лона сям'і». Няхай разбіраюцца самі. Каб Даша была разумнейшая, то не спадзявалася б на сястру і на сакратара гаркома. Але, рашэнне яго правільнае. Было. Але, было... Ды гэты ідыёт Карнач сам сабе напсаваў. Такі фартэль на бюро гаркома дараваць нельга. Дараваць такое сваяку — гэта падсячы свой уласны аўтарытэт у членаў бюро, іх веру ў яго, Ігнатовіча, патрабавальнасць, строгасць.
  Зладзіўшы са сваімі пачуццямі, утаймаваўшы іх трохі, Ігнатовіч прыслухаўся да таго, што гаварыў Макаед.
  Учора ўвечары Браніслаў Адамавіч пасварыўся з Нінай. Яна паглядзела тэзісы яго даклада і назвала яго падонкам, У роспачы крыкнула «Як я жыву з такім чалавекам!» Раніцой ён змякчыў даклад. Разважаў, што калі Карнач падае, то яму, Макаеду няма патрэбы штурхаць яго, гэта зробяць іншыя. Але дабраўшыся да запаветнага століка ў якасці абвінаваўцы, адчуўшы ўвагу, з якой пачалі яго слухаць, Макаед ап'янеў ад магчымасці хоць раз у такой зручнай і выгоднай сітуацыі патаптацца па Карначу. Ён вярнуўся да ранейшых тэзісаў і ажно захлынаўся, ажно словы каўтаў, спяшаючыся выказаць усё.
  Калі Ігнатовіч дайшоў да сэнсу яго слоў, Макаед з неўласцівым для яго сарказмам «разносіў» забудову паўднёвага сектара Набярэжнай. Цалкам знішчаны ў вайну, раён гэты доўга не аднаўляўся, былыя кіраўнікі горада чакалі лепшага часу і лепшых архітэктурных рашэнняў. Відаць, людзі тыя мелі рацыю. Але ён, Ігнатовіч, вырашыў паправіць папярэднікаў і сваю дзейнасць старшыні выканкома пачаў з забудовы гэтага раёна. Калі прыйшоў Карнач, шмат што было зроблена, і зроблена, на жаль, не лепшым чынам. Ён, Ігнатовіч, мусіў згадзіцца з гэтым — згадзіцца з Карначом, што трэба мяняць прынцып забудовы «фасада горада», бо адтуль, з нізавога Зарэчнага раёна, гэта сапраўды быў фасад і сілуэт горада. Але забудова апошніх год, па карначоўскай ідзі, у спалучэнні з тым, што будавалася раней, унесла эклектыку, стылёвы разнабой. Калі раней гараджане не звярталі ўвагі — як будуецца, так і добра — то цяпер звярнулі, і ва ўсіх колах даўно ідзе гарачая дыскусія аб забудове Набярэжнай. Школьнікі і тыя спрачаюцца. Яму, Ігнатовічу, варта было вынесці такую архітэктурную праблему на шырокае абмеркаванне. Але ён не рабіў гэтага. Ён згаджаўся з Карначом, які заставаўся аптымістам і даказваў, што, калі праект будзе цалкам здзейснены, выгляд зменіцца і большасць людзей згодзіцца, што гэта ўвогуле добра, хоць ранейшая забудова і будзе трохі псаваць агульны фон. Без яе было б лепш.
  Нехта сказаў: «Урачы хаваюць свае памылкі ў зямлю, архітэктары прыкрываюць плюшчом».
  Ігнатовічу хацелася, каб памылкі яго гаспадарчай маладосці прыкрылі чым-небудзь больш трывалым, чым плюшч. Карнач рабіў гэта ўмела.
  Ігнатовіч ведаў, што некаторыя члены бюро могуць падтрымаць Макаеда, бо выказваліся раней бадай гэтак жа. Але калі Карнач раптам стане аспрэчваць Макаеда, то, безумоўна, нагадае гісторыю забудовы Набярэжнай і назаве... першых аўтараў. І рот яму не заткнеш. Прыйдзецца праглынуць жабу. А гэта вельмі непрыемна.
  Вось чаму Ігнатовічу не спадабалася макаедаўскае таптанне па Набярэжнай. І тон не спадабаўся — захлынанне гэтае, пырсканне слінай. Брыдка зрабілася.
  Падумаў: «Паслуяслівы дурань горш за ворага».
  Параіў пакуль што добразычліва:
  — Спакайней, таварыш Макаед.
  Але і такое папярэджанне збіла Брошка. Дагэтуль ён глядзеў толькі на Ігнатовіча, на членаў бюро — на доўгі стол. А тут упершыню глянуў убок — на Максіма і злавіў яго здзеклівую ўсмешку.
  Адразу ўспомніў Нініна папярэджанне. І ўспомніў яе даўняе прызнанне, што яна — любоўніца Карнача. Тады паверыў, што яна падражніла яго. А тут, калі глянуў на Карнача, на яго пераможную і здзеклівую ўсмешку, падумаў, што ўсё можа быць. І яго апанаваў страх. Ажно абліўся потам. Дрыжачымі рукамі дастаў хусцінку, выцер лоб. Цяжка ўздыхнуў. Страх паступова адступіў, даўшы выйсце нянавісці і злосці.
  Далей, на думку Ігнатовіча, Макаед гаварыў пра драбязу — крытыкаваў Карнача за пасадку жылога дома чыгуначнікаў на прывакзальнай плошчы. За гэта некалі, праўда, кіўнулі галоўнаму архітэктару, што ён так лёгка здаўся чыгуначнікам. Але ўдалося ўпраўленню чыгункі выбіць такое месца — іх шчасце. Не браў жа за гэта Карнач хабар. Усе арганізацыі стараюцца атрымаць пляцоўкі ў цэнтры горада. Такіх абвінавачванняў можна набраць дзесяткі: чаму той ці іншы аб'ект пасаджаны тут, а не там? Другі архітэктар, напэўна, вырашаў бы інакш. Але паспрабуй даказаць, які варыянт лепшы. У архітэктуры, як у кіно. Канчатковы прысуд можна выносіць толькі на ўсёй карціне, а не па фрагментах, знятых у розны час, часта з адваротнай паслядоўнасцю — ад фінала назад да завязкі.
  А Максіма якраз больш абурыў нечаканы Макаедаў наскок на гэты дом. Непараўнальна больш абгрунтаваны і сур'ёзны «разнос» Набярэжнай ён слухаў спакойна, нават не вельмі ўважліва, са скептычнай усмешкай. Гэта было не новае. Чуў ён крытыку Набярэжнай і ад Макаеда і ад многіх іншых, спецыялістаў і дылетантаў.
  А дом... тут Макаед дзейнічаў па прынцыпу: паспрабуй, маўляў, даказаць, што гэта добра, паспрабуй адмыць цень. А цень кідаўся не толькі на яго, галоўнага архітэктара. Гэта дом Шугачова, адзін з лепшых яго праектаў. Максім сапраўды пастараўся, каб хоць адзін дом архітэктара, які ўсё жыццё праектуе жыллё, быў збудаваны ў цэнтры горада, на відным месцы. Каб ад яго дома «танцавалі» ўсе, хто будзе арганізоўваць плошчу. Магчыма, некалі нехта будзе лаяць Шугачова. Але ўсе вымушаны будуць лічыцца з яго архітэктурным рашэннем.
  Макаед разумеў гэта. І яго зайздрасць і зласлівасць не толькі супраць Карнача, але і супраць сябра яго вылілася нават тут, ка бюро гаркома.
  Далей Макаед крытыкаваў «прывязку» музычнай школы на цэнтральнай вуліцы, на шумным Скрыжаванні. Некалі Карнач сам прызнаў гэтую сваю памылку. Прызнанне дайшло да Макаеда і стала цяпер яго козырам. Але і тут ён біў міма. Музшкола — той выпадак, нярэдкі ў практыцы, калі сам архітэктар-планіроўшчык прызнае прывязку няўдалай, а гараджане, у тым ліку Ігнатовіч, Кіслюк, ніякай памылкі не бачаць, наадварот, лічаць, што школа «села» на сваё зручнае месца і ў архітэктурным плане ўпрыгожвае пэўны ўчастак галоўнай магістралі.
  Школа членам бюро здалася праблемай, на якую не Еарта траціць дарагі час. Чыста прафесійная спрэчка архітэктараў. Няхай разбіраюцца ў сябе. На гадзіннік зірнулі Доўжык, за ім — Мацвейчык.
  Але Макаед так захапіўся, што да яго нішто не даходзіла, ніякія сігналы. Такаваў, як цецярук.
  — Аб пазіцыі, якую заняў галоўны архітэктар у будаўніцтве хімічнага камбіната ў нашым горадзе...
  Гэта — не школа. Гэта справа нумар адзін, не толькі і не столькі архітэктурная... У камбінаце былі зацікаўлены ўсе, нават пракурор, хоць і ведаў, што такая будоўля падкіне яму працы. Але дзе праца — там слава. Натуральна, што пазіцыя галоўнага архітэктара ў будаўніцтве камбіната адразу прагнала стомленае пазяханне. Усе павярнулі галовы да Макаеда. І ўсе здзівіліся, што Ігнатовіч перапыніў прамоўцу ў такі момант і перапыніў раздражнёна:
  — Таварыш Макаед, вы гаворыце ўжо дваццаць дзве мінуты...
  Макаед, які толькі што быў на небе, спалохаўся, збянтэжыўся, пачырванеў, пачаў хутка перагортваць невялікія лісткі сваіх нататак.
  — Тры мінуты... тры мінуты... Герасім Пятровіч...
  Максім таксама здзівіўся. Макаедаў «спеў» пра школу ён амаль не слухаў. У яго зноў закружылася галава, і ён думаў, што яму варта падняцца і выйсці, пакуль не позна. Безумоўна, гэта будзе прынята як дэманстрацыя і абурыць членаў бюро. Але цяпер ужо ўсё адно, што пра яго падумаюць. Нарэшце, ён можа прызнацца Галіне Уладзіміраўне (толькі ёй можна сказаць), што яму блага, і яна, безумоўна, тут жа растлумачыць Ігнатовічу.
  Але абяцанне прамоўцы расказаць пра яго пазіцыю ў справе «прывязкі» камбіната спыніла і неяк нават дзіўна ўзбадзёрыла. Ён ледзь стрымаўся, каб не гукнуць: «Давай, Бронік! Высыпай увесь мяшок!»
  Ігнатовічава нечаканая раздражнёнасць была загадкай і для Максіма. У яго нават радасна ёкнула сэрца: падтрымана яго ідэя! Але чаму ў такім разе Ігнатовічу злаваць? Абы далі камбінат гораду! А каб не далі — Ігнатовіч не скіраваў бы злосць на Макаеда.
  Загадка была простая, таму і разгадвалася цяжка.
  Калі адкінуць сямейныя напластаванні, камбінат быў па сутнасці адзіным сур'ёзным рабочым канфліктам паміж імі. Ігнатовіч халадзеў ад думкі, што Карначова ўпартасць, яго пратэст супраць пабудовы камбіната ў Белым Беразе можа прывесці да таго, што такі выгодны ва ўсіх адносінах аб'ект перададуць іншаму гораду, хімікі пагражалі зрабіць гэта.
  Але разам з тым, ён, Ігнатовіч, не архітэктар, разумеў Карначоў клопат пра будучыню горада і ў душы паважаў яго прынцыповасць. Ні перад чым чалавек не спыніўся: ні перад пагрозай звальнення, вымовы, разрыву сяброўства. Больш таго, Ігнатовіч употай зайздросціў такой смеласці і прынцыповасці. Сам ён спыняецца і адступае часцей, апраўдваючы гэта тым, што на яго месцы інакш нельга.
  На нарадзе ў абкоме ён ухваліў Макаедава выступленне. Калі вырашалася «быць ці не быць камбінату» — там дарэчы і пэўная дыпламатыя. Але калі вырашаецца лёс чалавека, твайго таварыша, і ты хочаш вываліць на яго галаву нават тое, што ў іншай акалічнасці было б яго заслугай, то — прабач, таварыш Макаед. Калі ты сапраўды не разумееш Карначовай трывогі і клопату, то ты нікчэмнасць як архітэктар. Калі ж ты робіш гэта, выбраўшы момант, каб дагадзіць начальству, высунуць сябе і ўтапіць калегу, то ты падлюга, і ўступаць з табой у саюз яму, Ігнатовічу, не выпадае. Ва ўсякім разе, зусім непажадана, каб Карнач ці нехта яшчэ мог падумаць, што выступаеш ты па нашай рэжысуры.
  Разгублены прамоўца, які пачаў гаварыць акрылёна, узнёсла, не ведаў, чым скончыць, і ўпалым, раптам ахрыплым голасам цягнуў нешта невыразнае і занадта агульнае аб тых задачах, што пастаўлены перад архітэктурай у «гістарычны час, калі народ стварае матэрыяльна-тэхнічную базу камунізмам Макаеду хацелася зрабіць апошні акорд на высокай ноце. Ён страціў адчуванне трыбуны і аўдыторыі, разуменне, дзе пафас да месца, а дзе недарэчы.
  У кабінет увайшла Галіна Уладзіміраўна. Падышла да Ігнатовіча і паклала перад ім ліст паперы. Павярнуўшыся, каб выйсці, зірнула на Максіма і збянтэжылася, вінавата апусціла вочы. Максім зразумеў: не вытрымала-такі, паведаміла пра смерць маці. І ў яго вырвалася нешта падобнае і на ўздых і на стогн: «Ах, навошта ты гэта зрабіла. Менш за ўсё мне трэба спачуванне». Гэты яго ўздых спалохаў Галіну Уладзіміраўну; звычайна роўная ва ўсіх рухах, яна амаль выбегла з кабінета.
  Максім не памыліўся. Ігнатовіч прачытаў напісанае дробным жаночым почыркам: «Герасім Пятровіч, Карнач толькі што вярнуўся з пахавання маці».
  Зрабіла яна гэта не толькі таму, што хацела памагчы Максіму, але, разважыўшы, палічыла, што гэта яе службовы абавязак. Герасім Пятровіч, напэўна, будзе незадаволены, калі сказаць яму, што яна ведала, але змаўчала. Было ўжо аднойчы так. Слухалі на бюро тэатр, крытыкавалі галоўнага рэжысёра, у якога жонка была ў бальніцы ў цяжкім стане. Герасім Пятровіч пасля вельмі разгневаўся і на аддзел прапаганды — абавязаны былі ведаць! — і на дырэктара тэатра, сакратара партбюро — чаму не сказалі?
  Каб Галіна Уладзіміраўна ведала, якія пачуцці выкліча ў Ігнатовіча гэтае яе паведамленне, яна, безумоўна, змаўчала б.
  А пачуцці былі вельмі складаныя. Спачатку — разгубленасць. Што ў такім разе трэба рабіць? Спыніць абмеркаванне? Выказаць спачуванне? Магчыма, Карнач чакае гэтага. Паглядзеў на яго. Позіркі іх сустрэліся. Але ў Карначовых вачах не было просьбы аб спагадзе. Толькі стомленасць і сум. Можна было падумаць, што размова ідзе не пра яго і ён нецярпліва чакае, калі ўсё скончыцца.
  Ігнатовіч раптам узлаваўся. Вось як атрымоўваецца: жонцы не сказаў пра смерць маці, бо каб Даша ведала, то ведала б і Ліза, ведаў бы і ён, а гэтай жанчыне сказаў. Што яна яму? Як далёка зайшлі іх адносіны? Узбунтавала і абурыла думка, што ён, чалавек, які, здаецца, ведае ўсё, што робіцца ў горадзе, ва ўсякім разе, абавязаны ведаць, выходзіць, не ведае, што адбываецца ў яго прыёмнай.
  Злосць перакінулася на Галіну Уладзіміраўну. Непрыемна, але, відаць, з гэтай работніцай прыйдзецца развітацца. Скажы, калі ласка, як змовіліся расчуліць яго смерцю маці. У які час. Пашкадуйце, маўляў, пяцідзесяцігадовага сірату! Пасаромеліся б. Але тут жа засаромеўся сам, бо зноў падумаў, што злосць — дрэнны дарадца, што пасада яго абавязвае захоўваць найвышэйшую аб'ектыўнасць у любой акалічнасці. Вытрымка — якасць, якая высока цэніцца.
  І Герасім Пятровіч затаптаў злосць, як недакурак, з якога можа пачацца пажар. Але ад гэтага не зрабілася лягчэй. Раптам і ён, накшталт таго Карнача, адчуў стомленасць і жаданне хутчэй скончыць з гэтым непрыемным пытаннем. А яшчэ з'явілася дзіўнае адчуванне: як бы ён нешта страціў ці ў нечым атрымаў паражэнне ад невядомага праціўніка. Сапраўды дзіўна. Што ён мог страціць? Хто і ў чым мог яго перамагчы?
  Языкевіч гаварыў мякка і з павагай. У архітэктуру не лез — няхай разбіраюцца спецыялісты. Галоўны яго крытычны тэзіс — запушчанасць справаводства, несвоечасовы разгляд заяў і скаргаў працоўных. За гэта тут, на бюро, перапала ўлад не аднаму кіраўніку. Языкевіч націскаў на тое, што Герасім Пятровіч трымаў пад пільнай увагай і за што караў бязлітасна.
  Не згадзіцца з Языкевічам Максім не мог. Паперы сапраўды залежваюцца, і парадку ў іх мала. Заняты творчасцю, ён ніколі не любіў такой бюракратычнай працы, спадзяваўся на Рагачоўскага, Але ў намесніка таксама не той характар, каб корпацца ў паперах. Было крыўдна, што работнікі ўпраўлення, увогуле добрыя людзі, не гультаі, падвялі ў такой дробязі. Дарэчы, не першы раз. Максім зразумеў адразу, чаму Языкевіч націскае ка заявы і скаргі. Год назад іх правярала камісія народнага кантролю і запісала гэта ж; Языкевіч адразу ўбачыў, за што можна зачапіцца.
  У агульным маштабе сваёй працы Максім мог лічыць «папяровыя справы» другараднымі і перадаручаць іх намеснікам і памочнікам. Аднак ён добра разумеў, што тут, на бюро, скаргам і заявам могуць надаць большае значэнне, чым усім архітэктурным пралікам. Прывязка дома ці музычнай школы, нават забудова Набярэжнай, а тым больш «пасадка» «хіміка» — рэчы складаныя і спрэчныя. Не кожны член бюро адважыцца залазіць у такі «архітэктурны гушчар». А заявы і скаргі працоўных... гэта так зразумела і так актуальна — пасля вядомай пастановы ЦК.
  Пытанняў па архітэктуры не было. Але Мацвейчыку нецярпелася, і ён, апярэдзіўшы падзеі, спытаў:
  — Скажыце, Карнач, шчыра: хто тая жанчына, з-за якой вы збіраецеся пакінуць жонку?
  Ігнатовіч сцяўся, як бы чакаючы ўдару, і ў душы вылаяў пракурора. Са страхам глядзеў, як пасля хвіліннай развагі падняўся Максім. Але, ён можа сказаць, хто гэтая жанчына. Такі тып, як Карнач, на ўсё пойдзе. Калі не пасаромеўся прывесці яе ў тэатр... Што будзе, калі ён назаве Галіну Уладзіміраўну? Што падумаюць члены бюро?
  — Няўжо вы не ведаеце? — як бы здзіўлена і наіўна спытаў Максім.
  — На жаль, не ведаю.
  — Дрэнна працуюць вашы дэтэктывы.
  Нехта засмяяўся. Астатнія апусцілі галовы, хаваючы ўсмешкі.
  Ігнатовіч пахваліў Карнача: «Малайчына».
  Гнеўна пачырванелы Мацвейчык сурова сказаў:
  — Я на вашым месцы, Карнач, не жартаваў бы. Не забывайцеся, дзе вы знаходзіцеся.
  — Я не забываюся.
  — Хто жадае выступіць?
  Ігнатовіч баяўся, што яшчэ адно-два вось такія недарэчныя пытанні, і парадак абмеркавання, дэталёва прадуманы ім, будзе паламаны зусім. Праўда, Карнач сам патрабаваў, каб пачыналі з заявы яго жонкі. Але як зрабіць тыя вывады, якія трэба зрабіць, на аснове адной такой заявы? Не, шырокае абмеркаванне неабходна. З асуджэннем усіх Карначовых памылак.
  — Хто жадае выступіць?
  — Я маю пытанне,— сказаў Доўжык.— Скажыце, Карнач, чаму вы не выканалі пастанову абкома і аблвыканкома аб парушэннях у садова-агародных кааператывах?
  — Што вы маеце на ўвазе?
  Максім больш не паднімаўся, у яго зноў кружылася галава, і зрабілася горача, ажно цяжка было дыхаць.
  — Я маю на ўвазе вашу дачу.
  — Магу спаліць яе. Дазваляеце?
  Мацвейчык ажно падскочыў.
  — Як ён паводзіць сябе! Герасім Пятровіч, я не магу не выказаць свайго абурэння! Галоўны архітэктар проста расперазаўся...
  — Я ўжо не галоўны.
  
  * * *
  Не, чакаць ён не мог. Наступіла поўная абыякавасць да ўсяго і ўсіх, нават да Галіны Уладзіміраўны. Думаў пра адно: каб хапіла сілы давесці машыну да Воўчага Логу, каб не засесці на ўчастку ад шашы да пасёлка, колы ўжо раніцой рэзалі падталы слаба спрасаваны снег зімовай дарогі. Здавалася, што цяпер ёсць адзін ратунак ад усіх няшчасцяў — хутчэй легчы.
  Нешта сказаў Рагачоўскі — Максім не чуў. Прайшоў цераз прыёмную, не глянуўшы на Галіну Уладзіміраўну. Выйшаў у калідор. Яна кінулася следам. Хацела паклікаць. Паглядзела на яго сутуленую спіну. Не паклікала. Стрымаў Макаед, які прайшоў міма, яўна даганяючы Максіма Яўцехавіча.
  Макаеда сакратарова рашэнне не здзівіла — спалохала. Чаму Ігнатовіч перапыніў асуджэнне Карнача? Яму яўна не спадабалася выступленне Казлоўскага. А факт цікавы. Чортава Ніна не расказала яму. Зноў успомнілася яе злоснае прызнанне. Закалола ў сэрца. Больш ён не адчуваў сябе пераможцам, як адчуваў да пасяджэння, асабліва калі ўбачыў у прыёмнай невясёлага Карнача і яшчэ ў большай меры, калі той так скамячыў даклад. Тады ён зларадна падумаў: «Усё. Спёкся». Цяпер так не думалася. Карнача папрасілі пачакаць, а ён пайшоў. Чаму? Не ўпершыню ён так паводзіць сябе. Гэты пястун лёсу можа ўсё дазволіць сабе, і з яго — што з гуся вада.
  Каля гардэроба Максім павольна і старанна абкручваў шыю шалікам.
  Браніслаў Адамавіч лісліва зазірнуў яму ў вечы.
  — Думаю, ты не скажаш, што я выступіў неаб'ектыўна.
  Максім застыў з паднятымі рукамі і хвіліну няўцямна глядзеў на Макаеда, нібы ўспамінаючы, што за тып з'явіўся перад ім.
  — Слухай, табе па мордзе хто-небудзь даваў?
  Макаед спалохана адхіснуўся.
  Гардэробшчыца і чалавек, што чакаў чаргі, каб распрануцца, засмяяліся.
  
  XXIV.
  У перадвясновыя дні на горад навалілася эпідэмія грыпу. У Шугачовых захварэла адразу трое: сам гаспадар, Толя і Кацька.
  Поля, якая ўжо многа гадоў не ведала, што такое адпачынак, аднак ніколі не скардзілася, цяпер са страхам думала, што доўга не вытрымае такой нагрузкі — на нагах дзень і ноч, і вельмі баялася, каб хвароба не зваліла яе самую.
  Стары Шугачоў, добры, лагодны, калі быў здаровы, рабіўся нервовы, злосны, прыдзірлівы, калі захворваў. Часам нават крыўдзіў яе, Полю, пасля сам пакутаваў, прасіў прабачэння. Прагны да працы, ён не мог пагадзіцца, што нейкі недарэчны грып на многа дзён адарве ад майстэрні, ад праекта. Лічыў, што і без таго ў яго крадуць рабочыя дні — сям'я, бязладная арганізацыя, пасяджэнні. А працы многа. І адчуванне такое, што толькі што пачынаеш яе, гэтую працу. А ўсё, што рабіў дагэтуль, было вучобай, падрыхтоўкай, уступам. Усё лепшае, што можаш зрабіць,— наперадзе. Шкадаваў кожны дзень, патрачаны без працы, раней ніколі так не шкадаваў. Толькі маладыя могуць пускаць на вецер не дні, а месяцы і гады. Яго падначаленыя маладыя праектанты нецярпліва чакаюць канца рабочага дня. А яму восем гадзін здаюцца кароткімі, каб не строгае Поліна патрабаванне, ён заставаўся б у майстэрні да позняй ночы.
  Захварэўшы, ён кожны раз лаяў медыцыну і дактароў. Як ніхто, ні ў адной галіне навукі і практыкі, медыкі распісваюць свае дасягненні, а банальны грып не могуць адужаць. Смешна. Маўчалі б ужо.
  Гэты раз Віктар быў асабліва не ў гуморы. Але ўжо не столькі з-за хваробы, колькі па іншай прычыне. Поля адразу зразумела, як толькі Віктар з тэмпературай вярнуўся дадому, што акрамя хваробы ёсць нешта іншае, што яго так расхвалявала. Ажно счарнеў чалавек. І ўсё яго злуе — любое пытанне, любая парада, любыя лекі, якія яна прапаноўвае.
  Раней у тым, як ён лаяў дактароў, была інтанацыя гэткага паблажлівага, троху гумарыстычнага, бяскрыўднага бурчання. Так ён часам бурчаў на дзяцей. Цяпер ва ўсім была злосць. Нават капрызы хворай Кацькі, любіміцы яго, раздражнялі. На яе, Поліва, пытанне, што здарылася, адказаў узлавана:
  — Ты не бачыш, што здарылася! Грып! Каб ён спрах разам з дактарамі, на якіх ты молішся!
  Але калі яна паставіла яму гарчычнікі і сядзела побач, Віктар, лежачы на жываце, пакрактаўшы і пабурчаўшы, што, маўляў, толькі сродкі, вынайдзеныя тысячу гадоў назад, і выручаюць эскулапаў з дысертацыямі, раптам пачаў некага лаяць:
  — Ідыёт! Даскакаўся, дурань! Колькі разоў я папярэджваў яго! Даскачашся! Цацкацца з табой не будуць...
  Поля ўстрывожылася: ці не Ігар нешта натварыў?
  — Пра каго ты?
  — Пра каго! Любімчыка вашага! — Віктар прыўзняў галаву, стукнуў кулакамі ў падушку, каб узбіць як вышэй. Убачыўшы, што Поля не разумее, крыкнуў:— Пра цыгана!— і ўткнуўся носам у падушку, засоп.— Авантурыст няшчасны!
  — Віця!
  — Што Віця? Што Віця? У Віці душа баліць за горад. А цыгану твайму на ўсё напляваць! Дэмагог! Кляўся ў любові да горада! Што яму да нашага горада? Прыехаў, бо думаў, што яму дадуць зрабіць пераварот у архітэктуры. А яму далі каленкам пад зад. Не лезь, куды не трэба! Знайшоўся геній! Такіх геніяў...
  — Ты несправядлівы, Віця.
  — А як жа! Я заўсёды несправядлівы, бо я — ішак. Я працую.
  — А Максім не працаваў?
  Віктар падскочыў на матрацы, скінуў з сябе коўдру.
  — А каму цяпер карысць ад яго працы? Сядзе якінебудзь Макаед у яго крэсла, і ўсе Карначовы ідэі, усе яго пачынанні разляцяцца, як пух па ветры. Пра гэта ён думаў? Нічарта ён не думаў! Каб думаў, то не лез бы на ражон, не заядаўся б...
  — Мае ж ён прынцыпы.
  — А калі маеш прынцыпы, то ўмей іх абараніць разумна.
  — Кожны абараняе свае прынцыпы па-свойму. І прытым, я думаю, што знялі яго не за працу. За Дашу.
  — Многа ты разумееш! Яго пражэкты сталі Ігнатовічу ўпоперак горла.
  Але задумаўся. Памаўчаў. Пасоп.
  — Во калі яны пачалі пякчы, твае гарчычнікі. Як міна запаволенага дзеяння. А Даша... Няўжо можна так заесціся з уласнай жонкай, каб не памірыцца? Мы маглі б з табой так пасварыцца?
  Поля ўпотай пасміхалася:
  — Мы не маглі б. А іншыя могуць. Сам ты даводзіў некалі: псіхалагічная несумяшчальнасць...
  Віктар хмыкнуў:
  — Дваццаць гадоў сумяшчаліся, а цяпер не сумяшчаюцца? Чалавек сарваўся з тармазоў — вось што. Ведаеш, ёсць такія маральныя тармазы. Часам чалавек зрываецца з іх. А жыццё — крутая гара... Можаш уявіць, як і куды паляціш без тармазоў. Цыган твой лічыў, што яму ўсё можна. А — дурань. Такая пазіцыя была! Сваяк і сябра...
  — Віця! — здзівілася і абурылася Поля.— Пра што ты кажаш? Добра, што дзеці не чуюць. Няўжо з-за таго, каб мець такога сваяка, трэба ўсё трываць? Ведаючы Дашу, я не асуджаю Максіма.
  Віктару зрабілася трохі няёмка, бо гаварыў ён так не ад пераконання — ад раздражнёнасці, злосці і на хваробу і на Максіма. Яму зусім не хацелася, каб сябра ішоў на ўніжэнне, на разбурэнне свайго адметнага характару. Але ўжо з партыйнай канферэнцыі лічыў, што Максім паводзіць сябе неразумна, непрактычна, па-хлапчукоўеку. Чорт з табой, разводзься, жаніся, але рабі так, каб твае выкрутасы не адбіваліся на справе!
  Шугачоў быў у тым узросце і ў той апантанасці, калі лічаць, што ўсё драбяза, забаўкі маладосці, акрамя справы, якой служыш. Ды яшчэ хіба дзяцей — з іх трэба выгадаваць дастойную змену.
  — Здымай. Спякуць.
  — Пацярпі.
  — Усё жыццё цярплю.
  — Гаротнічак мой.
  Пакрыўдзіўся.
  — У чалавека трыццаць восем тэмпература, а табе — смешачкі.
  — Віця! Я часам плачу, але адна, калі ніхто не бачыць. Пры дзецях я заўсёды смяюся.
  — Мама! Мама! — плаксіва клікала з Верынага пакоя Кацька, яна захварэла першая, і яе «ізалявалі».
  Поля кінулася да дачкі.
  — Ну, спякуць жа,— заенчыў, як малы, услед ёй Віктар.
  Супакоіўшы малую, Поля вярнулася і пачала здымаць з яго спіны гарчычнікі.
  — Калі вы з ёй хварэеце — я з ног збіваюся. Вунь Толя... сапраўдны мужчына!
  — Я гаршка не буду прасіць, не бойся.
  — Што ты раскапрызнічаўся сёння?
  — З вамі завыць хочацца.
  — Можна падумаць, што гэта я зволіла Максіма.
  Змаўчаў. А калі яна ставіла яму гарчычнікі на грудзі, своеасабліва папрасіў прабачэння: узяў яе руку, якая пахла хлебам (хлебам яе рукі чамусьці пахлі заўсёды), і прыціснуў далоню да сваіх гарачых вуснаў.
  О, як яна разумела ўсе яго душэўныя рухі! Другой рукой прыгладзіла мужавы парадзелыя валасы. Сказала ласкава:
  — Як цябе паліць. Не раскрывайся. Я прыгатую малінавы чай.
  Ён затрымаў яе руку.
  — Пачакай. Пасядзі са мной.
  Поля села. І ён зноў вярнуўся да Максімавай тэмы, але ўжо спакайней:
  — Не, знялі яго не за Дашу, хоць Ігнатовіч, канешне, мог узлавацца. Але за жонку яго не маглі зняць. Хімічны камбінат — во што яму не маглі дараваць, пісьмо яго ў Саўмін,— і раптам зноў расхваляваўся: — На чорта яму трэба было заварваць яшчэ і гэтую кашу? У такі час, калі хапала сваіх праблем. Дзе той Белы Бераг! Да яго горад не дарасце за пяцьдзесят гадоў... А што табе думаць, што будзе праз сорак — шэсцьдзесят гадоў! Нічога ты не адгадаеш. Дваццаць гадоў назад хто-небудзь з нас бачыў тое, што зроблена цяпер? Не ведаю я такога генія! Мы робімся разумныя заднім чыслом.
  — Віця, ты ж горача падтрымліваў яго,— асцярожна напомніла Поля.
  — Бо і мяне ён заваражыў, як усіх вас. Канешне, правільна, высакародна, прыгожа — такі клопат пра будучыню! Хто з нас цяпер не думае пра захаванне зялёнай зоны, натуры! За кожнае дрэўца ваюем. А тут пад пагрозай такі масіў. Мара кожнага архітэктара! Але трэба зразумець Ігнатовіча і ўсіх, хто думае пра сённяшні дзень. Правядзі апытанне: за што выкажуцца гараджане — за дубраву ці за кватэры? Залішне паінтэлігенцку мы падыходзім да некаторых з'яў. Максіму гэта асабліва ўласціва. Ён жа па натуры пан, барчук.
  — Мне здаецца, Максім ва ўсім натуральны.
  — Натуральны! Можна быць і панам натуральным,— Віктар зноў капрызна пакрыўдзіўся.— Канешне, ва мне ты бачыш кожную парушыну? А ён — ідэал.
  — Ці не раўнуеш ты? — засмяялася Поля.
  Веры, калі тая вярнулася і прыйшла ў спальню праведаць хворага бацьку, ён паведаміў як бы зларадасна (гэта непрыемна ўразіла Полю), што «Карначу далі па шыі».
  Вера ўсхвалявалася траха не да слёз. Упікнула бацьку:
  — Ты, тата, гаворыш пра гэта так, быццам радуешся. Табе ж будзе горш.
  Узлаваўся:
  — Чаму гэта мне будзе горш? Я да Карнача праектаваў жыллё. І пры ім не перайшоў на манументы. Я — рабочы конь з гучнай мянушкай — архітэктар. Цягнуў і буду цягнуць свой воз. Як дужаю, як умею.
  Нядобра, што хворы чалавек расхваляваўся, але Полю яго хваляванне супакоіла: значыцца, злараднасць змрокавая, а ў сапраўднасці ён моцна перажывае. Растлумачыла гэта Веры, каб супакоіць дачку, бо ёй такія эмоцыі могуць нашкодзіць.
  Сыну гэтую навіну Віктар паведаміў у той жа вечар зусім інакш — з болем і смуткам:
  — Бюро гаркома зняло Карнача.
  — Ну, і што?
  — Як — што?
  — Думаю, нікому ад гэтага ні холадна ні горача. Падумаеш — пасада! Што ён вырашаў?
  Віктар раскрычаўся так, што Поля спалохана прыбегла з кухні.
  — Многа ты разумееш, блазнюк! Лепіце з Макаедам бяздарныя скрынкі...
  — Скрынкі мы аднолькавыя лепім. Ты — не лепшыя.
  Поля паспяшалася выставіць сына са спальні.
  — Як не сорамна! Бацька хворы, расстроены, а табе трэба абавязкова насуперак... Каб не смеў мне больш упікаць яго за праекты! Чуеш? Распусціўся. Папрацуй ты столькі...
  — Мама, ты глушыш творчую дыскусію.
  — Не трэба мне такая дыскусія. Мне трэба мір у доме.
  На другі дзень, калі тэмпература спала, а з ёю і ўзбуджанасць, наступіла грыпозная слабасць. Віктар не лаяў ужо больш Максіма, а як бы скардзіўся ка яго, кожны раз, калі Поля ўваходзіла ў спальню. Увагу яго адцягвала толькі Кацька: яе моцна распаліла, яна папрасілася да таткі, і Віктар чытаў ёй казкі.
  «Разышоўся» толькі аднойчы, калі Поля сказала, што, напэўна, Максім менш перажывае сваё звальненне, чым ён.
  — А што яму перажываць! Вольны казак. Hi жонкі, ні дзяцей. Сабраў чамадан і паехаў шукаць шчасця ў Мінск, Маскву, у Кіеў. Куды хочаш. Краіна вялікая. І архітэктара такога ўсюды прымуць з добрай душой. Я так не сарвуся. Я прывязаны не толькі працай... Як ты не разумееш... Я меў сябра, дарадца. Я спадзяваўся, што з яго прабіўной сілай мы што-небудзь ды прабілі б для Зарэчнага раёна. А што я зраблю без яго? Ты ведаеш, які я прабівала.
  — А можа, ён не паедзе нікуды...— паспрабавала суцешыць мужа Поля. Віктар саркастычна хмыкнуў з яе наіўнасці.
  — А што — пойдзе да Макаеда ў майстэрню?
  На трэці дзень Віктар маўчаў. Яго панурая задумлівасць не падабалася Полі, гэта не толькі прыкмета фізічнай нядужасці, але і душэўнай дэпрэсіі, чаго Поля заўсёды баялася больш, чым грыпу, ангіны ці нават запалення лёгкіх. Калі яна карміла свой «лазарэт» абедам, Віктар сказаў:
  — Слухай, чаму ён не з'яўляецца?
  — Максім?
  — Максім. Можа, таксама захварэў? Заваліцца ў Воўчым Дозе адзін...
  Можа...
  Полю хораша крануў, расчуліў і... узрадаваў такі мужаў клопат пра сябра. І — дзіўна — сама яна праз колькі хвілін, мыючы талеркі, ужо бадай з такой жа трывогай, як пра дзяцей і пра Віктара, думала пра Максіма. Уяўляла, як можа адчуваць сябе хворы чалавек у адзіноце, у лесе, ды яшчэ пасля такой непрыемнасці.
  Не вытрымала: пайшла нібыта ў магазін, з аўтамата пазваніла Дашы, спытала, дзе Максім.
  У адказ пачула халодны варожы голас:
  — Гэта я павінна ў вас запытаць, дзе ён сабакам сена косіць. Вы яго апякуеце, вы яго настаўляеце. Добранькія... Ды на што добрае вы наставілі? Сям'ю разбілі...
  Ашаломленая Поля павесіла трубку. Выходзіць, Даша абвінавачвае за сваю бяду іх, Шугачовых. Гэта так пакрыўдзіла, уразіла і расхвалявала, што Поля не адважылася нават пакуль што расказаць Віктару пра Дашын папрок.
  Толькі сказала:
  — Яго такі няма ў горадзе. Я званіла Дашы.
  А яшчэ праз паўгадзіны папрасіла:
  — Я паеду, Віця. Мне ўсё адно трэба ўзяць малінавае варэнне паіць вас. Я там, у пограбе, схавала баначку.
  
  * * *
  Пасля ён не мог размежаваць, дзе быў сон, а дзе трызненне. Помніў толькі, што рэальныя падзеі і галасы жывых людзей перамешваліся з неверагоднымі, фантастычнымі карцінамі, размовамі з тымі, каго ўжо няма. Успомніў пахаванне маці амаль з той жа дакладнасцю, як і было ў сапраўднасці. І тут жа маці прыходзіла жывая. І ён, помнячы, што яна памерла, не здзіўляўся, яму было добра з ёй, але часам рабілася трывожна і страшна — не за сябе, за яе. Разоў колькі здавалася, што праз яго маці некуды позніцца. Але тут жа думаў: куды яна можа спазніцца, калі яна памерла? Ды і пры жыцці яна ніколі нікуды не пазнілася. Пра гэта ён таксама, між іншым, думаў у сваім сне-трызненні. Часам падзеі ўзнаўляліся з той жа лагічнасцю, з якой яны адзываліся. Нават з большай. На бюро гаркома яму варта было выступіць з шырокай прамовай. Гэтае пераконанне жыло недзе ў падсвядомасці. І ён выступаў. Гаварыў доўга і вельмі паслядоўна, з незвычайным красамоўствам. Абараняў горад. Свой горад. Той, пра які марылі разам з Шугачовым. І паказваў праект, якога не існавала. І сам захапляўся казачнай незвычайнасцю горада, які нібыта ўжо будуецца. Здзіўляўся, што Ігнатовіч не разумее гэтай прыгажосці і незвычайнасці. Ігнатовіч так добра разумеў яго заўсёды. Што здарылася? Ах, Даша. Усё зблытала Даша. І адразу пасля такога лагічнага ўзнаўлення падзей дня — кашмар. Ён кідаецца ў раку, каб уратаваць дзяўчыну. Хапае яе і — о, жах! — бачыць, што трымае Вету. Не, не Вету, толькі палавіну яе цела, без галавы.
  Гады два назад, калі яны плавалі на лодцы па рацэ, «Ракета», што праходзіла міма, разрэзала на кавалкі тапельца; хлопца таго шукалі тыдзень. Вета страціла прытомнасць. А спалоханы капітан «Ракеты» патрабаваў, каб Максім даў лодку падабраць цела, і ён паднімаў дачку на руках на борт «Ракеты».
  А потым з'яўлялася Даша. Яна з'яўлялася многа разоў. Адзін раз яны мірна мылі маленькае дзіця. Максім толькі ніяк не мог разгледзець — дзяўчынка гэта ці хлопчык. У другі раз яны вялі з Дашай не менш лагічны, чым яго выступленне пра горад, дыялог аб іх адносінах. Ён нават здзівіўся, што Даша можа гаварыць так спакойна, разважліва, разумна. А потым раптам яна са страшэннай злосцю, якая змяніла яе твар да пачварных абрысаў, замахнулася на яго, але ўдарыла не па ім — па вялікім люстры, і тое разляцелася на дробныя кавалкі. Ды люстра было не адно, іх было многа — анфілада люстраных дзвярэй — канца і краю ім не відаць. І ён не бачыў жывую Дашу, ён бачыў яе адлюстраванне, але ў кожным люстры яна была іншая — добрая і злосная, прыгожая і пачварная, плакала і смяялася. Потым люстры пачалі разлятацца са звонам, зялёнымі пырскамі шкла. З партальнага крана сарвалася жалезабетонная бэлька. Ён падумаў, што недзе там Даша, бо калі былі відны яе адбіткі, значыцца, і сама яна недзе там. І ён кінуўся ратаваць яе, лез цераз страшэннае нагрувашчанне пакарэжанага металу, бетоннага і шклянога друзу. Тады ён, як бы прачнуўшыся, падумаў, што пабіліся не люстры, якія бачыў у сне, а знішчаны яго горад — той, рэальны, незвычайны, што спраектавалі яны з Віцем Шугачовым. Зрабілася балюча і жудасна, бо ён раптам здагадаўся, хто разбурыў яго горад. І яму захацелася пагутарыць з тым чалавекам — прэзідэнтам далёкай краіны. Ён прарываўся ў яго кабінет, а яго не пускала Галіна Уладзіміраўна. Не пускала дзіўна і смешна: хацела абняць. Яму таксама захацелася абняць яе. Але ён добра разумеў, што калі абдыме гэтую жанчыну, то ўжо не выканае сваёй высокай місіі, ад якой залежыць лёс іншых гарадоў. Ён такі прарваўся да прэзідэнта і вельмі абурыўся, убачыўшы ў прэзідэнцкім крэсле Макаеда. Груба, па-матроску, плюнуў на пластыкавы дыван. Макаед пляснуў у далоні, як шах, і выскачыла варта — нейкія фантастычныя істоты, быццам прышэльцы з другога свету, у бліскучых касках пажарнікаў. Яны балюча звязалі яму рукі, павалілі і пацягнулі па вельмі слізкіх і вельмі халодных мармуравых плітах. Ён не адбіваўся, ён думаў пра тое, як на чарговым пленуме Саюза архітэктараў «адлупцуе» Макаеда за такую падлогу — дорага і непрактычна. І яшчэ думаў, якім чынам будбанк прапусціў такі матэрыял, будбанк жа нічога не прапускае, нават тое, без чаго нельга абысціся ў будаўніцтве. Праз хвіліну «марсіяне» зніклі, і ён сам слізгаў, уставаў і падаў, на рэальных плітах — у цэнтральнай алеі Купалаўскага сквера ў Мінску. А аўтар гэтых адмысловых «дарожак» стаяў збоку, паказваў на яго пальцам і рагатаў з таго, як ён, Карнач, падае. А потым зноў прыйшла маці ўся ў белым, як у вянчальным. Памацала яго лоб і сумна сказала: «Ты захварэў, сынок. Хадзем са мной». Ён хацеў падняцца і пайсці за ёй, але не здолеў. А маці адыходзіла па доўгаму-доўгаму, як у гасцініцы «Расія», калідоры і паволі растваралася ў святле неонавых лямп — як здань, як прывід. Ад таго, як яна знікала, яму зрабілася жудасна, ён зноў, не як у сне, успомніў, што маці памерла: мёртвая, яна клікала яго за сабой.
  Толькі пад раніцу, калі, напэўна, спала тэмпература, ён заснуў глыбокім сном.
  Прачнуўся ад сонечных праменняў. Новы дзень пачынаўся вясновым сонцам і глыбокім блакітам неба, што глядзелася ў незашторанае акно. Але сонца не парадавала: з яснасцю вярнуўся мароз, і лёгкая будыніна астыла, хоць і грэў усю ноч масляны электрарадыятар.
  Кот сядзеў у крэсле каля ложка і глядзеў на гаспадара недаўменна і трохі спалохана; можа быць, што ў сне ён крычаў і гэтым палохаў ката.
  — Што, Барон?.. Будзем збірацца ў дарогу?..
  Кот жаласліва мяўкнуў, быццам зразумеў сэнс слоў, і выказаў свой смутак.
  Максім меў на ўвазе, што заседжвацца тут яму няма чаго, трэба будзе некуды ехаць, уладкоўвацца на працу. Але ўспомніўся сон — як клікала яго маці — і словы набылі іншы сэнс — апошняй дарогі, пра якую думае кожны стары ці той, у каго здараецца падзея, што падводзіць пэўную рысу пад усім, што зроблена чалавекам за яго доўгае ці нядоўгае жыццё. У яго такая падзея адбылася не адна — некалькі, адна за адной, за вельмі кароткі час, і кожная сапраўды падводзіла вынік кахання, сямейнага жыцця, творчасці, працоўнай і грамадскай дзейнасці. Што ж засталося?
  Не будучы містыкам, ён спачатку падумаў пра тую дарогу з гумарам, хоць і невясёлым. Але тут жа адчуў, як сэрца працяў боль — боль крыўды, роспачы. І страх. Страх ад гэтага жудаснага пытання — што ж засталося?
  Пасля страты жонкі, маці, дачкі (упершыню падумаў, што дачку ён таксама страціў) у яго заставалася адно — праца і горад, які ён палюбіў і якому аддаваў свой талент. Цяпер адабралі і гэта. Завошта?
  Здзівіўся, што раптам яму зрабілася так балюча і так крыўдна. Чаму? Колькі разоў сам хацеў кінуць сваю службу, Ігнатовіч адгаворваў. Ва ўсякім разе, ніколі не трымаўся за гэтае крэсла. І ўчора, на бюро, быў зусім абыякавы да таго рашэння, у якім не сумняваўся. Што ж здарылася за ноч? Пэўна, хвароба, якая ўчора прытупіла здаровыя перажыванні, цалкам завалодаўшы свядомасцю (сядзеў на бюро і ўвесь час думаў: «Хаця б не зрабілася блага»), сёння, наадварот, абвастрыла ўсё — страты, расчараванні, адзіноцтва, неабходнасць развітання з тым, што было дарагое, што любіў.
  Душэўны боль стаў фізічным — нядобра сціснула сэрца.
  Не, не хачу дарогі! Ніякай. Хачу жыць і працаваць. Відаць, наступіў той узрост, калі спыніцца — задача нялёгкая. Нялёгка ўвогуле пачынаць спачатку, ад нуля. Аднак прыйдзецца. Але чаму трэба ўсё пачынаць спачатку, літаральна ўсё? Можна пакахаць другую жанчыну, відаць, нескладана завесці новых сяброў... Але— адчуваў — самае цяжкае цяпер для яго — палюбіць другі горад. Бо яго любоў — не любоў спажыўца: абы кватэра ды добры гастраном недалёка. Яго любоў — любоў творцы, дойліда, будаўніка. Нават дрэнна аформленая вітрына яго злуе. А дрэнна спраектаваны і збудаваны дом надоўга псуе настрой, бяздарна спланаваны раён прычыняе боль — за аўтараў, за архітэктуру, за гарадскія ўлады, якія недагледзелі ад неразумення ці абыякавасці. Магчыма, гэты горад ён любіў яшчэ і за тое, што тут кіраўнікі не былі абыякавыя да архітэктуры. Часам не разумелі, як у гісторыі з камбінатам. Але тут выпадак выключны. Не кожнаму дадзена ўбачыць заўтрашнюю архітэктуру, заўтрашні горад.
  А чаму ты лічыш, што бачыш яго, горад будучага? Тэарэтыкі ўсяго свету не адно дзесяцігоддзе спрачаюцца аб тым, які ён будзе, горад будучыні. А табе ўсё так проста? Не, я таксама не ведаю, якія будуць гарады праз сто, дзвесце гадоў. Хутчэй за ўсё, што самыя розныя. Але я бачу, куды расце мой горад, якім ён стане праз дваццаць гадоў. Твой горад? З учарашняга дня ў цябе няма горада. У цябе нічога няма. А мая галава, рукі? Мой талент? Мой вопыт?
  Пакутныя думкі. Пэўна, іх было б менш, каб ён не быў прыкуты да ложка, ездзіў, хадзіў, сустракаўся з людзьмі, і мозг не быў бы разгарачаны хваробай.
  З вялікай патугай вылез з-пад цёплай коўдры, апрануўся, пайшоў па дровы. Трэба прапаліць печ і хоць выпіць чаю. А то зусім можна знясілець.
  Дзіўна паводзілі сябе ногі. Яны як бы размякалі, страцілі пругкасць і, здавалася, вось-вось пад цяжарам цела сплюшчацца. Магчыма, такімі ногі становяцца ў вельмі старых людзей, таму не яны нясуць чалавека, а чалавек з трудом цягне іх за сабой, перасоўваецца, а не ступае.
  Так перасоўваўся Максім. Прынёс бярэмя дроў — задыхаўся, закашляўся. Доўга сядзеў на табурэтцы, адпачываў, па-старэчаму згорбіўшыся, упёршыся рукамі ў калені анямелых ног. Распаліў у грубцы, зробленай у выглядзе каміна, даволі дэкаратыўнага — выкарыстаў старыя, васемнаццатага стагоддзя, пліткі ад печаў дома, які знеслі, будаўнікі гэтыя кафлі выкінулі ў смецце. Сумна падумаў, што каб Доўжык пабываў тут і ўбачыў гэтую экзотыку, то, напэўна, учора абвінаваціў бы яго ў выкарыстанні службовага становішча. А так — не меў фактаў. Дзіўна, што Ігнатовіч, які ўсё гэта бачыў, змаўчаў і ўвогуле паводзіў сябе незразумела.
  Паспрабаваў уявіць, як бы ён павёў сябе, каб яны з Ігнатовічам памяняліся месцамі. За што пакараў бы галоўнага архітэктара горада? О, зусім не за тое, за што каралі яго! Нават дурань Макаед не ўбачыў сапраўдныя прамашкі ў працы ўпраўлення — тыя, якія цалкам залежалі ад яго, ад Рагачоўскага, ад іншых работнікаў. Адну іх прамашку адкапаў Языкевіч.
  Успомніў, як спалохана адхіснуўся Макаед каля вешалкі. Паверыў, што ён, Карнач, можа і гэта — даць аплявуху. Успамін гэты развесяліў. Сціхнуў боль у сэрцы, і думкі зрабіліся трохі святлейшыя, не такія змрочныя. Тыя яе думкі, але пацяклі як бы па новым рэчышчы, больш шырокім, а таму не віравалі так. Супакоіла полымя, на якое ён глядзеў, і прыемная цеплыня ад яго. Нават Барон павесялеў: цёрся ласкава аб ногі, мурлыкаў па-хатняму ўтульна, спадзяваўся на ласунак.
  — Але што я табе дам? Акрамя хлеба і цукру, у нас нічога няма. Але гэта — харч людзей. А ты — кот і Барон, ты любіш мяса.
  Калі напіўся чаю і яшчэ больш сагрэўся, захацелася спаць. Праспаў да абеду. Прачнуўся ўзрадаваны, што сон быў спакойны. Але ўвечары зноў пачалася гарачка, і зноў была цяжкая ноч, праўда, без трызнення, але з кароткім сном і доўгімі горкімі думкамі.
  Ён адразу не здзівіўся, калі прыйшла Поля. Гэта так натуральна, што прыйшла Поля. Хто ж яшчэ мог прыйсці сюды, у Воўчы Лог у такі час? Але калі Поля, убачыўшы яго ў ложку, выгукнула. «Ёсць-такі, відаць, прадчуванне! Віктар сёння кажа: баюся, каб ён не захварэў там. Пра вас, Максім. Віктар сам ляжыць з грыпам. І Кацька. І Толя. Лазарэт у доме»,— тады Максім зразумеў, што Поля прыехала знарок наведаць яго, пакінуўшы сваіх хворых, і ў горле ў яго быццам захрасла гарачая бульбіна — ніяк не мог пракаўтнуць яе і адказаць Полі словамі ўдзячнасці. Ды і потым, калі пракаўтнуў «бульбіну», слоў такіх не знайшоў. Толькі зрабілася сорамна, што трагічна думаючы аб тым, што ён усё страціў, у тым ліку і сябра (меў на ўвазе Ігнатовіча), ён ні разу не падумаў, што ў яго засталося такое багацце, як верная дружба Шугачовых. Але і пра гэта не скажаш Полі — пра сорам свой. Ці зразумее? Магчыма, калі-небудзь ён раскажа пра ўсё, што перадумаў за гэтыя два дні хворай адзіноты, Віктару. А цяпер проста зрабілася хораша, што прыехала Поля.
  Поля і хвіліны не пасядзела. Толькі глянула на таблеткі, якія ён прымае, і ўзялася за працу. Весела трашчалі дровы ў грубцы. Праз нейкі час з кухні патыхнула апетытным пахам курынага булёну. І Максім са здаровай радасцю адчуў, што ён галодны. Праз адчыненыя дзверы ён бачыў, як завіхаецца жанчына, маці пяцярых дзяцей, і яму зрабілася цёпла, утульна, але і сумна — успомнілася Даша.
  Агледзеўшы яго запасы, Поля здзівілася:
  — Вы хварэеце на адным хлебе?
  — Да сённяшняга дня было масла. І ёсць цукар.
  Яна ўздыхнула, але ён усё адно пачуў.
  — Ты мяне не шкадуй, а то я расплачуся.
  — Я не шкадую. Так вам і трэба.
  — Вось гэта правільна.
  — Але пра тых, хто так часта прыязджаў сюды ўлетку...
  — Я ж больш не галоўны архітэктар.
  Яна заглянула ў дзверы спаленні, расчырванелая ад пліты, з анучай у руцэ — прыбірала. Спытала — здалося яму — са страхам:
  — Вы так думаеце пра ўсіх іх?
  Але, у гэтай жанчыны мог з'явіцца страх ад думкі, што ён ва ўсіх і ва ўсім расчараваўся.
  Заспакоіў яе:
  — Не. Я так не думаю. Шмат хто не ведае, дзе я залізваю раны. Другім не прыходзіць у галаву, што я мог захварэць. А прыязджаць са спачуваннем...
  Пазней ён спытаў весела:
  — Віктар лае мяне?
  Яна адказала проста:
  — Лае. Скланяе, як толькі ўмее. Вушы пратрубіў за тры дні.
  Максім уявіў, як Шугачоў гэта робіць, завошта і якімі словамі скланяе яго, і ад лаянкі Віктаравай яму таксама зрабілася хораша і весела. Віктара варта пашкадаваць — што ён захварэў і выпускае пару завочна. Быў бы здаровы — безумоўна, яшчэ ўчора адвёў бы душу вось тут, дзе не трэба асцерагацца, што пачуюць дзеці ці яшчэ нехта. Тут ён ужываў бы такія словы!..
  Поля пачала ўборку ў яго пакоі. Ад мокрай анучы пахла воцатам — адзіны сродак для дэзінфекцыі, які знайшоўся на дачы.
  — Трэба вам замяніць бялізну. Ёсць чыстая?
  — Наўрад.
  — Заўтра я прывязу.
  — Поля! У вас свой лазарэт.
  — І вы будзеце ў гэтым лазарэце. У філіі яго. Я прывязу ўрача. Каб не прапусціць запалення.
  — Сюды не пройдзе машына.
  — Нешта прыдумаем,— сказала яка вельмі ўпэўнена, так, што Максім зразумеў: адгаворваць жанчыну ад таго, што яна задумала,— дарэмна траціць словы; у тым, што датычыць здароўя, Поля непахісная, у гэтым ён пераконваўся неаднойчы.
  Калі ён сядзеў на ложку, захутаны ў коўдру, і еў булён, Поля села ў куце на лаву і пільна ўгледзелася яму ў твар — так пільна, што ён збянтэжыўся, падумаў, што са сваім цыганскім абліччам, непаголены, ён, напэўна, страшна выглядае.
  — Што ты глядзіш на мяне так?
  — Не падабаецца мне ваш выгляд, Максім. За тры дні грыпу так змяніліся...
  — Хапіла да грыпу...
  — Вы вельмі перажываеце гэта... звальненне сваё?
  — Шчыра? Перажываю. А тут яшчэ сабралася ўсё разам. Даша... Смерць маці...
  — У вас памерла маці?! Максім! — больш Поля нічога не сказала, ні пра што не распытвала, але па тым, як вымавіла яго імя, ён пачуў папрок і крыўду — крыўду за тое, што яны, Шугачовы, даведваюцца пра яго гора так позна.
  Максім адчуў сябе вінаватым перад Шугачовымі. І не было ў яго слоў для апраўдання. Ён не здагадваўся, што Поля таксама адчувала віну: яны ж ведалі, што ён паехаў у родную вёску да хворай маці, і дагэтуль ні Віктар, ні яна не спыталі, што ж там з маці. Віктару ўвесь свет засланіла Максімава звальненне. Эгаістычна засланіла: ён толькі і думаў што пра Зарэчны раён.
  Калі Поля сабралася адыходзіць, апранутая прыйшла развітацца, Максім шчыра прызнаўся, лічыў, што гэта найлепшая падзяка:
  — Мне было цяжка, Поля. Я хачу, каб ведала... І Віктару перадай, наколькі мне стала лягчэй. Я ачуняў.
  Яна паправіла на ім коўдру.
  — Не храбрыцеся. І не раскрываецеся. І не ўздумайце выходзіць на двор. Піце настой, які я наварыла.
  Поля разумела, як нялёгка будзе накіраваць урача ў Воўчы Лог, Увогуле нялёгка. А тут яшчэ такая дарога, па якой звычайная «хуткая дапамога» не пройдзе. Трэба спецыяльная машына — усюдыход. У якой медустанове ёсць такая машына? Хіба ў абласной бальніцы. Але хто дамовіцца? Хто яе паслухае? Быў бы хоць на нагах Віктар. Пазваніць Дашы? Не, Дашы яна больш не пазвоніць! Даша ў сваёй сляпой злосці можа немаведама што адказаць. Як жа паслаць урача сюды? І раптам прыгадала жанчыну, з якой сядзела ў тэатры.
  
  XXV.
  Поля пазваніла без чвэрці дзевяць, калі Галіна Уладзіміраўна толькі ўвайшла ў прыёмную, распранула паліто і пераабулася — скідала цесныя боты і абувала чаравікі.
  Яна выслухала Шугачову, стаіўшы дыханне, так, што Поля колькі разоў «алёкала» і пыталася: «Вы слухаеце?»
  Яна слухала далёкі глухі голас і ўдары ўласнага сэрца, якія з кожнай хвілінай усё ўчашчаліся, радуючы і палохаючы.
  Яна горача запэўніла Шугачову:
  — Taк, так, я ўсё зраблю, я ўсё зраблю. Не турбуйцеся, калі ласка.
  А паклала трубку і доўга стаяла нерухома, забыўшыся, што на адной назе бот, на другой — чаравік.
  А што яна зробіць? Як? Праз каго?
  Ніколі яна не выкарыстоўвала аўтарытэту ўстановы, дзе працавала. Ніколі не дазваляла і не можа дазволіць сабе пазваніць каму-небудзь ад імя сакратара. Значыцца, трэба прасіць Ігнатовіча. Скаланулася. Спалохана азірнулася, пераступіла і адчула, што на нагах розны абутак.
  У калідоры загаманілі супрацоўнікі. Яна замітусілася, быццам яе заспелі за нечым такім, што можа кінуць на яе цень.
  Але, прычэсваючыся перад люстэркам, умацаваным на ўнутраным баку дзверцаў шафы, яна як бы раптам убачыла не адлюстраванне свайго разгубленага твару, а яго, хворага, адзінокага, і адчула, як не адчувала дагэтуль, наколькі дарагі ёй гэты чалавек. За яго гатовая на ўсё. Якое цяпер мае значэнне, што падумае Ігнатовіч? Няхай што хоча думае... Яна нават не скажа, што гэта просьба Шугачовых, Гэта будзе яе просьба!
  І адразу супакоілася, упэўненая, што яна не проста так адказала Шугачовай, што яна сапраўды-такі зробіць усё, нават калі Ігнатовіч... Не, не. Не можа быць! Ёй не хацелася думаць пра Герасіма Пятровіча дрэнна. Яе вера ў людзей, у іх дабрату і чуласць тут, на працы, увесь час умацоўвалася.
  Яна разбірала пошту, калі ўвайшоў Ігнатовіч. Як заўсёды, павітаўся за руку. Яе парадавала, што сёння Герасім Пятровіч больш вясёлы, чым быў апошнія тры дні.
  — Што мы маем сёння, Галіна Уладзіміраўна?
  — У дзесяць выканком.
  — Гэта я помню. Ох, гэтыя пасяджэнні! Усё засядаем. А працаваць калі? Калі працаваць будзем? Пошта вялікая?
  — Не. Асабіста вам — некалькі папер.
  Яна зарэгістравала гэтыя паперы, паклала ў папку «Для даклада», пайшла ў кабінет.
  Герасім Пятровіч працаваў ужо — чытаў запіску і праект пастановы выканкома па камунальнай гаспадарцы. Факты абуральныя. Але ён амаль з задавальненнем падумаў, што Аноха прыйдзецца здымаць з большым трэскам, чым Карнача. Гэтым ён як бы апраўдваўся перад Карначом, які ніколі спакойна не гаварыў пра камунальную гаспадарку горада; Аноха лічыў Паўлікам, здаецца, не без падстаў.
  Галіна Уладзіміраўна паклала папку і засталася стаяць каля стала. Чакала. Ён спачатку кінуў на яе хуткі позірк і сказаў «дзякую», успомніўшы, што забыўся сказаць адразу. Падумаў, пэўна, што яна чакае гэтага звыклага «дзякую», якое адначасова значыла: вы свабодны.
  Але яна не адыходзіла. Яму пачулася, што яна дыхае больш гучна — так дыхаюць, калі хвалююцца.
  Герасім Пятровіч адштурхнуўся локцямі ад стала, прытуліўся плячамі да спінкі крэсла і з цікавасцю паглядзеў на сваю акуратную і далікатную сакратарку. Убачыў, як спазматычна яна пракаўтнула нешта. Пракаўтнула яго імя, бо пачуў ён толькі «...Пятровіч». Але далей яна загаварыла роўна, выразна:
  — Захварэў Максім Яўцехавіч. Ляжыць на дачы. Адзін. Трэба ўрача. Але туды не кожная машына пройдзе... ад шашы... Вы ж ведаеце... Толькі вы можаце паслаць урача на машыне, якая пройдзе. Пазваніце.
  Ён з натугай адарваўся ад спінкі крэсла і зноў схіліўся над сталом, над праектам пастановы.
  Галіна Уладзіміраўна ўбачыла, як пачырванеў пятак яго лысіны.
  Але, ён узлаваўся. Што яны лезуць да яго з усялякай драбязой? Што ён нянька, дыспетчар «Хуткай дапамогі»? Ёсць паліклінікі ў горадзе, амбулаторыі ў сяле. І ёсць у кожнага права на лячэнне, гарантаванае Канстытуцыяй. Выклікайце любога ўрача. Хвораму не адмовяць.
  Але тут жа схамянуўся. Усё, пра што ён падумаў,— праўда. Аднак адказаць так было б бюракратычна, а ён ніколі не быў бюракратам, асабліва калі тычылася лёсу ці здароўя людзей. Ён можа пакараць, але можа і памагчы. У такой сітуацыі абавязкова павінен памагчы!
  Зноў адкінуў сваю доўгую постаць на спінку крэсла, зірнуў на Галіну Уладзіміраўну з панібрацкай усмешкай, сказаў без іроніі, без асуджэння, бадай нават жартаўліва:
  — Далёка вы з Карначом зайшлі... У Воўчы Лог.
  — Эх, Герасім Пятровіч! — яна так бліснула вачамі і так вымавіла гэта, што яму здалося — пляснула яго, і ён адразу сцяўся, збянтэжыўся, як не бянтэжыўся ўжо даўно, ва ўсялякім разе, перад падначаленымі. Выкінуў уперад доўгую руку, сарваў лісток настольнага календара, напісаў на ім: «Карнач — Каляда». Пісаць ён пачаў, каб схаваць твар. Потым схапіў маленькую кніжачку тэлефонаў і, шукаючы нумар, хутка, як бы вельмі спяшаўся, запэўніў:
  — Да, да. Я пазваню, пазваню. Урач паедзе. Не хвалюйцеся.
  І павярнуўся да століка з тэлефонамі.
  Яна папрасіла ціха, далікатна, але (пасля ён успамінаў) зусім не так сарамліва, як прасіла чаго-небудзь раней, напрыклад, адпрошвалася з працы, калі хварэлі дзеці:
  — Я хачу туды паехаць сама. Дазвольце.
  — Да. Канешне... Калі ласка,— зноў гэтак жа паспешліва згадзіўся ён — абы яна хутчэй пайшла, адчапілася. Не мог ён гаварыць з гэтай жанчынай так, як гаварыў з іншымі работнікамі апарата. Любой іншай супрацоўніцы прыйшлося б трымаць поўную справаздачу.
  Калі яна ветліва падзякавала і выйшла, рука яго застыла на тэлефонным апараце. І ўвесь ён застыў, як бы прыслухоўваўся да нечага. Да сябе. Зноў з'явілася пачуццё, якое перажыў на бюро,— быццам ён панёс паражэнне. У чым? У барацьбе з кім? З-за чаго? Глупства. Нервы. Але чым больш ён думаў пра Галіну Уладзіміраўну і Максіма, тым больш авалодвала ім гэтае пачуццё.
  Лагічна было б развітацца з такой сакратаркай, пра што ён ужо думаў. Не можа яна, не павінна працаваць тут. Але — дзіўна! — адчуваў, што не зробіць гэтага — не звольніць яе, пры любым Лізіным націску. Даволі з яго Карнача! Не можа ён так парушаць сваю душэўную раўнавагу. Як ён растлумачыць яе звальненне?
  
  * * *
  Максім амаль спалохаўся, калі разам з урачом увайшла Галіна Уладзіміраўна.
  «А яна навошта тут?» Менш за ўсё хацеў, каб у такім стане яго ўбачыла яна. Нават у сне ні разу не ўбачыў яе тут. І не падумаў ні разу, не пажадаў, каб яна з'явілася.
  Урач з мужчынскай галантнасцю, а можа, і з хітрасцю прапусціў яе наперад. Яна першая пераступіла парог і першая мусіла вітацца:
  — Добры дзень, Максім Яўцехавіч. Як вы тут?
  — Нічога. Дзякую.
  І абое збянтэжыліся.
  Урач быў мужчына гадоў трыццаці пяці. Здольны, таму самаўпэўнены. Ведаў сабе цану. Меў манеры старога прафесара.
  Калі загадчыца аддзялення сказала яму, што паедзе чалавек з гаркома, ён абурыўся:
  — Гэта навошта? Для кантролю?
  Кантролю ён ніякага не баяўся, але адразу падумаў, што гаркомаўцу прыйдзецца ўступіць месца ў кабіне побач з шафёрам, а самому лезці ў кузаў санітарнай машыны, на насілкі, дзе зручна ляжаць, але нязручна сядзець. Але калі ўбачыў Галіну Уладзіміраўну, настрой яго адразу ўзняўся. Захадзіў каля яе пеўнем. Усю дарогу праз акенца расказваў ёй медыцынскія анекдоты і нават заспяваў арыю — пахваліўся сваёй музычнасцю і голасам. І спрабаваў гарадзіць пра каханне з першага позірку.
  Між іншым спытаў:
  — Маеце даручэнне праведаць архітэктара?
  — Маю.
  — А які чорт яго занёс туды?
  — Не знаю.
  — Арыгінальнічаюць. Класікаў удаюць з сябе. Тыпа гэтага я ведаю. Падумаеш — Растрэлі!
  Зразумеўшы, што жанчына прыехала не па даручэнню гаркома, а па даручэнню сэрца, доктар весела свіснуў і па-змоўшчыцку падміргнуў Максіму: маўляў, усё разумею і маўчу, бо сам грэшны.
  Максіму не падабалася такая яго фамільярнасць і што ён здагадаўся пра іх адносіны. Але тут жа падумаў: якія адносіны? Адзін на адзін яны заставаліся ка колькі хвілін у прыёмнай ды ў машыне, калі ён запрасіў яе ў тэатр. Яму не спадабалася, што яна прыехала. І што доктар прыехаў. Навошта? Ён адчувае сябе лепш. Гэта ўсё Поля. «Нешта прыдумаем». Прыдумала!
  Галіна Уладзіміраўна адчула, што яму не спадабалася, што яна прыехала, і зусім разгубілася, не ведала, дзе сесці, стаць, што рабіць.
  Максіму не хацелася раздзявацца пры ёй, пад цёплай піжамнай курткай была прасоленая потам бялізна. Ён позіркам папрасіў яе выйсці. Яна ўзрадавалася гэтай просьбе.
  Расхвалявалася яна вельмі. Як дзяўчынка. Аднак не пашкадавала, што прыехала. З цікавасцю аглядала унікальную дачу. Адразу зразумела, што ўсё тут зроблена яго рукамі — усё адмысловае, арыгінальнае, натуральнае, бо з дрэва. І гэта вельмі прыгожа, цёпла, утульна. Здзівілася парадку, такі не мог навесці мужчына, ды яшчэ хворы. Раўніва падумала: нехта тут быў. Хто? Успомніла — Шугачова! — і супакоілася. Услухалася, што гаворыць урач.
  — Што вас занесла сюды? Будуеце горад і не маеце ў ім месца сабе.
  — Не маю.
  — Парадокс.
  — Хіба іх мала, парадоксаў?
  — Гэта праўда. Дыхайце глыбей. Яшчэ. Так. Не дыхайце. Сэрца не трывожыць? Колькі вам гадоў?
  Галіна Уладзіміраўна не пачула, колькі яму гадоў. Сапраўды, колькі? Нават гэтага яна не ведае. Увогуле, з таго, што гаварыў Максім Яўцехавіч, яна шмат чаго не чула, быццам ён знарок гаварыў ціха. Грымеў адзін доктар. Крыкнуў, як, напэўна, прывык крычаць сёстрам:
  — Галіна Уладзіміраўна! Лыжку!
  Яна кінулася ў мініяцюрную куханьку, дзе, аднак, не было цесна, і ў сцянным шафчыку адразу знайшла лыжку.
  Паглядзеўшы ў горла, доктар задумаўся, але сур'ёзнасці ў яго хапіла ненадоўга. Тут жа гарэзліва бліснуў вачамі на Галіну Уладзіміраўну.
  — Магу забраць у бальніцу. Карэта ёсць. Але калі вас будуць даглядаць такія жанчыны, не па-ўрачэбнаму, па-чалавечаму, не раю. У бальніцы вам не будзе лепш.
  — Я застануся тут. Не люблю тлуму. Люблю адзіноцтва.
  Доктар хмыкнуў.
  — Такое адзіноцтва і я люблю.
  Максім падумаў: «Нахабнік. Бестактоўны тып».
  Робячы назначэнні, доктар звяртаўся да Галіны Уладзіміраўны:
  — Пастаўце яму гарчычнікі. Гарачае малако з баржомам. Хоць баржом цяжэй дастаць, чым каньяк да павышэння цаны, але вы дастанеце. Малінавы чай. З мёдам. Толькі мёд не кладзіце ў чай, а ліжыце з лыжачкі,— гэта ён сказаў хвораму.— Па таблетцы этазолу чатыры разы ў дзень. На ноч — дзве аспірыну...
  — Аспірын прымаю. Сродак стары. Кожнаму вядомы.
  — Не ўсё старое дрэннае. Хутчэй — наадварот.
  Апранаючыся, доктар спытаў у Галіны Уладзіміраўны:
  — Вы паедзеце? — у хітрых вачах яго бліснулі смяшынкі.
  У яе і думкі не было, каб застацца. Безумоўна, яна мела на ўвазе тут жа вярнуцца назад. Але, напэўна, праз гэтыя смяшынкі адказала рэзка, рашуча:
  — Не. Я застаюся. Выканаю вашы назначэнні.
  Максім здзіўлена паглядзеў на яе. Яна адвярнулася. Праводзіць доктара не выйшла. Стаяла каля акна і глядзела, як ад'язджае машына, буксуючы ў размяклым снезе. Як махае рукой галантны доктар. А Максім не адводзіў вачэй ад яе стройнай постаці ў ладна падагнаным карычневым касцюме. І нешта вельмі цёплае, вельмі прыемнае разлівалася ў яго грудзях. Пяшчота? Удзячнасць? Замілаванне? Не, нешта больш значнае — тое, што цяжка бывае выказаць словамі.
  Калі машына адышла, яна павярнулася да яго, разгубленая і нават як бы спалоханая сваёй дзёрзкасцю, усміхнулася вінавата:
  — Мне трэба было ехаць. У аптэку. І ў гастраном. Я прыехала, як у госці, з пустымі рукамі,— і зусім падзіцячаму паказала далоні сваіх рук. І гэты жэст яе асабліва падабаўся і ўзрадаваў. Ніколі не думаў, што такая драбніца можа так узрадаваць і так узняць настрой.
  — Нічога не трэба. У мяне ўсё ёсць, акрамя хіба баржомі. Учора прывезла Поля Шугачова. Вам пазваніла яна?
  — Так.
  Галіна Уладзіміраўна прыгадала, што Герасім Пятровіч не сказаў, на колькі часу адпускае яе. Будзе злаваць, што яе так доўга няма. Але тут жа падумала падзявочаму дзёрзка: «Ну і няхай! Так яму і трэба» — і засмяялася ад сваёй незалежнасці і бясстрашнасці. Яна паважала Герасіма Пятровіча, але і баялася яго. А вось сёння не баіцца. Як гэта хораша — нікога не баяцца!
  Максім не здагадаўся, чаму яна засмяялася. Падумаў : яе рассмяшыў яго выгляд.
  — Прабачце, што я з такой барадой.
  — Дык гэта ж модна цяпер,— і яна зноў засмяялася.
  Звычайныя, бадай пустыя, словы, але кожны з іх чытаў у гэтых словах іншы, глыбокі сэнс,— той, які патрэбны быў ім.
  — Не, дзеля вас я пагалюся.
  — Не трэба. Прашу вас. Вы падобны на асірыйца з падручніка гісторыі...
  — Але, з гісторыі...
  — Не ўспамінайце сумнае,— яна раптам наблізілася і правяла мяккай і гарачай далонямі па яго калючай чорнай з блёснамі срэбра барадзе. Ён дзвюма рукамі ўзяў яе маленькую руку, сагнуў пальчыкі ў кулачок і прыціснуў гэты кулачок — не да вуснаў сваіх — да скроні, і яна пачула на яго скроні пульс — часты-часты. І адразу ж з мацярынскім клопатам, як пра дзіця, падумала, што яму нельга хвалявацца, адняла руку.
  — Я згатую вам абед. І пастаўлю гарчычнікі.
  
  XXVI.
  Сасноўскі вяртаўся з паездкі па вобласці. Чатыры дні мясіў коламі «ўсюдыхода» вясновую гразь. Аб'ехаў усе заходнія раёны — правяраў падрыхтоўку да веснавой сяўбы. Карціну ўбачыў няроўную, стракатую. У адных гаспадарках атрымаў радаснае задавальненне, у іншых — расчараванне. Асабліва непрыемна, калі падводзілі тыя, на каго спадзяваўся. Трапіліся і такія. Праўда, зазнайцы гэтыя будуць доўга помніць яго прыезд. Не распякаў ён такіх за зачыненымі дзвярамі. Там, дзе не патрабаваліся аргвывады, «падцягнуў» старшынь калгасаў і дырзктароў саўгасаў перад агульнымі сходамі калгаснікаў і рабочых. Сходы гэтыя — не сумняваўся — запомняць не толькі кіраўнікі гаспадарак, але і раённае начальства.
  Падрахаваўшы вынікі сваёй паездкі, прыйшоў да высновы, што ўзровень падрыхтоўкі, безумоўна, вышэй, чым у любы з папярэдніх гадоў — больш парадку, дакладнасці, лепш адрамантаваны машыны, больш на палях угнаенняў. Значыцца, ёсць залог ураджаю. Дык чаму не парадавацца? Чаму не стварыць сабе вясновы настрой? Сасноўскі, як усе здаровыя, жыццярадасныя людзі, умеў ствараць добры настрой нават пасля буйных непрыемнасцей. А паездка такая — прыемнасць. Вязе цэлы воз фактаў для даклада на пленуме. Гэта зусім іншае — свае ўласныя факты, не тое што карыстацца тымі, якія дадуць інструктары аддзела.
  Заплёханы гразёй «газік» імчаў па падсохлай шашы. Вясновае сонца пад вечар астыла і ўжо не пякло, а ласкава грэла шчаку праз адчыненае шкло.
  Леанід Мінавіч зняў капялюш, падстаўляючы сонцу лысіну.
  Шафёр, не ўхваляючы, зірнуў на сакратара і зачыніў шкло са свайго боку. Параіў:
  — Адзеньце шапку. Прадзьме. Зараснік у вас негусты.
  — О, неба! Гэта ты, чортаў сын, такой думкі пра маю галаву?
  Шафёр засмяяўся.
  — Не пра галаву. Пра лесаахоўную паласу.
  — Мікола! Дзіўлюся, як я цябе трываю так доўга? Ты ж бясконца намякаеш на нашы прамашкі. Я ведаю, якія ты палосы маеш на ўвазе. Лепш заспявай.
  Часам у дальняй дарозе, калі рабілася сумна і хацелася спаць, Мікола пачынаў імправізаваць — спяваў, як тунгус, пра ўсё, што бачыў перад сабой ці пабачыў за час паездкі; па-свойму, вельмі арыгінальна, асвятляў людзей і падзеі і мог нават «праехацца» — лічыў, што ў песні ўсё дазволена — і па ім, Сасноўскім, паказаць, напрыклад, як той «прамываў» белыя костачкі, «князя ліпскага», слаўнага баярына калгаса «Усход» ці «рыцара жалезнага» «Сельгастэхнікі», караля неадрамантаваных трактараў.
  Леаніду Мінавічу вельмі падабаліся гэтыя імправізацыі. Слухаючы іх, ён заўсёды рагатаў. Але па загаду Мікола ніколі не спяваў. Для гэтага яму патрэбен асобы настрой, які за тры гады Сасноўскі так і не навучыўся ствараць. Сабе настрой мог стварыць любы, шафёру — не. Адна з таямніц чалавечай натуры.
  А калі няма песні, анекдота, добрай размовы — думаеш пра справы. Куды ад іх дзенешся, ад спраў?
  Пад'язджалі да горада — адыходзілі клопаты сельскія і наступалі гарадскія. Думаў пра заўтрашняе пасяджэнне бюро абкома. Вельмі сур'ёзнае пытанне — аб перабудове кіравання прамысловасцю, аб стварэнні вытворчых аб'яднанняў. Працуе камісія на чале з Ігнатовічам. Герасім, безумоўна, падрыхтуе сур'ёзныя мерапрыемствы. Чалавек акуратны. Звышакуратны. І лічыць сябе лепшым знаўцам прамысловасці, горада, кіраўніком новай фармацыі. Сасноўскі добра ведае, што сакратар гаркома думае пра яго. Нічога кепскага. Але прызнае яго кампетэнцыю толькі ў пытаннях сельскай гаспадаркі. Ды яшчэ, безумоўна, думае, што, маўляў, пастарэў Лёня, едзе на старым метадзе. Пастарэў — гэта праўда. Але не ўстарэў. А што датычыць метадаў, то ён, Сасноўскі, лічыць, што ў іх працы ні новых, ні старых метадаў няма, партыйная работа — не збор правілаў і інструкцый, старых і новых, а няспынная творчасць, штодзённая і штогадзінная. Можна прымяніць і ЭВМ. Але калі еось гэтая, бацькоўская ЭВМ, працуе не на ўзроўні патрабаванняў часу — тады, як кажуць, злазь з даху, не псуй гонту.
  Вось так, Герасім. Хлопец ты добры, сучасны. Але быў бы яшчэ лепшы, каб табе трохі менш самаўпэўненасці і крыху больш самакрытычнасці. І яшчэ адно: каб у справы твае не ўмешвалася твая дужа разумная жонка.
  Сасноўскі ўсё ведаў пра сваіх падначаленых. Не збіраў гэтыя звесткі знарок. Проста заўсёды жыла ў ім натуральная ўвага да кожнага чалавека, да жыцця любога работніка — уборшчыцы, шафёра, сакратара райкома. Можа, таму ён рэдка памыляўся ў падборы кадраў, калі падбіраў сам, ніхто не навязваў.
  Пра Лізавету Ігнатовіч, актыўную прафсаюзную дзеячку, падумаў з гумарам. Але тут жа прыгадаў другога чалавека — Карнача. Без гумару ўжо. Сур'ёзна. Карнач быў на яго сумленні. Гэта была адна з тых спраў, якія ён лічыў незавершанымі, да якіх намерваўся вярнуцца, але ўсё не дацягваліся рукі: вясна, сяўба.
  Безумоўна, з фармальнага боку пад пастанову гаркома камар носа не падсуне. Усё закляпаны па-ігнатовіцку. Карначу можна даць па шыі не толькі за ўсё разам, але за кожны ўчынак паасобку. Можна за жонку — стаім на варце маралі і сям'і. Можна за архітэктуру — у ёй сам чорт нагу зломіць, гэта галіна, дзе лягчэй за ўсё белае зрабіць чорным і наадварот. Можна стукнуць за пазіцыю ў прывязцы хімкамбіната — не лезь цераз бацькаву галаву! Можна нават за «казарму», як ён называе дом на Ветранай. Сакратар абкома дае ўказанне надбудоўваць, а ён, упарты чорт, не візіруе пастанову выканкома. Можна за дачу — ваюем супраць прыватніцкіх тэндэнцый! За ўсё можна... калі забыць пра галоўнае і разглядаць з вышыні сваёй амбіцыі ці пад націскам разгневанай жонкі. Ён, Сасноўскі, ніколі так не вырашаў лёс чалавека. Дапусцім, для Карнача не такая ўжо трагедыя — звальненне. Але дзе ўпэўненасць, што ад гэтага палепшыцца архітэктура горада? Ёсць у цябе такая ўпэўненасць, Герасім Пятровіч? Безумоўна, права гаркома заслухоўваць любога работніка. Але па ўсяму відаць, што пастанова аб галоўным архітэктары не ўзнікла ў працэсе абмеркавання. Вось гэта і насцярожыла, калі Ігнатовіч прыйшоў з паведамленнем, што бюро гаркома вызваліла Карнача ад пасады галоўнага архітэктара.
  Усё правільна, дарагі Герасім Пятровіч. Але звычайна, будучы чалавекам асцярожным, ты ў падобных сітуацыях не ставіў мяне перад фактам, а раіўся загадзя. Між іншым, гэта зусім нядрэнная якасць — уменне параіцца, калі, безумоўна, якасць такая не перарастае ў звычайную перастрахоўку. З Карначом Ігнатовіч праявіў падазроную паспешлівасць. Ён, Сасноўскі, адразу ж падумаў пра гэта і вырашыў асабіста пацікавіцца некаторымі дэталямі гэтай справы. Пакуль што неафіцыйна. Заняцца грунтоўна ўсё не хапала часу. Але за два тыдні шмат пра што даведаўся. Як, напрыклад, ішло абмеркаванне работы архітэктурнага ўпраўлення. Як хто сябе паводзіў на пасяджэнні. Вытлумачыць паводзіны Карнача можна па-рознаму: як анархічны выбрык, што ў яго здаралася, і як рэакцыю чалавека, які загадзя ведаў свой прысуд, ведаў, што яго выступленне нічога не зменіць, таму няма чаго траціць дарэмна энергію. Тым больш што чалавек, відаць, быў нездаровы, бо адразу ж пасля бюро зваліўся — грып.
  Дзіўна паводзіў сябе Ігнатовіч. Не па-ігнатовіцку. Яўна няўпэўнена. Зразумець яго няцяжка.
  Заслугоўвае асобай увагі пазіцыя старшыні гарвыканкома Кіслюка, які адзін доўга і ўпарта, як ні націскалі на яго, не згаджаўся — і не згадзіўся! — з прапановай аб вызваленні Карнача ад пасады. А Ігнатовічу вельмі хацелася, каб рашэнне было аднагалоснае. Незалежна ад таго, меў рацыю Кіслюк ці не меў, ён як бы рэабілітаваў сябе перад ім, Сасноўскім, бо пасля гісторыі з кватэрай Леанід Мінавіч быў невысокай думкі пра старшыню, лічыў, што вылучэнне Кіслюка на гэтую пасаду — адна з іх кадравых памылак. Кіслюк як бы пацвердзіў стары філасофскі тэзіс: кожны чалавек — загадка, і разгадаць яе адразу нялёгка.
  Ён, Сасноўскі, зусім не хоча кінуць цень на іншых членаў бюро — справа складаная і далікатная. Але вельмі нават можа быць, што Кіслюк, якому архітэктурныя праблемы бліжэй, чым каму, адзін зразумеў, што з-за другараднага, асабістага нехта забыўся пра больш важнае, істотнае — інтарэсы горада. Безумоўна, пакуль што гэта яго, Сасноўскага, суб'ектыўныя меркаванні і здагадкі. Іх варта праверыць. Якім чынам? Безумоўна адно: зрабіць трэба так, каб не здалося, што ён не давярае сур'ёзнаму калегіяльнаму органу.
  — Мікола, ведаеш, дзе Воўчы Лог?
  — Вёска?
  — Вёска на шашы. Садовы кааператыў нашага актыву.
  — Сам маю там участак.
  — Ты? — Сасноўскі здзівіўся і расчаравана кракнуў. Вось табе і ведаю людзей! Тры гады езджу з шафёрам і дагэтуль ні разу не пачуў ні ад яго, ні ад каго іншага пра такі немалаважны атрыбут яго дабрабыту.
  — Завярні. Паглядзім ваш хутар.
  Шафёр зірнуў насцярожана: што сакратару прыйшло ў галаву?
  Леанід Мінавіч вырашыў трохі напалохаць яго за тое, што так упарта хаваў свой маёмасны цэнз.
  — А што, калі мы зачынім гэтую крамку?
  Мікола цяжка ўздыхнуў.
  — Памруць некаторыя.
  Сасноўскі ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць.
  — Да ну? Што ты кажаш?
  — Мая цешча першая аддасць канцы. Яна толькі і жыве тут, на зямлі. У горадзе, на пятым паверсе, марнее. Ажно шкада жанчыны.
  Сказаў Мікола пра цешчу так сур'ёзна, што жартаваць на гэты конт здалося недарэчным. Леанід Мінавіч добра ведаў і разумеў гэтую «зямельную настальгію».
  Максім пачуў шум машыны і з гарышча ўбачыў Сасноўскага. Прыезд сюды розных людзей у вясновыя дні — з'ява звычайная, не тое што ў познюю восень, калі навокал вылі ваўкі.
  Аднак пра Сасноўскага падумаў недаўменна: «А яму што трэба?»
  Паназіраў, як сакратар аглядае яго «храмок». Паразважаў: варта спусціцца ці не варта? Вырашыў — не варта. Калі Сасноўскі прыехаў да яго, няхай паднімаецца сюды, у майстэрню. Калі ж заглянуў, каб паглядзець на парушэнні інструкцыі аб садова-агародніх кааператывах (намалюе пасля сатырычную карцінку ў чарговым дакладзе),— тым больш няма чаго яму паказвацца на вочы, а то яшчэ падумае, што ён, Карнач, выскачыў насустрач у якасці прасіцеля... літасці.
  Пасля хваробы Максім працаваў так, як працаваў толькі некалі ў маладосці, пасля інстытута, калі верыў, што стане вялікім дойлідам. Вялікім не стаў, аднак пражыў не без карысці, а таму заўсёды працаваў з уздымам і радасцю, хоць, безумоўна, не з тым ужо маладым імпэтам, не па пятнаццаць гадзін у суткі. А гэты тыдзень працаваў так. Рэзаў партрэт маці... Але, лежачы яшчэ ў ложку ў адзіноце, завяршаючы працу над партрэтам у думках, ён адчуў, што партрэт зробіць неблагі, але будзе гэта не тое, што ўяўлялася напачатку. Каб стварыць скульптурны помнік маці такі, які яна заслужыла сваім жыццём, у яго не хопіць ні ўмення, ні вопыту. Помнік ён можа стварыць толькі архітэктурны. І, магчыма, у тую хвіліну, калі маці зрабіла апошні ўздых, яму падказалі тому такога помніка. Новае роднае сяло!
  У той дзень, калі цвёрда вырашыў, які помнік маці збудуе, і, лежачы ў ложку, пачаў працу над праектам — за адзін дзень стварыў агульны вобраз новай Карначоўкі, у яго ажно падскочыла тэмпература. Гэта спалохала Галіну Уладзіміраўну, якая прыехала наведаць хворага ў канцы дня. Мілая і мужная жанчына! Ты зачаравала мяне і вярнула да жыцця. Але я баюся цябе. Баюся, бо няўпэўнены, што здолею даць табе тое шчасце, якое ты заслугоўваеш і якога табе па-жаночаму моцна хочацца.
  Галіна — адзінае, што трывожыла ў апошнія два тыдні. А больш — нічога, бо ўсё засталося ззаду, за высокім і цяжкім перавалам. А наперадзе — сонечная даліна, і ў ёй найвялікшая і найдаўжэйшая радасць — праца, тая, якую ён любіць, якой прысвяціў жыццё.
  Сасноўскі гукнуў знізу:
  — Ёсць тут жывая душа?
  — Ёсць! Калі ласка.
  — Дзе ты там? На небясі?
  Паднімаўся па крутой і вузкай лесвіцы цяжка, ажно брынчэлі шыбы ў легкатыпнай мансардзе. Бурчаў нешта. Спыніўся, яўна ўражаны незвычайным пакоем, залітым вячэрнім сонцам, засыпаным пахучай дробнай стружкай, з лістамі праектаў на стале, на сцяне, на рамах, на крэслах і нават на падлозе. А можа, і гаспадаром быў уражаны, які, чакаючы госця, стаяў каля вітража. Максім адрасціў бараду, густую і чорную. З такой барадой, у парусінавай робе і ў ботах, ён уяўляў класічны вобраз цыгана. У руцэ — разец, як нож. Толькі пугі не хапала.
  Агледзеўшы мансарду з сур'ёзным здзіўленнем, Сасноўскі глядзеў на гаспадара з вясёлай добрай усмешкай.
  — А вы сапраўды на небе. Што бог Саваоф. Цяпер буду ведаць, як выглядае майстэрня бога.
  Паціснуў руку, спытаў, кіўнуўшы на незавершаную скульптуру:
  — Маці?
  І зняў шапку, хвіліну пастаяў, схіліўшы галаву.
  Максіма кранула, што Сасноўскі Еедае пра смерць маці і так тактоўна, без слоў, выказаў і сваю пашану да яе і спачуванне яму.
  Пасля, асцярожна ступаючы, нібы баючыся нешта зламаць, разбурыць, Леанід Мінавіч абышоў скульптуру і агледзеў ужо як твор мастацтва,— уважліва, з цікавасцю, што таксама падабалася Максіму. Ён даўно ўжо адкрыў, што пры знешняй грубаватасці Сасноўскі душэўна далікатны чалавек, куды больш тонкі за некаторых знешне выкштальцоных.
  — Што ж вы хавалі свой талент скульптара?
  — Бо я не скульптар. Магчыма, мог бы стаць ім, каб не прадаў сябе няўдзячнай музе...
  Сасноўскі паглядзеў на гаспадара, хітра і гарэзліва прыплюшчыўшы адно вока. Але ўспомніў, што перажыў Карнач, і сказаў сур'ёзна:
  — Не такая ўжо яна няўдзячная, ваша муза.
  — Архітэктура? Як няверная жонка. Пакутуеш, раўнуеш, лаеш, а ўсё адно любіш.
  Сасноўскі засмяяўся.
  — Гэта, бадай, больш правільна.
  Але падумаў, што Карнач адразу выклікае яго на размову пра ўсе свае грахі, а ён ехаў сюды зусім не з такой мэтай — нагадваць чалавеку яшчэ раз пра яго грахі, даволі, што яму падрахавалі ўсё што трэба і чаго, можа, не трэба было, на бюро гаркома.
  Сасноўскі павярнуўся да лістоў праекта. Паглядзеў адзін — на сцяне, другі — ка стале, і Максім убачыў, што сакратар раптам насцярожыўся, як баявы конь, пачуўшы гукі горна. Хутка прабег вачамі эскізы на сцяне, перагартаў лісты, што віселі на крэсле, і з адньш ватманам у руцэ рэзка павярнуўся да Максіма, без далікатнасці, раўніва і бадай сярдзіта спытаў:
  — Для каго?
  — Для душы.
  — Не тлумі галаву. Такі праект для душы не робяць. Хто заказаў?
  — Добрыя людзі.
  Сасноўскі сярдзіта кінуў ліст з планіроўкай калгаснага цэнтра назад на крэсла. Сказаў, не жартуючы:
  — Дарэмна вам бюро гаркома не запісала страгача. Працуеце ў нас...
  — Я не працую ў вас!
  Вырвалася гэта з болем — крык душы. Але сказаў і пахаладзеў: ён жа вырашыў нікуды не ехаць, прасіць працу ў інстытуце. Цяпер жа, пасля такой заявы сакратару абкома...
  Сасноўскі таксама адчуў няёмкасць: нельга кідаць такі папрок, калі чалавеку баліць. Гэта — што соль ка свежую рану. Сказаў лагодна:
  — Наконт вымовы я пажартаваў. Не звяртай увагі.
  Максім пачаў адступаць больш асцярожна.
  — Гэта вёска, дзе я нарадзіўся. Там пахаваны мае бацькі...
  Сасноўскі зноў пачаў разглядаць лісты. Распытваў пра дэталі, пра матэрыял. Прыкідваў кошт. І раптам пачаў крытыкаваць даволі сурова, страціўшы тую далікатнасць, з якой гаварыў пра скульптуру.
  Максіму гэта было спачатку што нечаканая пстрычка па носе. Ён нават узлаваўся.
  «Усе вялікія знаўцы. Усе лезуць у крытыкі».
  Але, услухаўшыся ў заўвагі больш уважліва, зразумеў, што Сасноўскі куды лепш за яго ведае сучасную вёску, яе патрэбы, перспектывы развіцця фабрык хлеба, мяса і малака, ён выказваў вельмі цікавыя эканамічныя і дэмаграфічныя прагнозы.
  — Не трэба будзе вашай вёсцы такая школа. Паверце мне, Максім Яўцехавіч. Па колькасці месц. І тып школы ў вас стары. Ён цяпер ужо не задавальняе. Умовы вытворчасці, навукова-тэхнічная рэвалюцыя патрабуюць зусім іншай школы, асабліва на сяле.
  Спрачаліся пра жылыя дамы. Максім стаяў за аднакватэрныя — тыпу катэджаў. Вёска, маўляў, ёсць вёска, і, хоць эканамічна, магчыма, выгодна, але абсурдна будаваць стокватэрныя дамы. Які архітэктурны выгляд будзе мець такое пасяленне? Два-тры дамы ў чыстым полі?
  Сасноўскі трымаўся іншай думкі. Стокватэрныя не трэба, але і расцягваць вёску на кіламетры, расцягваць камунікацыі — непрактычна і невыгодна. Калі ў сельскіх рабочых знікне патрэба трымаць свіней і курэй, людзям захочацца жыць у большым калектыве.
  — Але вялікі дом — гэта не калектыў. Практыка гаворыць пра іншае. Найбольшая камунікабельнасць паміж людзьмі ў сучаснай вёсцы. І найменшая — у стокватэрным доме, нават калі жыхары яго працуюць ка адным прадпрыемстве.
  Доўга спрачаліся. Максім забыўся, што перад ім сакратар абкома. Перад ім быў такі ж, як ён сам, гарачы палеміст, які выказваў думкі без аглядкі на сваё становішча.
  Сасноўскі ўсё больш і больш раскрываўся як глыбокі і ўлюбёны знаўца новай вёскі. Расказваў пра тое, пра што Максім не меў уяўлення. Зрабілася нават сорамна, што, захапіўшыся ідэяй, ён, вопытны архітэктар, так па-дылетанцку, на адных эмоцыях узяўся за здзяйсненне такога адказнага заказу. Здавалася, што праектаваць сяло прасцей, чым горад. Ажно выходзіць, што не, не лягчэй, а цяжэй, бо шмат што трэба вывучаць спецыяльна.
  Ён узяў карандаш і пачаў асобныя эскізы перакрэсліваць, над іншымі ставіць пытальнікі і тут жа, на ватмане, занатоўваў тыя заўвагі Сасноўскага, з якімі згаджаўся ці над якімі варта было падумаць.
  Сонца пазалаціла набраклыя сярожкі бяроз, што раслі пад акном. Ад белых бяроз на праекты ўпалі чырвоныя цені. Мабыць, убачыўшы гэтыя дзівосныя цені, Сасноўскі зірнуў ка гадзіннік. Прагаварылі гадзіны дзве.
  — Ведаеш, я сёння не абедаў. Як паснедаў у Займішчы...
  Максім зразумеў намёк і сумеўся:
  — У мяне няма чым пачаставаць вас.
  — Няўжо і хлеба няма?— заклапочана здзівіўся Леанід Мінавіч.
  — Хлеб ёсць. Сала... Цыбуля...
  — Хе! А ты кажаш — няма чым! Запанелі мы з табой. Ды калі да такой закускі дадаць пляшку гарэлкі, якую я маю, то можам баляваць да раніцы.
  За сталом усё яшчэ спрачаліся аб праекце сяла. Але Максім ужо не аспрэчваў Сасноўскага так, як наверсе, у майстэрні, а больш згаджаўся. Тут, за сталом, ён як бы ўвайшоў у новую ролю — гаспадара, ды і субардынацыю адчуў раптам — невядома, з якой прычыны. А Сасноўскаму яўна не падабалася такая яго пакорлівая ветлівасць, і ён чапляўся, як хлапчук-задзіра. Пачаў крытыкаваць дачу, якой звычайна ўсе госці захапляліся. Крытыкаваў слушна: за неадпаведнасць знешняй формы ўнутранаму зместу жылля. Тут, усяродку, усё функцыянальна мэтазгодна, проста, практычна, прыгожа. А знадворку — цукерка, казачны домік. Максім не мог растлумачыць, што будаваў ён для Веты, якой было тады чатырнаццаць гадоў. І для Дашы, якая любіць усё ярка прыгожае, незвычайнае. А інтэр'ер рабіў для сябе, для сваёй працы. Нават кухню абсталёўваў на свой густ.
  Максіма ўсцешыла, што Сасноўскі гаворыць пра дачу не як пра атрыбут аплачвання і перараджэння, а як пра сур'ёзны архітэктурны эксперымент, хваліць тое, што варта ўвесці ў практыку будаўніцтва зон адпачынку, і крытыкуе тое, што рабілася на патрэбу густу аднаго ці двух чалавек. Але такі, здавалася, далёкі, вельмі ўскосны і несвядомы напамінак госця пра Вету і... Дашу чамусьці раніў больш балюча, чым тады, калі ён, у адзіноце, сам думаў пра іх, з любоўю — пра дачку, з гневам і бадай нянавісцю — пра жонку... Каб адчапіцца ад сваіх думак, яшчэ з большай увагай пачаў слухаць госця і любаваўся, як хораша, смачна, па-сялянску, Сасноўскі есць чэрствы хлеб, цыбулю і сала.
  Потым, як і на бюро, Максім падумаў, што яму варта выкарыстаць выпадак і... памагчы Віктару Шугачову. Расказаў Сасноўскаму пра шугачоўскую ідэю Зарэчнага раёна і пра тыя цяжкасці, якія ўзніклі перад архітэктарам.
  — Шугачоў выдатны архітэктар, а яго зацюкалі, звялі да ардынарнага. Прыміце яго, Леанід Мінавіч, паслухайце... Паглядзіце эскізы.
  Сасноўскі слухаў уважліва, сур'ёзна, але як бы трохі насцярожана. Не сказаўшы нічога наконт Шугачова, раптам спытаў:
  — Максім Яўцехавіч, можаце застацца ка ранейшай пасадзе?
  Максім пачуў, як нязвыкла ёкнула сэрца. Радасна. Ніколі не думаў, што для яго так важна — вось такая рэабілітацыя. Без праборкі, без павучанняў. І вельмі тактоўна: ці можа ён застацца на пасадзе галоўнага архітэктара? Не спытаў: ці хоча? А менавіта, ці можа? А сапраўды — ці можа? Ні разу не падумаў пра гэта, бо лічыў, што ніхто не стане вяртаць яго, і сам ён ніколі не папросіцца — не той гонар. Што ж адказаць на такое вельмі нечаканае і, безумоўна, хітрае пытанне?
  — А што скажа Ігнатовіч? Ён перастаў разумець мяне.
  — А вы — яго.
  — Але. Гэта, бадай, больш правільна: я перастаў разумець яго. А ён сур'ёзна займаецца архітэктурай.
  — Не іранізуйце з нашага брата. Мы — не універсалы. І не богі. Мы — людзі, і кожны з нас можа памыліцца.
  — Я не іранізую.
  — Па нашым самалюбстве і гонары б'юць часам мацней.
  — Я ведаю.
  — Тады павінны зразумець.
  «Што ж яму адказаць? — ліхаманкава думаў Максім.-— Адразу згадзіцца?»
  Не, не мог. Але і адмовіцца баяўся.
  Ды Сасноўскі як бы спахапіўся, што перавысіў свае паўнамоцтвы.
  — Разваж на адзіноце. Але не думай, што архіепіскап Сасноўскі адпускае табе ўсе твае грахі, грахі свае будзеш замальваць сам,— і, засмяяўшыся, узняў чарку.— Давай па апошняй. А рэшту — на кампрэс пакінь. Бараду пагалі. На ліха табе такое памяло?
  
  * * *
  У Ігнатовіча быў цяжкі дзень. Не па працы. У гэтым сэнсе лёгкіх дзён не бывае. Працы заўсёды хапае.
  Ён папраўляў свой даклад на канферэнцыі вынаходцаў і рацыяналізатараў, якая пачыналася праз гадзіну. У кабінет, як заўсёды, нячутна ўвайшла Галіна Уладзіміраўна. Яго ўзрадавала, што яна зноў так ходзіць, што не замінае яму. Быў нядоўгі час, калі яе прысутнасць злавала. Пасля таго, як яна папрасілася з'ездзіць да Карнача. Дзён колькі ён насцярожваўся, калі яна ўваходзіла, адрываўся ад працы, чакаючы, што яна скажа яшчэ якую-небудзь неспадзяванасць. Але Галіна Уладзіміраўна працавала па-ранейшаму роўна і спакойна, і ён разважыў, што маладая ўдава мае права на інтымнае жыццё, і цяпер, калі яго ўласныя адносіны з Карначом акрэслены, ён можа дазволіць сабе абыякавасць да яе адносін з былым галоўным архітэктарам. Толькі не трэба нічога казаць Лізе, інакш яна зноў пачне дамагацца звальнення Галіны Уладзіміраўны. А яму вельмі не хацелася выконваць гэтае помслівае жончына патрабаванне. Нялёгка знайсці такую сакратарку, як Гардзейчава.
  Галіна Уладзіміраўна сказала:
  — Да вас хоча зайсці дырэктар школы Бандарэнка.
  Не адразу дайшло, што гэта дырэктар той школы, дзе вучыцца Марына, і ён, не адарваўшыся ад выступлення, уздыхнуўшы, сказаў:
  — Ох, колькі да мяне хочуць зайсці! Назначце яму на пятніцу.
  — Ён — наконт вашай дачкі.
  Герасіма Пятровіча што токам ударыла. Ён нясмела падняў галаву. Галіна Уладзіміраўна ледзь прыкметна ўсміхнулася — бадай як заўсёды, а яму здалося, што яна нешта ведае, і ўсміхаецца нядобра, зларадна.
  Ён проста спалохаўся, бо ведаў, што самы злосны вораг не можа так скампраметаваць яго, як ўласная дачка. Ад Марыны можна чакаць чаго хочаш. Не дзіця, а чарцянё,
  — Пазваніце, што я сам прыйду ў школу.
  На канферэнцыі ён выступіў не з тым пафасам, з якім варта было выступіць па такім першазначным пытанні, як навукова-тэхнічны прагрэс і задачы вынаходца ў. Няўважліва слухаў прамоўцаў.
  У абедзенны перапынак паехаў у школу.
  У дырэктара была маладая настаўніца, і Бандарэнка папрасіў яго хвіліначку пачакаць. Гэта драпнула па самалюбстве, тым больш што чакаць трэба было ў настаўніцкай, дзе сядзела некалькі педагогаў; яны, безумоўна, ведаюць, хто ён, таму і аглядаюць з цікавасцю.
  Выскачыла з кабінета чырвоненькая настаўніца, і ён, не чакаючы запрашэння, рушыў у кабінет, траха не сутыкнуўшыся ў дзвярах з немаладым, але энергічным імклівым дырэктарам. Калі Бандарэнка зачыніў за яго спіной дзверы, ён нецярпліва спытаў:
  — Што здарылася?
  Але заслужаны педагог не спяшаўся з адказам.
  — Сядайце, Герасім Пятровіч. Вы ў нас рэдка бываеце,— шпількуў-такі.— Помніце, вы крытыкавалі нас за мэблю? Ну, як цяпер? — развёў рукамі, запрашаючы агледзець інтэр'ер яго кабінета.
  — Цяпер добра,— Герасіму Пятровічу было не да мэблі,— Што натварыла Марына?
  — Я хацеў бы, каб вы паглядзелі нашы кабінеты. Мы няблага абсталявалі нашы кабінеты. Не горш, чым у шаснаццатай паказной, у якой увесь час сядзіць гарана. Каб гарана сваю ўвагу дзяліў пароўну...
  «Ён што, здзекуецца, гэты хітры хахол? Такім чынам запрасіў мяне глядзець кабінеты?» — усё больш насцярожвала незалежнасць і нейкая залішняя ўпэўненасць Бандарзнкі.
  — Што з Марынай?
  — А што з Марынай? Нічога з Марынай. Марына — дзіця нашага часу. Разумная. Развітая. Бывае, што лянуецца. Бывае. Але хто з іх не лянуецца, Герасім Пятровіч? Каб усе стараліся, як некаторыя, то нам, педагогам, не было б чаго рабіць. Марына дасціпная дзяўчынка. З гумарам. Але гумар — гэта ж найдаражэйшая якасць. Як на мяне, дык я проста не звярнуў бы ўвагі. Мала што могуць напісаць дзеці. Але настаўніца мовы маладая, нявопытная, у яе не хапіла тактоўнасці. Яна паказала сачыненне сваім калегам. Наладзілі калектыўнае чытанне. Таму, ведаеце, я мусіў патурбаваць вас... Марына не павінна так пісаць... Пры вашым становішчы...
  Гаворачы гэта, дырэктар, яўна знарок, доўга корпаўся ў стусе папер і сшыткаў, шукаў Марынін сшытак, абгорнуты знаёмай каляровай паперай.
  Герасім Пятровіч (пасля з прыкрасцю ўспамінаў гэты свой жэст) бадай што выхапіў сшытак з яго рук.
  Прачытаў сачыненне і ўпотай з палёгкай уздыхнуў. Дзякуй богу, не самае горшае.
  Марына з гумарам, з недзіцячым гумарам, напісала, як яе дома выхоўваюць. Нічога такога, што магло б яго скампраметаваць, але ўсё ж у яркім расказе ўсе яны — ён, бацька, маці, брат, і сама яна — выглядаюць даволі камічна. Разы два ён не стрымаў усмешкі, хоць адчуваў, што дырэктар не зводзіць з яго пільных хітрых вачэй.
  — Ну, гэта глупства,— сказаў Ігнатовіч, дачытаўшы сачыненне. Сказаў нават як бы з папрокам: маўляў, з-за такога можна было б і не турбаваць.
  — Дык і я кажу, што глупства. Але я палічыў сваім абавязкам... Ведаеце, Марыне не варта забывацца, хто яе бацька. Гэта адзінае, што ад яе патрабуецца... Калі вы згодны...
  — Але, безумоўна... Дзякую вам.
  — А гумар — найдаражэйшая якасць. Гумар, калі ласка, не глушыце. Кабінеты паглядзім, Герасім Пятровіч?
  — Не, на жаль, не магу. У мяне канферэнцыя.
  — Шкада. Прызнаюся, хацеў выказаць адну просьбу... Але пасля, пасля... У вас вясёлая сям'я.
  — Так, вясёлая.
  — Я зайздрошчу вам. Мае дзеці без гумару. А як сказаў стары адэсіт, няхай мяне абрабуюць, але з гумарам. Будзе лягчэй.
  На вячэрнім пасяджэнні, успомніўшы гэтыя дырэктаравы словы, Ігнатовіч падазрона пераасэнсаваў іх і падумаў, што Марыніны жартачкі аб выхаванні зусім небяскрыўдныя, яны сапраўды недзіцячыя — з чужых вуснаў, дарослых і недобразычлівых людзей. І ён настроіў сябе супраць дачкі: хопіць ёй патураць, зусім распусцілася дзяўчо!
  Увечары разам з Лізай яны ўчынілі над Марынай суд.
  Марына ведала, што за сачыненне ёй дастанецца або ў школе, або дома, а хутчэй за ўсё і там, і там. У класе яе сачыненне пакуль што не вярнулі: настаўніца зрабіла выгляд, што сшыткі, яе і яшчэ адной вучаніцы, забылася дома, нават павохкала са сваёй рассеянасці. Наіўныя людзі гэтыя настаўнікі, ды і бацькі таксама — думаюць, што яна не разумее і так лёгка паверыць іх празрыстай мане.
  Па бацькавым выглядзе Марына адразу здагадалася, адкуль чакаць навальніцы, і падрыхтавала сябе належным чынам. Калі «вярхоўныя суддзі» — бацька і маці — паклікалі яе на допыт, яна мела ўжо гатовую тактыку.
  — Марына, я прашу сур'ёзна выслухаць, што мы табе скажам:
  — Я заўсёды сур'ёзная, мамачка,— паслухмяна адказала дачка і нават рэверансік зрабіла, пасля лаяла сябе, што перабрала і сапсавала цікавы спектакль, бо бацьку, відаць, абурыў гэты рэверансік, і ён запытаў сурова, без прадмовы:
  — Ты што напісала?
  Яна паспрабавала іграць далей:
  — Дзе?
  — Ты не ведаеш дзе?
  — Каюся, татачка, першы раз напісала запісачку. Усе дзяўчаты даўно пішуць.
  — Якую запісачку?
  — Толіку Баранаву. Любоўную.
  — О божа,— прастагнала Ліза.
  Але Герасіма Пятровіча любоўная запісачка мала ўсхвалявала, бо ён адгадаў даччыну хітрасць, яе прытворную пакорлівасць, не так яна звычайна размаўляла з імі, бацькамі.
  — Не прыкідвайся дурніцай. І не загаворвай мне зубы. Я кажу пра сачыненне...
  — А-а... А я ламаю галаву, чаму гэта бесталковая Тамара не аддала мой сшытак. Яна аддала яго Івану, а Іван прынёс табе. Не сорамна ім такімі дробязямі турбаваць сакратара гаркома? Я на тваім месцы...
  Не вытрымала маці, гнеўна закрычала:
  — Марына! Гадкае дзяўчо! Як ты называеш настаўнікаў?
  — А як іх трэба называць?
  Герасім Пятровіч хадзіў вакол стала і ледзь стрымліваў гнеў.
  Ліза і Марына сядзелі за сталом, адна напроціў адной, і дачка ўсміхалася маці так, быццам шкадавала яе. Завошта? Што тая не чытала яе сачынення?
  — Ты задужа граматная!
  — А як жа, тата! Мяне ж так вучаць! Дома... У школе...
  — Пакінь крыўляцца, чортава лялька!
  — Калі вы хочаце, каб я маўчала, я буду маўчаць. Я паслухмяная. І я — чортава, а не ваша...
  — Не, ты палюбуйся, якую цацу ты выхавала!
  — Я выхавала? Разам выхоўвалі.
  Не хапае яшчэ пасварыцца з жонкай!
  Герасім Пятровіч змаўчаў, пахадзіў, заклаўшы рукі за спіну.
  — Не, ты хоць разумееш, што ты напісала?
  Марына змяніла тактыку і перайшла ў наступ:
  — А што, хіба няпраўду?
  — Ты кампраметуеш мяне, маці!
  — Што ты, тата! Я проста хацела паказаць, якую неразумную тэму яны даюць — «Я і мае бацькі».
  — Чым жа яна неразумная? — спытала Ліза.
  — Няхай бы яны лепш далі: «Я і мае настаўнікі». Вот бы я ім напісала! Яны памлелі б усе ў настаўніцкай. На чале з заслужаным настаўнікам... ляжалі б непрытомныя.
  Герасім Пятровіч схапіўся за вушы. Крыкнуў жонцы:
  — Не, ты паслухай, што яна гаворыць! Ты ўдумайся!
  Не ўпершыню Герасім Пятровіч страшэнна злаваўся ад таго, што ён, каго слухаюцца дарослыя сур'ёзныя людзі, хто сваёй жалезнай, як кажа Доўжык, логікай можа пераканаць любога і словам сваім узняць на вялікія справы тысячы людзей, не можа справіцца з адной дзяўчынкай — уласнай дачкой, і часта адчувае сябе перад ёй абяззброеным і бездапаможным. Які метад выхавання прымяніць? Дзедаўскі — папругу?
  Але паспрабуй ударыць такую чартоўку! Яна і праўда, калі хочаш, паскардзіцца Сасноўскаму. Пагражала ж! І дасць Лёню харч для яго недарэчных жартаў.
  Тут Герасім Пятровіч убачыў, што Марына дастае з кішэні фартушка вату і топча сабе ў вушы.
  — Ты што робіш? — крыкнуў ён так, што Ліза спалохана падскочыла, не адразу сцяміўшы, ад чаго ён так закрычаў.
  — Затыкаю вушы,— спакойна адказала Марына.— Баюся за перапонкі.
  Цярпенне лопнула, і ён, напэўна, даў бы дачцэ добрую аплявуху, упершыню ў жыцці, але руку яго спыніў рэзкі тэлефонны званок.
  Ён на хвіліну замёр, але калі да тэлефона рушыла Ліза, кінуўся сам, сцяміўшы, што гэта ратунак ад ганебнага ўчынку.
  Аднак у трубку крыкнуў сярдзіта;
  — Слухаю!
  — Што так злосна? — пачуўся насмешлівы голас Сасноўскага.
  — Прабачце, Леанід Мінавіч.
  — Чаму задыхаўся? Адарваў ад прыемнай працы?
  Як, магчыма, ніколі, захацелася Ігнатовічу крыкнуць: «Пайшоў ты... са сваімі жартачкамі».
  — Ды не, нічога. Гляджу тэлевізар.
  — Шчаслівы чалавек. Што новага?
  — Ды, здаецца, нічога такога...
  — А я толькі з раёна. Заехаў у абком і даведаўся навіну. Ёсць пастанова Савета Міністраў аб будаўніцтве камбіната ў Азярышчы.
  — Я ведаю.
  — А я хацеў цябе парадаваць. Карнач праявіў высокую прынцыповасць, напісаўшы пісьмо. У той час, калі многія з нас «хэндэ хох» перад міністэрствам. Будзем шчырымі і скажам яму дзякуй. Карначу. Гэта мой варыянт, калі і козы сытыя і сена цэлае.
  Халодны пот заліў спіну. І ногі — як памлелі. Не знаходзіліся патрэбныя словы — што адказаць на такое? Паўза зацягнулася, і Сасноўскі алёкнуў. Нарэшце, здалося, прыйшло тое, што трэба сказаць:
  — Карнача вызвалілі не за камбінат.
  — Але, прызнайся, ставілі і гэтае лыка ў яго справу. Грахі збіраць мы ўмеем. Слухай, ты ўпэўнены, што мы з табой у даным пытанні аказаліся Саламонам!?
  Ігнатовіча апанавала злосць. «Зноў мы з табой...»
  — Людзей трэба выхоўваць. Асабліва такіх...
  «Які недарэчны адказ. Што гэта са мной? А таўстун
  ужо ўзрадаваўся...»
  — Залатыя словы ты кажаш, Герасім,— загудзеў весела Сасноўскі.— Але спадзяюся, што ты не лічыш, што выкінуць чалавека — гэта найлепшы метад выхавання. Не лічыш?
  Герасім Пятровіч выцер лысіну. І Сасноўскі нібы ўбачыў гэты яго жэст.
  — Нялёгка, Герасім, нам з табой. Разумею. Але давай падумаем, як паправіць саміх сябе. Мы, канешне, можам паправіць вас афіцыйна. Але навошта гэта вам? Гэта ўжо, як кажуць, пстрычка па носе. А вы людзі сталыя, сур'ёзныя, адказныя... Самі ўмееце папраўляцца. Скажы сваім членам бюро... А потым з'ездзі да Карнача, пакуль яго не пераманіў хто-небудзь з добрых суседзяў. Такія кадры не валяюцца. Ён на дачы, Карнач. Дарэчы, ведаеш, што ён хварэў? Безумоўна, ведаеш. Папрасі яго вярнуцца...
  — Папрасіць? —; прашаптаў Ігнатовіч і сам спалохаўся, што так недарэчна выдае сябе і гэтак нерашуча, як вучань, паводзіць. Не, зараз ён будзе аспрэчваць, не згаджацца! Няхай вяртаюць Карнача, але без яго! Ён не пойдзе на такое ўніжэнне!
  У голасе Сасноўскага пачуўся смех: гэты стары зубр і праз тэлефонную трубку бачыць кожны яго рух.
  — Добра. Дазваляю. Папрасі ад майго імя. Так табе будзе лягчэй. Дамовіліся? Алё. Ты чуеш?
  — Я слухаю, Леанід Мінавіч.
  — Значыцца, дамовіліся. З разумным чалавекам лёгка дамаўляцца. Ну, будзь здароў. Глядзі тэлевізар. Алё, алё. Мін« іншым. Наколькі мне вядома, каровы ў яго на дачы няма. І самагоннага апарата таксама. Улічы гэта, калі паедзеш.
  Ігнатовіч апусціў трубку і нейкі момант глядзеў на яе.
  Ліза, якая пільна сачыла за мужам, па яго кароткіх адказах зразумела, гіра каго ідзе размова, здагадалася — якая размова, і расхвалявалася не менш, нецярпліва спытала:
  — Што ён сказаў?
  Герасім Пятровіч кінуў трубку і амаль крыкнуў:
  — Сказаў, што ты і твая сястра...— але ўбачыў дачку і асекся. А Марына паднялася, накіроўваючыся ў свой пакой, і са здзеклівай усмешкай сказала:
  — Кажы смела, тата. У мяне заткнуты вушы.
  Герасім Пятровіч спалохаўся сам сябе. Выскачыў у калідор, схапіў на вешалцы плашч, капялюш забыўся, і выбег на пляцоўку, сігаючы праз чатыры ўсходцы, зляцеў уніз.
  На дварэ прагна, быццам вырваўся з чаднага памяшкання, на поўныя грудзі ўздыхнуў вільготнае — з ракі — паветра.
  Вечар быў цудоўны. Вясна. Можна і пагуляць, Палюбавацца горадам.
  
  ВЫКЛІК СПАКОЮ І ЗМІРЭННЮ
  Характэрная адзнака амаль усіх буйных твораў І. Шамякіна на тэму сучаснага жыцця — абавязковая наяўнасць героя, які ўбірае ў сябе перадавыя імкненні часу і ўсёй сваёй няўрымслівай натурайпратэстуе супраць-звыклых умоўнасцей.
  У рамане «Атланты і карыятыды» І. Шамякін таксама вывеў героя, які бунтуе супраць распаўсюджаных канонаў паводзін, шукае магчымасці вольнага, натуральнага, творчага служэння справе, выбранай на ўсё жыццё, прагне шчырых, сумленных уземаадносін з людзьмі.
  Пачынаецца раман з падзеі, здавалася б, вельмі асабістага характару. Галоўны архітэктар горада на партыйнай канферэнцыі адвёў сваю кандыдатуру пры выбарах новага складу гаркома. Зрабіў ён гэта, не тлумачачы свайго ўчынку, але прычына такіх паводзін, вядома, ёсць. Яна — чыста асабістая: Максім збіраецца разводзіцца з жонкай і не хоча, каб на члена гаркома партыі падаў хоць бы малы цень ад гэтай непрыемнай судовай справы, якая сведчыць, што ён не здолеў пабудаваць шчаслівую сям'ю і захаваць яе. Вось так і звязалася адразу ў адно грамадскае і асабістае.
  Скупымі, але рэзкімі, выразнымі рысамі характарызуе пісьменнік тое асяроддзе, да якога нядаўна належаў Карнач і з якім цяпер уступае ў канфлікт і барацьбу. Тое, што Максім Карнач адвёў сваю кандыдатуру ў камітэт,— учынак не радавы. Наглядаецца такое рэдка. Не дзіва, што адны КарначоЕы знаёмыя абураны, іншыя здзіўлены і азадачаны.
  Рэакцыя знаёмых і сяброў на ўчынак Карнача глыбока характарызуе Іх унутраны свет. Яны зацікаўлены не сэнсам учынку, але тым, як усё гэта будзе выглядаць на фоне звыклага ходу жыцця, як адгукнецца ў той сістэме ўзаемаадносін, якую яны прывыклі ўспрымаць толькі ў выглядзе іерархічнай лесвіцы пасад. Адсюль здзіўленне, шок і нават злосць, што самі няздатныя на нешта падобнае.
  Пасля канферэнцыі Максім упершыню застаўся адзін. «Адны знаёмыя прашмыгвалі міма, робячы выгляд, што не бачаць, другія хутка развітваліся, ветліва дакранаючыся пальцамі да капелюшоў».
  Але самыя цяжкія выпрабаванні героя яшчэ наперадзе. Яго здымуць з пасады за смелую абарону ўласных поглядаў, што некаторымі людзьмі расцэньваецца як фанабэрыстае пражэкцёрства, і за непрыстойныя быццам бы паводзіны ў сям'і.
  Шмат каму не падабаецца няўрымслівасць натуры галоўнага архітэктара горада, яго няўступчывасць, баявітасць. З'яўляюцца і зайздроснікі. На бюро гаркома, дзе разглядалася асабістая справа Карнача, яго ніхто не падтрымаў.
  Асабістая драма героя раскрыта псіхалагічна глыбока і пераканальна.
  Разрыў з жонкай — гэта першы бескампрамісны бой Карнача са светам мяшчанства. Хутчэй — не бой, а імкненне ўхіліцца ад уладных прэтэнзій мяшчанства захапіць чалавека ў сваю арбіту, падпарадкаваць сваёй злавеснай сіле. Максім не прымае жыцця, заснаванага на няшчырасці, эгаізме і бездухоўным практыцызме.
  Гэта даўняя, прывабная асаблівасць творчасці І. Шамякіна: ён не ідэалізуе станоўчых герояў, не паказвае іх як бездакорных барацьбітоў, рыцараў «без страху і папроку». Яго станоўчыя героі — радавыя людзі, якія ненашмат узвышаюцца над сваім асяроддзем і часам маюць тыя ж недахопы, што і іншыя людзі. Але такая творчая пазіцыя пісьменніка — і гэта варта асабліва падкрэсліць — не ёсць зніжэнне духоўнасці, не ёсць паэтызацыя духоўнай заніжанасці, бо сам герой адчувае свой унутраны ўзровень, усведамляе свае магчымасці, глядзіць на сябе крытычна. Ён адчувае неабходнасць перамен і імкнецца ім насустрач. І ў гэтым галоўнае.
  Сям'я — гэта надзвычай чалавечная «арганізацыя» людзей. Яе разбурэнне — амаль заўсёды сімптом таго, што, акрамя кахання, там бракуе чалавечнасці. Трагедыя Максіма і Дашы — таксама ў гэтым. Прычым выяўленне чалавечнасці мае розныя ўзроўні. Бадай што, элементарным патрабаванням чалавечнасці ўзаемаадносіны Максіма і Дашы адпавядалі. Абое яны не такія і дрэнныя ў побытавым жыцці людзі. І галоўнае — яны, нягледзячы ні ка што, кахаюць адно другога. Людзям іншай катэгорыі гэтага было б зусім дастаткова, каб пабудаваць моцную сям'ю. У герояў жа рамана «Атланты і карыятыды» сямейнай згоды не атрымалася. Іхняе сумеснае жыццё патрабуе чалавечнасці, заснаванай на большай унутранай культуры, на ўмовах духоўнасці.
  Да такога жыцця па сваіх душэўных якасцях перш за ўсё няздатная Даша. Не ўмеючы ці не хочучы ўсёй істотай увайсці ў важную для сябе і для іншых справу, не знайшоўшы такой справы, яка ўсю энергію траціць на самасцвярджэнне ў сям'і. Не на сям'ю, а менавіта ка самасцвярджэнне. Але, будучы эгаісткай і чалавекам мізэрнай унутранай культуры, яна задавальняецца становішчам проста прыгожай жанчыны. Будуючы ўсё сваё жыццё вакол гэтага цэнтра, яна церпяць паражэнне, бо вымушана сцвярджаць сябе за кошт жыццёва важных інтарэсаў іншых, у першую чаргу — мужа. Пачынаецца яе няўхільнае падзенне ў прорву мяшчанства, спыніць якое ёй ужо не па сіле.
  Эгацэнтрызм, памножаны на бездухоўнасць,— самы вялікі недахоп натуры Дашы. Заўважаецца нават, што яна не гэтак дрэнна думае пра мужа, як кажа яму ў вочы. Але сказаць праўду і кіравацца ёю, паразважаць адкрыта над уласнымі ацэнкамі, часам, магчыма, і шчырымі, азначае, па яе пераконанню, прынізіць сябе. Гэта гульня, якая захапіла ўсю яе істоту.
  Гераіня рамана І. Шамякіна «Атланты і карыятыды» забаўляецца лёсам блізкага ёй чалавека. Ёй не важна, дзе праўда ў жыцці, а дзе няпраўда. Абы была знешняя верагоднасць у яе сцвярджэннях. Прычына тая ж — духоўная пасіўнасць, унутраная «незанятасць». А пасля як вынік — няздатнасць адчуць сапраўдны сэнс жыцця і пагоня за спажывецкімі ідэаламі. Гульня пераходзіць паступова ў хваравітасць.
  Максім Карнач таксама абаяльны часам толькі знешне, у асобных выпадках яму не хапае глыбокай унутранай культуры.
  Аднак пры ўсіх мінусах у характары і паводзінах ён нашмат узвышаецца ўнутрана над Дашай і над многімі сваімі калегамі і знаёмымі. Яго вылучае ў параўнанні з імі праўдзівы погляд на самога сябе, усведамленне і сваёй віны ў тым, што адбываецца ў сям'і. «Але ён, магчыма, таксама вінаваты: у яго не ставала ранейшага такту, далікатнасці, мяккасці. Ён пачаў размаўляць з ёй іншай мовай — груба». І яшчэ: у яго ёсць спачуванне да Дашы, адчуванне, што нелады ў сям'і — іх супольная бяда і віна, ёсць скруха і жальба, сумненне, ці правільна ён робіць, жаданне дабра ёй у будучыні: «Ці мае права ён вініць адну Дашу? Але рашуча адкінуў сзаё імгненнае сумненне, сваю хвілінную слабасць.
  «Не, не позна! У сорак гадоў яшчэ можна пачаць жыць спачатку, больш разумна. Сябе я караю не менш, бо мушу пачаць новае жыццё ў сорак сем. Але я не баюся. Мне сапраўды шкада цябе, Даша. Але адступаць няма куды. Позна».
  На падобныя думкі і адчуванні няздатная Даша. Яна заклапочана толькі тым, каб зрабіць мужу, які ідзе ад яе, найбольш непрыемнасцей.
  Праўда, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што Максіму лягчэй, чым Дашы. У яго ёсць любімая праца, творчасць. Гэта яго апора, а ў крытычныя хвіліны — засцярога ад жыццёвых непрыемнасцей і бур. Нездарма Даша пачынае ненавідзець і яго працу, стараецца абразліва гаварыць пра яе. Адтуль ёй яго не выманіць, хоць яна і хацела б гэтага, бо тады ён з'явіўся б перад ёю без сваіх ахоўных даспехаў, стаў бы безабаронны перад яе мяшчанскімі дамаганнямі і, магчыма, верх застаўся б за ёй. Гэтак здаўся Макаед перад сваёй жонкай Нінай, бо яму няма куды ўцякаць, няма прыстанішча ў творчасці, і жонка «ўе з яго вяроўкі».
  Даша — злы ахоўнік, чорны анёл Максіма, здольны толькі загубіць яго як чалавека, урэшце, як архітэктара з творчымі магчымасцямі, без чаго Максім не можа жыць.
  Перажыванні Карнача ў сувязі з разбурэннем сям'і — гэта прэлюдыя да не менш складаных выпрабаванняў на працы. Сямейныя справы якраз і паслужылі пачаткам усіх яго бед. Максім таму і выступіў на канферэнцыі з самаадводам, што ў сям'і нелады. Ён перакананы: чалавек, выбраны ў партыйныя органы, павінен мець бездакорную маральную рэпутацыю. Аднак яго не зразумелі. Шмат пасадзейнічала гэтаму Даша, якая, помсцячы яму, напісала ліст у высокую партыйную інстанцыю, дзе вінаваціла яго ў амаральнасці. За гэта ўхапіліся ўсе непрыяцелі Карнача. Яны зайздросцілі яго таленту і скарысталі момант, каб расправіцца з ім ці хоць бы прынізіць. Карнача вызваляюць ад пасады галоўнага архітэктара горада.
  Лёс Максіма Карнача шмат у чым залежаў ад пазіцыі першага сакратара гаркома Ігнатовіча, з якім Карнач быў раднёй: яны жанатыя на родных сёстрах. Спачатку Ігнатовіч адносіцца да Карнача з сапраўднай сімпатыяй. Ён ганарыцца, што ў яго такі таленавіты, разумны, дасціпны, абаяльны, смелы родзіч. Гэта Ігнатовіч некалі пазнаёміў Максіма з Дашай, а пасля прапанаваў яму пасаду галоўнага архітэктара горада. Іх дружба цягнецца датуль, пакуль Максім не выкінуў «фартэль» з самаадводам. Самаадвод — падзея выключная. Сакратар трывожыцца, каб учынак Карнача не паўплываў дрэнна і на яго службовае становішча, бо ўсе ведаюць, што ён падтрымліваў Карнача, і таму вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся ад Максіма пра сапраўдную прычыну самаадводу. Баяўся, што прычына іншая. «А так — усё проста і зразумела. І ні на каго, акрамя самога Карнача, не падае цень. Сямейныя адносіны — цёмны лес, ні адзін суд яшчэ ў іх належным чынам не разабраўся, ні адзін псіхолаг і пісьменнік, Леў Талстой блытаўся».
  І вось Ігнатовіч з адчуваннем, што гара звалілася з плячэй, звоніць першаму сакратару абкома Сасноўскаму, які чакае ад яго тлумачэнняў адносна ўчынку Карнача. Але Сасноўскаму чамусьці не спадабалася тлумачэнне, і ён папракае Ігнатовіча, што той дрэнна ведае людзей. Настрой Ігнатовіча адразу змяняецца, змяняюцца і адносіны да Карнача. «З Сасноўскага злосць яго перакінулася на першапрычыну — Карнача... Архітэктурны геній! Карбюзье! Распусцілі мы цябе». Гэта злосць пасля паўплывае па вырашэнне асабістай справы Карнача.
  Адносіны Ігнатовіча да Максіма Карнача кар'ерысцкія, гэта значыць таксама мяшчанскія. Дзесьці ў самай глыбіні яны супадаюць з Дашынымі адносінамі. Таварыскасць, сяброўства, блізкасць у іх грунтуюцца, бадай, на аднолькавых прынцыпах: чалавек цэніцца і прымаецца толькі на аснове аднаго крытэрыю — наколькі выгадны і да якога часу выгадны ён асабіста для другога. У Дашы і ў Ігнатовіча адносіны да Максіма не грунтуюцца на самаахвяраванні, а сапраўднай дружбы не можа быць без гатоўнасці аддаваць — не толькі браць. І часам зусім недастаткова хацець зрабіць гэта. Трэба яшчэ ўмець. І ўменне гэта душэўнае, унутранае.
  Ігнатовіч, як і Даша, пачынае паступова пераходзіць ад захаплення творчымі здольнасцямі Максіма да іх непрымання. Яны раздражняюць яго. Карнач падначалены Ігнатовічу, але не выклікае ў таго поўнага даверу. Менавіта таму, што ён яшчэ і творчая асоба. Максімам кіруюць, акрамя абавязку па службе, страсці і эмоцыі творчасці. Ён не да канца дысцыплінаваны. У той ці іншы момант можа ўспыхнуць, загарэцца, махнуць рукой на ўсе ўмоўнасці І зрабіць па-свойму, кіруючыся толькі сваім разуменнем справы. Рэакцыя Ігнатовіча, які адчуў, што Карнач можа стаць небяспечным для яго асабіста, таксама жорсткая. Ён ідзе на падаўленне асобы Карнача, помсціць яму за асабовасць.
  У справу Карнача ўмешваецца першы сакратар абкома Сасноўскі, чалавек, які ўмее разумець людзей. Ён просіць Карнача застацца на ранейшай пасадзе, здагадваецца, што яму не лёгка прыняць такую прапанову пасля ўсяго, што здарылася. «Што яму адказаць? — ліхаманкава думаў Максім.— Адразу згадзіцца?»
  Не, не мог. Але і адмовіцца баяўся».
  Сасноўскі папраўляе Ігнатовіча, раіць яму перагледзець рашэнне бюро гаркома, папрасіць Карнача застацца на рабоце.
  «— Папрасіць? — прашаптаў Ігнатовіч і сам спалохаўся, што так недарэчна выдае сябе і гэтак нерашуча, як вучань, паводзіць. Не, зараз ён будзе аспрэчваць, не згаджацца! Няхай вяртаюць Карнача, але без яго! Ён не пойдзе на такое прыніжэнне!
  У голасе Сасноўскага пачуўся смех: гэты стары зубр і праз тэлефонную трубку бачыць кожны яго рух, выраз на твары.
  — Добра. Дазваляю. Папрасі ад майго імя. Так табе будзе лягчэй. Дамовіліся?»
  Гэты эпізод, якім заканчваецца раман, цікавы не толькі ў сувязі з лёсам Карнача. Псіхалагічна ён вельмі паказальны для характарыстыкі ўзаемаадносін двух кіруючых работнікаў, іх стылю кіраўніцтва. Дарэчы, у рамане «Атланты і карыятыды» праўдзіва і шырока паказана жыццё савецкіх і партыйных устаноў на сучасным этапе. Прыёмныя, кабінеты, калідоры гэтых устаноў — не проста фон для дзейнасці галоўных герояў. Тут, як і ўсюды, кіпіць жыццё, адбываюцца канфлікты, пачуццё абавязку сутыкаецца з разлікам і баязлівасцю, перастрахоўкай, справа і творчасць прабіваюцца праз раўнадушша, эгаізм і зайздрасць. І галоўнае — тут менавіта сённяшні дух грамадскіх узаемаадносін, да якога заўсёды быў чулы І. Шамякін як пісьменнік. Вобразы партыйных і савецкіх кіраўнікоў у яго творчасці не спрошчаныя, не адназначныя, не прыхарошаныя, а складаныя — такія, якімі іх бачыць пісьменнік у жыцці.
  Напэўна, Карнач вернецца на працу.
  Такім чынам, Карнач здольны настаяць на сваім, давесці абарону ўласных поглядаў да канфлікту, а магчыма — і да перамогі. Па натуры ён змагар.
  Праўда, Карнач такі змагар, які дапускае кампрамісы, Але гэта тыя кампрамісы, якія з боем вырывае ў яго мяшчанскі свет. У жыцці бываюць і перамогі, і адступленні, але заўсёды важны ўнутраны вынік кампрамісу, адступлення. Часам кампраміс, нават паражэнне, нясуць з сабой такі цяжкі і павучальны вопыт, што становяцца навукай на будучае, пераадоленнем самога сябе, падрыхтоўкай перамогі.
  Хто ж Атлант у рамане? Хто трымае на сабе цяжкае скляпенне свету? Максім Карнач — звычайны чалавек, а не Атлант. Але ж і атланты ў архітэктуры маюць звычайнае чалавечае аблічча. Максім Карнач таксама адважваецца нямала ўзяць на сябе ў жыцці. Так, якраз такія людзі, як герой рамана І. Шамякіна, трымаюць на сабе свет, бо яны ахоўваюць у жыцці сумленнасць, праўду, справядлівасць. У рамане тытанаў няма. Але затое ёсць звычайныя людзі, якія ў калектыўных намаганнях робяць тытанічную справу сцвярджэння свету на пачатках дабра і справядлівасці. Яны і ёсць атланты і карыятыды.
  Усе ўчынкі станоўчых герояў рамана асветлены глыбокім унутраным парываннем. Канфлікт гэтага твора хоць і нагадвае канфлікт папярэдніх раманаў І. Шамякіна, але ён у большай ступені вынесены ў духоўную сферу. Тут таксама сутыкаюцца дзелавыя меркаванні, яны таксама ўплываюць на ўзнікненне і развіццё канфлікту, але ў цэнтры рамана — сутыкненне маральнае, духоўнае.
  Як і папярэднія буйныя творы І. Шамякіна, раман «Атланты і карыятыды» выклікаў сутыкненне думак, ажыўленыя спрэчкі, даў цікавы матэрыял для крытычных абагульненняў.
  Раман Івана Шамякіна ўдзельнічае ў актывізацыі сучасных духоўных імкненняў да высокіх ідэалаў жыцця, якія адпавядаюць мэтам камуністычнай будучыні.
  Віктар Каваленка
  1. Упраўленне капітальнага будаўніцтва.↵
  2. Архітэктурна-планіровачнае заданне.↵
  Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, Атланты і карыятыды: Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985.— 430 с., 4 л. іл.— (Беларус, раман).
  
  У цэнтры ўвагі рамана народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна «Атланты і карыятыды» сучасная творчая інтэлігенцыя, творчыя пошукі лепшых яе прадстаўнікоў, маральна-этычныя праблемы ўзаемаадносін паміж людзьмі. Раман знайшоў шырокае прызнанне чытачоў.
  
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список

Кожевенное мастерство | Сайт "Художники" | Доска об'явлений "Книги"